ВА́ЛЬТЭР ШАЦІЛЬЁНСКІ (Walter von Châtillon; каля 1135, г. Ліль, Францыя — каля 1200),
французскі лацінскі паэт. Адзін з буйнейшых паэтаў-вагантаў. Вучыўся ў Парыжы і Рэймсе. Займаў пасаду каноніка ў Ам’ене, служыў пры двары Генрыха II. Шмат падарожнічаў. Паводле падання, памёр ад праказы ў Парыжы. У антыклерыкальных вершах «Скарга на своекарыслівасць і злачынствы духавенства», «Я, нядужы між нядужых...», «Выкрыццё Рыма» раскрыў унутр. заганы царквы, стварыў цэласную горка-іранічную карціну свету, які сышоў са шляху ісціны і, прыкрываючыся імем Хрыста, жыве пад уладай антыхрыста. Аўтар паэмы «Александрэіда» (каля 1178—82).
Тв.:
Рус.пер. — Александреида [Стихи] // Памятники средневековой латинской литературы Х — XII вв. М., 1972;
У кн.: Поэзия трубадуров;
Поэзия миннезингеров;
Поэзия вагантов. М., 1974.
Літ.:
Гаспаров М.Л. Поэзия вагантов // Памятники средневековой латинской литературы Х—XII вв. М., 1972.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАРА́НЫ (Varanidae),
сямейства паўзуноў падатр. яшчарак. 1 сучасны род, 24 віды. Пашыраны ў трапічных, субтрапічных і часткова ва ўмераным паясах Усх. паўшар’я (акрамя Мадагаскара). Жывуць у парослых кустамі мясцінах, многія — каля прэснаводных вадаёмаў, добра плаваюць і ныраюць. Найб. вядомы варан шэры (Varanus griseus), пашыраны ў Паўн. Афрыцы, Сярэдняй і Паўд.-Зах. Азіі.
Даўж. выкапнёвых продкаў з плейстацэну да 10 м, сучасных — ад 0,8 да 3,7 м (варан камодскі — Varanus komodoensis — самая вял. яшчарка свету масай да 150 кг). Цела падоўжанае, ногі добра развітыя, хвост у многіх відаў прыплясканы з бакоў. Галава ўкрыта дробнымі рагавымі шчыткамі. Язык доўгі, глыбока рассечаны на канцы. Драпежнікі, кормяцца яшчаркамі, змеямі, дробнымі млекакормячымі, воднымі жывёламі. Мяса варана ядомае, скура ідзе на выраб абутку. Варан камодскі ў Чырв. кнізе МСАП.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВА́СЕРМАН ((Wassermann) Якаб) (10.3.1873, г. Фюрт, Германія — 1.1.1934),
нямецкі і аўстрыйскі пісьменнік. У сярэдзіне 1880-х г. супрацоўнічаў з час. «Simplicissimus» («Сімпліцысімус»). Набыў вядомасць як аўтар раманаў «Габрэі з Цырндорфа» (1897), «Молах» (1903), «Чалавечак з гусямі» (1915), «Этцэль Андэргаст» (1931) і асабліва «Каспар Гаўзер, або Лянота сэрца» (1908) і «Справа Маўрыцыуса» (1928), у цэнтры якіх — герой-самотнік, шукальнік праўды, які супрацьстаіць варожаму свету. У творах Васермана поўнае напружання дзеянне спалучаецца з псіхал. рэалізмам, узмоцненым псіхааналізам, маралістычнай крытыкай грамадства і яго інстытутаў (уплыў Ф.М.Дастаеўскага). Аўтар сатыр. п’есы «Камедыя хлусні» (1898), кн. «Дух пілігрыма» (1923).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУСЕНА́Р ((Boussenard) Луі Анры) (4.10.1847, Эскрэн, дэпартамент Луарэ, Францыя — 11.91910),
французскі пісьменнік. Атрымаў мед. адукацыю ў Парыжы. Адзін з заснавальнікаў часопіса для падлеткаў «Le journal des voyages» («Дзённік падарожжаў»). Аўтар прыгодніцкіх раманаў для дзяцей і юнацтва: «Падарожжа вакол свету аднаго парыжскага хлопчыка» (1878—80), «Тайна доктара Сінтэза» (1888—89), «Палымнеючы востраў» (1898), «Капітан-Сарві-Галава» (1901) і інш. Творчасць Бусенара ў многіх дэталях, сюжэтах (часта разгортваюцца ў абставінах «экзатычных» краін), фантастычных элементах (падрабязнае апісанне складаных машын і навук. адкрыццяў, якія з’яўляюцца на некалькі дзесяцігоддзяў пазней) апярэдзіла развіццё навук.-фантаст. і прыгодніцкага жанраў у 20 ст.
