САНКТ-ПЕЦЯРБУ́РГСКІ МАЛЫ́ ТЭА́ТР О́ПЕРЫ І БАЛЕ́ТА імя М.​П.​Мусаргскага.

Адкрыты ў 1918 у будынку б. Міхайлаўскага т-ра (1833, арх. А.​Брулоў). З 1919 Дзярж. акад. т-р камічнай оперы, з 1921 — Малы петраградскі дзярж. акад. т-р, з 1926 — Дзярж. акад. Малы оперны т-р, з 1964 — Ленінградскі Малы т-р оперы і балета, з 1989 імя Мусаргскага, з 1992 сучасная назва. Напачатку ставіліся камед. спектаклі, аперэты, аднаактовыя оперы: «Птушкі пеўчыя» Ж.​Афенбаха (1918), «Цар-цясляр» А.​Лорцынга (1919), «Верцер» Ж.​Маснэ (1920), «Скупы рыцар» С.​Рахманінава, «Цыганскі барон» І.​Штрауса(1922) і інш. Пазней пастаўлены оперы «Нос» (1930) і «Лэдзі Макбет Мцэнскага павета» (1934) Дз.​Шастаковіча; «Ціхі Дон» (1935) і «Узнятая цаліна» (1937) І.​Дзяржынскага. З 1933 працуе і балетная трупа. Пастаўлены балеты «Светлы ручай» Шастаковіча (1935), «Каўказскі нявольнік» Б.​Асаф’ева (1938) і інш. З 1941 т-р знаходзіўся ў г. Арэнбург, дзе ў 1943 пастаўлены оперы «Кроў народа» Дзяржынскага і «Мацней за смерць» В.​Валошынава. З 1944 у Ленінградзе, працягваў прапагандаваць сучасныя творы і набыў вядомасць як т-р-эксперыментатар. Сярод пастановак: оперы «Вайна і мір» С.​Пракоф’ева (1946), «Маладая гвардыя» Ю.​Мейтуса (1950), «Вірынея» С.​Сланімскага (1967), «Не толькі каханне» Р.​Шчадрына (1973) і інш. З 1981 т-р узначаліў С.​Гаўдасінскі, які лічыў гал. задачай адраджэнне ў т-ры рус. класікі. У рэпертуары гэтага часу — «Барыс Гадуноў» і «Хаваншчына» Мусаргскага, «Яўген Анегін» і «Пікавая дама» П.​Чайкоўскага, «Залаты пеўнік» і «Казка пра цара Салтана» М.​Рымскага-Корсакава, «Марыя Сцюарт» Сланімскага, «Пётр I» Ц.​Хрэннікава; балеты «Макбет», «Баядэрка» Ш.​Калаша і інш. Уклад у развіццё т-ра ўнеслі дырыжоры С.​Самасуд, Б.​Хайкін, А.​Дзмітрыеў, Ю.​Багданаў, П.​Бубельнікаў, А.​Аніханаў, А.​Кукушкін, А.​Сітнікаў; рэжысёры М.​Смоліч, Э.​Пасынкаў, У.​Лук’янаў; балетмайстры Ф.​Лапухоў, Л.​Лаўроўскі, П.​Гусеў, І.​Бельскі, А.​Вінаградаў, М.​Баярчыкаў; хормайстары М.​Траўкін, А.​Чарноў; салісты оперы С.​Балашоў, А.​Галавін, К.​Камісарава, А.​Мадэстаў, А.​Алмазаў, Т.​Багданаў, А.​Ступальскі, С.​Шапашнікаў і інш.; балета В.​Зімін, Ю Літвіненка, Л.​Сафронава, В.​Станкевіч і інш. Салісты 1999—2001 Н.​Бірукова, Н.​Уласава, М.​Трагубовіч, С.​Акопаў, А.​Барысевіч, С.​Бурэеў, С.​Дрэйт, М.​Казанцаў, А.​Пятроў і інш.

Л.​А.​Шымановіч.

т. 14, с. 155

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСВЕ́ТА,

распаўсюджванне ведаў, адукацыя; сістэма адукацыйна-выхаваўчых і культ.-асв. мерапрыемстваў і спец. устаноў краіны. Мэты, задачы і структура асветы маюць канкрэтна-гіст. характар і залежаць ад узроўню эканам., паліт. і культ. развіцця грамадства.

