ІПРЫ́Т, β,β′-дыхлордыэтылсульфід,

арганічны сульфід аліфатычнага рада, S(CH2CH2Cl)2. Выкарыстаны як атрутнае рэчыва ў 1917 Германіяй каля бельг. горада Іпр (адсюль назва).

Бясколерная масляністая вадкасць з пахам часнаку ці гарчыцы, tпл 14,5 °C, tкіп 217 °C (кіпіць з раскладаннем), шчыльн. 1274,1 кг/м³ (20 °C). Дрэнна раствараецца ў вадзе, добра — у арган. растваральніках. Моцныя акісляльнікі (напр., хлорная вапна, хлораміны) выклікаюць поўную дэструкцыю (гэтыя рэакцыі выкарыстоўваюць для дэгазацыі І.). Протаплазматычны яд (пашкоджвае вочы, скуру, органы дыхання). Смяротная доза пры рэзорбцыі праз скуру 70 мг/кг (мае «скрыты перыяд» дзеяння да 12 гадз і болей).

т. 7, с. 302

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)