ВЕ́ЦЕР,

рух паветра адносна зямной паверхні, звычайна гарызантальны. Утвараецца з-за неаднароднасці атмасфернага ціску ў барычным полі Зямлі, накіраваны ад высокага да нізкага ціску. Чым большае адрозненне ў ціску, тым вецер мацнейшы. Вецер — вынік сумеснага дзеяння некалькіх сіл: барычнага градыента (рухаючая сіла), трэння, асабліва ў прыземным слоі атмасферы, вярчэння Зямлі (Карыяліса сіла) і цэнтрабежнай.

Характарызуецца напрамкам, адкуль дзьме, і скорасцю, якія графічна адлюстроўваюцца ружай вятроў. Гэтыя паказчыкі вызначаюцца на метэаралагічных станцыях як сярэднія за пэўны час з дапамогай метэаралагічных прылад: флюгера, анемографа, анемометра, анемарумбографа і інш., на вышыні — шароў-пілотаў. Напрамак ветру вызначаецца па 16 румбах гарызонта (з Пнпаўн., з ПнЗпаўн.-зах. і г.д.), на метэастанцыях, што абслугоўваюць авіяцыю, — у градусах азімута. Скорасць ветру вымяраецца ў метрах за секунду, кіламетрах за гадзіну, вузлах (марскія мілі за гадзіну), прыблізна ў балах па Бофарта шкале. Скорасць вагаецца ад поўнага штылю да ўрагану (больш за 33 м/с), а ў трапічных цыклонах дасягае 100 м/с. Слабыя вятры бываюць у антыцыклонах. Ва ўмераных шыротах Зямлі пераважаюць слабыя і ўмераныя вятры (каля 3—8 м/с). З вышынёй у трапасферы скорасць звычайна павялічваецца, у стратасферы спачатку змяншаецца, потым павялічваецца зноў. На выш. 20—25 км у струменных плынях дасягае 100—150 м/с. Вецер звычайна дзьме штуршкамі, бываюць рэзкія кароткачасовыя ўзмацненні — шквалы. Гэта абумоўлена турбулентнасцю паветр. патоку. Вертыкальныя рухі бываюць нязначныя (сантыметры за секунду), толькі зрэдку дасягаюць 10—20 м/с пры апусканні паветра па схіле, пры моцнай атм. канвекцыі.

Над вял. тэрыторыямі вятры ўтвараюць паветраныя цячэнні (пасаты, мусоны, заходні перанос паветраных мас і інш.), якія складаюць агульную цыркуляцыю атмасферы. Пры пэўных геагр. умовах фарміруюцца мясц. вятры (афганец, брыз, бара, фён, містраль і інш.). Вецер — прычына многіх з’яў у прыродзе, ён уплывае прама ці ўскосна на жыццё людзей. Ад ветру залежыць развіццё ветраапыляльных (анемафільных) раслін, сярод якіх асн. збожжавыя культуры. Вецер уздзейнічае на рэльеф сушы (гл. Дэфляцыя, Дзюны, Барханы), выклікае хваляванне на моры, ветравыя цячэнні ў акіяне, абумоўлівае цеплаабмен паміж сушай і акіянам, зямной паверхняй і атмасферай, кругаварот вады на Зямлі. Вецер вялікай сілы — прычына многіх стыхійных бедстваў — штормаў, ураганаў, пылавых бур, самумаў і інш. Энергія ветру выкарыстоўваецца ў ветраэнергетыцы.

Ветравы рэжым тэр. Беларусі абумоўлены агульнай цыркуляцыяй атмасферы над кантынентам Еўразія і над Атлантычным ак. і вызначаецца існаваннем цэнтраў дзеяння атмасферы: Ісландскай дэпрэсіі на працягу ўсяго года, Сібірскага антыцыклону зімой і Азорскага антыцыклону летам. Пад іх уплывам з ліст. да сак. пераважаюць паўд.-зах. вятры, з мая да вер.паўн.-зах. Скорасць ветру зімой 4—5 м/с, летам 2—3 м/с. Моцны вецер бывае рэдка (5—10 дзён за год). Зімой пры праходжанні халоднага фронту, летам пры навальніцах бываюць буры, летам зрэдку адзначаюцца смерчы. На берагах вял. азёр існуе брызавая цыркуляцыя.

