частка ваен. арганізацыі дзяржавы або групы дзяржаў, прызначаная для забеспячэння бяспекі, узбр. абароны краіны або дзяржаў, што ўваходзяць у адпаведныя міжнар. суполкі. Прызначэнне У.с. вызначаецца статутам міжнар. арганізацыі (гл.Статут ААН, Узброеныя сілы ААН), канстытуцыяй і ваеннай дактрынай дзяржавы, а таксама асаблівасцямі яе ваен.-паліт. і геагр. становішча. Дзейнасць ваеннаслужачых У.с. рэгламентуюць статуты воінскія.
Да канца 19 ст. У.с. шэрагу дзяржаў складаліся з сухап. армій і ВМФ (ВМС). З 20 ст. падзяляюцца на віды У.с., роды войск, спец. войскі і інш., якія аснашчаюцца сучасным узбраеннем, у т. л.ракетна-ядзернай зброяй. Камплектаванне У.с. ажыццяўлялася з ліку наёмнікаў (гл.Наёмніцтва) добраахвотнікаў, паводле рэкруцкай павіннасці і інш., потым на аснове ўсеагульнага воінскага абавязку (паводле прызыву), паводле найму (кантракта), або змешаным спосабам. У склад У.с. некат. дзяржаў уваходзяць войскі нац. гвардыі (ЗША), ваен. жандармерыі (Францыя), нац. бяспекі (Кітай) і інш.
У.с. Рэспублікі Беларусь складаюцца з відаў У.с., родаў войск, спец. войск, ваен.навуч. устаноў і арганізацый мін-ва абароны. Выкарыстанне У.с., інш. войск (гл.Пагранічныя войскі, Унутраныя войскі) і воінскіх фарміраванняў ажыццяўляецца ў адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, ваен. дактрынай і заканадаўствам дзяржавы. Гл. таксама раздз. Узброеныя сілы ў арт. пра дзяржавы Еўропы, у т. л.Беларусь, і інш.
Літ.:
Энгельс Ф. Избр. военные произведения. М., 1958;
Вооруженные силы капиталистических государств. 2 изд М., 1979;
Советские Вооруженные Силы: История строительства. М., 1978;
Вооруженные силы зарубежных стран // Зарубеж. воен. обозрение. 2002. №1;
Гуменецкий В.В. Вооруженные силы Республики Беларусь // Служим Республике Беларусь. Мн., 1994. Вып. 2;
Белорусские Вооруженные Силы в цифрах и фактах // Армия. 1996. № 1;
85 лет Вооруженным Силам Республики Беларусь // Там жа. 2003. Спец. вып.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФАТАЛІ́ЗМ (ад лац. fatalis наканаваны лёсам),
светапогляд, заснаваны на ўпэўненасці ў няўхільнай наканаванасці ўсіх падзей у прыродзе, грамадстве, асабістым жыцці чалавека. Перабольшвае ролю неабходнасці, не пакідаючы месца выпадковасці, свабодзе выбару, творчасці (гл.Свабода). Грунтуецца на веры ў наяўнасць прыродных ці боскіх сіл, што прадвызначаюць неабходнасць. Асуджае людзей на пасіўнасць, бо адмаўляе значэнне свабоднай дзейнасці як сродку рэалізацыі аб’ектыўнай неабходнасці. Адрозніваецца ад прызнання аб’ектыўнай неабходнасці — незалежных ад волі і жаданняў людзей законаў прыроды і грамадства, пазнанне якіх дае магчымасць чалавеку ўплываць на ход падзей у сваіх інтарэсах. Вылучаюць Ф. міфалагічны, рэліг. і філас.-рацыяналістычны.
