масавая легальная рэв.-дэмакр. арганізацыя працоўных Зах. Украіны ў 1926—32. Свой уплыў пашырала і на паўд.-зах. частку Зах. Беларусі. Створана па ініцыятыве Кампартыі Зах. Украіны (КПЗУ) у кастр. 1926 на аб’яднаным з’ездзе радыкальных сял. арг-цый «Народная воля» і «Сялянскі саюз» (гл.Сельсаюз). С. патрабаваў прадастаўлення зямлі без выкупу, стварэння рабоча-сял. ўрада, самавызначэння і аб’яднання ўкр. зямель у рэспубліцы рабочых і сялян і інш. Друкаваныя выданні С. — газ. «Сельроб», «Воля народу», «Наше слово», «Нове життя», час. «Вікна» — выкрывалі палітыку ўлад Польшчы ў Зах. Украіне і Зах. Беларусі, прапагандавалі поспехі СССР, абуджалі самасвядомасць працоўных, узнімалі іх на барацьбу супраць сац. і нац. прыгнёту, за ўз’яднанне Зах. Украіны з УССР, а Зах. Беларусі з БССР. Часта выступаў разам з КПЗУ, бел.рэв.-дэмакр. арг-цыямі Беларуская сялянска-работніцкая грамада і «Змаганне». За ўплыў на С. ішла вострая барацьба паміж КПЗУ і ўкр.нац. партыямі. Абвастрэнне ўнутр. рознагалоссяў прывяло ў 1927 да расколу С. на С.-лявіцу і С.-правіцу. У маі 1928 на з’ездзе абедзвюх груп створана аб’яднаная арг-цыя С.-адзінства на платформе рэв. і нац.-вызв. барацьбы. Праз С. КПЗУ і КПЗБ уплывалі на культ,асв., спарт. і інш. масавыя арг-цыі працоўных. Пярвічныя арг-цыі С. ствараліся ў многіх вёсках і мястэчках паўд.-зах. часткі Зах. Беларусі. У 1926 створаны Брэсцкі акр.к-т С., раённыя к-ты існавалі ў Кобрыне, Высокім, Камянцы, Драгічыне, Іванаве. 2.10.1927 у Брэсце адбыўся мітынг з удзелам 300 прадстаўнікоў С., якія патрабавалі навучання дзяцей на роднай мове і свабоды палітвязням. Улады Польшчы пастаянна праследавалі С. 15.9.1932 абвешчана аб роспуску С., яго актыўныя дзеячы арыштаваны.
бел. гісторык і філосаф. Акад.АН Беларусі (1931), праф. (1930), д-ргіст.н. (1934). Скончыў гіст.-філал. (1920) і мед. (1922) ф-ты Харкаўскага ун-та, Ін-тчырв. прафесуры(1924). Удзельнік рэв. руху, рэдактар падп. і легальных выданняў у Літве, Маскве, Варонежы, Харкаве. З 1917 чл. Харкаўскага Савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў. З 1920 заг. аддзела друку Харкаўскага губкома КП(б)У, сакратар ЦБ Літоўскіх секцый пры ЦК КП(б)У; рэдактар літ.газ. «Darbininkn balsas» («Голас рабочага»), час. «Raudonóju Dirva» («Чырвоная ніва»), газ. «Красные резервы», «Красноармейская страница», «Коммунист» [орган ЦК КП(б)У]. Ў 1922—23 выкладаў у Камуніст. ун-це нац. меншасцей Захаду імя Ю.Мархлеўскага (Масква). У 1924—25 заг. Віцебскай губсаўпартшколы. У 1924—34 дацэнт, потым праф.БДУ і Камуніст. ун-та. У 1925—27 нам.