т. 4, с. 133

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́НГЛА-ГАЛА́НДСКІЯ ВО́ЙНЫ 17 СТАГО́ДДЗЯ,

выкліканы гандлёва-эканамічным і каланіяльным саперніцтвам Англіі і Галандыі. Вяліся ў асн. на моры. Першая англа-галандская вайна (1652—54) пачалася з-за прыняцця англ. парламентам Навігацыйнага акта 1651, накіраванага супраць галандскага пасрэдніцкага гандлю. Паводле Вестмінстэрскага мірнага дагавора 1654 Галандыя прызнала Навігацыйны акт. Другая англа-галандская вайна (1665—67) аб’яўлена Галандыяй у адказ на захоп (1664) англічанамі галандскай калоніі ў Паўн. Амерыцы — Новага Амстэрдама. Паводле Брэдскага міру 1667 Новы Амстэрдам перайшоў да Англіі, апошняя вярнула Галандыі захоплены ў час вайны Сурынам. У трэцяй англа-галанскай вайне (1672—74) на баку Англіі выступіла Францыя. Перамога Галандыі над англа-франц. флотам пры Тэкселе (1673) і інш. абставіны прымусілі Англію выйсці з вайны. Паводле Вестмінстэрскага мірнага дагавора 1674 заставаўся правамоцны Брэдскі трактат 1667.

т. 1, с. 345

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́НГЛА-ІРА́КСКІЯ ДАГАВО́РЫ І ПАГАДНЕ́ННІ 1922, 1926, 1930, 1948, 1955.

Дагавор 1922, заключаны на 20 гадоў, фактычна аформіў мандатную залежнасць Ірака ад Вялікабрытаніі. Дагавор 1926 прадаўжаў тэрмін дзеяння папярэдняга да 1950 (калі Ірак да гэтага часу не стане чл. Лігі Нацый, што аўтаматычна пазбаўляла яго англ. мандата). Дагавор 1930 падпісаны на 25 гадоў, прадугледжваў адмену мандата і прызнаваў суверэнітэт Ірака (уступіў у сілу ў 1932 пасля прыняцця Ірака ў Лігу Нацый); фактычна захаваў залежнасць Ірака ад Вялікабрытаніі ў знешняй палітыцы і ваен. справах. Дагавор 1948 прадугледжваў стварэнне «камісіі сумеснай абароны», тэр. Ірака заставалася базай англ. узбр. сіл. Пагадненне 1955 захоўвала кантроль Англіі над іракскай арміяй і ваенна-паветр. базамі; англ. ваенна-паветр. сілы заставаліся ў Іраку. Дэнансавана 24.3.1959 урадам Іракскай рэспублікі пасля Іракскай рэвалюцыі 1958.

т. 1, с. 346

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТЫПЕДАГО́ГІКА,

плынь у педагогіцы, якая грунтуецца на адмаўленні выхавання як мэтанакіраванага працэсу фарміравання асобы. Узнікла ў 1970-я г. ў ЗША і краінах Зах. Еўропы. Яе тэарэтыкі [К.​Берэйтэр (ЗША), М.​Манані (Францыя), А.​Мілер (Швейцарыя), Р.​Шэрэр, Э. фон Браўнмюль, К.​Рутчкі (ФРГ) і інш.] зыходзяць з культ.-антрапал. уяўленняў пра глыбокую раз’яднанасць пакаленняў як непазбежны вынік развіцця сучаснай цывілізацыі, паколькі дарослыя з прычыны хуткіх сац.-культ. змен не могуць перадаць дзецям той тып культуры, які стаў для моладзі рэальнай апорай у жыцці. Прадстаўнікі антыпедагогікі лічаць выхаванне сістэмай траўміруючага кантролю (а то і прамога гвалтавання) над асобай, яно выклікае патагенныя для самасвядомасці асобы працэсы, разбурае псіхічнае здароўе маладога пакалення, якому патрабаванні цывілізацыі не пад сілу. На іх думку, толькі спантаннае фарміраванне чалавека вядзе да гуманізацыі грамадства.

