ПІЛЬ, Піл (Peel) Роберт (5.2.1788, г. Беры, Вялікабрытанія —2.7.1850), брытанскі паліт. і дзярж. дзеяч. З 1809 дэп. палаты абшчын ад партыі торы. У 1812—18 міністр па справах Ірландыі. У 1822—27 і 1828—30 міністр унутр. спраў. Ініцыіраваў прыняцце брыт. парламентам актаў па змякчэнні крымін. права (смяротнае пакаранне больш чым за 100 відаў злачынстваў замянялася інш. пакараннем) і турэмнага рэжыму, заснаваў у Лондане рэгулярную паліцыю (1829; ад скарочанага яго імя паходзіць мянушка канстэбляў — Бобі). У 1834—35 і 1841—46 прэм’ер-міністр Вялікабрытаніі. У 1846 ва ўмовах неўраджаю ў Англіі і Ірландыі дамогся прыняцця парламентам акта аб адмене «хлебных законаў», што прывяло да расколу партыі торы і адстаўкі П.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫСЯДЗІ́БНЫ ЎЧА́СТАК,
зямельны ўчастак для вядзення асабістай падсобнай гаспадаркі, буд-ва і абслугоўвання жылога дома. На Беларусі прадастаўляецца грамадзянам сельскімі Саветамі дэпутатаў па месцы іх пражывання. Калгасы, саўгасы з зямель, якія знаходзяцца ў іх карыстанні, могуць выдзяляць грамадзянам зямельныя ўчасткі для агародніцтва, сенакашэння. Парадак землекарыстання на П.у. рэгулюецца заканадаўствам. Афіц. статыстыка сведчыць, што асабістая падсобная гаспадарка, якая грунтуецца ў асноўным на П.ў., з’яўляецца істотнай крыніцай вытв-сці прадуктаў харчавання для насельніцтва. Напр., у 1997—98 у агульным аб’ёме спажывання доля П.у. складала у сярэднім: па бульбе — 85%, гародніне — 72—75, садавіне і ягадах — 55, мясе і мясапрадуктах — 25, малочных прадуктах — больш за 30, яйках — 35, хлебных прадуктах — 1,2%.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯНЬКО́ЎСКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура славянскіх плямён, якія ў 5—7 ст. насялялі тэр. лесастэпавага памежжа ад Ніжняга Падунаўя на З да Северскага Данца на У. Назва ад паселішча каля в. Пянькоўка ў Палтаўскай вобл. (Украіна). Асн. заняткі насельніцтва — земляробства і жывёлагадоўля. Найб. пашыраны тып помнікаў — неўмацаваныя селішчы пл. 1,5—2 га. Насельніцтва жыло ў паўзямлянках зрубнай ці каркаснай канструкцыі пл. ад 4,75 да 25 м², паглыбленых у грунт на 0,6—1,8 м, з каменна-глінянымі агнішчамі ці печамі-каменкамі. Пахавальны абрад — трупаспаленне па-за межамі могілак, трапляюцца пахаванні ў урнах; знойдзены гаршкі, бронзавыя трапецападобныя і спіральныя падвескі, пранізкі, абпаленыя шкляныя пацеркі і інш. Носьбітамі П.к. лічаць вядомых па пісьмовых крыніцах антаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУБІКО́Н (лац. Rubico),
рака, якая сцякала са схілаў Апенін і ўпадала ў Адрыятычнае м. на Пн ад г. Арымін (цяпер г. Рыміні). Да 42 да н.э.па Р. праходзіла мяжа паміж Італіяй і рым. правінцыяй Цызальпінская Галія. Атрымала вядомасць пасля таго, як 10.1.49 да н.э. Юлій Цэзар насуперак закону (як праконсул мог узначальваць войска толькі па-за межамі Італіі) перайшоў цераз Р. і пачаў гэтым грамадз. вайну. Адсюль крылаты выраз «перайсці Р.» — прыняць беспаваротнае рашэнне. Дакладная ідэнтыфікацыя Р. з якой-н. з сучасных рэчак ускладнена тым, што з часоў антычнасці напрамкі цячэння рэк у гэтай мясцовасці значна змяніліся. У 1932 р. Ф’юмічына афіц. атрымала назву Рубікон.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕПАРА́ТАР МАЛО́ЧНЫ,