заг. аддзела друку ЦККП(б)Б. У 1929—32 дырэктар Ін-та гісторыі партыі пры ЦККП(б)Б. У 1931—37 чл. Прэзідыума, у 1932—37 заг. сектара Ін-та гісторыі АН Беларусі. Абвінавачаны ў патуранні антыпартыйным групам у бел.гіст. навуцы, 22.5.1937 арыштаваны і асуджаны на 10 гадоў. У 1956 рэабілітаваны. З 1957 заг. сектара, з 1967 ст.навук. супрацоўнік Ін-та філасофіі і права АН Беларусі. Працы па філасофіі і сац. думцы на Беларусі і Літве. Адзін з рэдактараў перакладу збораў твораў У.І.Леніна ў 12 т. на бел. мову (1925—33). Сааўтар кніг «З гісторыі філасофскай і грамадска-палітычнай думкі Беларусі» (1962), «Нарысы гісторыі марксісцка-ленінскай філасофіі ў Беларусі, 1919—1968» (1968).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІКЕ́ЙРАС, Альфара Сікейрас (Alfaro Siqueiros) Хасэ Давід (29.12.1898, г. Чыўаўа, Мексіка — 6.1.1974), мексіканскі жывапісец і графік; адзін з заснавальнікаў мексіканскай школы манум. жывапісу. Ганаровы чл.АМСССР (1967). Вучыўся ў АМ (1911), школе Санта-Аніта (1913) у Мехіка. Удзельнік мекс. рэвалюцыі 1910—17. З 1919 працаваў у Францыі і Іспаніі; у 1921 выдаў у Барселоне «Маніфест рэвалюцыйнага мастацтва». Заснавальнік (1922) і ген. сакратар (1923—25) «Рэвалюцыйнага сіндыката працаўнікоў тэхнікі і мастацтва». З 1924 адзін з кіраўнікоў Мексіканскай камуніст. партыі, з 1929 ген. сакратар Мексіканскай унітарнай прафсаюзнай канфедэрацыі. Неаднаразова быў арыштаваны. У 1932—34 і 1935—36 працаваў у ЗША. Дзейнасць С. ў Аргенціне (1933), Чылі (1941—42), на Кубе (1943) паўплывала на развіццё манум. мастацтва ў краінах Лац. Амерыкі. Яго работы вылучаюцца смелым стылем, насычанасцю фарбаў, дынамікай форм. Ствараў манум. кампазіцыі, у якіх канкрэтныя персанажы спалучаюцца з сімвалічнымі ўвасабленнямі сац.-гіст. сіл, выкарыстоўваў новыя метады перспектывы, спалучаў жывапіс са скульптурнымі формамі, ужываў новыя маст. матэрыялы (сінтэтычныя фарбы, керамічную мазаіку і інш.): размалёўкі Нац. падрыхтоўчай школы (1922—23), клуба прафсаюзаў электрыкаў (1939), Палаца прыгожых мастацтваў (1945, 1950—51), Нац. музея гісторыі (пачаў у 1959; усе ў Мехіка). У 1950—60-я г. ў трактоўцы гіст. падзей і вобразаў узмацніліся выразнасць і паліт. вастрыня. Аўтар мазаікі і рэльефаў на фасадзе рэктарата Універсітэцкага гарадка ў Мехіка (1952—54), манум.-дэкар. збудавання «Паліфорум» (1971), якое спалучае архітэктуру, жывапіс і скульптуру станковых карцін, літаграфій, малюнкаў. Іл.гл. таксама ў арт.Мексіка.
Літ.:
Григулевич И.Р. Сикейрос. М., 1980;
Семенов О.С. Д.А.Сикейрос. М., 1980.
С.У.Пешын.