На Беларусі да з’яўлення пісьменства першасныя элементы асветы грунтаваліся на канонах і ведах нар. педагогікі і найб. выяўляліся ў працоўным навучанні, у авалоданні навыкамі земляробства, будаўніцтва і разнастайных рамёстваў. Са з’яўленнем пісьменства і кніжнасці асвета стала пашырацца і дасягнула дастаткова высокага ўзроўню ў 10—13 ст. Цэнтрамі тагачаснай асветы былі цэрквы і манастыры, дзе ствараліся школы, б-кі, вялося летапісанне. У 11 ст. ў Полацкім Сафійскім саборы створаны цэнтр летапісання Полацкай зямлі і самая стараж. на Беларусі б-ка (гл. Полацкага Сафійскага сабора бібліятэка), дзе захоўваліся і перапісваліся кнігі на стараслав. і грэч. мовах, існавала школа. Вядомыя помнікі асветы і пісьменства — крыж Лазара Богшы (1161) для Спаса-Ефрасіннеўскага манастыра ў Полацку, Барысавы камяні, берасцяныя граматы (знойдзены ў Віцебску і Мсціславе), найстаражытнейшае на землях усх. славян Тураўскае евангелле (11 ст.). Буйнейшыя асветнікі стараж. Беларусі — Ефрасіння Полацкая і Кірыла Тураўскі. У б-ках («кніжніцах») пры цэрквах і манастырах пераважала рэлігійна-дыдактычная, гісторыка-асветніцкая л-ра, павучанні, жыціі. Афіцыйнай мовай на ўсёй тэр. ВКЛ была старабеларуская. На ёй вялося справаводства і судаводства, пісаліся статуты, граматы, соймавыя пастановы, летапісы, хронікі, маст. творы. Адбылася пэўная культурна-духоўная пераарыентацыя бел. зямель ад Візантыі да суседніх краін Прыбалтыкі, Цэнтр. і Зах. Еўропы, склалася бел.-літоўскае летапісанне. З развіццём феад. адносін і ростам гарадоў у 14—16 ст. пашыраліся асвета, пісьменства і кніжная культура ў розным сац.-этнічным і прафес. асяроддзі. Цэнтры кніжнага пісьменства, скрыпторыі (рукапісныя майстэрні) дзейнічалі пры вял. манастырах і цэрквах Навагрудка, Полацка, Вільні, Віцебска і інш. Раслі і багацелі шматлікія б-кі манастыроў (Супрасльскага Благавешчанскага, Святатраецкага ў Вільні, Траецкага ў Слуцку і інш.). У 16—17 ст. б-кі ствараліся пры навуч. установах: Віленскай акадэміі, Полацкім езуіцкім калегіуме. Многія буйныя магнаты (Хадкевічы, Слуцкія, Сапегі, Агінскія, Радзівілы, Храптовічы) і адукаваная шляхта стваралі ўласныя б-кі. У эпоху Адраджэння (на Беларусі пачалося з канца 15 ст.) развіццё асветы было звязана з пашырэннем гуманіст. і рэфармац. руху, барацьбой паміж праваслаўем, каталіцызмам і рэфармац. рухамі. З уздымам руху пратэстантаў звязана станаўленне на Беларусі кнігадрукавання. Вялікі ўклад у асвету і культуру бел. народа зрабілі Ф.Скарына, С.Будны, браты Л.Зізаній і С.Зізаній, В.Цяпінскі, М.Гусоўскі, І.Фёдараў, П.Мсціславец, С.Собаль, Л.Сапега і інш. Школьная адукацыя мела саслоўна-канфесійны характар. Існавалі каталіцкія (езуіцкія), праваслаўныя (гл. Брацкія школы), уніяцкія, пратэстанцкія, іудзейскія, мусульманскія школы. Складваліся ўмовы і для свецкага школьнага навучання дзяцей сялян і рамеснікаў. Пасля ўтварэння Рэчы Паспалітай (1569) і перамогі Контррэфармацыі на тэр. ВКЛ пачалі пашырацца сярэднія каталіцкія навуч. ўстановы еўрапейскага ўзроўню — калегіумы. Першай навуч. установай такога тыпу быў Віленскі езуіцкі калегіум, засн. ў 1570, у 1579 пераўтвораны ў Віленскую езуіцкую акадэмію — першую ВНУ у ВКЛ. Існавалі езуіцкія калегіумы ў Брэсце, Гродне, Нясвіжы, Полацку, Оршы, Віцебску, Мінску і інш. Распаўсюджанне на Беларусі з 2-й пал. 18 ст. Асветніцтва выклікала неабходнасць рэарганізацыі школьнай справы. У выніку рэформы піярскіх школ пашырылася вывучэнне прыродазнаўчых і гуманіт. навук, эстэт. і фізічнае выхаванне. У канцы 18 — пач. 19 ст. школьная адукацыя на Беларусі апынулася ў сферы дзеяння рэформаў Адукацыйнай камісіі Рэчы Паспалітай і Камісіі па стварэнні нар. вучылішчаў Рас. імперыі. У выніку іх дзейнасці колькасць пач. і сярэдніх школ павялічылася, навучанне ўсё больш стала набываць свецкі характар. Паводле школьнай рэформы 1802 бел. губерні ўвайшлі ў склад Віленскай навучальнай акругі, вучэбна-метадычным цэнтрам якой быў Віленскі універсітэт. Павялічылася колькасць свецкіх агульнаадук. школ і навучэнцаў у іх, скарацілася колькасць манастырскіх вучылішчаў, заваёўвала правы жаночая адукацыя. Разам са шляхтай доступ да сярэдняй адукацыі атрымалі мяшчане, купцы, разначынная інтэлігенцыя. Пасля паўстання 1830—31 сістэма асветы была рэарганізавана ў кірунку ўзмацнення прынцыпаў «праваслаўя, самадзяржаўя, народнасці», у 1832 быў закрыты Віленскі ун-т. На пач. 1860-х г. на тэр. сучаснай Беларусі існавала 576 навуч. устаноў, у т. л. 1 вышэйшая — Горы-Горацкі земляробчы ін-т, 12 сярэдніх, 45 няпоўных сярэдніх, 45 дзярж. і прыватных жаночых вучылішчаў і больш за 400 дзярж., ведамасных і прыватных пачатковых школ, у якіх навучалася каля 16,5 тыс. чал. (0,5% насельніцтва). Істотныя змены адбыліся ў адукацыі настаўнікаў: 80% настаўнікаў гімназій і павятовых вучылішчаў мелі свецкую адукацыю, больш за 50% скончылі вышэйшыя і спец. пед. ўстановы. У 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. на развіццё асветы і культуры Беларусі негатыўна ўздзейнічала вялікадзяржаўная палітыка царызму. Вынікі школьнай рэформы 1860—70-х г. на Беларусі былі менш значныя, чым у цэнтр. губернях Расіі. Пасля задушэння паўстання 1863—64 былі закрыты Горы-Горацкі земляробчы ін-т, Навагрудская гімназія, Свіслацкая і Маладзечанская прагімназіі, ліквідаваны польскія школы і амаль усе прыватныя вучылішчы. Пач. школы аддадзены пад кантроль праваслаўнага духавенства, чыноўнікаў і паліцыі. Паводле палажэння аб царкоўнапрыходскіх школах 1884 закрыты многія народныя вучылішчы, а на іх базе ўтвораны царкоўнапрыходскія школы і школы граматы, падпарадкаваныя правасл. духавенству. У 2-й пал. 19 ст. адкрыты настаўніцкія семінарыі (Маладзечна, Полацк, Нясвіж, Свіслач), жаночыя епархіяльныя вучылішчы і царкоўна-настаўніцкія школы. Аднак узровень нар. асветы і колькасць пісьменнага насельніцтва заставаліся нізкія. У 1897 на Беларусі пісьменных налічвалася 25,7% (дзеці да 10 гадоў у разлік не браліся). На пач. 20 ст. пад націскам рэв. руху і патрэб сац.-эканам. развіцця царскія ўлады пайшлі на пашырэнне нар. адукацыі. На працягу 1900—14 колькасць пач. і сярэдніх школ павялічылася, адкрыты земскія школы, 5 настаўніцкіх семінарый і 3 ін-ты: Віцебскі, Магілёўскі, Мінскі. Пачаўся грамадска-пед. рух за рэформу нар. адукацыі, адкрываліся нелегальныя бел. школы, стваралася дзіцячая навуч. л-ра на бел. мове (кніжкі В.​Іваноўскага, К.​Каганца, Цёткі, Я.​Коласа, В.​Ластоўскага), ствараліся пед. т-вы, развівалася пед. думка (працы Ф.​А.​Кудрынскага, Дз.​А.​Сцяпуры, Е.​Р.​Раманава, К.​І.​Ціхамірава і інш.).

