МАЛЫ́ШКІН (Аляксандр Георгіевіч) (21.3.1892, с. Багародскае Макшанскага р-на Пензенскай вобл., Расія — 3.8.1938),
расійскі пісьменнік. Скончыў Петраградскі ун-т (1916). Удзельнік літ. груп «Кастрычнік», «Перавал». У ранніх апавяданнях (1914—15) паказваў змрочную і ціхую павятовую глухамань. Рамант. аповесць «Падзенне Даіра» (1923) пра грамадз. вайну. Раман «Людзі з глухамані» (1937—38) пра паслярэв. змены ў рас. глыбінцы. Аўтар аповесцей «Вакзалы» (1923), «Севастопаль» (1929—30, поўн. 1931), кн. апавяданняў «Лютаўскі снег» (1928), «Апавяданні» (1931), вершаў, кінасцэнарыяў, артыкулаў і інш. Асобныя творы М. на бел. мову пераклала Г.Шаранговіч.
Тв.:
Избр. произв.Т. 1—2. М., 1978;
Севастополь;
Падение Даира;
Вокзалы. Куйбышев, 1988;
Люди из захолустья. М., 1988.
Літ.:
Хватов А.И. Александр Малышкин: Жизн. путь и худож. искания писателя. Л., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛЫШЭ́ВІЧ (Павел Паўлавіч) (1821, в. Багон Свіслацкага р-на Гродзенскай вобл. — ?),
публіцыст і паэт. Вучыўся ў Слонімскім пав. вучылішчы (1833—37). У пач. 1850-х г. пераехаў у фальварак Падгор’е (Мінскі р-н). Працаваў у Мінскім губ. праўленні, з 1860 рэдактар «Минских губернских ведомостей» і адначасова нач. газетнага стала. З 1863 міравы пасрэднік па Навагрудскім пав. Звольнены з пасады і, паводле некаторых звестак, сасланы ў Арэнбург. Аўтар рамант. паэмы «Спеў зорцы» (на польск. мове), артыкулаў і карэспандэнцый аб грамадска-культ. жыцці Мінска. Адзін з першых выступіў у друку ў абарону бел. мовы; даў водзыў на «Гапона» і «Вечарніцы» В.Дуніна-Марцінкевіча («Dziennik Warszawski», «Варшаўскі дзённік», 1855), заклікаў інтэлігенцыю Міншчыны актыўна вывучаць родны край. Сябраваў і перапісваўся з У.Сыракомлем.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛЬКО́ (Самуіл Мікітавіч) (парт.псеўд. Паўлік, Грыц; н. 15.9.1905, в. Высоцк Дубровіцкага р-на Ровенскай вобл., Украіна),
дзеяч рэв. руху ў Зах. Беларусі. Скончыў Мінскую школу КПЗБ (1926). З 1927 сакратар Баранавіцкага акруговага к-та КСМЗБ. У 1927 арыштаваны польск. ўладамі і зняволены на 6 гадоў у турму. У 1934—36 у Прадстаўніцтве ЦККПЗБ пры ЦККП(б)Б. На II з’ездзе КПЗБ (1935) абраны канд. у чл.ЦК. З 1936 упаўнаважаны ЦККПЗБ па кіраўніцтве бел. арг-цыямі нац.-вызв. руху, чл. Краявога сакратарыята ЦККПЗБ. З 1937 узначальваў Краявы сакратарыят ЦК Кампартыі Зах. Украіны. На Нар. сходзе Зах. Беларусі (кастр. 1939, Беласток) выступаў з дакладам па сял. пытанні. У 1945—68 на паліт. рабоце ў Войску Польскім.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́ЛЬНІК (Уладзімір Андрэевіч) (н. 15.5.1945, в. Ляды Старадарожскага р-на Мінскай вобл.),
бел. філосаф і палітолаг. Канд.філас.н. (1979), праф. (1996). Віцэ-прэзідэнт Беларускай асацыяцыі паліт. навук (з 1993). Скончыў БДУ (1969). З 1980 у Акадэміі МУС Беларусі (з 1995 нач. кафедры). Навук. працы па праблемах фарміравання дзярж. ідэалогіі, станаўлення і развіцця паліт. сістэмы, удасканалення механізма дзярж. улады, ўнутр. і знешняй палітыкі Беларусі. Аўтар падручнікаў па паліталогіі.
