штат на Пд ЗША. Пл. 104,6 тыс.км². Нас. 3883,7 тыс.чал. (1996), у т. л. каля 70% гарадскога. Адм. ц. — г. Франкфарт. Большую ч. тэрыторыі займае вапняковае плато Камберленд (выш. 200—450 м), расчлянёнае глыбокімі далінамі рэк Камберленд, Грын-Рывер і Кентукі. Характэрны карставыя формы рэльефу. На З і ПнЗ раўніна ўздоўж р. Агайо. Клімат умераны вільготны. Сярэднія месячныя т-ры паветра каля 1 °C у студз., каля 24 °C у ліп., ападкаў 1000—1250 мм за год. Захаваліся невял. ўчасткі шыракалістых лясоў. К. — індустр.-агр. штат. Развіты хім. (сінт. каўчук, валокны, пластмасы і інш.), электратэхн. (быт. электрапрылады) прам-сць, агульнае машынабудаванне. Горад Падзьюка — адзін з цэнтраў атамнай прам-сці. Важнае значэнне маюць харч. (у т. л. вінаробства і вытв-сць віскі) і тытунёвая прам-сць. Здабыча каменнага вугалю (каля 100 млн.т штогод), нафты, буд. каменю, плавікавага шпату і інш. У сельскай гаспадарцы кошт прадукцыі раслінаводства і жывёлагадоўлі прыкладна роўныя. Гал. культура — тытунь. Сеюць таксама кукурузу, кармавыя травы, сою, пшаніцу. Садоўніцтва. Мяса-малочная і мясная жывёлагадоўля. Транспарт аўтамабільны і чыгуначны. Суднаходства на р. Агайо. Гал.прамысл. цэнтры — гарады Луісвіл і Лексінгтан.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫВО́ШЫН,
вёска ў Ляхавіцкім р-не Брэсцкай вобл., каля р. Ліпнянка. Цэнтр сельсавета. За 24 км на ПдЗ ад і Ляхавічы, 216 км ад Брэста, 18 км ад чыг. ст. Райтанаў. 782 ж., 338 двароў (1998).
У 17 ст. належаў кн. Радзівілам. У 1772 перададзены літ. падскарбію А.Тызенгаўзу, потым належаў Патоцкім. У 1670 нясвіжскія езуіты заснавалі ў К. касцёл. З 1793 у Рас. імперыі. У 1800—09 у маёнтку Рэпіхава каля К. (цяпер парк у межах вёскі) жыў паэт Я.Чачот. 9.6.1863 у Рэпіхаўскім лесе ў час паўстання 1863—64 адбыўся бой паміж паўстанцамі і царскімі войскамі. У 1886 мястэчка, цэнтр воласці Навагрудскага пав., 290 ж., 18 двароў, царква. З 1921 у складзе Польшчы. у Баранавіцкім пав. Навагрудскага ваяв. З 1939 у БССР, з 12.10.1940 цэнтр сельсавета Ляхавіцкага р-на Баранавіцкай вобл. У 1972—783 ж., 280 двароў.
Лясніцтва, цэх перапрацоўкі драўніны. Сярэдняя школа, Дом культуры, 2 б-кі, 2 бальніцы, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан, мемарыяльны знак Я.Чачоту, курган Памяці ў гонар паўстанцаў 1863. Помнік архітэктуры — Пакроўская царква (гл.Крывошынскі касцёл езуітаў).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́ТНІ САДу Санкт-Пецярбургу,
самы стары сад горада. Размешчаны паміж Марсавым полем і рэкамі Фантанка, Нява і Мойка. Закладзены ў 1704 (арх. Ж.Б.Леблон, М.Р.Зямцоў, І.Матвееў, садаводы Я.Розен, І.Сурмін і інш.). Прызначаўся для правядзення свят, асамблей, прыёмаў; цяпер месца адпачынку. Пл. 11,5 га. Мае строга геам. планіроўку. У 1710—14 пабудаваны Летні палац Пятра I (арх. Д.Трэзіні, з удзелам А.Шлютэра, Н.Мікеці, Зямцова; з 1925 гісторыка-быт. музей). Л.с. упрыгожаны мармуровай скульптурай (пераважна пач. 18 ст.; алегарычныя, міфалагічныя і партрэтныя статуі і бюсты работы П.Бараты, Д. і П.Грапелі, А.Тарсіі, Дж.Банацы і інш.). У 19 ст. пабудаваны павільёны — Кававы (1826, арх. К.І.Росі) і Чайны (1827, арх. Л.І.Шарлемань) домікі, пастаўлены помнік І.А.Крылову (1855, скульпт. П.К.Клот) з рэльефамі на тэмы яго баек (па малюнках А.А.Агіна). Ад Нявы Л.с. аддзяляе металічная агароджа (1771—84, арх. Ю.М.Фельтэн, П.Ягораў).
