ПЯСЧА́НКА,

возера ў Калінкавіцкім р-не Гомельскай вобл., у бас. р. Прыпяць, за 17 км на ПдУ ад г. Калінкавічы. Пл. 0,32 км², даўж. 1,87 км, найб. шыр. 240 м, даўж. берагавой лініі 4,45 км. Катлавіна складаецца з 2 плёсаў. Схілы выш. да 2 м, пад хмызняком. Берагі забалочаныя, пад хмызняком, на Пд высокія, пясчаныя. Злучана ручаём з воз. Горкі, упадае меліярацыйная канава.

т. 13, с. 163

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАВА́НІЦКАЯ СУКО́ННАЯ МАНУФАКТУ́РА.

Дзейнічала ў 1831—85 каля мяст. Раванічы Ігуменскага пав. (цяпер вёска ў Чэрвеньскім р-не Мінскай вобл.). Вырабляла сукны і трыко. У 1858 размяшчалася ў мураваным і 3 драўляных будынках. Мела вадзяны рухавік, у 1860—2 машыны для ачысткі воўны, 6 часальных, 6 мех. ткацкіх станкоў, 12 ручных, валяльны, 3 ворсавыя. У розны час працавала ад 25 да 150 чал.

т. 13, с. 190

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЫЁЗО́НД (ад радыё... + зонд),

прылада для вымярэння ціску, т-ры і вільготнасці паветра ў свабоднай атмасферы і перадачы вынікаў вымярэнняў з дапамогай радыёсігналаў на Зямлю. Р. падымаецца на паветр. шары на выш. да 40 км. Далёкасць дзеяння каля 150—200 км. Сканструяваны рас. вучоным П.​А.​Малчанавым у 1930. На Беларусі радыёзандзіраванне свабоднай атмасферы пры дапамозе Р. праводзіцца з 1934.

т. 13, с. 232

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЫЁПЕЛЕНГА́ЦЫЯ,

вызначэнне напрамку на крыніцу радыёвыпрамянення; від пеленгацыі. Ажыццяўляецца з дапамогай радыёпеленгатараў. выкарыстанне 2 радыёпеленгатараў, размешчаных на адлегласці адзін ад аднаго, дазваляе вызначыць каардынаты пеленгаванага аб’екта, а Р. 2 ці больш крыніц радыёвыпрамянення — каардынаты аб’екта, з якога вядзецца Р. Пры Р. вымяраюцца вуглы паміж напрамкам на пеленгаваны аб’ект і асн. плоскасцямі, прынятымі за пачатак адліку. У караблеваджэнні абмяжоўваюцца вымярэннем пеленга (радыёпеленгаванне).

т. 13, с. 234

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЗМЕРКАВА́ЛЬНЫ ВА́Л,

размеркавальная дэталь механізма машын, прылад, апаратаў, якая забяспечвае пэўны парадак выканання аперацый і цыклічнасць работы. У рухавіках унутр. згарання ўваходзіць у сістэму газаразмеркавання, мае колькасць кулачкоў, адпаведную колькасці цыліндраў, забяспечвае ўзгодненую работу клапанаў і поршняў. Атрымлівае вярчэнне праз перадатачны механізм ад каленчатага вала. Уваходзіць таксама ў сістэмы кіравання тэхнал. і рабочымі працэсамі розных аўтаматаў.

Размеркавальны вал шасціцыліндравага рухавіка.

т. 13, с. 261

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАКЕ́ТНАЯ СТУПЕ́НЬ, ступень ракеты,

частка шматступеньчатай ракеты, якая забяспечвае яе палёт на пэўным этапе актыўнага ўчастка траекторыі. Складаецца з ракетнага рухавіка, паліўнага адсека з запасам паліва, органаў і апаратуры кіравання, сістэмы раздзялення ступеней і інш. Пасля расходавання паліва і спынення работы рухавіка Р.с. аддзяляецца ад наступных ступеняў, якія працягваюць палёт. Апошняя Р.с. нясе карысны груз (галаўную частку, касм. апарат і інш.).

т. 13, с. 282

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РА́НКІНА ЦЫКЛ,

абарачальны кругавы працэс, у якім цеплавая энергія пераўтвараецца ў работу (ці наадварот); ідэальны рабочы цыкл цеплавога рухавіка. Складаецца з паслядоўна чаргавальных двух ізабарных і двух адыябатных працэсаў. Ад Карно цыкла адрозніваецца тым, што падвод цеплаты да рабочага цела ажыццяўляецца пры пастаянным ціску і павышэнні т-ры. Распрацаваны У.​Дж.М.Ранкіным (разам з Р.​Клаўзіусам) як тэарэт. цыкл паравога рухавіка.

т. 13, с. 307

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАСЦЯЖЭ́ННЕ, дысторсія (ад лац. distorsio скрыўленне, выварочванне) у медыцыне,

пашкоджанне мяккіх тканак (мышцаў, звязак, сухажылляў, нерваў) пад уплывам сілы, якая расцягвае іх, але не парушае анат. цэласнасці тканкі. Узнікае пры рухах з празмернай амплітудай (напр., у спартсменаў пры кіданні снарада). Часцей бывае Р. звязак галёнкаступнёвага і каленнага суставаў; у цяжкіх выпадках ацёк, кровазліццё і балючасць. Пры Р. рухі ў суставе абмежаваныя.

т. 13, с. 368

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАТВЕ́ЙЛЕР (Rottweiler, ад назвы г. Ротвайль, Германія),

парода службовых. сабак. Выведзена ў канцы 10 ст. ў Германіі. Выкарыстоўваецца як вартаўнічы і вышукны сабака, для выратавальнай службы ў гарах.

Канстытуцыя Р. моцная, грубая. Касцяк і мускулатура добра развітыя, масіўныя. Выш. ў карку 60—68 см. Поўсць кароткая, шчыльная, з добра развітым падшэрсткам. Афарбоўка чорная, з выразна адмежаванымі рыжымі ці карычневымі падпалінамі. Хвост купіруюць.

Ратвейлер.

т. 13, с. 371

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЎКЕ́ТА,

возера ў Браслаўскім р-не Віцебскай вобл., на мяжы з Літвой, у бас. р. Дзісна, за 39 км на ПдЗ ад г. Браслаў. Пл. 0,25 км², даўж. 730 м, найб. шыр. 550 м, даўж. берагавой лініі больш за 2 км. Схілы катлавіны выш. 5—7 м (на Пн да 2 м), разараныя, часткова пад хмызняком. Сцёк у р. Раўкета.

т. 13, с. 375

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)