НАЎГАРО́ДСКІЯ ЛЕ́ТАПІСЫ,

помнікі старажытнарускага летапісання 12—17 ст., складзеныя ў Ноўгарадзе Вялікім. Вядома 5 асобных летапісных помнікаў, якія захаваліся ў шматлікіх спісах. З іх найб. стараж. і каштоўныя — Наўгародскі 1-ы (звесткі даведзены да 1-й пал. 14 ст.) і Наўгародскі 4-ы (звесткі да 2-й пал. 15 ст.) летапісы. Вылучаюцца змястоўнасцю, дакумент. дакладнасцю і лаканічнасцю, дэмакратычнасцю мовы і стылю. Адлюстроўваюць грамадска-паліт. і культ. жыццё Ноўгарада, яго сувязі з Псковам, Полацкам, Кіевам, Масквою, ВКЛ, Лівоніяй і інш. гарадамі і землямі. Падзеі апісаны ў пагадовай форме і асветлены з пазіцый агульнанар. патрыятызму. Н.л. адкрываюцца «Аповесцю мінулых гадоў» і змяшчаюць апрача арыгінальных мясц. звестак каштоўны гіст.-дакумент. і літ. матэрыял пра мінулае Русі, запазычаны з інш. стараж.-рус. крыніц. Летапісы багатыя звесткамі па гісторыі Беларусі і ВКЛ, асабліва Наўгародскі 4-ы летапіс, які паслужыў адной з асн. крыніц 2-й рэдакцыі Беларуска-літоўскага летапісу 1446. На падставе Н.л. складзена агульнарус. частка летапіснага зборніка 1-й пал. 16 ст., што захоўваўся і дапаўняўся гіст. запісамі ў Супраслі (гл. Супрасльскі рукапіс). У 15—17 ст. на бел. землях бытавалі і інш. летапісныя кампіляцыі наўгародскага паходжання (напр. Аўрамкі летапіс).

В.​А.​Чамярыцкі.

т. 11, с. 213

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАЦЫЯНА́ЛЬНЫЯ ІНТАРЭ́СЫ,

інтарэсы дзяржавы, супольнасці або групы, аб’яднанай спецыфічнымі сувязямі і ўзаемаадносінамі генет. і культ. аднароднасці. Разнастайныя аб’ектыўныя і суб’ектыўныя патрэбнасці, матывы і стымулы дзейнасці нац. супольнасцей ва ўзаемаадносінах паміж народамі трансфармуюцца ў Н.і. Яны, у сваю чаргу, аб’ектывуюцца ў праграмах нац. руху, дзярж. палітыцы і ў інш. формах. Н.і. функцыянуюць на асобасным, надасобасным і групавым узроўнях і характарызуюцца складанай структурай, якая вызначаецца спецыфічным палажэннем нац. супольнасцей у сістэме грамадскага жыцця ў якасці суб’ектаў калект. свядомасці і псіхалогіі, культуры, традыцый, мовы, самавызначэння. У структуру асаблівых патрэб нац. суб’екта ўключаюцца прадметныя і духоўныя каштоўнасці, што ўвайшлі ў нац. свядомасць, спосаб і стыль жыцця (экалагічна чыстае прыроднае асяроддзе, месца ў падзеле працы, генет. і гіст., культ. і лінгвістычныя сувязі, ідэйная блізкасць і інш.). Вылучаюць эканам., паліт., дзярж., тэрытарыяльныя, культ. і інш. разнавіднасці Н.і. Часам яны аб’ядноўваюцца ў адзінае цэлае, у агульныя Н.і., якія падпарадкоўваюцца важнай нац. мэце. Для Беларусі нац. прыярытэтам з’яўляюцца: умацаванне незалежнасці і суверэнітэту краіны, братнія адносіны з Расіяй і інш. народамі, захаванне міру і стабільнасці ў міжнар. адносінах, абарона правоў грамадзян краіны, сац. справядлівасці, развіццё бел. нац. самасвядомасці, мовы і культуры. Гл. таксама Нацыянальная бяспека.

В.​І.​Боўш.

