дзяржава ва Усх. Грузіі на тэрыторыі гіст. вобласці Картлі ў 2-й пал. 15—18 ст. Узнікла ў выніку распаду адзінага Груз. царства. Сталіца — г. Тбілісі. Аснова эканомікі — натуральная гаспадарка. Падзялялася на паўсамаст. адзінкі — сатавада. У канцы 17 — пач. 18 ст. перажывала пэўны эканам. і культ. ўздым. У 16—18 ст. К.ц. пад кіраўніцтвам Луарсаба I, Георгія Саакадзе, Вахтанга VI і інш. супраціўлялася ірана-тур. агрэсіі. У 1723 К.ц. авалодалі туркі, у 1735 — іранцы. У 1744 аднавіла незалежнасць. Існавала да 1762, калі пад уладай кахецінскага цара Іраклія II было аб’яднана з Кахеты ў адзінае Картлійска-Кахецінскае царства са сталіцай у Тбілісі, якое ў 1801 далучана да Расіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЦЕ́ЧНІЦА,
агнястрэльная зброя 2-й пал. 19 ст. Інтэнсіўнасць стральбы (да 600 стрэлаў за мінуту) дасягалася за кошт павелічэння колькасці ствалоў (да 25) і паскарэння працэсу зараджання праз ужыванне унітарнага патрона. Прататып К. — арган выкарыстоўвалі ў 16—18 ст. у Еўропе, у т. л. на Беларусі. Розныя сістэмы К. ствараліся і меліся на ўзбраенні ў ЗША (у час грамадз. вайны 1861—65), у Францыі, Швецыі, Расіі і інш. Іх калібр ад 11—12 да 25,4 мм, маса 25-ствольнай К. дасягала 800 кг. Былі папярэдніцамі аўтаматычнай зброі, але іх механізмы зараджання і стральбы прыводзіліся ў дзеянне мускульнай сілай чалавека. Зняты з узбраення ў сувязі з вынаходніцтвам і распаўсюджаннем кулямёта.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЫ́НФСКІ О́РДЭР,
адзін з трох асн. грэчаскіх арх.ордэраў. Склаўся ў 2-й пал. 5 ст. да н.э. ў Стараж. Грэцыі (карынфская калона ў храме Апалона ў Басах на Пелапанесе, каля 430 да н.э.) як больш насычаны дэкорам варыянт іанічнага ордэра. Вызначаецца высокай капітэллю, упрыгожанай стылізаванымі лістамі аканта і завіткамі; мадульёны або больш развітыя кансолі пад увянчальнай плітой карніза замяняюцца дэнтыкуламі або выкарыстоўваюцца ў спалучэнні з імі. Ад інш. ордэраў адрозніваецца большай лёгкасцю прапорцый, насычанасцю дэкорам. Атрымаў пашырэнне ў архітэктуры элінізму і асабліва Стараж. Рыма. На Беларусі быў пашыраны ў архітэктуры класіцызму з характэрнай для бел. дойлідства гладкай паверхняй ствала калоны. Выкарыстоўваўся ў архітэктуры 1950-х г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАТО́НЫ ((Cotogni) Антоніо) (1.8.1831, Рым — 5.10.1918),
італьянскі спявак (барытон), педагог; адзін з буйнейшых прадстаўнікоў мастацтва бельканта 2-й пал. 19 ст. З 12 гадоў вучыўся ў царк. школе спеваў. Быў салістам у царк. харах. У 1852—94 выступаў на оперных сцэнах Італіі і інш. краін (у 1872—94 у Італьян. оперы ў Пецярбургу). З 1894 выкладаў у Пецярбургскай кансерваторыі, з 1899 — у муз. ліцэі акадэміі «Санта-Чэчылія» ў Рыме. Сярод партый: Радрыга, Рэната («Дон Карлас», «Баль-маскарад» Дж.Вердзі), Вільгельм Тэль, Фігара («Вільгельм Тэль», «Севільскі цырульнік» Дж.Расіні), Невер, Нелуска («Гугеноты», «Афрыканка» Дж.Меербера), Хазэ («Кармэн» Ж.Бізэ), Валянцін («Фауст» Ш.Гуно), Тэльрамунд («Лаэнгрын» Р.Вагнера). Сярод вучняў Дж.Лаўры-Вольпі, Я.М.Рэшке.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІЛІКІ́ЙСКАЯ АРМЯ́НСКАЯ ДЗЯРЖА́ВА,
княства, потым царства на тэр.Кілікіі ў 1080—1375. Сталіца — г. Сіс. Узнікла ў выніку масавых уцёкаў у Кілікію армян (у т. л. знаці) пасля заваявання Арменіі туркамі-сельджукамі і візантыйцамі. Тут правіла дынастыя Рубенідаў (назва ад імя першага князя Рубена). Да 1182 ваявала з Візантыяй.
Найб. росквіту дасягнула пры Левоне II (з 1198 цар). Развіваліся рамёствы, гандаль, культура (цэнтры — гарады Сіс, Тарс, Мамедыя і інш.), сельская гаспадарка. З 1-й пал. 13 ст. васал манг. правіцеляў (ільханаў) Ірана. У 1375 заваявана мамлюкамі.
Літ.:
Микаелян Г.Г. История Киликийского армянского государства. Ереван, 1952.
