буйнейшае універсальнае энцыклапедычнае выданне ў СССР. Выдавалася ў Маскве выд-вам «Савецкая Энцыклапедыя». 1-е выд. (т. 1—66, 1926—47) уключала 65 тыс.арт., прысвечаных будаўніцтву сав. дзяржаўнасці, тагачаснай палітыцы і эканоміцы, міжнар. становішчу. У 2-е выд. (т. 1—51, 1950—58; каля 100 тыс.арт.; прадметна-імянны паказальнік у 2 т., 1960) побач з разгорнутымі артыкуламі пра саюзныя рэспублікі, замежныя краіны, навукі і інш. ўключана вял. колькасць сярэдніх і невялікіх па аб’ёме артыкулаў. У 3-м выд. (т. 1—30, 1969—78; больш за 100 тыс.арт., імянны паказальнік у 1 т., 1981) празмерная ідэалагізаванасць паступова саступіла месца навук. аб’ектыўнасці, а шматслоўнасць і паняційная няпэўнасць — сцісласці і лагічнай дакладнасці. Па прынцыпах укладання 3-е выд. ВСЭ канкурыруе з лепшымі ням. універсальнымі энцыклапедыямі (Бракгаўза, Меера, Бертэльсмана). Перакладзена і выдадзена ў ЗША, Грэцыі. У 1957—90 выдаваўся «Штогоднік ВСЭ». На базе ВСЭ выйшлі «Малая Савецкая Энцыклапедыя», «Дзіцячая Энцыклапедыя», шматлікія галіновыя энцыклапедыі і энцыклапедычныя даведнікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭКА́НСКАЕ ПЛАСКАГО́Р’Е, Дэкан (ад санскр. дакшына — поўдзень),
пласкагор’е ў Індыі, унутр.ч. п-ва Індастан. Пл. каля 1 млн.км². Ступеньчатыя раўніны — паверхні выраўноўвання мезазойскага і палеаген-неагенавага ўзростаў (на выш. 1000—1500 м, 600—900 і 300—500 м) з латэрытнымі корамі магутнасцю да 100 м, над якімі ўзвышаюцца асобныя горы выш. 1000—2000 м і купалападобныя ўзгоркі. Частка Індыйскай платформы, складзена зПн архейскіх і пратэразойскіх гнейсаў, крышт. сланцаў і кварцытаў, пранізаных гранітнымі інтрузіямі.
На ПнЗ — базальтавае покрыва верхнемелавога і эацэнавага ўзростаў. Карысныя выкапні: жалеза, медзь, марганец, вальфрам, золата, каменны вугаль. Субэкватарыяльны мусонны клімат. Сярэдняя т-ра мая 29—32 °C, студз. 21—24 °C. Ападкаў 500—700 ммза год (пераважна летам). Рэкі Нармада, Маханады, Гадавары, Крышна, Каверы выкарыстоўваюцца ў асноўным для арашэння. Пераважныя тыпы глеб: чырвоныя латэрытныя, чырвона-бурыя, на трапах — чорныя трапічныя (рэгуры). На наветраных схілах — мусонныя лістападныя трапічныя лясы, у цэнтр. частцы — саванны і рэдкалессі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛУА́ ТЭО́РЫЯ,
тэорыя, якая вывучае ўласцівасці алгебраічных ураўненняў віду xn+a1xn-1 + ... + an=0 і іх рашэнне пры дапамозе груп тэорыі.
