СЕВАСТО́ПАЛЬСКАЯ АБАРО́НА 1854—55,

349-дзённая (25.9.1854—8.9.1855) абарона Севастопаля рас. войскамі ад узбр. сіл саюзных дзяржаў (Францыя, Вялікабрытанія, Турцыя, Сардзінскае каралеўства) у Крымскую вайну 1853—56. Пасля паражэння рас. войск на р. Альма саюзныя войскі падышлі да Севастопаля. Абарону горада ўзначаліў нач. штаба Чарнаморскага флоту віцэ-адм. У.А.Карнілаў, яго памочнікі — віцэ-адм. П.С.Нахімаў і контр-адм. У.​І.​Істомін. Пад іх кіраўніцтвам Севастопаль быў абаронены з боку мора, паводле плана інж.-падпалк. Э.І.Татлебена на сушы пабудаваны ўмацаванні, якія прыкрывалі подступы да Малахава кургана. Каб праціўнік не прарваўся ў порт, каля ўвахода ў Паўн. бухту былі затоплены 7 старых караблёў, з якіх знялі частку гармат, а з экіпажаў (10 тыс. чал.) сфарміравалі 22 батальёны. Нягледзячы на колькасную перавагу ў войсках і тэхн. сродках, неаднаразовыя штурмы, армія саюзнікаў доўгі час не магла поўнасцю блакіраваць крэпасць і зламаць яе абаронцаў. Толькі накіраваўшы гал. сілы супраць ключавой пазіцыі абароны — Малахава кургана, праціўнік 8.9.1855 захапіў яго. Рас. войскі пакінулі Севастопаль; яны страцілі каля 102 тыс. чал., праціўнік — каля 71 тыс. чал. Гераічная С.а. паўплывала на вынік мірных перагавораў. У час С.а. вызначыліся 54-ы Мінскі, 27-ы Віцебскі, 28-ы Полацкі, 51-ы Літоўскі пях. палкі. Мужна змагаліся на абарончых пазіцыях ураджэнцы Мінскай губ. браты Ігнацій і Іосіф Ляскоўскія (выпускнікі Брэсцкага кадэцкага корпуса), ураджэнцы Гродзенскай губ. І.Сержпутоўскі і Р.Траўгут; загінулі выпускнікі Полацкага кадэцкага корпуса паручнікі А.​Пісарэўскі, В.​Маркевіч, А.​Бушкоўскі, капітан М.​Фядотаў і інш. Ў Севастопалі пастаўлены помнікі Карнілаву, Нахімаву, Татлебену, матросу П.​М.​Кошку, затопленым караблям Чарнаморскага флоту, створана панарама «Абарона Севастопаля» і інш.

Літ.:

Зайончковский А.М. Оборона Севастополя: Подвиги защитников. 2 изд. СПб., 1904;

Тарле Е.В. Героическая Севастопольская оборона 1854—1855. М., 1957;

гл. таксама пры арт. Крымская вайна 1853—56.

А.​М.​Лукашэвіч, В.​А.​Юшкевіч.

Да арт. Севастопальская абарона 1854—55. Фрагмент панарамы «Абарона Севастопаля». Мастак Ф.​Рубо. 1902—04.

т. 14, с. 287

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕЛЕ́КЦЫЯ (ад лац. selecto адбор),

навука і комплекс практычных мерапрыемстваў па стварэнні і паляпшэнні парод жывёл, сартоў раслін і штамаў мікраарганізмаў; адна з форм эвалюцыі жывых арганізмаў. Падпарадкоўваецца тым жа законам, што і эвалюцыя відаў у прыродзе, але натуральны адбор заменены штучным адборам. Тэарэт. аснова С. — генетыка. Асн. метады — адбор лепшых фенатыпаў (масавы адбор) або лепшых генатыпаў (індывідуальны адбор), гібрыдызацыя з выкарыстаннем гетэрозісу і цытаплазматычнай мужчынскай стэрыльнасці, поліплаідыя, мутагенез і інш. Этапы селекцыйнага працэсу: абгрунтаванне мэт і задач, стварэнне ці падбор зыходнага матэрыялу, распрацоўка схемы, правядзенне селекцыйных мерапрыемстваў, сорта- ці пародавыпрабаванне. С. праводзяць па якасці (смак, знешні выгляд, лёжкасць пладоў, колькасць бялкоў і амінакіслот у зерні, тлушчамалочнасць і інш.); устойлівасць да хвароб, шкоднікаў і неспрыяльных умоў асяроддзя; урадлівасць у раслін, плоднасць і прадукцыйнасць у жывёл і інш.