Д.Сікейрас. Размалёўка Нац. музея гісторыі ў Мехіка. 1964.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТУХАЧЭ́ЎСКІ Міхаіл Мікалаевіч (16.2.1893, в. Сляднёва Сафонаўскага р-на Смаленскай вобл., Расія — 12.6.1937),
савецкі ваенны дзеяч, палкаводзец, адзін з першых Маршалаў Сав. Саюза (1935). Скончыў Аляксандраўскае ваен. вучылішча (1914). З 1912 у арміі, з 1918 у Чырв. Арміі. Удзельнік 1-й сусв. 1914—18 і грамадз. 1918—20 войнаў. З чэрв. 1918 камандуючы 1-й арміяй Усх. фронту, са студз. 1919—8-й арміяй Паўд. фронту, з крас. 1919—5-й арміяй Усх. фронту. У лют.—крас. 1920 камандаваў войскамі Каўк. фронту. З крас. 1920 камандуючы войскамі Зах. фронту: у час савецка-польскай вайны 1920 распрацаваў і кіраваў Ігуменска-Мінскай і Варшаўскай аперацыямі. Удзельнік падаўлення антыбальшавіцкага кранштацкага паўстання 1921, сял.ўзбр. паўстання ў Тамбоўскай і Варонежскай губ. 1920—21. У 1921 нач.Ваен. акадэміі РСЧА, у 1922—24 камандуючы войскамі Зах. фронту. З 1925 нач. штаба РСЧА, з 1928 камандуючы Ленінградскай ваен. акругай, з 1931 нам. наркома ваенна-марскіх спраў СССР і старшыні РВС, нач. узбраенняў РСЧА, з 1934 нам. наркома абароны СССР, з 1936 1-ы нам. наркома абароны і нач. упраўлення баявой падрыхтоўкі. У 1937 камандуючы войскамі Прыволжскай ваен. акругі. Канд. у чл.ЦКВКП(б) у 1934—37. Праводзіў работу па рэарганізацыі Чырв. Арміі, распрацоўцы ваен. навукі і практыкі ваен. будаўніцтва. 22.5.1937 арыштаваны па справе т.зв. «антысав. трацкісцкай ваен. арг-цыі» ў Чырв. Арміі і прыгавораны да пакарання смерцю. Паводле рашэння ваен. калегіі Вярх. суда СССР прыгавор скасаваны і ў 1957 Т. рэабілітаваны.
Тв.:
Избр. произв.Т. 1—2. М., 1964.
Літ.:
Гуль Р.Б. Красные маршалы. М., 1990;
Соколов Б. Михаил Тухачевский: Жизнь и смерть красного маршала. Смоленск, 1999.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШЧАРБАКО́Ў Васіль Карпавіч (27.2.1898, в. Дубраўка Аршанскага р-на Віцебскай вобл. — 29.6.1938),
бел. гісторык, грамадскі дзеяч. Акад.АН Беларусі (1931), д-ргіст.н. (1934). Скончыў Рагачоўскую настаўніцкую семінарыю (1918), Харкаўскую вышэйшую парт. школу (1923). Удзельнік падп. барацьбы супраць ням. акупантаў у Рагачове (1918), грамадз. вайны на Усх. і Паўд. франтах. У 1920 нач. аддзела палітасветы дывізіі ў Крыме. З 1923 рэктар Ін-та нар. адукацыі ў Чарнігаве. У 1930 заг. сектара навукі і асветы ЦККП(б)Б. У 1931—35 віцэ-прэзідэнт, у 1935—37 неадменны сакратар АН Беларусі, адначасова ў 1931—37 нам. дырэктара, дырэктар Ін-та гісторыі АН Беларусі, у 1931—34 праф. у Вышэйшай камуніст.с.-г. школе Беларусі, Мінскім пед. ін-це, БДУ. Першы дэкан гіст. ф-та БДУ (адкрыты ў 1934). У жн. 1936 выключаны з КП(б)Б. 21.7.1937 беспадстаўна арыштаваны, у чэрв. 1938 прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. Рэабілітаваны ў 1957. Аўтар навук. прац па гісторыі сял. руху ў перыяд феадалізму, гісторыі Кастр. рэвалюцыі і грамадз. вайны на Беларусі, гістарыяграфіі і інш. Адзін з першых сав. даследчыкаў паспрабаваў у абагульняльнай працы «Нарыс гісторыі Беларусі» (ч. 1, 1934; 2-я частка затрымана ў Друку) раскрыць з марксісцкіх пазіцый гісторыю Беларусі са стараж. часоў да 18 ст. На будынку Ін-та гісторыі АН Беларусі яму ўстаноўлена мемарыяльная дошка.
