МАЦКЕ́ВІЧ (Юзэфа Фларыянаўна) (н. 27.7.1911, в. Ухлё Чашніцкага р-на Віцебскай вобл.),

бел. мовазнавец. Чл.-кар. АН Беларусі (1969). Д-р філал. н. (1963). Засл. дз. нав. Беларусі (1978). Скончыла Мінскі пед. ін-т (1938). Настаўнічала. У 1945—91 працавала ў Ін-це мовазнаўства імя Я.​Коласа АН Беларусі (у 1952—86 заг. сектара дыялекталогіі). Асн. навук. працы ў галіне дыялекталогіі і гісторыі бел. мовы, сучаснай бел. літ. мовы. Аўтар манаграфіі «Марфалогія дзеяслова ў беларускай мове» (1959), сааўтар кніг «Курс сучаснай беларускай літаратурнай мовы. Марфалогія», «Нарысы па гісторыі беларускай мовы» (абедзве 1957), «Хрэстаматыя па беларускай дыялекталогіі» (1962), «Дыялекталагічны атлас беларускай мовы» (ч. 1—2, 1963), «Нарысы па беларускай дыялекталогіі» (1964), «Лінгвістычная геаграфія і групоўка беларускіх гаворак» (1968—69), «Мікратапанімія Беларусі» (1974), «Слоўнік беларускіх гаворак паўночна-заходняй Беларусі і яе пагранічча» (т. 1—5, 1979—86), «Лексічны атлас беларускіх народных гаворак» (т. 1—5, 1993—98), «Лексічныя ландшафты Беларусі: Жывёльны свет» (1995) і інш. Дзярж. прэмія СССР 1971 за ўдзел у комплексе прац па бел. лінгвагеаграфіі.

І.​К.​Германовіч.

Ю.Ф.Мацкевіч.

т. 10, с. 230

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НА́НСЕНАЎСКАЯ МІЖНАРО́ДНАЯ АРГАНІЗА́ЦЫЯ ПА СПРА́ВАХ БЕ́ЖАНЦАЎ (Nansen International Office for Refugees). Існавала ў 1930—38. Працягвала працу Вярх. камісіі Лігі Нацый па справах бежанцаў (у 1921—30 дзейнічала пад кіраўніцтвам нарв. палярнага даследчыка Ф.Нансена). Засн. Лігай Нацый у канцы 1930 пасля смерці Нансена, з 1.4.1931 працавала ў г. Жэнева (Швейцарыя). Мела прадстаўніцтвы ў буйнейшых дзяржавах свету, якія выконвалі ролю консульстваў для ўладальнікаў «нансенаўскіх пашпартоў» — асобых пасведчанняў асобы, што былі прызнаны ў 52 краінах. Садзейнічала прыняццю 14 краінамі Канвенцыі 1933 аб бежанцах. Да канца 1935 перасяліла больш за 40 тыс. армян-бежанцаў ад тур. генацыду ў Сірыю і Ліван і 10 тыс. — у Ерэван, а таксама 4 тыс. бежанцаў з Саара ў Парагвай. З 1935 супрацоўнічала з камісіяй Лігі Нацый па справах бежанцаў з Германіі (існавала ў 1933—38). Рабіла выплаты бедным (асн. крыніцу фінансавання склалі 250 тыс. нарв. крон, атрыманых ад Нансена). Да 1938 аказала дапамогу 800 тыс. бежанцаў. Заменена новай Вярх. камісіяй па справах бежанцаў пад эгідай Лігі Нацый, якая пачала працаваць у Лондане 1.1.1939. Нобелеўская прэмія міру 1938.

т. 11, с. 140

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛЕМЯННЫ́Я ГАСПАДА́РКІ, племгасы,

жывёлагадоўчыя гаспадаркі, што маюць высокапрадукц. статак жывёл пэўнай пароды, прыплод ад якога гадуюць на племя. Уключаюць племянныя заводы, саўгасы і фермы, кантрольна-выпрабавальныя станцыі і плем. рэпрадуктары.

