НІКІ́ФАРАЎ (Вячаслаў Аляксандравіч) (н. 13.8.1942, с. Вясёлае Паўлаўскага р-на Краснадарскага краю, Расія),
бел. кінарэжысёр. Засл. дз. маст. Беларусі (1981). Скончыў Усесаюзны дзярж.ін-т кінематаграфіі ў Маскве (1968). З 1969 працуе на кінастудыі «Беларусьфільм». Творчасць адметная глыбокай распрацоўкай псіхалогіі характараў, выкарыстаннем шырокага дыяпазону жанрава-стылістычных сродкаў — ад публіцыстыкі да камернай лірыкі. Рэжысёр кінафільмаў «Зімародак» (1972), «Хлеб пахне порахам» (сцэн. І.Шамякіна, 1974) і «Сын старшыні» (сцэн. М.Матукоўскага, 1976; за ўсе прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1978), «Абочына» (1978), «Высакародны разбойнік Уладзімір Дуброўскі» (паводле А.Пушкіна, 1989), «Душа мая Марыя» (1993), «Рэйнджэр з атамнай зоны» (1999); тэлефільмаў — «Бераг прынцэсы Люські» (1969), «Ціхія троечнікі» (1980), «Фруза» (паводле В.Быкава, 1981), «Бацькі і дзеці» (паводле І.Тургенева, 1984; Дзярж. прэмія СССР 1986), «Вялікая прыгода» (1985), «Дзяржаўная граніца» (фільм 5-ы — «Год сорак першы», 1986), тэлесерыяла «Дуброўскі» (паводле Пушкіна, 1989).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЬЮ-БРА́НСУІК (New Brunswick),
правінцыя на ПдУ Канады. Абмываецца залівамі Св. Лаўрэнція (на ПнУ) і Фанды (на Пд). Пл. 72,5 тыс.км². Нас. каля 800 тыс.чал. (1998), англа-канадцы і франка-канадцы. Адм. ц. — г. Фрэдэрыктан. На тэр. правінцыі паўн. адгор’і Апалачаў (г. Карлтан, 820 м), раўніны і нізіны. Характэрны марэнны рэльеф, ледавіковыя і флювіягляцыяльныя адклады. Есць радовішчы поліметалаў, медзі, нікелю, буд. матэрыялаў. Клімат умераны, марскі. Т-ра паветра ў студз. каля -10 °C, у ліп. каля 17 °C. Выпадае 1000 мм ападкаў за год. Рэкі мнагаводныя, з парогамі і вадаспадамі. Пераважаюць паўднёватаежныя цемнахвойныя лясы. На базе мясцовых руд у г. Батэрст буйны комплекс гарнарудных, металургічных і хім. прадпрыемстваў. Развіта цэлюлозна-папяровая, нафтахім., харч., маш.-буд. (у т. л. суднабудаўнічая), дрэваапр.прам-сць. Вытв-сць абутку і буд. матэрыялаў. Рыбалоўства і рыбаперапрацоўка. У сельскай гаспадарцы пераважае малочная жывёлагадоўля і агародніцтва. Транспарт чыг., аўтамаб., марскі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЬЮ-ГЭ́МПШЫР.
Нью-Хэмпшыр (New Hampshire), штат на ПнУ ЗША. Пл. 24 тыс.км². Нас. 1173 тыс.чал. (1997). Адм. ц. — г. Конкард. Найб. гарады Манчэстэр, Нашуа. Большая ч. штата занята адгор’ямі Апалачаў (масіў Уайт-Маўнтынс, выш. да 1916 м — г. Вашынгтон), на ПдУ штата — берагавая нізіна. Клімат умераны, марскі. Т-ра паветра ад -5 °C, у студз. да 22 °C у ліп. Ападкаў каля 800—1000 мм за год. Гал. рэкі Канектыкут і Мерымак. Большая ч.тэр. пад лесам (хвоя, хемлак, дуб, бяроза). Прам-сць: маш.-буд. (электратэхн., электронная, вытв-сцьпрамысл. абсталявання), гарбарна-абутковая, тэкст., дрэваапр., цэлюлозна-папяровая. Лесанарыхтоўкі. Здабыча буд. матэрыялаў (граніт і інш.), каштоўных камянёў. Портсмут — цэнтр суднабудавання. Сельская гаспадарка прыгараднага тыпу; малочная жывёлагадоўля, птушкагадоўля. Вырошчваюць кармавыя травы, бульбу. Садоўніцтва і агародніцтва. Курортная гаспадарка, турызм і лыжны спорт (Уайт-Маўнтынс). Марское рыбалоўства. Транспарт аўтамаб. і чыгуначны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́ПАРАЦЬ-КВЕ́ТКА,
