БЛОНЬ,

вёска ў Беларусі, у Пухавіцкім р-не Мінскай вобл. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 3 км на ПнУ ад г. Мар’іна Горка, 60 км ад Мінска, 3 км ад чыг. ст. Пухавічы. 1874 ж., 370 двароў (1995).

У 19 ст. маёнтак, уласнасць Бонч-Асмалоўскіх. У 1886 у вёсцы 226 ж., 86 двароў; Троіцкая царква, касцёл, школа, млын, 2 разы на год кірмаш. З 1880-х г. дзякуючы дзейнасці А.В.Бонч-Асмалоўскага і яго жонкі В.І.Вахоўскай Блонь стала апорным пунктам рэвалюцыянераў розных кірункаў У 1899—1908 дзейнічала Блонская сялянская арганізацыя. З 1924 цэнтр сельсавета Пухавіцкага р-на. У 1939—54 наз. в. Зарэчча. У 1970 — 1590 ж.

У Блоні сярэдняя школа, Дом культуры, 2 б-кі, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Краязнаўчы музей. Помнікі архітэктуры: Блонская Троіцкая царква, сядзібны дом і парк (2-я пал. 19 ст.). Магіла ахвяраў фашызму.

т. 3, с. 195

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРАДЗЕ́Ц,

вёска ў Рагачоўскім р-не Гомельскай вобл., на р. Ржаўка. На аўтадарозе Рагачоў—Буда-Кашалёў. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 28 км на ПдЗ ад г. Рагачоў, 85 км ад Гомеля, 25 км ад чыг. ст. Жлобін. 1145 ж., 471 двор (1996).

У пісьмовых крыніцах упамінаецца з 18 ст. У 1880 мястэчка, цэнтр воласці Рагачоўскага пав. Магілёўскай губ.; 820 ж., 130 двароў, царква, нар. вучылішча, яўр. малітоўная школа, 3 крамы, 2 кірмашы ў год. Належаў Драбышэўскім, Дашкевічам, Судзілоўскім. З 1924 цэнтр Гарадзецкага раёна і сельсавета, з 1927 у Рагачоўскім р-не. Перад Вял. Айч. вайной 1319 ж., 240 двароў. У снеж. 1943 ням.-фаш. акупанты часткова спалілі вёску і загубілі 181 жыхара. У 1970 — 1046 ж., 331 двор.

Сярэдняя і дапаможная школы, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Царква. Брацкія магілы сав. воінаў.

т. 5, с. 39

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАМО́ЙСКАЕ ВАЯВО́ДСТВА (Województwo Zamojskie),

адм.-тэр. адзінка на ПдУ Польшчы. Пл. 6986 км², нас. 493 тыс. чал., гарадскога 30,3% (1993). Адм. ц. — г. Замасць. Найб. гарады: Тамашаў-Любельскі, Грубешаў, Білгорай, Шчэбжэшын. На Пн займае ўсх. ч. Замойскай даліны, на Пд — узв. Расточэ. Клімат умерана кантынентальны. Сярэдняя т-ра студз. -4,5 °C, ліп. 18,5 °C, ападкаў 600—660 мм за год. Гал. рэкі: Буг з прытокам Гучва, Вепш, Танеў. Глебы ўрадлівыя (чарназёмы і буразёмы). Пад лесам 22,6% тэр. (найб. пушча Сольская). Пераважае сельская гаспадарка. Пад с.-г. ўгоддзямі 70,2% тэр., у т. л. 58% пад ворывам. Вырошчваюць пшаніцу, ячмень, цукр. буракі, хмель, тытунь, каноплі, кармавыя культуры. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, свіней, коней, птушак. Прам-сць: харчасмакавая (цукр., алейна-тлушчавая, мукамольна-крупяная, агароднінакансервавая, піваварная), лёгкая (швейная, трыкат.), дрэваапр. (мэблевая). Вытв-сць буд. матэрыялаў (кераміка).

т. 6, с. 523

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЕЛЕНАГУ́РСКАЕ ВАЯВО́ДСТВА (Województwo Zielonogórskie),

адм.-тэр. адзінка на З Польшчы. Пл. 8868 км², нас. 669 тыс. чал., гарадскога 61,9% (1993). Адм. ц. — г. Зялёна-Гура. Найб. гарады: Нова-Суль, Жары, Жагань, Свябодзін, Губін, Сулехаў, Любска. Займае зах. ч. Велікапольскай нізіны, на Пн Любускае паазер’е, на Пд — Тшабніцкая града. Клімат умераны. Сярэдняя т-ра студз. -1,5 °C, ліп. 18,5 °C, ападкаў 500—600 мм за год. Гал. рака — Одра з прытокамі Ныса-Лужыцка і Бубр. Глебы малаўрадлівыя (падзолістыя). 48,4% паверхні займаюць лясы (пераважна хваёвыя). Гаспадарка прамысл.-агр. тыпу. Прам-сць: харчасмакавая (мукамольная, мясная, спіртавая), маш.-буд. (таварныя вагоны, тэкст. абсталяванне), тэкст. (дэкаратыўныя, шарсцяныя і баваўняныя тканіны), абутковая, дрэваапр., буд. матэрыялаў, шкляная. Здабыча нафты і газу. Пад с.-г. ўгоддзямі 40% тэр. Вырошчваюць жыта, пшаніцу, ячмень, сланечнік, рапс, кармавыя культуры. Гадуюць свіней, буйн. раг. жывёлу, авечак, птушак.

