кантроль якасці матэрыялаў, паўфабрыкатаў, вырабаў без іх разбурэння. Засн. на залежнасці паміж уласцівасцямі прадукцыі. што кантралююцца, і якімі-небудзь фіз. параметрамі, якія можна вымераць без пашкоджання вырабу. Адрозніваюць метады Н.к.: акустычныя, магн., аптычныя, радыяцыйныя, радыёхвалевыя, цеплавыя, эл., віхратокавыя і пранікальных рэчываў.
Сродкі Н.к. выконваюцца ў выглядзе аўтаномных прылад, апаратаў, аўтам. ліній, сістэм кіравання тэхнал. працэсамі па адзнаках якасці. Метадамі Н.к. знаходзяць адкрытыя і скрытыя дэфекты тыпу парушэння суцэльнасці (дэфектаскапія), кантралююць геам. характарыстыкі (таўшчыню вырабу, пакрыцця і г.д.), вымяраюць мех. характарыстыкі (цвёрдасць, трываласць, якасць умацавальных слаёў), вызначаюць структуру рэчываў (зярністасць, наяўнасць ферытнай фазы ў сплавах) і інш. Развіццё Н.к. пачалося пасля адкрыцця рэнтгенаўскага выпрамянення (1895). У СССР метады Н.к. пачалі інтэнсіўна развівацца з 1920-х г. Ультрагукавы метад Н.к. дэфектаў (ультрагукавая дэфектаскапія) упершыню прапанавана ў 1928 (С.Я.Сакалоў). Значны ўклад у распрацоўку метадаў Н.к. зрабілі рас. вучоныя У.У.Клюеў. Р.І.Янус, М.М.Міхееў. І.М.Ярмолаў, В.Я.Шчарбінін. В.Г.Герасімаў, У.Ф.Мужыцкі, В.В.Сухарукаў і інш.
На Беларусі развіццё Н.к. звязана з працамі М.С.Акулава, які ў 1963 заснаваў Аддзел фізікі неразбуральнага кантролю (з 1980 Ін-т прыкладной фізікі). Далейшае развіццё Н.к. атрымаў у працах М.М.Зацэпіна. які сфарміраваў навук. кірунак ін-та і распрацаваў тэарэт. асновы эл.-магн. кантролю. Закладзены тэарэт. асновы Н.к. пранікальнымі вадкасцямі (П.П.Прахарэнка, М.П.Мігун). Распрацаваны ці атрымалі далейшае развіццё: магн. таўшчыняметрыя, метад тэрма-эрс (А.А.Лухвіч), кантактна-дынамічны метад кантролю цвёрдасці і інш.мех. уласцівасцей (В.А.Рудніцкі), радыёхвалевыя метады (І.С.Кавалёў), імпульсны метад магн. кантролю мех. уласцівасцей сталей (М.А.Мяльгуй), магн. кантроль ліставога пракату, што рухаецца ў вытв. патоку (У.Ф.Мацюк), выкарыстанне магн. вадкасцей (А.Р.Баеў), кантроль магн. страт і індукцыі ў электратэхн. сталі і вырабах з яе (І.І.Бранавіцкі), ультрагукавы кантроль (Г.Я.Канавалаў), магніташумавая структураскапія (В.Л.Венгрыновіч), магн. кантроль малагабарытных вырабаў у вытв. патоку (С.Р.Сандамірскі), тэорыя дынамічных сістэм з выпадковымі зменамі структуры, кантроль узроўню вадкіх і сыпкіх прадуктаў у рэзервуарах (В.М.Арцём’еў) і інш. Метады і сродкі Н.к. распрацоўваюцца таксама ў БДУ, БПА, Мінскім навукова-прамысл. ін-це «Падшыпнік», Магілёўскім машынабуд. ін-це і інш.