міфалагічны вобраз народнага падання. Вядомы ўсх. славянам і інш. народам. Паводле падання, апоўначы на Купалле ў лясным гушчары раз на год зацвітае папараць. Высачыць і сарваць гэтую кветку, якую ахоўваюць розныя пачвары і страшыдлы, можа толькі адважны і сумленны чалавек. Сарваўшы кветку, ён стане празорлівым і зразумее гаворку дрэў і траў, звяроў і птушак, яму адкрыюцца заклятыя ў зямлі скарбы. У гэтым паданні пра цудадзейную П.-к. ўвасоблена мара чалавека аб шчасці, імкненне да пазнання таямніц свету. У бел. фальклоры паданне мела шмат варыянтаў, у т.-л. і сац. пераасэнсаванне. Міфалагічны матыў П.-к. шырока выкарыстаны ў л-ры і мастацтве. Да яго звярталіся М.Гогаль, Ю.Крашэўскі, В.Дунін-Марцінкевіч, Я.Купала, У.Караткевіч (п’еса «Калыска чатырох чараўніц»), І.Козел (п’еса «Папараць-кветка»), А.Туранкоў (опера «Кветка шчасця» паводле муз. драмы М.Чарота «На Купалле»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎНО́ЧНАЯ ЗЯМЛЯ́,
архіпелаг у Паўн. Ледавітым ак., на мяжы мораў Карскага і Лапцевых, тэр. Расіі. Ад мацерыка аддзелена пралівам Вількіцкага. Пл. каля 37,6 тыс.км². Уключае 4 вял. астравы — Кастрычніцкай Рэвалюцыі, Бальшавік, Камсамолец, Піянер — і шмат дробных. Берагі месцамі скалістыя і стромкія, парэзаны глыбокімі фіёрдамі. У рэльефе вылучаюцца прыледавіковыя плато, узвышаныя раўніны, тэрасаваныя прыбярэжныя раўніны. Каля 1/2пл. ўкрыта ледавіковымі купаламі і шчытамі (выш. да 965 м). Складзена пераважна з асадкавых (пясчанікі, сланцы, даламіты, мергелі) і вывергнутых (дыябазы, граніты) парод. Клімат суровы, арктычны. Сярэднія месячныя т-ры зімой ад -28 да -33 °C, летам 0,5—1,6 °C. Ападкаў 150—400 мм за год. Пераважае арктычная пустыня з плямамі мохава-лішайнікавай расліннасці. У складзе жывёльнага свету лемінг, пясец, трапляецца белы мядзведзь. Лежбішча нерпы, грэнландскіх цюленяў, маржоў, бялухі. Птушыныя «кірмашы». Астравы адкрыты экспедыцыяй Б.А.Вількіцкага ў 1913, даследаваны экспедыцыяй Г.А.Ушакова і М.М.Урванцава ў 1930—32.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІРАНДЭ́ЛА ((Pirandello) Луіджы) (28.6.1867, г. Агрыджэнта, Італія — 10.12.1936),
італьянскі пісьменнік, драматург. Вучыўся ў Рымскім і Бонскім (Германія) ун-тах. У 1898 праф.пед. каледжа ў Рыме. Дэбютаваў як паэт у 1889 (зб. «Радасны боль»). Раннія творы напісаны ў традыцыях верызму (зб-кі навел «Каханне без кахання», 1894; «Навелы на год», т. 1—5, 1901—19). У раманах «Адвержаная» (1901), «Нябожчык Матыя Паскаль» (1904) і інш., філас.-псіхал. трагікамедыях «Шэсць персанажаў у пошуках аўтара» (паст. 1921), «Генрых IV» (паст. 1922), «Кожны па-свойму» (паст. 1924), «Сёння мы імправізуем» (паст. 1930) і інш. вобразы «негераічных» герояў, ілюзорнасць чалавечых ідэалаў, адзінота, няўстойлівасць і недасканаласць грамадскіх адносін, гульня выпадку ў лёсах людзей. Адыграў значную ролю ў перабудове італьян. і еўрап.т-ра 20 ст. Нобелеўская прэмія 1934.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛІТА́ў геалогіі,
буйная адмоўная тэктанічная структура платформ. Характарызуецца глыбокім заляганнем крышт. фундамента, перакрытага магутнай тоўшчай (да 12—15 км) платформавага чахла. Межы П. часта праводзяцца па мяжы пашырэння асадкавага чахла, па буйных разломах і флексурах. П. ўскладнены больш дробнымі дадатнымі (антэклізы, скляпенні, выступы, антыкліналі, падняцці, купалы і інш.) і адмоўнымі (сінеклізы, упадзіны, прагіны, сінкліналі і інш.) структурамі. П. бываюць устойлівыя і рухомыя. Устойлівыя П. менш дэфармаваныя. Рухомыя П. — найб. тэктанічна актыўныя ч. платформ, якія хутка прагіналіся і назапашвалі магутны асадкавы чахол. Некат. даследчыкі называюць П. маладыя эпігерцынскія платформы ў адрозненне ад стараж. дакембрыйскіх платформ. Паводле новай глабальнай тэктонікі (гл.Тэктанічныя гіпотэзы) вылучаюць літасферныя П. — вялізныя цвёрдыя блокі літасферы, якія пастаянна рухаюцца са скорасцю 1—12 см/год па вязкім слоі астэнасферы ад зон расцяжэння (сярэдзінна-акіянічныя хрыбты) да зон сціскання. Беларусь размешчана на З Рускай пліты Усх.-Еўрапейскай платформы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЭМІ́РАВАННЕ (ад прэмія),
