РУБЕ́ЛЬ,

вёска ў Столінскім р-не Брэсцкай вобл., на р. Чаква. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 18 км на ПнУ ад г. Столін, 263 км ад Брэста, 26 км ад чыг. ст. Гарынь. 4138 ж., 1350 двароў (2001). Ільнозавод. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Успенская царква (1996). Малітоўны дом евангельскіх хрысціян-баптыстаў. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Помнік архітэктуры — Рубельская Міхайлаўская царква. Каля вёскі селішча і могільнік зарубінецкай культуры.

Вядома з 1458 пад назвай Любра (Любер), якая да канца 18 ст. эвалюцыяніравала ў Рубля, Рубель. У 16—18 ст. вёска ў Пінскім пав. Брэсцкага ваяв. ВКЛ, належала Зышчынічам, Пашкевічам, Разановічам. З 1793 у Рас. імперыі, у Хорскай воласці Мазырскага пав. Мінскай губ. У 1886—450 ж., 146 двароў, царква. З 1921 у Польшчы. у Хорскай гміне Столінскага пав. У 1932—4166 ж. З 1939 у БССР, з 15.1.1940 цэнтр сельсавета Давыд-Гарадоцкага р-на Пінскай, з 1954 Брэсцкай абл. У Вял. Айч. вайну ням. фашысты спалілі вёску, загубілі 122 яе жыхары. З 1961 у Столінскім р-не. У 1959—4668 ж., у 1970—5565 ж.

т. 13, с. 418

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВАЯ́ТЫЧЫ,

вёска ў Жарабковіцкім с/с Ляхавіцкага р-на Брэсцкай вобл., на левым беразе р. Ведзьма. За 16 км на ПнУ ад г. Ляхавічы, 236 км ад Брэста, 8 км ад чыг. ст. Пагарэльцы. 342 ж., 148 двароў (2001). Базавая школа, клуб, б-ка, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Помнік архітэктуры — парк (2-я пал. 18 ст.).

Вядомы з 1506 як мястэчка ў ВКЛ, уласнасць Петкавічаў; у 16—18 ст. у Новагародскім пав. З 1793 у Рас. імперыі, мястэчка ў Навагрудскім пав. Слонімскай, з 1797 — Літоўскай, з 1801 — Гродзенскай, у 1842—1920 — Мінскай губ. (у 1919—20 у Баранавіцкім пав.). У 1886—705 ж., 75 двароў, царква. У 1-й чвэрці 19 ст. М.​Абуховіч пабудаваў у С. палац у стылі позняга класіцызму, дзе размяшчаліся карцінная галерэя (творы Ю.​Пешкі, Ф.​Рушчыца і інш.), габелены, архіў уладальніка маёнтка, б-ка (5 тыс. тамоў). Зборы загінулі ў 1-ю сусв. вайну. У 1920—39 С. ў складзе Польшчы, мястэчка ў Дараўскай гміне Баранавіцкага пав. Навагрудскага ваяв., 715 ж. (1921). З 1939 у БССР, з 1940 вёска ў Навасёлкаўскім с/с Ляхавіцкага р-на Баранавіцкай, з 1954 — Брэсцкай абл.

т. 14, с. 248

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«АСІ́ЛАК», «Вялікі камень»,

помнік прыроды Беларусі. За 200 м на У ад в. Белая Смаргонскага р-на Гродзенскай вобласці. Ледавіковы валун ружовага граніту з авоідамі палявога шпату (выбаргіт). Даўж. 3,7 м, шыр. 3,5 м, выш. 2,7 м, у абводзе 12,5 м, аб’ём 35 м³, вага каля 90 т. Прынесены ледавіком з паўд. часткі Балтыйскага шчыта (ваколіц г. Выбарг Ленінградскай вобл.) каля 300 тыс. г. назад. У язычніцкія часы — культавы валун.

В.​Ф.​Вінакураў.

Валун «Асілак».

т. 2, с. 29

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРТАШО́ЎСКІ ВАЛУ́Н,

помнік прыроды на Беларусі. За 1 км на ПнЗ ад в. Барташы Шчучынскага р-на Гродзенскай вобласці. Валун парфірападобнага ружова-шэрага граніту. Даўж. 4,0 м, шыр.2,1 м, выш. 1,3 м, у абводзе 12,5 м, аб’ём 11 м³, маса каля 30 т. Прынесены ледавіком каля 200 тыс. гадоў назад з Карэльскага перашыйка. Належыць да рэдкіх валуноў са знакамі: на паўд. ч. высечаны чатырохканцовы крыж. У язычніцкія часы — прадмет пакланення.