Несвядомы адбор «на племя» ўзнік у часы прымітыўнага земляробства, у выніку якога створаны шматлікія стараж., «мясц.» пароды і сарты. У выніку свядомай масавай С. некалькі стагоддзяў назад узніклі вядомыя сарты пшаніцы (Крымка, Белатурка, Палтаўка), сланечніку (Зялёнка, Фуксінка), лёну (Смаленскі, Пскоўскі), канюшыны (Пермскі), яблыні (Антонаўка, Грушаўка), пароды авечак (каракульская і раманаўская), коней (арабская, ахалтэкінская), буйн. раг. жывёлы (малочныя яраслаўская і халмагорская, шэрая ўкраінская) і інш. У канцы 18 — пач. 19 ст. ўзнікла т.зв. прамысл. С. У Вялікабрытаніі створаны селекцыйныя гадавальнікі, арганізавана племянная жывёлагадоўля, заведзены племянныя кнігі. Праводзіліся працы па стварэнні лейстэрскай пароды авечак, шортгорнскай пароды буйн. раг. жывёлы. Сталі вядомы сарты пшаніцы англ. селекцыянераў П.​Шырэфа, Ф.​Галета, ням. В.​Рымпаў і інш. Узнікненне навук. С. звязана з эвалюцыйным вучэннем Ч.​Дарвіна (гл. Дарвінізм). Высновай для распрацоўкі тэорыі С. з’явіліся працы дацкага генетыка В.​Іагансена, швед. селекцыянера Г.​Нільсана-Эле; па хім. і радыяцыйным мутагенезе — сав. генетыкаў У.​У.​Сахарава, М.​М.​Мейселя, англ. Ш.​Аўэрбаха; па эвалюц. генетыцы — сав. вучонага С.​С.​Чацверыкова, амер. С.​Райта, англ. Дж.Б.​С.​Холдэйна. Гл. таксама Селекцыя раслін.

т. 14, с. 305

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІМЕТРЫ́Я КРЫШТАЛЁЎ,

уласцівасць крышталёў заканамерна паўтараць аднолькавыя грані, рэбры, вяршыні або сумяшчацца з сабой пры паваротах вакол восі, у прамых і перавернутых адлюстраваннях, паралельных пераносах і інш.; аснова класіфікацыі крышталёў. Сіметрыя знешняй формы (агранкі) крышталя залежыць ад сіметрыі яго атамнай будовы або крышталічнай рашоткі, якая абумоўлівае сіметрыю яго фіз. уласцівасцей. Форма крышталя і сіметрыя ўнутр. яго будовы вызначаюцца з дапамогай элементаў сіметрыі. Гал. элемент С.к. — паваротныя восі сіметрыі 1—4-га і 6-га парадкаў, плоскасць люстэркавага адлюстравання і цэнтр сіметрыі. Перавернутыя адлюстраванні вызначаюцца інверсійнымі восямі і цэнтрам сіметрыі. Інверсійныя восі маюць тыя ж парадкі, што і асн. восі. Парадак паваротнай восі сіметрыі паказвае, колькі разоў крышталь сумяшчаецца з сабой пры павароце на 360° (напр., куб — 4 разы, 6-гранная прызма — 6 разоў). Плоскасць сіметрыі падзяляе крышталь на 2 палавіны, якія люстэркава адлюстроўваюцца. Восі і плоскасць праходзяць праз цэнтр сіметрыі, што ўяўляе сабой пункт унутры фігуры, адносна якога ўсе супрацьлеглыя падобныя элементы крышталя знаходзяцца на аднолькавай адлегласці. Існуюць таксама элементы С.к.: плоскасць слізготнага люстэркавага адлюстравання (камбінацыя адлюстравання ў плоскасці з адначасовай трансляцыяй) і вінтавая вось (сумяшчае паварот і трансляцыю ўздоўж восі павароту, мае 2-і—4-ы і 6-ы парадкі). Пэўная сукупнасць элементаў сіметрыі ў адным крышталі вызначае від (групу, клас) сіметрыі. Вядомы 32 віды размяшчэння элементаў сіметрыі ў трохмернай прасторы, вызначаныя ням. мінералогам І.​Геселем (1830), у больш строгай матэм. форме — рус. вучоным А.​В.​Гадаліным (1867). Віды сіметрыі групуюцца ў 7 крышталеграфічных сістэм (сінганій). Найб. сіметрычны від С.к. кожнай сінганіі наз. галаэдрычным. Крышталі аднаго мінералу маюць адзін від сіметрыі і пастаянны вугал паміж дзвюма адпаведнымі гранямі. С.к. вывучае крышталяграфія. З дапамогай С.к. вызначаюць мінералы і іх уласцівасці.