т. 1, с. 399

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́НЦАЎ (Міхаіл Васілевіч) (12.10.1865, Смаленск — 21.7.1945),

бел. кампазітар, харавы дырыжор і педагог. Скончыў Пецярбургскую кансерваторыю (1894, клас кампазіцыі М.​Рымскага-Корсакава). З 1896 жыў у Віцебску, выкладаў хар. спевы ў розных навуч. установах, рэдагаваў газ. «Витебские губернские ведомости» (1905—12). Адзін з арганізатараў нар. кансерваторыі (1918, чытаў у ёй лекцыі па гісторыі музыкі), кіраўнік Дзярж. хору. Майстар харавога пісьма, аўтар апрацовак бел. нар. песень («А ў полі вярба», «Кума мая, кумачка» і інш.), прасякнутых тонкім лірызмам рамансаў на вершы рус. паэтаў. З інш. твораў: кантата «Да стогадовага юбілею Пушкіна», гімн «У памяць стагоддзя Айчыннай вайны 1812 года», харавы «Рэквіем» («Не плачце над прахам забітых байцоў»). Напісаў шэраг вучэбных дапаможнікаў, метадычных работ, у т. л. «Нотная тэрміналогія. Даведачны слоўнік» (Віцебск, 1904).

С.​Г.​Нісневіч.

М.В.Анцаў.

т. 1, с. 408

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЗАА́РАВЫ КАЗЁЛ, барадаты казёл (Capra aegagrus),

парнакапытнае млекакормячае сям. Пустарогіх. Вядомы 4 падвіды. Пашыраны ў Зах., Сярэдняй і Паўд. (Пакістан) Азіі. Жыве на цяжкадаступных схілах гор на выш. да 4200 м над узр. м.

Даўж. цела 1,2—1,6 м, выш. 0,7—1 м, маса 25—40, зрэдку да 80 кг. Поўсць на спіне і баках летам рыжавата-бурая, зімой шаравата-бурая. Уздоўж спіны і на шыі чорна-бурыя палосы. Рогі шаблепадобныя, сціснутыя з бакоў, у самцоў даўж. да 1,3 м. Мае бараду. Нараджае 1—2 казлянят. Корміцца расліннасцю. У страўніку або кішэчніку ёсць мінералізаваныя адклады ежы — безаар (адсюль назва), якім прыпісвалі магічныя лек. ўласцівасці. Безааравы казёл — адзін з продкаў свойскіх козаў. 2 падвіды былі занесены ў Чырв. кнігу СССР.

Безааравы казёл: 1 — самец; 2 — самка.

т. 2, с. 372

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРТЭЗІЯ́НСКІЯ ВО́ДЫ,

напорныя пластавыя падземныя воды, якія залягаюць паміж водатрывалымі слаямі. Прымеркаваны да адмоўных геаструктур — сінкліналяў, мульдаў, прагінаў, упадзін. Напор узнікае пры гідраўлічнай ізаляванасці ваданосных гарызонтаў ад перавышэння вобласці жыўлення над вобласцю разгрузкі. Пры залішнім гідрастатычным ціску выліваюцца на паверхню зямлі або фантануюць пры ўскрыцці. Ва ўмовах актыўнага водаабмену артэзіянскія воды прэсныя, застойных — салёныя ці расолы (гл. Мінеральныя воды). Артэзіянскія воды звычайна звязаны з артэзіянскімі басейнамі. На Беларусі ўскрыты амаль на ўсёй тэр. на глыб. ад некалькіх дзесяткаў метраў да некалькіх кіламетраў, належаць да Аршанскага гідрагеалагічнага басейна, Брэсцкага гідрагеалагічнага басейна, Прыпяцкага гідрагеалагічнага басейна і Беларускага гідрагеалагічнага масіву. Артэзіянскія воды з’яўляюцца асн. крыніцай пітнога водазабеспячэння.

А.​В.​Кудзельскі.

Фарміраванне артэзіянскіх водаў у артэзіянскім басейне: 1 — гліністыя пароды; 2 — ваданосныя пяскі; 3 — вапнякі; ф — месца (крыніца, свідравіна) выхаду вады на паверхню.

