СМАЛЯ́НСКІ ЗА́МАК,

помнік архітэктуры 1-й чвэрці 17 ст. на паўн.-зах. ускраіне в. Смаляны Аршанскага р-на Віцебскай вобл. Вядомы таксама пад назвамі «Белы Ковель» ці «Малы Ковель». Займаў прамавугольную ў плане пляцоўку (100 × 200 м) на правым беразе р. Дзярноўка. Пабудаваны да 1626 кн. С.​А.​Сангушкам-Ковельскім. Змураваны з буйной цэглы (29 × 13 × 8 см) і палявога каменю. Меў выгляд замкнутага прамавугольніка з унутр. дваром, вуглавымі 3-яруснымі вежамі і 5-яруснай 5-граннай вежай на паўн.-ўсх. фасаднай сцяне. 3-павярховы корпус палаца па перыметры двара меў сцены таўшчынёй 1,2—1,7 м. Муроўка замка паводле тыпу найбольш блізкая да т.зв. галандскай. 5-ярусная вежа вылучаецца вытанчаным рэльефным дэкорам, які мякка кантраставаў з гладкай паверхняй сцен. Арнамент аконных праёмаў і плоская ордэрная раскрапоўка вежаў сведчаць пра стылістычную сувязь з зах.-еўрап. архітэктурай. У матывах складанага рэнесансавага абрамлення рамкі-картуша прасочваюцца галандскія ўплывы. Захаваліся сляды вітых усходаў, што ішлі па ўнутр. перыметры вежы, шмат ніш рознага памеру, арачны пераход з гал. корпуса ў вежу, дэталі камінаў. Ёсць звесткі, што на схіле жыцця гаспадар замка кн. Сангушка-Ковельскі загадаў размаляваць пакоі карцінамі на рэліг. сюжэты, тэмы смерці і забыцця. З інвентароў замка за 1739 і 1742, калі ён належаў маршалку ВКЛ П.​Л.​Сангушку, вынікае, што «... замак мураваны на капцы» быў наўкола «вадою абвіты». Перад ім знаходзіўся стаў з мостам. Пры ўваходзе на дзядзінец, злева, быў вял. склеп. У пакоях стаялі печы з белай кафлі з гербам «Пагоня». Дапаможныя гасп. службы размяшчаліся не ў замку, а за ставам. Замак быў разбураны ў вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 і Паўн. вайну 1700—21. Заняпад С.з. пачаўся з канца 18 ст. і завяршыўся ў сярэдзіне 19 ст. (новы гаспадар Смалян сенатар Сямёнаў прадаў замак на цэглу). Захаваліся 5-ярусная вежа і рэшткі сцен.

Літ.:

Ткачоў М.А. Замкі Беларусі (XIII—XVII ст.). Мн., 1977. С. 58—59;

Баравы Р.В. Да гісторыі замка ў Смалянах // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1971. № 3.

М.​А.​Ткачоў.

Смалянскі замак. Малюнак Ю.​Пешкі канца 18 ст.
Руіны вежы Смалянскага замка. Сучасны выгляд.

