раздзел матэматыкі, прысвечаны тэорыі і метадам рашэння мнагакрокавых задач аптымальнага кіравання. Грунтуецца на прынцыпе аптымальнасці, прапанаваным у 1950-я г.амер. матэматыкам Р.Белманам. У матэм. тэорыі кіроўных працэсаў строгае абгрунтаванне атрымана Л.С.Пантрагіным і інш. Выкарыстоўваецца ў аперацый даследаванні, у задачах аптымальнага планавання (напр., аб аптымальнасці размеркавання рэсурсаў, замены абсталявання), пры рашэнні многіх тэхн. праблем (у задачах кіравання паслядоўнымі хім. працэсамі, аптымальнага праектавання пракладкі дарог, аптымальных памераў ступеней ракет).
У Д.п. для кіроўных працэсаў сярод магчымых кіраванняў выбіраецца тое, якое вядзе да экстрэмальнага значэння мэтавай функцыі. Мнагакрокавасць вынікае з рэальнага працякання працэсаў або ўводзіцца штучна для расчлянення зыходнага працэсу прыняцця рашэння (у т. л. неперарыўнага) на асобныя этапы (крокі), якія выконваюцца ў розныя моманты часу. Гал. асаблівасць Д.п. — магчымасць рашаць усе аднатыпныя задачы пры любых пачатковых умовах (напр., вызначэнне аптымальнага рэжыму палёту самалёта ў зменлівых умовах надвор’я). На Беларусі праблемы Д.п. распрацоўваюцца ў Ін-це тэхн. кібернетыкі Нац.АН, БДУ, Бел.дзярж.эканам. ун-це.
Літ.:
Беллман Р. Динамическое программирование: Пер. с англ.М., 1960;
Хедли Дж. Нелинейное и динамическое программирование: Пер. с англ.М., 1967.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫФУ́ЗІЯ (ад лац. diffusio распаўсюджванне, расцяканне, рассейванне),
перанос рэчыва за кошт цеплавога руху часціц (малекул, атамаў і інш.) у адна- ці шматкампанентным газавым або кандэнсаваным асяроддзі; узаемнае пранікненне рэчываў, якія мяжуюць адно з адным. Адбываецца пры наяўнасці градыента канцэнтрацыі і вядзе да раўнамернага размеркавання рэчыва па ўсім аб’ёме сістэмы.
Д. ўласціва газам, вадкасцям і цвёрдым целам. Працякае з рознай скорасцю (найб. хутка ў газах), што абумоўлена характарам цеплавога руху. Дыфундзіраваць могуць завіслыя часцінкі прымесей (з прычыны броўнаўскага руху) і часціцы самога асяроддзя (самадыфузія), хім. састаў якога застаецца нязменны. Узнікае і пры адсутнасці градыента канцэнтрацыі: пад уплывам градыента т-ры (тэрмадыфузія), пры ўздзеянні знешняга эл. поля (электрадыфузія) ці градыента ціску (барадыфузія). Вызначае механізм і кінетыку хім. рэакцый, шматлікіх фіз.-хім. працэсаў і з’яў (мембранных, выпарэння, гарэння, крышталізацыі і інш); з’яўляецца асновай многіх працэсаў жыццядзейнасці жывёл і раслін (Д. кіслароду з лёгкіх у кроў, паглынанне пажыўных рэчываў, усмоктванне прадуктаў стрававання з кішэчніка і інш.), тэхнал. аперацый (гомагенізацыі сплаваў, зваркі металаў, дублення скуры і футра, афарбоўкі валокнаў і інш).