Літ.:
Семенникова Н.В. Летний сад. Л., 1978.
Скульптурная кампазіцыя ў Летнім садзе ў Санкт-Пецярбургу.Кававы домік у Летнім садзе ў Санкт-Пецярбургу. 1826. Арх. К.Росі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́РНІК,
жабрак (старац), які здабываў сабе сродкі для існавання спевамі ў суправаджэнні ліры. На Беларусі (як у Расіі і на Украіне) Л. вандравалі па вёсках, у дні кірмашоў і фэстаў канцэнтраваліся ў мястэчках і гарадах. Выконвалі духоўныя вершы (найб. папулярныя «Лазар», «Прытча пра блуднага сына»), песні павучальна-быт. («Сіротка», «Пра Надзю») і гістарычныя («Паранены, замучаны крываваю вайной»), часам і танц. мелодыі, гарэзлівыя прыпеўкі. Сярод Л. трапляліся таленавітыя выканаўцы (Сымон-сляпак з Віцебшчыны, Флёрык з Ляхавіч). Народ лічыў іх носьбітамі дабра, справядлівасці, выразнікамі сваіх думак. Ігры на ліры навучаліся ў спрактыкаваных майстроў-«дзядоў» або непасрэдна ў час вандраванняў. Дакументы 2-й пал. 17 ст. сведчаць пра існаванне карпарацый Л. Са зменамі сац.-эканам. умоў жыцця Л. як асобная прафес. група вясковага насельніцтва паступова зніклі. Вобразы Л. адлюстраваны ў творах маст. л-ры, у т. л. ў рамане У.Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім».
Літ.:
Никифоровский Н.Я. Очерки Витебской Белоруссии. Т. 1. Старцы // Эгногр. обозрение. 1892. Кн. 12, № 1;
Грузинский А.Е. Из этнографических наблюдений в Речицком уезде Минской губернии // Там жа. 1891. Кв. 11. № 4;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУ́ННА,
вёска ў Мастоўскім р-не Гродзенскай вобл., каля р. Нёман, на скрыжаванні аўтадарог на Гродна, Ваўкавыск, Скідзель. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 26 км на З ад г. Масты, 34 км ад Гродна, 8 км ад чыг. ст. Чарлёна. 1137 ж., 562 двары (1999).
Вядома з 16 ст. як вёска. З 1795 у Рас. імперыі, у Гродзенскім пав. Слонімскай, з 1797 — Літоўскай, з 1801 — Гродзенскай губ. У 1886 мястэчка, цэнтр Лунненскай вол., 1392 ж., касцёл, сінагога, 3 яўр. малітоўныя дамы, 20 крам, 3 шынкі, 2 харчэўні, праводзіліся кірмашы; у пач. 20 ст.царк.-прыходская школа, фельчарскі пункт, касцёл, паштовае аддзяленне. З 1921 у Польшчы, мястэчка, цэнтр гміны Гродзенскага пав. Беластоцкага ваяв. У 1924—1884 ж., 307 двароў. З 1939 у БССР, з 12.1.1940 рабочы пасёлак Скідзельскага р-на. З 1955 вёска, цэнтр сельсавета Скідзельскага, з 1962 — Гродзенскага, з 1965 — Мастоўскага р-наў. У 1972—1475 ж, 473 двары.
