АНТЫФЕРАМАГНІ́ТНЫ РЭЗАНА́НС,

рэзкае павелічэнне паглынання энергіі электрамагнітных хваляў, што праходзяць праз антыферамагнетык, пры пэўных (рэзанансных) значэннях частаты і напружанасці прыкладзенага магн. поля; разнавіднасць электроннага магнітнага рэзанансу.

Пры антыферамагнітным рэзанансе ўзбуджаюцца рэзанансныя ўзаемна звязаныя ваганні вектараў намагнічанасці магн. падрашотак антыферамагнетыка адносна ўзаемнага размяшчэння і адносна напрамку прыкладзенага поля. Частата гэтых ваганняў вызначаецца значэннем эфектыўных магн. палёў, што ўздзейнічаюць на магн. моманты падрашотак (поле абменнага ўзаемадзеяння падрашотак, поле магн. анізатрапіі, вонкавае статычнае магн. поле). Антыферамагнітны рэзананс дае магчымасць выявіць значэнні эфектыўных магн. палёў у антыферамагнетыках, іх структуру і інш. ўласцівасці.

т. 1, с. 402

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АО́РТА (грэч. aortē),

у чалавека галоўная артэрыя вялікага круга кровазвароту, што выносіць кроў з левага жалудачка сэрца. Каля выхаду з яго аорта наз. ўзыходнай (даўж. яе каля 6 см), потым утварае дугу аорты, пераходзіць у сыходную аорту, праходзіць уздоўж пазваночніка праз грудную і брушную поласці. У млекакормячых жывёл і чалавека існуе левая дуга аорты, у птушак — правая. У рыб ад брушной аорты адыходзяць шчэлепныя артэрыі. Яны падзяляюцца на капіляры, з якіх кроў цячэ ў 2 прадаўгаватыя ствалы — карані спінной аорты; абедзве зліваюцца ў няпарную спінную аорту.

т. 1, с. 410

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПАЛЕСЦЭ́НЦЫЯ,

1) рассеянне святла калоіднай сістэмай. Інтэнсіўнасць рассеяння залежыць ад суадносін паміж памерамі часцінак і даўжынёй светлавой хвалі. Апалесцэнцыя назіраецца ў выглядзе конуса, які свеціцца на цёмным фоне, пры праходжанні святла праз калоідную сістэму, напр. табачны дым; крытычная апалесцэнцыя — у аптычна аднародных асяроддзях ва ўмовах фазавых пераходаў (памутненне раствораў палімераў каля крытычных т-р змешвання).

2) У мінералогіі аптычны эфект, найб. выразны ў паўпразрыстай разнавіднасці мінералу апал. Выяўляецца як малочна-белае ці перламутравае святло, якое адлюстроўваецца ад апалу, месяцовага каменю і некаторых інш. мінералаў.

т. 1, с. 415

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУЛЫЧО́Ў (Кір) (сапр. Мажэйка Ігар Усеваладавіч, н. 18.10.1934, Масква),

рускі пісьменнік-фантаст. Аўтар зб. апавяданняў «Цуды ў Гусляры» (1972), «Людзі як людзі» (1975), навук.-фантастычных аповесцяў «Востраў іржавага лейтэнанта» (1968), «Апошняя вайна» (1970), «Палова жыцця» і «Умельства кідаць мяч» (1973), «Вандраванне Алісы» і «Дзень нараджэння Алісы» (1974), «Патрэбна свабодная планета» (1977), «Выкраданне чараўніка» (1979), «Чужая памяць» (1981) і інш., навук.-папулярных кніг і апавяданняў, кінасцэнарыяў. Большасць з іх адрасаваны юным чытачам. За сцэнарыі фільма «Праз церні да зорак» і мультфільма «Тайна трэцяй планеты» Дзярж. прэмія СССР 1982.

С.​Ф.​Кузьміна.

т. 3, с. 332

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУ́ФЕРНАЯ ЗО́НА,

прыродная тэрыторыя, прылеглая да асабліва ахоўнай (запаведнік, нац. парк і інш.) тэрыторыі, на якой часткова абмяжоўваецца гасп. дзейнасць. Ствараецца з мэтаю лепшай аховы ці падтрымання больш устойлівай экалагічнай раўнавагі на асн. ахоўнай тэр., для змяншэння ўздзеяння на запаведны рэжым антрапагенных фактараў (эксплуатацыя прыродных рэсурсаў, прамысл. і жыллёвага буд-ва, строга рэгламентуюцца паляванне і рыбная лоўля). Асаблівае значэнне мае прадухіленне ўздзеяння на асн. ахоўныя тэр. гідрамеліярацыйных і гідратэхн. работ, што вядуцца ў верхніх участках басейнаў рэк, якія цякуць праз запаведнікі ці закранаюць рэжым падземных вод на іх тэрыторыі.