Племянныя заводы займаюцца ўдасканаленнем існуючых і вывядзеннем новых парод, забяспечваюць прадпрыемствы каштоўнымі чыстакроўнымі жывёламі. Племянныя саўгасы і фермы разводзяць чыстапародных жывёл для ўласнага статка. На кантрольна-выпрабавальных станцыях ацэньваюць быкоў малочных парод, бараноў, свінаматак па якасці патомства, быкоў мясных парод па ўласнай прадукцыйнасці, праводзяць выпрабаванні парод і ліній свіней на спалучальнасць. Племянныя рэпрадуктары прызначаны для вырошчвання двухпародных свінаматак.

На Беларусі больш за 20 плем. заводаў: па развядзенні чорна-пярэстай малочнай пароды і мясной пароды шарале буйн. раг. жывёлы («Чырвоная зорка» Клецкага, «Карэлічы» Карэліцкага, «Рось» Ваўкавыскага, «Ведрыч» Рэчыцкага, «Прамень» Бярозаўскага і «Дружба» Кобрынскага р-наў); па бел. тыпу буйной белай і чорна-рабой пародах свіней («Нача» Ляхавіцкага, «Рэканструктар» Талачынскага, «Порплішча» Докшыцкага, «Ціманава» Клімавіцкага, «Леніна» Горацкага, імя Дзяржынскага Капыльскага р-наў); конныя заводы («Зарэчча» Смалявіцкага, эксперым. база «Ніва» Лідскага р-наў, Гомельскі, Мсціслаўскі) і інш. Каля 70 плем. саўгасаў і ферм.

П.​П.​Ракецкі.

т. 12, с. 423

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯРХО́ЎНАЯ РАСПАРА́ДЧАЯ КАМІ́СІЯ па ахове дзяржаўнага парадку і грамадскага спакою,

часовы надзвычайны орган дзярж. улады ў Рас. імперыі ў лют.—жн. 1880. Засн. ва ўмовах рэальнай пагрозы жыццю імператара Аляксандра II з боку рэвалюцыянераў (замах, учынены 5.2.1880 С.М.Халтурыным). Гал. задача — аб’яднанне ўсіх карных органаў для барацьбы з рэв. рухам. Вяла расследаванне па справах аб паліт. злачынствах у Пецярбургу і навакольнай мясцовасці, ажыццяўляла нагляд за такімі справамі ў Расіі. Усяго праведзены 5 пасяджэнняў. Камісіі часова падпарадкоўваліся Трэцяе аддзяленне і Корпус жандараў. Членамі Вярхоўнай распарадчай камісіі былі М.Т.Лорыс-Мелікаў (гал. начальнік), К.П.Пабеданосцаў, нач. штаба Пецярбургскай ваен. акругі ген. А.​К.​Імерэцінскі, сенатары М.​Е.​Кавалеўскі, І.​І.​Шамшын і П.​А.​Маркаў, ген.-маёр світы М.​І.​Бацьянаў і інш. (усяго 11 чал.). Скасавана па ініцыятыве Лорыс-Мелікава.

Літ.:

Зайончковский П.А. Кризис самодержавия на рубеже 1870—1880-х гг. М., 1964. С. 148—229.

т. 4, с. 396

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАПО́Ў (Аляксандр Сцяпанавіч) (16.3.1859, г. Краснатур’інск Свярдлоўскай вобл., Расія — 13.1.1906),

рускі фізік і электратэхнік, вынаходнік радыё. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1882). З 1883 выкладаў у ваен. навуч. установах у Кранштаце. З 1901 праф. Пецярбургскага электратэхн. ін-та (з 1905 рэктар). Навук. працы па электра- і радыётэхніцы. Сканструяваў кагерэр — прыстасаванне для выяўлення эл.-магн. ваганняў (1894). 7.5.1895 на пасяджэнні Рас. фіз.-хім. т-ва прадэманстраваў работу першага ў свеце радыёпрыёмніка. Ажыццявіў тэлеграфаванне без правадоў, перадаўшы радыёграму на адлегласць 250 м (1896), а пазней серыю доследаў па радыётэлеграфіі на адлегласць да 150 км. Для практычнай сувязі (на адлегласці, большай за 40 км) прыборы П. былі выкарыстаны ў 1900 у час аперацыі па выратаванні браняносца «Генерал-адмірал Апраксін». Залаты медаль на Сусв. выстаўцы ў Парыжы (1900).

