Існаваў з пач. 15 ст. да 1830 у Брэсце. Засн. каля 1410 вял.кн.ВКЛ Вітаўтам, які даў кляштару 2 карчмы ў Брэсце, загадаў выплачваць манахам па 4 грошы з мыта, па дзесяціне ад брэсцкіх мяшчан і з в. Бучэмля і Трасцяніца. Асн. даход аўгусцінцы атрымлівалі ад в. Кастамлоты, якая належала ім да 1795. Кляштар меў таксама 2 юрыдыкі ў Брэсце, на яго карысць рабіліся грашовыя запісы, і ён лічыўся самым багатым сярод аўгусцінскіх кляштараў ВКЛ. У 17—18 ст. у ім жыло каля 20 манахаў, адбываліся ордэнскія капітулы, дзейнічалі школы філасофіі і тэалогіі, існавала б-ка (у 1818 у ёй былі 322 кнігі). Іх кляштар і першы драўляны касцёл Найсвяцейшай Тройцы размяшчаліся ў прадмесці паміж рэкамі Мухавец і Укрынка (згарэлі ў 1666). Для новай пабудовы ў 1672 брастчане ахвяравалі ім пляцы і дамы на рынку. Мураваны касцёл асвячоны біскупам у 1686. У пач. 18 ст. ён зруйнаваны, каля 1714 адноўлены, пасля пажараў 1801 і 1808 капітальна адбудаваны. У 1830 кляштар скасаваны, будынкі перададзены ваен. ведамству (размяшчаўся к-т крапасных інжынераў). Касцёл перабудаваны пад Мікалаеўскую царкву (захаваўся часткова).
Літ.:
Godzawa M. Augustjanie w Brześciu Litewskim: (Notatka historyczna) // Rocznik Towarzystwa przyjaciół nauk w Wilnie, 1909. Wilno, 1910. Т. 3.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЭ́СЦКІ КЛЯШТА́Р БЕРНАРДЗІ́НЦАЎ.
Існаваў у 1605—1830. Засн. луцкім біскупам М.Шышкоўскім у Валынскім прадмесці Брэста пры ўпадзенні р. Мухавец у Буг. Побач з драўлянымі будынкамі была і мураваная капліца св. Дароты. Пасля пажару 1617 кляштар адбудаваны на сродкі ваяводы мсціслаўскага і старосты берасцейскага Г.Хадкевіча. У 1623 Я.Галімскі пры фін. падтрымцы канцлера ВКЛ Л.Сапегі збудаваў мураваны касцёл Яна Хрысціцеля і св. Ганны — трохнефавая базіліка з закрытай галерэяй. Да касцёла прылягаў мураваны будынак кляштара, у 1647 у ім жыло 30 манахаў. У спецыяльна прыбудаванай да касцёла капліцы знаходзілася копія абраза «Маці Божая» з рымскага храма Санта-Марыя Маджорэ, атрыманая П.Пацеем ад папы рымскага Клімента VIII разам з візантыйскім абразом «Хрыстос». Кляштар значна пацярпеў у час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. У якасці кампенсацыі кляштар атрымаў з дзярж. скарбу 80 тыс. злотых, датацыі караля Яна Казіміра і П.Сапегі, які завяшчаў пахаваць яго ў адбудаваным касцёле. У 18 ст. праведзена рэстаўрацыя (тут працаваў архітэктар і мастак Б.Мазуркевіч, алтары аднаўляў разьбяр Я.Бяляўскі). З пач. 19 ст. пры кляштары дзейнічала школа. У час будаўніцтва Брэсцкай крэпасці ў 1830 памяшканні кляштара і касцёла заняты пад Брэсцкі кадэцкі корпус. Разбураны ў час Вял.Айч. вайны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУ́ДА-КАШАЛЁЎСКІ СТРОЙ,