т. 11, с. 242

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЁМАНСКАЯ КУЛЬТУ́РА,

археалагічная культура неалітычных плямён, якія ў 4—3-м тыс. да н.э. жылі ў Бел. Панямонні, на верхняй Прыпяці, ПнУ Польшчы і ПдЗ Літвы. Культура сфарміравалася на мясц. мезалітычнай аснове (гл. Нёманская мезалітычная культура). У развіцці Н.к. вылучаюць 3 этапы: ранні (дубічайскі), сярэдні (лысагорскі) і позні (дабраборскі). Насельніцтва займалася паляваннем, рыбалоўствам, збіральніцтвам, у познім неаліце — земляробствам і жывёлагадоўляй. Мела наземныя жытлы на берагах вадаёмаў. Для ранняга этапу характэрна вастрадонная слабапрафіляваная кераміка з расліннымі дамешкамі ў гліне, у сярэднім этапе гаршкі мелі выразную шыйку, раслінныя дамешкі ў гліне спалучаліся з жарствой; на познім этапе форма посуду захоўвалася ранейшая, але ў гліне зніклі раслінныя дамешкі. У арнаменце Н.к. ўжываліся гарыз. паясы грабеньчатых адбіткаў, насечкі, праколы, пракрэсленыя рыскі, адбіткі лінейнага штампа, тэкстылю. У Н.к. адбываўся росквіт крамянёвай індустрыі, былі пашыраны дасканала рэтушаваныя наканечнікі стрэл і дзідаў, паявіліся сякеры са звужанымі абушкамі і прышліфоўкай на лязе. Найб. значныя помнікі Н.к. на Беларусі Кругліца, Камень, Добры Бор, Моталь і інш.

М.​М.​Чарняўскі.

Да арт. Нёманская культура. Посуд з паселішча Лысая Гара каля в. Кругліца Стаўбцоўскага раёна Мінскай вобл. (1) і паселішча каля в. Русакова Слонімскага раёна Гродзенскай вобл. (2).

т. 11, с. 308

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІЕ́ДРЭ ((Niedre) Яніс) (24.5.1909, г. Ціхвін Ленінградскай вобл. — 8.12.1987),

латышскі пісьменнік, літ.-знавец. Засл. дз. культуры Латвіі (1959). Канд. філал. н. (1948). Вучыўся ў Латв. ун-це (1928—30), Рыжскім камерцыйным ін-це (1931—33). Друкаваўся з 1927. Першыя раманы «Вікінгі» (1931), «Віхура над Даўгавай» (1932) аб мінулым лат. народа. У кн. апавяданняў «Ератык у Латгаліі» (1932), «У камерах пяці карпусоў» (1941), «33 апавяданні» (1959), гіст.-біягр. трылогіях «Сяло Пушканы» (1947—61), «Ветэран» (1968—72, Дзярж. прэмія Латвіі 1972), гіст. раманах «Веснавыя воды» (1959), «За акном расце дзядоўнік» (1966), «Я быў, я ёсць, я буду» (1972), «У тую раніцу на золку» (1975), «І вятры гуляюць на папялішчы...», «Не кожнаму давяраюць самае цяжкае» (абодва 1978) і інш. трагічныя і драм. старонкі жыцця і барацьбы лат. народа за незалежнасць, праблемы міру і вайны, узаемасувязь чалавека і прыроды, экалогіі і маралі. Аўтар навук. даследаванняў «Латышскі фальклор» (1948), «Латышская літаратура» (т. 1—2, 1952—53), кн. мемуараў «Дзень за днём» (1965). Быў знаёмы з Я.​Купалам, П.​Броўкам, М.​Лыньковым. На бел. мову асобныя творы Н. пераклалі У. і А.​Васілевічы.

С.​С.​Панізнік.

т. 11, с. 326

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НО́САЎ (Яўген Іванавіч) (н. 15.1.1925, в. Талмачова Курскага р-на, Расія),