Тв.:
Мировоззренческая культура личности сотрудника органов внутренних дел и пути ее формирования. Мн., 1992 (у сааўт.). Основы политологии. Мн., 1992;
Об идеологии белорусской государственности // Гуманітарныя і сацыяльныя навукі на зыходзе XX ст.Мн., 1998;
Политология. 3 изд. Мн., 1999;
Республика Беларусь: власть, политика, идеология. 2 изд. Мн., 2000.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІКЛУ́ХА-МАКЛА́Й (Мікалай Мікалаевіч) (17.7.1846, с. Раждзественскае Баравіцкага р-на Наўгародскай вобл., Расія — 14.4.1888),
расійскі падарожнік, прыродазнавец, антраполаг, этнограф. У 1867—69 зрабіў падарожжы на Канарскія а-вы, у Марока, на ўзбярэжжа Чырвонага м. З 1871 ажыццявіў шэраг падарожжаў на Новую Гвінею, п-аў Малака, Філіпіны, Малайскі архіпелаг, у Зах. Мікранезію, Аўстралію, дзе некалькі гадоў жыў сярод карэннага насельніцтва, вывучаў яго побыт, культуру, збіраў разнастайныя калекцыі. На аснове сабранага матэрыялу даказваў відавое адзінства і роднасць усіх рас, першы падрабязна апісаў меланезійскі антрапал. тып і яго пашырэнне. Яго імем названы бераг у Новай Гвінеі, заліў у Антарктыдзе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРФО́РМАНС, перфоманс (ад англ. performanse выступленне, выкананне, прадстаўленне),
форма сучаснага мастацтва, у аснове якога знаходзіцца дзеянне. У адрозненне ад хэпенінга будуецца па разлічанаму сцэнарыю, аўтарам і выканальнікам якога з’яўляецца сам мастак або група мастакоў. П. можа ажыццяўляцца як непасрэдна перад гледачом, так і ў выглядзе відэа- або кіназапісу. Узнік у авангардысцкіх кірунках 1960-х г. У 1970-я г. пашырыў межы выяўленчага мастацтва. Дазваляе мастакам вобразна рэагаваць на актуальныя сац. ці культ. праблемы, уключаць рэальную прастору ў працэс фарміравання вобразных задум, непасрэдна ўздзейнічаць на свядомасць і паводзіны гледача, часта як састаўны элемент акцыі. На Беларусі П. вядомы з 2-й пал. 1970-х г., сярод бел. перформераў найб. вядомыя А.Вараб’ёў, І.Кашкурэвіч, В.Пятроў, Л.Русава і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРХАРО́ВІЧ (Франц Іосіфавіч) (28.5.1894, в. Заляддзе Докшыцкага р-на Віцебскай вобл. — 11.10.1961),
Герой Сав. Саюза (1945), ген.-лейтэнант (1945). Вучыўся ў Ваен. акадэміі імя Фрунзе (1932), скончыў курсы «Выстрал» (1941). У арміі з 1915, у Чырв. Арміі з 1918. Удзельнік 1-й сусв. і грамадз. 1918—20 войнаў. З 1921 камандзір асобнай роты, нач. штаба стралк. палка, нач. аддзялення ў штабе ваен. акругі. У Вял.Айч. вайну з 1941 на Зах., Варонежскім, 1-м Укр., 1-м і 3-м Бел. франтах: камандзір палка, дывізіі і корпуса, камандуючы арміяй. Удзельнік абароны Масквы, вызвалення Украіны, Польшчы, Вісла-Одэрскай і Берлінскай аперацый. Вызначыўся ў 1945 на чале арміі ў баях за вызваленне Варшавы. Да 1951 у Сав. Арміі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПЕСНЬ НА БО́ЖЫ ЧАС»,