Літ.:

Современная кристаллография. Т. 1. Вайнштейн Б.К. Симметрия кристаллов. Методы структурной кристаллографии. М., 1979;

Егоров-Тисменко Ю.К., Литвинская Г.П., Загальская Ю.Г. Кристаллография. М., 1992.

В.​І.​Ярцаў.

т. 14, с. 386

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІМФАНІ́ЧНАЯ ПАЭ́МА,

адначасткавы праграмны сімф. твор, які ўвасабляе пэўны сюжэт ці філасофскую ідэю, вызначаныя ў літ. форме (праграме) ці ў назве твора; адзін з асн. жанраў праграмнай музыкі. Узнікла і фарміравалася ў 19 ст. ў непасрэднай сувязі з інш. блізкімі да яе жанрамі — праграмнай уверцюрай, сімфанічнай карцінай, сімфанічнай фантазіяй.

Звычайна С.п. складаецца з некалькіх эпізодаў, характар і паслядоўнасць якіх абумоўлены зместам праграмы, драматургіяй твора і падпарадкаваны эстэт. нормам формаўтварэння ў музыцы (гл. Форма музычная). У ёй свабодна выкарыстоўваюцца класічныя адна- і шматчасткавыя муз. формы, характэрна спалучэнне ў адзінай структуры рыс санатнай формы і санатна-сімф. цыкла, магчымы і нетыповыя структуры, спалучэнні рыс інш муз. жанраў. Лепшыя С.п. створаны Ф Лістам. Да С.п. звярталіся Б.​Сметана, К.​Сен-Санс, С.​Франк, Р.​Штраус, Я.​Сібеліус, А.​Дворжак, Б.​Бартак, А.​Шонберг, М.​Рэгер, А.​Рэспігі, М.​Балакіраў, П.​Чайкоўскі, М.​Рымскі-Корсакаў, А.​Скрабін, А.​Глазуноў і інш.

У бел. музыцы тэматыка С.п. разнастайная: гіст. (В.​Іваноў, У.​Кандрусевіч), героіка-патрыят. (М.​Аладаў, У.​Алоўнікаў, У.​Дарохін, А.​Мдывані, Ф.​Пыталеў, Дз.​Смольскі, Я.​Цікоцкі). У некат. С.п. ўвасоблены філас. ідэі (А.​Бандарэнка, Кандрусевіч, Н.​Усцінава), сюжэты і вобразы маст. л-ры (С.​Аксакаў, Г.​Гарэлава, Я.​Глебаў, Ю.​Грыгор’еў, А.​Клеванец, Л.​Шлег і інш.), вобразы гіст. асоб (Аладаў). Значнае месца сярод С.п. займаюць творы, у якіх пераважае карцінна-выяўл. тып праграмнасці (Я.​Дзягцярык, А.​Залётнеў, А.​Чыркун), а таксама святочныя С.п. (Глебаў, Мдывані, Л.​Гуцін) і без абвешчанай праграмы (У.​Дамарацкі, Дз.​Даўгалёў, Э.​Зарыцкі, Л.​Захлеўны, А.​Кочын, В.​Помазаў, У.​Прохараў, А.​Сонін, І.​Хадоска і інш.). Некат. творы тыпу С.п. маюць інш. вызначэнні, у т. л. сімф. балада, легенда (Глебаў), казка (В.​Войцік), эскіз (Я.​Паплаўскі) і інш.

