НО́ВЫЯ ЗО́РКІ,

зоркі, свяцільнасць якіх раптоўна павялічваецца ў 10​3—10​6 разоў, а потым павольна памяншаецца да зыходнага значэння. Максімум свяцільнасці зоркі дасягаецца за некалькі сутак, спад доўжыцца гадамі. Нават вельмі слабая зорка (гл. Зорная велічыня) у выніку ўспышкі можа стаць бачнай простым вокам (адсюль назва). Н.з. ўваходзяць у склад цесных падвойных зорак.

Пры ўспышцы Н.з. адбываецца раптоўны выбух, выкліканы яе няўстойлівасцю, якая можа быць абумоўлена ўнутр. працэсамі, што ідуць з вылучэннем энергіі, уздзеяннем знешніх фактараў, абменам рэчыва паміж кампанентамі падвойных зорак. Выбух Н.з. закранае толькі прыпаверхневыя слаі і не мяняе яе агульнай структуры. Пры выбуху адбываецца выкід рэчыва — знешняй абалонкі масай каля 10​−4 масы Сонца, якая расшыраецца са скорасцю да 2000 км/с і ўтварае туманнасць. Газавыя туманнасці, што расшыраюцца, выяўлены амаль ва ўсіх блізкіх Н.з. Пасля ўспышкі Н.з. становяцца гарачымі карлікамі. Успышкі Н.з. могуць паўтарацца прыкладна праз 20—100 гадоў (паўторныя Н.з.), пры гэтым нарастанне свяцільнасці меншае, чым папярэдні раз. Вядома больш за 300 Н.з., у т. л. звыш 150 у нашай Галактыцы і больш за 100 у туманнасці Андрамеды.

Літ.:

Шкловский И.С. Звезды: их рождение, жизнь и смерть. 3 изд. М., 1984.

А.​А.​Шымбалёу.

т. 11, с. 374

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́ПЕРА-БАЛЕ́Т (франц. opera-ballet),

музычна-тэатральны жанр. Склаўся ў Францыі на мяжы 17—18 ст. Яе вытокі ў прыдворным балеце 16 ст., камедыях-балетах, створаных Ж.​Б.​Люлі разам з Мальерам і інш. О.-б. вылучаюцца маляўнічасцю і дэкаратыўнасцю. Звычайна ўключаюць пралог і 3—4 карціны, сюжэтна амаль не звязаныя, падпарадкаваныя толькі агульнай ідэі твора, у іх танцы чаргуюцца з рэчытатывамі, арыямі, ансамблямі і інш. опернымі формамі. У адрозненне ад прыдворных балетаў і лірычных трагедый з алегарычнымі і міфал. сюжэтамі ў О.-б. часта ўвасоблены вобразы рэальных асоб. Найб. яскравыя ўзоры О.-б. створаны А.​Кампра («Галантная Еўропа», 1697; «Каханне Марса і Венеры», 1712), Ж.​Ф.​Рамо («Галантная Індыя», 1735; «Святкаванні Гебы», 1739, і інш.). Сярод твораў 19—20 ст.: «Перамога Вакха» А.​Даргамыжскага (1848), «Млада» М.​Рымскага-Корсакава (1890), «Снежная каралева» М.​Раўхвергера (1965), «Тэатр цудаў» Г.​В.​Генцэ (1948, 2-я рэд. 1965), «Давід Сасунскі» Э.​Аганесяна (1976), «Вій» В.​Губарэнкі (1980). На Беларусі О.-б. ставіліся ў прыватнаўласніцкіх т-рах сярэдзіны 18 ст., у т. л. «Шчаслівае няшчасце» Ф.​У.​Радзівіл у Нясвіжскім т-ры Радзівілаў (1752).

т. 11, с. 440

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАХУ́ЧЫЯ РЭ́ЧЫВЫ, пахкія рэчывы,

арганічныя злучэнні, якія маюць прыемны пах і выкарыстоўваюцца ў вытв-сці парфумерных і касметычных вырабаў, тавараў быт. хіміі, харч. прадуктаў. Пашыраны ў прыродзе: уваходзяць у састаў пахучых прадуктаў расліннага (эфірныя алеі, бальзамы, пахучыя смолы і інш.) і жывёльнага (амбра, мускус і інш.) паходжання. Паводле хім. прыроды большасць П.р. адносіцца да складаных эфіраў (напр., бутылацэтаты, бензіл- і ліпалілацэтат з кветкавым пахам), многія да альдэгідаў (напр., бензойны альдэгід, ванілін), спіртоў (напр., ліналаол).