традыцыйны комплекс бел.нар. адзення на Падняпроўі, пераважна ў Буда-Кашалёўскім, Гомельскім, Рэчыцкім р-нах. Бытаваў у 19 — пач. 20 ст. Для яго характэрныя разнастайныя прыёмы вышыўкі і стрыманасць каларыту. Асноўныя часткі жаночага гарнітура: кашуля з прамымі плечавымі ўстаўкамі, адкладным каўняром і шырокімі рукавамі, спадніца (цёмна-чырвоны з чорнай клеткай андарак ці палатнянік), белы льняны фартух з фальбонай унізе, доўгі са складкамі на спіне чорны ці цёмна-сіні гарсэт (шнуроўка), пояс з кутасамі. Галаўныя ўборы жанчын: намітка, чапец з кужалю ці паркалю, даматканая ці крамная хустка, завязаная «на ўрожкі». Шыйныя і нагрудныя ўпрыгожанні — каралі, стужкі і інш. У мужчынскі гарнітур уваходзілі тунікападобная кашуля з адкладным ці стаячым каўняром, прамымі ці сабранымі ў каўнерац рукавамі, ільняныя ці суконныя нагавіцы, узорыста-тканы з вялікай гронкай кутасоў пояс. Адзенне аздаблялі вышыўкай, якой уласцівыя ахраматычнасць і геаметрычная дакладнасць старадаўніх матываў. Аднаколерная вышыўка чорнымі ці белымі баваўнянымі ніткамі вызначаецца ювелірнасцю рамбічнага арнаменту. Двухбаковая падліковая гладзь спалучаецца з гафтам (сакаленнем), мярэжкай, карункамі, а таксама арыгінальным і характэрным для гэтага строю прыёмам аздаблення — маршчэннем (збіранне палатна ў дробныя гафрыраваныя складачкі). Галаўныя ўборы мужчын, жаночая і мужчынская вопратка істотных мясцовых адрозненняў ад агульнанацыянальных відаў і формаў не мелі.
М.Ф.Раманюк.
Буда-Кашалёўскі строй. Жанчыны ў святочных касцюмах. Вёскі Чабатовічы і Рудня-Альхоўка Буда-Кашалёўскага раёна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУДЗЁННЫ (Сямён Міхайлавіч) (25.4.1883, хутар Казюрын Пралетарскага р-на Растоўскай вобл. — 26.10.1973),
савецкі ваенны і дзярж. дзеяч. Маршал Сав. Саюза (1935), тройчы Герой Сав. Саюза (1958, 1963, 1968). Скончыў Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1932). Удзельнік рус.-японскай і 1-й сусв. войнаў (быў узнагароджаны 4 Георгіеўскімі крыжамі). Летам 1917 разам з Каўказскай кав. дывізіяй прыбыў у Мінск, выбраны старшынёй палкавога і чл. дывізіённага к-таў. Пад кіраўніцтвам Будзённага 1-я брыгада Каўказскай дывізіі разам з рэўкомам аршанскіх чыгуначнікаў раззброіла 5 эшалонаў карнілаўскай «дзікай» дывізіі, якая праз Оршу накіроўвалася на барацьбу з рэв. Петраградам. У час.грамадз. вайны сфарміраваў у 1918 конны атрад, які перарос у дывізію. З 1919 камандзір у Чырв. Арміі коннага корпуса і створанай на яго базе Першай Коннай арміі. У Вял.Айч. вайну камандуючы групай армій рэзерву Галоўнакамандавання, галоўнакамандуючы войскамі Паўд.-Зах. і Паўн.-Каўказскага напрамкаў, камандуючы Зах. рэзервовым і Паўн.-Каўказскім франтамі, кавалерыяй Узбр. Сіл СССР. Канд. у чл.ЦККПСС у 1934—39 і з 1952. Чл.ЦККПСС у 1939—52. Чл.ВЦВК, ЦВКСССР. Дэп. Вярх. СаветаСССР з 1937. Чл. Прэзідыума Вярх. Савета СССР з 1938. Адзін з арганізатараў масавых рэпрэсій 1930 — пач. 1950-х г. сярод ваенных.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БУ́РА І НА́ЦІСК»
(«Sturm und Drang»),