Лясніцтва, хлебапякарня. Сярэдняя і муз. школы, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання. Царква. Помнікі сав. воінам 64-й стралк. дывізіі, землякам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну. Помнік архітэктуры — касцёл св. Ганны (1782).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІКАЛА́ЕЎШЧЫНА,
вёска ў Стаўбцоўскім р-не Мінскай вобл., на правым беразе р. Нёман. Цэнтр сельсавета. За 8 км на ПдУ ад горада і чыг. ст. Стоўбцы, 86 км ад Мінска. 737 ж., 340 двароў (1999).
Вядома з сярэдзіны 16 ст., уласнасць Осцікавічаў, Л.Свірскага, М.К.Радзівіла Сіроткі. У 1596 мела 17 двароў, карчму, бровар, прыстань. На мяжы 16—17 ст. ператварылася ў мястэчка. У 1628 было 114 двароў, касцёл, ратуша, гасціны двор, рынак, млын, верф (сточня), 13 складоў для тавараў. У 1664 у час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай М. спалена. З 1793 у Рас. імперыі ў Мінскім пав., у 19 ст. сяло Свержанскай вол. У 1882 каля М. ў засценку Акінчыцы нарадзіўся Я.Колас. У 1897 у М. 935 ж., 141 двор, царква, карчма, магазін. У ліп. 1906 тут адбыўся з’езд настаўнікаў Мінскай губерні 1906. З 1921 у складзе Польшчы ў Стаўбцоўскім пав. Навагрудскага ваяв., з 1939 у БССР, з 1940 цэнтр сельсавета Стаўбцоўскага р-на.
Сярэдняя школа, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Царква. Коласаўскі заказнік, Коласа Якуба літаратурна-мемарыяльнага музея філіял. Каля вёскі турбаза «Высокі бераг». Радзіма вучонага-мовазнаўца Я.Лёсіка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАХУ́ЧЫЯ РЭ́ЧЫВЫ, пахкія рэчывы,
арганічныя злучэнні, якія маюць прыемны пах і выкарыстоўваюцца ў вытв-сці парфумерных і касметычных вырабаў, тавараў быт. хіміі, харч. прадуктаў. Пашыраны ў прыродзе: уваходзяць у састаў пахучых прадуктаў расліннага (эфірныя алеі, бальзамы, пахучыя смолы і інш.) і жывёльнага (амбра, мускус і інш.) паходжання. Паводле хім. прыроды большасць П.р. адносіцца да складаных эфіраў (напр., бутылацэтаты, бензіл- і ліпалілацэтат з кветкавым пахам), многія да альдэгідаў (напр., бензойны альдэгід, ванілін), спіртоў (напр., ліналаол).
Да 19 ст., калі былі атрыманы першыя сінт. аналагі прыродных П.р. (ванілін, 2-фенілэтанол з пахам ружы і інш.), адзінай крыніцай П.р. былі прыродныя прадукты. Распрацаваны метады сінтэзу амаль усіх П.р., што атрымлівалі з прыроднай сыравіны (напр., ментолу, цытралю), а таксама П.р., не знойдзеных у прыродзе (напр., фаліону э пахам фіялкі). Зроблена спроба вызначыць залежнасць паміж прыродай паху і будовай малекул П.р., аднак гэта не дае магчымасці прадказаць пах рэчыва.
Асн. колькасць П.р., што маюць прамысл. значэнне (больш за 500), атрымліваюць сінтэтычна, некаторыя вылучаюць з эфірных алеяў. Выкарыстоўваюць у выглядзе парфумерных кампазіцый. Гл. таксама Парфумерыя, Парфумерна-касметычная прамысловасць.
