ЗДАНО́ВІЧ (Іван Усцінавіч) (6.6.1864, Мінск — 24.8.1915),

бел. ўрач, арганізатар шпітальнага абслугоўвання ў Мінскай губ. Скончыў Кіеўскі ун-т (1889). Працаваў у Мінску (з 1904 гал. ўрач губ. бальніцы). Засн. школу сляпых і школу ўрачэбнай і гігіенічнай гімнастыкі (1897). Распрацаваў план рэарганізацыі бальніцы ў кваліфікаваную навук.-клінічную ўстанову. Непадалёку ад Мінска на беразе р. Свіслач знайшоў крыніцу з лекавай вадой, на базе якой у 1922 пабудаваны дом адпачынку. У гонар яго чыг. прыпынак быў названы платформай З. (цяпер ст. Ждановічы).

т. 7, с. 47

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗУБРЫ́ЛІН (Павел Якаўлевіч) (н. 4.6.1927, с. Крупец Пензенскай вобл., Расія),

бел. трэнер па цяжкай атлетыцы. Майстар спорту СССР (1964), засл. трэнер Беларусі (1969), засл. трэнер СССР (1975), засл. дз. фіз. культуры Беларусі (1976). З 1964 старшы трэнер спартклуба БВА, з 1979 трэнер Рэсп. школы вышэйшага спарт. майстэрства. Дзярж. трэнер па цяжкай атлетыцы ДСТ «Чырвоны сцяг». У 1969—79 ст. трэнер зборнай каманды Беларусі па цяжкай атлетыцы. Сярод выхаванцаў З. — В.Шарый, чэмпіён СССР В.​Вяргун, рэкардсмен свету А.​Галубовіч.

т. 7, с. 118

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЫ́ГМУНД ((Zygmund) Антоні) (26.10.1900, Варшава — 30.5.1992),

амерыканскі матэматык, заснавальнік чыкагскай школы матэм. аналізу. Чл. Польскай і Нац. АН ЗША (1961). Скончыў Варшаўскі ун-т (1923). З 1922 у ВНУ Варшавы, з 1929 вучыўся ў Оксфардзе і Кембрыджы, у 1930—39 праф. Віленскага ун-та. З 1940 у ЗША. Навук. працы па матэм. аналізе, тэорыі функцый рэчаіснай і камплекснай пераменнай, дастасаваннях тэорыі імавернасцей да матэм. аналізу.

Тв.:

Рус. пер. — Тригонометрические ряды. Т. 1—2. М., 1965.

М.​Л.​Савік.

т. 7, с. 120

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІВАШУ́ЦІН (Пётр Іванавіч) (н. 5.9.1909, г. Брэст),

генерал арміі (1971), Герой Сав. Саюза (1985). У Чырв. Арміі з 1931. Удзельнік сав.-фінл. вайны 1930—40. У Вял. Айч. вайну з чэрв. 1941 на Каўказскім, Крымскім, Паўн.-Каўказскім, Паўд.-Зах. і 3-м Укр. франтах. Удзельнік абароны Каўказа, вызвалення Югаславіі, Венгрыі і Аўстрыі. Пасля вайны ў цэнтр. апараце Мін-ва абароны СССР, з 1963 нам. нач. Генштаба Узбр. Сіл СССР. Дэп. Вярх. Савета СССР у 1950—54, 1966—89.

П.І.Івашуцін.

т. 7, с. 158

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІЗАХО́РНЫ ПРАЦЭ́С,

тэрмадынамічны працэс, які адбываецца пры пастаянным аб’ёме сістэмы. З-за малой сціскальнасці многія ізатэрмічныя працэсы ў цвёрдых целах адначасова прыблізна ізахорныя.

І.п. на тэрмадынамічнай дыяграме стану адлюстроўваецца ізахорай і падпарадкоўваецца Шарля закону, які для рэальных газаў выконваецца набліжана з-за наяўнасці сіл міжмалекулярнага ўзаемадзеяння. Мех. работа пры І.п. роўная нулю; змена ўнутр. энергіі цела адбываецца за кошт паглынання (ці выдзялення) цеплаты. Для ажыццяўлення І.п. ў газах і вадкасцях іх змяшчаюць у герметычную пасудзіну з пастаянным аб’ёмам.