Літ.:
Зацепин Н.Н. Неразрушающий контроль: (Избр. вопр. теории поля). Мн., 1979;
Мельгуй М.А. Магнитный контроль механических свойств сталей. Мн., 1980;
Prokhorenko P., Migoun N., Stadthaus M. Theoretical principies of liquid penetrant testing. Berlin, 1999;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛАНІЗА́ЦЫЯ,
сістэма мерапрыемстваў дзярж. органаў, культ. устаноў і каталіцкага духавенства па асіміляцыібел. народа. У правядзенні П. актыўна ўдзельнічалі польскія і паланізаваныя феадалы і шляхта, што жылі на Беларусі, а таксама мясц. пласты насельніцтва пасля прыняцця імі каталіцкай веры. Першыя сімптомы П. абазначыліся пасля Крэўскай уніі 1385, калі ў заснаваных на бел. землях касцёлах асн. набажэнства пачалі весці на лац., а казанні — на польск. мовах. З пашырэннем уплыву каталіцызму на Беларусі ішло паступовае ўмацаванне пазіцый польск. элемента ў сістэме адукацыі, кнігавыдавецкай справе. З 324 кніг, надрукаваных у ВКЛ у 1525—99, 151 выдадзена на лац., 114 — на польск., 50 — на старабел. мовах. П. бел. народа ўзмацнілася пасля Люблінскай уніі 1569. У 1696 усеагульная канфедэрацыя саслоўяў Рэчы Паспалітай прыняла пастанову, у якой зафіксавана, што ў службовым справаводстве ВКЛ «усе рашэнні павінны складацца на польскай мове». Пасля 1696 пачала зніжацца роля бел. мовы ў міжасобасных зносінах людзей, асабліва сярод заможных, прывілеяваных прадстаўнікоў насельніцтва. Гал. прычына істотнай страты беларусамі сваёй культ.-моўнай адметнасці — у свядомай дзейнасці свецкай і духоўнай улад Рэчы Паспалітай. П. беларусаў мела месца і пасля Taro, як іх землі ў выніку 3 падзелаў Рэчы Паспалітай (1772, 1793, 1795) былі далучаны да Рас. імперыі. Цяпер такую палітыку ажыццяўлялі гал. чынам каталіцкае духавенства, у якога на Беларусі было шмат касцёлаў, кляштараў і навуч. устаноў, а таксама польск. прафесійныя і прыдворныя тэатры. П. аслабела толькі пасля задушэння паўстання 1863—64, калі ўжо палякам давялося адстойваць сваю культуру і мову ад русіфікацыі. З пач. 1-й сусв. вайны 1914—18, якая прывяла да захопу герм. інтэрвентамі зах. часткі бел. зямель, палітыку П. разам з каталіцкім духавенствам праводзілі розныя шавіністычныя польскія партыі і культ.-асв. рухі. П. ўзмацнілася пасля змены герм. акупацыі Беларусі польскай, і калі паводле Рыжскага мірнага дагавора 1921 да Польшчы адышла значная частка тэр. Беларусі (гл.Заходняя Беларусь). Нягледзячы на ўпартае супраціўленне П. беларускага нацыянальна-вызваленчага руху, пазіцыя польск. культуры і мовы, якія мелі сталую падтрымку з боку дзяржавы і каталіцкага духавенства, станавілася ўсё больш трывалай на «крэсах усходніх». Перад уз’яднаннем у вер. 1939 Зах. Беларусі з БССР тут ужо амаль не было бел. школ, адсутнічалі ўмовы для развіцця бел. прафесійнай нац. культуры У той ціінш. сферы П. праводзілася на этнічных бел. землях Польшчы і ў пасляваен. перыяд. У наш час у гэтым краі Польшчы далёка не поўнасцю задавальняюцца патрэбы нац.-культ. развіцця беларусаў. Элементы П. назіраюцца і сёння ў практыцы некат. каталіцкіх храмаў на тэр. суверэннай Рэспублікі Беларусь.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАПУРЫ́ (ад франц. pot-pourri мяшаная страва, усякая ўсячына),
інструментальны (радзей вак.) твор, пабудаваны на чаргаванні папулярных тэм з опер, аперэт, балетаў, песень, танцаў, музыкі з кінафільмаў і інш., мелодый ці песень пэўнага кампазітара. Тэмы ў П. не развіваюцца, а ідуць паслядоўна адна за адной, паміж асобнымі мелодыямі ўводзяцца кароткія звязкі для мадулявання і тэматычнага пераключэння. Найб. пашыраны П. для духавога і эстр. аркестраў.
Узніклі ў 18 ст. ў Францыі, у пач. 19 ст. распаўсюдзіліся ў Еўропе (найб. раннія творы належаць ням. кампазітару І.Б.Крамеру). Сярод узораў: «Бліскучае папуры на любімыя тэмы з оперы Шпора «Фауст» К.Чэрні, «Папуры на тэмы Бетховена» А.Дыябелі, «Фантазія на польскія тэмы» Ф.Шапэна. У Расіі ў канцы 19 ст. былі пашыраны П. для т.зв. садовых аркестраў, заснаваныя на папулярных танц. мелодыях.
