КАНФЕРЭ́НЦЫЯ ААН ПА ГА́НДЛІ І РАЗВІЦЦІ́,

(United Nations Conference on Trade and Development; ЮНКТАД), адзін з пастаянных органаў Генеральнай Асамблеі ААН. Засн. ў 1964. Асн. мэты: спрыянне развіццю міжнар. гандлю, каардынацыя дзейнасці інш. устаноў сістэмы ААН у галіне гандлю і эканам. развіцця, распрацоўка юрыд. базы міжнар. гандлю. У склад ЮНКТАД уваходзяць усе дзяржавы — чл. ААН, яе спец. устаноў і Міжнар. агенцтва па атамнай энергетыцы. Вышэйшы орган — сесія (праходзіць не радзей як раз у 4 гады), паміж сесіямі працуюць Савет па гандлі і развіцці (збіраецца 2 разы на год, пры ім існуе 7 асн. к-таў), і сакратарыят на чале з ген. сакратаром. У межах канферэнцыі дзейнічаюць к-ты па сыравіннай прадукцыі, спец. па прэферэнцыях, па прамысл. гандлі. Штаб-кватэра ў Жэневе.

В.​В.​Варановіч.

т. 8, с. 10

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́НЫ (Canne; лац. Cannae),

старажытнае паселішча ў Паўд.-Усх. Італіі (вобл. Апулія) на р. Офанта, каля якога 2.8.216 да н. э. ў 2-ю Пунічную вайну адбылася бітва паміж рым. арміяй пад камандаваннем консула Тэрэнцыя Варона (80 тыс. пяхоты і 6 тыс. конніцы) і карфагенскай арміяй на чале з Ганібалам (40 тыс. пяхоты і 10 тыс. конніцы). У ходзе бітвы рым. армія пацясніла цэнтр карфагенскага войска, аднак конніца Ганібала разбіла на флангах рым. конніцу і ўдарыла з тылу, а карфагенская адборная пяхота акружыла рым. войскі з флангаў. Рымляне пацярпелі паражэнне (загінула 48 тыс. рым. воінаў, 6 тыс. карфагенян). Пасля бітвы многія італійскія і сіцылійскія гарады перайшлі на бок Ганібала. Бітва пры К. увайшла ў гісторыю як выдатны прыклад ваен. майстэрства, яе апісаў стараж.-рым. гісторык Ціт Лівій.

т. 8, с. 16

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАПІ́НСКІ (Ісая) (? — 15.10.1640),

праваслаўны царк. дзеяч Рэчы Паспалітай, пісьменнік-палеміст. Манах Кіева-Пячэрскай лаўры, адзін з арганізатараў Кіеўскай брацкай школы. З 1620 — епіскап перамышльскі, з 1628 — смаленскі і чарнігаўскі, у 1631—32/33 — мітрапаліт кіеўскі і ўсяе Русі. У крас. 1632 пры абранні каралём Уладзіслава IV намаганнямі архімандрыта Пятра Магілы адхілены ад пасады, у 1633 афіцыйна пазбаўлены сана і зняволены (да 1635). Выступаў супраць Брэсцкай уніі 1596. Аўтар зборніка маральных выслоўяў «Духоўная лесвіца», пасланняў да духавенства і прыватных асоб і інш. Творы К. значна паўплывалі на наступныя пакаленні бел. і ўкр. царк. мысліцеляў.

Літ.:

Костомаров Н.И. Русская история в жизнеописаниях ее главнейших деятелей. М., 1991. Кн. 2. С. 72—78;

Мартос А Беларусь в исторической государственной и церковной жизни. Мн., 1990. С. 188.

А.​А.​Яскевіч.

т. 8, с. 24

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРАЛЁЎ (Мікалай Піліпавіч) (1.7.1906, в. Амінавічы Асіповіцкага р-на Магілёўскай вобл — 9.4.1972),