Тв.:
Кастрычніцкая рэвалюцыя на Беларусі і белапольская акупацыя. Мн., 1930;
Пытанні культуры і асветы на XIII з’ездзе КП(б)Б. Мн., 1931;
Класавая барацьба і гістарычная навука на Беларусі. Мн., 1934;
Сялянскі рух і казацтва на Беларусі ў эпоху феадалізму. Мн., 1935;
Крестьянское движение в Белоруссии XVI и XVII вв. // Ист. сб. 1935. №4.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРЭ́ЦКІ Максім Іванавіч (18.2.1893, в. Багацькаўка Мсціслаўскага р-на Магілёўскай вобл. — 10.2.1938),
бел. пісьменнік, літаратуразнавец, публіцыст, фалькларыст, грамадскі дзеяч. Адзін з пачынальнікаў нац.маст. прозы. Зрабіў вял. ўклад у развіццё бел. культуры, у фарміраванне нац. свядомасці. Брат Г.І.Гарэцкага. Скончыў Горацкае каморніцка-агранамічнае (1913), Паўлаўскае ваен. (Петраград, 1916) вучылішчы. У 1913—14 працаваў на Віленшчыне, у 1914—17 на фронце, быў цяжка паранены. З канца 1917 у Смаленску, супрацоўнічаў у «Известиях Смоленского Совета рабочих, солдатских и крестьянских депутатов», у газ. «Звезда» (1918), з рэдакцыяй якой пераехаў у Мінск, на пач. 1919 — у Вільню. У выніку захопу горада польскімі войскамі апынуўся на акупіраванай тэрыторыі. Выкладаў на бел. настаўніцкіх курсах і ў Віленскай беларускай гімназіі. Рэдактар газ.«Наша думка» (снеж. 1920 — ліп. 1921), з вер. 1921 выдавец і рэдактар газ.«Беларускія ведамасці». У студз. 1922 арыштаваны і зняволены ў Лукішскую турму. Яму было прад’яўлена абвінавачванне «ў прыналежнасці да партыі камуністаў, у арганізацыі тайных баявых дружын з мэтаю замаху на дзяржаўную ўладу, у друкаванай і вуснай прапагандзе». За гэта пагражала смяротная кара або катарга. Дзякуючы пратэсту грамадскасці суд не адбыўся. Паводле слоў пісьменніка, ён «без суда, са здзекам, быў выкінуты з Вільні ў нейтральны пас паміж польскім і літоўскім фронтам». У кастр. 1923 пераехаў у Мінск. Выкладаў беларусазнаўства на рабфаку БДУ, бел. мову і л-ру ў Камуністычным ун-це Беларусі. Працаваў у Інбелкульце (з 1925 правадз. член), у Горацкай с.-г. акадэміі (люты 1926 — жн. 1928), у АН Беларусі. 18.7.1930 арыштаваны на падставе сфабрыкаванага органамі АДПУ абвінавачання ў прыналежнасці да «Саюза вызвалення Беларусі». 10.4.1931 асуджаны да 5 гадоў высылкі ў Вятку. З 1935 выкладаў рус. мову і л-ру ў школе ў пас. Пясочня Смаленскай вобл. (цяпер г. Кіраў Калужскай вобл.). 4.11.1937 зноў арыштаваны, 5.1.1938 прыгавораны да расстрэлу (расстраляны ў Вязьме). Рэабілітаваны ў 1957.
Літ. дзейнасць пачаў з газетных нататак і карэспандэнцый. Першае апавяданне «У лазні» апубл. ў 1913. Дамінуючая тэма яго творчасці — лёс бел. сялянства, працоўнай вёскі на гіст. зломе эпох, народ і інтэлігенцыя, пошукі ёю шляхоў сац. і нац. вызвалення. Зборнікам апавяданняў «Рунь» (1914), драматызаванай аповесцю «Антон» (1914, апубл. 1919) і інш. творамі пашырыў тэматычныя і жанрава-стылёвыя межы бел. прозы, увёў новага героя — вясковага інтэлігента («Роднае карэнне» і інш.) і форму лірыка-экспрэсіўнага спасціжэння рэчаіснасці («Патаёмнае», «Страхаццё»). Да гэтага перыяду адносіцца паспяховая спроба маст. асваення гіст. тэмы («Лірныя спевы») і жанру філас., інтэлектуальнай прозы (цыкл апавяданняў «За што?»). Гарэцкі прайшоў шлях складанага ідэйна-творчага і светапогляднага развіцця. Значныя карэктывы ў асветніцкае ўспрыманне рэчаіснасці, што ўласціва ранняму перыяду яго творчасці, унесла вайна і рэвалюцыя. Паглыбіўся гістарызм пісьменніцкага мыслення, узмацніўся аналітычны пачатак у творчасці, іншай стала філас. канцэпцыя чалавека як істоты складанай, супярэчлівай, падуладнай уздзеянню разнастайных фактараў і ўплываў («Маці», «Хадзяка»). Апавяданні ваеннай тэматыкі («Літоўскі хутарок», «Генерал», «Рускі») прасякнуты антымілітарысцкім пафасам, пратэстам супраць разбурэння маральных асноў быцця. У публіцыстыцы смаленскага перыяду (кастр. 