АНКЕТАВА́ННЕ,

метад збору пачатковага матэрыялу для сацыялагічных, эканамічных, псіхалагічных і інш. даследаванняў. Праводзіцца ананімна, у пісьмовай форме з выкарыстаннем апытальных лістоў (анкет), у прысутнасці даследчыка і без яго (па пошце). Пытанні анкетавання павінны быць аб’яднаны агульнай тэмай даследавання, сфармуляваны дакладна, адназначна, на даступнай рэспандэнтам мове. Адрозніваюць пытанні адкрытыя (свабода ў выбары адказу) і закрытыя (адказ выбіраецца з прапанаваных варыянтаў), аб’ектыўныя (пра ўзрост, адукацыю і інш.) і суб’ектыўныя (высвятляюць сац.-псіхал. ўстаноўкі або меркаванні рэспандэнтаў). Гл. таксама Апытанне.

С.А.Яцкевіч.

т. 1, с. 374

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПАЗІ́ЦЫЯ ў мовазнаўстве, фармальнае адрозненне моўных адзінак, якому адпавядае адрозненне ў семантыцы. Так, бел. словы «лес» і «лёс» адрозніваюцца гукамі [э] і [о], што сігналізуе пра розніцу ў значэнні. У граматыцы семантычнае адрозненне рэалізуецца ў супрацьпастаўленні формаў (напр.: ‘цяперашні час’ і ‘прошлы час’ — «будуе» і «будаваў»); наяўнасць апазіцыі — абавязковая ўмова існавання граматычнага значэння. У лексіцы апазіцыя семантычных кампанентаў рэалізуецца ў лексемах (напр.: «прыйсці» — ‘пачаць знаходзіцца’ і «пайсці» — ‘перастаць знаходзіцца’ ў пэўным месцы). Упершыню паняцце апазіцыі распрацавана М.С.Трубяцкім.

А.А.Кожынава.

т. 1, с. 412

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АФРАДЫ́ТА,

у стараж.-грэч. міфалогіі багіня кахання і хараства. Дачка Зеўса і акіяніды Дыёны (паводле інш. міфаў, Афрадыта ўзнікла з марской пены). Культ Афрадыты быў пашыраны акрамя Грэцыі на ўзбярэжжы М. Азіі, Эгейскага м. і ў грэч. калоніях Прычарнамор’я. У творах мастацтва ўвасабляла ідэал жаночага хараства. З ант. скульптур найб. вядомыя: Афрадыта Кнідская Праксіцеля, Афрадыта Медычы, Афрадыта Таўрыйская, Афрадыта (Венера) Мілоская і інш. Грэч. пісьменнік Лукіян прысвяціў Афрадыце трактат «Пра Сірыйскую багіню». У рымскай міфалогіі Афрадыце адпавядае Венера.

т. 2, с. 137

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АХМАДУ́ЛІНА Бэла

(Ізабэла) Ахатаўна (н. 10.4.1937, г. Масква),

руская паэтэса. Вучылася ў Літ. ін-це імя М.Горкага (выключана за подпіс ліста ў абарону Б.Пастарнака). Друкуецца з 1955. Аўтар зб. вершаў «Струна» (1962), «Урокі музыкі» (1969), «Свечка» (1977), «Сад» (1987; Дзярж. прэмія СССР 1989), «Таямніца» (1983), «Выбранае» (1988); паэм «Мая радаслоўная» (1964), нарысаў, кінасцэнарыяў. Перакладае з груз. і інш. моў: у 1959 выйшаў зб. вершаў груз. паэтэсы Г.Каландадзе «Ляціце, лісты», у 1977 — кн. арыгінальных перакладаў і вершаў «Сны пра Грузію».

т. 2, с. 146

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАГУШЭ́ВІЧА Ф.К. ЛІТАРАТУ́РНА-МЕМАРЫЯ́ЛЬНЫ МУЗЕ́Й-СЯДЗІ́БА.

Адкрыты ў 1990 у Кушлянах (Смаргонскі р-н) на тэр. б. сядзібы, дзе з 1898 жыў Ф.Багушэвіч. Філіял Дзярж. музея гісторыі бел. л-ры. Плошча экспазіцыі 195 м², каля 300 экспанатаў (1995). Экспазіцыя складаецца з 2 частак: мемарыяльнай (мэбля, рэчы, якія належалі Ф.Багушэвічу, стужкі з пахавальных вянкоў і гэтак далей) і гісторыка-літаратурнай (матэрыялы пра жыццёвы і творчы шлях паэта). Сярод экспанатаў творы мастакоў і скульптараў, прысвечаныя Ф.Багушэвічу і паўстанню 1863—64.

А.П.Жамойцін.

