БРЫ́ДЖМЕН (Bridgman) Персі Уільямс (21.4.1882, г. Кеймбрыдж, штат Масачусетс, ЗША — 20.8.1961),
амерыканскі фізік і філосаф, заснавальнік фізікі высокіх ціскаў. Чл. Нацыянальнай АН ЗША. Скончыў Гарвардскі ун-т (1905), дзе і працаваў (у 1926—54 праф.). Распрацаваў метады атрымання ціскаў да 42,5 ГПа (425 тыс.атм.), даследаваў уласцівасці многіх рэчываў пры высокіх цісках, што прывяло, у прыватнасці, да стварэння штучных алмазаў і цвёрдага (металічнага) вадароду. Заснавальнік аперацыяналізму — філас. кірунку, які тэарэт. веды зводзіць да эмпірычных працэдур вымярэння. Аўтар кніг «Аналіз размернасцяў» (рус.пер. 1934) і «Фізіка высокіх ціскаў» (рус.пер. 1935). Нобелеўская прэмія 1946.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ЙСБЕРГ (англ. iceberg), ледзяная гара,
вялікі масіў мацерыковага або шэльфавага лёду, які плавае ў акіяне, моры або ляжыць на мелі. Утвараецца ад абломвання ледавіка, што спускаецца ў ваду. Над вадой узвышаюцца да 70—100 м, б.ч. аб’ёму (да 90%) пад вадой. Асн. раёны ўтварэння айсберга — шэльфавыя ледавікі Антарктыды, а-вы Канадскага Арктычнага архіпелага, Грэнландыя. Могуць служыць крыніцай прэснай вады пры буксіроўцы да засушлівых прыбярэжных раёнаў Аўстраліі, Паўд. Амерыкі, Афрыкі і Аравійскага п-ва. Сутыкненне з айсбергам — прычына гібелі многа суднаў («Тытанік» у 1912, «Хедтафт» у 1959).
Утварэнне айсберга.Айсберг каля берагоў Грэнландыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВОДАПРАВО́ДНАЯ СЕ́ТКА,
сукупнасць магістральных і размеркавальных трубаправодаў, па якіх падаецца вада да месца спажывання; частка сістэмы водазабеспячэння.
Асноўная (знадворная, або вулічная) водаправодная сетка пракладваецца ў зямлі (на 0,2—0,5 м ніжэй глыбіні прамярзання) уздоўж вуліц і праездаў, выкарыстоўваюцца чыгунныя, стальныя, жалезабетонныя, пластмасавыя і інш. трубы. Да яе з дапамогай т.зв. дамавых адгалінаванняў далучаецца ўнутр. (унутрыдамавая) водаправодная сетка, якая падае ваду да водаразборных кранаў. Водаправодныя сеткі абсталёўваюць запорнай арматурай (вентылямі, засаўкамі, што адключаюць аварыйныя ўчасткі сеткі), водаразборнымі прыстасаваннямі (пажарнымі гідрантамі, часам водаправоднымі калонкамі). Запорную арматуру і гідранты звычайна ўстанаўліваюць у спец. калодзежах (зборных жалезабетонных або цагляных), з метал. здымнымі люкамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛЬШТА́ЦКАЯ КУЛЬТУ́РА,
культура ілірыйскіх і кельцкіх плямён, што ў раннім жалезным веку (8—5 ст.дан.э.) жылі на Пд Сярэдняй Еўропы. Насельніцтва займалася земляробствам, здабывала медную руду, соль, вырабляла бронзавыя, пазней жал. рэчы; жыло ў драўляных жытлах слупавой канструкцыі, паўзямлянках і пабудовах на палях. Пахавальны абрад — трупапалажэнне, на пазнейшым этапе ў драўлянай грабніцы пад курганом. Грамадскія адносіны характарызаваліся распадам роду і пераходам да класавага грамадства. Рэчы гальштацкага тыпу (жал. наканечнікі коп’яў, шкляныя пацеркі, бронзавыя шпількі, кельты і інш.) знойдзены на тэр. Гомельскай вобл. на помніках мілаградскай культуры.