рускі пісьменнік. Герой Сац. Працы (1991). Правадз. чл. Акадэміі рас. славеснасці (2000). У Вял. Айч. вайну ўдзельнік вызвалення Беларусі. Скончыў Вышэйшыя літ. курсы пры Літ. ін-це імя М.​Горкага ў Маскве (1962). Друкуецца з 1948. У зб-ках лірычных апавяданняў і аповесцей «На рыбацкай сцежцы» (1958), «Трыццаць зерняў» (1961), «Дзе прачынаецца сонца» (1965), «Шуміць лугавая аўсяніца» (1966, Дзярж. прэмія Расіі 1975), «Ракітавая гарбата» (1968), «Чырвонае віно перамогі» (1971), «Мост» (1974) і інш. спроба спасцігнуць рус. нац. характар, тэма Вял. Айч. вайны, трывога за рассяляньванне Расіі, паэт. карціны сярэднярус. прыроды. Аўтар аповесцей «Зацьменне месяца» (1966), «Усвяцкія шлеманосцы» (1977; кінафільм «Крыніца», 1982), «Грэчаскі хлеб» (1997) і інш. Творчасць Н. адметная мяккасцю інтанацыі, тонкім пачуццём мовы, мастацтвам выразнай дэталі. Піша для дзяцей. Многія творы Н. інсцэніраваны і экранізаваны. На бел. мову асобныя яго творы пераклалі П.​Місько, М.​Дубянецкі.

Тв.:

Избр. произв. Т. 1—2. М., 1989;

Красное вино победы. М., 1992;

Вечерние стога. М., 2000;

Журавлиный клин. М., 2000.

Літ.:

Чалмаев В. Храм Афродиты: Творческий путь и мастерство Евгения Носова. М., 1972;

Книга о Мастере: Очерки творчества. Курск, 2000.

Я.І.Носаў.

т. 11, с. 380

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАВУЧА́ННЕ,

празаічны твор павучальнага характару. Узнік у стараж. л-ры пад уплывам візант. і балг. царк. прамоўніцкай прозы. Існаваў у форме дыдактычнага «слова», пропаведзі, прамовы. Ствараліся царк. і свецкімі аўтарамі. У Кіеўскай Русі вядома з сярэдзіны 11 ст. Найб. папулярнымі на бел. землях былі «словы» Іаана Златавуста (зб-кі «Златавуст», «Златаструй»), у якія пазней былі ўключаны «Словы» Кірылы Тураўскага, што далі матэрыял для стараж.-рус. зб-каў «Ізмарагд» і «Златыя чэпі», якія распаўсюджваліся (перапісваліся і друкаваліся) на Беларусі ў 12—18 ст.

Вылучаюць урачыста-ўзнёслыя і дыдактычныя П. Урачыста-ўзнёслыя П. апавядалі пра магутнасць рус. дзяржавы, яе князёў і г.д. («Слово о законе и благодати» мітрапаліта Іларыёна, «Словы» Кірылы Тураўскага). Дыдактычныя П. — «настаўленні ў веры», у якіх у даступнай форме, без рытарычных акрас апавядалася пра хрысціянскія ісціны або абрады (творы Лукі Жыдзяты, Феадосія Пячэрскага). Лепшыя ўзоры П. выходзілі за межы рэліг.-царк. дыдактыкі, у іх ставіліся пытанні грамадскага значэння, асветніцтва, гуманізму (творы Грыгорыя Цамблака, Сімяона Полацкага, Георгія Каніскага). Асобна вылучаліся П.-звароты да сваіх дзяцей з мэтай перадачы ім жыццёвай і дзярж. мудрасці («Павучанне Уладзіміра Манамаха»). П. аб павазе да кніг змешчаны ў Ізборніках Святаслава 1073 і 1076.

Л.​Л.​Кароткая.

т. 11, с. 473

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАГАРЭ́ЛАЎ (Леў Мікалаевіч) (н. 27.6.1929, г. Ачакаў Мікалаеўскай вобл., Украіна),