т. 1, с. 513

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎРЭ́ЛІЙ (Марк) (Marcus Aurelius; 26.4.121, Рым — 17.3.180),

рымскі імператар з 161, філосаф, адзін з прадстаўнікоў позняга стаіцызму. Пры ім Рым захапіў Месапатамію, устанавіў пратэктарат над Арменіяй, вёў Маркаманскую вайну 166—180 з германцамі і сарматамі. Яго твор «Адзін на адзін з сабою» даследуе пераважна этычныя праблемы. Аўрэлій лічыў, што ў свеце ўсё адбываецца паводле пэўнага парадку і справядлівасці, прасякнута божым прадбачаннем. Лёс чалавеку наканаваны, і прымаць яго трэба з радасцю; трэба радавацца таму, што маеш, кожны дзень праводзіць як апошні; людзі створаны, каб любіць сабе падобных; прызначэнне чалавека — захоўваць разумнасць і павагу да грамадскасці і дапамагаць у гэтым сваім блізкім. Адмаўляў ухваленне натоўпу, улады, багацця; жыцця, поўнай асалоды. Клопат пра пасмяротную славу лічыў марным, бо зямля — пясчынка, жыццё — бясконцы паўтор.

А.​В.​Рубанаў.

Марк Аўрэлій сярод жрацоў. Мармуровы рэльеф.

т. 2, с. 88

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЬШТЫ́НСКАЕ ВАЯВО́ДСТВА (Wojewodztwo Olsztynskie),

на Пн Польшчы. Пл. 12,3 тыс. км², нас. 738,6 тыс. чал., гарадскога 58% (1987). Адм. цэнтр — г. Ольштын. Найб. гарады: Ольштын, Кентшын, Ілава, Шчытна, Аструда. Большую частку Альштынскага ваяводства займаюць Мазурскае і Ілаўскае паазер’і, на Пн — Старапруская нізіна. У сярэдняй і паўд.-зах. частках марэнныя ўзвышшы (да 312 м над узр. м.). Клімат умераны, марскі. Сярэдняя т-ра студз. -3,5 °C, ліп. 17,5 °C, ападкаў 550 мм за год. Шматлікія рэкі бас. Віслы і Прэголі, найб. азёры — Язёрак, Нара, Ланскае і інш. Глебы дзярнова-падзолістыя. Вядучая галіна эканомікі — сельская гаспадарка. Вырошчваюць кармавыя культуры, жыта, ячмень, авёс, бульбу; гадуюць свіней і буйн. раг. жывёлу, пераважна малочнага кірунку. Прам-сць: маш.-буд., лёгкая, хім., дрэваапр., харчовая. Турызм (азёры, поле Грунвальдскай бітвы 1410).

т. 1, с. 289

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІПЕРКАМПЛЕ́КСНЫ ЛІК,

абагульненне паняцця комплекснага ліку і пашырэнне яго на мнагамерную прастору. Уведзены ў 19 ст. пры спробах пабудаваць лікі ў мнагамернай вектарнай прасторы, якія б адыгрывалі ў ёй такую ж ролю, што і камплексныя лікі на плоскасці. Арыфм. дзеянні над гіперкамплексным лікам выражаюць некаторыя геам. працэсы ў мнагамернай прасторы ці даюць колькаснае апісанне якога-н. фіз. закона.

Гіперкамплексны лік з’яўляецца лінейнай камбінацыяй (з сапраўднымі каэфіцыентамі) некат. сістэмы базісных адзінак (гл. Базіс). Складанне і адыманне гіперкамплекснага ліку вызначана адназначна. Множанне аднаго гіперкамплекснага ліку на другі патрабуе вызначэння здабыткаў базісных адзінак, якія б захоўвалі ўсе правілы звычайнай арыфметыкі; такое магчыма толькі для сапраўдных і камплексных лікаў; у астатніх выпадках неабходна адмовіцца ад выканання таго ці іншага правіла, напр. адназначнасці дзялення, камутатыўнасці множання. Гл. таксама Кватэрніёны.

т. 5, с. 256

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)