СКЛАД у мовазнаўстве,

частка слова, утвораная галосным гукам або яго спалучэннем з зычнымі на аснове злітнага з імі вымаўлення. У залежнасці ад прынцыпаў складападзелу існуе некалькі тэорый будовы С. У бел. мове складаўтваральныя галосныя «а», «э», «о», «у», «і», «ы» з адным («гэ», «ра»), двума («збы», «цаў»), трыма («стра», «сква», «клас»), чатырма («гвалт», «пстры») і большай колькасцю зычных, часам толькі галоснымі (акрамя «ы»): «у-бок», «а-сабліва», «і-мя». У слове бывае ад 1 да 6 і болей С. У вуснай мове пераважаюць словы больш кароткія па колькасці С. У бел. мове больш слоў 1- і 2-складовых. С. бываюць націскныя (вымаўляецца больш выразна і напружана, аднак сіла, працягласць, вышыня тону гучання не заўсёды мацней і даўжэй за ненаціскны) і ненаціскныя (пераднаціскныя: «па-ляў-нічымі», паслянаціскныя: «паляўні-чы-мі»). У слове з 5 і болей С. з націскам на 1-м С. ўзнікае пабочны націск на перадапошнім С. («вы-ра-та-ва-ны-мі»). Ад месца С. ў слове залежыць іх падзел на пачатковыя (характэрна большая гучнасць і разнастайнасць спалучэння зычных: «ка-валак»), канцавыя і неканцавыя («кло-паты»). У залежнасці ад месца галоснага С. бываюць адкрытыя (на канцы галосны: «два») і закрытыя (на канцы зычны: «дах»), непрыкрытыя (пачынаецца з галоснага: «эх») і прыкрытыя (пачынаецца з зычнага: «вугал»). Адкрытыя і закрытыя С. могуць быць прыкрытымі («мы», «дах») і непрыкрытымі («а», «іл»). Адкрытымі непрыкрытымі могуць быць толькі С., утвораныя адным галосным; найб. колькасць тыпаў С. — прыкрытыя. У бел. мове (у параўнанні з рус.) больш адкрытых і менш непрыкрытых С. Колькасцю С., вымаўленых за адзінку часу (секунду, мінуту), вымяраецца тэмп маўлення. Сярэдні тэмп маўлення на бел. мове — 3 С. ў секунду.

Літ.:

Беларуская граматыка. Ч. 1. Мн., 1985.

Г.​В.​Лосік.

т. 14, с. 458

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СПЕЦЫЯ́ЛЬНЫЯ ВО́ЙСКІ,

вайсковыя часці і злучэнні, прызначаныя для забеспячэння баявой дзейнасці ўзбр. сіл і выканання спец. задач. Існуюць у шэрагу дзяржаў, у т. л. ў Рэспубліцы Беларусь Уваходзяць у склад Тылу ўзбр. сіл (аўтамаб., дарожныя войскі і інш.), відаў узбр. сіл (напр., мабільныя сілы — у сухап. войскі, інжынерна-аэрадромныя часці — у ВПС і інш.), а таксама рэзерву, у т. л. стратэгічнага. Напр., у Вял. Айч. вайну 1941—45 некат. злучэнні і часці інжынерных войск, войск сувязі былі непасрэдна падпарадкаваны Нар. камісару абароны, Стаўцы Вярх. галоўнакамандавання і інш. органам Дзярж. камітэта абароны.

На тэр. Беларусі ў гады 2-й сусв. вайны дзейнічалі, у т. л. ў складзе партызанскіх фарміраванняў, спец. разведвальна-дыверсійныя атрады і інш. спец. падраздзяленні, якія выконвалі адказныя задачы ў інтарэсах сав. войск (гл. Партызанскі рух на Беларусі ў Вялікую Айчынную вайну); у перыяд вайны і пасля яе — органы і спец. часці (падраздзяленні) НКУС. Нар. камісарыята абароны (гл. «Смерш») і інш., прызначаныя для барацьбы з дыверсійнай і тэрарыст. дзейнасцю замежных разведак, выканання інш. спец. задач. На тэр. Беларусі ў 1941—44 дзейнічалі і спец. падраздзяленні абвера, гестапа, СД, СС і інш. спец. службаў фаш. Германіі.