Літ.:

Попова Т.В. Симфоническая поэма. 3 изд. М., 1963.

Т.​А.​Дубкова.

т. 14, с. 389

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІМФАНІ́ЧНЫ АРКЕ́СТР БЕЛАРУ́СКАГА ТЭЛЕБА́ЧАННЯ І РА́ДЫЁ, Сімфанічны аркестр Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Рэспублікі Беларусь. Створаны ў 1958 як канцэртна-эстрадны, з 1975 эстр.-сімф., з 1979 сімф. аркестр, з 1958 гал. дырыжор Ю.​Бяльзацкі, з 1961 — маст. кіраўнік і гал. дырыжор Б.​Райскі (у 1965 дырыжор Я.​Глебаў), з 1989 — засл. дз. маст. Украіны В.​Лявонаў, з 1993 — А.​Лапуноў. Напачатку аркестр выконваў пераважна творы лёгкай музыкі, з 1960-х г. гал. ўвагу аддаваў буйным сімф. творам. Калектыў прапагандуе музыку бел. кампазітараў. Здзейсніў фондавыя запісы опер бел. кампазітараў «Агатка, ці Прыезд пана» Я.​Голанда, «Фауст» А.​Радзівіла, «Кастусь Каліноўскі» Дз.​Лукаса, «Андрэй Касценя» М.​Аладава, «У пушчах Палесся» А.​Багатырова, «Зорка Венера» Ю.​Семянякі, «Сівая легенда» Дз.​Смольскага, «Матухна Кураж» С.​Картэса; радыёоперы «Барвовы золак» К.​Цесакова; музыкі балетаў «Альпійская балада», «Выбранніца», «Маленькі прынц» Глебава, муз. камедый «Паўлінка» Семянякі і «Несцерка» Р.​Суруса; сімфоній Л.​Абеліёвіча, М.​Аладава, У.​Алоўнікава, Глебава, Ф.​Пыталева, Цесакова, а таксама творы Г.​Гарэлавай, Г.​Ермачэнкава, А.​Клеванца, В.​Кузняцова, І.​Лучанка, А.​Хадоскі і інш. Запісаў шэраг твораў класічнага рэпертуару і сучасных кампазітараў. Першы выканаўца сюіты з балета «Маленькі прынц» і 5-й сімфоніі Глебава, фп. канцэрта Абеліёвіча, 3-й і 4-й сімфоній А.​Мдывані, 2-й сімфоніі У.​Дарохіна, сімфоніі-канцэрта «Каляды. Ражаство» Суруса, 4-й сімфоніі «Белая Русь» Хадоскі, скрыпічнага канцэрта Гарэлавай, кантаты «Трава-мурава» Л Шлег і інш. Значнае месца займае канцэртная і гастрольная дзейнасць. Удзельнічае ў аўтарскіх канцэртах бел. кампазітараў. З аркестрам выступалі і рабілі запісы бел. і замежныя спевакі і інструменталісты.

Літ.:

Мдзівані Т. Удзячнасць пошуку // Мастацтва Беларусі. 1983. № 5;

Яе ж Новые пути оркестра // Муз. жизнь. 1983. № 8;

Друкт А. Сімфанічны аркестр Беларускага тэлебачання і радыё. Мн., 1984.

А.​А.​Друкт, В.​У.​Мазанік.

Сімфанічны аркестр Беларускага тэлебачання і радыё. 1990-я г.

т. 14, с. 389

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКЛАДА́НЫ СКАЗ,

поліпрэдыкатыўная сінтаксічная адзінка, арганізаваная з двух і больш простых сказаў, аб’яднаных у структурнае, сэнсавае і інтанацыйнае адзінства. У С.с. простыя сказы страчваюць уласцівую ім грамат., інтанацыйную, сэнсавую самастойнасць і ператвараюцца ў састаўныя ўзаемна звязаныя прэдыкатыўныя часткі, якія дапаўняюць або характарызуюць адна адну. Сінтакс. сувязь гэтых частак ажыццяўляецца злучнікавым або бяззлучнікавым спосабам, а таксама інтанацыяй і структурнымі іх суадносінамі.