На Беларусі ў пач. 19 ст. былі вядомы П. на тэмы маршавых і танц. мелодый Няльгоўскага, І.Дабравольскага, Вуса і інш. (у рэпертуары Магілёўскага духавога аркестра пад кіраўніцтвам Дабравольскага), папуры В.Стафановіча на тэмы сімфоній, уверцюр Л.Бетховена, І.Гайдна, Ш.Гуно, Л.Керубіні, В.А.Моцарта, Дж.Расіні, Д.Чымарозы, Р.Крэйцэра, М.Глінкі, вальсаў, кадрыляў і полек І.Штрауса, Лябіцкага, маршаў Ф.Мендэльсона, Б.Більзе (у рэпертуары Мінскага гар. аркестра), П. на мелодыі з італьян. опер выконваў духавы аркестр Мінскай мужч. гімназіі і інш. У пач. 20 ст. П. на тэмы італьян. кампазітараў выконвалі Мінскі гар. духавы аркестр і аркестр ваен. духавой музыкі кавалерыйскай дывізіі, «Маларасійскія папуры» — аперэтачна-драм. трупа пад кіраўніцтвам І.Канеўскага ў т-ры мініяцюр у Оршы і трупа т-ва маларасійскіх артыстаў пад кіраўніцтвам Ф.Максімовіча ў Мінскім гар. т-ры. У 1920-я г. былі пашыраны папуры У.Тэраўскага і В.Яфімава для арк. на тэмы рэв. песень. Сярод найб. вядомых П. ў рэпертуары бел.прафес. і аматарскіх аркестравых калектываў — «Сябры-аднапалчане» на тэмы песень Вял.Айч. вайны М.Вахуцінскага, «Беларуская старонка» на тэмы бел.нар. мелодый для духавога арк. М.Нарко і інш.; на тэмы твораў сучасных бел. (П. на тэмы песень У.Алоўнікава, Я.Глебава, І.Лучанка, «Калейдаскоп эстрадных мелодый В.Волкава і інш.) і замежных (папуры Л.Кеэра на тэмы класічных джазавых мелодый «Караван» Х.Цізола і Э.Элінгтана, «Фламінга» Г.Гроя, «Бразілія» А.Барэса) кампазітараў.
Літ.:
Способий И.В. Музыкальная форма. 6 изд. М., 1980. С. 251—252.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛО́ШЧА,
архітэктурна арганізаваная прастора, уключаная ў вулічную сетку населенага пункта і абмежаваная будынкамі, скверамі, паркамі або натуральным рэльефам (бераг ракі, яр, гара). Бываюць П. адм.-грамадскія, тэатр., прывакзальныя, мемарыяльныя (ствараюцца ў гонар вял.гіст. падзей, дзярж. дзеячаў, вучоных, майстроў мастацтва), П. гандл., трансп. і інш.Гал. П. або сістэма П. уваходзяць у склад ядра цэнтра горада, звычайна маюць вял. памеры, значныя прылеглыя пабудовы (адм.-грамадскія будынкі); служаць месцам масавых мерапрыемстваў. П., у кампазіцыю якіх уключаюцца творы архітэктуры, манум. скульптуры і жывапісу, часам утвараюць асн.арх. ансамблі, якія і вызначаюць аблічча населеных месцаў. П. рознага прызначэння могуць мець азеляненне па перыметры, у цэнтр.ч. (партэр) або мяшанае. Партэрная частка П. бывае звычайна ў выглядзе газона ці спалучаецца з дрэва-кустовымі насаджэннямі, кронам якіх надаюць геам. форму, або з курцінамі зялёных масіваў, што абрамляюць П.
Правобразам гар. П. былі парадныя прамавугольныя ў плане двары палацавых і храмавых комплексаў Крыта, Егіпта, Вавілоніі, Асірыі. У Стараж. Грэцыі прамавугольныя ў плане П. — агоры, Рыме — форумы. У сярэдневяковых гарадах П. мела нерэгулярны план, у перыяд барока і класіцызму — чатырохвугольныя, круглыя, складаных абрысаў, шматвугольныя і інш. формы, часта сіметрычныя (П. св. Пятра ў Рыме, Трафальгарская ў Лондане, дэ Голя ў Парыжы). У рас. гарадах ствараліся крамлёўскія, гар., саборныя, гандлёвыя плошчы. Выдатныя ўзоры П. у Расіі створаны архітэктарамі класіцызму 18—19 ст. (Тэатральная ў Маскве, Дварцовая плошча ў С.-Пецярбургу і інш.).
На Беларусі П. вядомы са старажытнасці. З развіццём гар. паселішчаў як цэнтраў рамяства і гандлю, гал. ролю ў структуры гарадоў адыгрывалі гандл. П., вядомы яны і ў мястэчках. У 18 ст. ў гарадах на гал. П. узводзілі адм., гандл. і культавыя будынкі, стваралася ансамблевая забудова (Варнянскі архітэктурны ансамбль, Гарадніца, Пастаўскі архітэктурны ансамбль, Полацкая Парадная плошча). У канцы 18 — пач. 19 ст. многія гарады (Барысаў, Бабруйск, Віцебск, Мінск і інш.) былі распланаваны паводле рэгулярнай схемы, кампазіцыйныя восі іх складалі гал. вуліцы, на перасячэнні якіх ствараліся цэнтр. П. З 2-й пал. 20 ст. П. выконваюць ролю грамадскіх цэнтраў, маюць значныя памеры, вылучаюцца ансамблевасцю забудовы (Перамогі плошча, Якуба Коласа, Кастрычніцкая, Прывакзальная ў Мінску, Перамогі плошча ў Віцебску, пл. Цырыманіялаў у Брэсцкай крэпасці-героі, Тэатральная ў Магілёве, Будаўнікоў у Наваполацку).
