ПЕНА́ТЫ,

у старажытнарымскай міфалогіі багі-захавальнікі і апекуны хатняга ачага, пазней — усяго рым. народа. Разам з ларамі (з якімі іх часам атаясамлівалі) П. былі сімваламі роднага дому. Кожная сям’я мела звычайна двух П., іх выявы змяшчалі каля ачага. Месцам знаходжання агульнадзярж. П. лічыўся храм Весты ў Рыме, дзе вярх. жрэц прыносіў ім ахвяры. У пераносным сэнсе П. — хатні ачаг, родны дом (адсюль выраз «вярнуцца да сваіх пенатаў»).

т. 12, с. 264

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАДЖА́ПАЦІ,

у старажытнаіндыйскай міфалогіі бог — творца ўсяго існага. Лічылася, што ён ўзнік як залаты зародак і зрабіўся адзіным валадаром існага. П. падтрымаў зямлю і неба, умацаваў сонца, вымераў прастору, даў жыццё і сілу. Ён валадарыць над двухногімі і чатырохногімі, яго рукі — бакі свету. Часам П. атаясамліваюць з Брахмай, вобраз якога разам з вобразамі інш. багоў-творцаў у пазнейшыя часы выцесніў вобраз П. ва ўсіх яго функцыях.

т. 12, с. 536

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУХ у геаметрыі,

аперацыя пераўтварэння эўклідавай прасторы, што захоўвае нязменнымі адлегласці паміж пунктамі. Паняцце ўзнікла як абстракцыя з уяўленняў аб мех. перамяшчэннях рэальных цел. Наз. ўласным ці няўласным, у залежнасці ад таго, захоўвае ці не захоўвае Р. арыентацыю прасторы. Уласнымі Р. з’яўляюцца, напр., паралельны перанос геам. фігуры, вярчэнне яе вакол восі, вярчэнне разам з пераносам уздоўж восі павароту (вінтавы Р.); няўласным Р. з’яўляецца люстранае адбіццё.

т. 13, с. 474

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫКО́ЎСКІ (Генадзь Феадосьевіч) (н. 23.9.1936, г. Куўшынава Цвярской вобл., Расія),

бел. вучоны ў галіне батанікі. Д-р біял. н. (1996). Скончыў БДУ (1961). З 1961 у Ін-це эксперым. батанікі Нац. АН Беларусі. Навук. працы па фларыстыцы, відавым складзе, экалогіі, геаграфіі, эвалюцыі мохападобных.

Тв.:

Мохообразные Березинского биосферного заповедника. Мн., 1980;

Антропогенные изменения флоры и растительности Белоруссии. Мн., 1985 (разам з В.​І.​Парфёнавым, Г.​А.​Кім).

т. 13, с. 497

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЛАНЕ́КА (Альберт Андрэевіч) (н. 28.4.1937, г. Віцебск),

бел. вучоны ў галіне ветэрынарыі. Д-р вет. н. (1985), праф. (1992). Скончыў Віцебскі вет. ін-т (1960). З 1966 у Бел. НДІ эксперым. ветэрынарыі (заг. лабараторыі), з 1987 у Віцебскай акадэміі вет. медыцыны (заг. кафедры). Навук. працы па пытаннях туберкулёзу, інш. інфекц. захворванняў с.-г. жывёл.

Тв.:

Микобактериоз свиней. Мн., 1988 (разам з І.​І.​Румачыкам).

т. 14, с. 101

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САТЭЛІ́Т [ад лац. satelles (satellitis) спадарожнік, паплечнік],

1) у Стараж. Рыме — узброены найміт, які суправаджаў свайго гаспадара.

2) Спадарожнік планеты (напр., Месяц — С. Зямлі).

3) Дзяржава або ўрад, фармальна незалежныя, а фактычна падпарадкаваныя інш., больш моцнай дзяржаве.

4) Шасцярня ў механізме, якая круціцца разам з воссю вакол цэнтр. кола накшталт спадарожніка планеты.

5) У пераносным значэнні С. наз. залежную, падначаленую асобу, што выконвае чужую волю, паслугача.

т. 14, с. 194

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́ЕР ((Bajer) Фрэдрык) (21.4.1837, Вестэр-Эгед, Данія — 22.1.1922),

дацкі паліт. дзеяч, публіцыст. У 1870 заснаваў Асацыяцыю скандынаўскіх свабодных дзяржаў, якая ставіла за мэту аб’яднанне паўн. народаў у федэрацыю. У 1872—95 член дацкага парламента. У 1882 заснаваў Асацыяцыю нейтралітэту Даніі. У 1893 выбраны ў Савет Міжпарламенцкага саюза, дзе прадстаўляў Нарвегію, Данію і Швецыю. У 1891—1907 старшыня праўлення Міжнар. бюро міру. Нобелеўская прэмія міру (1908, разам з К.Арнальдсанам).

т. 2, с. 216

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АФІЯЛІ́ТЫ [ад грэч. ophis змяя + ...літ(ы)],

асноўныя і ультраасноўныя інтрузіўныя (дуніты, перыдатыты, піраксеніты, габра), эфузіўныя (пераважна базальты і іх туфы) і асадкавыя (глыбакаводныя асадкі акіянскага тыпу) горныя пароды, якія трапляюцца разам. Афіяліты разглядаюць як рэлікты акіянскай кары геал. мінулага, перамешчаныя на ўскраіны мацерыкоў. Важна даследаваць афіяліты, каб выяўляць радовішчы рудаў, генетычна звязаныя з пародамі афіялітавага комплексу (хрому, нікелю, плаціны, золата, ртуці і інш.), а таксама вывучаць развіццё зямной кары.

т. 2, с. 135

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́ТЛЕР ((Butler) Нікалас М’юрэй) (2.4.1862, г. Элізабет, ЗША — 7.12.1947),

амерыканскі дзярж. дзеяч, педагог, пацыфіст. Скончыў Калумбійскі каледж. Д-р філасофіі (1884), праф. (1890). У 1902—45 прэзідэнт Калумбійскага каледжа. Быў саветнікам прэзідэнта ЗША Т.​Рузвельта. Адстойваў неабходнасць абмежавання ўзбраення і стварэння міжнар. суда. З 1925 прэзідэнт Фонду міжнар. міру. Падтрымаў пакт Келага—Брыяна (1928), які асуджаў вайну як сродак нац. палітыкі. Нобелеўская прэмія міру 1931 (разам з Дж.Адамс).

Н.М.Батлер.

т. 2, с. 349

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕГУНЫ́,

машына для здрабнення і змешвання матэрыялаў расцісканнем і сціраннем. Складаецца з чыгуннай чашы, па дне якой перакочваюцца масіўныя чыгунныя каткі, што верцяцца вакол уласнай (гарызантальнай) восі і разам з крыжавінай, на якой яны ўмацаваны, — вакол яе вертыкальнай восі. Выкарыстоўваюцца ў гарнаруднай прам-сці, металургіі, прам-сці будматэрыялаў і інш. Пры выкарыстанні бегуноў для амальгамацыі залатых рудаў дно чашы заліваюць тонкім слоем ртуці, у якой раствараюцца атрыманыя з руды часцінкі золата.

т. 2, с. 371

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)