ДЫПЛАФА́ЗА (ад грэч. diploos двайны + фаза),
фаза развіцця арганізмаў ад утварэння зіготы да ўступлення мацярынскай клеткі мікра- ці макраспор у меятычнае дзяленне. Характарызуецца двайным (дыплоідным) наборам храмасом у клетках (гл. Дыплоід). Пераважае ў жыццёвым цыкле кветкавых раслін. Гл. таксама Гаплафаза.
т. 6, с. 289
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖАЛЕ́ЗА СПЛА́ВЫ,
металічныя сістэмы, адным з кампанентаў якіх (як правіла, пераважным) з’яўляецца жалеза. Найб. часта выкарыстоўваюць сплавы жалеза з вугляродам (сталь, чыгун). Да Ж.с. адносяць сплавы са спец. ўласцівасцямі (высокім эл. супраціўленнем, малым цеплавым расшырэннем, магнітнымі і інш.), а таксама ферасплавы.
т. 6, с. 414
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНЖЫНЕ́РНЫЯ ЗБУДАВА́ННІ ваенныя,
фартыфікацыйныя збудаванні, ваен. дарогі, масты, аэрадромы, макеты несапраўдных (падманных) аб’ектаў і інш., якія ўзводзяцца пры інж. абсталяванні мясцовасці ў розных відах бою (аперацыі). Бываюць жалезабетонныя (маналітныя і зборныя), дрэва-земляныя, бранявыя і інш. Гл. таксама Загароды ваенныя.
т. 7, с. 258
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНЦЭНТРЫ́ЧНЫ ПУЧО́К,
сасудзіста-валакністы цяж праводзячай тканкі раслін, у якім драўніна (ксілема) знаходзіцца ў цэнтры пучка, а луб (флаэма) — звонку ці наадварот. З’яўляецца закрытым пучком, бо адсутнічае камбій. Характэрны для вегетатыўных органаў папарацепадобных і аднадольных раслін. Гл. таксама Калатэральны пучок.
т. 8, с. 14
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КВАДРА́Т (ад лац. quadratus чатырохвугольны),
1) прамавугольнік з роўнымі старанамі. Таксама К. — другая ступень ліку а, г. зн. a∙a = a2.
2) Адзінка даўжыні, якая ўжываецца ў паліграфіі для вымярэння шрыфтоў і фармату набору. 1 К. = 48 пунктам ≈ 18,05 мм.
т. 8, с. 205
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕДАВІКО́ЎЕ, гляцыял, ледавіковая эпоха,
адрэзак часу ў геал. гісторыі Зямлі, які характарызуецца значным пахаладаннем клімату і развіццём магутных покрываў мацерыковага лёду ў палярных і ва ўмераных шыротах. Л. падзяляліся эпохамі амаль поўнага знікнення льдоў — міжледавікоўямі. Гл. таксама Зледзяненні, Ледавіковы перыяд.
т. 9, с. 185
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ ШАТЭЛЬЕ́—БРА́ЎНА ПРЫ́НЦЫП,
правіла зрушэння раўнавагі — знешняе ўздзеянне, якое выводзіць сістэму са стану тэрмадынамічнай раўнавагі, выклікае ў сістэме працэсы, што імкнуцца аслабіць вынікі гэтага ўздзеяння. Прапанаваны А.Ле Шатэлье (1884), тэрмадынамічна абгрунтаваны ням. фізікам К.Браўнам (1887). Гл. таксама Раўнавага тэрмадынамічная.
т. 9, с. 226
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІМБ (ад лац. limbus пруг, шляк, аблямоўка),
плоскае кольца, падзеленае на роўныя долі акружнасці (градусы, мінуты, секунды). Служыць для адліку вуглоў у вугламерных інструментах, астр., геад., фіз. прыладах, прыцэльных прыстасаваннях зброі. Л. наз. таксама бачны край дыска Сонца, Месяца, планеты.
т. 9, с. 260
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУКНО́,
старажытная мера (адзінка) масы мёду. Упамінаецца ў бел. пісьмовых помніках да 17 ст. У розных крыніцах прыводзяцца розныя лікавыя значэнні Л.: 10 пудоў або 50 фунтаў, якія адрозніваюцца прыкладна ў 10 разоў. Л. было таксама адзінкай штогадовай мядовай даніны.
т. 9, с. 364
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЮ́МЕН (лац. lumen святло),
адзінка светлавога патоку ў СІ. Абазначаецца лм. 1 лм роўны светлавому патоку, які ствараецца ў межах цялеснага (прасторавага) вугла ў 1 ср ізатропнай засяроджанай (кропкавай) крыніцай з сілай святла ў 1 кд. Гл. таксама Кандэла, Стэрадыян.
т. 9, с. 407
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)