бел. архітэктар. Засл. архітэктар Беларусі (1973). Скончыў Адэскі інж.-буд. ін-т (1954). У 1954—91 працаваў у ін-це «Мінскпраект» (з 1964 кіраўнік майстэрні). Асн. работы (у Мінску): жылыя дамы па вуліцах Казлова, Енісейскай, Апанскага, Партызанскім праспекце, у мікрараёне Чыжоўка (1960—70-я г.), па вул. М.​Танка (1977—84, у сааўт.), Омскім зав., на Велазаводскай пл.; масты цераз р. Свіслач па вуліцах Кастрычніцкай і Аранскай (1962); будынкі Цэнтр. н.-д. і праектна-тэхнал. ін-та арг-цыі і тэхнікі кіравання (1973), ін-та «Мінскпраект» (1975, абодва ў сааўт.), гасцініц «Турыст» (1972); «Кастрычніцкая» (1980) і «Беларусь» (1987), Мінскі аўтавакзал «Усходні» (1983, у сааўт.), будынак Епархіяльнага ўпраўлення па вул. Вызвалення (1984); станцыі метрапалітэна «Маскоўская» (1984) і «Пралетарская» (1990), б. Дом паліт. асветы (цяпер канцэртная зала «Мінск»; 1987, усе ў сааўт.), і інш. Паводле праектаў П. будуюцца комплекс Дома міласэрнасці (з 1997; царква, дом для састарэлых, школа для дзяцей-інвалідаў, мед. цэнтр), храм-помнік у гонар Усіх Святых і ў памяць бязвінна забітых у нашай Айчыне па вул. Каліноўскага (з 1998).

т. 11, с. 476

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЖА́РНА-ПРЫКЛАДНЫ́ СПОРТ,

від спорту, які ўключае комплексы прыёмаў, што выкарыстоўваюцца ў практыцы тушэння пажараў. Спаборніцтвы праводзяцца па 6 асн. відах: пераадоленне паласы перашкод (даўж. 100 м); падыманне па штурмавых драбінах у акно 4-га паверха вучэбнай вежы; устаноўка высоўных драбін і падыманне па іх у акно 3-га паверха вучэбнай вежы; двухбор’е (пераадоленне паласы перашкод і падыманне па штурмавых драбінах); пажарная эстафета з перашкодамі (4 × 100 м); баявое разгортванне. Спаборніцтвы праводзяцца ў асабістым, камандным, асабіста-камандным і кваліфікацыйным заліках у 4 узроставых групах.

П.-п.с. узнік у СССР, першыя спаборніцтвы (пажарнай аховы НКУС) адбыліся ў 1937. З 1960-х г. развіваецца і ў інш. краінах. Першыя міжнар. спаборніцтвы праведзены ў 1968 (С.-Пецярбург).

На Беларусі П.-п.с. развіваецца з 1947. Першыя рэсп. спаборніцтвы праведзены ў 1948 (у закрытых памяшканнях — у 1983, г. Віцебск), першы чэмпіянат рэспублікі — у 1961. Федэрацыя П.-п.с. Беларусі заснавана ў 1998. Вял. ўклад у развіццё П.-п.с. зрабілі засл. трэнеры Беларусі А.​С.​Новікаў і І.​В.​Шульга (чэмпіён СССР 1973, 1976). Сярод бел. спартсменаў: чэмпіёны СССР В.​Нямілаў (1975—78), А.​Грабцоў і В.​Забойка (1976).

А.​П.​Герасімчык, Л.​А.​Лазараў.

т. 11, с. 511

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛЕ́СКІ АБЛАСНЫ́ ДРАМАТЫ́ЧНЫ ТЭА́ТР імя Я.​Купалы.

Існаваў у 1938—41, 1944—45 у г. Мазыр Гомельскай вобл. Створаны на базе Мазырскага калг.-саўгаснага т-ра. У 1941 прысвоена імя Я.​Купалы. Маст. кіраўнікі: В.​Пацехін (1938—41), М.​Кавязін (1944—45). Спектаклі ставілі таксама рэжысёры Л.​Рахленка, Б.​Паскевіч, афармляў А.​Марыкс. У 1939 гастраляваў у Зах. Беларусі, у г. Бранск (Расія) і інш. Спектаклі ішлі на бел. мове. Сярод пастановак: «Прымакі» Я.​Купалы, «Пагібель воўка» Э.​Самуйлёнка, «Партызаны» і «Хто смяецца апошнім» К.​Крапівы, «Заложнікі» А.​Кучара, «Ваўкі і авечкі» і «Без віны вінаватыя» А.​Астроўскага, «Любоў Яравая» К.​Транёва, «Мяцеж» Дз.​Фурманава і С.​Паліванава, «Рускія людзі» і «Так і будзе!» К.​Сіманава, «Самадуры» К.​Гальдоні, «Каварства і каханне» Ф.​Шылера. У розны час у тэатры працавалі акцёры С.​Бульчык, Ю.​Гальперына, Л.​Гамуліна, А.​Гваздзёў, А.​Даніловіч, Л.​Даноўская, М.​Захарэвіч, А.​Кашына, Г.​Лаўроў, П.​Масцераў, В.​Окалаў, У.​Палцеўскі, А.​Ротар, Ю.​Сурыкаў, Л.​Цімафеева, М.​Цурбакоў, С.​Яворскі, А.​Яфрэменка і інш., мастакі В.​Акулаў, П.​Балабін. У 1946 рэарганізаваны ў Пінскі абласны драматычны тэатр.