Літ.:
Заславский Е.Л. Проблема формирования архитектурных ансамблей главных городских площадей // Стр-во и архитектура Белоруссии. 1981. №4;
Общественные центры городских населенных мест БССР. Мн., 1991.
Плошча святога Пятра ў Рыме.Плошча Кастрычніцкая ў Мінску.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕНА́Т (лац. senatus ад senex стары),
1) у Старажытным Рыме адзін з вышэйшых дзярж. органаў улады. Узнік з савета старэйшых патрыцыянскіх родаў у канцы царскай эпохі (каля 6 ст. да н.э.), быў дзярж. саветам пры цару. У рэсп. перыяд (5—3 ст. да н.э.) улада С. была абмежавана на карысць каміцый. У час імперыі фармальна лічыўся вышэйшай дзярж. установай, яго ўлада была абмежавана імператарам. Пры Дыяклетыяне (канец 3 ст.н.э.) ператвораны ў дзярж. савет г. Рым, пры Канстанціне (4 ст.) С. створаны ў Канстанцінопалі, ураўнаваны ў правах з С. Рыма.
2) У Рэчы Паспалітай дзярж. рада манарха і вышэйшая палата сойма. Узнік з С. Польскага каралеўства (склаўся да пач. 16 ст.) і Рады Вялікага княства Літоўскага. У 1569 у С. увайшлі ўсе ранейшыя польскія сенатары, прадстаўнікі Каралеўскай Прусіі і ўкр. зямель, далучаных да Польшчы; з ВКЛ — 2 біскупы (віленскі, жамойцкі), 9 ваяводаў (віленскі, трокскі, смаленскі, полацкі, навагрудскі, віцебскі, брэсцкі, мсціслаўскі, мінскі), староста жамойцкі, 10 кашталянаў (віленскі, трокскі, жамойцкі, смаленскі, полацкі, навагрудскі, віцебскі, брэсцкі, мсціслаўскі, мінскі), 5 вышэйшых ураднікаў дзяржавы, т.зв. міністраў — маршалак найвышэйшы (вялікі), канцлер, падканцлер, падскарбі земскі (вялікі) і маршалак надворны. У 1569 было 140 сенатарскіх пасад, пазней іх колькасць мянялася. С. разам з каралём (вял. князем) і Пасольскай Ізбой прымаў заканадаўчыя акты і інш. пастановы. Пазней былі ўведзены пасады сенатараў-рэзідэнтаў (з пач. 17 ст. выбіраліся 16 чал. на 2 гады, з 1641—28 чал.). У 1-й пал. 18 ст.вял. значэнне набылі рады С., склад якіх вызначаў кароль. Сенатары ўдзельнічалі таксама ў пасяджэннях соймавага суда.
3) У Расіі ў 1711—1917 правячы С. — вышэйшы дзярж. орган, падпарадкаваны імператару. Засн. Пятром I у 1711. Першапачаткова калегіяльны орган для кіравання дзяржавай у адсутнасць цара, замяніў Баярскую думу. З 2-й чвэрці 18 ст. правы С. абмяжоўвалі Вярхоўны тайны савет, потым Кабінет міністраў. У 1763 у выніку рэформы падзелены на дэпартаменты. З 1775 выконваў судовыя функцыі. Пасля заснавання міністэрстваў (1802) як вышэйшы судовы орган наглядаў за дзейнасцю дзярж. устаноў і чыноўнікаў. Паводле судовых статутаў 1864 С. — вышэйшая касацыйная інстанцыя.