адзін з арганізатараў і кіраўнікоў партыз. руху на тэр. Магілёўскай вобл. ў Вял. Айч. вайну. Ген.-маёр (1943). Герой Сав. Саюза (1944). Скончыў ВПШ пры ЦК КПСС (1956). З 1937 нам. старшыні, старшыня Асіповіцкага райвыканкома. З ліп. 1941 у партызанах. камандзір партыз. групы, атрада, брыгады, у ліп. 1943 — сак. 1944 — Асіповіцкай ВАГ. У крас. — вер. 1943 чл. Магілёўскага падп. абкома КП(б)Б. З жніўня 1944 старшыня Магілёўскага гарвыканкома, з 1953 сакратар Хоцімскага райкома КПБ, з 1958 на сав. рабоце ў Магілёве. Канд. у чл. ЦК КПБ у 1949-52, 1954—60. Дэп. Вярх. Савета БССР у 1947—59, у 1947—55 чл. яго Прэзідыума. Ганаровы грамадзянін г. Магілёва. Аўтар кн. «Сыны народа» (1955). У в. Амінавічы помнік.

М.П.Каралёў.

т. 8, с. 51

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРДЫЯЛО́ГІІ БЕЛАРУ́СКІ НДІ Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь.

Засн. ў 1977 у Мінску на базе праблемнай н.-д. лабараторыі кібернетычных метадаў дыягностыкі і біякіравання (з 1970) Мінскага мед. ін-та. Асн. кірункі навук. даследаванняў: распрацоўка навук. асноў прафілактыкі, метадаў дыягностыкі, рэабілітацыі і лячэння (у т. л. хірургічнага) ішэмічнай хваробы сэрца і артэрыяльных гіпертэнзій, аўтаматызаваных праграмна-тэхн. сродкаў і прыбораў для іх выяўлення і кантролю эфектыўнасці, лячэбных і аздараўленчых мерапрыемстваў пры сардэчна-сасудзістых захворваннях і інш. У ін-це працуюць лаўрэаты Дзярж. прэміі Беларусі 1996 акад. Нац. АН Беларусі Г.І.Сідарэнка (заснавальнік ін-та), Ю.П.Астроўскі, Л.З.Паланецкі, Я.Г.Нікіцін, А.У.Фралоў, У.У.Мірончык, А.П.Вераб’ёў. (Дырэктар ін-та з 1993 М.А.Манак.) На базе ін-та працуе Рэсп. цэнтр сардэчна-сасудзістай хірургіі (аперацыі па карэкцыі парокаў сэрца, рэканструкцыі сасудаў і інш.).

В.​М.​Гайдук.

т. 8, с. 68

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРХЕМЫ́Ш, Кархеміш,

старажытны горад на правым беразе р. Еўфрат у паўн. Сірыі (каля сучаснага г. Джэраблус). Існаваў з 4—3-га тыс. да н.э. У часы Хамурапі (18 ст. да н.э.) знаходзіўся пад месапатамскім культ. уплывам, у 15 ст. да н.э. — у васальнай залежнасці ад Егіпта, пазней — да 12 ст. да н.э. — ад Хецкага царства. У 12—8 ст. да н.э. цэнтр самастойнага царства. У 717 да н.э. заваяваны Сарганам II. У 605 да н.э. пры К. адбылася бітва, у якой вавілонскі цар Навухаданосар II разбіў егіп. фараона Неха II і асірыйскага цара Ашурубаліта II, што прывяло да ліквідацыі асірыйскай дзяржавы. Раскопкамі 1876, 1878—81, 1908—19 у К. адкрыты абарончыя збудаванні, фундаменты і арх. дэталі палацаў, храмаў і інш. пабудоў, клінапісныя і іерагліфічныя надпісы.

т. 8, с. 109

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРЫБУ́Т (у хрышчэнні Дзмітрый; ? — пасля 1404),

князь з дынастыі Гедзімінавічаў. Сын вял. князя ВКЛ Альгерда і Юльяны Цвярской. Упершыню ўпамінаецца ў 1382, калі разам з братамі Ягайлам, Скіргайлам і інш. падпісаў дагавор з крыжакамі на р. Дубіса. У 1386 у Луцку прысягнуў польскаму каралю Ягайлу. У 1390 дапамог яму пры аблозе Гродна, за што атрымаў у дзяржанне г. Ліда. Адмовіўся прысягаць Вітаўту як вял. князю ВКЛ, у 1392 разбіты яго войскамі, узяты ў палон, адпушчаны, але страціў Новагародскае княства. У хуткім часе памірыўся з Вітаўтам, удзельнічаў у яго паходах. Апошні раз упамінаецца ў 1404 як удзельнік паходу на Смаленск. Быў жанаты з удавой друцкага князя Дзмітрыя Васілевіча, з ёй меў сыноў Івана, Жыгімонта, Фёдара (гл. Карыбутавічы). У гістарыяграфіі часта блытаюць К. і яго брата Дзмітрыя Альгердавіча.