К.​Б.​Кузняцова.

т. 11, с. 550

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЙНА́ РАСІ́І З РЭ́ЧЧУ ПАСПАЛІ́ТАЙ 1654—67,

вайна, распачатая расійскім царом Аляксеем Міхайлавічам за землі Смаленшчыны, Беларусі, Украіны і Літвы. Для пачатку вайны царскі ўрад выкарыстаў спрыяльныя для яго абставіны: Рэч Паспалітая была аслаблена ў выніку нац.-вызв. і антыфеад. вайны 1648—51 на Украіне і Беларусі і наступнымі канфліктамі з аўтаномнай гетманскай (усх.) Украінай. 1.10.1653 Земскі сабор даў згоду прыняць Украіну пад уладу Расіі, што азначала вайну з Рэччу Паспалітай. У планах Б.​Хмяльніцкага і казацкай старшыны былі намеры далучыць да Украіны Бел. Палессе і Падняпроўе.

У маі 1654 рас. войскі пачалі ваен. дзеянні. Ад Масквы на Смаленск і далей на Беларусь рушыла асн. войска на чале з царом. З Пн на Беларусь наступала войска В.​П.​Шарамецева. Ад Бранска на Мсціслаўскае ваяв. наступала армія кн. А.​М.​Трубяцкога. Агульныя сілы рас. войск складалі 80—83 тыс. чал. З Пд на Беларусь уздоўж Дняпра наступала казацкае войска (20 тыс. чал.) наказнога гетмана І.​Залатарэнкі. Ім супрацьстаяла войска ВКЛ на чале з вял. гетманам ВКЛ Я.​Радзівілам (да 20 тыс. чал.), а таксама гарнізоны замкаў. 30.6.1654 пасля аблогі капітуляваў Полацк. 23.9.1654 пасля 2-месячнай аблогі здаўся Смаленск. У выніку баёў рас. войскі занялі Дзісну, Друю, Глыбокае, Невель; пасля аблогі і некалькіх штурмаў 17.11.1654 узяты Віцебск. Упарта абараняўся Мсціслаў, але 22.7.1654 ён захоплены войскамі Трубяцкога. У час штурму горада амаль усе яго жыхары (каля 15 тыс. паводле рас. дакументаў) былі перабіты (т.зв. «Трубяцкая разня»). Падобны лёс напаткаў і Гомель. 12.10.1654 рас. войскі ўзялі і спалілі Дуброўну, а яе жыхароў адправілі ў Расію. Крычаў здаўся атраду бел. шляхціца К.​Паклонскага, які перайшоў на бок цара. Магілёў капітуляваў без асаблівага супраціўлення. Казакі Залатарэнкі захапілі Чачэрск, Рэчыцу і Жлобін. Моцную Быхаўскую крэпасць казакі не здолелі захапіць нават пасля 11-месячнай аблогі. Войска Радзівіла з-за сваёй малалікасці вяло манеўраную вайну, нападаючы на асобныя атрады рас. арміі. Гетман польны ВКЛ В.​Гасеўскі 3.8.1654 разбіў маскоўскае войска пад Оршай. 12.8.1654 каля Шклова Радзівіл нанёс паражэнне ўдвая большаму войску ваяводы кн. Я.​К.​Чаркаскага, але 24.8.1654 каля мяст. Шапялевічы (цяпер Круглянскі р-н) пацярпеў паражэнне; страціўшы каля 1 тыс. чалавек, паранены Радзівіл адступіў ад Смілавіч і Мінска. Гэтым у ліст. 1654 і была скончана 1-я кампанія вайны. Цар дасягнуў сваёй мэты: была занята Смаленшчына і землі на У ад Дняпра. Але на гэтай тэр. працягвалася барацьба: сял. атрады самаабароны (паводле рас. тэрміналогіі «шиши») перашкаджалі рас. дваранам і «дзецям баярскім» захопліваць і вывозіць у свае маёнткі ў Расію сял. сем’і, рабаваць і паліць вёскі. Радзівіл перадаваў гэтым атрадам зброю, часам каардынаваў іх дзеянні. Спробы Радзівіла заняць Магілёў і Віцебск у лют. і вясной 1655 не далі вынікаў. У час зімовага контрнаступлення войскам ВКЛ удалося вярнуць Копысь, Дуброўну і Оршу. Зімою 1655 у Езярышчах і Суражы мясц. жыхары паўсталі, частку рас. гарнізонаў перабілі ці ўзялі ў палон. Каб перашкодзіць войску ВКЛ наступаць на Магілёў, у міжрэчча Дняпра і Бярэзіны былі перакінуты казацкія атрады Залатарэнкі, якія ў сак. 1655 захапілі Бабруйск, Каралеўскую Слабаду, Глуск, а пазней і мяст. Свіслач.