т. 15, с. 48

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СМЕРЦЬ І БЯССМЕ́РЦЕ,

два бакі быцця чалавека, якія ўзаемна выключаюць, але і ўзаемна прадугледжваюць адзін аднаго; адно з цэнтр. пытанняў філасофіі. У асэнсаванні праблемы С. і б. вылучаюць філас., рэліг. і прыродазнаўча-навук. аспекты. У ант. філасофіі ў працэсе аналізу С. і б. вызначыліся 2 асн. падыходы: матэрыялістычны (Дэмакрыт, Эпікур, Лукрэцый і інш.) і ідэалістычны (Сакрат, Платон і інш.). Згодна з матэрыялістычным падыходам, чалавек смяротны; на аснове прыродазнаўчых ведаў зроблены вывад, што з фіз. смерцю чалавека гіне і яго душа, г. зн. мысленне і свядомасць. Матэрыялісты лічаць бессмяротнымі створаныя чалавекам прадукты матэрыяльнай і духоўнай культуры і разглядаюць асобу як бессмяротную істоту толькі ў аспекце прадаўжэння роду. Эпікур, Сенека і інш. гал. задачай філасофіі лічылі збаўленне чалавека ад страху смерці. З процілеглых пазіцый разглядалі гэтую праблему С.​К’еркегор, А.​Шапенгаўэр, Ф.​Ніцшэ, М.​Хайдэгер, Ж.​П.​Сартр, А.​Камю і інш. Паводле ідэаліст. канцэпцыі бяссмерце чалавека грунтуецца на існаванні абсалютнай ідэі ці бяссмерці чалавечай душы, чым у пэўнай ступені паслабляецца трагізм чалавечага быцця. Згодна з рэлігійнымі вучэннямі, чалавек бессмяротны, што вынікае з боскай прыроды душы, а фіз. смерць з’яўляецца вызваленнем душы ад матэрыяльнай абалонкі. Прыродазнаўча-навуковы падыход да праблемы С. і б. разглядае смерць як спыненне жыццядзейнасці, натуральны канец усялякай жывой істоты і абвяргае ідэю існавання чалавека пасля яго фіз. смерці. Спробы абгрунтаваць фіз. бяссмерце ў межах прыродазнаўства рабілі рас. вучоныя А.​Л.​Чыжэўскі, У.​І.​Вярнадскі і інш. Праблема С. і б. займае значнае месца ў гісторыі бел. філас. думкі, дзе знайшлі адлюстраванне як рэліг.-правідэнцыялістычны (М.​Сматрыцкі, Сімяон Полацкі), так і прыродазнаўчанавук. (С.​Будны, К.​Лышчынскі і інш.) падыходы.

Літ.:

Тейяр де Шарден П. Феномен человека: Пер. с фр. М., 1987;

Вернадский В.И. Начало и вечность жизни: [Сб.]. М., 1989;

Человек: Мыслители прошлого и настоящего о его жизни, смерти и бессмертии: Древний мир — эпоха Просвещения. М., 1991;

Русский космизм: Антология филос. мысли. М., 1993;

Семененя И.Н. Феномен жизни в аспекте полевой организации природы. Гродно, 1997;

Бодрийар Ж. Символический обмен и смерть: Пер. с фр. М., 2000.

Т.​І.​Адула.

т. 15, с. 53

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТРО́ФІКА,

1) раздзел паэтыкі, які вывучае спосабы спалучэння радкоў вершаваных у страфу, яе ўзнікненне, развіццё і мастацка-выяўл. магчымасці.

2) Сукупнасць страфічных форм асобнага твора, паэта і інш., пэўным чынам упарадкаваная сістэма радкоў і строф.

Зараджэнне бел. паэзіі звязана з двухрадкоўямі (упершыню ў Ф.​Скарыны ў прадмове да кн. «Зыход», 1519) і чатырохрадкоўямі — катрэнамі (упершыню ў Скарыны ў прадмове да кн. «Іоў», 1517; у Афанасія Філіповіча «Дыярыушы», 1647). Багатая С. дэкламацый Сімяона Полацкага. У 19 ст. С. бел. паэзіі ўзбагацілася творамі, напісанымі пяцірадкоўямі («Дзеванька» Я.​Баршчэўскага), шасцірадкоўямі (ананімны «Я клічу Вас...»), васьмірадкоўямі (ананімны «Ой, у полі вецер вые...») і інш. Найб. інтэнсіўна ў бел. паэзіі С. развіваецца з пач. 20 ст. Больш разнастайнай стала структура строф, паглыбіліся яе рытміка-выяўл. магчымасці. Страфічны падзел тэксту падкрэсліваецца рэфрэнам («Мужык» Я.​Купалы), выкарыстоўваецца кальцавая кампазіцыя («Як я полем іду...» Я.​Купалы) Пашырыліся цвёрдыя формы верша (тэрцыны, секстына, сіцыліяна), засвоіліся айрэны, газелі, рубаі і інш., складаныя віды строф набылі значэнне самаст. відаў верша (санет, трыялет, рандо, актава), распаўсюдзіліся нізкі строф — вянок санетаў, стансы. Паявіліся віды строф, якія не маюць вял. пашырэння ў паэзіі: сямірадкоўе («Малебен» Я.​Коласа), дзевяцірадкоўе («Полымя» Я.​Коласа) і інш. Своеасаблівай страфой напісана паэма Я.​Коласа «Рыбакова хата» (складаецца з 12 радкоў з рыфмоўкай абабвгвгдеед). Асобныя віды строф сталі адметнымі для творчасці некат. паэтаў (шаснаццацірадкоўі А.​Куляшова). У паэзіі пераважаюць вершы, напісаныя аднолькавымі строфамі — раўнастрофныя вершы («Беларусі» П.​Броўкі). Сустракаюцца аднастрофныя вершы («Знаць хочаш, як я цябе знайшоў?» М.​Танка), разнастрофныя вершы («Гапон» В.​Дуніна-Марцінкевіча, «Мёртвая вясна» Броўкі), астрафічныя вершы і строфы, якія ўзніклі на матэрыяле пэўнага жанру, тэматыкі. стылю (баладная страфа, элегічны двуверш) і ў пэўнай ступені захоўваюць сувязь з імі. Аднак строфы звычайна не рэгламентуюцца памерам ці літ. жанрам, іх сэнсавыяўленчая роля вызначаецца зместам канкрэтнага твора.