Тв/: Рус.пер. — Полн. собр. романов. Кн. 1—40. СПб., 1911; Собр. романов. Т. 1—10. М., 1991—93; Охотники за каучуком. М., 1992; Похитители бриллиантов. Мн., 1993.
расійскі флатаводзец, заснавальнік тактыкі паравога браняноснага флоту. Адмірал (1878). Чл.Дзярж. савета (1882). Брат А.І.Бутакова. Настаўнік С.В.Макарава. Скончыў Марскі кадэцкі корпус (1836). Служыў на Балтыйскім (БФ) і Чарнаморскім (ЧФ) флатах. У 1847—50 разам з І.А.Шастаковым склаў першую сістэм. лоцыю Чорнага м. У Крымскую вайну 1853—56 на чале каманды парахода-фрэгата «Уладзімір» 17.11.1853 правёў першы ў гісторыі бой паравых караблёў, узяў у палон тур. параход «Перваз-Бахры»; камандаваў атрадам параходаў-фрэгатаў у час Севастопальскай абароны 1854—55. У 1856—60 гал. камандзір ЧФ, ваен. губернатар Мікалаева і Севастопаля. У 1867—77 камандзір эскадры браняносных караблёў БФ. З 1881 гал. камандзір Пецярбургскага порта. Аўтар працы «Новыя асновы параходнай тактыкі» (1863), «Правіл манеўру паравога карабля», якімі карысталіся на ўсіх флатах свету.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУШ ((Bush) Алан Дадлі) (н. 22.12.1900, Далуіч, каля Лондана),
англійскі кампазітар, піяніст, дырыжор. Вучыўся ў Каралеўскай акадэміі музыкі ў Лондане (1918—22), выкладаў у ёй. У 1929—40 маст. кіраўнік і дырыжор рабочага хар. саюза. Заснавальнік (1936) і старшыня Рабочай муз. асацыяцыі (з 1941 прэзідэнт), кіраўнік створанага ім камернага аркестра (1938—51). Як дырыжор гастраляваў у многіх краінах свету. Сярод тв.: оперы «Уот Тайлер» (1953), «Людзі з Блэкмура» (1956), «Джо Хіл, чалавек, які ніколі не памрэ» (1970); аперэта «Чароўнасць» (1953); кантаты, у т. л. «Галасы прарокаў» (1952); З сімфоніі, у т. л. Нотынгемская (1949) і «Байран» (1960); тв. для аркестра; камерна-інстр. творы; хары «Галодны паход», «Песня працы», «Абаронцы міру», «Песня дружбы», «Увесь свет — яго песня» (апошні прысвечаны П.Робсану); песні і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯЛО́ВА (дзявочае Новікава) Алена Дзмітрыеўна
(н. 28.7.1947, г. Савецкая Гавань Хабараўскага краю, Расія),
бел. спартсменка (фехтаванне на рапірах), дзеяч фіз. культуры і спорту. Засл. майстар спорту (1968), засл. дз. фіз. культуры Беларусі (1979), засл. трэнер Беларусі (1994). Канд.пед.н. (1979), праф. (1993). Скончыла Мінскі пед.ін-т (1971). Чэмпіёнка Алімпійскіх гульняў у асабістым (1968) і камандным (1968, 1972, 1976) пяршынствах, прызёр Алімпійскіх гульняў: бронзавы ў асабістым (1976) і сярэбраны ў камандным (1980) заліках. Чэмпіёнка свету ў асабістым (1969) і камандным (1970, 1971, 1974, 1975, 1977—79) пяршынствах, 11-разовая чэмпіёнка Еўропы ў асабістых і камандных спаборніцтвах. Член выканкома Нац. алімпійскага к-та Беларусі (з 1991). Узнагароджана ганаровым прызам Міжнар. алімпійскага к-та «За ідэалы алімпізму ў спорце» (1966) у сувязі з 100-годдзем алімпійскага руху.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛАДО́СЬ (Аркадзь Лявонавіч) (н. 1.3.1943, в. Какошчыцы Слонімскага р-на Гродзенскай вобл.),
