БО́ЗЕ—ЭЙНШТЭ́ЙНА СТАТЫ́СТЫКА,

фізічная статыстыка, якая апісвае фіз. ўласцівасці сістэм тоесных часціц з нулявым і цэлалікавым спінам (базонаў); адна з квантавых статыстык. Прапанавана Ш.Бозе для светлавых квантаў (фатонаў) і развіта А.Эйнштэйнам для часціц ідэальнага газу (1924).

Аснова Бозе—Эйнштэйна статыстыкі — Бозе—Эйнштэйна размеркаванне. Паводле Бозе—Эйнштэйна статыстыкі ў кожным квантавым стане сістэмы можа знаходзіцца любая колькасць базонаў. На падставе Бозе—Эйнштэйна статыстыкі тлумачацца макраскапічныя квантавыя эфекты звышправоднасці і звышцякучасці, а таксама залежнасць цеплаёмістасці цвёрдага цела ад т-ры, законы выпрамянення абсалютна чорнага цела і інш. фіз. з’явы, якія не мелі тлумачэння ў межах законаў класічнай фізікі. Пры высокіх т-рах і малой канцэнтрацыі часціц, калі эфекты спінавага несілавога ўзаемадзеяння можна не ўлічваць, Бозе—Эйнштэйна статыстыка пераходзіць у Больцмана статыстыку. Гл. таксама Фермі—Дзірака статыстыка, Статыстычная фізіка.

А.​І.​Болсун.

т. 3, с. 205

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІХРАВЫ́ РУХ,

рух вадкасці (або газу), пры якім яе часціцы (элементарныя аб’ёмы) рухаюцца паступальна і аварочваюцца вакол некаторай імгненнай восі. Выяўляецца пры цячэнні рэальных (вязкіх) вадкасцей і газаў у трубаправодах або пры вонкавым абцяканні цел.

Віхравы рух абумоўлены тым, што розныя слаі вадкасці (газу) рухаюцца з рознымі скарасцямі (з-за наліпання скорасць часціц каля сценак роўная нулю і павялічваецца пры аддаленні ад іх). Колькасна віхравы рух апісваюць вектарам вуглавой скорасці вярчэння часціц, які наз. віхрам асяроддзя ў дадзеным пункце. Часціцы пры віхравым руху ўтвараюць віхравыя трубкі або асобныя слаі. Віхравая трубка можа мець пачатак і канец толькі на межах вадкасці (газу) або быць замкнёнай, напр. У вадзе на паверхні і дне ракі, у паветры на паверхні зямлі (смерч) і інш.

Да арт. Віхравы рух. Віхравыя трубкі.

т. 4, с. 207

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНГО́Б (франц. engobe),

вадкая керамічная фарба на аснове белай ці каляровай гліны, прызначаная для дэкарыравання гліняных вырабаў. Для афарбоўкі выкарыстоўваюць солі металаў і керамічныя пігменты. Ангобам можа пакрываць увесь выраб ці па малюнку. Пасля сушкі вырабы абпальваюць, часта пакрываюць празрыстай глазурай, размалёўкай. Танкамолаты ангоб з дабаўкамі наносяць на чарапіцу і інш. керамічныя вырабы для зніжэння порыстасці. Выкарыстоўваўся са стараж. часоў у дэкар.-прыкладным мастацтве Б. Усходу. Разнавіднасць ангоба — грэч. керамічныя лакі (terra argeta). У Зах. Еўропе ангабіраваныя глазураваныя вырабы наз. мецца-маёліка. На Беларусі ангоб выкарыстоўваюць з 12 ст. (ганчарны посуд, керамічныя пліткі і дробная пластыка з Гродна, Турава, Навагрудка, Полацка, Слоніма). На Івянецкай маст. фабрыцы (Валожынскі р-н) шырока выкарыстоўваюць каляровы ангоб для размалёўкі посуду і сувеніраў, фляндроўкі, размалёўкі ражком, пэндзлем і інш.

М.​Р.​Казарог.

т. 1, с. 349

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПЦЫЁН [ням. Option ад лац. optio (optionis) выбар],

1) у міжнародным праве выбар асобай грамадзянства (гл. Аптацыя).