Літ.:

Лазарук М.А., Ленсу А.Я. Пытанні тэорыі літаратуры. Мн., 1964;

Ралько І.Д. Беларускі верш. Мн., 1969;

Грынчык М.М. Шляхі беларускага вершаскладання. Мн., 1973.

А.​А.​Майсейчык.

т. 15, с. 207

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЯДЗІ́БНЫ ДОМ,

1) жылы будынак у панскай сядзібе, які адрозніваўся ад палаца меншымі памерамі і колькасцю памяшканняў, больш простым арх.-маст. вырашэннем фасадаў і інтэр’ераў; арх.-планіровачны цэнтр сядзібы. Вядомы на тэр. Беларусі, Літвы, Польшчы, Расіі і інш. у 16 — пач. 20 ст. Будавалі пераважна ў сельскай мясцовасці, у гарадах і мястэчках найчасцей былі зімовым жыллём сям’і пана. Першапачаткова — драўляныя будынкі, выкананыя ў традыцыях нар. дойлідства на ўзор 2- і 3-камерных сял. хат, але мелі печ з комінам, шкляныя вокны, ганак. З 17 ст. пашырылася буд-ва мураваных С.д. (напр., у в. Гайцюнішкі Воранаўскага р-на). Развіццё планіроўкі С.д. садзейнічала дыферэнцыяцыі памяшканняў паводле іх функцыян. прызначэння, вылучэнню алькежаў, флігеляў. Часцей выкарыстоўвалася анфіладная планіроўка, сім. кампазіцыя аб’ёмаў. Цэнтр. ч. дома вылучалася адкрытым слупавым (нагадвала сваімі формамі каланаду) ці закрытым ганкам, мезанінам, балконам (напр., у вёсках Відзы Лаўчынскія Браслаўскага, Кашубінцы, г. Навагрудак Гродзенскага р-наў). Архітэктура правінцыяльных С.д. спалучала прынцыпы вядучых маст. стыляў з традыцыямі мясц. дойлідства. З 18 ст. С.д. атрымалі выразныя барочныя сілуэтныя кампазіцыі, складаныя формы дахаў (ламаныя, мансардавыя), якія дапаўняліся аб’ёмамі прыбудаваных алькежаў з шатровымі дахамі (г.п. Копысь Аршанскага р-на). З канца 18 ст. пашырыліся класіцыстычныя кампазіцыі, засн. на вылучэнні гал. фасада і ўвахода (гарады Ваўкавыск, Кобрын, в. Янавічы Клецкага р-на). У 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. часта выкарыстоўваліся прыёмы эклектыкі (Чырвонабярэжская сядзіба, Краскаўская сядзіба).