Міфалагічны Ф. грунтуецца на ўяўленнях пра няўхільную залежнасць людзей і нават багоў ад сляпога лёсу. Рэлігійны Ф. характэрны для монатэістычных рэлігій і выяўляецца ў веры ў божае наканаванне, ва ўсемагутнасць Бога, які стварыў сусвет і прадвызначыў яго лёс (гл.Правідэнцыялізм). Шэраг рэліг. кірункаў (джабратызм у ісламе, кальвінізм у хрысціянстве) прапаведуе абсалютнае прадвызначэнне Богам учынкаў людзей. У большасці ж тэалагічных канцэпцый Ф. абмежаваны, паколькі без прызнання свабоды волі немагчыма абгрунтаваць неабходнасць выбару паміж дабром і злом, маральную адказнасць чалавека перад Богам. Філасофска-рацыяналістычны Ф. найб. ярка выявіўся ў стаіцызме, згодна з якім усе падзеі ў свеце прадвызначаны законамі, іманентнымі самому свету; добраахвотнае прытрымліванне гэтых законаў дазваляе пазбягаць прымусу і таму з’яўляецца ўмовай чалавечай свабоды. У 16—18 ст. прыхільнікі механіст.дэтэрмінізму сцвярджалі, што і з’явы прыроды, і ўчынкі людзей вызначаюцца ланцугом прычынна-выніковых сувязей, якія выключаюць выпадковасці і свабоду дзеянняў (Т.Гобс, П.А.Гольбах і інш.). У 20 ст. элементы Ф. характэрны для філас.-гіст. тэорый О.Шпенглера, А.Дж.Тойнбі, П.А.Сарокіна. Гл. таксама Неабходнасць і выпадковасць, Свабода і неабходнасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФЁДАРАЎ Фёдар Іванавіч (19.6.1911, в. Турэц Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл. — 13.10.1994),
бел. фізік-тэарэтык, заснавальнік навук. школы па тэарэт. фізіцы. Акад.АН Беларусі (1966, чл.-кар. з 1956), д-рфіз.-матэм.н. (1955), праф. (1957). Герой Сац. Працы (1978). Засл. дз. нав. Беларусі (1968). Сын Я.Маўра. Скончыў БДУ (1931), дзе і працаваў з 1936 (у 1938—41 і ў 1943—62 заг. кафедры, у 1943—50 дэкан), адначасова ў 1936—38 і 1953—55 у Фіз.-тэхн. ін-це АН Беларусі. З 1955 заг. лабараторыі, з 1987 гал.навук. супрацоўнік Ін-та фізікі, з 1963 акад.-сакратар Аддз.фіз.-матэм. навук, з 1987 саветнік прэзідыума АН Беларусі. Ініцыятар стварэння і першы прэзідэнт (1990) Бел.фіз.т-ва. Навук. працы па крышталяоптыцы, тэорыі пругкіх хваль у крышталях, фізіцы элементарных часціц, квантавай тэорыі поля, тэорыі гравітацыі. Пабудаваў тэорыю аптычных уласцівасцей магн. і паглынальных крышталёў, развіў каварыянтныя метады прамога тэнзарнага злічэння ў оптыцы і акустыцы крышталёў. Распрацаваў метад праектыўных аператараў у тэорыі элементарных часціц, вектарную параметрызацыю групы Лорэнца. Прапанаваў універсальную фармулёўку нелінейных ураўненняў фундаментальных фіз. палёў, развіў тэтрадны падыход у агульнай тэорыі адноснасці. Прадказаў новую з’яву ў галіне крышталяоптыкі (гл.Фёдарава зрух), зарэгістраваную як адкрыццё (1980). Дзярж. прэмія Беларусі 1972, Дзярж. прэмія СССР 1976.
Тв.:
Оптика анизотропных сред. Мн., 1958;
Теория упругих волн в кристаллах. М., 1965;
Теория гиротропии. Мн., 1976;
Отражение и преломление света прозрачными кристаллами. Мн., 1976 (разам з В.В.Філіпавым);
Группа Лоренца. М., 1979.