В.​Ф.​Вінакураў.

т. 2, с. 320

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАВУ́ША,

вёска ў Беларусі, у Столінскім раёне Брэсцкай вобл., на р. Гарынь. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 8 км на ПнУ ад Століна, 253 км ад Брэста, 15 км ад чыг. ст. Гарынь. 3135 ж., 1023 двары (1995). Малое прадпрыемства па вырабе скур. Сярэдняя школа, 2 б-кі, Дом культуры, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Малітоўны дом евангельскіх хрысціян-баптыстаў. Арх. помнік — Троіцкая царква (1905). Каля вёскі — гарадзішча-сховішча 10—11 ст.

т. 2, с. 382

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІГО́САВА,

вёска ў Беларусі, у Верхнядзвінскім р-не Віцебскай вобл., на р. Росіца. Цэнтр сельсавета. Чыг. ст. на лініі Полацк—Даўгаўпілс. За 18 км на ПнЗ ад г. Верхнядзвінск, 193 км ад Віцебска. 2126 ж., 858 двароў (1995). Завод акц. т-ва «Інвет» па выпуску вет. інструменту. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. За 2,5 км ад Бігосава зоаветэрынарны тэхнікум. Чыг. вакзал (1924—26) — помнік архітэктуры стылю «мадэрн».

т. 3, с. 146

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРА́СЛАЎСКІ КАСЦЁЛ,

помнік архітэктуры неараманскага стылю. Пабудаваны ў 1824 у г. Браслаў (Віцебскай вобл.) каля стараж. замчышча. Пры перабудове ў 1897 выкарыстаны ўчасткі сцен, якія захавалі ўзорыстую каменную муроўку — т.зв. «разынкавую». Змураваны з бутавага каменю і чырв. цэглы. Трохнефавы 1-вежавы прамавугольны ў плане храм, накрыты 2-схільным дахам, трох’ярусная вежа завершана шатром. Элементы дэкору: пінаклі, стральчаты партал увахода з вімпергам (над ім — трыфорыум), аркатура. Твор разьбярскага мастацтва — амбон. На хорах устаноўлены арган.

Браслаўскі касцёл.

т. 3, с. 247

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́ЗІН (Уладзімір Марцінавіч) (8.10.1895, в. Мар’янава Полацкага р-на — 18.2.1920),

ваенны дзеяч. Скончыў Полацкае рэальнае вучылішча. Працаваў у Рызе, Полацку. З 1916 у арміі. На чале батальёна, Арскай групы, зводнай і стралк. дывізій змагаўся супраць белагвардзейцаў і белачэхаў, войскаў Калчака на Урале, Дзянікіна пад Царыцынам, у Сальскіх стэпах, на Доне і інш. 17.2.1920 узяты ў палон і пасля катаванняў павешаны ў станіцы Ціхарэцкай. У Полацку помнік Азіну.

Літ:. Тараткевіч М. Уладзімір Азін. Мн., 1971.

У.М.Азін.

т. 1, с. 165

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРЭ́СЦКАЙ МУЖЧЫ́НСКАЙ ГІМНА́ЗІІ БУДЫ́НАК,

помнік грамадзянскай архітэктуры. Пабудаваны ў 1905 у Брэсце па праекце інжынера А.​А.​Траццякова.

Першапачаткова П-падобны ў плане 2-павярховы аб’ём, пазней надбудаваны 3-і паверх. Гал. фасад мае 3-часткавую кампазіцыю, у цэнтры і па краях завершаны трохвугольнымі франтонамі над рызалітамі. Сцены дэкарыраваны цаглянай муроўкай арак, франтонаў, нішаў, машыкуляў. Другі паверх завершаны магутным карнізам на кранштэйнах. У будынку размешчаны навуч. корпус пед. ін-та.

Брэсцкай мужчынскай гімназіі будынак.

т. 3, с. 289

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВА́ЙСКАЯ, Войская,

вёска ў Беларусі, у Камянецкім р-не Брэсцкай вобл. Цэнтр сельсавета і калект. сялянскага аб’яднання «Колас». За 13 км на З ад г. Камянец, 59 км ад Брэста, 19 км ад чыг. ст. Высока-Літоўск. 938 ж., 295 двароў (1996). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Малітоўны дом евангельскіх хрысціян-баптыстаў. Помнік архітэктуры — царква Раства Багародзіцы (1751—75). Каля вёскі курганны могільнік дрыгавічоў (10—12 ст.).

т. 3, с. 460

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)