2) У сучаснай забудове населеных пунктаў — жылы дом, разлічаны на адну сям’ю. Сваёй планіроўкай і аб’ёмнай кампазіцыяй звязаны з тэр. сядзібы і з’яўляецца ч. ансамбля вуліцы, групы дамоў, квартала (в. Мышкавічы Кіраўскага р-на, арх. Т.​Галіёта). Пры ўзвядзенні выкарыстоўваюцца тыпавыя праекты дамоў (1- і 2-павярховыя, мансардавыя, з цокальным паверхам).

Літ.:

Кулагин А.Н. Архитектура дворцово-усадебных ансамблей Белоруссии: Вторая половина XVIII — начало XIX в Мн., 1981;

Чантурия В.А. История архитектуры Белоруссии. Т. 1. 3 изд. Мн., 1985;

Сергачев С.А. Белорусское народное зодчество Мн., 1992.

С.​А.​Сергачоў.

Сядзібны дом у г. Навагрудак Гродзенскай вобл. З гравюры 1862.
Сядзібны дом у вёсцы Відзы Лаўчынскія Браслаўскага раёна Віцебскай вобл.

т. 15, с. 335

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЛУ́ШЧЫ,

рэчывы расліннага (тлустыя алеі) або жывёльнага паходжання, якія складаюцца пераважна з трыгліцэрыдаў — поўных эфіраў гліцэрыны і тлустых кіслот. Агульная ф-ла трыгліцэрыдаў R′OCOCH2—CH(OCOR″)—CH2OCOR‴, дзе R′, R″, R‴ — радыкалы тлустых кіслот. У састаў Т. уваходзяць трыгліцэрыды неразгалінаваных насычаных, а таксама мона- і поліненасычаных тлустых кіслот з цотным (ад 4 да 26) лікам атамаў вугляроду. Т. маюць таксама ды- і монагліцэрыды (1—3%; гл. Гліцэрыды), фосфаліпіды, глікаліпіды і дыольныя ліпіды (0,5—3%), свабодныя тлустыя к-ты, стэрыны і іх эфіры (0,05—1,7%), вітаміны A, D, E і K. Разам з вугляводамі і бялкамі Т. ўваходзяць у састаў жывёльных і раслінных арганізмаў (гл. Тлушчавы абмен).

Жывёльныя Т. — цвёрдыя або вадкія рэчывы, шчыльн. 900—970 кг/м³. Цвёрдыя Т. ёсць у тканках наземных млекакормячых і птушак, вадкія — у тканках марскіх млекакормячых і рыб, а таксама ў касцях і капытах наземных жывёл. У састаў цвёрдых Т. уваходзяць пераважна трыгліцэрыды насычаных кіслот (пальміцінавай C15H31COOH і стэарынавай C17H35COOH) і монаненасычанай C17H33COOH алеінавай к-ты. Вадкія Т. маюць значную колькасць трыгліцэрыдаў поліненасычаных кіслот. Т. плавяцца ў інтэрвале т-р (напр., для свінога Т. tпл22—48 °C, для барановага — 44—55 °C), кіпяць з раскладаннем у высокім вакууме (пры ціску ~0,1 Па tкіп-250 °C). Раствараюцца ў большасці арган. растваральнікаў; у вадзе не раствараюцца, утвараюць з ёй устойлівыя эмульсіі (напр., малако). Пры дзеянні перагрэтай вадзяной пары, мінер. кіслот і ферментаў Т. гідралізуюцца з утварэннем гліцэрыны і свабодных тлустых кіслот, пры дзеянні шчолачаў — амыляюцца (гл. Амыленне); па падвойных сувязях ненасычаных кіслот далучаюць вадарод (гл. Гідрагенізацыя), галагены і інш. Атрымліваюць Т. вытопліваннем з сала-сырцу пераважна сухім (бязводны) ці мокрым (у прысутнасці гарачай вады пад ціскам) спосабамі. Выкарыстоўваюць жывёльныя Т. як харч. прадукты і сыравіну для атрымання такіх прадуктаў, у вытв-сці мыла і мыйных сродкаў, тлустых кіслот, гліцэрыны, касметычных сродкаў, змазачных матэрыялаў, як дабаўкі да высыхальных алеяў у вытв-сці пакостаў і алкідных смол, у медыцыне (крыніца вітаміну A) і сельскай гаспадарцы (падкормка для жывёл).