4) Назва верхняй палаты парламента ў шэрагу сучасных дзяржаў (Бельгіі, Ірландыі, Італіі, Польшчы, Францыі, ЗША, Канады і інш.). У некат. краінах С. фарміруюцца шляхам прамых выбараў (Італія, Польшча), у інш. — прызначаюцца кіраўніком дзяржавы цалкам ці часткова. У шэрагу дзяржаў С. перавыбіраецца не поўнасцю, а часткова (напр., у ЗША кожныя 2 гады абнаўляецца 1/3 С.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЛО́ЎНІК ПСЕЎДАНІ́МАЎ,
літаратуразнаўча-бібліяграфічны даведнік, дзе раскрываюцца псеўданімы і крыптанімы пісьменнікаў, артыстаў і інш., пад якімі яны выступаюць у друку, на сцэне і г.д. Часта ўключае плагіяты, дзявочыя прозвішчы аўтараў жанчын мае паказальнік аўтараў, дзе пералічваюцца іх псеўданімы і крыптанімы. Расшыфроўка псеўданімаў і крыптанімаў у іх найчасцей наступныя: псеўданім і яго раскрыццё (прозвішча, імя, імя па бацьку аўтара); месца выкарыстання псеўданіма (перыяд. выданне, творы ці агульнае ўказанне на час і месца яго паяўлення); крыніца, паводле якой псеўданім расшыфраваны (друкаваная, архіўная, вусная).
Першыя С.п. з’явіліся ў 16 ст. («Багаслоўскія тлумачэнні» Г.Геснера, 1549). У 17 ст. пачалося сістэматычнае збіранне і выданне псеўданімаў («Пра пісьмовыя сімвалы, што захоўваюць імёны» І.Саўэрса, 1652; «Пра змененыя імёны аўтараў і ананімы» Ф.Гейслера, 1669). У 1806—09 А.Барб’е выдаў 4-томны слоўнік франц. псеўданімаў. Найб. вядомыя С.п.: англ. Д.Кенэдзі, А.Сміта, А.Джонсана (т. 1—4, 1926—30), літоўскія В.Біржышкі (1943), Ю.Буценаса (1981), франц. Г.Костана (1961), груз. Т.Мікадзе (1966, 1969), азерб. Г.Мамедлі, Н.Макеева (абодва 1977), эст. М.Каху (1978), узб. Т.Караева і Р.Вахідава (1978, 1979) і інш. На слав. землях працы з пералічэннем псеўданімаў з’явіліся ў 18 ст. («Бібліятэка польскіх паэтаў, што пішуць роднаю моваю» Ю.А.Залускага, 1754), у Расіі — у пач. 19 ст. («Сістэматычны агляд літаратуры ў Расіі на працягу пяцігоддзя з 1801 да 1806 г.» А.Шторха і Ф.Адэлунга, 1810—11). Першы С.п. у Расіі — «Вопыт слоўніка псеўданімаў рускіх пісьменнікаў» В.Карцава і М.Мазаева (1891). Найб. грунтоўныя слав. С.п.: чэш. і славацкія А.Даленскага (1934), І.Орміса (1944), І.Кунца (1958), І.Воправіла (1973), польскія А.Бара (т. 1—3, 1936—38), калект. «Слоўнік псеўданімаў польскіх пісьменнікаў» (т. 1—4, 1994—96), рус. «Слоўнік псеўданімаў рускіх пісьменнікаў, вучоных і грамадскіх дзеячаў» І.Масанава (т. 1—3, 1941—49, т. 1—4, 2-е выд. 1956—60, больш за 80 тыс. псеўданімаў і крыптанімаў), венг. Пала Гуяша (1956), балг. І.Багданава (1961), укр. А.Дэя (1969).
На Беларусі першая публікацыя бел. псеўданімаў — «Літаратурныя працы Ц.Гартнага» Ю.Бібілы (у кн. «Цішка Гартны ў літаратурнай крытыцы», 1928). У «Слоўніку беларускіх псеўданімаў і крыптанімаў (XVI—XX стст.)» Я.Саламевіча (1983) расшыфраваны 3992 псеўданімы і крыптанімы 1231 аўтара.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СПАЖЫВЕ́ЦКАЯ КААПЕРА́ЦЫЯ,
від кааперацыі, якая ўяўляе сабой сістэму спажывецкіх таварыстваў, іх саюзаў і створаных імі унітарных прадпрыемстваў і ўстаноў з мэтай задавальнення патрэб членаў спажывецкіх т-ваў і насельніцтва шляхам арганізацыі гандлёвай, закупачнай, вытворчай і іншай дзейнасці. Узнікла ў Англіі ў 1844. З сярэдзіны 19 ст. кааператывы актыўна ствараліся ў Францыі, Італіі, Германіі, Скандынаўскіх краінах і інш. У Расіі першы рабочы кааператыў з'явіўся ў 1864. У 1895 створаны Міжнародны кааператыўны альянс, які аб’ядноўвае нац. і рэгіянальныя саюзы кааператываў.