Даарт.Гальштацкая культура. Культавая мадэль павозкі з Штрэтвега (Аўстрыя).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ПЦКАЕ ПІСЬМО́,
літарнае пісьмо, створанае ў 2 ст. егіпцянамі—перакладчыкамі Бібліі на стараж.-егіп. мову для прапаганды хрысціянства сярод егіпецкага насельніцтва. Складанае і спецыфічнае егіпецкае пісьмо, якім да таго часу карысталіся егіпцяне, было непрыдатным для перакладу іншамоўнага тэксту. У аснову К.п. быў пакладзены грэч. алфавіт: 24 крыху відазмененыя грэч. літары і дададзены 8 знакаў дэматычнага пісьма (спрошчанага егіп.), што перадавалі гукі, для пазначэння якіх не было грэч.літар. З выцясненнем копцкай мовы К.п. выйшла з ужытку і захавалася толькі ў рэліг. тэкстах коптаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́РА СТРЫМА́ННЯў крымінальным працэсе,
прадугледжаныя законам меры працэсуальнага прымусу, якія ўжываюцца да абвінавачанага пры наяўнасці дастатковых падстаў лічыць, што ён можа схавацца ад следства або суда, перашкодзіць высвятленню ісціны па крымін. справе, займацца злачыннай дзейнасцю, а таксама для забеспячэння выканання прыгавору. Да М.с. ў бел.крымін. працэсе адносяцца: падпіска аб нявыездзе, асабістае паручыцельства або паручыцельства грамадскіх арг-цый і калектываў працоўных, узяцце пад варту, пад нагляд камандавання вайск. часцей (у адносінах да ваеннаслужачых), адданне непаўналетніх пад нагляд бацькоў або апекуноў. Узяцце пад варту робіцца толькі з санкцыі пракурора або па вызначэнні суда.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕГАТО́РНЫ ІСК (ад лац. actio negotoria іск адмовы) у цывільным праве і працэсе, патрабаванне ўласніка маёмасці да асобы, якая сваімі проціпраўнымі дзеяннямі перашкаджае яму ажыццявіць права карыстання ці распараджэння гэтай маёмасцю. Напр., пад’езд да гаража ўласніка загрувашчаны буд. матэрыяламі суседа. што стварае перашкоду нармальнаму ажыццяўленню правоў уласніка. Зместам Н.і. з’яўляецца: спыненне дзеянняў адказчыка, устараненне парушальнікам сваімі сіламі і сродкамі створаных ім перашкод і забарона іх учынення на будучае. Н.і. можа быць задаволены толькі да таго часу, пакуль працягваецца правапарушэнне або не ліквідаваны яго вынікі; уласнік таксама мае права патрабаваць кампенсацыі нанесеных страт.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПО́ЛЬСКІ КАЛІДО́Р»,
частка тэр.Памор’я, якая была ўключана ў склад Польшчы паводле Версальскага мірнага дагавора 1919. Вузкая (ад 30 да 200 км) паласа зямлі давала Польшчы выхад даБалт. мора, дзе ў сярэдзіне 1920-х г. быў пабудаваны порт Гдыня. Аддзяляў Усх. Прусію ад асн.тэр. Германіі, што было адной з прычын напружанасці ў германа-польскіх адносінах. У самой Польшчы да вызначэння «П.к.» ставіліся адмоўна. У сак. 1939 рэйхсканцлер Германіі А.Гітлер запатрабаваў ад польскага ўрада права будаўніцтва праз «П.К.» экстэрытарыяльных аўтастрад; адмова апошняга стала адной з зачэпак для германскай агрэсіі супраць Польшчы ў вер. 1939.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САБІ́НЫ (Sabini),
старажытнаіталійскія плямёны (гл.Італікі) умбра-оскска-сабельскай галіны. Рассяляліся паміж рэкамі Тыбр, Атэрнус і Аніо. Асн. занятак — земляробства і жывёлагадоўля. Сучасныя гісторыкі лічаць, што С. адыгралі вял. ролю ва ўтварэнні рым. народнасці. У 5—4 ст.дан.э. частка С., якая не ўвайшла ў склад Рым. дзяржавы, вяла барацьбу супраць Рыма і заваявана ім у 290 дан.э. У 268 дан.э. С. атрымалі рым. грамадзянства (без права голасу).
Рана страцілі сваю мову, раманізаваны. На тэр., дзе жылі С., знаходзіўся Сабунім, маёнтак Гарацыя. Стараж. паданне пра выкраданне сабінянак атрымала распаўсюджанне ў творах мастацтва.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭЛАМЕРЫЗА́ЦЫЯ хімічная ланцуговая рэакцыя ненасычаных або цыклічных злучэнняў (манамераў) у прысутнасці рэчыва — перадатчыка ланцуга (тэлагена),
што прыводзіць да ўтварэння сумесі нізкамалекулярных гамолагаў. Паводле механізма падобная даполімерызацыі, аднак пры Т. канстанта скорасці перадачы ланцуга значна большая за канстанту скорасці яго росту (гл.Ланцуговыя хімічныя рэакцыі). Малекулы прадуктаў Т. — тэламеры маюць ад 2 да 40 звёнаў манамера і канцавыя групы, якія з’яўляюцца фрагментамі тэлагена. Т. адбываецца пры ўтварэнні нафты, фарміраванні паліенавых ланцугоў біялагічна актыўных рэчываў і інш. прыродных працэсах. Выкарыстоўваюць у прам-сці для вытв-сці лакаў, эмалей, сікатываў, флотарэагентаў, паверхнева-актыўных рэчываў.