ПРЭДЫКАТЫ́ЎНАСЦЬ (ад лац. praedicatio выказванне),

граматычная катэгорыя, якая выражае адносіны выказвання да пазамоўнай рэчаіснасці. Выяўляецца праз інтанацыю паведамлення, катэгорыі асобы, часу і ладу дзеяслова-выказніка. Параўн.: «смех», «дзеці», «смех дзяцей», «смяшлівыя дзеці» і «Дзеці смяюцца»; «снег», «снежыць», «снежны» і «Снег пайшоў», «Снег!». П. надае спалучэнню слоў і нават асобнаму слову значэнне закончанай думкі, сэнс самаст. адзінкі маўленчых зносін, выступае сродкам рэалізацыі камунікатыўнай функцыі мовы. Належыць да універсалій лінгвістычных.

Літ.:

Виноградов В.В. Некоторые задачи изучения синтаксиса простого предложения // Вопр. языкознания. 1954. № 1;

Общее языкознание: Внутренняя структура языка. М., 1972.

А.​Я.​Міхневіч.

т. 13, с. 91

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУДЗІ́НСКІ ((Rudziíski) Вітальд) (н. 14.3.1913, г. Себеж Пскоўскай вобл., Расія),

польскі кампазітар, музыказнавец, муз. крытык, педагог. Скончыў Кансерваторыю імя М.​Карловіча ў Вільні (1937; кл. кампазіцыі Т.​Шалігоўскага). Выкладаў у кансерваторыях Вільні, Лодзі, з 1957 у Акадэміі музыкі ў Варшаве (з 1965 праф.). Яго творчасці ўласціва выкарыстанне польск. муз. фальклору, вобразнасць муз. мовы. Сярод твораў оперы, у т. л. «Адпраўленне грэчаскіх паслоў» (1962), «Мужыкі» (1972), араторыі, арк. творы, камерна-інстр. ансамблі, музыка для драм. т-ра і кіно і інш. Аўтар прац пра творчасць С.​Манюшкі, Б.​Бартака і інш.

т. 13, с. 428

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫЯЛЕ́КТ (ад грэч. dialektos гаворка),

найбольш буйное этнагенетычнае адзінства гаворак або іх груп у складзе мовы, блізкіх асн. асаблівасцямі сваёй будовы (фанет. сістэмай, граматычным ладам, слоўнікам) і сумежных па тэрытарыяльным размяшчэнні. Бел. дыялектная мова складаецца з паўн.-ўсх. Д. (аб’ядноўвае роднасныя па сваёй зыходнай аснове гаворкі мясц. насельніцтва паўн.-ўсх. ч. краіны) і паўд.-зах. Д. (гаворкі паўд.-зах. ч. краіны, за выключэннем яе паўд.-зах. кутка). Паводле мясц. асаблівасцей гаворкі паўн.-ўсх. Д. падзяляюцца на 3 групы — віцебскую, усх.-магілёўскую і полацка-мінскую, паўд.-зах. Д. — гродзенска-навагрудскую, слуцкую і мазырскую (усх.-палескую). Паміж паўн.-ўсх. і паўд.-зах. дыялектамі вылучаецца група сярэднебеларускіх (пераходных) гаворак, якія склаліся ў працэсе ўзаеманакладання і «размывання» берагоў супрацьлеглых Д. на іх стыку (у выніку змешвання іх «прыбярэжных» гаворак і ўзаемаўплыву). Паўн.-ўсх. і паўд.-зах. Д. разам з групай сярэднебел. гаворак складаюць асноўны масіў гаворак бел. нац. мовы, які тэрытарыяльна супрацьпастаўляецца па сваіх асаблівасцях зах.-палескай групе гаворак. Апошняя з’яўляецца часткай Д. бел.-ўкр. моўнага сумежжа. Асаблівасці Д. найб. адлюстроўваюцца ў мове сельскага насельніцтва. Аднак у сувязі з яго інтэнсіўным пераразмеркаваннем разбураюцца тэр. аднароднасць груп гаворак і дыялектныя межы. На аснове пэўных дыялектных і занальных аб’яднанняў сфарміравалася і знаходзіцца ў цеснай сувязі з імі і зараз бел. літаратурная мова.