грамадска-літ. рух у Германіі ў 1700—80-я г. (назва ад аднайм. драмы ням. пісьменніка Ф.М.Клінгера; 1776). Найб. значныя прадстаўнікі: І.В.Гётэ і Ф.Шылер (ранні перыяд творчасці), Клінгер, Я.М.Р.Ленц, Г.Л.Вагнер, Г.А.Бюргер, К.Ф.Д.Шубарт, І.Г.Фос. Для творчай практыкі пісьменнікаў «Бура і націск» характэрны пераважна зварот да драматургіі. Яны выступілі з рэзкім пратэстам супраць сац. несправядлівасці, дэспатызму феадалаў, рэліг. і саслоўных ланцугоў грамадства, адстойвалі права асобы на годнасць і свабоднае развіццё. У процілегласць асветніцкаму рацыяналізму і нарматыўнай эстэтыцы класіцызму «бурныя геніі» супрацьпаставілі ідэю самабытнага ва ўсіх праявах «характэрнага мастацтва», патрабавалі адлюстравання моцных пачуццяў, гераічных учынкаў, характараў, не зломленых дэспатычным рэжымам, абвяшчалі культ «арыгінальнага генія» — мастака-творцы. Літ. ўзорамі для іх былі паэмы Гамера і трагедыі У.Шэкспіра. Вырашальнае значэнне ў станаўленні эстэтыкі «Буры і націску» мелі думкі І.Г.Гердэра пра нац. своеасаблівасць мастацтва і ягонар. карані, пра ролю фантазіі і эмацыянальнага пачатку. Моцны пратэст супраць несправядлівасці, характэрны для творчасці прадстаўнікоў руху, дазволіў ням. Асветніцтву ўзняцца да ўзроўню нац.-вызв. задач эпохі.
Літ.:
Неустроев В.П. «Буря и натиск» // Неустроев В.П. Немецкая литература эпохи Просвещения. М., 1958.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЕ́ННА-РЭВАЛЮЦЫ́ЙНЫ КАМІТЭ́Т ЗАХО́ДНЯГА ФРО́НТУ, ВРК Заходняга фронту,
часовы рэв. орган па правядзенні ўзбр. паўстання на Беларусі і Зах. фронце ў кастр.—ліст. 1917. Утвораны 8.11.1917 бальшавікамі Мінска. Старшыня бюро ВРК К.І.Ландар, чл. І.Я.Алібегаў, С.І.Берсан, М.І.Калмановіч, В.В.Каменшчыкаў, В.Г.Кнорын, М.І.Крывашэін, А.Ф.Мяснікоў, М.У.Рагазінскі і інш. Выдаваў «Бюллетень Военно-революционного комитета Западного фронта». Меў аддзелы: грамадз., ваен., гасп., забеспячэння, арганізац. і сувязі, мандатны, інфармацыйны. 17.11.1917 ВРК распусціў эсэра-меншавіцкі К-т выратавання рэвалюцыі Зах. фронту, арыштаваў ваен. камісара Часовага ўрада на Зах. фронце, зняў галоўнакамандуючага Зах. фронту ген. П.С.Балуева, які адмовіўся падпарадкавацца сав. уладзе, і назначыў на яго месца Каменшчыкава, удзельнічаў у ліквідацыі Стаўкі Вярх. галоўнакамандуючага ў Магілёве, накіраваў у штаб герм.Усх. фронту дэлегацыю, якая 4.12.1917 падпісала ў мяст. Солы дагавор пра перамір’е на Зах. фронце. Падрыхтаваў і склікаў з’езд Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў Зах. Вобласці, 3-і з’езд Саветаў сял. дэпутатаў Мінскай і Віленскай губ., 2-і з’езд армій Зах. фронту, якія выбралі органы сав. улады. Спыніў дзейнасць 9.12.1917 пасля стварэння Абласнога выканаўчага камітэта Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў Заходняй вобласці і фронту і Савета Народных Камісараў Заходняй вобласці і фронту.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛЕЙБО́Л (англ. volley-ball),
камандная спартыўная гульня з мячом. Гуляюць 2 каманды па 6 чал. на пляцоўцы 9 × 18 м, падзеленай на 2 роўныя ч. сеткай (выш. 2,43 м для мужчын і 2,24 м для жанчын). Пасля падачы мяча на пляцоўку саперніка той, скарыстаўшы не больш як 3 удары рукамі па мячы, прычым розных гульцоў, накіроўвае яго над сеткай на процілеглую пляцоўку так, каб мяч апусціўся на зямлю ў межах пляцоўкі ці сапернік у час прыёму мяча парушыў правілы. Гульня складаецца з 3—5 партый, у кожнай з якіх перамагае той, хто першы набярэ 15 ачкоў. Пры ліку 14:14 гульня доўжыцца да перавагі адной з камандаў у 2 ачкі.