Пасля Лютаўскай і Кастр. рэвалюцый, абвяшчэння БНР і стварэння БССР пачалася карэнная перабудова сістэмы асветы. Ліквідаваны саслоўныя, рэліг., нац. і інш. прывілеі. У студз. 1919 створаны Народны камісарыят асветы БССР, у крас. 1919 адноўлены Горы-Горацкі земляробчы ін-т, у 1921 адкрыты Беларускі дзяржаўны універсітэт. У 1920-я г. дасягнуты значны прагрэс у ліквідацыі непісьменнасці і малапісьменнасці. У рамках палітыкі беларусізацыі большасць школ, частка тэхнікумаў і ВНУ перайшлі на бел. мову навучання. У 1930-я г. БССР адна з першых у СССР перайшла да ўсеагульнага абавязковага пач. навучання і да ўсеагульнай абавязковай 7-гадовай адукацыі ў гарадах. Але ў сярэдзіне 1930-х г. беларусізацыя нар. асветы ў БССР была згорнута. У Зах. Беларусі барацьбу за бел. школы і дэмакратызацыю нар. адукацыі ўзначальвала Таварыства Беларускай школы (ТБШ). За пасляваеннае дзесяцігоддзе на Беларусі ажыццёўлена абавязковае пач. навучанне і пераход да ўсеагульнай 7-гадовай адукацыі, умацавана матэр. база школ. Уведзеная на Беларусі ў 1950-я г. практыка выбару бацькамі мовы навучання дзяцей вяла да паступовага звужэння бел. мовы ў агульнаадук. школах. У канцы 1980-х г. у школах з рус. мовай навучання займалася ў 4 разы больш вучняў, чым у школах з бел. мовай. Да канца 1970-х г. завершаны пераход да ўсеагульнай сярэдняй адукацыі. У адпаведнасці са школьнай рэформай 1984 уводзілася 11-гадовая (4 + 5 + 2) усеагульная сярэдняя адукацыя, аднак на практыцы праблема поўнага ўсенавуча вырашалася з вялікімі цяжкасцямі.

Паводле закону «Аб адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь» (1991) адзінства і бесперапыннасць сістэмы адукацыі забяспечваюцца ўзгодненасцю навуч. планаў і праграм, пераемнасцю ступеняў і формаў навучання, стварэннем навуч. устаноў, якія аб’ядноўваюць розныя віды асветы. Закон устанавіў абавязковае базавае 9-гадовае навучанне. Гл. таксама Адукацыя, Адукацыя агульная, Базавая адукацыя, Педагогіка, а таксама раздзелы «асвета» ў арт. пра дзяржавы.

Літ.:

Нарысы гісторыі народнай асветы і педагагічнай думкі ў Беларусі. Мн., 1968;

Народное образование в Белорусской ССР. 2 изд. Мн., 1961;

О реформе общеобразовательной профессиональной школы: Сб. документов и материалов. М., 1984;

Асвета і педагагічная думка ў Беларусі: Са старажыт. часоў да 1917 г. Мн., 1985;

Ліквідацыя непісьменнасці і малапісьменнасці ў Беларускай ССР (20—30-я гады). Мн., 1990;

Народная адукацыя і педагагічная навука ў Беларусі (1917—1945). Мн., 1993.

С.​В.​Снапкоўская.

т. 2, с. 24

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЯ ХРЫСЦІЯ́НСКАЯ ДЭМАКРА́ТЫЯ (БХД),