2) У аўтарскім праве апцыён выкарыстоўваецца пры заключэнні дагавораў пра выданне твораў аўтара адной дзяржавы ў інш. дзяржаве. Выд-ва пасля пагаднення пра апцыён з замежным аўтарам вывучае твор і вырашае пытанне пра магчымасць яго выдання. Канчатковы адказ выд-ва дае ва ўстаноўлены тэрмін, да заканчэння якога аўтар не можа заключыць дагавор з інш. выд-вамі аб выданні твора на той жа мове. Ніякіх плацяжоў пагадненне пра апцыён не прадугледжвае.

3) Агаворка ў дагаворы марской перавозкі аб праве замены аднаго грузу або аднаго порта назначэння іншым.

4) Прывілей на біржах, які даецца пры выплаце пэўнай прэміі на атрыманне тавару па раней устаноўленай цане на працягу пэўнага тэрміну.

т. 1, с. 441

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́ЛЫ МЯДЗВЕ́ДЗЬ [Ursus (Thalarctos) maritimus],

драпежнае млекакормячае сям. мядзведжых. Тыповы прадстаўнік арктычнай фауны: жыве на плывучых ільдах, узбярэжжы і астравах Паўн. Ледавітага ак. У познім плейстацэне трапляўся на Пд да Вялікабрытаніі, Даніі і Ньюфаўндленда.

Даўж. цела 1,6—2,5 м, зрэдку да 3 м, выш. ў карку да 1,5 м, маса да 1000 кг. Поўсць белая, густая. Ніжняя паверхня ступняў укрытая валасамі. Адаптаваны да нізкіх т-р (падскурны тлушч можа дасягаць да 40% масы жывёлы). Гон звычайна ў сак.—красавіку. Цяжарныя самкі залягаюць на зіму ў снежныя бярлогі. Нараджаюць 1—3 дзіцянят раз у 2 гады (з самкай застаюцца каля 1,5 года). Добра плавае і нырае. Корміцца цюленямі, рыбай. З 1976 знаходзіцца пад міжнар. аховай, засенены ў Чырв. кнігу МСАП. У свеце 10—20 тыс. асобін.

Белы мядзведзь.

т. 3, с. 83

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУРСІ́Т (ад лац. bursa сумка + ...іт),

запаленне слізістых сумак суставаў. Найчасцей бывае ў вобласці локцевага, плечавога, каленнага і галёнкаступнёвага суставаў. У чалавека прычыны бурсіту — траўмы, інфекцыі, дыятэз. Пры вострым бурсіце ў вобласці слізістай сумкі з’яўляюцца прыпухласць, ацёчнасць, у сумцы — серозны або гнойны выпат, іншы раз (пры траўматычным бурсіце) кроў. Функцыя сустава пры гэтым абмежаваная, можа павышацца т-ра цела і пагаршацца агульны стан хворага. Пашырэнне запаленчага працэсу на сустаў выклікае артрыт. Хранічны бурсіт найчасцей бывае ў людзей, прафесія якіх звязана з працяглым пастаянным мех. раздражненнем сустаўнай сумкі (у горнарабочых, палацёраў, паркетчыкаў і інш.). Лячэнне тэрапеўтычнае, фізіятэрапеўтычные, у некат. выпадках — хірургічнае. У жывёл (хварэюць найчасцей коні і буйн. раг. жывёла) прычыны ўзнікнення бурсіту — працяглыя мех. раздражненні (ляжанне на цвёрдай падлозе, дрэнна падагнаная збруя і інш.).

т. 3, с. 352

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЙМАРЫ́Т, верхнясківічны сінусіт,

запаленне слізістай абалонкі і сценак верхнясківічнай (гаймаравай) пазухі. Адрозніваюць гаймарыт рынагенны і адантагенны, востры і хранічны, адна- і двухбаковы. Востры рынагенны гаймарыт бывае пасля грыпу, рэспіраторных захворванняў і вірусных інфекцый, можа пераходзіць у хранічны (пры пераахаладжэнні на фоне зніжанай рэактыўнасці арганізма, скрыўленых насавых перагародках, гіпертрафіі насавых ракавін). Пры адантагенным гаймарыце ў запаленчы працэс уцягваецца ніжняя сценка гаймаравай пазухі. Клінічныя праяўленні вострага рынагеннага гаймарыту — боль у месцы лакалізацыі гаймарыту, галаўны боль, закладзенасць носа, серозна-гнойныя выдзяленні з яго, часам святлабоязь, ірадыяцыя болю на верхнюю сківіцу, зубы, корань носа, слёзацячэнне. Адзначаюцца павышэнне т-ры цела, слабасць, галаўныя болі. Пры хранічным гаймарыце звычайны насмарк з гнойнымі ці серозна-гнойнымі выдзяленнямі, галаўныя болі пры абвастрэннях. Лячэнне: медыкаментознае, фізіятэрапія, у цяжкіх выпадках хірургічнае.