Літ.:
Ф.И.Федоров: (Биобиблиогр. указ.). Мн., 1981;
Богуш А.А., Гончаренко А.М. Ф.И.Федоров: (К 90-летию со дня рождения) // Весці Нац.АН Беларусі. Сер. фіз.-мат. навук. 2001. № 3.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФРАКІ́ЙЦЫ,
агульная назва асобнай групы плямён індаеўрапейскай сям’і, якія ў 2-м тыс. да н.э. засялялі паўн.-ўсх. частку Балканскага п-ва і ПнЗ М.Азіі (бесы, геты, дакі, меды, одрысы і інш.). Займаліся земляробствам, жывёлагадоўляй (пераважна конегадоўляй), апрацоўкай металаў, вытворчасцю керамікі. У 1-й пал. 1-га тыс. да н.э. ўсталявалі сувязі з грэч. калоніямі (Абдэра, Візантый і інш.) і з Баспорам. У канцы 6 ст. да н.э. падпарадкаваны Дарыем I Вялікім. Пасля разгрому персаў сталі незалежнымі. Напярэдадні Пелапанескай вайны цар одрысаў Сіталк аб’яднаў большасць фракійскіх плямён. У 342 да н.э.паўд.-фракійскія плямёны заваяваны македонскім царом Філіпам II. З 323 да н.э. пад уладай аднаго з дыядохаў Лісімаха, пасля смерці якога (281 да н.э.) дамагліся незалежнасці. З канца 3 ст. да н.э. ўзбярэжжа Фракіі знаходзілася пад уладай Пталамеяў, потым Македоніі, з-пад уплыву якой Ф. выйшлі ў 168 да н.э. У пач. 1 ст. да н.э. ўвайшлі ў саюз з Мітрыдатам VI Еўпатарам, а пасля яго смерці трапілі пад уплыў рымлян. У 2-й пал. 1 ст. да н.э. ўзніклі буйныя аб’яднанні паўн.-фракійскіх плямён гетаў і дакаў. З 1 ст.н.э.тэр. Ф. у складзе Рым. імперыі, у часы праўлення дынастый Юліяў—Клаўдзіяў ператворана ў рым. правінцыю Фракія. У эпоху Вялікага перасялення народаў Ф. змяшаліся з інш. плямёнамі і сталі састаўной часткай пры фарміраванні сучасных народаў (балгар, румынаў і інш.) і пакінулі след у слав. і раманскіх мовах.
Літ.:
Данов Х.М. Древна Тракия. София. 1968: Древние фракийцы в Северном Причерноморье. М., 1969;
Златковская Т.Д. Возникновение государства у фракийцев VII—V вв. до н.э.М., 1971;
Никулицэ И.Т. Северные фракийцы в VI—I вв. до н.э. Кишинев, 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФРАНЦУ́ЗСКАЯ КАМПА́НІЯ,
наступальныя дзеянні германскіх войск супраць Францыі 10.5—24.6.1940 у час другой сусветнай вайны 1939—45. Мэта — разграміць англа-франка-бельг. войскі, акупіраваць Нідэрланды, Бельгію, Люксембург, прымусіць Францыю да капітуляцыі, а Вялікабрытанію — да падпісання выгаднага для Германіі міру. Германія сканцэнтравала групы армій «Б», «A» і «Ц» (усяго 136 дывізій, 2580 танкаў, 7378 гармат, 3824 самалёты). Саюзныя войскі налічвалі 147 дывізій, каля 3100 танкаў, больш за 14 500 гармат, каля 3800 самалётаў. 10 мая ням. войскі, у парушэнне нейтралітэту Нідэрландаў, Бельгіі і Люксембурга; пачалі наступленне, і, скончыўшы т.ч.«дзіўную вайну», прарвалі фронт франц. войск на паўн. флангу, дзе буд-ва«Мажыно лініі» не было завершана. 14 мая капітулявала нідэрл. армія. 21 мая ням. войскі выйшлі на ўзбярэжжа Ла-Манша і адрэзалі 50 дывізій саюзнікаў ад асн. сіл (гл.Дзюнкеркская аперацыя 1940); акружаныя войскі былі эвакуіраваны ў Англію. 28 мая капітулявала бельг. армія. Ням. войскі пайшлі ў глыб Францыі і 14 чэрв. без бою занялі Парыж. 22 чэрв. Францыя капітулявала. У выніку Германія акупіравала Нідэрланды, Бельгію, Люксембург і ч. Францыі. У абарончых баях на тэр. Францыі прымалі ўдзел грамадзяне Польшчы, у т. л. беларусы і ўраджэнцы Беларусі. Страты франц. войск склалі 84 тыс.чал. забітымі і 1,5 млн. палоннымі (у баях з ням. войскамі на «Мажыно лініі» загінула некалькі дзесяткаў беларусаў). Ням. войскі страцілі 44 тыс.чал. забітымі і прапаўшымі без вестак і 111 тыс. параненымі.