Літ.:
Овчинников А.А., Тимашев С.Ф., Белый А.А. Кинетика диффузионно-контролируемых химических процессов. М., 1986;
Чалых А.Е. Диффузия в полимерных системах. М., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭВІЯ́НТНЫЯ ПАВО́ДЗІНЫ,
паводзіны з адхіленнем ад агульнапрынятых у грамадстве прававых і маральна-этычных норм. Асн. іх віды: злачыннасць, алкагалізм, наркаманія, прастытуцыя, самазабойствы, сексуальная разбэшчанасць. Узнікненне Д.п. абумоўлена недахопамі выхавання, дэфектамі маральнай і прававой свядомасці, нізкім узроўнем інтэлектуальнага развіцця асобы, неспрыяльным уплывам спадчыннасці, асаблівасцямі характару, інтарэсаў і патрэбнасцей чалавека, яго эмацыянальна-валявой дзейнасці і інш. фактарамі. Італьян. псіхіятр Ч.Ламброза лічыў «крымінальны тып» своеасаблівым «вынікам» дэградацыі на больш ранніх стадыях чалавечай эвалюцыі. Франц. сацыёлаг Э.Дзюркгейм і прыхільнікі яго канцэпцыі сцвярджалі, што распаўсюджванню Д.п. садзейнічаюць сац.-эканам. і паліт. нестабільнасць, рэзкія змены ў грамадскім жыцці, сац. канфлікты, стрэсы і інш. Паводле тэорый анаміі і сацыялізацыі, праявы Д.п. узрастаюць, калі сацыяльна дапушчальныя сродкі дасягнення грамадскіх і індывід. мэт выконваюцца не ўсімі людзьмі або калі іх уваходжанне ў сац. жыццё адбываецца ў абставінах цярпімых адносін грамадства да амаральных учынкаў, насілля. У 1960-я г. атрымала пашырэнне канцэпцыя стыгматызацыі, паводле якой Д.п. — заканамерны вынік своеасаблівага «наклейвання» на чалавека ярлыкоў накшталт «алкаголік», «наркаман», «прастытутка» і імкнення сацыяльна ізаляваць, прыцягнуць да адказнасці, выправіць ці вылечыць такіх людзей. Існуюць канцэпцыі, у якіх сцвярджаецца, што Д.п. абумоўлены асаблівасцямі будовы чалавечага цела, анамаліямі палавых храмасом.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭКАРАТЫ́ЎНЫЯ РАСЛІ́НЫ,
дрэвы, кусты і травяністыя расліны, якія выкарыстоўваюцца на азеляненне, упрыгожванне жылых памяшканняў і грамадскіх будынкаў. Д.р. ёсць сярод прадстаўнікоў пакрытанасенных і голанасенных раслін, папарацей. На Беларусі высаджваюць каля 30 відаў і форм мясц. дрэў і кустоў, з інтрадукаваных раслін — больш за 540 відаў і сартоў кветкавых раслін, каля 40 хвойных і лісцевых дрэў, 100 кустоў і больш дзесятка павойных раслін.
Пры падборы Д.р. зыходзяць з мясц. умоў і практыкі выкарыстання відаў раслін. Лінейныя пасадкі фарміруюць найчасцей з дрэў з правільнай кронай (елка, туя, клён, ліпа, бяроза і інш.), адзіночныя пасадкі або групы — з дрэў з вузкімі і шырокімі кронамі (арэх, клён, вяз, рабіна, дуб і інш.), па берагах вадаёмаў, на схілах высаджваюць з ніцай кронай — вербы і інш.; альтанкі, тэрасы, сцены будынкаў, балконы ўпрыгожваюць павойнымі раслінамі (вінаград амурскі, хмель, кірказон, капрыфоль, дзявочы вінаград пяцілісточкавы і інш.), на кветніках садзяць ружы, цюльпаны, гладыёлусы, крокусы, касачы, флёксы, нарцысы, лілеі, астры і інш. У ахаваным грунце вырошчваюць пальмы, фікусы, гартэнзіі, цыкламены, герберы і інш. Сярод пакаёвых Д.р. найб. пашыраны пеларгонія, бягонія, плюшч, глаксінія, клівія, кактусы і інш.
Да арт.Дэкаратыўныя расліны. Азеляненне будынка дзявочым вінаградам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭЛЬФІ́НЫ,
млекакормячыя 2 сям.: рачных, або прэснаводных, Д. (Platanistidae) і дэльфінавых (Delphinidae) атр. кітападобных. 24 роды, 53 віды. Рачныя Д. пашыраны ў трапічных рэках Паўд. Амерыкі, уздоўж Атл. ўзбярэжжа ад Бразіліі да Цэнтр. Аргенціны, рэках Індыі і Кітая, дэльфінавыя — амаль ва ўсіх морах. Найб. вядомыя Д. з родаў афаліны, касаткі, белабочкі, марскія свінні і інш. У Чырв. кнізе МСАП 3 віды Д.: азёрны (Lipotes vexillifer), індскі (Platanista minor-P. indi), каліфарнійская марская свіння (Phocoena sinus).