Да 19 ст., калі былі атрыманы першыя сінт. аналагі прыродных П.р. (ванілін, 2-фенілэтанол з пахам ружы і інш.), адзінай крыніцай П.р. былі прыродныя прадукты. Распрацаваны метады сінтэзу амаль усіх П.р., што атрымлівалі з прыроднай сыравіны (напр., ментолу, цытралю), а таксама П.р., не знойдзеных у прыродзе (напр., фаліону э пахам фіялкі). Зроблена спроба вызначыць залежнасць паміж прыродай паху і будовай малекул П.р., аднак гэта не дае магчымасці прадказаць пах рэчыва.

Асн. колькасць П.р., што маюць прамысл. значэнне (больш за 500), атрымліваюць сінтэтычна, некаторыя вылучаюць з эфірных алеяў. Выкарыстоўваюць у выглядзе парфумерных кампазіцый. Гл. таксама Парфумерыя, Парфумерна-касметычная прамысловасць.

Літ.:

Братус И.Н. Химия душистых веществ. 2 изд. М., 1992.

Я.​Г.​Міляшкевіч.

т. 12, с. 240

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЛАЦКА-ЛЕ́ПЕЛЬСКАЯ ПАРТЫЗА́НСКАЯ ЗО́НА ў Вялікую Айчынную вайну,

тэрыторыя Ушацкага, ч. Ветрынскага, Лепельскага р-наў Віцебскай і ч. Пліскага р-на Вілейскай абл., якую кантралявалі партызаны; найбольшая вызваленая ад ням.-фаш. захопнікаў тэр. Беларусі. Створана ўвосень 1942 у выніку баявых дзеянняў партызан. Да канца 1943 займала 3,2 тыс. км² (каля 1220 нас. пунктаў, больш за 73,5 тыс. чал. насельніцтва). Абаранялі зону 16 партыз. брыгад (17,5 тыс. чал.), былі створаны абарончыя рубяжы з сістэмай акопаў, дзотаў, мінных палёў, на падыходах пашкоджаны і замініраваны аб’езды і дарогі, знішчаны масты, пастаўлены надаўбні. З снеж. 1943 дзеянні партызан каардынавала аператыўная група ЦК КП(б)Б і БШПР, штабам якой кіраваў У.Е.Лабанок. Група мела сувязь з 1-м Прыбалт. фронтам і партыз. злучэннямі інш. зон. На тэр. зоны была адноўлена сав. ўлада, базіраваліся раённыя падп. райкомы КП(б)Б і ЛКСМБ. Выдаваліся 6 раённых і 2 шматтыражныя газеты, працавалі 22 з-ды, 183 прамысл. прадпрыемствы, 3 электрастанцыі, дзейнічалі 2 партыз. аэрадромы. Гітлераўцы не аднойчы рабілі напады на зону, але беспаспяхова, правялі 5 карных аперацый, у выніку апошніх адбылася Полацка-Лепельская бітва 1944. Зона заставалася пад кантролем партызан амаль да вызвалення Чырв. Арміяй.

т. 12, с. 457

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАСО́НСКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну.