Ва Узбр. Сілах Рэспублікі Беларусь С.в. ўключаюць: чыгуначныя войскі, інж. і хім. войскі, войскі сувязі, злучэнні і часці разведкі, тэхн. і тылавога забеспячэння, а таксама радыёэлектроннай барацьбы. Арганізацыя, узбраенне і тэхн. забеспячэнне С.в. залежаць ад іх прызначэння. Шэраг спец. задач, у т. л. па барацьбе з тэрарызмам, ахове грамадскага парадку і інш., выконваюць злучэнні (асобныя брыгады) спец. прызначэння ўзбр. сіл, а таксама некат. часці і падраздзяленні ўнутр. і пагран. войск. Важная роля С.в. належыць у ліквідацыі на тэр. Беларусі наступстваў чарнобыльскай і інш. тэхнагенных катастроф, пры правядзенні размініравання, у барацьбе з паводкамі і інш.

Р.​Ч.​Лянькевіч, У.​І.​Свякла.

т. 15, с. 111

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТАНКАБУДАЎНІ́ЧАЯ І ІНСТРУМЕНТА́ЛЬНАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,

адна з найважнейшых галін прамысловасці, якая займаецца станкабудаваннем і вытворчасцю інструментаў. Спецыялізуецца на выпуску металарэзных станкоў, дрэварэзальных станкоў, аўтаматычных ліній для машынабудавання і металаапрацоўкі, абсталявання для кавальска-прэсавай вытворчасці, металарэзнага інструменту, дрэварэзальнага інструменту, кавальскага інструменту, аснасткі тэхналагічнай, абсталявання для ліцейнай вытворчасці, гідраапаратуры і інш.

На Беларусі развіваецца з 1920-х г. Найбуйнейшыя з прадпрыемстваў станкабудавання: Мінскі станкабудаўнічы завод імя Кастрычніцкай рэвалюцыі, Мінскі станкабудаўнічы завод імя С.​М.​Кірава, Мінскі завод аўтаматычных ліній, Віцебскі станкабудаўнічы завод імя Камінтэрна, Віцебскі станкабудаўнічы завод імя С.​М.​Кірава, Віцебскі завод заточных станкоў, Аршанскі станкабудаўнічы завод, Гомельскі завод станочных вузлоў, Баранавіцкі завод аўтаматычных ліній. Заводы інстр. прам-сці: Мінскі інструментальны завод, Кобрынскі інструментальны завод «Сітама» (у складзе Бел. інстр. ВА), Аршанскі інструментальны завод, Мінскі з-д спецінструменту і тэхнал. аснасткі; міжгаліновых вытв-сцей: Гомельскі ліцейны завод «Цэнтраліт», Гомельскі завод «Гідрапрывод», Ваўкавыскі завод ліцейнага абсталявання. Працуюць таксама Маладзечанскі станкабудаўнічы завод, Баранавіцкі завод станкапрылад, Пінскае дзяржаўнае прадпрыемства «Кавліцмаш» (выпускае ліцейнае і кавальска-прэсавае абсталяванне). Акрамя спецыялізаваных станкабудаваннем займаюцца інш. прадпрыемствы. Інструмент выпускаюць у сваіх інстр. цэхах большасць машына- і прыладабуд. з-даў. Металарэзнае абсталяванне, якое цяпер ствараецца, паводле прадукцыйнасці, дакладнасці, ступені аўтаматызацыі, сервісу і інш. паказчыкаў адпавядае ўзроўню замежных узораў. У апошнія гады створана аснова для пераходу на блочна-модульны прынцып праектавання і вытв-сці станкоў розных тэхнал. груп. Забяспечваецца павышэнне прадукцыйнасці, дакладнасці і гібкасці асн. груп металарэзнага абсталявання, ствараюцца новыя канструкцыі дапаможнага (магн. пліты, маніпулятары, спец. накапляльнікі) і кантрольна-вымяральнага абсталявання. 63 вытворцы розных форм уласнасці выпускаюць больш за 6300 тыпапамераў металарэзнага інструменту і звыш 2600 тыпапамераў абразіўнага (у т. л. на аснове звышцвёрдых матэрыялаў), што складае 58% інструментальнага сектара (29% прыпадае на вытв-сць штампаў і прыстасаванняў, 13% — на вытв-сць сродкаў вымярэння). Асн. кірункам дзейнасці інструментальнай падгаліны з’яўляецца павелічэнне ўзроўню імпартазамяшчэння.