Першы спажывецкі кааператыў на Беларусі зарэгістраваны ў 1892, да 1917 дзейнічала 359 спажывецкіх т-ваў. У чэрв. 1917 у Мінску арганізаваны саюз спажывецкіх т-ваў Мінскага р-на, які пазней пераўтвораны ў Цэнтральны саюз спажывецкіх т-ваў Беларускага краю, а потым — у Беларускі рэсп. саюз спажывецкіх т-ваў (Белкаапсаюз). Да сярэдзіны 1930 спажывецкія т-вы функцыянавалі ў гарадах і ў вёсках, з 1935 С.к. абслугоўвае ў асноўным вясковае насельніцтва. У 2001 у Белкаапсаюзе 1,4 млн. пайшчыкаў, аб’яднаных у 118 раённых і 2 рэгіянальныя спажывецкія т-вы. Больш як 136 тыс. працаўнікоў С.к. абслугоўвалі 3,5 млн.чал. (85% з іх былі вяскоўцы). Тавараабарот склаў 993,3 млрд.руб., ці 18,6% рознічнага тавараабароту краіны. На яго долю прыпадае 3,2% унутр. валавога прадукту рэспублікі, 4,5% працоўных рэсурсаў, 51% аб’ектаў гандлю, 42% прадпрыемстваў грамадскага харчавання. Вырабляе 24% хлебабулачных, 26% макаронных, 14% каўбасных, рыбных вырабаў, 12% кансерваў, 7% мінеральнай вады. С.к. мае 105 хлебазаводаў і пякарань, 122 каўбасныя, 124 кандытарскія і 68 рыбаперапрацоўчых цэхаў, 25 кансервавых прадпрыемстваў, 5 камбінатаў і 175 цэхаў па вырабе непрадуктовых тавараў, 7 зверагаспадарак па гадаванні ліса, норкі, пясца. На канец 2001 у сістэме Белкаапсаюза 3,6 тыс. прадпрыемстваў грамадскага харчавання, у т. л. 513 у калгасах і саўгасах, 1850 у навуч. установах, 12,5 тыс. магазінаў, 719 ларкоў, палатак, кіёскаў. 418 аўтамагазінаў і 433 хатнія крамы абслугоўвалі больш як 6 тыс. вёсак, у якіх менш за 25 жыхароў. С.к. закупляе і перапрацоўвае больш за 30 відаў с.-г. прадукцыі і сыравіны на 95,8 млрд.руб. (2001).
З 1992 Белкаапсаюз — чл.Міжнар.каап. альянсу, падтрымлівае кантакты з кааператарамі і фірмамі больш як 30 краін. Знешнегандлёвы абарот у 2001 склаў 34,6 млн.дол. ЗША. Мае ўласныя навуч. ўстановы: Бел. гандлёва-эканам.ун-т спажывецкай кааперацыі, Рэсп.ін-т павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў Белкаапсаюза, 6 каледжаў, 2 прафтэхвучылішчы.
Узаемадзеянне спажывецкай кааперацыі з дзяржавай рэгулюецца Законам «Аб спажывецкай кааперацыі (спажывецкіх таварыствах, іх саюзах) у Рэспубліцы Беларусь» (2002).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФЕНАМЕНАЛО́ГІЯ (ад феномен + ...логія),
у шырокім сэнсе — філасофскае вучэнне пра з’явы свядомасці; у вузкім — кірунак у філасофіі 20—пач. 21 ст., прадстаўнікі якога імкнуцца Вызваліць філас. свядомасць ад натуралістычных установак. Яны абвяшчаюць сферай філас. аналізу рэфлексію свядомасці пра свае акты і іх змест, выяўленне першапачатковых асноў пазнання чалавечага існавання і культуры.
У гісторыі філасофіі паняцце Ф. атрымала шэраг трактовак: як навука пра прадметы вопыту (І.Кант, І.Г.Ламберт), вучэнне пра канкрэтныя выяўленні абсалютнага духу, якія ў гіст. развіцці паслядоўна змяняюць адно аднаго (Г.Гегель). У 19 ст. пад Ф. таксама разумелася апісальная псіхалогія, якая проціпастаўлялася тлумачальнай. Аўстр. філосафы і псіхолагі Ф.Брэнтана, К.Штумпф, А.Мейнанг распрацавалі метадалагічныя сродкі апісання і класіфікацыі псіхічных феноменаў. Узнікненне Ф. як самаст. ўплывовага кірунку ў філасофіі звязана з канцэпцыяй Э.Гусерля, які прапанаваў разглядаць Ф. як метад даследавання «чыстай» свядомасці і іманентных, апрыёрных структур чалавечага існавання.