Літ.:

Беззубов Л.П. Химия жиров. 3 изд. М., 1975;

Технология переработки жиров. М., 1985.

Я.​Г.​Міляшкевіч.

т. 15, с. 478

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТУНІ́С,

горад, сталіца Туніса. Адм. ц. аднайм. вілаета. Каля 1 млн. ж. з прыгарадамі (2001). Вузел чыгунак і аўтадарог. Буйны порт (з аванпортам Хальк-эль-Уэд). Міжнар. аэрапорт. Гал. эканам. і культ. цэнтр краіны. Прам-сць: харчасмакавая, металаапр., тэкст., хім., цэм.; каляровая металургія. Маст. рамёствы. Ун-т.

Як ант. паселішча вядомы за некалькі стагоддзяў да н.э. У 7—2 ст. да н.э. пад уладай Карфагена, з 2 ст. да н.э. — Рыма. У 5 ст. н.э. заваяваны вандаламі, у 6 ст. — візантыйцамі, у 669 — арабамі (наз. Тунус) і ўваходзіў у склад араб. дзяржаў Паўн. Афрыкі. З 13 ст. сталіца ўсходнемагрыбскай дзяржавы Хафсідаў; буйны цэнтр рамесніцтва, гандлю і араб. навукі. У 1535 захоплены і разрабаваны іспанцамі. З 1574 пад уладай Асманскай імперыі, гал. горад яе туніскай правінцыі. Перасяленне ў пач. 17 ст. з Іспаніі маўраў садзейнічала далейшаму росквіту ў Т. гандлю і рамесніцтва. У 18 ст. Т. — рэзідэнцыя правіцеляў дынастыі Хусейнідаў. У 1881 захоплены франц. войскамі, адм. цэнтр франц. пратэктарату Туніс (1883—1956). У 1942—43 акупіраваны італа-герм. войскамі. Пасля 2-й сусв. вайны цэнтр нац.-вызв. руху. З 1956 сталіца незалежнай дзяржавы Туніс.

Ад гар. сцен (9 ст., 13—14 ст.) захаваліся каменныя вароты Баб аль-Джадыд (1276), Баб аль-Менара (13 ст.), рэшткі сцен касбы (цытадэлі). У Старым горадзе (медына) знаходзяцца: мячэці Вялікая («Мячэць аліў», 732. перабудавана ў 9 ст.), аль-Ксар (каля 1106, мінарэт 1647), аль-Хаўа, ці Таўфік (13 ст.), аль-Халік (1375), Меласін (1435), Юсуф Дэя (1616, медрэсэ 1677); маўзалей-куба Бені Харасан (1093); рынкі 13 і 14 ст.; палацы 18—19 ст. Вакол сярэдневяковага горада кварталы пазнейшай забудовы: паштамт (1893, арх. А.​Саладэн), дзелавыя будынкі, жылыя дамы. вілы; комплекс ун-та (арх. Б.​Зерфюс. В.​Гропіус), Нац. тэхн. ін-т (арх. В.​Папоў, А.​Мачалаў), атэль «Афрыка» (усе 1960-я г.; арх. А.​Какуб., Ж.​Кірыякапулос). Музеі: Нац. Бардо (Музей Алауі). ісламскага мастацтва; муніцыпальны т-р. Стары горад уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.

т. 16, с. 30

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УЗБРО́ЕНЫЯ СІ́ЛЫ ААН, сілы ААН па падтрыманні міру, міратворчыя сілы,