т. 3, с. 362

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯРО́ЗАЎСКАЕ ВО́ЗЕРА, Бярозавае возера,

у Беларусі, ва Ушацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Тураўлянка, за 23 км на З ад г.п. Ушачы. Уваходзіць ва Ушацкую групу азёр. Пл. 4,9 км², даўж. 4,1 км, найб. шыр. 1,5 км, найб. глыб. 3,9 м, даўж. берагавой лініі 12 км. Пл. вадазбору 458 км².

Схілы катлавіны выш. 3—5 м, усх. пад лесам і хмызняком, на З і ПдЗ разараныя. Берагі нізкія, месцамі забалочаныя і сплавінныя. Мелкаводдзе шырокае, пясчанае. Зарастае. Злучана ручаём з воз. Глыбач, праз возера працякае р. Дзіва.

т. 3, с. 410

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАДЗЯНА́Я ПА́РА ў атмасферы,

вада ў газападобным стане, якая пастаянна ёсць у паветры. Бесперапынна паступае ў атмасферу ў выніку выпарэння з паверхні вадаёмаў і вадацёкаў, глебы, снегу, лёду і праз транспірацыю раслінамі. Колькасная характарыстыка — вільготнасць (гл. Вільготнасць паветра). 90% вадзяной пары ў ніжніх 5 км атмасферы. Уплывае на выпраменьванне і паглынанне сонечнай радыяцыі. Над тэр. Беларусі ў ліп. каля 5,4 км³, у студзені каля 1,7 км³ вадзяной пары. Пры кандэнсацыі яе ўтвараюцца воблакі, туман, раса, іней, шэрань, галалёд. Выкарыстоўваецца для прывядзення ў рух паравых турбін і машын.

т. 3, с. 436

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГІ́ВЫ,

дугападобныя папярочныя палосы лёду светлага ці цёмнага колеру на ледавіковых языках, павернутыя выпукласцямі ў напрамку руху ледавікоў. Сумарная шырыня пары палос (адной цёмнай і адной светлай) роўная гадавому зрушэнню ледавіковай паверхні. Агівы з’яўляюцца каля падножжа ледаспадаў у выглядзе хвалепадобных дэфармацый, якія пры руху ўніз па ледавіку спачатку памяншаюць сваю амплітуду, потым знікаюць і змяняюцца палосамі рознага колеру. Мяркуюць, што цёмныя палосы ўзнікаюць на ўчастках лёду, якія прайшлі праз ледаспад у перыяд абляцыі, светлыя — на ўчастках, што прайшлі тую ж зону ў перыяд акумуляцыі.

т. 1, с. 74

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГЛЮЦІНАТЫ́ЎНЫЯ МО́ВЫ (ад лац. agglutinare прыклейваць),

мовы, у якіх словы і іх формы ўтвараюцца пераважна праз аглюцінацыю (спалучэнне граматычна адназначных афіксаў з нязменным коранем). Напр., у цюркскіх мовах -lar- — суфікс множнага л.: тур. bulut «воблака», bulutlar «воблакі»; каз. ара «піла», аралар «пілы». Характэрныя рысы аглюцінатыўных моў — стандартная парадыгма словазмянення, адсутнасць унутранай флексіі, адназначнасць афіксаў, фіксаваны націск, строгі парадак слоў і інш. Да аглюцінатыўных моў адносяцца вял. колькасць моў Азіі і Еўропы (цюркскія, фіна-угорскія, мангольскія, тунгуса-маньчжурскія, японская, карэйская і інш.), Акіяніі (папуаскія, інданезійскія, мікранезійскія), Афрыкі (банту, мандэ, бантоідныя).

т. 1, с. 77

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДКРЫ́ТЫ ЛІСТ,

1) дакумент на права правядзення даследчыкамі археал. разведак і раскопак. Выдаецца навук. ўстановамі. На Беларусі першы адкрыты ліст (грамату) атрымаў 14.12.1818 А.​Чарноцкі (З.Я.Даленга-Хадакоўскі) за подпісам рэктара Віленскага ун-та. З 1992 наз. дазвол.

2) Дакумент, які выдаецца ведамствам замежных спраў або дыпламат. прадстаўніцтвам іншаземцу, што карыстаецца дыпламат. прывілеямі і імунітэтам або з’яўляецца госцем краіны. Адрасаваны мытнай і пагранічнай службе сваёй краіны з просьбай садзейнічаць уладальніку адкрытага ліста ў час яго пераезду праз граніцу. Асобы, якія маюць адкрыты ліст, як правіла, вызваляюцца ад мытнага дагляду.

т. 1, с. 111

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)