апарат для раздзялення малака на вяршкі і адгон і ачысткі яго ад мех. дамешкаў. Сепарацыя адбываецца ў стальным барабане, які мае сістэму канічных талерак з верт. каналамі. Пры вярчэнні барабана (6—12 тыс. абаротаў за мінуту) малако па каналах расцякаецца ў міжталерачныя зазоры, дзе пад дзеяннем цэнтрабежнай сілы адгон як больш цяжкі адкідваецца на перыферыю, падымаецца ўгору і выходзіць праз адтуліну. Вяршкі збіраюцца каля восі барабана, па каналах талеркатрымальніка падымаюцца ўверх і выцякаюць у збіральнік. Прадукцыйнасць С.м. да 5 тыс.л/гадз.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРА́НЬСКАЯ КУ́ЛЬНЯ, бараньскі кульны двор,
майстэрня па вырабе ядраў і куль для гармат і гакаўніц на тэр. Беларусі ў 16 — сярэдзіне 18 ст.Засн. ў 1597 кн. М.Радзівілам у с. Барань, верагодна, Барысаўскай вол. Аршанскага пав. Работнікаў майстэрні («кульнікаў») набіралі з мясц. сялян, надзялялі іх 1 валокай зямлі, за што яны павінны былі здабываць руду, вырабляць жалеза і вугаль, адліваць ядры і кулі. У кастр. 1598 працавала 14 «кульнікаў». Бараньская кульня пастаўляла кулі і ядры Копыскаму і Біржанскаму (у Літве) замкам. «Кульнікі» ўдзельнічалі ў рамонце і доглядзе ўмацаванняў Копыскага замка, давалі грошы «на выправу выбранцев», «жита на пушкаров замковых» і стацыю (падатак) на выпадак прыезду ў Копысь Радзівілаў. За год на патрэбы Біржанскага замка Бараньская кульня вырабляла 195 вялікіх і 325 меншых ядраў, для Копыскага — 390 меншых ядраў і 780 гакаўнічных куль. Каб зберагаць лясы ад спусташэння, яны павінны былі закопваць за сабою ўсе ямы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ЎТАРСКАЕ ПРА́ВА,
раздзел заканадаўства, нормы якога рэгулююць адносіны, што ўзнікаюць у сувязі са стварэннем і выкарыстаннем твораў навукі, літаратуры і мастацтва. Аўтару належаць правы на апублікаванне твора, узнаўленне і распаўсюджванне яго дазволенымі законам спосабамі, на недатыкальнасць твора, атрыманне ганарару за яго выкарыстанне. Нормы аўтарскага права, якія дзейнічаюць на тэр. Рэспублікі Беларусь, змешчаны ў Цывільным кодэксе і законе «Аб аўтарскім праве і сумежных правах» ад 16.5.1996. Аўтарскае права дзейнічае на працягу ўсяго жыцця аўтара і 50 гадоў пасля яго смерці, пераходзіць у спадчыну (за выключэннем права аўтара на імя і на недатыкальнасць твора). Парушэнні аўтарскага права (плагіят, незаконнае ўзнаўленне або распаўсюджванне твора, прымус да сааўтарства) цягнуць за сабой адм. або крымін. адказнасць. Апрача таго аўтар і яго правапераемнікі маюць права патрабаваць аднаўлення парушанага аўтарскага права і пакрыцця матэрыяльных стратаў. Міжнар. ахову аўтарскага права забяспечваюць Бернская 1886 (рэд. 1971) і Жэнеўская 1952 (рэд. 1971) міжнар. канвенцыі па ахове аўтарскага права.