т. 7, с. 51

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«КРУГ БЕЛАРУ́СКАЙ НАРО́ДНАЙ ПРАСВЕ́ТЫ І КУЛЬТУ́РЫ»

(«Круг беларускі»),

культурна-асветная арг-цыя ў Пецярбургу ў 1902—04. У яе ўваходзілі В.Л.Іваноўскі, браты І.І.Луцкевіч і А.І.Луцкевіч, бел. студэнты ВНУ Пецярбурга. Друкавала і распаўсюджвала бел. выданні, у т. л. тыя, што выдаваліся за мяжой. Займалася пошукам сродкаў для выдання бел. л-ры; фінансавую і інш. падтрымку арг-цыі аказвалі браты К. і А.​Кастравіцкія. Мела цесныя сувязі з прыхільнікамі бел. кнігі ў Варшаве і Кракаве. Выдала паэтычны зб. «Вязанка» Я.​Лучыны (1903, у цэнзуру быў прадстаўлены як напісаны на балг. мове), на гектографе — зб. «Калядная пісанка на 1904 год» і «Велікодная пісанка» (1904). У 1902 чл. арг-цыі спрабавалі выдаць нелегальную газ. «Свабода».

Літ.:

Александровіч С.Х. Пуцявіны роднага слова. Мн., 1971;

Рагойша В. Кантакты. Мн., 1982;

Turonek J. Wacław Iwanowski i odrodzenie Bialorusi. Warszawa, 1992.

У.​Г.​Філякоў.

т. 8, с. 479

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУЗЬМІЧО́Ў Анатоль Пятровіч (н. 20.5.1923, г. Вузлавая Тульскай вобл., Расія),

бел. пісьменнік. Вучыўся ў Літ. ін-це імя М.​Горкага (1949—52). З 1943 працаваў у ваен. перыяд. друку, час. «Литературная Грузия». З 1967 жыве на Беларусі. Піша на рус. мове. Друкуецца з 1940: вершы, п’есы [«У нашым палку», паст. 1951; «Вяртанне (Бацька)», паст. 1954; «Арліны перавал», паст. 1958, і інш.]. Аўтар аповесцей «Па свежаму следу» (1955), раманаў «Так наступае вясна» (1958), «Паўднёвы Захад» (1962), «Трывога» (1964), «Поле бою» (1979), «Падпольная мянушка — Янаш» (1987), дакумент. аповесцей «Першыя савецкія гвардзейцы» (1971), «Час пераклічкі» (1981), «Год нараджэння — сорак першы» (1989), ваен.-гіст. нарысаў. Асн. тэма твораў — армейская служба ў мірны час, гераізм у гады вайны. Перакладае з груз. і арм. моў на рускую.

Тв.:

Одиннадцатый класс. М., 1967;

Тревога. Мн., 1984;

Южный бастион. Кн. 1—3. Мн., 1991—95.

т. 8, с. 565

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУРА́,

рака ў Турцыі, Грузіі і Азербайджане. Даўж. 1364 км, пл. басейна 188 тыс. км². Пачынаецца на Армянскім нагор’і ў Турцыі, да г. Тбілісі цячэ пераважна ў цяснінах, месцамі — у міжгорных катлавінах, ніжэй рэчышча падзяляецца на рукавы, даліна пашыраецца. Вышэй г. Мінгечаур у вузкай цясніне перасякае скалістую граду Баздаг, ніжняе цячэнне па Кура-Араксінскай нізіне, моцна меандрыруе, берагі нізкія, абвалаваныя. Упадае ў Каспійскае м., утварае дэльту (пл. 100 км²). Гал. прыток — Аракс. Сярэдні гадавы расход вады каля в. Хулур 270 м³/с. Сцёк наносаў да 21 млн. т за год. Выкарыстоўваецца для арашэння. Частка вады па канале перадаецца для абваднення р. Аракс. У дэльце рыбалоўства (сяўруга, бялуга, асетр, судак і інш.). Суднаходная ў ніжнім цячэнні. Зема-Аўчальская, Мінгечаурская і інш. ГЭС. На К. — гарады Горы, Тбілісі, Руставі (Грузія), Мінгечаур, Сабірабад (Азербайджан).