1917 — люты 1919) выказваў спадзяванне на перамогу сацыяліст. рэвалюцыі (арт. «Новая буржуазія»), падтрымліваў асобныя палажэнні бальшавіцкай праграмы (арт. «Няхай жыве камуністычная Беларусь!»); творчая і грамадская дзейнасць віленскага перыяду (люты 1919 — кастр. 1923) прасякнута асуджэннем тэрору і непрыманнем новай улады (аповесць «Дзве душы», 1919, апавяданні «Апостал», «Усебеларускі з’езд 1917-га года»). Абноўленая нац.-адраджэнская праграма, скіраваная на выхаванне сац. і нац. свядомасці, духоўнае ўзвышэнне чалавека, пераадоленне ім прыгонніцкай спадчыны, выявілася ў апавяданнях «Панская сучка», «Смачны заяц» (зб. «Досвіткі», 1926). У творчасці 1930-х г. адзначаецца далейшае паглыбленне эпічных асноў, больш грунтоўная распрацоўка тэм інтэлігенцыя і народ, будучыня Беларусі. Своеасаблівыя этапы духоўнай біяграфіі вясковай моладзі адлюстраваны ў аповесцях «У чым яго крыўда?» (1926), «Меланхолія» (нап. ў 1920-я г.), дакументальна-маст. дзённіку «На імперыялістычнай вайне» (1926). Творы Гарэцкага засведчылі новы падыход у адлюстраванні падзей вайны і зараджэнне традыцыі «акопнай праўды» як літ.-эстэт. з’явы. У рамане-хроніцы «Віленскія камунары» (1931—32, апубл. 1963) паказаў герояў, якія лічылі рэв. барацьбу універсальным сродкам вырашэння сацыяльных праблем. Панарама жыцця бел. народа ад часоў прыгоннага права да 1930-х г. створана ў аповесці «Камароўская хроніка» (незаконч., апубл. ў 1966). Дакументальна-маст. сродкамі ў ёй адлюстраваны сац. супярэчнасці эпохі, побыт, праца, норавы, звычаі бел. вёскі і інш. пластоў грамадства, раскрыты рысы характару беларуса. У творах Гарэцкага арганічна спалучаюцца сац. аспекты з маст. даследаваннем духоўнай сферы, выяўляецца глыбіня і змястоўнасць філас. канцэпцыі жыцця як няспыннага працэсу выпрацоўкі і перадачы ад пакалення да пакалення сац. і маральна-этычнага вопыту, духоўных каштоўнасцей. Незакончаныя творы «Лявоніус Задумекус» (1931—32), «Скарбы жыцця» (1932—35, 1937?), «Кіпарысы» (апрацоўка запісаў 1928) разам з асобнымі раздзеламі «Камароўскай хронікі» раскрываюць трагізм становішча рэпрэсіраванага мастака, з’яўляюцца пачаткам эстэт. асваення бел.літ. тэмы ГУЛАГа. Гарэцкі — аўтар «Гісторыі беларускае літаратуры» (1920, факс. выд. 1992), «Хрэстаматыі беларускае літаратуры: XI век — 1905 г.» (1922), слоўнікаў «Невялічкі беларуска-маскоўскі слоўнік» (1919), «Практычны расійска-беларускі слоўнік» (1924, разам з М.Байковым), зб. «Народныя песні з мелодыямі» (1928, з А.Ягоравым) і інш. Пераклаў на бел. мову раман А.Фадзеева «Разгром», аповесці Ю.Лібядзінскага «Тыдзень», «Камісары», асобныя апавяданні М.Горкага («Зброднік», «Канавалаў», «Чалкаш»), а таксама артыкулы і дадаткі да 3-га тома Зб.тв. У.І.Леніна (выд. 1929). Рукапісная спадчына Гарэцкага захоўваецца ў аддзеле рэдкай кнігі і рукапісаў Цэнтральнай навук. б-кі імя Я.Коласа Нац.АН Беларусі. Творы пісьменніка перакл. на рус., укр., балг., лат., літ., ням., польск. мовы. На радзіме пісьменніка створаны музей, пастаўлены помнікі ў Мінску, Вязьме, імем Гарэцкага названы вуліцы ў Мінску, Мсціславе, Горках. У 1997 створаны Міжнар. фонд братоў Гарэцкіх.