французскі спявак (барытон). Вучыўся ў Беларускай кансерваторыі (1965—69), скончыў Ленінградскую кансерваторыю (1970). З 1969 саліст Ленінградскага т-ра оперы і балета імя Кірава. З 1980 у Парыжы. Выступае на вял. оперных сцэнах свету (Масква, Мілан, Парыж, Берлін, Лейпцыг, Дрэздэн, Стакгольм, Вашынгтон, акадэмія «Санта-Чэчылія»). Сярод партый: Гразной («Царская нявеста» М.Рымскага-Корсакава), Анегін, Ялецкі і Томскі («Яўген Анегін», «Пікавая дама» П.Чайкоўскага), Шаклавіты («Хаваншчына» М.Мусаргскага), Напалеон («Вайна і мір» С.Пракоф’ева), Скарпія («Тоска» Дж.Пучыні), Эскамільё («Кармэн» Ж.Бізэ), Набука, Рыгалета, Радрыга, Аманасра («Набука», «Рыгалета», «Дон Карлас», «Аіда» Дж.Вердзі). На бел. сцэне выканаў партыі Гразнога і Анегіна (1994) у спектаклях Дзярж.т-ра оперы і балета, выступаў у канцэртах Бел. філармоніі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́РТНІЦТВА,
лясное пчалярства, заснаванае на ўтрыманні пчол у штучных дуплах — борцях. Адзін з найбольш старадаўніх промыслаў. На тэр. Беларусі і ў суседніх раёнах было найб. пашырана ў 10—17 ст., месцамі, асабліва на Палессі, захавалася да пач. 20 ст. Найчасцей выкарыстоўвалі натуральныя борці — дуплы дрэў. Штучныя борці выдзёўбвалі ў тоўстых ствалах дрэў на выш. ад 4 да 15 м. Пазней рабілі вуллі-калоды, якія прывязвалі да дрэва або ставілі на дашчаныя палаткі. Для аховы ад драпежнікаў (куніц, асабліва мядзведзяў) майстравалі вакол дрэва памост з вострымі зубцамі, у дрэва забівалі нажы і інш. З развіццём земляробства і высечкай лясоў бортніцтва саступіла месца пасечнаму пчалярству. Блізкія да бортніцтва метады пчалярства існавалі ў многіх народаў свету, захаваліся ў асобных плямёнаў у малаабжытых раёнах Паўд. Амерыкі, Афрыкі, Паўд. Азіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛІМПІЯ́ДА [грэч. Olympias (Olumpiados)],
1) у старажытных грэкаў 4-гадовы прамежак паміж Алімпійскімі гульнямі. Годам 1-й алімпіяды лічыцца 776 да н.э., з якога пачалі весці спісы пераможцаў гульняў. Каля 264 да н.э. гісторык Тымей упершыню выкарыстаў алімпіяду для летазлічэння. Гэтым метадам карысталіся таксама стараж. гісторыкі Палібій, Дыядор Сіцылійскі і інш. Летазлічэнне па алімпіядзе вялося да адмены Алімпійскіх гульняў (394 н.э.).
2) Тое, што Алімпійскія гульні.
3) Каманднае першынство свету па шахматах ці міжнар. шашках. Сусв. шахматныя алімпіяды праводзяцца з 1927 Міжнар. федэрацыяй шахмат (ФІДЭ), па міжнар. шашках — з 1986 Сусв. федэрацыяй шашак (ФМЖД).
4) У СССР у 1920—40-я г. назва аглядаў, конкурсаў маст. самадзейнасці, нар. творчасці.
5) Спаборніцтвы навучэнцаў у выкананні пэўных заданняў у вызначаных галінах ведаў — алімпіяда па фізіцы, матэматыцы, мове і г.д.