Беларускае нацыянальнае аб’яднанне (БНА), клерыкальная дэмакратычная бел. нац. партыя. Засн. ў маі 1917 у Петраградзе, дзейнічала на тэр. Зах. Беларусі да 1940. Да сярэдзіны 1920-х г. наз. Хрысціянская дэмакр. злучнасць (ХДЗ). Заснавальнікі і гал. ідэолагі БХД — бел. ксяндзы Ф.​Абрантовіч, Л.​Хвецка, А.​Станкевіч, В.​Гадлеўскі, Ф.​Будзька, А.​Зязюля (А.​С.​Астрамовіч), К.​Сваяк (К.​Стаповіч) і інш. Друкаваны орган — газ. «Беларуская крыніца». Заснаванне ХДЗ садзейнічала актывізацыі грамадска-паліт. дзейнасці каталіцкага духавенства непасрэдна на Беларусі. Як актыўны ўдзельнік Беларускага нацыянальнага камітэта, а потым і Вялікай беларускай рады ХДЗ-БХД падтрымлівала Часовы ўрад А.​Ф.​Керанскага, паступова заняла адмоўныя пазіцыі ў адносінах да сав. улады. На думку Станкевіча, «палітычны незалежны ідэал БХД лагічна выцякае з акта 25 сакавіка 1918 года, які абвясціў Беларусь незалежнай суверэннай дзяржавай». У аснову практычнай дзейнасці БХД была пакладзена тэорыя самабытнасці развіцця бел. нацыі, адмаўленне класавай барацьбы. Усе 5 праграм партыі, пачынаючы з 1920, адстойвалі асновы дэмакр. ладу, у т. л. прыватную ўласнасць. З 2-й пал. 1920-х г. БХД узяла курс на пераўтварэнне партыі ў грамадска-паліт. арг-цыю на грунце агульнахрысц. ідэалогіі, што знайшло адлюстраванне ў 5-й праграме (1936) і змене назвы на БНА. Аднак змена назвы партыі не мяняла яе сутнасці, а павінна была падкрэсліць незалежнасць ад кліру і прэтэнзію на аднаасобнае паліт. прадстаўніцтва бел. народа. Гал. паліт. мэту бачыла ў тым, «каб у незалежнай Беларусі быў створаны такі грамадскі лад, які, абапіраючыся на працу, грамадскую роўнасць і справядлівасць, не дапускаючы эксплуатацыі адных другімі, забяспечваў бы палітычна-грамадскія, культурныя і эканамічныя патрэбы грамадзян». Выступала за самастойнасць бел. народа на ўсіх яго землях, перадачу зямлі ва ўласнасць і без выкупу беззямельным і малазямельным сялянам, абавязковасць вывучэння рэлігіі ў школах, супраць аддзялення царквы ад дзяржавы, «дыктатуры капіталізму, фашызму і камунізму» і інш. З мэтай пашырэння сац. базы партыі ў чэрв. 1926 у Вільні быў адкрыты Беларускі інстытут гаспадаркі і культуры як філіял БХД. Кіраўнікі БХД-БНА адмоўна сустрэлі прапанову ЦК КПЗБ пра стварэнне адзінага фронту барацьбы супраць польскіх улад, аднак удзельнічалі ў сумесных акцыях барацьбы за школу на роднай мове. Пасля далучэння Зах. Беларусі да БССР многія члены партыі былі рэпрэсіраваны.

У.​Ф.​Ладысеў.

Да арт. Беларуская хрысціянская дэмакратыя. Сядзяць (злева направа): А.​Станкевіч, Я.​Германовіч, В.​Гадлеўскі; стаяць: П.​Татарыновіч, С.​Глякоўскі.

т. 2, с. 431

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫСОКАМАЛЕКУЛЯ́РНЫЯ ЗЛУЧЭ́ННІ, палімеры,

хімічныя злучэнні з малекулярнай масай ад некалькіх тысяч да дзесяткаў мільёнаў. Малекулы высокамалекулярных злучэнняў (макрамалекулы) складаюцца з тысяч атамаў, звязаных хім. сувязямі. Паводле паходжання падзяляюць на прыродныя, ці біяпалімеры (напр., бялкі, нуклеінавыя кіслоты, поліцукрыды), і сінтэтычныя (напр., поліэтылен, поліаміды), паводле саставу — на неарганічныя палімеры, арганічныя і элементаарганічныя палімеры.

У залежнасці ад размяшчэння ў макрамалекуле атамаў і груп атамаў (манамерных звёнаў) адрозніваюць высокамалекулярныя злучэнні: лінейныя, макрамалекулы якіх утвараюць адкрыты лінейны ланцуг (напр., каўчук натуральны) ці выцягнутую ў ланцуг паслядоўнасць цыклаў (напр., цэлюлоза); разгалінаваныя, макрамалекулы якіх — лінейны ланцуг з адгалінаваннямі (напр., крухмал); сеткавыя — трохвымерная сетка з адрэзкаў высокамалекулярных злучэнняў ланцуговай будовы (напр., ацверджаныя фенола-альдэгідныя смолы). Макрамалекулы аднолькавага хім. саставу могуць быць пабудаваны з манамерных звёнаў рознай прасторавай канфігурацыі (гл. Прасторавая ізамерыя). Палімеры з адвольным чаргаваннем стэрэаізамерных звёнаў наз. атактычнымі. Стэрэарэгулярныя палімеры складаюцца з аднолькавых ці розных, але размешчаных у ланцугу ў пэўнай паслядоўнасці стэрэаізамераў. Паводле тыпу манамерных звёнаў палімеры падзяляюць на гомапалімеры (палімер утвораны адным манамерам, напр. поліэтылен) і супалімеры (палімер утвораны з розных манамерных звёнаў, напр. бутадыен-стырольныя каўчукі). Асн. фіз.-хім. і мех. ўласцівасці высокамалекулярных злучэнняў: здольнасць утвараць высокатрывалыя валокны і плёнкі палімерныя, набракаць перад растварэннем і ўтвараць высокавязкія растворы, здольнасць да вял. абарачальных дэфармацый (высокаэластычнасць). Гэтыя ўласцівасці абумоўлены высокай малекулярнай масай, ланцуговай будовай і гнуткасцю макрамалекул. У лінейных высокамалекулярных злучэннях яны выяўлены найб. поўна. Трохвымерныя высокамалекулярныя злучэнні з вял. частатой сеткі нерастваральныя, няплаўкія і не здольныя да высокаэластычных дэфармацый. Высокамалекулярныя злучэнні могуць існаваць у крышт. і аморфным фазавым стане. Аморфныя высокамалекулярныя злучэнні акрамя высокаэластычнага могуць знаходзіцца ў шклопадобным і вязкацякучым станах. Высокамалекулярныя злучэнні з нізкай (ніжэй за пакаёвую) т-рай пераходу з шклопадобнага ў высокаэластычны стан наз. эластамерамі, з высокай — пластыкамі (гл. Пластычныя масы).