Паводле сродкаў сувязі С.с. падзяляюцца на злучнікавыя, бяззлучнікавыя і камбінаваныя. Сярод злучнікавых вылучаюць складаназлучаныя і складаназалежныя сказы. У складаназлучаных сказах прэдыкатыўныя часткі сінтаксічна раўнапраўныя, аб’яднаны злучальнымі злучнікамі і выражаюць спалучальныя, супастаўляльныя, размеркавальныя і розныя віды далучальных адносін: «Ці то сонца свеціць, ці то месяц ясны вам смяецца з неба весела і шчасна» (Я.​Купала). У адпаведнасці з будовай і характарам выражаных адносін складаназлучаныя сказы могуць мець адкрытую або закрытую структуру. У складаназалежных сказах прэдыкатыўныя часткі сінтаксічна нераўнапраўныя, аб’яднаны падпарадкавальнымі злучнікамі і выражаюць працэсуальныя, суб’ектныя, аб’ектныя, атрыбутыўныя і розныя віды акалічнасных адносін: «Пад акном роўна шумелі старыя ліпы, якія жывой сцяной акружалі сад» (І.​Шамякін). Незалежна ад колькасці разнавіднасці прэдыкатыўных частак складаназалежныя сказы заўсёды маюць закрытую структуру. Бяззлучнікавыя С.с. арганізаваны з сінтаксічна раўнапраўных або нераўнапраўных прэдыкатыўных частак, аб’яднаных бяззлучнікавай сувяззю, якая рэалізуецца інтанацыяй, парадкам слоў, трывальна-часавымі суадносінамі выказнікаў і інш. лексіка-грамат. сродкамі: «Маўчала ноч па-над палянай, зялёны гай не гаманіў» (П.​Трус). У камбінаваныя С.с. ўваходзяць тры і больш прэдыкатыўныя часткі, якія па-рознаму пабудаваны і аб’яднаны рознымі відамі злучнікавай і бяззлучнікавай сувязі. У выніку іх аб’яднання звычайна ўтвараюцца С.с., якія арганізуюцца паводле мадэлі складаназлучаных, складаназалежных або бяззлучнікавых сказаў. «На дварэ цёпла — дзеці гуляюць каля хаты, а стане халадней — яны ідуць у хату» (З.​Бядуля).

Літ.:

Беларуская граматыка. Ч. 2. Сінтаксіс. Мн., 1986;

Бурак Л.І. Сучасная беларуская мова: Сінтаксіс. Пунктуацыя. Мн., 1987.

Л.​І.​Бурак.

т. 14, с. 459

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКЛЕП (ад польск. sklep скляпенне, падвал),

1) гаспадарчая пабудова для захоўвання гародніны, бульбы, квашаніны і інш. прадуктаў. Шырока бытуе ў народаў Еўропы, Зах. Азіі, Каўказа, Сібіры і інш. На Беларусі архітэктура С., а таксама назвы (пограб, пограбня, прыгрэбка, лёх і інш.) атрымалі рэгіянальныя асаблівасці. С. мае заглыбленую на 1,5—2 м падземную ч. са сценамі з камення, бетону (раней — з бярвён), над якой робяць зруб з 3—4 вянкоў, накрываюць 2- ці 3-схільным дахам. Перакрыцце з дошак па бэльках ці маналітнае з бетону, абавязкова з ацяпленнем. Знадворку робяць квадратны люк і невял. адтуліну («варонку») для засыпання бульбы і інш. Уваход у С. заўсёды ў тарцовай сцяне. Звычайна С. ставяць каля хаты, часам ён з’яўляецца падземнай ч. клеці. Здаўна С. вядомы і пад падлогай жылых памяшканняў, часцей у сенцах, каморы, пазней — у кухнях і на верандах. Пры высокім узроўні падземных вод С. робяць неглыбокім, са сценамі, прысыпанымі для ацяплення зямлёй, ці будуюць далей ад сядзібы на сухім месцы.

2) Падземнае збудаванне ў замках, палацах, мураваных будынках ці натуральная пячора, прыстасаваная для доўгатэрміновага захоўвання віна, пораху, прадуктаў, часам для трымання і катавання вязняў.