Дз.​Ф.​Усціновіч.

т. 15, с. 148

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТАНКЕ́ВІЧ Янка (26.11.1891, в. Арляняты Смаргонскага р-на Гродзенскай вобл. — 16.7.1976),

бел. грамадска-паліт. і эміграцыйны дзеяч, мовазнавец, гісторык; у Вял. Айч. вайну супрацоўнічаў з ням.-фаш. захопнікамі. Д-р слав. філалогіі і гісторыі (1926). Скончыў Віленскую бел. гімназію (1921), Карлаў ун-т у Празе (1926). У 1-ю сусв. вайну ў рас. арміі. Са снеж. 1917 у Вільні, адзін з заснавальнікаў Беларускага навуковага таварыства, у студз. 1918 абраны ў склад Віленскай беларускай рады. У час польска-сав. вайны 1919—20 чл. прэзідыума Цэнтральнай беларускай рады Віленшчыны і Гродзеншчыны, Цэнтральнай беларускай школьнай рады. Пасол (дэпутат) польскага сейма (1928—30). З 1926 выкладчык Віленскага і Варшаўскага ун-таў. У перыяд акупацыі Беларусі ням. фашыстамі чл. Бел. нар. самапомачы, навук. аддзела Бел. цэнтр. рады, адзін з заснавальнікаў Бел. навук. т-ва ў Мінску. З 1944 у Германіі, аднавіў дзейнасць Крывіцкага (Беларускага) навуковага таварыства імя Скарыны. З 1949 у ЗША, удзельнічаў у працы Бел.-амер. задзіночання, Бел.-амер. звязу, выдаваў час. «Веда», «Незалежнік», супрацоўнічаў з Бел. ін-там навукі і мастацтва і яго выданнем «Запісы», час. «Сяўбіт», газ. «Бацькаўшчына» (Мюнхен), «Беларус» (Нью-Йорк) і інш. Адзін з заснавальнікаў Вялікалітоўскага (Беларускага) фонду імя Льва Сапегі. Аўтар прац па бел. гісторыі, гістарыяграфіі, мовазнаўстве: «Месца беларускай мовы сярод іншых славянскіх моў і час яе ўзнікнення» (1930), «Час узнікнення беларускага і ўкраінскага народаў» (1931), «Крыўя-Беларусь у мінуласці» (1942), «Этнаграфічная і гістарычная тэрыторыі і граніцы Беларусі» (1953), «З гісторыі Беларусі» (1958). «Друкары Іван Хведаровіч Рагаза і Пётр Мсціславец» (1969), «З украінскіх дачыненняў да Вялікалітвы-Беларусі» (1970), «Нарысы з гісторыі Вялікалітвы-Беларусі» (выд. 1978) і інш. Беларусь называў Крывіяй (зыходзячы з «крывіцкай» канцэпцыі этнагенезу беларусаў) ці Вялікалітвой. Расшыфраваў і транслітарыраваў кітаб 17 ст. Падрыхтаваў «Беларуска-расійскі (Вялікалітоўска-расійскі) слоўнік» (выд. 1990).

Тв.:

Зб. твораў. Т. 1—2. Мн., 2002.

А.​М.​Вабішчэвіч. У.​В.​Ляхоўскі.