Падрыхтавана працамі Ж.Лагранжа, К.Гаўса, Н.Абеля. Створана Э.Галуа. Ставіць у адпаведнасць алг. ўраўненню яго групу Галуа, якая складаецца з тых падстановак каранёў, што захоўваюць усе рацыянальныя суадносіны паміж каранямі і каэфіцыентамі ўраўнення. Галуа тэорыя дае неабходную і дастатковую ўмову вырашальнасці ўраўнення ў радыкалах. У прыватнасці, з яе вынікае, што алг. ўраўненні ступені вышэй за 4-ю ў агульным выпадку невырашальныя ў радыкалах. У сучасным разуменні Галуа тэорыя — тэорыя, якая вывучае матэм. аб’екты праз іх групы аўтамарфізмаў. Напр., існуюць Галуа тэорыі палёў, кольцаў, тапалагічных прастораў і інш. Ідэі і метады Галуа тэорыі выкарыстоўваюцца ў тэорыі аналітычных функцый, тапалогіі, тэорыі дыферэнцыяльных ураўненняў і інш.
Літ.:
Чеботарев Н.Г. Основы теории Галуа. Т. 1—2. М.; Л., 1934—37;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРАБУ́РДА (Міхаіл) (? — чэрв. 1586),
дзяржаўны дзеяч ВКЛ, дыпламат.З роду Гарабурдаў. Зрабіў вял. ўклад ў дыпламат. забеспячэнне Лівонскай вайны 1558—83. У 1559 і 1561 ездзіў у Крым, каб схіліць татар да нападаў на Расію. У 1563—54 і 1566 сакратар пасольстваў у Маскву. У 1571 і 1573 пасол ВКЛ у Маскву. Вёў перагаворы пра абранне на трон Рэчы Паспалітай царэвіча Фёдара Іванавіча пры ўмове прыняцця ім каталіцтва. За заключанае перамір’е прызначаны пісарам ВКЛ, у 1579 атрымаў ва ўласнасць Свіслацкае староства і Клімавіцкую воласць на Гродзеншчыне. Быў абвінавачаны ў спробе перадаць Расіі Інфлянты ўзамен на Полацк і адхілены ад дыпламат. дзейнасці. У 1579—81 у арміі. У 1582 удзельнічаў у заключэнні Ям-Запольскага мірнага дагавора 1582, быў паслом у Маскву. З 1584 кашталян мінскі. Лічыў, што дыпламат. метадамі можна падпарадкаваць Расію Рэчы Паспалітай, у 1585—86 вёў перагаворы пра унію дзвюх дзяржаў і іх саюз супраць Турцыі. У Маскве Гарабурда набыў Біблію, якую перадаў К.В.Астрожскаму для друкавання (т.зв. «Астрожская Біблія» 1581).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗВЮ́Х І́СЦІН ТЭО́РЫЯ,
сярэдневяковае вучэнне пра аўтаномнасць ісцін філасофіі (г. зн. рацыянальнага пазнання) і тэалогіі, якія могуць уступаць у супярэчнасць адна з адной. Узнікла ў 12—13 ст., звязана з пранікненнем арыстоцелізму ў сярэдневяковую культуру. Узыходзіць да Ібн Рушда і выразна сфармулявана ў авераізме. Ібн Рушд, прадстаўнікі наміналізму І.Дунс Скот, У.Окам сцвярджалі, што філасофія мае свае ўласныя, незалежныя ад багаслоўя прынцыпы, якія могуць супярэчыць догмам тэалогіі. Дз.і.т. развіваў пачынальнік англ. матэрыялізму Ф.Бэкан, які патрабаваў поўнага неўмяшання рэлігіі ў сферу навук. пазнання. Гэта тэорыя неаднаразова асуджалася царквой. У 1512 Латэранскі сабор паклаў канец дыскусіям пра «дзве ісціны», абвясціўшы прынцып «ісціна ісціне не супярэчыць». Вальнадумства эпохі Адраджэння паступова адыходзіць ад кампраміснай пазіцыі сярэдневяковых авераістаў, замяняе Дз.і.т. вучэннем пра «дзве кнігі» — Прыроды і Пісання, што адкрыты чалавечаму пазнанню: толькі ў «кнізе прыроды» чалавек набывае ісціну навукі і філасофіі, за Пісаннем застаецца функцыя рэліг.-маральных павучанняў (Т.Кампанела, Г.Галілей).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЬМУХАВЕ́Ц, адуванчык (Tanaxacum),
род кветкавых раслін сям. астравых. Каля 2000 відаў. Пашыраны ў халодных, умераных і субтрапічных паясах, у высакагор’і тропікаў. На Беларусі больш за 10 відаў, з якіх найб. вядомы Дз. лекавы (T. officinale). Нар. назвы малачай, багатка, коцікі, папок, дмухель, зубнік, жоўтая цыкор’я. Расце каля жылля, уздоўж дарог, на агародах, палях, лугах і інш. У якасці тэхн. (для атрымання натуральнага каўчуку) расліны раней вырошчвалі Дз. кок-сагыз (T. kok-saghyz).