Літ.:
История второй мировой войны, 1939-1945. Т. 3. М., 1974;
Ратиани Г.М. Конец Третьей республики во Франции. М., 1964;
Грыбоўскі Ю. Беларускія салдаты на заходніх франтах Другой сусветнай вайны // Армия. 2001. №4.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФУНКЦЫЯНАЛІ́ЗМ (ад лац. functio выкананне),
кірунак у архітэктуры 20 ст., засн. на сцвярджэнні першаснасці функцыі (утылітарна-практычнага прызначэння) твора архітэктуры адносна яго формы. Асновы Ф. (прынцып мэтазгоднасці планіровачных вырашэнняў, формы і канструкцыі) закладзены ў 2-й пал. 19 ст. (тэарэтыкі Дж.Рэскін, У.Морыс і інш.) у процівагу эклектыцы. У канцы 19 ст.арх. Л.Г.Салівен выступіў з устаноўкай «форму вызначае функцыя». У 1920-я г. прынцыпы функцыянальнасці распрацоўвалі арх.Ле Карбюзье, архітэктары «Баўгаўза». Ф. набыў характар т.зв. міжнар. стылю. У 1930-я г. архітэктары Фінляндыі (А.Аалта), Швецыі (С.Г.Маркеліус), Бразіліі (О.Німеер), пазней і Японіі (Кэндзо Тангэ) распрацоўвалі прыёмы Ф. ў адпаведнасці з нац. спецыфікай сваіх краін. Пасля 2-й сусв. вайны пры аднаўленні зруйнаваных гарадоў Ф. адрадзіўся, але адзінства яго міжнар. стылю распалася. Шэраг прыёмаў збліжае Ф. з канструктывізмам у сав. архітэктуры (браты Весніны, М.Гінзбург і інш.). Для Ф. характэрны: жылыя комплексы на свабодных тэрыторыях, заніраванне тэр. з вылучэннем прасторы для кожнай функцыі (жыллё, работа, адпачынак, транспарт і інш.), тыпізацыя і індустрыялізацыя буд-ва, стварэнне маламетражных («мінімальных») кватэр. Забудова была невыразная, грамадскія цэнтры і вял. будынкі вылучаліся кантрастамі жалезабетону і шкла, стужачнымі вокнамі, спалучэннем геам. аб’ёмаў. З Ф. звязана развіццё дызайну. У архітэктуры Беларусі ў 1920—30-я г. выпрацоўваліся новыя функцыян., канстр., эканам. і эстэт. вырашэнні, напр., Віцебскі дом-камуна, Гомельскі дом-камуна, Віцебскі клуб металістаў, будынак Нац. б-кі Беларусі ў Мінску і інш. Будынкам гэтага кірунку ўласцівы стрыманасць арх. форм, строгая трактоўка фасадаў, эканамічнасць.