т. 15, с. 150

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТАРО́БІНСКАЕ РАДО́ВІШЧА КАЛІ́ЙНЫХ І КАМЕ́ННАЙ СО́ЛЕЙ,

адно з найбуйнейшых у свеце, у Салігорскім р-не Мінскай вобл. Адкрыта ў 1949, распрацоўваецца з 1963. Прымеркавана да паўн.-зах. краявой ч. Прыпяцкага саляноснага басейна. Паклады звязаны з верхнедэвонскай саляноснай фармацыяй. Сістэмай разломаў плошча радовішча падзелена на 3 тэктанічныя блокі: Заходні, Цэнтральны (1-, 2-, 3-е шахтавыя палі) і Усходні (4-е шахтавае поле). Па ўнутрысалявых гарызонтах радовішча ўяўляе сабой асіметрычную прыразломную сінкліналь субшыротнага распасцірання. Саляносная тоўшча (магутнасць 50—800 м і больш) складзена з пачкаў карбанатна-гліністых парод (4—40 м) і каменнай солі (3—45 м). Развіты 4 калійныя гарызонты (I, II, III, IV), распрацоўваюцца II i III. II гарызонт (глыб. залягання 368—700 м, магутнасць 1,4—2,9 м) уключае 2 сільвінітавыя слаі і прамежкавы слой каменнай солі. III гарызонт (глыб. залягання 350—1100 м, магутнасць 2—28 м) складзены з 2 сільвінітавых (ніжні распрацоўваецца) і сярэдняга глініста-карналітавага пластоў. Калійныя солі бессульфатнага тыпу прадстаўлены мікра-, дробна- і сярэднезярністымі сільвінітамі. Маюць 23—29% хлорыстага калію, 0,1—0,2% хлорыстага магнію, 3,9—5,6% нерастваральных рэшткаў. Агульныя балансавыя запасы калійных солей па катэгорыях A+B+C1 — 2,65 млрд. т, па катэгорыі С1 — 0,57 млрд. т. Балансавыя запасы каменнай солі па катэгорыях A+B+C1 — 0,77 млрд. т. Штогод здабываецца каля 25 млн. т калійных і 0,5 млн. т каменнай солей. Вытв-сць калійных угнаенняў у 2000 3,4 млн. т (у пераліку на 100% аксіду калію). Радовішча з’яўляецца сыравіннай базай ВА «Беларуськалій». Распрацоўка радовішча выклікала шэраг экалагічных праблем, звязаных з негатыўным уздзеяннем калійнай вытв-сці на навакольнае асяроддзе: асяданне зямной паверхні над горнымі вырабаткамі, падтапленне, забалочванне і затапленне зямель, засаленне глебы і падземных вод, намнажэнне цвёрдых галітавых і вадкіх глініста-салявых адкладаў калійнай вытв-сці.

Э.​А.​Высоцкі.

т. 15, с. 161

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТРАВАВА́ННЕ,

сукупнасць працэсаў, што забяспечваюць мех. драбненне і хім. (пераважна ферментатыўнае) расшчапленне харч. рэчываў на кампаненты, прыдатныя да ўсмоктвання і ўдзелу ў абмене рэчываў. Адрозніваюць 3 асн. тыпы. Пры ўнутрыклетачным С. харч. субстрат паступае ўнутр клеткі, дзе гідралізуецца ферментамі цытаплазмы або пры ўдзеле лізасом, а таксама ва ўнутрыклетачных поласцях — стрававальных вакуолях (гл. Пінацытоз, Фагацытоз). Пашырана ў аднаклетачных, некат. ніжэйшых мнагаклетачных і ў вышэйшых жывёл. Пазаклетачнае, або дыстантнае, С. характарызуецца тым, што ферменты, якія сінтэзуюцца ў клетках, выдзяляюцца ў знешняе асяроддзе і гідралізуюць харч. рэчывы. Пашырана ў кішачнаполасцевых, ракападобных, насякомых і інш. У вышэйшых мнагаклетачных адбываецца ў поласцях стрававальна-кішачнага тракту (поласцевае С.). Мембраннае, або прысценачнае, С. ажыццяўляецца ферментамі, лакалізаванымі на структурах клетачнай мембраны, звычайна на паверхні кішэчных клетак. Уласціва многім беспазваночным і ўсім пазваночным жывёлам. У норме ў працэсах С. важную ролю адыгрываюць мікраарганізмы, а ў некат. жывёл прасцейшыя, што насяляюць розныя аддзелы стрававальнай сістэмы. У роце адбываецца пераважна мех. драбненне ежы і змочванне яе слінай; у страўніку — кіслотная дэнатурацыя бялковых кампанентаў ежы і пачатковыя стадыі гідролізу бялкоў; найб. інтэнсіўныя працэсы расшчаплення (з удзелам ферментаў падстраўнікавай залозы, солей жоўцевых к-т) і ўсмоктвання канчатковых прадуктаў — у тонкай кішцы. Асн. канечнымі прадуктамі расшчаплення бялкоў з’яўляюцца амінакіслоты, тлушчаў — гліцэрын і тлустыя к-ты, вугляводаў — монацукрыды. Пасля ўсмоктвання з іх у органах і тканках зноў сінтэзуюцца складаныя, спецыфічныя для арганізма злучэнні. У тоўстай кішцы С. звычайна адсутнічае, а адбываецца інтэнсіўнае ўсмоктванне вады, электралітаў, глюкозы, некат. вітамінаў і амінакіслот, якія выпрацоўвае кішэчная мікрафлора. Па меры прасоўвання і ўшчыльнення змесціва кішэчніка фарміруецца кал, назапашванне якога выклікае акт дэфекацыі. Дзейнасць органаў С. кантралюецца вегетатыўнай нерв. сістэмай і гумаральнымі фактарамі.