Шматгадовыя травяністыя расліны са стрыжнёвым коранем і бязлістымі, полымі ўнутры сцябламі (стрэлкамі) выш. 10—30 см. Лісце ў прыкаранёвай разетцы, ланцэтнае, зубчастае, паступова звужанае ў чаранок. Кветкі двухполыя, звычайна жоўтыя, радзей белыя і ружовыя, сабраны ў адзіночныя верхавінкавыя кошыкі. Плод — сямянка, з носікам і чубком. Лек., кармавыя, меданосныя, харч. і тэхн. расліны. Карані выкарыстоўваюцца для ўзбуджэння апетыту, як сурагат кавы, лісце на салату, кветкавыя кошыкі — для прыгатавання варэння, напіткаў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯРКА́Ч (Анатоль) (сапр.Зіміёнка Анатоль Рыгоравіч; 18.4.1887, в. Турэц Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл. — 5.9.1937),
бел.паэт. Скончыў Навагрудскае гар. вучылішча (1904). Служыў пісарам у Мінскай гар. і земскай управах. Зарэв. дзейнасць быў зняволены ў турму, адбываў ссылку. Працаваў у газ. «Беларуская вёска», «Піянер Беларусі» і інш. 16.10.1936 рэпрэсіраваны. Расстраляны. Рэабілітаваны ў 1957. Друкаваўся з 1904. Зпач. 1920-х г., выкарыстоўваючы прыёмы дасціпнага апавядання, агітацыйнай прыпеўкі, фельетона, нар. жарту, высмейваў у вершах грамадскую і быт. адсталасць, рэліг. забабоны, выкрываў царк. служкаў. У вершах для дзяцей цёплы гумар, канкрэтнасць паэт. назіранняў; асн. іх тэмы — сяброўства, працавітасць, з’явы прыроды («Нашы прыяцелі», «Працавітая дзяўчынка», «Першы дзень у дзіцячым садзе», усе 1928; «Звяры нашых лясоў», 1929). На бел. мову пераклаў паасобныя творы У.Маякоўскага, А.Барто, С.Маршака, К.Чукоўскага і інш.
Тв.:
Пра папоў, пра дзякоў, пра сялян-мужыкоў. Мн., 1925;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРАЗДО́ЎСКІЯ,
польскія, бел. і рускія акцёры 19 ст., бацька і дачка.
Войцех (?—1850), камедыйны акцёр, рэжысёр і антрэпрэнёр. З 1840 працаваў у Мінску (трупа Я.Хелмікоўскага), у 1842 выступаў у Гродне ў трупе пад кіраўніцтвам Шмідкафа; іграў на польскай і рус. мовах. З 1847 трымаў уласную антрэпрызу (працавала пераважна ў Мінску), дзе ў 1848—50 паставіў больш за 40 п’ес, у т. л. ўпершыню на Беларусі камедыі «Рэвізор» і «Жаніцьба» М.Гогаля, таксама п’есы Р.Квіткі-Аснаўяненкі, П.Каратыгіна, Ф.Коні, П.Грыгор’ева. У рэпертуары яго трупы былі оперы («Аскольдава магіла» А.Вярстоўскага, «Сарока-зладзейка» Дж.Расіні), муз.-драм. творы («Наталха-Палтаўка» І.Катлярэўскага), аперэты і вадэвілі.
