СУБТРАПІ́ЧНЫ КЛІ́МАТ,
клімат субтрапічных шырот, які характарызуецца перавагай трапічных паветраных мас летам і ўмераных зімой. Вылучаецца цёплай зімой, гарачым летам, звычайна сезонным размеркаваннем ападкаў. Сярэдняя т-ра самага халоднага месяца вышэй за 0 °C, колькасць ападкаў памяншаецца ад прыакіянскіх да ўнутрымацерыковых раёнаў ад 1500—2000 мм да 100 мм за год. Да С.к. належыць міжземнаморскі клімат, мусонны клімат, кліматы субтрапічных, у т. л. халодных, пустынь. Гл. таксама Субтрапічныя паясы.
т. 15, с. 242
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЫГНЕ́Т, сыгнець, сегніць, сігніт (ад лац. signum знак),
пярсцёнак-пячатка. У ВКЛ найб. пашыраны ў 16—17 ст. сярод шляхты і мяшчан. Меў выяву герба або знака-кляйна. Уладальнік С. трымаў яго звычайна пры сабе, насіў у кашальку ці на мезеным пальцы левай рукі. С. часта выраблялі з каштоўных металаў, аздаблялі самацветамі. Статут ВКЛ 1588 абмяжоўваў колькасць С., якія магла мець пры сабе пэўная асоба.
А.К.Цітоў.
т. 15, с. 319
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТУРБАГЕНЕРА́ТАР,
генератар пераменнага (часам пастаяннага) току, які прыводзіцца ў дзеянне паравой або газавай турбінай. Выкарыстоўваецца для генерыравання эл. энергіі пераважна на цеплавых электрастанцыях.
Звычайна Т. — сінхронны генератар, вал якога непасрэдна злучаны з валам турбіны. Мае неяўнаполюсны ротар (індуктар), частату вярчэння 1500 або 3000 аб/мін. Магутнасць прамысл. Т. да 1200 МВт. У Т. невял. магутнасці паветранае ахаладжэнне, вялікай — вадароднае, масленае ці вадародна-вадзяное. У краінах СНД каля 80% электраэнергіі вырабляецца Т.
т. 16, с. 39
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФАНТО́МНЫ БОЛЬ,
адчуванне болю ў частках цела (звычайна канечнасцях), якія адсутнічаюць. Бывае ў 50% хворых з ампутацыяй канечнасцей, можа дасягаць значнай інтэнсіўнасці. Адрозніваюць Ф.б. лакалізаваны (палец, пята, далонь і інш.), кінестэтычны (адчуванне балючага руху, сціскання, выкручвання часткі цела, якая адсутнічае), нявызначанага і змешанага характару. Лічыцца, што Ф.б. узнікае ад устойлівых ачагоў болевага ўзбуджэння ў ц. н. с. ў выніку працяглай імпульсацыі ад пашкоджаных нерваў з тканак куксы.
І.М.Семяненя.
т. 16, с. 319
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФЕРЫ́ТАВАЯ АНТЭ́НА,
шматвітковая рамачная антэна з ферамагн. асяродкам. Высокая магн. ўспрыімлівасць ферытаў дазваляе вырабляць Ф.а. з памерамі, значна меншымі за памеры звычайнай рамачнай антэны, пры захаванні значэння эрс індукцыі і дыяграмы накіраванасці. Абмотка Ф.а. звычайна ўключаецца замест шпулі індуктыўнасці ўваходнага вагальнага контура радыёпрыёмніка. Павелічэнне страт у ферыце са змяншэннем даўжыні прынятай радыёхвалі абмяжоўвае выкарыстанне Ф.а. дыяпазонамі доўгіх і сярэдніх хваль у радыёпрыёмніках і радыёпеленгатарах для прыёму вяшчальных і інш. радыёстанцый.