Літ.:

Уголев А.М. Эволюция пищеварения и принципы эволюции функций. Л., 1985;

Яго ж. Теория адекватного питания и трофология. СПб., 1991.

А.​С.​Леанцюк.

т. 15, с. 191

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«СТРАЛА́»,

«Ваджэнне і пахаванне стралы» («сулы»), даўні ахоўна-засцерагальны і магічна-агр. абрад усх. славян, якім завяршаўся веснавы каляндарна-земляробчы цыкл. Праводзіўся ў канцы вясны пры аглядах азімых (на Вялікдзень, Юр’я, Ушэсце). Рэгіён найб. пашырэння — Пасожжа, тэр. паміж Дняпром і Прыпяццю, часткова Гомельская, Чарнігаўская (Украіна) і Бранская (Расія) вобл. (супадае з вобласцю рассялення радзімічаў, часткова дрыгавічоў і вяцічаў). Асн. рытуальныя дзеянні: ваджэнне карагодаў, шэсці радамі («танок»), гульні, качанне па полі, закопванне «С» і інш. Шанаванне «громных стрэлак» (каменныя сякеры, молаты, коп’і, белямніты) — стараж. абрад. Паводле летапісаў 13—15 ст. і інш. пісьмовых і археал. матэрыялаў, лічылася, што яны скінуты з неба. Паводле сведчання бел. археолагаў, «громныя стрэлкі» пачалі зберагацца з неалітычных часоў.

Прымхлівае шанаванне камянёў было не толькі ва ўсх.-слав. народаў, а і ў некат. народаў Еўропы і Азіі. У Японіі «громныя стрэлкі» (рай-фунасекі) прыпісваюцца нябеснаму вартавому — богу Тэнгу. У кіт. і інд. фальклоры ўпамінаюцца вераванні ў боскае паходжанне каменных прылад. «Стрэлкі» абагаўляліся, іх насілі на целе («наузы»), ім надавалася ахоўная, магічна-лекавая і апладняльная функцыі.

На Беларусі забіты Перуном лічыўся «святым», а той, хто знаходзіў «стрэлку», лічыўся шчаслівым чалавекам. Паводле вераванняў, пажар, выкліканы маланкай, трэба тушыць малаком. Песні, якія выконваліся ў час абраду «С.», бытуюць і цяпер у пазаабрадавай паэзіі на ўсёй Беларусі. Найб. архаічныя варыянты з абрадам захаваліся ў Веткаўскім, Чачэрскім і сумежных раёнах, якія лічацца ядром распаўсюджання «С.». Паступова песні страцілі прымеркаванасць да абрадавай паэзіі. Абрад пахавання «сулы» (таксама зброя Перуна; суліца — кап’ё, рагаціна) — неаддзельны ад «С.». Падобныя да «С.» абрады пахавання Ярылы, Каструбанькі, Лялькі і інш. У сучасным бытаванні «С.» ўспрымаецца як вясёлая нар. гульня. Культ «С.» выяўляецца ў бел. тапанімічных назвах (Страліца, Стрэлка, Стрэльская Горка, Пастралкі, Стрэльск, Стралічава, Вялікія і Малыя Стралкі і інш.), у нар. мастацтве (у вышыўцы, разьбе па дрэве).

А.​Ю.​Лозка.