Дзейнічала ў жн. 1941 — вер. 1942 у г.п. Расоны і раёне Віцебскай вобл. Аб’ядноўвала групы (больш за 100 чал.): у Расонах (38 чал., арганізатар і кіраўнік настаўнік П.​М.​Машэраў), вёсках Альбрэхтава (П.​А.​Альшанікаў), Грачушына (У.​А.​Яфрэменка), Клясціцы (С.​П.​Пархімовіч, І.​М.​Малахаў, Б.​Я.​Руба), Мілавіды (І.​М.​Марачкоўскі), Пірагі (У.​А.​Хамчаноўскі), Ражнова (М.​М.​Іваноў), Шалашнікі (М.Я. і П.Я. Гігелевы), Ізбішча, Роўнае Поле, Сінск, Фаміно, Юхавічы і інш. Пазней да падпольшчыкаў далучыліся чырвонаармейцы, што ўцяклі з палону. Узначальваў падполле к-т, які наладзіў сувязі з Гарбачэва-Мурагоўскім, Заборскім, Межаўскім, Сельніцкім, Сакалішчанскім падполлямі, Прошкаўскім камсамольска-маладзёжным падполлем. Падпольшчыкі распаўсюджвалі сярод насельніцтва зводкі Саўінфармбюро, праводзілі агітац. работу, здабывалі бланкі дакументаў акупац. улад, збіралі разведданыя, рыхтавалі дыверсіі, перашкаджалі акупантам вывозіць да чыгункі нарабаваныя ў насельніцтва прадукты харчавання. Сталі ініцыятарамі разгортвання ў раёне масавага партыз. руху. Каб выратаваць сем’і ад рэпрэсій акупантаў, кіраўніцтва арг-цыі распрацавала план адыходу падпольшчыкаў да партызан. Да восені 1943 амаль усе падпольшчыкі сталі партызанамі Расонска-Асвейскай партызанскай зоны. Памяць аб загінуўшых падпольшчыках увекавечана ў мемар. комплексе ў Расонах, у в. Сельнікі пастаўлена стэла.

Л.​А.​Папкоўскі.

т. 13, с. 358

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУ́СКА-АНГЛІ́ЙСКАЯ ВАЙНА́ НА МО́РЫ 1807—12,

марская вайна паміж Расіяй і Вялікабрытаніяй, выкліканая далучэннем Расіі (паводле Тыльзіцкага міру 1807) да абвешчанай Напалеонам I кантынентальнай блакады Вялікабрытаніі. Аб’яўлена Расіяй 7.11.1807 пасля нападу ў жн. 1807 брыт. эскадры на г. Капенгаген і захопу англічанамі амаль усяго дацкага флоту. Мела характар асобных баявых сутыкненняў невял. сіл у Атл. ак., Міжземным, Адрыятычным, Балт., Баранцавым і Белым морах; ад буйных бітваў і рашучых дзеянняў абодва бакі ўстрымліваліся. Брыт. флот блакіраваў рас. і замежныя порты, дзе знаходзіліся рас. караблі, нападаў на прыбярэжныя раёны, захопліваў і тапіў гандл. судны Расіі. Найб. значныя падзеі блакада ў ліст. 1807 — жн. 1808 брыт. флотам рас. эскадры віцэ-адм. Дз.​М.​Сянявіна ў порце Лісабон, пасля якой рас. судны да канца вайны знаходзіліся пад брыт. кантролем; няўдалая атака 29.5.1809 брыт. эскадрай атрада рас. ваен. суднаў у порце Трыест; уварванне ў чэрв.—вер. 1809 брыт. флоту ў Фінскі заліў. Вайна прычыніла вял. шкоду эканоміцы Расіі. Пасля ўварвання войск Напалеона I у Расію (чэрв. 1812) яна выйшла з рэжыму кантынент. блакады і 28.7.1812 падпісала ў швед. г. Эрэбру мірны дагавор з Вялікабрытаніяй.

т. 13, с. 459

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІСТЭ́МА ДРУКА́РСКІХ МЕР, тыпаметрыя,

сістэма вымярэння памераў, прынятая ў паліграфіі і выдавецкай справе. Створана ў 1737 франц. друкаром і словалітчыкам П.​С.​Фурнье, удасканалена Ф.​А.​Дзідо. З дапамогай Сд.м. вымяраюцца кеглі шрыфтоў, наборных лінеек, прагальных матэрыялаў, фарматы паласы набору; адбіўкі, водступы, палі, аборкі, міжлітарныя і міжрадковыя разрадкі, памеры калонак, ілюстрацый.

У аснову С.д.м. пакладзены друкарскі пункт, роўны ​1/72 франц. цалі, якая складае 27,06 мм. Для практычных вымярэнняў і большасці разлікаў 1 пункт прымаецца роўным 0,376 мм. 12 пунктаў складаюць 1 цыцэра, 4 цыцэра роўныя 1 квадрату, або 48 пунктам. Паміж адзінкамі С.д.м. і метрычнай існуюць суадносіны: 1 цыцэра = 4,51 мм, I квадрат = 18,04 мм, 1 мм = 2,66 пункта. Гэтая С.д.м. выкарыстоўваецца ў большасці еўрап. краін, у т. л. на Беларусі, Расіі і інш. краінах СНД. У ЗША, Вялікабрытаніі і інш. англамоўных краінах выкарыстоўваецца англа-амер. варыянт С.д.м., у аснову якога пакладзены друкарскі пункт, роўны ​1/72 т.зв. каралеўскай цалі (0,3514 мм); у іх фотанаборных машынах кегль шрыфту амаль на 7% меншы, чым у сістэме Дзідо.