палітычная арг-цыя, якая дзейнічала ў 1915—18 на тэр. Беларусі, акупіраванай герм. войскамі ў 1-ю сусв. вайну. Утварылася ў выніку разыходжанняў па пытаннях тактыкі і нац.-дзярж. будаўніцтва паміж дзеячамі Беларускай сацыялістычнай грамады (БСГ) — марксістамі і народнікамі. Марксісты (І.І. і А.І.Луцкевічы, Цётка і інш.) заснавалі БСДРГ. Група рабіла стаўку на работу ў масах, арганізоўвала прафсаюзы, кааператывы і інш. арг-цыі, мела ў іх сваіх прадстаўнікоў. Удзельнічала ў стварэнні Беларускага народнага камітэта ў Вільні. У вер. 1917 выказалася за стварэнне Бел.-Літ. дзяржавы з аўтаномнымі Беларуссю і Літвой, за ўключэнне ў гэту дзяржаву ўсіх бел. зямель, за прызнанне раўнапраўя ўсіх народаў у ёй, забеспячэнне «ўрадавага» статуса мясц. мовам і школьнае навучанне на роднай мове. Пасля абвяшчэння ў снеж. 1917 Літ. рэспублікі група стала на незалежніцкія пазіцыі. Падтрымала стварэнне Беларускай Народнай Рэспублікі. Пасля расколу БСГ (крас. 1918) БСДРГ аб’ядналася з марксістамі, якія пакінулі БСГ, і ўтварыла з імі Беларускую сацыял-дэмакратычную партыю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́БРЫК 1-ы,
рака ў Беларусі, у Ганцавіцкім, Пінскім і Лунінецкім р-нах Брэсцкай вобл., левы прыток р. Прыпяць. Даўж. 109 км. Пл. вадазбору 1900 км². Пачынаецца з ляснога балота за 2,5 км на ПнЗ ад в. Сукач Ганцавіцкага р-на, цячэ па нізіне Прыпяцкае Палессе. Упадае ў Прыпяць за 2 км на ПнЗ ад чыг. ст. Прыпяць. Асн. прытокі: Вісліца (справа), каналы Хатыніцкі, Прысць, Багданаўка (злева).
Даліна невыразная. Пойма двухбаковая, шыр. ў сярэднім цячэнні 0,5—1 км, у ніжнім зліваецца з поймай Прыпяці. Рэчышча каналізаванае на працягу 102 км, пракладзена за 0,5—3 км ад старога. Шыр. да 3—3,5 м у вытоку, 35—40 м у вусці. Берагі сярэдне стромкія, месцамі абрывістыя. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 7,6 м³/с. У міжрэччы Бобрыка і Вісліцы ў Пінскім р-не створаны наліўное вадасх. Пагост і сажалкі рыбгаса «Палессе», 2 невял. сажалкі каля в. Парахонск.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНФАРМАЦЫ́ЙНЫЯ МО́ВЫ,
спецыялізаваныя сістэмы абазначэнняў, якія ствараюцца для аптымізацыі падачы інфармацыі з мэтай яе назапашвання, перадачы і перапрацоўкі; разам з міжнар.мовамі-пасрэдніцамі складаюць штучныя дапаможныя мовы. Характарызуюцца вял. камунікатыўнымі магчымасцямі з-за адсутнасці ў іх шматзначнасці, аманіміі і сінаніміі. Маюць пэўныя слоўнікі (гл.Дэскрыптар, Тэзаўрус) і правілы граматыкі, што забяспечвае адназначныя запіс інфармацыі і алгарытмічнае распазнаванне (атаясамліванне) запісаных рознымі спосабамі фактаў.
Вылучаюць 3 асн. падкласы І.м.: інфарм.-кіруючыя — алгарытмічныя мовы, якія ствараюцца для запісу камандаў ад чалавека да камп’ютэра (больш за 500 моў; гл.Мова праграміравання); інфарм.-лагічныя для фармалізацыі паняццяў пэўнай галіны ведаў з дапамогай спец. сімвалаў; інфарм.-пошукавыя для запісу інфармацыі, яе назапашвання і дакладнай выдачы па запыце карыстальніка (больш за 1 тыс. моў, напр., алфавітна-прадметныя каталогі, патэнтныя класіфікацыі, міжнар. лічбавая універсальная класіфікацыя ў бібліятэчнай справе).
Літ.:
Москович В.А. Информационные языки. М., 1971;
Котов Р.Г., Якушин БВ Языки информационных систем. М., 1979.