«Паўстанцкая песня», бел. агітацыйны вершаваны твор перыяду паўстання 1863—64. Магчыма, напісаны Ф.Ражанскім. Надрукаваны лацінкай у падп. друкарні ў выглядзе лістоўкі; распаўсюджваўся таксама ў рукапісе. Задуманы як масавая песня, мае памету «На матыў: I шуміць, і гудзіць». Складаецца з 24 радкоў; у творы выкарыстоўваюцца традыц. для фалькл. песеннай паэтыкі воклічы і паўторы, у змесце прасочваецца ўплыў ідэй К.Каліноўскага. Насуперак пашыраным тады ў вызв. руху салідарысцкім тэндэнцыям «П.п.» заклікала да барацьбы не толькі з царызмам, але і з памешчыкамі. Твор прасякнуты гіст. аптымізмам, верай у бязмежныя сілы ўзбр. народа, у шчаслівы зыход паўстання.
Публ.: У кн. — Беларуская літаратура XIX ст.: Хрэстаматыя. Мн., 1971.
Літ.:
Кісялёў Г. Стары сшытак // Кісялёў Г. Героі і музы. Мн., 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІ́КУЛЕЎ (Анатоль Цімафеевіч) (10.10.1931, ст. Глазуноўская Валгаградскай вобл., Расія —27.8.1993),
бел. вучоны ў галіне біяхіміі і радыебіялогіі. Д-рбіял.н. (1971), праф. (1972). Засл. работнік нар. адукацыі Беларусі (1989). Скончыў Валгаградскі мед.ін-т (1955). З 1961 у БДУ (з 1964 заг. кафедры). Навук. працы па біяхім. механізмах дзеяння іанізавальнай радыяцыі, камбінаваным уплыве фіз. і хім. фактараў на абмен рэчываў чалавека і жывёл, распрацоўцы лек. прэпаратаў з радыепратэктарным і антыаксідантным дзеяннем.
Тв.:
Роль надпочечников в биохимических сдвигах при действии малых доз ионизирующей радиации. Мн., 1969 (у сааўт.);
Метаболические сдвиги в митохондриях облученного организма, связанные с циклом трикарбоновых кислот. Мн., 1977 (разам з Л.С.Чаркасавай, М.Ю.Тайцам).
Да арт.Піктаграфічнае пісьмо. Піктаграфічны расказ эскімоса пра ўдалае паляванне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛАКАДЭ́РМЫ, панцырныя рыбы,
пласцінаскурыя (Placodermi),
выкапнёвыя сківічныя рыбы, блізкія да акулавых. 2 падкл.: антыархі і артрадыры. Жылі ў палеазоі (дэвон, каля 400 млн.г. назад). Вялі прыдонны спосаб жыцця. На Беларусі рэшткі П. выяўлены ў адкладах сярэдняга дэвону Аршанскай упадзіны, Бел. антэклізы, Жлобінскай седлавіны, Прыпяцкага прагіну. Выкарыстоўваюцца пры вызначэнні ўзросту геал. адкладаў.
Даўж. марскіх відаў да 12 м (дыніхтыс, дунклеастэус), прэснаводныя значна драбнейшыя (напр., батрыялепіс каля 45 см, птэрыхтыёдэс каля 17 см). Мелі храстковы шкілет, парныя плаўнікі, укрытыя касцёва-скурнымі пласцінкамі. Галава і пярэдняя ч. тулава ўкрыты панцырам, у большасці відаў злучаны рухома. Сківіцы ў выглядзе завостраных касцявых пласцін. Карміліся беспазваночнымі, некат. (пераважна марскія) рыбамі. Гл. таксама Астракадэрмы.