Літ.:

Лінгвістычная геаграфія і групоўка беларускіх гаворак. Мн., 1968—69.

А.​А.​Крывіцкі.

т. 6, с. 309

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАШКЕ́ВІЧ (Іосіф Антонавіч) (1815—15.5.1875),

дыпламат, вучоны-мовазнавец, даследчык Д. Усходу, натураліст. Дзяцінства правёў у Якімавай слабадзе Рэчыцкага пав. Мінскай губ. Скончыў Мінскую духоўную семінарыю, Пецярбургскую духоўную акадэмію (1839). У 1839—49 у складзе Рускай духоўнай місіі ў Пекіне. Вывучаў кіт., кар., яп., маньчжурскую, англ., ням., франц., лац., грэч., яўр. і інш. мовы, даследаваў культуру і філасофію Кітая і Японіі. У 1852—55 як перакладчык суправаджаў на фрэгаце «Палада» (з рус. пісьменнікам І.А.Ганчаровым) дыпламат. місію адмірала Я.​В.​Пуцяціна ў Японію. З удзелам Гашкевіча заключаны рус.-яп. дагавор 1855. У 1858—65 першы рас. консул у Японіі. Першы іншаземец, якому было дазволена выехаць за межы яп. сталіцы і зрабіць падарожжа па краіне. У 1861 сустракаўся ў Хакадатэ з М.​А.​Бакуніным. З 1867 у адстаўцы, жыў у маёнтку Малі (цяпер Астравецкі р-н Гродзенскай вобл.). Выдадзены ім першы ў Расіі «Японска-рускі слоўнік» (1857; разам з Тацібана но Каасай) адзначаны медалём Пецярбургскай АН і Дзямідаўскай прэміяй. Аўтар працы «Карані японскай мовы» (Вільня, 1899). Калекцыі флоры і фауны Паўд. Афрыкі і Паўд.-Усх. Азіі, сабраныя ў час падарожжаў, Гашкевіч перадаў заал. музею АН у Пецярбургу. У г. Хакадатэ на в. Хакайда Гашкевічу пастаўлены помнік. У 1994 помнік бюст Гашкевічу адкрыты ў Астраўцы (скульпт. Ф.​Янушкевіч); створаны японска-бел.-рус. фонд імя І.​А.​Гашкевіча.

Літ.:

Гузанаў В. Адысей з Беларусі. Мн., 1993.

І.​У.​Саламевіч.

т. 5, с. 96

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАЛЬ (Уладзімір Іванавіч) (22.11.1801, г. Луганск, Украіна — 4.10.1872),

рускі лексікограф, этнограф, пісьменнік. Чл.-кар. Пецярбургскай АН. Скончыў мед. ф-т Дэрпцкага ун-та (Тарту, 1829), быў ваен. урачом. Даследаваў мову і побыт рус. народа. Аўтар прац «Пра гаворкі рускай мовы» (1852), «Прыказкі рускага народа» (1861—62, частку працы Д. бел. фалькларыст І.І.Насовіч змясціў у сваім «Зборніку беларускіх прыказак», 1867), «Тлумачальны слоўнік жывой велікарускай мовы» (т. 1—4, 1863—66; больш за 200 тыс. слоў і 30 тыс. прыказак і прымавак; за яго атрымаў званне ганаровага акадэміка Пецярб. АН). У слоўніку шмат бел. нар. лексікі. Складаў слоўнікі бел. і ўкр. моў. Апрацоўваў казкі («Рускія казкі», 1832, «Быліцы і небыліцы», кн. 1—4, 1833—39), пісаў этнагр. нарысы («Падалянка», «Цыганка», «Балгарка», «Уральскі казак» і інш.), апавяданні і аповесці ў духу рус. натуральнай школы (пад псеўд. Казак Луганскі).