Даўж. цела 1—10 м, маса да 8 т. У большасці ёсць спінны плаўнік, морда выцягнута ў «дзюбу», зубы шматлікія (больш за 70). Хваставы плаўнік гарызантальны, двухлопасцевы. Скура голая, рознага колеру. Д. добра арыентуюцца ў вадзе з дапамогай эхалакацыі і слыху (успрымаюць ваганні ад некалькіх дзесяткаў Гц да 200 кГц). Маюць складаную галасавую сігналізацыю і гукасігнальны (эхалакацыйны) орган, добра развіта ц. н. с.: галаўны мозг вялікі, шарападобны, вял. паўшар’і са шматлікімі звілінамі. Палавая спеласць у 3—5 гадоў. Нараджаюць 1 дзіцяня. Кормяцца рыбай, галаваногімі малюскамі, ракападобнымі. Здольныя да гукапераймання. Аб’екты спец. даследаванняў. Лёгка дрэсіруюцца, утрымліваюцца ў акіянарыумах (дэльфінарыях), дзе могуць размнажацца. Некат. віды прамысловыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЕГІ́ПЕЦКАЕ ПІСЬМО́,
слоўна-складовая сістэма пісьма, якая абслугоўвала старажытнаегіпецкую мову (каля 4-га тыс. да н.э. — 3—4 ст.н.э.). Мела 3 разнавіднасці: іерагліфіка, іератыка і дэмотыка (гл.Дэматычнае пісьмо). Пачатковы этап Е.п. — малюнкавая ідэаграфія (гл.Ідэаграфічнае пісьмо) якая развілася з піктаграфічнага пісьма.
Кожны малюнак абазначаў канкрэтны прадмет, з часам малюнкі сталі набываць пэўную сімволіку (напр., малюнак пчалы стаў абазначаць не толькі пчалу, а і занятак, стараннасць, працавітасць). Большасць іерогліфаў маглі мець гукавое значэнне: абазначалі спалучэнне 2 і больш зычных гукаў або асобны гук (усяго 24). Галосныя гукі ў іерагліфічным Е.п. не абазначаліся. Фанаграмы ў ім пераважалі над ідэаграмамі. Іерогліфаў, што найчасцей ужываліся, было каля 700. Выкарыстанне папірусу і трысняговай палачкі выклікала выпрацоўку курсіву — іератыкі, якая з’яўлялася спрашчэннем іерагліфікі. Абедзве разнавіднасці ўжываліся паралельна каля 3000 гадоў. Іератыкай пісаліся літ., навук. творы, дзелавыя паперы і інш. У 8 ст. да н.э. з іератыкі развіўся новы курсіў — дэмотыка, якая характарызуецца наяўнасцю большай колькасці лігатур і большай курсіўнасцю. Е.п. ўпершыню (1822) дэшыфраваў франц. вучоны Ж.Ф.Шампальён.
Літ.:
Павленко Н.А. История письма. 2 изд. Мн., 1987.
М.А.Паўленка.
Да арт.Егіпецкае пісьмо. Узор іератычнага пісьма (зверху); той жа тэкст у іерагліфічнай перадачы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫЛЛЁВА-БУДАЎНІ́ЧЫ КААПЕРАТЫ́Ў,
добраахвотнае аб’яднанне грамадзян з мэтай буд-ва жылых памяшканняў на ўласныя сродкі або з дапамогай крэдытаў, субсідый і інш. форм дзярж. падтрымкі. Кааператыў як юрыд. асоба — уласнік жылых памяшканняў у будынках Ж.-б.к. Яго члены маюць права ўласнасці толькі на паенакапленні ў кааператыве адпаведна ўнесеных сродкаў і кошту іх жылых памяшканняў, а права ўласнасці на жылое памяшканне — пасля аплаты яго поўнай вартасці і юрыд. афармлення гэтага права. Дзейнасць і кіраванне Ж.-б.к. рэгулююцца статутам, які прымаецца на ўстаноўчым сходзе. Вышэйшы орган кіравання — агульны сход, які выбірае праўленне, старшыню, рэвіз. камісію. Першыя Ж.-б.к. ўзніклі ў 19 ст. ў Зах. Еўропе. У БССР пачалі стварацца з 1921. У 1937 ліквідаваны, а іх дамы перададзены ў фонд мясц. органаў улады. Для паскарэння тэмпаў буд-ва ў адпаведнасці з рашэннем урада СССР у 1958 стварэнне Ж.-б.к. адноўлена. У канцы 1980 — пач. 1990-х г. развіццё набыло новы ўзровень (могуць стварацца ў нарматыўна-явачным парадку, больш дэмакратычна праводзіць сваю дзейнасць і інш.). Развіццё Ж.-б.к. (пры ўмове дзярж.фін. падтрымкі) — адна з перспектыўных форм вырашэння жыллёвага пытання. Гл. таксама Жыллёвы фонд. У.А.Вітушка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫЛЛЁВЫ ФОНД,