Зарадзіўся валейбол у ЗША (1895), пазней пашырыўся ў краінах Усходу (Японія, Кітай), Еўропы. З 1947 дзейнічае Міжнар. федэрацыя валейбола (ФІВБ), з 1948 праводзяцца чэмпіянат Еўропы, з 1949 — свету. У праграме Алімпійскіх гульняў з 1964. У апошнія гады пашырыўся т.зв. пляжны валейбол.
На Беларусі развіваецца з пач. 1920-х г. (Віцебск, Гомель, Мінск). Жаночыя клубы з Мінска займалі 3-е месца ў чэмпіянатах СССР: «Спартак» (1966—67), «Камунальнік» (1986—87), апошні валодаў Кубкам уладальнікаў кубкаў еўрап. краін (1987). Сярод выхаванцаў бел. валейбола чэмпіён Алімпійскіх гульняў (1988), свету (1977) А.Сапега, сярэбраны прызёр Алімпійскіх гульняў (1988) Ю.Сапега.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛЮНТАРЫ́ЗМ (ад лац. voluntas воля),
кірунак у філасофіі, сацыялогіі і псіхалогіі, паводле якога першаасновай існага, вышэйшага прынцыпу быцця і развіцця навакольнага свету з’яўляецца воля. Валюнтарызм ставіць волю на прыярытэтныя пазіцыі ў духоўным быцці як процілеглае рацыяналізму і інтэлектуалізму, якія адстойваюць вызначальную ролю розуму, інтэлекту. Тэрмін «валюнтарызм» увёў у навук. ўжытак ням. сацыёлаг Ф.Цёніс у 1883. Першапачатковыя элементы валюнтарызму выявіліся ў філасофіі Аўгусціна і Іаана Дунса Скота, якія менавіта ў валявых актах бачылі першааснову ўсіх духоўных працэсаў. Падобныя прынцыпы — у вучэнні І.Канта аб першаснасці практычнага розуму над тэарэтычным, І.Фіхтэ аб волі як абсалютным творчым прынцыпе сусвету. Пры гэтым у Канта, Фіхтэ, Ф.Шэлінга, Г.Гегеля воля па сваёй прыродзе разумная, у А.Шапенгаўэра ж, які лічыцца класічным прадстаўніком валюнтарызму, яна набывае трактоўку ірацыяналістычнага першапачатку Сусвету; у яго трактоўцы свядомасць і інтэлект толькі другасныя праявы волі. Э.Гартман сцвярджаў, што воля знаходзіцца ва ўсім і ўсюды дзейнічае несвядома, з чаго вынікала бессэнсоўнасць сусветнага працэсу. Ф.Ніцшэ ў сваёй канцэпцыі зыходзіў з таго, што ўсё жывое, і найперш чалавек, апанавана воляй да ўлады. Тэрмін «валюнтарызм» выкарыстоўваюць і для характарыстыкі сацыяльна-паліт. практыкі, яна не лічыцца з аб’ектыўнымі тэндэнцыямі ці заканамернасцямі гіст. развіцця, а кіруецца суб’ектыўнымі жаданнямі і самавольствам асоб, што прымаюць пэўныя рашэнні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЎКАВЫ́СКІ ПАВЕ́Т.