т. 7, с. 178

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНФІЛЬТРА́Т,

зацвярдзенне ў тканках (падскурнай клятчатцы, мышцах) ці органе (лёгкіх, печані) з прычыны назапашвання клетачных элементаў, крыві, лімфы і хім. рэчываў. Найчасцей бываюць запаленчыя і пухлінныя І. Запаленчыя могуць разыходзіцца, расплаўляцца, склеразавацца, з утварэннем каверны, абсцэсу, рубца і інш. Пухлінныя складаюцца з пухлінных клетак рознай прыроды (рак, саркома) і праяўляюцца іх ростам. Пры І. тканка павялічваецца ў аб’ёме, мяняе колер, становіцца цвёрдай, іншы раз балючай. І. наз. таксама зацвярдзенне тканак пры насычэнні іх растворамі для мясц. абязбольвання.

т. 7, с. 293

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІО́СІФА-ВАЛАКАЛА́МСКІ МАНАСТЫ́Р, Волацкі Успенскі Іосіфаў манастыр,

помнік архітэктуры 15—17 ст., за 20 км ад г. Валакаламск Маскоўскай вобл. Засн. як мужчынскі ў 1479 Іосіфам Волацкім. У складзе арх. ансамбля: каменныя сцены з шатровымі вежамі (1543—66, перабудаваны ў 17 ст.), Петрапаўлаўская надбрамная царква, трапезная з царквой Богаяўлення, Успенскі сабор (усе 17 ст.) у «нарышкінскім» стылі з кафляным фрызам «вока паўліна» (майстар С.​Палубес), 9-ярусная званіца (1490, перабудавана ў 1670-я г.). Пасля 1917 музей.

т. 7, с. 299

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАБАЛА́ (ад араб. распіска, абавязацельства),

1) гістарычная назва даўгавога абавязацельства ў шэрагу краін. У Расіі пашырана ў 15—17 ст. (з 16 ст. фіксавалася ў пісьмовай форме — т. зв. кабальныя граматы, кабальныя кнігі). Даўгавое абавязацельства існавала ў розных відах: пазыковая (беспрацэнтная або працэнтная), закладная (пад заклад маёмасці), служылая (адпрацоўка працэнтаў з доўгу), выкупная (купля-продаж нерухомай маёмасці або самога даўжніка) і інш. Адна з форм запрыгоньвання сялян (гл. Кабальныя халопы).

2) У пераносным значэнні — прыгнёт, цяжкая форма асабістай залежнасці.

т. 7, с. 380

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́ГАН (Юрый Майсеевіч) (н. 6.7.1928, Масква),

расійскі фізік-тэарэтык. Акад. Расійскай АН (1984; чл.-кар. 1970). Скончыў Маскоўскі інж.-фіз. ін-т (1950). З 1956 у Рас. навук. цэнтры «Курчатаўскі ін-т». Навук. працы па кінетычнай тэорыі газаў, малекулярнай фізіцы, фізіцы цвёрдага цела, узаемадзеянні ядз. выпрамянення з рэчывам. Стварыў кінетычную тэорыю газаў з вярчальнымі ступенямі свабоды, пабудаваў мікраскапічную тэорыю металаў, прадказаў эфект падаўлення ядз. рэакцыі ў дасканалых крышталях. Ленінская прэмія 1986. Дзярж. прэмія СССР 1976.

Ю.М.Каган.

т. 7, с. 402

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛЕ́НЧАТЫ ВАЛ,

вярчальнае звяно крывашыпнага механізма, якое пераўтварае вярчальны рух у зваротна-паступальны і наадварот. Складаецца з некалькіх сувосевых карэнных шыек, што апіраюцца на падшыпнікі, і аднаго або некалькіх кален, шыйкі якіх злучаны з шатунамі. К.в. бываюць літыя і каваныя, суцэльныя і састаўныя. Робяцца з вугляродзістых і легіраваных сталей або высокатрывалага чыгуну. Выкарыстоўваюцца ў поршневых рухавіках, помпах, кампрэсарах, кавальска-прэсавых машынах і інш.

Каленчаты вал: 1 — карэнная шыйка; 2 — калена (крывашып); 3 — шатунная шыйка; 4 — шчака.

т. 7, с. 462

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)