РАСА́ДА,

маладыя расліны, якія вырошчваюць у ахоўным грунце для перасадкі на пастаяннае месца. Выкарыстоўваюць у агародніцтве, кветкаводстве, пладаводстве, лесаводстве і інш.

Дае магчымасць скараціць перыяд вегетацыі раслін у адкрытым грунце, атрымліваць раннія і высокія ўраджаі агародніны (на 2—3 месяцы раней, чым пры сяўбе насеннем), культываваць познаспелыя агароднінныя расліны ў раёнах з кароткім летам, эканоміць пасяўны матэрыял (у 3—5 разоў). Дадатковае м. асвятленне Р. паскарае плоданашэнне і павышае ўрадлівасць. На Беларусі расадным метадам вырошчваюць памідоры, капусту, баклажаны, перац струкавы і інш.

т. 13, с. 310

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫБАГАДАВА́ЛЬНІК,

няпоўнасістэмная сажалкавая і азёрная рыбная гаспадарка, у якой разводзяць і гадуюць моладзь каштоўных відаў рыб для дарошчвання яе да таварнай масы ў натуральных і штучных вадаёмах. На Беларусі ў 1980-я г. працавала 9 Р. з агульнай пл. выроставых сажалак 518 га. У 2000 моладзь рыб вырошчвалася ў Р. «Багушэўскім», «Шэметава», «Наўліца». Р. ёсць у складзе большасці поўнасістэмных сажалкавых рыбных гаспадарак. Гадуюць рыбапасадачны матэрыял (сяголеткаў, гадавікоў, двухгадовікаў) карпа, сазана, карася сярэбранага і інш. Гл. таксама Рыбаводства.

Т.​М.​Шаўцова.

т. 13, с. 481

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭА́ЛЬНАСЦЬ (ад позналац. realis сапраўдны, рэчыўны),

агульнае філас. паняцце, якое вызначае аб’ект пазнання. Выкарыстоўваецца ў розных сэнсах: як усё, што існуе (у гэтым сэнсе Р. набліжаецца да паняцця быццё); як аб’ектыўны свет, які існуе незалежна ад чалавечай волі і ўяўленняў, у т. л. аб’ектываваны ўнутр, свет чалавека, суб’ектыўна-аб’ектыўны свет культуры; як рэчаіснасць (актуальнае быццё). У тэарэтыка-пазнавальным плане Р. супрацьпастаўляюць ідэальнае. Тэрмін «Р.» выкарыстоўваюць і для вызначэння пэўных аспектаў універсуму (напр., фіз. Р., біял. Р., моўная Р. і інш.).

т. 13, с. 536

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭГТА́ЙМ (англ. ragtime ад rag урывак + time час, тэмп, такт),

стыль фп. ігры і звязаны з ім жанр танц. п’есы, які распаўсюдзіўся ў ЗША з пач. 20 ст. Для Р. характэрны сінкапіраваная мелодыя, якая звычайна выконваецца ў хуткім тэмпе ў спалучэнні з рытмічна дакладным акампанементам. Паўплываў на стыль ранняга джаза і танц. культуру 1910—20-х г. (ад танца Р. паходзяць тустэп, уанстэп, факстрот і інш.). Сярод вядучых прадстаўнікоў Р. кампазітар С.Джоплін, піяніст Дж.​Р.​Мортан, кампазітар і піяніст Ю.​Блэйк.

т. 13, с. 549

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭДУ́Т (ад франц. redoute сховішча, апорны пункт),

палявое фартыфікацыйнае ўмацаванне прамавугольнай (квадратнай) або многавугольнай формы, падрыхтаванае да кругавой самастойнай абароны. Быў апорным пунктам у сістэме ўмацаваных паз шый. Гарнізон Р. складаўся з 1—2 рот (часам узмоцненых артылерыяй). Шырока выкарыстоўваўся ў 16 — пач. 20 ст., напр., у час Барадзінскай бітвы (1812), абароны Варшавы (1831) і інш.

Рэдут: 1 — франтавыя (напольныя) фасы; 2 — бакавыя фасы; 3 — горжа; 4 — прыкрыты ўваход; 5 — гласіс; 6 — унутраны роў (акоп для стралкоў); 7 — бруствер; 8 — вонкавы роў.