Літ.:

Воскресенский М.И., Колосов А.И. Наборные процессы и переработка текстовой информации. М., 1989.

У.​М.​Сацута.

т. 14, с. 420

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКІ́НДАЧКА,

у беларусаў дзявочы галаўны ўбор. Называлі таксама апаяска, завязка, шырынка. Кроілі ў выглядзе ручніка з даматканага кужэльнага палатна рознай танальнай адбелкі, радзей з белага паркалю або з бела-чырвонай у бела-блакітныя папярочныя паскі баваўнянай даматканкі (шыр. 10—30, даўж. 70—140 см). Завязвалі на патыліцы так, каб не закрывала макаўку галавы, а свабодныя канцы звісалі на спіну ці грудзі. Шылі С. з 3 частак — вузкай, сярэдняй і шырокіх бакавых. Шырокія С. складвалі па даўжыні ў 2—4 столкі; у тую частку, што абвязвала галаву, устаўлялі паперу, кардон, луб або падшывалі палатно. Святочныя С. аздаблялі вышыўкай (крыжыкам, процягам, мярэжкай, гафтам), узорыстым натыканнем, карункамі, мохрыкамі, аплікацыяй і інш. Часцей выкарыстоўвалі геам. арнамент: па канцах С. размяшчалі шырокі ўзорысты шляк, адзін або два падоўжныя бакі аздаблялі вузкімі ўзорыстымі паскамі. Каларыт арнаменту чырвона-малінавы з чорнымі і блакітнымі ўкрапінамі, радзей белы з чырвоным. У вясельным касцюме С. дапаўняў вянок з кветак. Шырока бытавала да канца 19 ст. амаль па ўсёй Беларусі, у 1-й пал. 20 ст. захавалася ў калінкавіцкім строі.

М.​Ф.​Раманюк.

Дзяўчына ў скіндачцы. Светлагорскі раён Гомельскай вобл. Пачатак 20 ст.

т. 14, с. 455

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАРША́ЎСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1944,

антыфашысцкае ўзброенае выступленне ў акупіраванай Варшаве 1.8—2.10.1944 у 2-ю сусв. вайну. Арганізавана і ўзначалена падпольнай Арміяй Краёвай (АК), звязанай з польскім эмігранцкім урадам у Лондане. Кіраўнікі паўстання на чале з ген. Т.​Камароўскім разлічвалі, што паўстанцы здолеюць авалодаць сталіцай Польшчы непасрэдна перад наступленнем на Варшаву сав. войск, якія праводзілі ў той час Беларускую аперацыю 1944, і забяспечыць уладу прыхільнікам эмігранцкага ўрада. На выбар часу паўстання паўплывалі знешнія падзеі: змова супраць Гітлера 20.7.1944, адступленне ням.-фаш. войск да лініі Віслы, заклікі да палякаў падняць агульнае паўстанне супраць акупантаў, атрыманае камандаваннем АК у Варшаве 31.7.1944 неправеранае паведамленне аб уступленні сав. танкаў ва ўсх. прадмесце Варшавы. У першыя дні паўстання каля 25 тыс. паўстанцаў (з іх 1,5—2,5 тыс. дастаткова ўзброеных) разгарнулі вулічныя баі і занялі амаль палову цэнтр. ч. горада на левым беразе Віслы, аднак з-за недахопу боепрыпасаў былі вымушаны перайсці да абароны. Пасля далучэння цывільнага насельніцтва (найперш моладзі) і часцей Арміі Людовай паўстанне стала масавым (усяго каля 50 тыс. дрэнна ўзброеных людзей). У гэты ж час ням.-фаш. войскам удалося прыпыніць наступленне часцей Чырв. Арміі на Варшаву (1 жн.), сав. авіяцыя спыніла бамбардзіроўкі ням. пазіцый у польск. сталіцы (2 жн.). 4 жн. гітлераўцы перайшлі ў наступленне на паўстанцаў і да 9 вер. расчлянілі раёны, якія ўтрымлівалі польск. патрыёты, на ізаляваныя сектары. Ва ўмовах крызісу паўстання 14 вер. сав. часці авалодалі Прагай — прадмесцем Варшавы на правым беразе Віслы. Ноччу 16 вер. сав. войскі і 1-я Польская армія фарсіравалі Віслу, але не ўтрымаліся на яе зах. беразе. Сав. і амер.-англ. авіяцыя скідвала паўстанцам зброю, харчаванне, амуніцыю. Выкарыстоўваючы танкі, артылерыю, авіяцыю, ням.-фаш. войскі (амаль 50 тыс. чал.) на чале з ген. Э. фон дэн Бах-Зелеўскі канчаткова адрэзалі паўстанцаў ад Віслы і паступова задушылі цэнтры супраціўлення. 2 кастр. кіраўніцтва АК падпісала акт аб капітуляцыі, паводле якога паўстанцы атрымалі права камбатантаў, а цывільнае насельніцтва эвакуіравалася з горада. У палон трапіла каля 16 тыс. паўстанцаў, 22—25 тыс. чал. былі забіты ці прапалі без вестак. Цывільнае насельніцтва страціла 150—200 тыс. чал. Ням. 9-я армія, якая душыла паўстанне, страціла забітымі, параненымі і прапаўшымі без вестак каля 26 тыс. чал. Паводле загаду Гітлера пасля эвакуацыі каля 500 тыс. ацалелых жыхароў Варшавы пачалося яе сістэм. разбурэнне.

