МАРСІ́ЛІЙ ПАДУА́НСКІ [Marsilius Paduanis; сапр. Марсіліо дэі Майнардзіні (Mainardini); каля 1275, г. Падуя, Італія — 1342 ці 1343],
італьянскі паліт. філосаф. Вывучаў медыцыну, філасофію, тэалогію ва ун-тах Падуі і Парыжа. У 1313 рэктар Парыжскага ун-та. Аўтар трактата «Defensor pacis» («Абаронца міру», 1324, апубл. 1522), у якім адным з першых у сярэднявеччы прапанаваў ідэю ўзнікнення дзяржавы ў выніку грамадскага дагавора. За некаторыя тэзісы трактата абвешчаны ератыком і ў 1327 адлучаны ад царквы. Найлепшай формай дзяржавы лічыў саслоўную манархію з раздзелам заканад. і выканаўчай улад, аб чым пісаў у «Tractatus de iurisdictione imperatoris» («Трактат аб юрысдыкцыі імператара», 1342). Выступаў супраць дамаганняў папства на свецкую ўладу, падтрымліваў герм. імператара Людовіка IV Баварскага (быў яго саветнікам) у барацьбе з рым. папам Іаанам XXII.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЯ́НА (Maiano),
італьян. архітэктары і скульптары эпохі Ранняга Адраджэння; браты. Нарадзіліся ў г. Таскана (Італія):
Джуліяна да М. (1432—17.10.1490). Паслядоўнік традыцый Ф.Брунелескі, імкнуўся да складаных прасторавых вырашэнняў, дэкаратыўнасці арх. вобразаў: Палацца Спанокі ў Сіене (з 1473), сабор у Фаэнцы (1474—86), Порта Капуана ў Неапалі (1484). У тэхніцы разьбы па дрэве ці інтарсіі ствараў дэталі ўбрання цэркваў і грамадскіх будынкаў. У 1477—90 кіраваў буд-вам сабора Санта-Марыя дэль Ф’ёрэ ў Фларэнцыі.
Бенедзета да М. (1442—24.9.1497). Вучыўся ў брата Джуліяна. Яго творы адметныя тонкай гармоніяй, вытанчанасцю скульпт. і арх. дэталей: кафедра ў царкве Санта-Крочэ (1472—76), Палацца Строцы (з 1489, скончаны арх. Кранакам) у Фларэнцыі, тэракотавыя партрэтныя бюсты Ф.Строцы (каля 1490), А.Вані (1493) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕЗАЛІ́Т [ад мез(а)... + грэч. lithos камень],
сярэдні каменны век, пераходны ад палеаліту да неаліту (каля 10—5-га тыс. да н.э.). Асн. заняткі плямён — паляванне, збіральніцтва, рыбалоўства. Стаянкі былі невял., каротка- і доўгачасовыя, жытлы — наземныя і паўзямлянкі. У М. карысталіся лукам і стрэламі, мікралітычнымі прыладамі працы (разцы, скрабкі, скоблі, нажы і інш.), прыручаны сабака. На тэр. Беларусі вылучаюцца ранні М. (9—7-е тыс. да н.э.) і позні (6—5-е тыс. да н.э.). У познім М. былі заселены ўсе рачныя басейны Беларусі, на З працягвалася развіццё свідэрскай культуры, узнікла нёманская мезалітычная культура, на У — трэнская і сожская (днепра-дзяснінская) культуры. Вядомы помнікі культур кунда, яніславіцкай, каморніцкай, кудлаеўскай (пра кожную гл. адпаведны арт.). Часам М. наз. протанеалітам ці эпіпалеалітам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́РАЭ, Мероэ (грэч. Meroē),
старажытны горад у Судане, на Пд ад 5-га парога Ніла (паміж вёскамі Кігейк, Дэркаб і Бегаравія), сталіца Мераіцкага царства ў 9—8 ст. да н.э. — 8—9 ст.н.э. Зручнае геагр. размяшчэнне (караванныя шляхі ад Ніла і Чырвонага м. да Міжземнамор’я), радовішча жал. руды садзейнічалі ўзвышэнню горада. У М. ўзнік першы ў Афрыцы алфавіт. Каля 330—340 н.э. заваявана Аксумскім царствам. З пач. 20 ст. вядуцца археал. раскопкі. Захаваліся руіны замкаў, рым. лазняў, абсерваторыі, храмаў Амона, Ісіды і інш. Асноўная тэр. М. занята жылымі кварталамі і вытв. майстэрнямі. На У ад М. некропалі: адзін царскі і 2 агульныя.