У маі 1655 пачалася 2-я кампанія гэтай вайны. Гал. задачай рас. войскі ставілі захоп усёй Беларусі і сталіцы ВКЛ Вільні. Група войск стольніка З.​Ф.​Лявонцьева з баямі зноў заняла Дуброўну, Оршу і Копысь. 27.6.1655 войскі кн. А.​І.​Лабанава-Растоўскага занялі Лукомль. 3.7.1655 царскія войскі і казакі захапілі Мінск. У жн. 1655 армія Трубяцкога спрабавала ўзяць моцную крэпасць Слуцк, але горад выстаяў. Далейшы рэйд яго арміі быў удалым: з баямі ўзяты Клецк, Ляхавічы, Мыш, Мір, Сталавічы, Новагародак. Наступленне рас. войск і казакаў ішло ўздоўж Нёмана. Былі ўзяты Нясвіж, Карэлічы, Стоўбцы, Любча, Ліда, Слонім. Вяртаючыся назад, Трубяцкой і Залатарэнка ў вер. 1655 зноў спрабавалі авалодаць Слуцкам, але вымушаны былі адступіць. 8.8.1655 войскі гал. рас. групоўкі на чале з Чаркаскім і Залатарэнкам штурмам узялі Вільню. У жніўні рас. войскі ўзялі Коўна і Гародню (Гродна). На Пд Беларусі восенню рас. войскі і казакі занялі Тураў. У выніку кампаніі 1655 рас. войскі занялі б.ч. Беларусі і частку Літвы. Сітуацыя ўскладнілася тым, што ўлетку 1655 на Польшчу напала Швецыя і заняла амаль усю яе тэрыторыю. Радзівіл і значная частка літоўскай і жамойцкай шляхты 20 кастр. заключылі Кейданскі дагавор 1655, які разарваў дзярж. сувязь ВКЛ з Польшчай і аформіў унію са Швецыяй. Аднак пэўная частка бел. шляхты прынесла прысягу цару Аляксею Міхайлавічу, другая частка на чале з віцебскім ваяводам П.​Сапегам захавала вернасць Рэчы Паспалітай. У сак. 1656 унія ВКЛ са Швецыяй была скасавана, а шведскія войскі выведзены з Жамойціі. У выніку моцнага нац.-вызв. руху ў Польшчы шведы былі выгнаны з краіны. Рыхтуючыся да вайны са Швецыяй за Прыбалтыку, Расія 31 снеж. заключыла з Рэччу Паспалітай Віленскае перамір’е 1656 і ваен. дзеянні былі спынены. Расія прадугледжвала ваен. саюз з Рэччу Паспалітай супраць Швецыі і Брандэнбурга. Цар прапанаваў сваю кандыдатуру ў польск. каралі, што павінна было быць абмеркавана на бліжэйшым сейме. Пасля гэтага Расія пачала вайну са Швецыяй. Аднак сейм 1658 адмовіў цару ў выбранні яго каралём і патрабаваў вярнуць усе занятыя землі. Ваенныя дзеянні аднавіліся.