міжнародныя вайсковыя фарміраванні, якія ствараюцца ААН у адпаведнасці з яе Статутам (гл. Статут ААН). Складаюцца з кантынгентаў армій краін-членаў арганізацыі. Прызначаны для прадухілення ці ліквідацыі пагрозы міру ў рамках калектыўнай бяспекі. Выкарыстанне У.с. ААН ажыццяўляецца паводле рашэння Савета Бяспекі ААН шляхам сумесных дзеянняў (ваен. дэманстрацыя, блакада, назіранне і інш.), калі меры эканам. і паліт. характару аказваюцца недастатковымі. У.с. ААН вылучаюцца па патрабаванні Савета Бяспекі паводле спец. пагадненняў з урадамі краін-членаў ААН. Міратворцы носяць ваен. форму сваіх дзяржаў, прыналежнасць да сіл ААН вызначаецца па блакітнай касцы або берэце і значку. Кадравыя ваенныя і цывільныя паліцэйскія служаць пад аператыўным кантролем ААН, але застаюцца служачымі нац. узбр. сіл. Аперацыямі па падтрыманні міру кіруе Ген. сакратар ААН звычайна цераз свайго спец. прадстаўніка. Для спец. падрыхтоўкі вайск. персаналу ААН у розных краінах існуюць міжнар. трэніровачныя цэнтры (Польшча, Фінляндыя, Швецыя і інш.).

З моманту разгортвання ў 1948 першай міратворчай місіі ААН 123 краіны добраахвотна вылучылі ў распараджэнне арганізацыі больш за 750 тыс. чал. ваеннаслужачых і цывільнага паліцэйскага персаналу. У якасці міжнар. назіральнікаў вайскоўцы ААН дзейнічалі ў Палесціне (1948; прадстаўлялі 20 краін, у т. л. СССР), на Кіпры (1964) і інш. У.с. ААН удзельнічалі ў Карэйскай вайне 1950—53, у аперацыях у Конга (1960—63), Югаславіі (1992), у раз’яднанні егіпецкіх і ізраільскіх войск на Сінайскім п-ве пасля кастр. вайны 197.3 (гл. Ізраільска-арабскія войны) і інш. У час Кувейцкага крызісу 1990—91 паводле рэзалюцыі ААН былі створаны Шматнац. сілы для вызвалення Кувейта і інш. Нобелеўская прэмія міру (1988).

Літ.:

Кривчикова Э.С. Вооруженные силы ООН. М., 1965;

ООН как инструмент по поддержанию и укреплению мира. М., 1980;

Михеев Ю.Я. Применение принудительных мер по Уставу ООН. М., 1967;

Организация Объединенных Наций: Основные факты: Справ. М., 2000;

The Blue Helmets. 3 ed. New York, 1985;

United Nations. Peace-Keeping. New York, 1993.

В.​А.​Астрога.

т. 16, с. 177

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УЗНАЎЛЕ́ННЕ (эканам.),

пастаяннае паўтарэнне і бесперапыннае аднаўленне працэсаў вытв-сці. Уключае 4 фазы: вытв-сць, размеркаванне, абмен і спажыванне. Зыходным ва ўзнаўленчым працэсе з’яўляецца вытв-сць, іншыя яго фазы залежаць ад яе і ўплываюць на яе. Ва ўмовах рыначнай эканомікі, калі вырабляецца тое, што карыстаецца попытам і канкрэтна спажываецца, роля абмену і спажывання павышаецца і паслядоўнасць фаз мяняецца — за вытв-сцю ідзе абмен, а потым размеркаванне і спажыванне. Па элементах вылучаюць У. фактараў вытв-сці (сродкі вытв-сці, рабочая сіла, прыродныя рэсурсы), У. прадукту, У. вытв. адносін. Напр., У. рабочай сілы таксама носіць пафазны характар і ўключае сістэму адносін, звязаных з яе вытв-сцю, размеркаваннем, абменам і выкарыстаннем. Гэта прадугледжвае захаванне дзеючай рабочай сілы, аднаўленне зрасходаванай рабочай сілы і колькасны прырост занятых у грамадскай вытв-сці, назапашванне ведаў, практычнага вопыту пры навучанні і прац. дзейнасці. Неабходнай умовай грамадскага У. выступае размеркаванне рабочай сілы на аснове прафес. і функцыянальнага падзелу працы. У працэсе абмену ўладальнік рабочай сілы сваю здольнасць да працы прадае ўласніку сродкаў вытв-сці, а пры выкарыстанні (спажыванні) рабочай сілы жывая праца матэрыялізуецца ў вырабленых прадуктах ці паслугах. Паводле эканам. зместу адрозніваюць простае і расшыранае У. Простае У. — паўтарэнне працэсу вытв-сці ў ранейшых памерах; дадатковых сродкаў для набыцця фактараў вытв-сці не патрабуе. Расшыранае У. — паўтарэнне і аднаўленне працэсу вытв-сці з усё большым павелічэннем яе маштабаў. К.​Маркс распрацаваў умовы рэалізацыі сукупнага грамадскага прадукту пры простым і расшыраным У. Пры простым У. сукупны грамадскі прадукт толькі кампенсуе спажытыя жыццёвыя даброты, затрачаныя на яго вытв-сць прылады і прадметы працы, з прычыны чаго накапленне ў грамадстве адсутнічае. Пры расшыраным У. сукупны грамадскі прадукт не толькі кампенсуе гэтыя затраты, але і забяспечвае іх лішак для расшырэння вытв-сці, стварэння рэзерваў і страхавых запасаў. У тэорыі рыначнай эканомікі падыходамі К.​Маркса не карыстаюцца. Макраэканамічная раўнавага вывучаецца на аснове суадносін сукупнага попыту і сукупнай прапановы, але сутнасць У. не адмаўляецца. Лічыцца, што У. — гэта расшырэнне вытв-сці на аснове накаплення і інвестыцый, і ставіцца праблема суадносін спажывання, ашчаднасці і інвестыцый.