Тв.:
Выбр.тв.Т. 1—2. Мн., 1973;
Зб.тв.Т. 1—4. Мн., 1984—1986;
Творы. Мн., 1990.
Літ.:
Максім Гарэцкі: Успаміны, артыкулы, дакументы. Мн., 1984;
Адамовіч А. «Браму скарбаў сваіх адчыняю...» Мн., 1980;
Бугаёў Дз. Максім Гарэцкі. Мн., 1968;
Дасаева Т.М. Летапіс жыцця і творчасці Максіма Гарэцкага. Мн., 1993;
Гарэцкі Р. Расстрэл Максіма Гарэцкага // ЛІМ. 1992. 9 і 16 кастр.;
Першыя Гарэцкія чытанні: (Тэз. дакл. і паведамл.). Горкі, 1992;
Гарэцкія чытанні: Тэз. дакл. і паведамл. Горкі, 1993;
Гарэцкія чытанні: Матэрыялы дакл. і паведамл. Горкі, 1994, 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЫБАЕ́ДАЎ Аляксандр Сяргеевіч [15.1.1795 (паводле інш. крыніц 1790),
Масква — 11.2.1829], рускі пісьменнік, дыпламат. Скончыў Маскоўскі ун-т (1810). У 1812 пайшоў добраахвотнікам у армію, у 1813—16 служыў у Кобрыне, Брэсце. У 1816 у Пецярбургу зблізіўся з А.Пушкіным, В.Кюхельбекерам, П.Каценіным. З 1817 на службе ў Калегіі замежных спраў, у 1818—22 сакратар рус.дыпламат. місіі ў Персіі. У 1826 за сувязь з дзекабрыстамі арыштаваны, але з-за адсутнасці доказаў вызвалены. З 1828 паўнамоцны пасол Расіі ў Персіі. Забіты ў Тэгеране фанатычным натоўпам мусульман (пахаваны ў Тбілісі). Аўтар камедый «Студэнт» (1817, выд. 1889, з Каценіным), «Свая сям’я, ці Замужняя нявеста» (1818, з А.Шахаўскім і М.Хмяльніцкім), «Прытворная нявернасць» (1818, з А.Жандрам). Сусв. вядомасць Грыбаедаву прынесла камедыя ў вершах «Гора ад розуму» (нап. 1822—24). Забароненая цэнзурай (пры жыцці аўтара апубл. толькі ўрыўкі ў альманаху Ф.В.Булгарына «Русская Талия за 1825 г.»), камедыя распаўсюджвалася ў рукапісах (налічвалася каля 40 тыс.экз.). Поўнасцю ў Расіі яна надрукавана ў 1862. «Гора ад розуму» — адзін з самых злабадзённых і вольналюбівых твораў рус. драматургіі 19 ст. Сінтэтычнасць драматургічнай паэтыкі Грыбаедава (спалучэнне ямба з жывой мовай), сінтэз традыцый і наватарства стварылі новую эстэт. якасць — маст. рэалізм, які стаў этапным у развіцці рус. і сусв. драматургіі. У Гомельскім абл. краязнаўчым музеі зберагаецца унікальны варыянт камедыі (належаў графу І.Ф.Паскевічу) з радкамі на рус. і франц. мовах, дапісаных рукой Грыбаедава. На бел. мову камедыю пераклаў М.Лужанін (1949), у 1963 яна была пастаўлена ў Магілёўскім драм. т-ры.
Тв.:
Горе от ума. Комедии. Драматические сцены, 1814—1827. Л., 1987;
Соч.М., 1988;
Бел.пер. — Гора ад розуму. Мн., 1949.