т. 15, с. 195

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУФІ́ЗМ (ад араб. суфі літар. — які носіць шарсцяное адзенне ці ад грэч. sophos мудрэц),

містычная плынь у ісламе (шыізме і сунізме), пашыраная на тэр. ад паўн.-зах. Афрыкі да Індыі і Кітая. Зарадзіўся ў 8 ст., канчаткова аформіўся ў 10 ст. Асновы вучэння С. закладзены ў 9 ст. егіпцянінам Зу-л-Нунам аль-Місры і заснавальнікам багдадскай школы С. Абу Абдалахам аль-Мухасібі. У 10—11 ст. складваліся арг-цыі суфійскіх ордэнаў, ствараліся суфійскія манастыры (ханаках). Да 11—12 ст. С. праследаваўся артадаксальным мусульм. духавенствам як ерась. З распаўсюджваннем С. ў 12—14 ст. склаліся 12 асн. суфійскіх брацтваў: рыфаія, ясавія, шазілія, чышція, сухравардзія, кубравія, бадавія, кадзірыя, маўлавія, бекташыя, халвація, накшбандзія-хваджаган. У развіцці С. адзначаецца ўплыў філасофіі хрысціянства, веданты, будызму, індуізму і інш. У цэнтры С. — вучэнне пра несапраўднасць быцця матэрыяльнага свету, расчлянёнага «цэпам множнасці». Свёй мэтай суфіі лічылі пазбаўленне залежнасці ад матэрыі і містычнае растварэнне ў Богу (фана), дасягненне «звышбыцця» (бака) праз аскетызм, адмаўленне ад асабістай індывідуальнасці, ірацыянальнае пазнанне Абсалюту. Шлях да Абсалюту, паводле С., уключае шэраг этапаў: шарыят (строгае прытрымліванне ісламскіх прадпісанняў), тарыкат (аскеза і паслушніцтва ў старца-настаўніка), марыфат (усведамленне адзінства сябе і Бога) і хакыкат (непасрэднае адзінства з Богам). С. — неаднародная мусульм. плынь, да якой далучыліся прадстаўнікі розных багаслоўскіх школ ісламу. У 11—20 ст. С. уяўляў сабой паліт. сілу мусульм. свету, значна паўплываў на развіццё ісламу і ўсх. культуры. Вучэнне С. адлюстравана ў араб., перс. і тур. паэзіі (Ібн аль-Фарыд, Дж.​Румі, Джамі, Юнус Эмрэ і інш.).

Літ.:

Степанянц М.Т. Философские аспекты суфизма. М., 1987;

Из истории суфизма: источники и социальная практика. Ташкент, 1991;

Мухаммедходжаев А. Гносеология суфизма. Душанбе, 1990;

Нурбахш Дж. Психология суфизма: Дел Ва Нафс: (Сердце и душа): Размышления о стадиях психол. становления и развития на суфийском пути: Пер. с англ. М., 1996.

Н.​Г.​Кісялёва.

т. 15, с. 292

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЯНКЕ́ВІЧ Аляксандр Антонавіч (20.1.1884, в. Мікалаеўшчына Стаўбцоўскага р-на Мінскай вобл. — 29.6.1938),

дзяржаўны і партыйны дзеяч Беларусі, вучоны, пісьменнік, публіцыст. Скончыў Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю (1902), мед. ф-т Мэрылендскага ун-та ў ЗША (Балтымар, 1913). Настаўнічаў у сельскіх школах. Удзельнік агр. рэв. руху ў 1905—06 на Беларусі. Адзін з арганізатараў нелегальнага настаўніцкага з’езда 9.7.1906 у Мікалаеўшчыне, які быў разагнаны паліцыяй. У канцы 1906 эмігрыраваў у ЗША. З 1908 чл. рус. аддзела амерыканскай сацыяліст. партыі, супрацоўнічаў у рус. рэв. прэсе. Займаўся мед. практыкай. У 1917 праз Японію трапіў на Д.​Усход. Быў на сав. і прафс. рабоце, удзельнічаў у партыз. руху, працаваў нам. міністра нар. асветы Далёкаўсх. Рэспублікі. З 1920 камісар земляробства ў Хабараўску. З 1921 нарком аховы здароўя БССР. З 1923 на парт. рабоце ў Мінску, Барысаве і Віцебску. У 1924—26 заг. бел. сектара Камуніст. ун-та нац. меншасцей Захаду ў Маскве. З 1926 дацэнт БДУ, з 1928 рэктар Камуніст. ун-та Беларусі імя Леніна, адначасова заг. аддзелаў друку, культуры і прапаганды ЦК КП(б)Б. У 1931—32 працаваў у Ін-це л-ры і мастацтва Бел. АН. З 1932 дырэктар Ін-та гігіены і санітарыі Наркамата аховы здароўя РСФСР, з 1933 заг. сектара Міжнар. ленінскай школы, з 1935 ва Усесаюзным радыёкамітэце. Чл. ЦК КП(б)Б у 1927—32, канд. у чл. Бюро з 1928, чл. Бюро ЦК КП(б)Б у 1930—31. Канд. у чл. ў 1922—24, чл. ЦВК БССР у 1921—22, 1927—31. У сваіх працах аддаў даніну вульгарнаму сацыялагізму. 10.1.1938 неабгрунтавана арыштаваны, у чэрв. прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. Расстраляны. Рэабілітаваны ў 1956. Прататып доктара Сташынскага ў рамане А.​Фадзеева «Разгром», Алеся Садовіча ў рамане Я.​Коласа «На ростанях» і Баса-Грэнкі ў п’есе Я.​Коласа «Забастоўшчыкі».