В.У.Адзярыха.
Да арт.Кілікійская армянская дзяржава. Трыпціх-рэлікварый. Серабро з пазалотай. 1293.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛО́ЧКІ,
дзяржаўныя дзеячы ў ВКЛ герба «Павяла». Родапачынальнік Ян, што жыў у сярэдзіне 15 ст. і пакінуў сыноў Войцеха, Міхну, Мікалая і Алехну. З іх Войцех [каля 1450(?)—1514] служыў ахмістрам вял. княгіні Алены Іванаўны, набыў маёнтак Дарагова ў Новагародскім пав.; у канцы жыцця быў намеснікам ковенскім. Яго сын Мацей (каля 1480—1543), ваявода віцебскі з 1532 і адначасова (з 1533) намеснік Аболецкага маёнтка каралевы Боны Сфорцы, староста жамойцкі з 1542, часам выкарыстоўваў прозвішча Ахмістровіч. Быў жанаты з Кацярынай Глябовіч, спадчынніцай маёнтка Рудка на Падляшшы. У 1528 ставіў са сваіх маёнткаў у войска 65 коннікаў. Памёр без нашчадкаў. Іншыя галіны роду К. згаслі ў 2-й пал. 16 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́НДЗЬЕЛЬСКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура энеаліту (4—1-я пал. 3-га тыс. да н.э.) на тэр. Славакіі, Чэхіі, Аўстрыі, Усх. Германіі і Зах. Украіны. Назва ад паселішча каля в. Лендзьель недалёка ад г. Печ у Венгрыі. Насельніцтва займалася матычным земляробствам і жывёлагадоўляй, жыло на паселішчах, размешчаных на высокіх мысах каля рэк, у паўзямлянках з глінянымі печамі і гасп. ямамі. Вядомы майстэрні для вытв-сці крамянёвых прылад працы. Пахавальны абрад — трупапалажэнне ў скурчаным становішчы або трупаспаленне. Вырабляліся крамянёвыя, касцяныя і медныя прылады працы, прадметы побыту, упрыгожанні. Характэрны керамічныя амфары, чашы, міскі, келіхі, арнаментаваныя размалёўкай белага ці чорнага колеру, штампамі, разнымі ўзорамі Сустракаюцца гліняныя антрапаморфныя фігуркі і мадэлі жытлаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЮБЧА́НСКІ ПАРК,
помнік садова-паркавага мастацтва ў г.п. Любча Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл. Створаны ў 1-й пал. 18 ст. на левым беразе р. Нёман. Парк рэгулярнага тыпу. Пл. без пладовага саду каля 4 га. У кампазіцыі парку — Любчанскі замак. На квадратным унутр. двары замка размешчаны круглы партэр з кальцавымі пасадкамі дэкар. кустоў. У канцы 18 ст. паміж вежамі скапаны абарончы вал, за ровам разбіты партэр з кветнікамі і баскеты. За імі з трох бакоў замак абкружае пладовы сад, падзелены рэгулярнай сістэмай алей. У канцы 19 — пач. 20 ст. ў парку групамі і паасобку пасаджаны экзоты. Растуць арэх шэры, хвоя веймутава, лістоўніцы еўрап. і сібірская.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛАТА́РНЯ,
машына або частка машыны (камбайна) для малацьбыс.-г. культур — выдалення насення з каласоў, мяцёлак, катахоў, кошыкаў і інш. Некаторыя М. таксама ачышчаюць і сартуюць зерне.
Існуюць М. для малацьбы збожжа (у т. л. ў складзе збожжаўборачнага камбайна), лёну (ільномалатарні, гл.Ільноўборачныя машыны), канапель (каноплемалатарні, гл.Каноплеўборачныя машыны), кукурузы, кенафу і інш. Есць селекцыйныя М. — для малацьбы раслін, што ўбіраюцца з доследных дзялянак. Першыя М. з’явіліся ў 17 ст. У канцы 18 ст. ў Шатландыі вынайдзены вярчальны малацільны барабан з трохграннымі біламі, з 1-й пал. 19 ст. выпускаюць малацільныя апараты з зубавымі барабанамі і зубчастымі дэкамі.
Да арт.Малатарня. Малатарня-веялка для вылучэння насення лёну, аддзялення галовак канюшыны і насеннікаў цукровых буракоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЁЗЕР (Möser) Іаган Георг, архітэктар і будаўнік 2-й пал. 18 ст. Немец. З 1738 жыў і працаваў у г. Гродна, у 1765—74 на службе ў гродзенскага старосты А.Тызенгаўза. Паводле яго праектаў узведзены Гродзенскі палац Тызенгаўза (1760—70-я г.), корчмы «Галеча», «Выгода» (знесены ў канцы 19 ст.), «Раскоша» (усе 1770-я г., з арх. Дж.Сака; знішчана пад час рэканструкцыі вул. Ажэшкі), Гродзенскі тэатр Тызенгаўза (1780-я г.). Аўтар тыпавых праектаў жылых дамоў для майстроў (1760-я г., гл.Гарадніца), якія працавалі на мануфактурах Тызенгаўза, і вайсковай варты Гродзенскай каралеўскай эканоміі (пабудаваны ў 1768—73). Выкладаў у школе будаўнікоў на Гарадніцы ў Гродне.