Літ.:
Фремптон К. Современная архитектура: Пер. с англ.М., 1990;
Хан-Магомедов С.О. Архитектура советского авангарда. Кн. 1—2. М., 1996—2001.
С.А.Сергачоў.
Функцыяналізм. Праект дома Цэнтрасаюза ў Маскве. Архітэктар Ле Карбюзье. 1928—35.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦІ́ХАНАЎ Мікалай Сямёнавіч (3.12.1896, С.-Пецярбург — 8.2.1979),
рускі пісьменнік, грамадскі дзеяч. Герой Сац. Працы (1966). Нар. паэт Азербайджана (1974). Нар. паэт Узбекістана (1974). Скончыў Пецярбургскую гандл. школу (1911). З 1944 сакратар Саюза пісьменнікаў СССР. Друкаваўся з 1918. Першыя зб-кі вершаў — «Арда» і «Брага» (абодва 1922). Кнігі апавяд. «Ваенныя коні» (1927), «Вечны транзіт» (1934), аповесці «Ад мора да мора» (1925), «Вайна» (1931) адметныя назіральнасцю, маляўнічасцю і гумарам. Вершы, паэмы, нарысы, створаныя ва ўмовах ленінградскай блакады (паэма «Кіраў з намі», 1941, Дзярж. прэмія СССР 1942; зб. вершаў «Вогненны год», 1942), прасякнуты героіка-патрыят. настроямі. Пасляваен. творы ўслаўляюць баявыя і прац. подзвігі, дружбу народаў, барацьбу за мір (цыклы вершаў «Грузінская вясна», 1948, Дзярж. прэмія СССР 1949; «Два патокі», 1951, Дзярж. прэмія СССР 1952; «На другім Сусветным кангрэсе міру», 1951). Аўтар кніг прозы «Двайная вясёлка» (1964), «Шэсць калон» (1968, Ленінская прэмія 1970), «Шматколерныя гадзіны» (1972). Ц. часта наведваў Беларусь, напісаў верш «У Мінску ў дні трыццацігоддзя Перамогі». На бел. мову асобныя яго творы пераклалі А.Куляшоў, П.Броўка, М.Танк, М.Аўрамчык, Р.Барадулін, С.Грахоўскі, М.Калачынскі, П.Макаль. Броўка прысвяціў яму арт. «...Скрозь ён вельмі неабходны...» (1976) і «Самы сардэчны сябар» (1979). Міжнар. Ленінская прэмія «За ўмацаванне міру паміж народамі» 1957.
Тв.:
Собр. соч.Т. 1—7. М., 1973—76;
С марсианской жаждою творить. М., 1979;
Стихотворения и поэмы. М., 1984;
Бел.пер. — Ад мора да мора. Мн., 1931;
Вайна. 2 выд.Мн., 1936;
Адважны партызан. Мн., 1947;
Апавяданні пра Пакістан. Мн., 1954;
Спасціжэнне. Мн., 1978.
Літ.:
Шошин В. Н.Тихонов: Очерк жизни и творчества. Л., 1981;
Кенька М. Спасціжэнне паэзіі // Полымя. 1979. № 4.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЫТАГЕНЕ́ТЫКА (ад цыта... + генетыка),
навука, што вывучае заканамернасці спадчыннасці і зменлівасці ва ўзаемасувязі з будовай і функцыямі ўнутрыклетачных структур (пераважна храмасом).
