УРАЛО́ГІЯ (ад грэч. uron мача + ...логія),
навука аб этыялогіі, клініцы, дыягностыцы, лячэнні і прафілактыцы захворванняў органаў мочапалавой сістэмы, нырак і мочавывадных шляхоў чалавека. Частка клінічнай медыцыны, якая вылучылася з хірургіі. Уключае анкауралогію, фтызіяуралогію, дзіцячую У., андралогію, урагінекалогію.
Анкауралогія — навука аб узнікненні, развіцці, клінічных праявах, лячэнні пухлін нырак і мочавывадных шляхоў у чалавека, таксама новаўтварэнняў у палавых органах мужчын. Фтызіяуралогія вывучае праблемы туберкулёзу мочапалавой сістэмы, дзіцячая У. — асаблівасці уралагічных захворванняў у дзяцей, прыроджаныя хваробы органаў мочапалавой сістэмы, андралогія — праблемы хвароб органаў палавой сістэмы ў мужчын. Урагінекалогія даследуе пытанні спалучаных захворванняў органаў мочапалавой сістэмы.
На Беларусі як самаст. спецыяльнасць вылучылася ў 1953 (кафедра У. Бел. мед. акадэміі паслядыпломнай адукацыі). У 1954 адкрыта уралагічнае аддзяленне ў Мінскай абл. клінічнай бальніцы. Праводзяцца навук. даследаванні, укараняюцца новыя метады дыягностыкі і лячэння, ажыццяўляецца падрыхтоўка і павышэнне кваліфікацыі уролагаў (курсы ў Мінску, Віцебску, Гродне, Гомелі). Уклад у развіццё У. зрабілі А.І.Міхельсон, М.Я.Саўчанка (лячэнне прыроджаных захворванняў органаў мочапалавой сістэмы), А.А.Грэсь, В.А.Мохарт (лячэнне пейрагеннага мачавога пузыра), А.С.Маўрычаў, А.У.Строцкі, М.А.Нечыпарэнка (анкауралогія), Скобеус, З.А.Трафімава (дзіцячая У.), В.С.Пілатовіч, Саўчанка, Г.Т.Казлоў (гемадыяліз і перасадка ныркі) і інш.
Літ.:
Савченко Н.Е., Мохорт В.А. Нейрогенные расстройства мочеиспускания. Мн., 1970;
Мавричев А.С. Почечно-клеточный рак. Мн., 1996;
Савченко Н.Е., Строцкий А.В. Консервативное лечение доброкачественной гиперплазии предстательной железы. Мн., 1996;
Мохорт В.А. История развития урологии в Белоруссии, 1950—1998 гг. Мн., 1999.
А.У.Строцкі.
т. 16, с. 247