Палімеры маюць малую шчыльнасць (900—2200 кг/м³), нізкі каэф. трэння і малы знос, выдатныя дыэл. і аптычныя ўласцівасці, высокую хім. ўстойлівасць да к-т, шчолачаў і інш. агрэсіўных рэчываў. Прыродныя высокамалекулярныя злучэнні, якія ўтвараюцца ў клетках жывых арганізмаў у выніку біясінтэзу, вылучаюць з расліннай і жывёльнай сыравіны. Сінт. высокамалекулярныя злучэнні атрымліваюць полімерызацыяй і полікандэнсацыяй. Асн. тыпы палімерных матэрыялаў — пластычныя масы, гума, валокны хімічныя, лакі, фарбы, эмалі, клеі, герметыкі, іонаабменныя смолы выкарыстоўваюць у розных галінах нар. гаспадаркі і побыце. Біяпалімеры складаюць аснову жывых арганізмаў і ўдзельнічаюць ва ўсіх працэсах іх жыццядзейнасці.

М.​Р.​Пракапчук.

т. 4, с. 322

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІМНА́ЗІЯ,

сярэдняя агульнаадукацыйная навуч. ўстанова (звычайна гуманітарна-філал. кірунку). Тэрмін запазычаны са Стараж. Грэцыі (гл. Гімнасій). Упершыню гімназіяй была названа сярэдняя школа, адчыненая ў 1538 у Страсбуры (Францыя). У 16—18 ст. гімназіі ўзніклі ў многіх гарадах Германіі. У 19 ст. гімназіямі звычайна называлі сярэднія школы з адносна трывалым курсам навучання, дзе гал. ўвага аддавалася вывучэнню помнікаў класічнай л-ры. Назву гімназіі мелі адпаведныя навуч. ўстановы большасці краін Еўропы, у т. л. Расіі. Яны былі найб. пашыраным тыпам сярэдняй школы, арыентаванай гал. чынам на шырокую інтэлектуальную адукацыю. У 2-й пал. 19 — 1-й пал. 20 ст. ўзніклі разнавіднасці гімназіі: рэальныя, новых моў, прыродазнаўча-матэматычныя і інш. У многіх краінах гімназіі захоўваюць значэнне адзінай сярэдняй навуч. ўстановы, якая дае права паступлення ва ун-т.

На Беларусі гімназіі дзейнічаюць з пач. 19 ст. У 1804 у гімназіі пераўтвораны гал. нар. вучылішчы. Паводле «Статута навучальных устаноў Віленскай навучальнай акругі» (1803) гімназіі адкрыты ў Мінску (1803), Свіслачы (1807), Віцебску (1808), Магілёве (1809), Слуцку (1827), Гродне (1834), Жыровічах. Статут 1864 прадугледжваў 3 тыпы гімназій з 8-гадовым курсам навучання: класічныя з грэч. і лац. мовамі, класічныя з лац. мовай (давалі права паступлення ва ун-ты і інш. ВНУ), рэальныя, без стараж. моў (у большым аб’ёме выкладалася прыродазнаўства, што давала права паступлення ў вышэйшыя тэхн. навуч. ўстановы). У 1870 у гімназіі перайменаваны жаночыя вучылішчы Мін-ва нар. асветы з 6-гадовым курсам навучання. З 1872 рэальныя гімназіі пераўтвораны ў рэальныя вучылішчы. На Беларусі да 1913 дзейнічалі жаночыя дзярж. гімназіі ў Гомелі, Мінску, Бабруйску, Брэсце, Віцебску, Ваўкавыску, Пінску, Клімавічах, Мазыры, Полацку, Слуцку і інш. На 1.1.1915 было 14 дзярж. і 5 прыватных мужчынскіх, 17 дзярж. і 23 прыватныя жаночыя гімназіі. У 1918 на сав. тэр. Беларусі гімназіі скасаваны. У Зах. Беларусі ў 1917 — пач. 1920-х г. Адкрыта 6 прыватных бел. гімназій: Будслаўская беларуская гімназія, Віленская беларуская гімназія, Клецкая, Навагрудская, Нясвіжская, Радашковіцкая. У канцы 1920 — пач. 1930-х г. бел. гімназіі ў Зах. Беларусі закрыты польск. ўладамі. У Гродне, Навагрудку, Брэсце, Баранавічах, Пінску, Ваўкавыску, Пружанах, Маладзечне, Стоўбцах і інш. гарадах Зах. Беларусі дзейнічалі польскія гімназіі. Пасля ўз’яднання Зах. Беларусі з БССР (1939) гімназіі як тып навуч. ўстановы былі скасаваны. У 1920—30-я г. ў Латвіі дзейнічалі Дзвінская і Люцынская дзярж. бел. гімназіі. У канцы 1980 — пач. 1990-х г. на Беларусі зноў пачалі стварацца гімназіі. У 1996/97 навуч. г. ў Рэспубліцы Беларусь працавала 68 гімназій (63,5 тыс. вучняў). Сучасныя гімназіі — сярэднія агульнаадук. ўстановы з павышаным узроўнем навучання.

т. 5, с. 248

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́РАН,

1) адкрытая печ для плаўкі, пераплаўкі і награвання металаў. Адрозніваюць горны сырадутныя, тыгельныя, крычныя, кавальскія, а таксама для выплаўкі свінцу з рудных канцэнтратаў.