Землі Смаленшчыны, Беларусі і Літвы былі ўключаны ў склад Рас. дзяржавы, а цар прыняў тытулы «вялікага князя Белай Русі, смаленскага, літоўскага, гасудара і вялікага князя полацкага, віцебскага, мсціслаўскага». Тут была пастаўлена рас. ваенная адміністрацыя на чале з ваяводамі. За шляхтай, якая прынесла прысягу цару, захоўваліся прывілеі (без права выбараў, склікання сейму і павятовых сеймікаў). Усіх, хто змагаўся супраць рас. войск, высылалі ў глыб Расіі, за Волгу і ў Сібір; іх маёнткі канфіскоўвалі. У цэлым шляхта была незадаволена і гвалтоўным далучэннем Беларусі да Расіі, і стратай значнай часткі сваіх прывілеяў і вольнасцей. Дзейнасць каталіцкай і уніяцкай цэркваў была забаронена, іх землі канфіскаваны. У 1656 для заспакаення насельніцтва на тэр. на З ад Бярэзіны была дазволена дзейнасць каталіцкай царквы (уніяцкая аставалася забароненай). Значная частка гараджан, асабліва з гарадоў, што аказвалі супраціўленне, высялялася ў Расію. Мясц. правасл. святароў імкнуліся замяніць маскоўскімі. Найбольш пацярпелі бел. сяляне, якіх абцяжарвалі новымі падаткамі, рабавалі і забівалі. Памешчыкі, якія складалі рас. конніцу, гвалтам забіралі сялян у свае маёнткі ў такіх маштабах, што цар вымушаны быў забараніць вываз сялян, каб захаваць падатковае насельніцтва на месцы. Аднак палітыка царызму была непаслядоўная: некалькі дзесяткаў тысяч чалавек, у асн. рамеснікі, былі пераселены з усх. гарадоў Беларусі ў Маскву (Мяшчанская слабада) і Замаскварэцкі край.

У 1656—58 ва ўсх. Беларусі разгарэўся канфлікт паміж казацкімі войскамі І.​Нячая і рас. ваяводамі. Казацкая старшына намагалася далучыць Бел. Падняпроўе да гетманскай Украіны. Казакі займалі мястэчкі і вёскі каля Магілёва, Копысі, Мсціслава, рас. войскі аказвалі ім супраціўленне. Б.​Хмяльніцкі дамовіўся з царскім урадам аб устрыманні ад ваен. дзеянняў, аднак пасля яго смерці (жн. 1657) канфлікт узмацніўся. Выконваючы ўмовы Гадзяцкага дагавора 1658 Нячай распачаў ваен. дзеянні ва ўсх. Беларусі супраць рас. войск. Войскі Рэчы Паспалітай блакіравалі Вільню. Становішча рас. войск увосень і ўзімку 1658—59 значна пагоршылася. Стары Быхаў, Мсціслаў, Крычаў, Чавусы скінулі рас. ўладу. Разам з казацкімі атрадамі Нячая супраць рас. войск дзейнічалі казацка-сял. атрады Д.​Мурашкі, Сапрыкі, Драня. Супраць казацкіх войск быў кінуты ў 1659 вял. карны атрад Лабанава-Растоўскага, якому ўдалося задушыць вызв. рух і зноў узяць Мсціслаў, Рослаў, Крычаў, Стары Быхаў. Паступова войска ВКЛ пачало выцясняць рас. армію. Каб змяніць сітуацыю, цар накіраваў на Беларусь войска на чале з ваяводам кн. І.​А.​Хаванскім. У выніку наступлення яго арміі ў снеж. 1659 — лют. 1660 устаноўлены кантроль над Новагародскім ваяв. (за выключэннем Случчыны), зноў занята Гародня, адбітая П.​Сапегам у сакавіку. Армія Хаванскага нанесла паражэнне палку М.​Абуховіча каля Мальчы і ў студз. 1660 заняла Бярэсце, у сак. аблажыла моцны замак Ляхавічы. У гэты час на тэр. Беларусі дзейнічалі партыз. атрады Мурашкі і С.​Аскіркі, якія складаліся са шляхты і рэшткаў бел. казакаў (з сялянства). Ім удалося заняць Давыд-Гарадок, але, пацярпеўшы паражэнне ў лют. 1660 каля Глуска, яны адышлі да Слуцка, а потым зайшлі ў тыл войску Хаванскага і сталі каля Нясвіжа.