Тв.:

Полн. собр. соч. Т. 1—10;

СПб., М., 1897—98;

Толковый словарь живого великорусского языка. Т. 1—4. М., 1955;

Пословицы русского народа. М., 1957;

Повести. Рассказы. Очерки. Сказки. М.; Л., 1961.

Літ.:

Канкава М.В. Даль как лексикограф. Тбилиси, 1958;

Бессараб М.Я. Владимир Даль. 2 изд. М., 1972;

Булатов М.А., Порудоминский В.И. Собирал человек слова... М., 1969;

Порудоминский В.И. Даль. М., 1971;

Яго ж. Повесть о «Толковом словаре». М., 1981.

І.​У.​Саламевіч.

У.І.Даль. Партрэт мастака В.​Пярова. 1872.

т. 6, с. 21

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЫ́ЧНЫЯ ГУ́КІ,

гукі чалавечай мовы, пры вымаўленні якіх на шляху паветра, што выдыхаецца з лёгкіх, узнікае перашкода. У бел. мове якасці З.г. залежаць ад характару перашкоды і яе месца ў галасавым тракце.

Пры ўтварэнні шумных зычных асн. з’яўляецца шумавая або імпульсна-шумавая крыніца гуку, што ўзнікае ў раёне перашкоды для паветр. плыні. Калі дзейнічае толькі шумавая крыніца, узнікаюць глухія фрыкатыўныя зычныя «ф», «с», «ш», «х», пры адначасовым дзеянні галасавых звязак — звонкія фрыкатыўныя тыпу «з», «ж», «г»; калі дзейнічае імпульсна-шумавая крыніца, узнікаюць глухія выбухныя «п», «т», «к», пры папярэднім уключэнні галасавых звязак — адпаведныя ім звонкія «б», «д», «г» (выбухны). Афрыкаты «дз», «ц», «дж», «ч» характарызуюцца рэзкім пачаткам (як выбухныя) і больш працяглым шумам (як фрыкатыўныя). Пры ўтварэнні санорных «р», «л», «й», «м», «н», «в», «ў» гукавая хваля галасавой крыніцы як у галосных гукаў сустракае перашкоду (як у шумных) з адначасовым узнікненнем пабочнага свабоднага праходу для яе. Санорныя ніколі не аглушаюцца. У залежнасці ад месца перашкоды гукавой хвалі З.г. падзяляюцца на губныя «п», «б», «ф», «в», «ў», «м», зубныя «т», «д», «с», «з», «ц», «дз», «н», «л», «р», пярэдне-сярэднепаднябенныя «ш», «ж», «ч», «дж», сярэднепаднябенны «й», заднепаднябенныя «к», «г» (выбухны і фрыкатыўны), «х». З.г. акрамя «дж», «ж», «р», «ц», «ч», «ш» маюць адпаведныя парныя мяккія. Гук «й» не мае адпаведнага парнага цвёрдага.

Літ.:

Падлужны А.І., Чэкман В.М. Гукі беларускай мовы. Мн., 1973.

А.​І.​Падлужны.

т. 7, с. 120

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАКМІ́ЛІН ((McMillin) Арнольд Барат) (н. 21.6.1941, г. Нью-касл-эпон-Тайн, Вялікабрытанія),