Сырадутныя горны вядомы з 2-га тыс. да н.э. (Сірыя), на тэр. Беларусі — з 1-га тыс. да н.э. Ужываліся для вырабу жалеза з балотнай руды. Гэта былі глінабітныя збудаванні шахтавага тыпу (домніцы) або каменныя печы, у якіх скуранымі мяхамі напампоўвалася непадагрэтае («сырое») паветра (адсюль назва). Палівам служыў драўняны вугаль, флюсам — вапна. Награваннем руда даводзілася да цестападобнага стану, утваралася запечаная порыстая маса з шлакавымі і інш. ўключэннямі (крыца), з якой кавалі (а не адлівалі) прылады працы, прадметы ўжытку, зброю і г.д. Тыгельныя горны — печы для плаўкі, варкі або награвання металаў, шкла і інш. у пасудзінах з тугаплаўкіх або вогнетрывалых матэрыялаў (тыглях). Вядомы з часоў бронзавага веку (у краінах Стараж. Усходу), пашырыліся ў Еўропе ў 18 ст. (у пач. 20 ст. заменены электраплавільнымі печамі). На тэр. Беларусі выкарыстоўваліся з 7—6 ст. да н.э. для выплаўкі бронзы, волава і інш. Уяўлялі сабой гліняныя пасудзіны, звужаныя ў бок донца і расшыраныя ў верхняй частцы. Крычныя горны прызначаліся для перапрацоўкі чыгуну ў крыцу. З’явіліся ў 14 ст. адначасова з развіццём вытв-сці чыгуну, існавалі да пач. 19 ст. Кавальскія горны служылі для нагрэву металаў перад каваннем, загартоўкай, кавальскай зваркай (гл. Кавальства). Прамавугольны ў плане апечак рабілі з дрэва, муравалі з камянёў ці цэглы і запаўнялі глінай. Часам над ім мацавалі бляшаны або драўляны каптур для выхаду дыму. Інтэнсіўнасць гарэння (драўнянага вугалю, коксу) забяспечвалася прадзіманнем паветра мяхамі з нажным, ручным, пазней механічным (вадзяным і інш.) прыводам. Партатыўны кавальскі горан — метал. столік з агнішчам і вентылятарам. Горан у сучасным значэнні — прамысл. печ са сталі, выкладзеная знутры цэглай, з адтулінамі (фурмамі) у бакавых сценках для падачы паветра. Прадукты згарання выдаляюцца праз адкрыты верх або выцяжную трубу. Паліва — драўняны вугаль, кокс, нафта, газ. 2) Ніжняя частка шахтавых печаў (ватэржакетнай печы, вагранкі, доменнай печы), дзе адбываецца гарэнне паліва, плавіцца і назапашваецца перад выпускам метал. 3) Печ для абпальвання ганчарных вырабаў (гл. Ганчарны горан).

4) Вогнішча на плыце для прыгатавання ежы. Насціл на бярвёнах або скрынку (клетку) рабілі з дошак і засыпалі пяском, на якім распальвалі вогнішча. Часам пясок насыпалі на дзёран, укладзены травой уніз.

У.​М.​Сацута.

Старадаўні кавальскі горан.
Схема прамысловага кавальскага горна: 1 — трубаправод ад вентылятара; 2 — фурма; 3 — выцяжная труба з каўпаком; 4 — каробка горна.

т. 5, с. 356

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІТАРА́ЛЬНЫЯ АДКЛА́ДЫ,

адклады прыліўна-адліўнай зоны мора або акіяна (літаралі). Прадстаўлены сучаснымі асадкамі і асадкавымі горнымі пародамі, якія складзены з абломкавых (валуны, галька, друз, жвір, жарства, кангламераты, галечнікі, пяскі, пясчанікі), карбанатных (біягенныя, пелетавыя, аалітавыя, страматалітавыя, мікразярністыя вапнякі) і карбанатна-абломкавых намнажэнняў, а таксама з арган. рэшткаў. Для ўчасткаў літаралі, якія адкрыты акіянскім хвалям, характэрны буйна- і сярэднеабломкавыя асадкі (вял. колькасць валуноў, галечнікі, пяскі); дзе бераг абрывісты і размываецца, з прадуктаў яго разбурэння на дне фарміруюцца брэкчыі і абвальныя намнажэнні; дзе адсутнічае моцнае хваляванне, адкладваюцца пераважна тонказярністыя асадкі алеўрытавыя і гліністыя (напр., у бухтах і залівах далёкаўсходніх і паўн. мораў).

На ўчастках літаралі — ватах адклады прадстаўлены дробназярністымі пяскамі, алеўрытамі і глінамі, якія пераслойваюцца (слаістасць няправільная, лінзападобная). На найб. аддаленай ад мора ч. літаралі фарміруецца паласа салёных азёр (маршаў), у якіх тонкія глеістыя асадкі чаргуюцца з праслоямі торфу і глебамі. У межах трапічных і субтрапічных гумідных зон Л.а. прадстаўлены карбанатнымі асадкамі (пародамі); тут трапляюцца карбанатныя камячкі (пелеты), ааліты, абломкі ракавінак, карбанатныя брэкчыі і кангламераты, абломкі кальцыту пясчанай размернасці і мікразярністыя асадкі (мікрыты). У Л.а. часта трапляюцца водарасцевыя страматаліты (напр., хвалістыя шкарлупіны, калоніі) і водарасцевыя лямцы з тонкай слаістасцю (пераважна сіне-зялёныя водарасці). Найб. характэрныя прыкметы карбанатных адкладаў літаральнай зоны — наяўнасць трэшчын усыхання і порыстых сістэм няправільнай формы, паралельных напластаванню; тэкстуры «птушынага вока», калі ў аднароднай мікразярністай масе вылучаюцца асобныя буйныя крышталі кальцыту. Стараж. Л.а. фарміраваліся пры перамяшчэнні берагавых ліній. У час марскіх трансгрэсій Л.а. захоўваліся пад інш. тыпамі марскіх і акіянічных адкладаў. Добра захоўваюцца ў разрэзах і залягаюць на рэзка размытай паверхні больш стараж. парод рознага паходжання. Л.а. багатыя карыснымі выкапнямі. Для зон асабліва актыўнага хвалявання характэрны россыпы цяжкіх мінералаў (рутыл, гранат, ільменіт, касітэрыт і інш.). У адкладах адносна спакойных участкаў трапляюцца рудныя радовішчы алюмінію і жалеза. Кангламератавыя і некаторыя з аалітавых жалезных руд мелавога ўзросту (напр., у гарах Гарц) і неагенавыя жалезныя руды (напр., на п-ве Керч) з’яўляюцца асадкамі літаральнай зоны. Літаральныя галечнікі і кангламераты, пяскі і пясчанікі, біягенныя вапнякі выкарыстоўваюцца як буд. матэрыял і часта змяшчаюць радовішчы нафты (напр., у Паўночным м., на Аравійскім п-ве).