Гал. ўвага ў Ф. звяртаецца на пазавопытныя, пазагіст. структуры свядомасці, што забяспечваюць яе рэальную дзейнасць і супадаюць з ідэальнымі значэннямі ў мове і псіхал. перажываннях. Ф. дапамагае раскрываць у свядомасці неабходныя сэнсавыя, інварыянтныя перадумовы ўспрымання аб’ектаў і інш. форм пазнання. Ф. выступае супраць пазнання рэальных фактаў у прыроднай цісац. сферы, а суб’ект пазнання разглядае як увасабленне «чыстай» свядомасці, а не як эмпірычную, сац. і псіхафізіял. істоту. У псіхічных феноменах фенаменолагі вылучаюць шэраг структурных элементаў: моўныя абалонкі, разнастайныя псіхічныя перажыванні, прадмет мыслення ў свядомасці, сэнс — інварыянтную структуру і змест моўных выразаў; прадмет мыслення і сэнс, на іх думку, складаюць інтэнцыянальную («сэнсастваральную») структуру свядомасці. Згодна з Ф., прадметнае быццё іманентна ўласціва свядомасці і набывае сэнс у суадносінах з ёю. Фенаменалагічная ўстаноўка здзяйсняецца з дапамогай метаду рэдукцыі, які дазваляе разглядаць суб’ект пазнання як трансцэндэнтальны свет агульназначных ісцін, што ўзвышаюцца над эмпірычна-псіхал. свядомасцю і надаюць ёй акрэслены сэнс. Ф. значна паўплывала на гуманіт. думку 20 ст.; яе ідэі пакладзены ў аснову экзістэнцыялізму (Ж.П.Сартр, М.Хайдэгер), увайшлі ў склад філас. герменеўтыкі (Г.Г.Гадамер) і аксіялогіі (М.Шэлер), знайшлі адлюстраванне ў эстэтыцы (Р.Інгардэн), правазнаўстве (Х.Конрад-Марціус), сацыялогіі (М.Натансон, А.Шуц, А.Фіркант) і інш.
Літ.:
Мотрошилова Н.В. Принципы и противоречия феноменологической философии. М., 1968;
Гуссерль Э. Философия как строгая наука: Пер. с нем. Новочеркасск, 1994;
Антология феноменологической философии в России. Т. 1—2. М., 1998—2000;
Хайдеггер М. Основные проблемы феноменологии: Пер. с нем. СПб., 2001;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХАНО́Й (Ha Noi),
горад, сталіца В’етнама, на р. Хангха, за 175 км ад яе ўпадзення ў зал. Бакбо Паўд.-Кітайскага мора. 1,3 млн.ж. (1996); марскі аванпорт Хайфон. Разам з прыгарадамі ўтварае асобную адм. адзінку. Трансп. вузел (трансв’етн. чыг. магістраль і 5 шашэйных дарог). Міжнар. аэрапорт Найбай. Гал.эканам. і культ. цэнтр краіны. Прам-сць: машынабудаванне (у т. л. станкабудаванне, трансп., эл.-тэхн.) і металаапрацоўка, хім., дрэваапрацоўка, тэкст. (баваўняная, шаўковая), харч., тытунёвая, керамічная, гумавая, абутковая, піваварная, рысаачышчальная. Саматужная вытв-сць прадметаў хатняга ўжытку, маст. вырабаў. Ун-т.
Паселішча на тэр. Х. існавала з 3 ст. Горад узнік у 5 ст. (паводле інш. крыніц — у 8 ст.). У 9—11 ст.наз. Дайла, з 11 ст. — Тханглаўнг (Горад дракона. які лунае), ці Дангкінь (Усх. сталіца). У 1804. калі сталіца была пераведзена ў г. Хюэ, Х. стаў гал. горадам паўн.ч. В’етнама. У 1839 атрымаў назву Х. (Міжрэчча). З 1882 адм. цэнтр франц. пратэктарата Танкін, з 1902 — сталіца Франц. Індакітая. У 1920-я г. Х. — адзін з цэнтраў нац.-вызв. і рабочага рухаў. У 2-ю сусв. вайну 1939—45 акупіраваны (канец 1940) яп. войскамі. У выніку Жнівеньскай рэвалюцыі 1945 у Х. абвешчана Дэмакр. Рэспубліка В’етнам. У вайну Супраціўлення в’етнамскага народа 1945—54 Х. акупіраваны франц. войскамі (выведзены паводле Жэнеўскіх пагадненняў 1954, гл.Жэнеўскія нарады 1954—59). Падвяргаўся бамбардзіроўкам амер. авіяцыі ў час В’етнамскай вайны 1964—73 (найб. моцныя налёты ў снеж. 1972). Адбудаваны. З 1976 сталіца Сацыяліст. Рэспублікі В’етнам.