т. 8, с. 114

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСМІ́ЧНАЕ РАДЫЁВЫПРАМЯНЕ́ННЕ,

выпрамяненне радыёхваль рознымі аб’ектамі Метагалактыкі. Бывае неперарыўнае і дыскрэтнае; цеплавое (інтэнсіўнасць вызначаецца т-рай выпрамяняльнага аб’екта) і нецеплавое (сінхратроннае; выпрамяняецца рэлятывісцкімі электронамі пры іх руху ў касм. магн. палях). Вывучаецца ў радыёастраноміі.

Адкрыта ў 1932 амер. вучоным К.​Янскім; у 1942 выяўлена радыёвыпрамяненне Сонца, у 1945 — Месяда, у 1946 — ад крыніцы ў сузор’і Лебедзя. Паверхні Зямлі дасягае К.р. ў дыяпазоне ад дэкаметровых да міліметровых радыёхваль (астатняе К.р. паглынаецца ў атмасферы Зямлі). Неперарыўны спектр К.р. маюць нармальныя галактыкі і радыёгалактыкі, квазары, пульсары, рэшткі звышновых зорак і інш. Дыскрэтнае К.р. звязана з халоднымі і шчыльнымі міжзорнымі воблакамі, дзе ідуць працэсы зоркаўтварэння. Найб. інтэнсіўна выпрамяняюць нейтральны вадарод (даўжыня хвалі 21 см), гідраксільная група (18 см), вада (1,35 см), вуглякіслы газ (2,6 мм). Гл. таксама Рэліктавае выпрамяненне.

А.​А.​Шымбалёў.

т. 8, с. 148

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАУ́РЫ (інд. kauri),

невялікая ракавіна марскога малюска (даўж. 1—2,5 см). У стараж. часы К. выкарыстоўваліся як упрыгожанні і грашовы сродак у народаў Азіі, Афрыкі, Акіяніі (да пач. 20 ст.), Еўропы. Як грошы ў Афрыцы вядомы ў 11—12 ст. У 17—18 ст. тэрыторыя іх выкарыстання пашыралася, у сярэдзіне 19 ст. у Зах. Афрыцы зафіксаваны іх курс: 1 талер = 2500 ракавін, у народаў Індыйскага акіяна 1 рупія = 2500—12 000 К. На Беларусі К. выяўлены пры раскопках сярод знаходак 12 ст. (Гродзенскі Стары замак, Полацк і інш.) і 15—16 ст. (Панямонне). Звычайна К. мелі адтуліну для нанізвання на шнур. Магчыма, К. выкарыстоўваліся на тэр. Беларусі як грошы у безманетны перыяд (2-я пал. 11—13 ст.).

Каралі з кауры, бронзавыя пярсцёнак і бранзалет 12 ст. з Полацкага гарадзішча.

т. 8, с. 181

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІМЕРЫ́ЙЦЫ (асір. gimirrai, грэч. Kimmerioi),

назва плямён, якія ў 8—7 ст. да н.э. жылі ў паўн.-ўсх. Прычарнамор’і. Паводле звестак Герадота і інш. аўтараў, К. засялялі Паўн. Прычарнамор’е аж да Фракіі і былі выгнаны адтуль скіфамі. У 670-я г. да н.э. К. захапілі Фрыгію, а ў 650-я — Лідыю. Больш за ўсё яны затрымаліся ў Кападокіі, у раёне Сінопа (да канца 7 ст. да н.э.). З кімерыйска-скіфскім пранікненнем ў Малую Азію звязваюць знаходкі стараж. «скіфскіх» наканечнікаў стрэл пры раскопках Багазкёя, Сардаў, Гордзіяна і інш. У археалогіі прычарнаморска-балканскіх краін К. нярэдка звязваюць з культурай пераходнай эпохі ад бронзы да жалеза.

Літ.:

Артамонов М.И. Киммерийцы и скифы: (От появления на ист. арене до конца IV в до н.э.). Л., 1974;

Тереножкин А.И. Киммерийцы. Киев, 1976.

т. 8, с. 262

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)