На Беларусі Л.а. (страматалітавыя, пелетавыя, біягенныя вапнякі, карбанатныя брэкчыі і кангламераты) з трэшчынамі ўсыхання і інш. прыкметамі сустракаюцца ў палеазойскіх адкладах Прыпяцкага прагіну.

Літ.:

Селли Р.Ч. Древние обстановки осадконакопления: Пер. с англ. М., 1989;

Фролов В.Т. Литология. Кн. 3. М., 1995.

С.​М.​Абравец.

т. 9, с. 293

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЮТЭРА́НСТВА,

адзін з кірункаў пратэстантызму. Узнікла ў пач. 16 ст. ў Германіі ў перыяд Рэфармацыі. Назва ад імя заснавальніка М.Лютэра. Канчаткова веравучэнне выкладзена ў 1530 у «Аўгсбургскім спавяданні». Гал. пастулат тэалогіі Л. — выратаванне асабістай верай, якое даруецца Богам, без дапамогі царквы. Сувязь Бога і чалавека набывае ўнутраны, асабісты характар, царква перастае быць пасрэднікам паміж Богам і індывідам. Усе вернікі прызнаюцца роўнымі перад Хрыстом, святары страчваюць становішча асобага саслоўя, адмаўляюцца каталіцкая іерархія, манаства, бясшлюбнасць святароў. Рэліг. суполкі самі запрашаюць пастараў і выбіраюць кіруючыя органы — кансісторыі. Крыніцай веравучэння з’яўляецца Біблія, якую вернік мае права самастойна тлумачыць. У кірхах (храмах) няма абразоў. З 7 таінстваў каталіцкай царквы засталіся хрышчэнне і прычасце. Набажэнства вядзецца на роднай мове. У кульце Л. ўвасабляецца прынцып таннай царквы.

У Беларусь Л. пачало пранікаць у 1520-я г. з Лівоніі і Усх. Прусіі; трапляла і непасрэдна з Германіі праз студэнтаў з ВКЛ, якія навучаліся ў ням. ун-тах, асабліва ў Лейпцыгскім. Першым значным прапаведнікам Л. ў ВКЛ быў А.​Кульва, які выкладаў вучэнне Лютэра ў сваёй школе ў Вільні. У 1544 ва Усх. Прусіі быў адкрыты пратэстанцкі Кёнігсбергскі ун-т, які значна паспрыяў распаўсюджванню Л. ў ВКЛ і Польшчы. Тут было некалькі кафедраў з навучаннем на польскай, літ. і бел. мовах, устаноўлена некалькі стыпендый для выхадцаў з Беларусі, Літвы і Польшчы, друкавалася пратэстанцкая л-ра. 3 сярэдзіны 1550-х г. лютэранскія суполкі з’явіліся ў Вільні, Мінску, Слуцку і інш. У канцы 16 ст. на тэр. ВКЛ было ад 5 да 8 суполак. Л. было пашырана сярод гараджан, у меншай ступені сярод шляхты. Гал. кіруючым органам лютэранскай царквы ў ВКЛ была выбраная на сінодзе Літоўская кансісторыя на чале з прэзідэнтам (пазней суперінтэндантам). У час рэліг. ганенняў у 17—18 ст. лютэране супрацоўнічалі з кальвіністамі і праваслаўнымі, карысталіся падтрымкай Прусіі і Расіі; колькасць вернікаў у гэтыя часы значна скарацілася. У пач. 20 ст. ў Беларусі заставаліся адзінкавыя лютэранскія суполкі, частка іх існавала ў Зах. Беларусі да 1940-х г.; вернікі былі пераважна ням. нацыянальнасці. У 1990-я г. Л. стала адраджацца. На 1.1.1997 у Рэспубліцы Беларусь зарэгістраваны 3 лютэранскія суполкі: у Віцебску, Гродне, Мінску.

Літ.:

Чанышев А.Н. Протестантизм. М., 1969;

Подокшин С.А. Реформация и общественная мысль Белоруссии и Литвы (Вторая половина XVI — начало XVII в.). Мн., 1970;

Kosman M. Reformacja i kontrreformacja w Wielkim Księstwie Litewskim. Wrocław etc., 1973.

С.​В.​Казуля, В.​Ф.​Шалькевіч.

т. 9, с. 412

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭ́ПІН (Ілья Яфімавіч) (5.8.1844, г. Чугуеў Харкаўскай вобл., Украіна — 29.9.1930),