сукупнасць жылых дамоў і памяшканняў незалежна ад форм уласнасці. Уключае жылыя дамы агульнага тыпу, спец. дамы (інтэрнаты рознага прызначэння, дамы манеўранага фонду і інш.), асобныя кватэры, службовыя і інш. жылыя памяшканні ў розных будынках, прызначаныя для пастаяннага пражывання. Адрозніваюць Ж.ф. дзярж., юрыд. асоб і індывідуальны. У дзярж. Ж.ф. уваходзяць дамы і жылыя памяшканні, што знаходзяцца ў веданні мясц. Саветаў дэпутатаў, мін-ваў, дзярж. прадпрыемстваў, устаноў, камітэтаў і ведамстваў (ведамасны Ж.ф.). Ж.ф. юрыд. асоб складаецца з жылых памяшканняў жыллёвых і жыллёва-будаўнічых кааператываў, маладзёжных жылых комплексаў, калектываў індывід. забудоўшчыкаў, грамадскіх арг-цый, калгасаў, камерцыйных і некамерцыйных арг-цый і інш.Індывід. Ж.ф. уключае жылыя дамы і кватэры, якія знаходзяцца ў асабістай уласнасці грамадзян. Дамы садаводчых т-ваў у Ж.ф. не ўваходзяць. Ж.ф. выконвае шэраг функцый у нар. гаспадарцы: забяспечвае сац. абарону асобных катэгорый грамадзян, садзейнічае рассяленню насельніцтва ў інтарэсах развіцця нар. гаспадаркі, з’яўляецца аб’ектам прадпрымальніцкай дзейнасці і інш. Ж.ф. Беларусі на 1.1.1997 налічвае 3 млн. 679,6 тыс. кватэр і індывід. жылых дамоў. Дзярж. Ж.ф. складае 201,4 млн.м² агульнай пл., або 30,5%, індывід. — 59,1%, юрыд. асоб — 10,4%. Гл. таксама Жыллёвае права, Жыллёвы кодэкс Рэспублікі Беларусь.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАБРУ́ДЖВАННЕ НАВАКО́ЛБНАГА АСЯРО́ДДЗЯ,
паступленне ў асяроддзе рэчываў, біял. агентаў або розных відаў энергіі ў колькасці, якая перавышае звычайны ўзровень. Аказвае шкодны ўплыў на існаванне жывых арганізмаў і парушае прыродную дынамічную раўнавагу. Вылучаюць прыроднае і забруджванне антрапагеннае, з якімі звязаны забруджванне атмасферы, забруджванне вод, забруджванне глеб. Прыроднае забруджванне звязана з натуральнымі працэсамі (напр., у выніку вулканічнай дзейнасці); бывае часовае, пастаяннае, лакальнае, рэгіянальнае і глабальнае. Рост антрапагеннага ўздзеяння на навакольнае асяроддзе — эканам., сац., паліт. і прыродазнаўча-навук. праблемы. Барацьба з З.н.а. патрабуе заканадаўчага забеспячэння, кантролю велічынь гранічна дапушчальных канцэнтрацый шкодных рэчываў, грунтуецца на пастаянным павышэнні агульнай, тэхнал., экалагічнай культуры насельніцтва, стварэнні экалагічна бяспечных сістэм гасп. дзейнасці, узвядзенні ачышчальных збудаванняў і інш. (гл. таксама Ахова прыроды, Экалогія). На Беларусі на 1.1.1996 намнажэнне адходаў складала 619 млн.т, за год утвараецца да 20 млн.т (у прам-сці да 80%, у быт. сектары да 20%). Гал. доўгатэрміновай экалагічнай праблемай з’яўляецца радыеактыўнае З.н.а. пасля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС у 1986, якая ахапіла каля 23% тэр. рэспублікі (па цэзіі-137).