англійскі славіст. Д-р слав. філалогіі (1971). Скончыў Лонданскі ун-т (1964). У 1969—76 выкладчык, з 1987 праф. рус. мовы і л-ры Школы слав. і ўсх.-еўрап. даследаванняў Лонданскага ун-та. У 1976—87 заг. аддзялення рус. філалогіі Ліверпульскага ун-та. Аўтар даследаванняў па бел. мове і л-ры: «Слоўнік беларускай літаратурнай мовы XIX ст.» (Лондан, 1973), «Гісторыя беларускай літаратуры ад яе вытокаў да сённяшніх дзён» (Гісен, 1977), арт. «Барока і асветніцтва на Беларусі. Да перагляду перыядызацыі беларускай літаратуры» (1984), «Русіфікацыя і яе апаненты ў сучаснай беларускай літаратуры», «Вехі і тэндэнцыі ў развіцці беларускай паэзіі» (абодва 1989). Напісаў прадмовы да зб. бел. паэзіі «Снуецца зданяў рой» (Лондан, 1982) і зб. вершаў Л.​Геніюш. Пераклаў на англ. мову (з В.​Рыч) паэму «Тарас на Парнасе» (1977). Даследаваў навук. дзейнасць Я.​Ф.​Карскага, Я.​Чачота, творчасць Я.​Купалы, Я.​Коласа, М.​Багдановіча, З.​Бядулі, В.​Быкава і інш. У 1991—92 пачаў курс лекцый «Уводзіны ў беларускую культуру: мова, літаратура, гісторыя». Рэдактар «The Journal of byelorussian studies» («Часопіса беларускіх даследаванняў», 1966—71), час. «Modern languages rewiew» («Агляд сучасных моў», 1979—87), «Occasional papers in belarusian studies» («Неперыядычныя выданні беларускіх даследаванняў», 1995). Чл. Міжнар. к-та славістаў (1979—88), з 1981 віцэ-прэзідэнт Англа-бел. т-ва.

У.​Л.​Сакалоўскі.

Э.Макмілан.

т. 9, с. 539

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАСТА́ЦКІ СТЫЛЬ,

адзін з асноўных функцыянальных стыляў мовы, што ўтвараецца сістэмай моўных сродкаў маст. л-ры ў яе гал. родах — эпасе, лірыцы, драме. Выконвае не толькі агульную для інш. стыляў камунікатыўную функцыю, але і ўласцівую толькі яму эстэт. — функцыю эмацыянальна-вобразнага ўздзеяння на чытача. У М.с. назіраецца глыбокае ўзаемадзеянне ўсіх стылістычных рэсурсаў, дапускаецца ўключэнне элементаў і фрагментаў інш. функцыянальных стыляў. Для яго характэрна метафарычнасць, вобразнасць адзінак розных моўных узроўняў, экспрэсіўнасць, узнёсласць. У ім часта ўжываюцца розныя вобразна-выяўленчыя сродкі (эпітэты, параўнанні, увасабленні, гіпербалы, літоты, перыфразы) і стылістычныя фігуры (анафара, эпіфара, антытэза, інверсія і інш.), якія дапамагаюць ствараць яркія маст. вобразы, даваць больш дэталёвае апісанне з’яў і фактаў рэчаіснасці, моўную характарыстыку персанажаў. У М.с. выкарыстоўваюцца не толькі літаратурныя, а і пазалітаратурныя моўныя сродкі (прастамоўная лексіка, жаргон, дыялектызмы і інш.), якія ўжываюцца не ў іх першаснай функцыі, а ў эстэтычнай. Кожны моўны сродак у маст. творы матываваны змястоўна і стылістычна. Разнавіднасці М.с. — паэт. мова, мова маст. прозы і драматургіі. Вылучаюць індывід. стылі асобных пісьменнікаў, мова якіх характарызуецца асаблівасцямі экспрэсіўнага адбору слоў, фразеалогіі, сінтаксічных канструкцый і марфалагічных рысаў і з’яўляецца прыватным праяўленнем агульных заканамернасцей М.с.

Літ.:

Цікоцкі М.Я. Сугучнасць слоў жывых... Мн., 1981;

Стилистика русского языка. 2 изд. Л., 1989;

Каўрус А.​А.​Стылістыка беларускай мовы. 3 выд. Мн., 1992.

А.​І.​Жураўскі, Р.​Р.​Чэчат.