Літ.:
А.С.Грибоедов: Творчество. Биография. Традиции. Л., 1977;
Мещеряков В.П. Жизнь и деяния Александра Грибоедова. М., 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ ПА́РТЫЯ САЦЫЯЛІ́СТАЎ-РЭВАЛЮЦЫЯНЕ́РАЎ (БПС-Р), Партыя беларускіх эсэраў,
палітычная партыя ў 1918—24. Арганізацыйна аформілася да мая 1918 пасля расколу Беларускай сацыялістычнай грамады (БСГ). У яе кіруючае ядро ўваходзілі: М.Асвяцімскі, П.Бадунова, Т.Грыб, Л.Заяц, Я.Ладноў, Я.Мамонька, С.Некрашэвіч, Я.Трафімаў, Я.Чарапук, Ф.Шантыр і інш.; пазней прымкнулі В.Ластоўскі і А.Цвікевіч. Друкаваныя органы: «Беларуская думка», «Грамадзянін» (Вільня), «Родны край» (Гродна), «Наша каляіна» (Слуцк), «Змаганне» (Мінск). У Мінску, Гродне і Вільні дзейнічалі губ. к-ты БПС-Р. Налічвала больш за 20 тыс. членаў (1920). Кіравала дзейнасцю «Грамады моладзі», «Сувязі беларускага сялянства», кантралявала Усебел. настаўніцкі саюз, Гродзенскую сял. раду. У аснову тактыкі БПС-Р пакладзена праграма БСГ. Прадстаўляла інтарэсы сялянства, выступала за сацыялізацыю зямлі (адмена прыватнай уласнасці і наёмнай працы), развіццё ўсіх відаў кааперацыі, нацыяналізацыю буйной прам-сці і інш., за ўстанаўленне «сярэдняй улады» (дыктатуры ўсяго працоўнага народа ў форме Саветаў). Выказалася за поўнае самавызначэнне бел. народа; абвясціла сябе «трэцяй сілай», якая змагаецца за нац. незалежнасць і непадзельнасць Беларусі на 2 фронты: супраць польскіх інтэрвентаў і «імперыялістычна-маскоўска-дзянікінскай сілы». Не прызнавала БССР і Літ.-Бел. ССР, ва ўмовах паліт. ізаляцыі адмовілася ад падпісання Дэкларацыі аб абвяшчэнні незалежнасці БССР, выступала супраць анексій бел. тэрыторый Польшчай і РСФСР. Знаходзілася ў паліт. апазіцыі да бальшавікоў. У канцы 1920 — пач. 1921 афіцыйныя сав. структуры пачалі ўжываць сілавыя прыёмы барацьбы супраць БПС-Р, былі арыштаваны 860 членаў партыі. У 1922 частка бел. эсэраў, якія працавалі ў Зах. Беларусі ў падполлі, стварыла Беларускую рэвалюцыйную арганізацыю, якая пазней улілася ў КПЗБ. Пад націскам ЦККП(б)Б на з’ездзе былых членаў БПС-Р у Мінску (8.6.1924) партыя самараспусцілася. У канцы 1920—30-х г. усе былыя члены партыі рэпрэсіраваны. У 1937 былыя кіраўнікі БПС-Р прыцягнуты да суд. адказнасці па т.зв. «справе эсэраў» і прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. Рэабілітаваны ў 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАМО́ЦІН Іван Іванавіч (1.11.1873, в. Крывуліна Цвярской вобл., Расія — 25.5.1942),
рускі і бел.літ.-знавец. Акад.АН Беларусі (1928), чл.-кар.АНСССР (1929), д-рфілал.н. (1934). Скончыў Пецярбургскі гісторыка-філал.ін-т (1897). З 1904 прыват-дацэнт Варшаўскага, потым Пецярбургскага, з 1908 праф. Варшаўскага, з 1917 — Данскога ун-таў, з 1922 — БДУ, з 1931 — Мінскага пед. ін-та. Адначасова працаваў у Інбелкульце (з 1925), АНБССР (з 1929). 4.4.1938 арыштаваны, высланы ў Комі АССР, дзе памёр у турэмнай бальніцы. У працах па гісторыі рус. л-ры 19 ст. выступаў як прадстаўнік культурна-гістарычнай школы ў літ.-знаўстве. Даследаваў эстэт. прынцыпы, літ. плыні і стылі рус. рамантычнай л-ры 1820—30-х г. ва ўзаемасувязях з зах.-еўрап. л-рай, станаўленне рэаліст. метаду ў рус. л-ры 1840—60-х г. (творчасць М.Гогаля, В.Бялінскага, М.Чарнышэўскага, І.Тургенева, Ф.Дастаеўскага, Л.Талстога і інш.), гісторыю рус. крытыкі і журналістыкі, праблемы рус. л-ры канца 19 — пач. 20 ст. Вывучаў гісторыю і тэорыю бел. л-ры [«Пуціны беларускай літаратуры (Я.Колас — «Новая зямля»)», 1924; «Паэма Я.Коласа «Сымон-музыка» як аўтахарактарыстыка», 1926; «Чарговыя задачы вывучэння гісторыі беларускай літаратуры», 1928, і інш.]. Працы З. садзейнічалі станаўленню бел. тэксталогіі (акад. выданне твораў М.Багдановіча, 1927—28, і інш. пісьменнікаў), методыкі выкладання л-ры.