Літ.:
Братус И.Н. Химия душистых веществ. 2 изд. М., 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАШЭ́ННАЯ (Вера Мікалаеўна) (19.9. 1887, Масква — 28.10.1962),
расійская актрыса, педагог. Нар.арт.СССР (1937). Дачка М.П.Рошчына-Інсарава. Скончыла Маск. тэатр. вучылішча (1907). З 1907 з перапынкам працавала ў Малым т-ры, у 1921—28 у Муз. студыі МХАТ, т-ры Корша і інш., у 1922—23 удзельнічала ў замежных гастролях МХАТ. З 1914 вяла пед. работу ў студыі Малога т-ра (з 1945 Тэатр. вучылішча імя М.Шчэпкіна; з 1941 праф.). Яе мастацтву ўласцівы тэмперамент, рамант. прыўзнятасць пры псіхалагічна-быт. дакладнасці. Сярод роляў: Кацярына, Ларыса, Яўгенія, Ганна Паўлаўна, Мурзавецкая («Навальніца», «Беспасажніца», «На бойкім месцы», «Жартаўнікі», «Ваўкі і авечкі» А.Астроўскага), Ліза («Гора ад розуму» А.Грыбаедава), Васа Жалязнова (аднайм. п’еса М.Горкага), Любоў Яравая, Поля Сямёнава («Любоў Яравая», «На беразе Нявы» К.Транёва), міс Кір’якулі («Востраў Афрадыты» А.Парніса, Старая гаспадыня Ніскавуоры («Каменнае гняздо» Х.Вуаліёкі) і інш. У 1962 паставіла п’есу «Навальніца» Астроўскага (з М.Гладковым) і выканала ў ёй ролю Кабаніхі. Дзярж. прэмія СССР 1943. Ленінская прэмія 1961.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́СКІ,
вёска ў Мастоўскім р-не Гродзенскай вобл., на р. Зальвянка, на скрыжаванні аўтадарог Масты—Зэльва і Ваўкавыск—Шчучын. Цэнтр сельсавета. За 14 км на ПдУ ад горада і 16 км ад чыг. ст. Масты, 74 км ад Гродна. 816 ж., 284 двары (2000). Рамонтны з-д, філіял Ваўкавыскага акц.т-ва «Беллакт», млын, лясніцтва. Сярэдняя школа, клуб, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, філіял раённага камбіната быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну. Помнікі архітэктуры: касцёл Маці Божай Ружанцовай (1918), Мікалаеўская царква (1870). Каля вёскі археал. комплекс (7 стаянак каменнага веку і 4 селішчы сярэдневякоўя), Пескаўскае агаленне рачных адкладаў.
Вядомы з 17 ст. як уладанне Сапегаў. З 1795 у Рас. імперыі. У 19 — пач. 20 ст. цэнтр воласці Ваўкавыскага пав. Гродзенскай губ. У 1886 мястэчка, 1352 ж., 43 двары, школа, царква, касцёл, капліца, сінагога, 3 яўр. малітоўныя дамы, яўр. багадзельня, гарбарня, 5 вадзяных млыноў, заезны дом, 14 крам. 6 корчмаў, кірмаш. З 1921 у складзе Польшчы, цэнтр гміны Ваўкавыскага пав. Беластоцкага ваяв. З 1939 у БССР, з 12.10.1940 цэнтр сельсавета Мастоўскага раёна. У 1962—65 у Ваўкавыскім р-не.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУ́ХАВІЧЫ,
вёска ў Пухавіцкім р-не Мінскай вобл., на р. Свіслач пры ўпадзенні ў яе р. Цітаўка, на аўтадарозе Мінск—Бабруйск. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 9 км на У ад г. Мар’іна Горка, 65 км ад Мінска, 9 км ад чыг. ст. Пухавічы. 2236 ж., 882 двары (2001). Прадпрыемства водна-гасп. сістэм, лясніцтва, дрэваапр. цэх, рамонтна-буд. ўчастак. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, аптэка, камбінат. быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкія магілы сав. воінаў і партызан, ваеннапалонных і ахвяр фашызму. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну. За 2 км ад вёскі дом адпачынку «Пухавічы».
Вядомы з сярэдзіны 16 ст. як прыватная вёска Мінскага пав.ВКЛ. З 1793 у Рас. імперыі, мястэчка, цэнтр воласці Ігуменскага пав. З канца 18 ст. ўласнасць Сулістроўскіх, Фрыбесаў, Эсткаў, Ваньковічаў. У 1886—860 ж., 73 двары. царква (з 1874), нар. вучылішча (з 1863), 3 сінагогі, 2 піваварні, 26 крам, 4 кірмашы на год. У пач. 20 ст. ў мястэчку 2225 ж., 418 двароў. У 1905 адбылося рэв. выступленне насельніцтва. У 1922—58 працавала бальніца. У 1924—25 цэнтр Пухавіцкага раёна. З 1938 вёска.