від матэрыяльнага стымулявання і заахвочвання работнікаў за канкрэтныя поспехі ў асабістай і калект. працы. Распрацоўка і ўкараненне сістэм П. ажыццяўляецца прадпрыемствам, а правільнасць выбару асн. яго элементаў (паказчыкі і ўмовы, колькасць прэміраваных, памер прэміі) ацэньваецца з пазіцый забеспячэння прынцыпу аплаты за працу і адпаведнасці эфекту, які павінен выяўляцца ў эканоміі выдаткаў на вытв-сць прадукцыі (работ, паслуг) і прырашчэнні прыбытку. П. можа быць штомесячнае, штоквартальнае, па выніках працы за год або інш. перыяды ў залежнасці ад асаблівасцей вытв-сці і працы, характару ўстаноўленых паказчыкаў, наяўнасці неабходных звестак аператыўнага і бухгалтарскага ўліку; таксама перыяды, што вызначаюцца сезоннасцю работ, працягласцю вытв. цыкла і інш. Памеры прэмій кожнага работніка вызначаюцца ў працэнтах да зарплаты па тарыфных стаўках (здзельных расцэнках), службовых акладах або ў памерах да -мінімальнай зарплаты. Ва ўсіх выпадках П. павінна быць забяспечана гарантаванасць крыніцы выплаты прэміі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЎНАДЗЕ́НСТВА,
момант часу, у які цэнтр сонечнага дыска пры сваім бачным гадавым перамяшчэнні па экліптыцы перасякае нябесны экватар. Бывае двойчы на год: вясенняе (20—21 сак.), калі Сонца пераходзіць з паўд. паўшар’я неба ў паўн. (у пункце вясенняга Р.; пачатак вясны ў паўн. паўшар’і Зямлі), і асенняе (23 вер.), калі Сонца пераходзіць з паўн. паўшар’я неба ў паўднёвае (у пункце асенняга Р.; пачатак восені ў паўн. паўшар’і Зямлі).
У час Р. сутачны рух Сонца адбываецца амаль уздоўж нябеснага экватара, у выніку чаго на Зямлі (за выключэннем раёнаў геагр. полюсаў) дзень роўны ночы (адсюль назва). З прычыны прэцэсіі зямной восі пункты Р. зрушваюцца па экліптыцы насустрач бачнаму гадавому руху Сонца прыкладна на 50,3″. У канцы 20 — пач. 21 ст. пункт вясенняга Р. знаходзіцца ў сузор’і Рыбы, а асенняга — у сузор’і Дзева.
Літ.:
Цесевич В.П. Что и как наблюдать на небе. 6 изд. М., 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУ́РЫ МЯДЗВЕ́ДЗЬ (Ursus arctos),
млекакормячая жывёла сям. мядзведзевых атр. драпежных. Пашыраны ў Еўразіі, Паўн. Амерыцы, раней — у Паўн. Афрыцы. На Беларусі захаваўся ў паўн.-ўсх. і некат. раёнах усх. часткі, на Палессі. У пач. 19 ст. трапляўся па ўсёй тэр., з пач. 20 ст. рэдкі. На тэр. рэспублікі жыве прыблізна 100—120 асобін, найб. колькасць (каля 30 асобін) у Бярэзінскім запаведніку; занесены ў Чырв. кнігу.
Даўж. цела самцоў найб. буйных рас (Камчатка, Аляска) да 2,55 м, выш. ў карку да 1,35 м, маса да 750 кг. Афарбоўка густой, доўгай поўсці ад цёмна-бурай або амаль чорнай да буравата-палевай. Ліняюць 1 раз за год. Мае добры нюх, горшыя зрок і слых. Палаваспеласць у 3 гады. Нараджае да 6 (звычайна 1—3) медзведзянят масай 0,5—0,6 кг. У халодныя і снежныя зімы ў спячцы ў бярлозе. Корміцца лісцем і карэнішчамі раслін, ягадамі, арэхамі, насякомымі, рыбай, нападае на ласёў, буйн. раг. жывёлу і інш. Колькасць скарачаецца. 2 падвіды ў Чырв. кнізе МСАП.