А.​В.​Бондар, М.​І.​Платніцкі.

т. 16, с. 183

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УСЕАГУ́ЛЬНАЕ АБАВЯЗКО́ВАЕ НАВУЧА́ННЕ,

сістэма дзярж. мерапрыемстваў па забеспячэнні дзяцей пэўнага ўзросту школьным навучаннем па ўстаноўленых праграмах. Для ажыццяўлення У.а.н. неабходна ўстанаўленне абавязковасці навучання і стварэнне ўмоў, якія рэальна забяспечвалі б магчымасць навучання ў школе: бясплатнасць навучання, наяўнасць неабходнай колькасці школ і настаўнікаў, забеспячэнне вучняў навуч. прыладамі, выкладанне на роднай мове, дакладны ўлік дзяцей, што падлягаюць навучанню, стварэнне сеткі спец. школ для дзяцей, якія маюць фіз. недахопы ці разумова адсталыя. Законы аб У.а.н. ўведзены ў большасці краін: у ЗША (у розных штатах) у 1852—1900, у Вялікабрытаніі ў 1880, у Францыі ў 1881—82. У СССР У.а.н. дэкларавана «Палажэннем аб Адзінай працоўнай школе РСФСР» ад 16.10.1918. У БССР усеаг. пачатковае навучанне ўведзена ў 1926/27 навуч. г. пастановай СНК і Прэзідыума ЦВК БССР ад 7.4.1926. У 1931/32 навуч. г. першым канцэнтрам школ (1—4 групы) ахоплена 97% усіх дзяцей ва ўзросце 8—11 гадоў. У гарадах, рабочых пасёлках і фабр.-заводскіх раёнах У.а.н. ў аб’ёме сямігодкі ўведзена ў 1931/32 навуч. г., на тэр. ўсёй рэспублікі (Пастанова СНК БССР ад 2.8.1932) — у 1932/33 навуч. г. З уз’яднаннем Беларусі ў 1939 у зах. абласцях увядзенне У.а.н. пачалося разам са стварэннем сав. школьнай сістэмы. У гады Вял. Айч. вайны для ўсіх дзяцей (акрамя яўрэйскіх) акупац. ўлады на тэр. ген. акругі Беларусь уводзілі абавязковае школьнае навучанне, за адмову наведваць школы на бацькоў і вучняў накладваліся розныя спагнанні, аднак рэалізаваць на практыцы У.а.н. акупантам не ўдалося. Да сярэдзіны 1950-х г. У.а.н. фактычна ўведзена за курс 7-гадовай школы. Паводле Пастановы Вярх. Савета СССР «Аб умацаванні сувязі школы з жыццём і аб далейшым развіцці сістэмы народнай адукацыі ў СССР» (1958) 7-гадовыя школы пераўтвораны ў 8-гадовыя; на іх базе ажыццяўлялася ўсеаг. абавязковая няпоўная сярэдняя адукацыя. Пашыралася і сетка сярэдніх школ. У 1970-я г. пачаўся пераход да ўсеаг. сярэдняй адукацыі. З 2-й пал. 1990-х г. у Рэспубліцы Беларусь вядзецца рэформа школы, якая павінна перабудаваць яе працу ў адпаведнасці з патрабаваннямі часу: мяняецца структура школы, уводзіцца шырокая дыферэнцыяцыя навучання.