т. 13, с. 554

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭДЫ́Ф (араб., літар. — той, хто сядзіць за коннікам),

слова або словазлучэнне, якое ў нязменным выглядзе паўтараецца ў вершаваных радках пасля канцавых рыфмаў. Характэрны для ўсх. верша (напр., газель). Сустракаецца і ў бел. паэзіі. У нар. песнях Р. — своеасаблівы кароткі прыпеў пасля кожнага радка. Р. выкарыстаў у сваёй «Песні» Ф.​Багушэвіч:

Чаго бяжыш. мужычок?
— Паганяе мароз.
Чаму ляжыш, мужычок?
— Бо урадніка вёз.
Чаго ты п’еш, мужычок?
— Бо і хлеба не еў.
За што ты б’еш, мужычок?
— Бо і сам тое меў...

В.​П.​Рагойша.

т. 13, с. 555

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭСІ́ВЕР (англ. receiver ад receive атрымліваць, прымаць, умяшчаць),

прыстасаванне (металічная ёмістасць) для збірання пары, газу ці паветра і выраўноўвання іх ціску. Выкарыстоўваецца ў кампрэсарных і паравых устаноўках, сістэмах пнеўмапрывода і інш.

У паравых машынах Р. выраўноўвае ціск пары пры пераходзе яе з цыліндра высокага ціску ў цыліндр нізкага ціску. У кампрэсарных устаноўках Р. збірае паветра (газ) пры часовым спыненні яго спажывання, выраўноўвае ціск паветра, што нераўнамерна напампоўваецца кампрэсарам, а таксама ахалоджвае паветра і ачышчае яго ад кропляў масла і вільгаці.

т. 14, с. 23

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭЦЭСІ́ЎНАСЦЬ (ад лац. recessus адступленне, выдаленне),

адсутнасць фенатыпічнага праяўлення аднаго алеля і абумоўленай ім бацькоўскай прыкметы ў гетэразіготнай асобіны, якая мае 2 розныя алелі аднаго гена. Напр., пры скрыжаванні чырванаплодных памідораў з жаўтаплоднымі першае пакаленне звычайна мае чырв. плады (дамінантная прыкмета, гл. Дамінантнасць). У наст. пакаленнях магчыма праяўленне ў гомазіготнай асобіны, якая мае 2 аднолькавыя алелі аднаго гена, жоўтай афарбоўкі (рэцэсіўная прыкмета). Насычанасць прыродных папуляцый рэцэсіўнымі генамі мае вял. значэнне для выжывання віду пры змене ўмоў існавання.

Р.​Г.​Заяц.

т. 14, с. 36

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САБАКАГАДО́ЎЛЯ,

развядзенне сабак свойскіх культурных парод. Вылучаюць С. службовую (для вартаўнічай, пагранічнай, ездавой, пастухоўскай і інш. службаў), паляўнічую (спарт. і прамысл. паляванне), дэкаратыўна-пакаёвую. Тэарэт. аснова С. — кіналогія.

Пры селекцыйнай рабоце сабак ацэньваюць і адбіраюць па канстытуцыі, экстэр’еры, рабочых і псіхічных якасцях і інш. Службовых і паляўнічых сабак гадуюць у спец гаспадарках, а таксама сабакаводы-аматары. Утрыманне сабак у гарадах і пасёлках гар. тыпу рэгламентуецца абавязковай рэгістрацыяй, правіламі ўтрымання ў жылых памяшканнях і выгулу, тэрмінамі прышчэпак і інш. Праводзяцца выстаўкі сабак.

т. 14, с. 45

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СА́КЛЯ (ад груз. сахлі — дом),

руская назва жылля горцаў Каўказа. С. звычайна каменныя (асабліва ў вайнахскіх народаў), глінабітныя або з саманнай цэглы, з плоскім дахам. Найб. характэрнае іх тэрасападобнае размяшчэнне на горным схіле; пры гэтым іх заднія сцены ўтвараюць схаваныя схілы гары, а дах адной С. можа служыць дваром для другой, што размешчана вышэй. Стараж. тып С. — 1-камернае жыллё без акон, з земляной падлогай, адкрытым агнішчам пасярэдзіне і дымавой адтулінай у даху. Сучасныя С. — шматпакаёвыя, з дашчанай падлогай, камінам або жал. печчу.

т. 14, с. 88

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)