т. 16, с. 361
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФЁН (ням. Föhn ад лац. favonius цёплы зах. вецер),
моцны парывісты і цёплы вецер, які дзьме з гор у даліны. Узнікае, калі паветра перацякае праз грэбень горнага хрыбта і адыябатычна награваецца пры спусканні па падветраным схіле. Змены т-ры і вільготнасці паветра бываюць вельмі значныя і рэзкія, што паскарае раставанне снегу і сход лавін. Працягласць Ф. звычайна каля сутак. Найб. вядомы ў Альпах, Гімалаях, на Каўказе і Паміры.
т. 16, с. 366
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФІ́ДЭР (англ. feeder ад feed сілкаваць),
1) у радыётэхніцы — лінія для перадачы эл.-магн. ваганняў (хваль) радыёчастаты ад крыніцы ваганняў (напр., радыёперадатчыка) да перадавальнай антэны (у правадным вяшчанні ад трансляцыйнага вузла да абаненцкага гучнагаварыцеля). Адрозніваюць Ф. адкрытыя (адна-, двух- і шматправодныя лініі, дыэлектрычныя радыёхваляводы) і закрытыя (адна- і шматправодныя экранаваныя лініі, напр., радыёчастотныя кабелі, і метал. радыёхваляводы).
2) У электраэнергетыцы — размеркавальная кабельная або паветраная лінія электраперадачы напружаннем звычайна 6—10 кВ.
т. 16, с. 371
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХАЛАДЗІ́ЛЬНАЯ ЎСТАНО́ЎКА,
комплекс абсталявання для атрымання падтрымання ў ахалоджвальных памяшканнях, целах або рэчывах т-р, ніжэйшых за т-ру навакольнага асяроддзя. Складаецца з адной або некалькіх халадзільных машын, сістэм энерга-, цепла- і водазабеспячэння, прылад кіравання і кантролю.
Холад ад Х.у. да спажыўца падаецца звадкаваным або сціснутым холадагентам (непасрэднае ахаладжэнне) ці ахалоджаным цепланосьбітам (ахаладжэнне холаданосьбітам). Звычайна размяшчаюцца ў будынку, дзе і спажыўцы холаду, часам у асобным — халадзільнай станцыі.
С.Я.Дзям’янаў.
т. 16, с. 526
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЧА́ЙНЫ ГРЫБ», японскі грыб,
сімбіёз дражджавога грыба (Schizosaccharomycodes ludwigii) з воцатнакіслай бактэрыяй (часцей Acetobacter xylinum). Мае выгляд тоўстай, слізістай, слаістай плеўкі на паверхні падсалоджанага (звычайна да 10% цукру) чайнага настою (адсюль назва). Дрожджы зброджваюць цукар з утварэннем невял. колькасці этылавага спірту і вуглякіслага газу, а воцатнакіслая бактэрыя зброджвае цукар з выдзяленнем воцатнай к-ты. У выніку вадкасць (чайны квас) набывае кісла-салодкі смак і злёгку газіруецца. Асвяжальны напітак.
С.І.Бельская.
т. 17, с. 207
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭЛЕКТРАЭНЕРГЕТЫ́ЧНАЯ СІСТЭ́МА,
сукупнасць узаемазвязаных электрастанцый, электрычных сетак, цеплавых сетак, спажыўцоў эл. і цеплавой энергіі, аб’яднаных працэсамі вытв-сці, перадачы і спажывання энергіі.
Электразабеспячэнне ад Э.с. вызначаецца надзейнасцю сілкавання, зніжэннем сабекошту электраэнергіі з-за больш эканомнага размеркавання нагрузкі паміж электрастанцыямі і інш. Э.с. звычайна кіруецца з адзінага цэнтра. Магутнасць яе — сумарная намінальная магутнасць электрычная агрэгатаў усіх электрастанцый сістэмы. Гл. таксама Аб’яднаная электраэнергетычная сістэма, Адзіная энергетычная сістэма, Беларуская энергетычная сістэма.
т. 18, кн. 1, с. 95
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)