3) Мемар. збудаванне на могілках, дзе хаваюць нябожчыка. Мае невял. (у параўнанні з грабніцай ці пахавальняй) памеры, абавязкова з унутр. прасторай, звычайна з падземнай ч. і з уваходам у яе. С. для пахавання выкарыстоўваюцца са старажытнасці. Характарызуюцца манументальнасцю форм, разнастайнасцю і багаццем дэкар. аздаблення (С. на Кальварыйскіх і Вайсковых могілках у Мінску, канец 19 ст.).

4) Падземная ч. пахавальні ці буйнога культавага збудавання, крыпта якога прызначаецца для пахавання (Нясвіжскі касцёл езуітаў, 16 ст.).

С.​А.​Сергачоў.

Скляпы на вясковых могілках каля г. Жбейль (Ліван).
Склеп у вёсцы Радунь Карэліцкага раёна Гродзенскай вобл.
Склеп на Вайсковых могілках у Мінску.
Склеп у вёсцы Дзямянчыцы Камянецкага раёна Брэсцкай вобл.

т. 14, с. 462

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКО́РАСНЫ БЕГ НА КАНЬКА́Х,

від канькабежнага спорту. Спаборніцтвы праводзяцца на дыстанцыях 500, 1000, 1500, 5000 і 10 000 м для мужчын і 500, 1000, 1500, 3000 і 5000 м для жанчын, таксама ў мнагабор’і па замкнёнай лядовай дарожцы даўж. 400 м; у шорт-трэку на дыстанцыях 500, 1000, 1500 і 3000 м і ў эстафетным бегу — 3000 м для жанчын і 5000 м для мужчын, на дарожцы даўж. 111 м.

Узнік у Нідэрландах у пач. 13 ст. Першыя канькабежныя т-вы з’явіліся ў Нарвегіі (1864), Расіі (1877); нац. федэрацыя канькабежнага спорту — у Вялікабрытаніі (1879). Афіц. міжнар. спаборніцтвы праводзяцца з канца 19 ст. (1882. Вена; 1889, Амстэрдам, і інш.). Чэмпіянаты свету праводзяцца сярод мужчын з 1893, сярод жанчын — з 1936; па спрынтарскім мнагабор’і (дыстанцыі 500 і 1000 м) — з 1970. Чэмпіянаты Еўропы праводзяцца з 1893 сярод мужчын і з 1970 — у жанчын. У праграме зімовых Алімп. гульняў — адпаведна з 1924 і 1960. Міжнар. саюз канькабежцаў засн. ў 1892, аб’ядноўвае больш за 50 краін (1999). Найб. пашыраны ў краінах Скандынавіі, ЗША. Германіі, Нідэрландах, Расіі, Японіі і інш. Спаборніцтвы па шорт-трэку праводзяцца з 1970-х г. Чэмпіянаты свету з 1978. У праграме Алімп. гульняў — з 1992.

На Беларусі першыя секцыі ўзніклі ў 1922 (г. Полацк). У 1926 адбыўся 1-ы чэмпіянат Мінска, чэмпіянаты Беларусі праводзяцца з 1933. Першыя чэмпіёны — З.​Бальшакова і Б.​Бальшакоў (адпаведна 17 і 9 разоў). Сярод бел. канькабежцаў найб. вызначыліся І.​Жалязоўскі, Э.​Матусевіч, У.​Кажаноўскі — чэмпіён СССР сярод юнакоў (1977) на дыстанцыі 500 м, А.​Кацюга — бронз. прызёр чэмпіянату свету па спрынтэрскім мнагабор’і (2002, Нарвегія), 5-е месца ў спрынце на XIX зімовых Алімп. гульнях (2002 г. Солт-Лейк-Сіці, ЗША) з рэкордам Беларусі на дыстанцыі 500 М.

А.​М.​Петрыкаў.

