МА́ГНІЙ

(лац. Magnesium),

Mg, хімічны элемент II групы перыяд. сістэмы, ат. н. 12, ат. м. 24,305, адносіцца да шчолачназямельных металаў. Прыродны складаецца з 3 стабільных ізатопаў ​24Mg (78,6%), ​25Mg (10,11%), ​26Mg (11,29%). У зямной кары 2,35% па масе. Трапляецца толькі ў выглядзе злучэнняў (гл. Магніевыя руды). Многа солей М. ў вадзе мораў і акіянаў, у прыродных расолах. Уваходзіць у састаў хларафілу. Адкрыты ў 1808 англ. хімікам Г.Дэві. Серабрыста-белы лёгкі метал, tпл 650 °C, шчыльн. 1740 кг/м​3. Хімічна вельмі актыўны, моцны аднаўляльнік. На паветры пакрываецца ахоўнай плёнкай магнію аксіду MgO, якая разбураецца пры награванні, пры т-ры ~600 °C згарае асляпляльна белым полымем з утварэннем MgO і нітрыду Mg3N2. Узаемадзейнічае з вылучэннем вадароду з кіпячай вадой і разбаўленымі к-тамі (пасівіруецца ў канцэнтраванай сернай і растворах плавікавай к-ты); пры награванні — з вадародам, галагенамі, борам, азотам, вугляродам, халькагенамі, крэмніем. Утварае шэраг магній-арганічных злучэнняў. У прам-сці атрымліваюць электролізам расплаву сумесі хларыду MgCl2 з хларыдам калію і натрыю. Выкарыстоўваюць у вытв-сці магніевых сплаваў, для легіравання алюмініевых сплаваў і металатэрмічнага атрымання металаў (тытану, урану, цырконію, ванадыю і інш.), у сінтэзе магнійарган. злучэнняў і піратэхніцы (сумесі парашку М. з акісляльнікамі). Гл. таксама Магнію злучэнні.

І.В.Боднар.

т. 9, с. 477

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)