Літ.:

Радовский М.И. А.​С.​Попов. М.; Л., 1963;

Изобретение радио: А.​С.​Попов: Док. и материалы. М., 1966.

А.С.Папоў.

т. 12, с. 68

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́КШТЫ,

вёска ў Беларусі, у Іўеўскім раёне Гродзенскай вобл., на р. Бярэзіна (бас. Нёмана). Цэнтр сельсавета і аб’яднанай сельскай гаспадаркі. За 25 км на У ад г.п. Іўе, 188 км ад Гродна, 25 км ад чыг. ст. Юрацішкі. 885 ж., 389 двароў (1995). Бакштаўскі лесапункт па нарыхтоўцы драўніны. Сярэдняя школа, дзіцячы сад, клуб, б-ка, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызанаў. Помнік партызанам.

т. 2, с. 235

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́НТАС (ад грэч. benthos глыбіня),

сукупнасць арганізмаў, якія жывуць на грунце і ў грунце марскіх і мацерыковых вадаёмаў. Падзяляецца на жывёльны (заабентас) і раслінны (фітабентас). Па памерах адрозніваюць макрабентас — ад 5—10 мм і больш, меябентас — ад 0,5 мм да 5—10 мм і мікрабентас — менш за 0,5 мм. У прэсных вадаёмах бентас бяднейшы, чым у марскіх. Бентас — кармавая база для многіх рыб, некаторыя ядомыя або ідуць на тэхн. патрэбы.

т. 3, с. 101

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРА́НТЫНГ ((Branting) Карл Яльмар) (23.11.1860, Стакгольм — 24.2.1925),

дзяржаўны і паліт. дзеяч Швецыі. Адзін з заснавальнікаў (1889) і лідэраў с.-д. партыі Швецыі (СДПШ), 2-га Інтэрнацыянала, Бернскага інтэрнацыянала. Дэпутат рыксдага (1896—1902). Старшыня выканкома СДПШ (з 1907). Прэм’ер-міністр Швецыі ў 1920, 1921 — 23 і 1924—25. Узначаліў у Швецыі рух за далучэнне да Лігі Нацый. Вядомы вырашэннем міжнар. спрэчак па правах малых нацыянальнасцей. Нобелеўская прэмія міру 1921 (разам з К.Ланге).

т. 3, с. 244

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКЦЯ́БРСКАЯ,

вёска ў Беларусі, у Віцебскім р-не. Цэнтр сельсавета і саўгаса «Сялюты». За 10 км на ПдУ ад Віцебска, 3 км ад чыг. ст. Забалоцінка. 1650 ж. (1994), забудавана 2—5-павярховымі дамамі (40) і катэджамі (65). 4 цэхі (кулінарны райспажыўсаюза, па вырабе аўчын, малога прадпрыемства «Палідрэў», рытуальных паслуг). Віцебскае прафес.-тэхн. вучылішча, сярэдняя школа, Дом культуры, 3 б-кі, бальніца, аддз. сувязі, Дом быту, гандл. цэнтр.

т. 1, с. 223

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГРАМЕТЭАРАЛАГІ́ЧНАЯ СТА́НЦЫЯ.

Вядзе сістэматычныя назіранні за надвор’ем, даследуе развіццё асн. с.-г. культур, стан глебы і інш. па спец. праграмах. Асн. задача — забеспячэнне сельскай гаспадаркі аграметэаралагічнымі прагнозамі і звесткамі. Вывучаюцца аграгідралагічныя ўласцівасці і водны баланс глебы, мікракліматычныя асаблівасці палёў і фактары, якія ўплываюць на ўраджайнасць с.-г. культур; вядуцца феналагічныя назіранні і інш. На Беларусі аграметэаралагічныя станцыі ў Васілевічах (Рэчыцкі р-н), Ваўкавыску, Горках, Самахвалавічах (Мінскі р-н), Шаркоўшчыне (1995).

т. 1, с. 81

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)