т. 2, с. 211

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЗАФІЛІ́Я

(ад грэч. basis аснова + ...філія),

уласцівасць клетачных і інш. мікраскапічных структур афарбоўвацца асн. фарбавальнікамі (азур, піранін і інш.) у растворах, якія маюць рэакцыю, блізкую да нейтральнай. Павышэнне базафіліі клеткі сведчыць пра інтэнсіўны бялковы сінтэз і вял. колькасць рыбануклеінавай кіслаты (РНК) у ёй. Уласціва растучым, рэгенерыравальным і пухлінным тканкам. Выкарыстоўваецца ў мікрабіял., цыта- і гісталагічным аналізе (напр., для адрознення клетак крыві, аналізу клетак пярэдняй долі гіпофіза, астраўковай тканкі падстраўнікавай залозы і інш.). Гл. таксама Ацыдафілія, Базафілы.

А.С.Леанцюк.

т. 2, с. 218

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІ́ЧЭР-СТО́У (Beecher-Stowe) Гарыет Элізабет

(14.6.1811, г. Лічфілд, ЗША — 1.7.1896),

амерыканская пісьменніца. У рамане «Хаціна дзядзькі Тома» (1852) адлюстраванне жыцця неграў-рабоў спалучаецца з пропаведдзю прынцыпаў хрысц. маралі. Праблемам рабства ў ЗША прысвечаны публіцыстычная кн. «Ключ да хаціны дзядзькі Тома» (1853) і раман «Дрэд, аповесць пра праклятае балота» (1856). Аўтар рамана «Алдтаунскія старажылы» (1869) і інш., памфлета «Апраўданне лэдзі Байран» (1870), аповесцяў, апавяданняў, вершаў-медытацый на рэліг. тэмы.

Тв.:

Рус. пер. — Хижина дяди Тома. М., 1980.

т. 3, с. 164

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРУ́МБЕРГ,

расійскія кінарэжысёры, мастакі, сцэнарысты, сёстры.

Валянціна Сямёнаўна (2.8.1899—28.11.1975) і Зінаіда Сямёнаўна (2.8.1900—9.2.1983). Засл. дз. маст. Расіі (абедзве 1968). Скончылі ВХУТЭМАС (1925). Удзельнічалі ў стварэнні першых сав. мультфільмаў, з 1937 на кінастудыі «Саюзмультфільм». Знялі фільмы-казкі для дзяцей: «Чырвоная шапачка» (1937), «Кот у ботах» (1938), «Казка пра цара Салтана» (1943), «Сіндбад-мараход» (1944), «Федзя Зайцаў» (1948), «Дзяўчынка ў цырку» (1950), «Тры таўстуны» (1963), «Агонь» (1971), сатыр. фільмы «Вялікія непрыемнасці» (1961), «Новыя вялікія непрыемнасці» (1973) і інш.

т. 3, с. 266

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРАТАШВІ́ЛІ Ніколаз Мелітонавіч

(27.12.1817, Тбілісі — 21.10.1845),

грузінскі паэт-рамантык. Літ. спадчына Бараташвілі — паэма і вершы (каля 40), пераважна філас. і інтымнай тэматыкі. У творах («Мерані», «Мая малітва», «Магіла цара Іраклія», «Роздум на беразе Куры», паэма «Лёс Грузіі» і інш.) складаны ўнутр. свет чалавека, мара пра нац. свабоду Грузіі. У асобных вершах матывы адчаю, песімізму, адзіноты («Адгукніся, душа», «Злы дух»). Паэзіі Бараташвілі ўласцівыя псіхалагізм, лірызм, экспрэсіўнасць, пластычнасць, музычнасць. На бел. мову яго творы перакладалі А.Астрэйка, А.Вялюгін, Е.Лось, Я.Семяжон і інш.

т. 2, с. 300

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЯКСЕ́ЕЎСКІ Канстанцін Аляксеевіч

(15.9.1855, Віленская губ. — пасля 1918),

удзельнік бел. нац. руху пач. 20 ст. Скончыў 2-е Канстанцінаўскае ваен. вучылішча ў Пецярбургу (1875). Ген.-маёр (1909). З 1915 нач. Свеаборгскай крэпасці. На Усебеларускім з’ездзе 1917 выбраны ў склад Савета старэйшын, заклікаў «адрадзіць беларускую дзяржаву», выступаў у абарону бел. нац. сцяга. Аўтар «Успамінаў пра Усебеларускі з’езд у г. Мінску» (Чырвоны шлях. 1918. № 1—2). У 1918 запрошаны Радай БНР у Мінск для фарміравання бел. нац. арміі.

В.У.Скалабан.

т. 1, с. 298

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)