Літ.:
Кацнельсон И.С. Напата и Мероэ — древние царства Судана. М., 1970;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕТАГАЛА́КТЫКА,
сукупнасць галактык, скопішчаў галактык і інш. пазагалактычных аб’ектаў; найб. з вядомых сістэм нябесных цел. Асн. структурнай адзінкай М. з’яўляюцца групы і скопішчы галактык, якія маюць да некалькіх тысяч галактык, але могуць быць і асобныя галактыкі. Мае ячэістую структуру — галактыкі і скопішчы галактык знаходзяцца на мяжы вял. прасторавых ячэек, памеры якіх каля 100 Мпк, таўшчыня сценак 3—4 Мпк. Вял. скопішчы галактык знаходзяцца ў вузлах такой структуры. У прасторы паміж галактыкамі існуе міжгалактычны газ. Найважнейшая ўласцівасць М. — яе расшырэнне. Усе скопішчы галактык аддаляюцца адно ад аднаго са скорасцю, прапарцыянальнай іх адлегласці ад назіральніка (гл.Расшырэнне Сусвету). Паняцце М. мае гіпатэтычны характар і часцей ужываецца для вызначэння часткі Сусвету, якую назіраюць. Гл. таксама Касмалогія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЖНАРО́ДНЫ МУЗЫ́ЧНЫ САВЕ́Т (ММС; Conseil international de la musique),
міжнародная музычная арг-цыя. Створана ў 1949 пры ЮНЕСКА (Парыж). Аб’ядноўвае шэраг муз.прафес. і аматарскіх арг-цый і муз. дзеячаў. Мае на мэце ўстанаўленне і развіццё сувязей паміж нац. і міжнар.муз. арг-цыямі і каардынацыю іх дзейнасці; правядзенне кангрэсаў, конкурсаў, фестываляў, сімпозіумаў і інш. Раз у 2 гады збірае Ген. асамблеі. Штогод праводзіць т.зв. трыбуны кампазітараў і выканаўцаў, раз у 2 гады — форумы музыкі Азіі і Афрыкі. Выдае час. «The World of Music» («Свет музыкі»), У ММС уваходзяць нац.муз. к-ты каля 60 краін. У яго складзе 16 міжнар. арг-цый, найб. буйныя — Міжнар.т-ва сучаснай музыкі, Міжнароднае таварыства музыказнаўства, Міжнар. федэрацыя муз. моладзі, Міжнар. савет муз. фальклору.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЛЕ́ ((Millet) Жан Франсуа) (4.10.1814, Грушы, каляг. Шэрбур, Францыя — 20.1.1875),
французскі жывапісец і графік. У 1837—38 вучыўся ў Парыжы ў П.Дэлароша. Працаваў у Парыжы, Шэрбуры, Барбізоне. У 1840-я г. пісаў тонкія па настроі партрэты, міфалагічныя кампазіцыі, галантныя сцэны ў духу Ф.Бушэ. У канцы 1840-х г. зблізіўся з мастакамі барбізонскай школы і звярнуўся да выяўлення паўсядзённага сял. жыцця на фоне пейзажу. Яго творам уласцівы ўрачыстая лапідарнасць манум. кампазіцыі, багаты валёрамі зямлісты каларыт: «Зборшчыцы каласоў» (1857), «Анжэлюс» (1859), «Жанчына стрыжэ авечку» (1860), «Пасадка бульбы» (1861—62), «Чалавек з матыкай» (1863), «Вялікая пастушка» (1863—64). Пасля 1860 звярнуўся да пейзажа («Царква ў Грэвілі», 1871—74). Аўтар шматлікіх малюнкаў, афортаў, пастэляў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІНЕА́ПАЛІС (Minneapolis),