Марыя (?—?), драм. актрыса і спявачка (мецца-сапрана). У 1847—63 выступала ў Мінску. Выканаўца вадэвільнага рэпертуару. Для яе кампазітар Ф.Міладоўскі напісаў аперэту «Канкурэнты» (тэкст М.Лапіцкага і У.Сыракомлі). У канцэртным рэпертуары актрысы творы А.Варламава, М.Глінкі, нар. песні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДА́РВІНСКІ ЗАПАВЕ́ДНІК,
у Валагодскай і Яраслаўскай абл. Расіі, у межах Малога-Шэкснінскай нізіны, на паўн.-зах. узбярэжжы і прыбярэжных мелкаводдзях Рыбінскага вадасх.Засн. ў 1945. Пл. 113 тыс.га, у т. л. 45 тыс.га акваторыі. Названы ў гонар Ч.Дарвіна. У межах Валагодскай вобл. ахоўная зона шыр. каля 2 км, агульнай пл. 17 тыс.га. Флора тыповая для падзоны паўд. тайгі; асн. тыпы расліннасці — лясы (каля 47 тыс.га) і балоты (больш за 17 тыс.га). Хваёвыя бары, сфагнавыя балоты; сярод 37 рэдкіх відаў вышэйшых раслін занесены ў Чырвоную кнігу Расіі: чаравік сапраўдны і надбароднік бязлісты, касач сібірскі з рэгіянальнага спіса рэдкіх і знікаючых відаў флоры Пнеўрап.ч. Расіі. У фауне 37 відаў млекакормячых (у т. л. буры мядзведзь, куніца, лось, дзік, гарнастай і інш.), 200 відаў птушак (глушэц, цецярук, рабчыкі, шэры журавель, вадаплаўныя і балотныя віды), нерасцілішчы каштоўных рыб (лешч, судак, лінь і інш.). З 1963 доследная ферма па вырошчванні глушцоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАЎЛІ́ЧНЫ РУХАВІ́К,
машына, якая ператварае энергію патоку вадкасці ў мех. энергію вядзёнага звяна (вала, штока). Адрозніваюць гідраўлічныя рухавікі дынамічныя, у якіх вядзёнае звяно перамяшчаецца з-за змены моманту імпульсу патоку вадкасці (гідраўлічная турбіна, вадзяное кола), і аб’ёмныя, што дзейнічаюць ад гідрастатычнага напору і перамяшчэння выціскальнікаў — поршняў, пласцін, зубоў шасцерняў і інш. У дынамічным гідраўлічным рухавіку вядзёнае звяно робіць толькі вярчальны рух, у аб’ёмным — зваротна-паступальны (гідрацыліндры) і вярчальны (гідраматоры).
Гідрацыліндры бываюць сілавыя (шток, звязаны з поршнем, рухаецца зваротна-паступальна адносна цыліндра) і момантныя, або квадранты (вал робіць зваротна-паваротны рух адносна корпуса на вугал да 360°). Гідраматоры падзяляюцца на поршневыя (рабочыя камеры нерухомыя, а выціскальнікі рухаюцца толькі зваротна-паступальна) і ротарныя (рабочыя камеры перамяшчаюцца, а выціскальнікі ажыццяўляюць вярчальны рух, які можа спалучацца са зваротна-паступальным). Ротарныя (кулісныя) гідраматоры бываць пласціністыя і ротарна-поршневыя (аксіяльныя і радыяльныя). Найб. пашыраны аксіяльныя ротарна-поршневыя. Аб’ёмныя гідраўлічныя рухавікі выкарыстоўваюцца ў гідрапрыводзе машын. Ціск рабочай вадкасці да 35 Мн/м². Магутнасць гідраматораў да 3000 кВт.