расійскі жывапісец і графік, педагог. Вучыўся ў Рысавальнай школе Т-ва заахвочвання мастакоў у І.​Крамскога (1863), Пецярбургскай АМ (1864—71); у 1873—76 стыпендыят у Італіі і Францыі. У 1894—1907 выкладаў у Пецярбургскай АМ (у 1898—99 рэктар). Чл. т-ва перасоўных маст. выставак (з 1878; гл. Перасоўнікі). У творчасці Р. ўвасобіліся лепшыя дасягненні дэмакр. мастацтва яго часу. У шматлікіх палотнах адлюстраваў супярэчнасці грамадскага жыцця паслярэформеннай Расіі, выкрываў эксплуатацыю народа, сцвярджаў скрытую ў ім сілу і наспяванне пратэсту («Бурлакі на Волзе», 1870—73; «Хрэсны ход у Курскай губерні», 1880—83), стварыў шэраг станоўчых вобразаў, ярка і праўдзіва адлюстраваў сілу і слабасць разначынскага рэв.-дэмакр. руху («Адмова ад споведзі», 1879—85; «Не чакалі», 1884; «Арышт прапагандыста», 1880—92). У гіст. карцінах імкнуўся паказаць трагічныя перапляценні чалавечых пачуццяў, моцныя драм. характары («Царэўна Соф’я», 1879; «Іван Грозны і сын яго Іван», 1885), раскрыць вальналюбны дух народа («Запарожцы пішуць пісьмо турэцкаму султану», 1878—91). Стварыў шматгранныя вобразы прадстаўнікоў розных слаёў рас. грамадства («Мужык з ліхім вокам», «Протадыякан*. абедзве 1877), партрэты У.​Стасава (1873), М.​Мусаргскага (1881), П.​Стрэпетавай (1882), Л.​Талстога (1887), Э.​Дузе (1891), В.​А.​Сярова (1901), І.​Паўлава (1924), групавы партрэт «Урачыстае пасяджэнне Дзяржаўнага савета» (1901—03; з Б.​Кустодзіевым і І.​Куліковым), малюнкі «Неўскі праспект» (1887) і інш. У 1892—1904 перыядычна працаваў ва ўласным маёнтку Здраўнёва (Віцебская вобл). Тут створаны карціны «Беларус», «Асенні букет», «Паляўнічы з ружжом» (усе 1892), «Касец-літвін» (1894), «Дуэль», «Месячная ноч. Здраўнёва», «Партрэт сына Юрыя на тэрасе здраўнёўскага дома» (усе 1896) і інш., шэраг эцюдаў, эскізаў («На Заходняй Дзвіне. Усход сонца», 1892; «Казанне Язафата Кунцэвіча», 1893, і інш.). Творам уласціва гарманічнае спалучэнне каларыту і святло-паветранага асяроддзя, строга прадуманая кампазіцыя, арганічная цэласнасць пластычнай формы і колеру, малюнка і жывапісу. Р. карыстаўся чыстымі светлымі фарбамі, якія ў яго палотнах аб’ядноўваліся ў адзіную колеравую гаму. У б. маёнтку Здраўнёва адкрыты Рэпіна Ільі музей-сядзіба «Здраўнёва». З 1993 праводзіцца Міжнар. дзіцячы пленэр імя Р. Іл. гл. таксама да арт. Рэалізм, Расія.

Тв.:

Далекое близкое. 7 им. М., 1964.

Літ.:

Грабарь И. Репин. Т. 1—2. М., 1963—64;

Новое о Репине. Л., 1969;

Лясковская О.А. И.​Е.​Репин. [3 изд.]. М., 1982;

Чуковский К.И. И.​Репин. 2 изд. М., 1983;

И.​Репин: Живопись, графика: Альбом. Л., 1985;

гл. таксама да арт. Рэпіна Ільі музей-сядзіба «Здраўнёва».

І.Я.Рэпін.
І.Рэпін Бурлакі на Волзе. 1870—73.

т. 14, с. 18

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВЯТО́Й АЛЕ́НЫ ВО́СТРАЎ (Saint Helena Island),

уладанне Вялікабрытаніі ў паўд. ч. Атлантычнага ак. Уключае аднайм. востраў (пл. 122 км², нас. 7,2 тыс. чал., 1999), в-аў Узнясення (пл. 88 км², нас. 1,1 тыс. чал., 1993) а-вы Трыстан-да-Кунья (пл. 201 км², нас. 0,3 тыс. чал., 1993). Агульная пл. 411 км². Нас. каля 9 тыс. чал. (2000). Адм. ц. і порт — г. Джэймстаўн на в-ве Св. Алены. Афіц. мова англійская. Астравы вулканічныя, складзеныя з базальтаў, трахітаў, рыялітаў. Найвыш. пік Мэры на в-ве Трыстан з групы а-воў Трыстан-да-Кунья (2060 м). Клімат трапічны, пасатны, гарачы на в-ве Узнясення, цёплы на в-ве Св. Алены, марскі ўмераны на а-вах Трыстан-да-Кунья. На в-ве Св. Алены т-ра студз. каля 23 °C, ліп. каля 20 °C, выпадае за год каля 1000 мм ападкаў. У расл. покрыве ўсіх астравоў пераважаюць травы і хмызнякі. Пад лесам каля 2 тыс. га (толькі на в-ве Св. Алены). Насельніцтва — нашчадкі англічан, афрыканцаў, выхадцаў з краін Азіі. Большасць вернікаў англікане і баптысты. Аснова эканомікі — рыбалоўства, промысел крэветак і лангустаў, сельская гаспадарка, выраб сувеніраў. Валавы ўнутр. прадукт на 1 чал. — 2000 дол. У сельскай гаспадарцы выкарыстоўваецца каля 2,5 тыс. га зямлі пераважна на в-ве Св. Алены. Гал. экспартная культура — новазеландскі лён (ідзе на выраб высакаякасных канатаў, шпагату), займае каля 1,5 тыс. га. Вырошчваюць таксама бульбу, кукурузу, агародніну. Садоўніцтва. Жывёлагадоўля і птушкагадоўля. Ёсць прамысл. прадпрыемствы па апрацоўцы лёну, вытв-сці канатаў, вырабу мэблі, вышывак і карункаў, харчовыя (у т. л. рыбаперапрацоўчыя), невял. электрастанцыі (6 млн. кВт∙гадз, 1996) і інш. Транспарт аўтамаб. і марскі. А-вы Св. Алены і Узнясення — базы бункероўкі суднаў, прамежкавыя пункты міжкантынент. кабеляў. Турызм (в-аў Св. Алены). Астравы экспартуюць рыбу і рыбапрадукты, канаты, рамесніцкія вырабы, імпартуюць прамысл. тавары і харч. прадукты. Атрымліваюць эканам. дапамогу ад Вялікабрытаніі. Грашовая адзінка — фунт в-ва Св. Алены.

Адкрыты партугальцамі ў 1502. У 1653 захоплены галандцамі. З 1673 пад уладай брыт. Ост-Індскай кампаніі. У 1815—21 месца ссылкі і смерці Напалеона I. З 1834 калонія Вялікабрытаніі. Пасля адкрыцця Суэцкага канала (1869) заняпаў. У 1-ю і 2-ю сусв. войны брыт. марская база. У 1967 на в-ве створаны заканад. і выканаўчы саветы, якія выбіраюцца мясц. жыхарамі. У 1988 прынята канстытуцыя.

І.​Я.​Афнагель (прырода, гаспадарка).

т. 14, с. 279

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)