горад на Пн ЗША, у штаце Мінесота. Каля 380 тыс.ж., з г.Сент-Пол і агульнымі прыгарадамі 2,5 млн.ж. (1998). Вузел чыгунак і аўтадарог. Буйны порт на р. Місісіпі. Міжнар. аэрапорт. Гал.гандл.-фін. цэнтр с.-г. раёна паміж воз. Мічыган і Скалістымі гарамі. Буйнейшая ў свеце збожжавая біржа. Цэнтр машынабудавання і металаапрацоўкі. Прам-сць: радыёэлектронная (вытв-сцьЭВМ, сродкаў сувязі, электронных кампанентаў, быт. радыё- і тэлевізійнай апаратуры і інш.), эл.-тэхн., прыладабуд., аўтазборачная. Вытв-сць дарожна-буд., с.-г. машын, рознага прамысл. абсталявання. Ваенная, нафтаперапр., хім., папяровая, паліграф., харчасмакавая прам-сць. Ун-т. Планетарый. Музеі і маст. галерэі, у т. л.Ін-т мастацтва (з багатай калекцыяй еўрап. жывапісу і дакалумбавага мастацтва). Сімф. аркестр Мінесоты (з 1903).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МНОГАКАРЭ́ННІК (Spirodela),
род кветкавых раслін сям. раскавых. 4 віды. Пашыраны ва ўмераных і трапічных паясах абодвух паўшар’яў. На Беларусі 1 від — М. звычайны (S. polyrhiza). Трапляецца ў стаячай і павольнай вадзе азёр, сажалак, канаў.
М. звычайны (травяністая водная расліна) нагадвае маленькі ліст, які плавае на паверхні вады. Недаразвітае сцябло (лісцец) у выглядзе пласцінкі даўж. 3—10 мм і шыр. 1,2—8 мм круглаватай формы, знізу часта чырв. ці чырванавата-фіялетавае, мае з бакоў маленькія лускавінкі (недаразвітае лісце). Каля асновы лісцяца знаходзяцца 2 вузкія кішэнькі, у іх закладваюцца вегетац. пупышкі, часам развіваюцца суквецці, знізу пучкамі адыходзяць фіялетава-пурпуровыя ніткападобныя карэньчыкі (адсюль назва). Кветкі аднаполыя, без калякветніка. Плод — 1—6-насенны.
Многакарэннік звычайны. Калоніі раслін: 1 — выгляд знізу; 2 — выгляд зверху.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУЛЬЧЫ́РАВАННЕў меліярацыйным будаўніцтве,
размеркаванне па паверхні глебагрунтоў мульчы (пераважна тарфакрошкі) з наступным замацаваннем яе плёнкаўтваральнымі эмульсіямі. Робіцца пры залужэнні адхонаў каля гідравузлоў, мастоў, шлюзаў і стромкіх адхонаў каналаў, дамб, плацін, дарог з мэтай папярэджання воднай (змыву, размыву) і ветравой (выдзімання) эрозіі.
Перад М паверхню адхонаў рыхляць, выраўноўваюць, засяваюць травамі, уносяць угнаенні. Нанесены слой мульчы (5—10 см) пакрываюць латэкснымі або бітумнымі эмульсіямі (выкарыстоўваюцца таксама эмульсіі водарастваральных сінт. палімераў, распрацаваныя ў Бел.НДІ меліярацыі і лугаводства). Замест эмульсій ужываюць таксама паветраводапранікальнае палатно або біяпалатно, распрацаванае тым жа ін-там (выпускаецца акц. т-вам у Жлобіне). У якасці мульчара (мульчыравальніка) выкарыстоўваюць гідрасеялкі, пераабсталяваныя раскідвальнікі ўгнаенняў. М. адхонаў магістральных каналаў робяць таксама бульдозерамі, самазваламі, каўшовымі экскаватарамі.