3.5.1660 Рэч Паспалітая заключыла мір са Швецыяй і змагла ўсе свае войскі кінуць супраць рас. арміі. На Беларусь з Падляшша прыйшла дывізія П.​Сапегі (6 тыс. чал.) і вызваліла Жыровічы, з Падолля — дывізія С.​Чарнецкага (4 тыс. чал.), якая заняла Слонім. Абедзве дывізіі злучыліся і 28.6.1660 сустрэліся з арміяй Хаванскага каля Палонкі (20 км ад Баранавічаў), дзе адбылася вырашальная бітва. Войска Хаванскага было разбіта, і ён пачаў адыходзіць на Пн. Наўздагон была кінута конніца С.​Кміціча, якая нанесла паражэнні рэшткам рас. войска пад Мірам, Жукавым Барком і Койданавам. У ліп. 1660 Сапега і Чарнецкі ўвайшлі ў Мінск. Тэр. Беларусі да Бярэзіны была вызвалена, а Хаванскі, прайграўшы бітву пад Чарэяй, адступіў у Полацк. Цар паслаў на Беларусь новую армію ваяводы Ю.​Далгарукава (да 30 тыс. чал.) і казацкае войска з Украіны (зноў саюзнай з Расіяй) на чале з палк. В.​Залатарэнкам (25 тыс. чал.). Аднак у Бел. Падняпроўі ўжо дзейнічалі харугвы Сапегі, Чарнецкага, Кміціча і А.​Палубінскага. 8.10.1660 каля Чавусаў адбыўся бой войска Рэчы Паспалітай з групоўкай Далгарукава, што перашкодзіла аб’яднанню яго войска з арміяй Хаванскага. Шляхта, мяшчане і сяляне, якія раней прысягалі цару, пачалі масава выступаць супраць рас. войск. Пераможныя паўстанні супраць рас. гарнізонаў адбыліся ў Дзісне, Себежы, у лют. 1661 — у Магілёве. 4.11.1661 войска Хаванскага (20 тыс. чал.) пацярпела паражэнне пры Кушліках (каля Полацка) ад войска К.​Жаромскага (12 тыс. чал.). 2.12.1661 капітуляваў рас. гарнізон у віленскім замку. Аднак вайна не была скончана. Амаль усё войска ВКЛ і частка польск. войска, не атрымаўшы жалавання, утварылі ў 1661 канфедэрацыю і спынілі актыўныя ваен. дзеянні, якія аднавіліся толькі праз 2 гады, калі жалаванне было выплачана. 9.7.1662 здаўся рас. гарнізон у Барысаве, у снеж. 1662 — ва Усвятах. 1.6.1664 пачаліся мірныя перагаворы; пасля перапынку яны аднавіліся ў крас. 1666. Вайна завяршылася падпісаннем Андросаўскага перамір’я 1667, паводле якога Расія замацавала за сабой Смаленшчыну і Левабярэжную Украіну з Кіевам. Вынікі вайны для Беларусі былі трагічныя. Страты насельніцтва склалі больш за 50% (паменшылася з 2,9 млн. чал. да 1,4 млн. чал.). Найб. скарацілася колькасць насельніцтва ва ўсх. і цэнтр. Беларусі: у Полацкім, Віцебскім, Мсціслаўскім і Мінскім ваяв. на 60—70%, у Новагародскім, Берасцейскім і Віленскім ваяв. на 35—45%. Эканоміка Беларусі апынулася ў стане глыбокага заняпаду.

Літ.:

Гісторыя Беларускай ССР. Т. 1. Мн., 1972;

Мальцев А.Н. Россия и Белоруссия в середине XVII в. М., 1974;

Абецедарский Л.С. Белоруссия и Россия: Очерки рус.-бел. связей второй половины XVI—XVII в. Мн., 1978;

Сагановіч Г. Невядомая вайна, 1654—1667. Мн., 1995;

Morzy J. Kryzys demograficzny na Litwie I Białorusi w 2 połowie XVII wieku. Poznań, 1965.

А.​П.​Грыцкевіч

Да арт. Вайна Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. Апошняя старонка Кейданскага дагавора 1655 аб уніі ВКЛ са Швецыяй.

т. 3, с. 455

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)