Літ.:

Соломевич И.В. Родился на Немане... // Белорусский экватор. Мн., 1981.

І.​У.​Саламевіч.

А.А.Сянкевіч.

т. 15, с. 350

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТРУБЯЦКО́Й Яўген Мікалаевіч (5.10.1863, Масква — 23.1.1920),

расійскі філосаф, правазнавец і грамадскі дзеяч. Брат С.М.Трубяцкога. Д-р філасофіі (1897). Скончыў Маскоўскі ун-т (1885). З 1892 у Кіеўскім ун-це (з 1897 праф.), з 1905 праф. Маскоўскага ун-та. Адзін з заснавальнікаў канстытуцыйна-дэмакр. партыі (выйшаў з яе ў 1905). У 1906—10 гал. рэдактар час. «Московский еженедельник». У 1907—08 чл. Дзярж. савета. Адзін з заснавальнікаў выд-ва «Шлях» (1910—17). Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 адзін з ідэолагаў белага руху. Яго філас. погляды склаліся пад уплывам «філасофіі ўсеадзінства» У.С.Салаўёва. Гнасеалагічная канцэпцыя Т. грунтуецца на ідэі існавання абсалютнай звышіндывід. свядомасці, якая змяшчае вечныя ісціны і ўяўляе сабой сінтэз часовага і вечнага. Крытэрыем аб’ектыўнасці пазнання чалавека лічыў яго здольнасць да пераадолення фрагментарнасці індывід. ведаў і набліжэння да абсалютнай свядомасці («Метафізічныя перадумовы пазнання: Спроба пераадолення Канта і кантыянства», 1917). Сцвярджаў, што свет адносна незалежны ад Бога, таму што, паводле Божай ідэі, надзелены свабодай волі («Сэнс жыцця», 1918). На яго думку, свет з’яўляецца месцам самавызначэння асобы, ажыццяўлення яе свабоды выбару паміж 2 магчымасцямі: станоўчай (імкненне да рэалізацыі Божай ідэі) і адмоўнай (супраціўленне і процідзеянне Божай ідэі). Абсалютызацыя ролі свабоды асобы характэрна і для яго правазнаўчых поглядаў. Вызначаў права як сукупнасць норм, якія забяспечваюць і адначасова абмяжоўваюць знешнюю свабоду асобы. Права, на яго думку, з’яўляецца гал. фактарам узнікнення цывілізацыі. Абгрунтаваў неабходнасць гіст. падыходу да вывучэння права, які ўлічвае эвалюцыю ўласцівых розным народам на розных гіст. этапах уяўленняў пра межы свабоды асобы і ідэальную пабудову грамадства. Яго погляды паўплывалі на развіццё рус. рэліг. філасофіі (М.​А.​Бярдзяеў, С.​М.​Булгакаў, П.​А.​Фларэнскі і інш.).

Тв.:

Три очерка о русской иконе. М., 1991;

Смысл жизни. М., 1994;

Избранное. М., 1995;

Миросозерцание В.​С.​Соловьева. Т. 1—2. М., 1995;

Из прошлого: Воспоминания. Из путевых заметок беженца. Томск, 2000;

Труды по философии права. СПб., 2001.

Н.​Г.​Кісялёва.

т. 15, с. 536

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)