Стары горад пераважна з традыц. 2-павярховымі дамамі (на 1-м паверсе крамы, майстэрні) сканцэнтраваны ў раёне воз. Вернутага мяча. Новы горад з 2—3-павярховымі дамамі еўрап. тыпу, садамі, паркамі абкружае Стары горад з 3 і Пд. Помнікі сярэдневяковага дойлідства: пагада Мот-Кот на адным слупе (1049, адноўлена ў 1956) — сімвал горада; Храм дзвюх сясцёр Чынг (у стылі кіт. пагады, быў аздоблены залатымі статуэткамі Буды, на сценах захаваліся барэльефы); пагада Нефрытавай гары на воз. Вернутага мяча, Храм чарапахі, Храм л-ры ў гонар Канфуцыя (1070; вакол яго каменныя чарапахі падтрымліваюць 84 пліты з імёнамі пераможцаў у літ. спаборніцтвах). Вылучаюцца будынак Політэхн. ін-та (1960-я г., арх. Е.Буднік і інш.), маўзалей Хо Шы Міна (1975). У 1970-я г.сав. архітэктары на чале з С.Сакаловым распрацавалі генплан горада. Музеі: гіст., в’етн., маст. Т-ры: оперы і балета, драм.; сімф. аркестры.
Н.К.Мазоўка (архітэктура).
Ханой. Храм літаратуры ў гонар Канфуцыя 1070.Ханой. Будынак Вялікага тэатра.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ША́ШКІ,
гульня 2 партнёраў на шматклетачнай дошцы (падзеленай на цёмныя і светлыя палі) аднолькавымі, але розных колераў фігуркамі (фішкамі-Ш.), якія перамяшчаюцца па цёмных палях паводле пэўных правіл; від спорту. Мэта гульні — знішчыць фігуры праціўніка ці «заперці» іх (пазбавіць хадоў).
Паводле археал. звестак і твораў Герадота і Платона, Ш. ўзніклі ў Стараж. Егіпце і краінах Аравійскага п-ва. Існуюць Ш. рускія, англ., ням., ісп. (на 64-клетачнай дошцы па 12 фігур у кожнага партнёра), франц., польск. (на 100-клетачнай дошцы па 20 фігур), канадскія (на 144-клетачнай 30 фігур). З 19 ст. праводзяцца нац. чэмпіянаты (у Расіі з 1896). Найб. пашырэнне набылі 100-клетачныя франц. Ш., якія сталі міжнароднымі. Чэмпіянаты свету па 100-клетачных Ш. праводзяцца з 1894. 1-ы чэмпіён — І.Вейс (1894—1912). У 1947 засн.Сусв. федэрацыя Ш. (Fédération mondiale du jeu de dames, ФМЖД), якая аб’ядноўвае нац. арг-цыі 49 краін (2003). У 1947 засн. званне міжнар. гросмайстра. З 1965 праводзяцца чэмпіянаты Еўропы сярод мужчын (першапачаткова Кубак Еўропы; чэмпіён І.Куперман, 1965, з 1972 — пяршынствы свету сярод юнакоў, з 1974 — пяршынствы свету сярод жанчын. З сярэдзіны 1980-х г. пры ФМЖД існуе секцыя рус. Ш. «64». Спаборніцтвы праводзяць па розных версіях: бразільскай, рус. і інш.
Чэмпіянаты свету па рус. Ш. праводзяцца з 1993 (1-ы чэмпіянат адбыўся ў г. Пінск, Беларусь, бронз. прызёрам стаў А.Валюк). Самастойная галіна Ш. — шашачная кампазіцыя, у якой зарэкамендавалі сябе бел. шашысты чэмпіёны свету Б.Іваноў, У Шульга. На Беларусі спаборніцтвы праводзяцца па рус. і міжнар. Ш. 1-е афіц. спаборніцтва па рус. Ш. — чэмпіянат Мінска — праведзены ў 1922 (пераможца Б.Круталевіч), 1-ы чэмпіянат Беларусі па рус. Ш. — у 1925. Найб. поспехаў у розны час дасягнулі: Валюк, В.Габрыэлян, М.Гелер, А.Соркіна, А.Плакхін. 1-ы чэмпіянат Беларусі па міжнар. Ш. адбыўся ў 1953. Найб. вызначыліся ў Ш. гэтай катэгорыі А.Альтшуль, А.Балякін, А.Гантварг, З.Голубева, В.Камышлеева, М.Кац, І.Пашкевіч, А.Прэсман, Л.Сахненка, М.Шавель. Федэрацыя Ш. Беларусі ўступіла ў ФМЖД у 1992. Каманда бел. шашыстаў прымала ўдзел у Сусв. шашачных алімпіядах у 1992 (1-е месца) і 2000 (3-е месца).
Літ.:
Берлинков Б.Л., Рокитницкий А.В. Шашечные партии белорусских мастеров. Мн., 1983;
Курилович Н.В. Заочные шашки в Беларуси. Мн., 1999;