Існаваў на Беларусі ў 16—20 ст. Утвораны ў 1507 у складзе Навагрудскага ваяводства ВКЛ. Межы павета ўдакладняліся ў час адм.-тэр. рэформы 1565—66 і пазней. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) у Гродзенскім ваяводстве ВКЛ, пасля 3-га падзелу (1795) у Рас. імперыі: з 1795 у Слонімскай, з 1797 у Літоўскай, з 1801 у Гродзенскай губ. Павятовы цэнтр — г. Ваўкавыск. Пл. павета 3413,2 кв. вярсты, нас. 149 678 чал. (1897). У Ваўкавыскі павет ўваходзіла 25 валасцей: Баярская, Біскупцоўская, Вільчукоўская, Вярэйкаўская, Гарнастаеўская, Дабравольская, Зельзінская, Зэльвенская, Ізабелінская, Крамяніцкая, Лыскаўская, Межырэцкая, Мсцібаўская, Падароская, Пескаўская, Поразаўская, Пянюгаўская, Роская, Самаравіцкая, Свіслацкая, Талачманоўская, Тарнопальская, Шылавіцкая, Шымкоўская, Юшкаўская. У павеце было 13 мястэчак: Зэльва, Ізабелін, Крамяніца, Лапеніца, Лыскава (Лыскі), Малая Лапеніца, Мсцібава, Новы Двор, Поразава, Пескі, Рось, Свіслач і Ялоўка; 6 сёл, 437 вёсак і 348 дробных нас. пунктаў (1889). Паводле Рыжскага мірнага дагавора 1921 павет у складзе Польшчы, у Беластоцкім ваяводстве. Былыя воласці ўзбуйнены і пераўтвораны ў гміны. У 1927 пл. 3892 км², нас. 115 261 чал., 16 гмін: у т. л. Біскупская (Біскупцоўская), Зэльвенская, Ізабелінская, Лыскаўская, Межырэцкая, Мсцібаўская, Падароская, Поразаўская, Роская, Свіслацкая, Тарнопальская, Церашкоўская, Шылавіцкая, Ялоўская. З 1939 у складзе БССР, з 4.12.1939 у Беластоцкай вобласці, 15.1.1940 скасаваны, на яготэр. ўтвораны Ваўкавыскі раён.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́КТАР (ад лац. vector вядучы, нясучы),
1) накіраваны адрэзак пэўнай даўжыні. Абазначаецца лац. літарамі тлустага шрыфту a, A (AB — калі пачатак вектара ў пункце A, канец у пункце B) ці светлага шрыфту з рыскай або стрэлкай над імі: , , , . Даўжынёй (модулем) вектара наз. даўжыня адрэзка AB і абазначаецца AB ці ||.
Два вектары роўныя, калі яны паралельныя ці аднолькава накіраваныя і маюць аднолькавую даўжыню. Вектар, пачатак і канец якога супадаюць, наз. нуль-вектарам, даўжыня яго роўная нулю. Яму не прыпісваецца ніякі напрамак. Вектар, даўж. якога роўная адзінцы, наз. адзінкавым. На плоскасці ці ў прасторы ўсякі вектар можа быць паказаны накіраваным адрэзкам, адкладзеным ад пачатку каардынат. Таму вектар можна задаваць трыма сапраўднымі лікамі (x, y, z) — праекцыямі вектара на восі прамавугольнай сістэмы каардынат (каардынатамі вектара). У n-мернай прасторы вектар вызначаецца як упарадкаваная сістэма n сапраўдных лікаў (x1, x2, ..., xn).
З дапамогай вектара ў матэматыцы, фізіцы і механіцы апісваюцца сілы, скорасці, паскарэнні і інш. велічыні, зададзеныя лікам і напрамкам. Гл. таксама Вектарнае злічэнне.
2) У пераносным сэнсе — пэўны кірунак у якой-н. сферы дзейнасці ці адносін (напр., у палітыцы, эканоміцы і г.д.).
А.А.Гусак.
Вектар OM з праекцыямі x, y, z; i, j, k — орты прамавугольнай дэкартавай сістэмы каардынат.