ЦІ́ХАНАЎ Мікалай Сямёнавіч (3.12.1896, С.-Пецярбург — 8.2.1979),
рускі пісьменнік, грамадскі дзеяч. Герой Сац. Працы (1966). Нар. паэт Азербайджана (1974). Нар. паэт Узбекістана (1974). Скончыў Пецярбургскую гандл. школу (1911). З 1944 сакратар Саюза пісьменнікаў СССР. Друкаваўся з 1918. Першыя зб-кі вершаў — «Арда» і «Брага» (абодва 1922). Кнігі апавяд. «Ваенныя коні» (1927), «Вечны транзіт» (1934), аповесці «Ад мора да мора» (1925), «Вайна» (1931) адметныя назіральнасцю, маляўнічасцю і гумарам. Вершы, паэмы, нарысы, створаныя ва ўмовах ленінградскай блакады (паэма «Кіраў з намі», 1941, Дзярж. прэмія СССР 1942; зб. вершаў «Вогненны год», 1942), прасякнуты героіка-патрыят. настроямі. Пасляваен. творы ўслаўляюць баявыя і прац. подзвігі, дружбу народаў, барацьбу за мір (цыклы вершаў «Грузінская вясна», 1948, Дзярж. прэмія СССР 1949; «Два патокі», 1951, Дзярж. прэмія СССР 1952; «На другім Сусветным кангрэсе міру», 1951). Аўтар кніг прозы «Двайная вясёлка» (1964), «Шэсць калон» (1968, Ленінская прэмія 1970), «Шматколерныя гадзіны» (1972). Ц. часта наведваў Беларусь, напісаў верш «У Мінску ў дні трыццацігоддзя Перамогі». На бел. мову асобныя яго творы пераклалі А.Куляшоў, П.Броўка, М.Танк, М.Аўрамчык, Р.Барадулін, С.Грахоўскі, М.Калачынскі, П.Макаль. Броўка прысвяціў яму арт. «...Скрозь ён вельмі неабходны...» (1976) і «Самы сардэчны сябар» (1979). Міжнар. Ленінская прэмія «За ўмацаванне міру паміж народамі» 1957.
Тв.:
Собр. соч.Т. 1—7. М., 1973—76;
С марсианской жаждою творить. М., 1979;
Стихотворения и поэмы. М., 1984;
Бел.пер. — Ад мора да мора. Мн., 1931;
Вайна. 2 выд.Мн., 1936;
Адважны партызан. Мн., 1947;
Апавяданні пра Пакістан. Мн., 1954;
Спасціжэнне. Мн., 1978.
Літ.:
Шошин В. Н.Тихонов: Очерк жизни и творчества. Л., 1981;
Кенька М. Спасціжэнне паэзіі // Полымя. 1979. № 4.