Тэарэт. фундамент Ц. — асн. палажэнні храмасомнай тэорыі спадчыннасці, сфармуляванай у пач. 20 ст. Т.Х.Морганам і яго школай. У станаўленні Ц. як самаст. навукі значную ролю адыгралі працы вучоных Р.А.Лявіцкага і І.Д.Чысцякова (Расія), К.Белара, Т.Боверы, О.Гертвіга, Э.Страсбургера, В.Флемінга (Германія), У.Сетана (ЗША), фундаментальныя распрацоўкі Б.Л.Астаурава, М.К.Кальцова, С.І.Навашынам, Г.Д.Карпечанкі, А.А.Пракоф’евай-Бяльгоўскай. Выкарыстанне ў Ц. электроннай мікраскапіі, радыёаўтаграфіі, рэнтгенаструктурнага аналізу, дыферэнцыяльнай афарбоўкі храмасом і інш. спрыяла выяўленню тонкай структуры храмасом і асаблівасцей іх функцыянавання ў працэсах рэплікацыі, транскрыпцыі і трансляцыі. Адрозніваюць агульную Ц. (клетачныя асновы спадчыннасці) і Ц. раслін, жывёл і чалавека. Даныя Ц. выкарыстоўваюцца ў вывучэнні працэсаў відаўтварэння, медыцыне, селекцыі раслін і жывёл.
На Беларусі даследаванні па Ц. (разам з цыталогіяй) пачаліся ў 1920-я г. ў БДУ (П.А.Маўрадыядзі). Асн.навук. цэнтры: Ін-т генетыкі і цыталогіі Нац.АН Беларусі, НДІ анкалогіі і мед. радыялогіі, НДІ спадчынных і прыроджаных захворванняў, Н.-д. клінічны ін-т радыяцыйнай медыцыны і эндакрыналогіі, БДУ, Мінскі і Віцебскі мед. ун-ты, Гродзенскі мед.ін-т, БСГА. Уклад у развіццё Ц. зрабілі У.Я.Борматаў, А.Р.Жэбрак, А.У.Канстанцінаў, А.А.Кедраў-Зіхман, Г.В.Краскоўскі, Г.І.Лазюк, Г.М.Палілава, Л.У.Хатылёва. Даследуюцца структурна-функцыян. арганізацыя геномаў раслін, тэарэт. і метадычныя аспекты эксперым. ператварэння карыятыпаў раслін метадамі храмасомнай інжынерыі, праблемы лячэння спадчынных хвароб і пухліннага росту, цытагенет эфекты ўздзеяння іанізавальных выпрамяненняў і хім. фактараў у саматычных і палавых клетках.
Літ.:
Константинов А.В. Цитогенетика. Мн., 1971;
Тетраплоидные тритикале: Создание, цитогенетич. изучение и использование в селекции. Мн., 1990;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧУКО́ЦКАЯ АЎТАНО́МНАЯ АКРУ́ГА.
Размешчана на крайнім ПнУРас. Федэрацыі. Утворана 10.12.1930. Займае Чукоцкі паўвостраў, прылеглую ч. мацерыка і а-вы Урангеля, Аён, Ратманава і інш., абмываецца Усх.-Сібірскім, Чукоцкім і Берынгавым морамі. Пл. 737,7 тыс.км². Нас. 75,3 тыс.чал. (2001), гарадскога 68%. Цэнтр — г.Анадыр. Гарады: Білібіна, Певек.
Рэльеф пераважна гарысты. На ПнУ — Чукоцкае нагор’е (выш. да 1843 м), на З — Анюйскі хр., у цэнтры — Анадырскае пласкагор’е, на Пд — адгор’і Каракскага нагор’я. Карысныя выкапні: золата, волава, вальфрам, ртуць, медзь, каменны і буры вугаль, газ і інш. Клімат суровы: на ўзбярэжжы марскі, ваўнутр. раёнах рэзка кантынентальны. Сярэдняя т-растудз. ад -15 да -39 °C, ліп. 5—10 °C. Ападкаў 200—500 мм за год. Пашырана вечная мерзлата. Гал. рэкі — Анадыр з прытокамі Майн, Белая, Танюрэр, Вялікая, Амгуэма, Амалон, Вял. і Малы Анюй. Шмат азёр. Глебы пераважна горна-тундравыя і тарфяна-глеевыя. Расліннасць тундравая і лесатундравая, на ўзбярэжжы і астравах арктычная пустыня. Запаведнік — Востраў Урангеля.