А.​С.​Арцюшкевіч.

т. 4, с. 439

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛАКТО́ЗА,

прыродны монацукрыд з групы гексозаў. Існуе ў ацыклічнай (піранознай) і цыклічнай (фуранознай) формах, L-галактоза ўваходзіць у састаў поліцукрыдаў чырвоных водарасцей, D-галактоза вельмі пашырана ў прыродзе, уваходзіць у састаў алігацукрыдаў (рафінозы, мелібіёзы, стахіёзы), некат. гліказідаў, раслінных і бактэрыяльных поліцукрыдаў (розных камедзей і слізей, галактанаў, пекцінавых рэчываў, геміцэлюлоз, сапанінаў, гуміарабікаў, глікаліпідаў хларапластаў, глікапратэінаў, антацыянаў і інш.). У арганізме жывёлы і чалавека галактоза — састаўная частка лактозы, групаспецыфічных поліцукрыдаў і інш. злучэнняў. У біял. тканках галактоза ператвараецца ў глюкозу, таксама ў аскарбінавую і галактуронавую к-ты. Зброджваецца т.зв. лактознымі дражджамі. Добра растваральная ў вадзе, дрэнна — у спірце. У жывёльных і раслінных тканках D-галактоза можа ўключацца ў гліколіз. У чалавека спадчынная адсутнасць гэтага ферменту вядзе да немагчымасці утылізаваць D-галактозу з лактозы і выклікае захворванне — галактаземію.

А.​М.​Ведзянееў.

т. 4, с. 448

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫЯФА́НТАВЫ ЎРАЎНЕ́ННІ,

від алгебраічных ураўненняў ці іх сістэм з цэлымі каэфіцыентамі, у якіх рашэнні шукаюцца ў цэлых або рацыянальных ліках. Названы ў гонар Дыяфанта.

Колькасць невядомых у Д.у. перавышае колькасць ураўненняў (невызначальныя ўраўненні). Д.ў. 1-й ступені ax+by=1 пры ўзаемна простых a і b мае бясконцае мноства рашэнняў. Д.ў. 2-й ступені таксама можа мець бясконцае мноства рашэнняў, напр., ураўненне Пеля x​2 − Ay​2 = 1 (A>0; A — няпоўны квадрат). Агульная тэорыя Д.у. вышэйшых ступеняў адсутнічае, але даказана невырашальнасць вядомай праблемы Ферма: Д.ў. x​n + y​n + z​n не мае рашэнняў у натуральных ліках x, y, z і n>2 (А.​Вайлс, Р.​Тэйлар, ЗША, 1995).

Літ.:

Гельфонд А.О. Решение уравнений в целых числах. 4 изд. М., 1983.

В.​І.​Бернік.

т. 6, с. 318

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭЛЕГАВА́НАЕ ЗАКАНАДА́ЎСТВА,

выдадзеныя кіраўніком дзяржавы, урадам, іншымі дзярж. органамі па ўпаўнаважанні парламента нарматыўныя акты, якія маюць сілу закону ў парадку ўступкі (дэлегавання) парламентам заканад. паўнамоцтваў. Гэта звязана з ускладненнем кіраўніцкіх задач і неабходнасцю іх вырашэння на прафес. узроўні. Д.з. выкарыстоўваецца ў некат. развітых краінах свету, напр., Італія, Францыя, ФРГ і інш. У Рэспубліцы Беларусь рэалізуецца Прэзідэнтам краіны ў форме дэкрэтаў. Дэлегаванне заканад. паўнамоцтваў ажыццяўляецца на аснове Закону або палажэнняў Канстытуцыі, якія вызначаюць прадмет рэгулявання і тэрмін паўнамоцтваў. Існуе абмежаванне дэлегаваных паўнамоцтваў па пытаннях, якія адносяцца выключна да кампетэнцыі парламента. Формай Д.з. з’яўляецца таксама выданне парламентам т.зв. «рамачных законаў», у межах якіх выканаўчая ўлада можа ажыццяўляць праватворчасць. У шырокім сэнсе пад Д.з. разумеецца таксама перадача мясц. Саветамі дэпутатаў паводле дагавору некат. сваіх паўнамоцтваў органам тэр. грамадскага самакіравання.

В.​А.​Кадаўбовіч.

т. 6, с. 341

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)