т. 14, с. 467

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЛАНЫ́, слановыя (Elephantidae),

сямейства млекакормячых атр. хобатных. Вядомы з верхняга міяцэну — ніжняга пліяцэну. 2 роды, у кожным па 1 відзе: афрыканскі С. (Loxodonta africana) з 2 падвідамі (зрэдку даюць як самастойныя віды) — саваннавы, або кустовы, С. (L.a. africana), які жыве пераважна ў аблесенай саванне Усх. і Паўд. Афрыкі; лясны С. (L.a. cyctolis) — пераважна ў дажджавых трапічных лясах Зах. Афрыкі. Індыйскі С. (Elephas maximus) жыве ў лясных абласцях Паўд.-Усх. Азіі. Абодва віды ў Чырв. кнізе МСАП. Да сям. С. належыць мамант. На Беларусі знойдзены рэшткі С. паўднёвага (Archidiskodon meridionalis), які быў пашыраны ў раннім антрапагене і выцесніў трацічных мастадонтаў. Выш. яго ў плячах больш за 3,7 м. Лічыцца продкам афрыканскіх С. і маманта. Знойдзены рэшткі С. трагантэрыевага (A. trogontherii), які быў пашыраны ў раннім антрапагене. Самы буйны з еўрап. С., у плячах выш. да 4,5 м, біўні даўж. да 5 м. Цела, магчыма, было пакрыта поўсцю. Пераходным відам паміж трагантэрыевым С. і мамантам быў хазарскі мамант, ці С., (Mammuthus chosaricus), рэшткі якога таксама знойдзены на Беларусі. Меў густую поўсць і доўгія біўні, па памерах значна большы за маманта.

Даўж. афрыканскага С. ад канца хобата да канца хваста да 7 м (хобат да 2 м, хвост да 1,5 м). Выш. ў карку да 4,5 м, маса да 7,5 т. Індыйскі С. меншы (выш. цела да 3.2 м. маса да 5 т). Самкі драбнейшыя. Орган дотыку, нюху і хапання — рухомы хобат (зрослыя верхняя губа і нос). Развітыя другія разцы, што ў верхняй сківіцы ўтвараюць біўні і растуць усё жыццё. Скура тоўстая (да 3 см), амаль голая, укрытая рэдкімі шорсткімі валасамі. Расліннаедныя Жывуць С. 70—80 гадоў, палаваспеласці дасягаюць у 10—20 гадоў, цяжарнасць да 2 гадоў. Нараджаюць 1 дзіцяня масай да 100 кг раз у 4 гады.

Сланы: 1 — афрыканскі; 2 — індыйскі.

т. 14, с. 508

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЛА́НС (франц. balance літар. вагі) у эканоміцы, сістэма паказчыкаў, якая характарызуе пэўную з’яву праз супастаўленне асобных яе частак (бакоў), якія павінны ўраўнаважваць адна адну. Дае магчымасць скаардынаваць патрэбнасці і рэсурсы, сувымяраць затраты і вынікі вытв.-гасп. дзейнасці на асобных прадпрыемствах, у галінах эканомікі ці маштабе ўсёй нар. гаспадаркі, у межах пэўных рэгіёнаў ці ўсёй краіны. Як правіла, баланс складаецца з 2 частак: 1-я характарызуе ўтварэнне рэсурсаў па крыніцах паступлення, 2-я — іх размеркаванне па кірунках выкарыстання.

Асобныя віды ці элементы балансу выкарыстоўваліся ў эканам. практыцы здаўна. У 18 ст. шатландскі эканаміст Дж.​Сцюарт увёў тэрмін «плацежны баланс». На пач. 20 ст. ў Вялікабрытаніі і ЗША прапанавана методыка яго складання, стандартызаваная Лігай Нацый і Міжнар. валютным фондам для ўсіх краін свету. Пазней сістэма балансу і балансавы метад распрацаваны ў СССР і выкарыстоўваліся ў сацыяліст. краінах, у т. л. на Беларусі, як найважнейшы інструмент планавай эканомікі. У краінах з развітой рыначнай эканомікай выкарыстоўваюцца міжнар. сістэма нацыянальных рахункаў, але не выключаецца і магчымасць выкарыстання балансу. Напрыклад, у 1930-я г. В.​Лявонцьеў з дапамогай міжгаліновага балансу вывучаў структуру амер. эканомікі. Гэты метад атрымаў назву «затраты—выпуск».