Рака Кура.

т. 9, с. 40

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАСЮКЕ́ВІЧ Уладзімір Маркавіч (н. 1.3.1931, г. Капыль Мінскай вобл.),

бел. мастак. Скончыў Маскоўскі маст. ін-т імя В.​Сурыкава (1960). З 1963 выкладае ў Бел. АМ. Творам уласцівы выразная дакладнасць пластычнай мовы, гарманічная каларыстычная будова, глыбокая перспектыва. Сярод твораў тэматычныя карціны «На рубяжы Радзімы» (1965), «Абаронцы Брэсцкай крэпасці» (1968), «Беларусь, 1944 год» (1969), «Родныя пагоркі» (1973), «Народны мсцівец», «Партызанская быль» (1979), «Вечар на Прыпяці» (1980), трыпціх «Вечна жывы» (1981), «Старыцкія партызаны» (1985), «Памяць» (1989); партрэты М.​Савіцкага (1976), маці (1977), «Свіцязянская балада (А.​Міцкевіч)» (1975—78), «У краіне светлай... М.​Багдановіч» (1983), «Я.​Купала і Ц.​Гартны ў Капылі» (1982), Я.​Скрыгана (1986), «Бабка Насця» (1988), малюнкі. З 1990 піша пейзажы: серыі «Поры года», «На прасторах Капыльшчыны» і інш.

Літ.:

Буйвал В.Я. Уладзімір Пасюкевіч: [Альбом]. Мн., 1987.

Г.​А.​Фатыхава.

У.Пасюкевіч. У краіне светлай... М.​Багдановіч. 1983.

т. 12, с. 176

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРУ́ША (Pyrus),

род пладовых дрэў сям. ружавых. Вядома каля 60 відаў. Пашырана ў краінах з умераным і субтрапічным кліматам. На Беларусі груша звычайная, ці лясная (P. communis), — родапачынальнік многіх культ. сартоў, расце ў лісцевых, зрэдку хвойных лясах, на ўзлесках і ў хмызняках. Культывуецца найб. на ПдЗ.

Груша звычайная выш. да 15 м, крона пірамідальная. Лісце яйцападобнае або круглае, востразубчастае ці суцэльнакрайняе, скурыстае, бліскучае. Кветкі белыя, ружаватыя, у шчытках. Плады масай 25—300 г, мясістыя, з камяністымі клеткамі, жоўтыя ці зялёныя, часам з румянцам, маюць цукры, арган. к-ты, дубільныя рэчывы, вітаміны. Меданос. Каштоўная драўніна. Дрэва святлалюбнае, засухаўстойлівае. Пачынае пладаносіць на 6—8-ы год пасля пасадкі. Перыяд гасп. выкарыстання 50—60 гадоў. Размнажаецца прышчэпкамі. Лепш расце на сярэдне- і лёгкасугліністых, добра дрэнажаваных глебах. Раянаваныя сарты: летнія — Беларуска, Дзюшэс летні, Лімонка, Прыгожая Яфімава, Тальсінская прыгажуня; асенне-зімовыя — Бэра лошыцкая, Бэра слуцкая, Масляністая лошыцкая, Бел. позняя і інш.

т. 5, с. 467

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЬЮ-БРА́НСУІК (New Brunswick),

правінцыя на ПдУ Канады. Абмываецца залівамі Св. Лаўрэнція (на ПнУ) і Фанды (на Пд). Пл. 72,5 тыс. км². Нас. каля 800 тыс. чал. (1998), англа-канадцы і франка-канадцы. Адм. ц. — г. Фрэдэрыктан. На тэр. правінцыі паўн. адгор’і Апалачаў (г. Карлтан, 820 м), раўніны і нізіны. Характэрны марэнны рэльеф, ледавіковыя і флювіягляцыяльныя адклады. Есць радовішчы поліметалаў, медзі, нікелю, буд. матэрыялаў. Клімат умераны, марскі. Т-ра паветра ў студз. каля -10 °C, у ліп. каля 17 °C. Выпадае 1000 мм ападкаў за год. Рэкі мнагаводныя, з парогамі і вадаспадамі. Пераважаюць паўднёватаежныя цемнахвойныя лясы. На базе мясцовых руд у г. Батэрст буйны комплекс гарнарудных, металургічных і хім. прадпрыемстваў. Развіта цэлюлозна-папяровая, нафтахім., харч., маш.-буд. (у т. л. суднабудаўнічая), дрэваапр. прам-сць. Вытв-сць абутку і буд. матэрыялаў. Рыбалоўства і рыбаперапрацоўка. У сельскай гаспадарцы пераважае малочная жывёлагадоўля і агародніцтва. Транспарт чыг., аўтамаб., марскі.

т. 11, с. 393

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)