Літ.:

Назаревич Р. Варшавское восстание, 1944 год: Полит. аспекты: Пер. с пол. М., 1989;

Черчилль У. Вторая мировая война: Пер. с англ. М., 1991. Кн. 3, т. 5—6. С. 398—407;

Kunert A.K. Rzeczpospolita Walcząca: Powstanie Warszawskie, 1944: Kalendarium. Warszawa, 1994.

У.​Я.​Калаткоў.

Да арт. Варшаўскае паўстанне 1944. Помнік паўстанцам у Варшаве. Аўтар В.​Куцма. 1989.

т. 4, с. 16

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРЭ́НДНАЕ ПРАДПРЫЕ́МСТВА,

дзяржаўнае прадпрыемства, перададзенае ў арэнду на аснове арэнднага дагавору паміж дзяржаўнымі органамі і арганізацыяй арандатараў, якая фарміруецца паводле рашэння працоўнага калектыву. Арганізацыя арандатараў з’яўляецца ўласнікам атрыманых прадукцыі і даходу, што збліжае работніка са сродкамі вытворчасці, павышае зацікаўленасць у росце эфектыўнасці прадпрыемства. Важным стымулам з’яўляецца таксама стварэнне на арэндным прадпрыемстве ўласнасці, якая належыць работнікам прадпрыемства на долевай аснове. Арэнда прадпрыемства выгадная і дзяржаве: павялічваюцца яе даходы ў выглядзе арэнднай платы, пашыраецца выпуск прадукцыі, умацоўваецца эканоміка. Арэнднае прадпрыемства з’яўляецца правапераемнікам маёмасных правоў і абавязкаў дзяржаўнага прадпрыемства: пэўны час яно павінна захоўваць вытворчы профіль, выконваць дзяржаўны заказ, заказы на рэалізацыю прадукцыі і інш. У астатнім арэнднаму прадпрыемству даецца самастойнасць: у адпаведнасці са сваім статутам самому выбіраць спосаб кіравання, размяркоўваць (пасля выплаты абавязковых плацяжоў) прыбытак, вызначаць формы і сістэмы аплаты працы, распарадак рабочага дня, парадак прадастаўлення выхадных дзён і адпачынкаў. На пачатку 1995 у розных галінах эканомікі Беларусі каля 3 тысяч арэндных прадпрыемстваў, на якіх працавала 378 тысяч чалавек. У аўтамабільным і рачным транспарце арэндныя прадпрыемствы давалі амаль палавіну, у будаўніцтве і бытавым абслугоўванні — каля 40% прадукцыі. У пераходны да рыначнай эканомікі перыяд арэндныя прадпрыемствы ствараюць умовы для прыватызацыі пераўтварэннем іх у прадпрыемствы калектыўнай ці прыватнай уласнасці.

А.​П.​Дубіна.

т. 2, с. 13

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)