Самы пашыраны — бухгалтарскі баланс, які з’яўляецца асн. дакументам бухгалтарскай справаздачнасці прадпрыемстваў і ўстаноў. Ён складаецца ў форме 2 табліц — актыву (адлюстроўвае склад, размяшчэнне і выкарыстанне гасп. сродкаў) і пасіву (крыніцы ўтварэння гэтых сродкаў і іх мэтавае прызначэнне). Астатнія балансы падзяляюцца на матэрыяльныя, вартасныя і балансы нар. гаспадаркі (з яго састаўнымі часткамі). Матэрыяльныя балансы адлюстроўваюць вытв-сць і выкарыстанне відаў прадукцыі, сыравіны, матэрыялаў, наяўнасць і выкарыстанне вытв. магутнасцяў, абсталявання, асн. фондаў і інш.; распрацоўваюцца ў фіз. адзінках, умоўна-натуральным і вартасным выражэнні. З матэрыяльных балансаў найб. пашыраныя: паліўна-энергетычны (характарызуе наяўнасць, размеркаванне і выкарыстанне паліва і энергіі); вытворчых магутнасцяў [паказвае наяўныя магутнасці на пач. і канец пэўнага перыяду, іх рух (прырост, выбыццё), ступень выкарыстання ў выпуску канкрэтных відаў прамысл. прадукцыі]; машын і абсталявання (адлюстроўвае іх наяўныя рэсурсы і размеркаванне па відах выкарыстання); асноўных фондаў (характарызуе іх узнаўленне ў маштабе нар. гаспадаркі, галіны эканомікі, а таксама па формах уласнасці). Да матэрыяльных балансаў адносяць таксама балансы зямельных угоддзяў, с.-г. прадукцыі, кармоў і інш. Вартасныя балансы адлюстроўваюць утварэнне даходаў з усіх крыніц паступлення і іх размеркаванне па кірунках выкарыстання. З вартасных балансаў найб. пашыраны: баланс грашовых даходаў і расходаў насельніцтва па краіне, яе асобных рэгіёнах, па сац. групах для разліку рэальных даходаў і пакупніцкай здольнасці насельніцтва, попыту і прапаноў на тавары, рэгулявання грашовага абарачэння і эмісіі грошай; баланс фінансавых рэсурсаў — прагнозна-аналітычны дакумент, паказчыкі якога з’яўляюцца асновай для распрацоўкі дзярж. бюджэту, абгрунтавання падатковай, цанавой і крэдытнай палітыкі краіны; плацежны баланс адлюстроўвае знешнеэканам. аперацыі краіны за пэўны перыяд (ён актыўны, калі сума грашовых паступленняў перавышае суму расходаў і плацяжоў, і пасіўны, калі сума расходаў і плацяжоў большая за суму паступленняў); гандлёвы баланс — суадносіны экспарту і імпарту тавараў у краіне, аснова плацежнага балансу. Сярод працоўных балансаў асн. з’яўляецца баланс працоўных рэсурсаў, які складаецца па краіне, абласцях і раёнах, уключае звесткі пра наяўныя рэсурсы і пра іх выкарыстанне па сферах, галінах і відах занятасці.

З 1926 у СССР, у т. л. БССР, распрацоўваўся баланс народнай гаспадаркі для характарыстыкі працэсу грамадскага ўзнаўлення, яго маштабаў, тэмпаў, прапорцый, стану і тэндэнцый развіцця ўнутр. эканам. сувязяў. Ён складаўся з 4 асн. раздзелаў: баланс сукупнага грамадскага прадукту, нац. даходу, працоўных рэсурсаў і зводнай табліцы, якая абагульняла ўсе раздзелы і адлюстроўвала збалансаванасць асн. элементаў нар. гаспадаркі. Аднак сістэма разлікаў, асабліва валавога прадукту і нац. даходу, істотна адрознівалася ад міжнар. практыкі і скажала рэальны стан эканомікі. Таму з 1995 баланс нар. гаспадаркі Беларусі не распрацоўваецца. Спынена і распрацоўка балансу грамадскага прадукту (адлюстроўваў агульны аб’ём вытв-сці прадукцыі, яе матэрыяльна-рэчыўную, галіновую і сац. структуру), балансу нацыянальнага даходу (паказваў яго вытв-сць, размеркаванне і выкарыстанне) і міжгаліновага балансу (інструмент эканам. аналізу і ўстанаўлення прапорцый у працэсе расшыранага ўзнаўлення ў маштабе галін нар. гаспадаркі). Гэтыя балансы трансфармуюцца з улікам стандартаў міжнар. сістэмы нац. рахункаў.

Н.​Б.​Антонава.

т. 2, с. 238

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)