т. 10, с. 195

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЗЫ́РСКІЯ ГІМНА́ЗІІ Існавалі ў сярэдзіне 19 — пач. 20 ст. Падпарадкоўваліся Віленскай навучальнай акрузе. Мазырская мужчынская гімназія адкрыта ў кастр. 1859. Напачатку мела 1—3-і класы, у 1860 адкрыты 4—6-ы, у 1861—7-ы (выпускны) класы. Больш за 90% гімназістаў — дзеці дваран і чыноўнікаў. Выкладанне вялося на польск., з 1864 — на рус. мове. З 1865 класічная гімназія. Выкладаліся: Закон Божы, рус. мова і славеснасць, лац., грэч., франц., ням. мовы, матэматыка, фізіка, прыродазнаўства, гісторыя, геаграфія, чыстапісанне і інш. Пры гімназіі з 1864 існавала нядзельная школа для навучання чытанню, пісьму і арыфметыцы ўсіх гараджан незалежна ад веравызнання і ўзросту. Да 1874 у падпарадкаванні дырэкцыі гімназіі быў 4-класны прыватны жаночы пансіён. У 1874 гімназія пераўтворана ў 4-класную, з 1876 — у 6-класную прагімназію, якая ў 1910 рэарганізавана ў 8-класную гімназію. Падрыхтавана больш за 1000 выпускнікоў. Існавала да 1918. Мазырская жаночая гімназія адкрыта ў 1907 на базе жаночага вучылішча (засн. ў 1860). Да 1911 жаночая гімназія Е.​Сапрыноўскай, 29.11.1911 пераўтворана ў 7-класную жаночую гімназію. Утрымлівалася за дзярж. кошт. За навуч. справай наглядаў дырэктар мужчынскай гімназіі. У ёй працавалі 3 законанастаўнікі і 12 выкладчыкаў Пецярбургскага і Юр’еўскага ун-таў, Маскоўскіх вышэйшых жаночых курсаў і інш. Выкладаліся: рус. мова і л-ра, гісторыя, матэматыка, фізіка, геаграфія, прыродазнаўства, чыстапісанне, маляванне, ням. і франц. мовы, спевы. У 1915 было 269 навучэнак. Існавала да 1917; на яе базе створана 7-гадовая агульнаадук. школа. Мазырская прыватная жаночая прагімназія засн. 18.7.1908 на базе (прыватнага жаночага вучылішча 1-га разраду, мела 5 асн. і 1 падрыхтоўчы класы (у 1909 адкрыты 6-ы, у 1910—7-ы класы). Утрымлівалася А.​Тадароўскай-Еўдакімавай за кошт платы за навучанне. Працавалі 3 законанастаўнікі і 9 выкладчыкаў з Беластоцкага ін-та, Мінскай духоўнай семінарыі, Пецярбургскіх і Маскоўскіх вышэйшых жаночых курсаў. Выкладаліся: рус. мова і л-ра, матэматыка, чыстапісанне, прыродазнаўства, франц. і ням. мовы, рукадзелле, маляванне, спевы. У 1908 было 146 навучэнак. Закрыта ў 1913.

Літ.:

Сборник сведений о средних учебных заведениях Виленского учебного округа. Вильна, 1873;

Шпаковский К. Историческая записка о Мозырской прогимназии, 1859—1909. Мозырь, 1909;

Бобр А.Г. Мой Мозырь: Ист. очерк. Ч. 1. Мн., 1996.

В.​С.​Болбас (мужчынская гімназія), А.​Ф.​Самусік.