Асн. галіна прам-сці — горназдабыўная (золата, волава, вальфрам, ртуць, каменны і буры вугаль). Горна-абагачальныя камбінаты ў гарадах Білібіна, Певек, г.п. Эгвекінот, Іульцін і інш. Выпрацоўка электраэнергіі 613 млн.кВт∙гадз (2000). Білібінская АЦЭЦ, Чаўнская і Анадырская ЦЭЦ, Берынгаўская і Эгвекіноцкая ГЭС, плывучая электрастанцыя «Паўночнае ззянне» на мысе Шміта. Рамонтна-мех., суднарамонтныя, харч. прам-сці (рыбазавод, мяса-малочныя камбінаты) прадпрыемствы. Аленегадоўля. Рыбалоўства, паляванне на пушнога і марскога звера. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, свіней, птушак. Зверагадоўля. Парнікова-цяплічная гаспадарка. Асн. віды транспарту — марскі і паветраны. Марскія парты: Певек, Правідзення, Анадыр, Эгвекінот. Даўж. аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 1279 км. Суднаходства па рэках Анадыр, Вялікая, Вял. і Малы Анюй.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ШАРАВА́Я МАЛА́НКА»
(«Kugelblitz»),
кодавая назва карнай аперацыі ням. фашыстаў супраць партызан і мясц. насельніцтва Суражскай партыз. зоны 14.2—19.3.1943 у Вял.Айч. вайну. Праводзілася сіламі 201-й ахоўнай дывізіі, 2-га матарыз. палка 3-й танк. арміі, 3 мясц. паліцэйскіх фарміраванняў, артыл., сапёрных, контрразведвальных падраздзяленняў 825-га «ост-мусульманскага» батальёна (усяго 36 тыс. салдат і афіцэраў) з падтрымкай бронецягніка і 10 бронемашын. Мэта аперацыі — акружыць і знішчыць партызан у трохвугольніку Гарадок—Сураж—Мяжа, захапіць працаздольнае насельніцтва для вывазу ў Германію, забяспечыць бяспеку руху па чыгунцы на ўчастку Віцебск—Гарадок—Невель, перашкодзіць баявому ўзаемадзеянню партызан з часцямі Чырв. Арміі. Да 14 лютага партызаны вялі бой, каб перашкодзіць праціўніку сканцэнтраваць сілы і захапіць плацдарм па берагах рэк вакол партыз. зоны. Гітлераўцы не здолелі ўварвацца ў партыз. зону і з 18 лют. пачалі сістэматычны абстрэл і бамбардзіроўку пярэдняга краю партыз. абароны. 11, 15, 20—24 лют.сав. самалёты ў дапамогу партызанам даставілі ў зону боепрыпасы і зброю, у т. л. 700 кг толу. У ноч на 23 лют. на бок партызан амаль у поўным складзе перайшоў «ост-мусульманскі» батальён. Партызаны пазбягалі зацяжных баёў, прабіваючыся невял. групамі праз шчыльныя ланцугі карнікаў. Да 20 сак. гітлераўцы адышлі ў Віцебск, Гарадок, Сураж. Фашысты «праверылі» 169 вёсак, «прафільтравалі» 3583 чал. і перадалі іх 9-й эйнзацкамандзе СД, 1456 чал. з іх расстралялі, 804 чал. даставілі на зборны лагер для адпраўкі на прымусовыя работы. У палон узята 260 партызан, з якімі па-зверску расправіліся — жанчын і дзяцей знішчалі гранатамі, злоўленых у лесе жыхароў жывымі спальвалі ва ўцалелых пабудовах. У баях гітлераўцы страцілі каля 500 забітымі і параненымі, амаль поўнасцю знішчаны бронедывізіён вермахта. Працягам «Ш.м.» стала карная аперацыя «Грамавы ўдар».