І.​М.​Раманава.

т. 16, с. 261

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФІЛЬМ-СПЕКТА́КЛЬ,

экранізацыя тэатральнага спектакля, зробленая з улікам асаблівасцей выяўленча-выразных сродкаў кіна-, тэле- і відэамастацтва. Мае на мэце пашырэнне дасягненняў тэатр. мастацтва з дапамогай сучасных тэхналогій. Дзеянне пры здымцы можа фіксавацца ў тэатр. зале або пераносіцца ў павільёны кінастудыі ці на натуру; выкарыстоўваецца і спалучэнне гэтых форм пры захаванні пастановачнай задумы спектакля, рэжысёрскага вырашэння і акцёрскай трактоўкі вобразаў. Першыя Ф.-с. створаны ў Расіі («Цар Іван Васілевіч Грозны», 1915; «Рэвізор», 1916, і інш.).

У бел. кіно пашыраны з пач. 1950-х г.: «Паўлінка» Я.​Купалы (1952, рэж. А.​Зархі), «Пяюць жаваранкі» (1953, рэж. У.​Корш-Саблін і К.​Саннікаў) і «Хто смяецца апошнім» К.​Крапівы (1954, рэж. Корш-Саблін) і інш. У наст. гады стварэнне Ф.-с. звязана з выкарыстаннем тэлевізійнага спосабу фіксацыі: «Трыбунал» (1976, рэж. В.​Акімушкін і В.​Раеўскі) і «Зацюканы апостал» А.​Макаёнка (1982, рэж. Б.​Луцэнка), «Брама неўміручасці» К.​Крапівы (1978, рэж. У.​Міхарскі), «Апошні шанц» В.​Быкава (1981, рэж. Раеўскі) і інш. Бел. т-ра імя Я.​Купалы; «Сымон-музыка» паводле Я.​Коласа (1977, рэж. У.​Траццякоў), «Паядынак» М.​Матукоўскага (1985, рэж. У.​Арлоў і Б.​Эрын) Бел. т-ра імя Я.​Коласа; «Вяртанне ў Хатынь» паводле А.​Адамовіча (1984, рэж. Луцэнка і Ю.​Хашчавацкі) Дзярж. рус. драм. т-ра і інш. З 1990-х г. рэпрадукцыя тэатр. спектакляў ажыццяўляецца з выкарыстаннем электронных, лічбавых і відэаносьбітаў: «Пагарэльцы» Макаёнка (1988, рэж. В.​Шавялевіч) Бел. т-ра імя Я.​Коласа; «Страсці па Аўдзею» У.​Бутрамеева (1989, рэж. Раеўскі), «Тутэйшыя» Купалы (1992, рэж. М.​Пінігін), «Князь Вітаўт» А.​Дударава (1998, рэж. Шавялевіч) і інш. Бел. т-ра імя Я.​Купалы, «На Залатым возеры» Э.​Томпсана (1993, рэж. А.​Карпаў-малодшы) рус. драм. т-ра, фільм-опера «Францыск Скарына» Дз.​Смольскага (1990, рэж. Г.​Нікалаеў) Нац. т-ра оперы; фільм-балет «Страсці» А.​Мдывані (1996, рэж. Шавялевіч) Нац. т-ра балета; «Запіскі вар’ята» паводле Ф.​Дастаеўскага (1997, рэж. А.​Ляляўскі) Бел. дзярж. т-ра лялек, «Мілы ілгун» Дж.​Кілці (1999, рэж. С.​Агеенка) Т-ра студыі кінаакцёра і інш.

Н.​Ц.​Фральцова.

т. 16, с. 398

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)