т. 9, с. 518

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІРЫ́ЛІЦА,

адна з дзвюх (разам з глаголіцай) стараж. славянскіх азбук. Створана ў сярэдзіне 9 ст. на аснове грэка-візант. ўстаўнага пісьма. Назва ад імя слав. асветніка Кірылы Філосафа (гл. ў арт. Кірыла і Мяфодзій). Паходжанне К. канчаткова не высветлена. На думку адных вучоных, К. створана Кірылам раней за глаголіцу, ад якой адрознівалася інш. тыпам і больш простай і выразнай формай літар. Паводле другіх вучоных, Кірыла з’яўляўся стваральнікам глаголіцы, што папярэднічала К. Алфавітна-літарны склад К. адпавядаў гукавой сістэме стараславянскай мовы. У 11 ст. мела 43 літары: 24 візант. паходжання, 19 створаны самастойна. 27 літар абазначалі лічбы (літара з цітлай). З 10 ст. К. абслугоўвала ўсе тыпы стараж.-рус. літ. мовы. Паслядоўна існавалі графічныя відазмяненні К.: устаў, паўустаў, скорапісбыт. і дзелавой перапісцы), арнаментальная вязь (у кніжных загалоўках). Ад стараж.-рус. пісьменства К. перайшла ў спадчыну старабел., старарус. і стараўкр. пісьменствам. У ранні перыяд старабел. графіка мела ўсе літары К. Аднак у працэсе развіцця бел. мовы літарны склад алфавіта перастаў адпавядаць гукавой сістэме: адпала патрэба ў дублетных літарах, якія без шкоды для пісьмовых зносін маглі замяняць адна адну, але працягвалі ўжывацца па традыцыі (о–ѡ, е–є–ѣ, і–и–ѵ, у–ꙋ–ѫ, ѩ–ѧ, з–ѕ, ф–ѳ, ѯ–ксі, ѱ–псі), з’явілася неабходнасць у графічных сродках для зычнага j, афрыкаты «дж», гукаў [о] пасля мяккіх і [е] пасля цвёрдых зычных. На бел. глебе выйшлі з ужытку літары ѫ, ѥ, узніклі новыя графемы э (канец 15 ст.) і й (канец 16 ст.), у дзелавым пісьменстве перасталі выкарыстоўвацца ў гукавым значэнні знакі і, ѵ, ѯ, ѱ, ѕ, ф, у помніках інш. жанраў сталі трапляцца радзей літары ѵ, ѯ, ѱ, ѕ. Спрашчэнне і ўдасканаленне графічнай сістэмы абумоўлівалася агульным развіццём пісьменства. Выдатным дасягненнем старабел. графікі было стварэнне бел. першадрукаром і асветнікам Ф.​Скарынай на аснове паўустава друкарскага варыянта К., што стаў узорам для інш. усх.-слав. друкароў. Цікавай з’явай у гісторыі бел. кнігадрукавання было вынаходства спец. курсіўнага шрыфту (прапанаваў Грынь Івановіч), які сваёй канфігурацыяй імітаваў скорапіс 2-й пал. 16 ст. Працэс удасканалення К. на Беларусі спыніўся ў 18 ст. з прычыны заняпаду старабел. пісьменства. У Расіі ў выніку рэформы Пятра I у 1708 быў створаны грамадзянскі шрыфт, што пазней стаў асновай сістэм пісьма ўсх.-слав. і некат. інш. народаў, у т. л. і новага бел. пісьменства. Сучасны беларускі алфавіт выпрацаваны ў выніку кантамінацыі рус. грамадзянскага шрыфту са старабел. варыянтам К., вызначаецца большай дакладнасцю. У ім няма дублетных літар, ёсць знакі для спалучэння гукаў «йо» (ё) і спецыфічнага бел. гуку кароткага «ў», афрыкаты «дж», «дз» перадаюцца дыграфамі, раздзяляльную функцыю выконвае апостраф.

Найб. стараж. кірыліцкія помнікі — надпісы на сценах і плітах у Праславе (9—10 ст., Балгарыя), на глінянай пасудзіне з раскопак курганоў пад Смаленскам (10 ст.) і інш. Першая датаваная кніга, напісаная К., — Астрамірава евангелле (1056—57).

Літ.:

Карский Е.Ф. Славянская кирилловская палеография. М., 1979;

Истрин В.А. Возникновение и развитие письма. М., 1965;

Булыка А.М. Развіццё арфаграфічнай сістэмы старабеларускай мовы. Мн., 1970.

А.​М.​Булыка.

Кірыліца.

т. 8, с. 287

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)