Тв.:
Романтизм двадцатых годов XIX ст. в русской литературе. Т. 1—2. Варшава, 1903—07;
Сороковые и шестидесятые годы. Варшава, 1911;
М.А.Багдановіч // Узвышша. 1927. № 2, 3, 5;
Беларуская драматургія. [Ч.] 1. Драматычныя творы Я.Купалы // Тамсама. № 1;
Мастацкая літаратура ў школьным выкладанні. Вып. 1—2. Мн., 1927—28;
Драматычныя творы Ц.Гартнага // Полымя. 1928. № 9;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАЎРО́Ў Пётр Лаўравіч (14.6.1823, в. Меліхава Пскоўскай вобл., Расія — 6.2.1900),
рускі філосаф і сацыёлаг, публіцыст, ідэолаг рэв.народніцтва. Скончыў Міхайлаўскае артыл. вучылішча ў Пецярбургу (1842), выкладаў у ім (1844—66), потым у Пецярбургскай артыл. акадэміі. З 1852 выступаў як публіцыст. З 1862 у т-ве «Зямля і воля». У 1866 арыштаваны і сасланы ў Валагодскую губ., адтуль уцёк у Парыж (1870). Быў чл. Парыжскага антрапалагічнага т-ва, чл. 1-га Інтэрнацыянала. Выдаваў час. «Вперёд!» (1873—77), газ. «Вперёд!» (1875—76). У 1883—86 Л. адзін з рэдактараў «Вестника Народной воли». Яго філас. погляды сфарміраваліся пад уплывам сенсуалізму, пазітывізму, неагегельянства, неакантыянства, але ён не стаў прыхільнікам гэтых плыняў. Сваю філас. пазіцыю вызначаў як «антрапалагічны пункт погляду», філасофію ўяўляў як філасофію прыроды, духу і гісторыі. Лічыў, што філасофія павінна грунтавацца на тых жа рацыянальных асновах, што і прыродазнаўства. З яго імем звязаны т. зв. суб’ектыўны кірунак у сацыялогіі. Лічыў, што грамадства, у адрозненне ад прыроды, развіваецца па сваіх спецыфічных законах. Гал. асоба гісторыі — чалавек. Гісторыю і яе законы разглядаў праз прызму чалавечай свядомасці, функцыянавання «крытычнай думкі». Чалавек свабодны ў дзеяннях і ўчынках найперш з-за сваёй мэтанакіраванасці, наяўнасці пэўнага ідэала. З гэтага рабіў высновы пра ролю крытычна мыслячых асоб, паліт. партый у прагрэс. пераўтварэнні грамадства. Грамадскі ідэал Л. — «царства справядлівасці», заснаванае на прынцыпах салідарнасці і «ўсеагульнай працы на ўсеагульнае шчасце»; дасягнуць яго магчыма шляхам сацыяльнай рэвалюцыі.
Тв.:
Философия и социология. Т. 1—2. М., 1965.
Літ.:
Богатов В.В. Философия П.Л.Лаврова. М., 1972;
Лукин В.Н. П.Л.Лавров как эстетик и литературный критик. Саратов, 1979;
Семенкова Т.Г. Экономические взгляды П.Л.Лаврова. М., 1980;
Антонов В.Ф. Революционное творчество П.Л.Лаврова. Саратов, 1984.