ПРЭАДАПТА́ЦЫЯ (ад лац. prae спераду, перад + адаптацыя),
уласцівасць арганізма (органа), што мае прыстасавальную здольнасць для форм узаемадзеяння арганізма з асяроддзем, якія яшчэ не адбываюцца, ці функцый органа, якія яшчэ не выконваюцца; таксама працэс набыцця прэадаптыўных асаблівасцей. Узнікае на аснове прыстасавальнай эвалюцыі, што ідзе пад кантролем натуральнага адбору, і з’яўляецца пабочным вынікам эвалюц. змен, якія ўдасканальваюць ранейшыя функцыі органа. Напр., сківіцы ў працэсе эвалюцыі пазваночных жывёл узніклі з пярэдняй жабравай дугі пасля яе раздзялення на рухомыя элементы для інтэнсіфікацыі дыхання. Т.ч. набыццё жабравай дугой функцыі сківіц было прэадаптавана ўдасканаленнем «жабравай помпы». Біял. сэнс П. — прыстасаванне арганізма да змен навакольнага асяроддзя, якое магчыма толькі пры наяўнасці ў яго асаблівасцей, што прыяюць выжыванню ў новых умовах. Гл. таксама Постадаптацыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЭ́ТАРСКАЕ ПРА́ВА (лац. jus praetorium),
прававая сістэма ў Стараж. Рыме, што складалася з рашэнняў (эдыктаў) прэтараў — службовых асоб, якія ажыццяўлялі пераважна судовыя, прававыя функцыі. Рашэнні прэтараў заўсёды насілі працэсуальны, а не матэрыяльны характар, бо яны не мелі права адмяняць або змяняць законы. Прэтарскі эдыкт дзейнічаў на працягу года, але кожны новы яго пераемнік пры складанні свайго эдыкта выкарыстоўваў найб. важныя прававыя ўстанаўленні папярэднікаў, фактычна спыняючы дзеянне састарэлых норм. З сярэдзіны 2 ст. да н.э. прэтары атрымалі права складаць у ходзе суд. працэсу абавязковую для суддзяў юрыд. інструкцыю. т.зв. фармулярны працэс. П.п. істотным чынам рэфармавала ін-ты прыватнага права, напр., валоданне, дагавор, права на спадчыну. У 4—5 ст.н.э. адбылося збліжэнне П.п. і цывільнага права, што прывяло да поўнай іх аднастайнасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЭЦЭДЭ́Т [ад лац. praecedens (precedentis) папярэдні)] судовы, вынесенае судом па канкрэтнай справе рашэнне, абгрунтаванне якога становіцца правілам, абавязковым для ўсіх судоў той жа або ніжэйшай інстанцыі пры вырашэнні аналагічнай справы. П. адыгрываў важную ролю ўжо ў рымскай юстыцыі. У некат. краінах (напр., у Вялікабрытаніі, большасці штатаў ЗША, Канадзе, Аўстраліі) П. прызнаецца крыніцай права і ляжыць у аснове прававой сістэмы. У адпаведнасці з дактрынай, што пануе ў гэтых краінах, суддзя не стварае прававой нормы, а на падставе П. фармулюе толькі тое, што вынікае з агульных пачаткаў права. У інш. краінах П. мае значэнне для рашэння пытанняў прымянення права, для папаўнення прагалаў у законе, прызнання звычаю. На аснове П. ўносяцца асобныя дапаўненні ў дзеючае заканадаўства, даецца тлумачэнне закона.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУЗЫРКО́ВАЯ КА́МЕРА,
прылада для рэгістрацыі слядоў (трэкаў) зараджаных часціц высокіх энергій. Прынцып дзеяння заснаваны на закіпанні перагрэтай вадкасці ў наваколлі траекторыі часціцы. Выкарыстоўваецца для рэгістрацыі актаў узаемадзеяння часціц з ядрамі вадкасці або па прадуктах іх распаду на інш. часціцы. Вынайдзена амер. вучоным Д.Глезерам (1952).
Для вымярэння імпульсаў зараджаных часціц П.к. змяшчаюць у магн. поле. Пераграванне вадкасці ажыццяўляецца хуткім змяншэннем ціску ад пачатковага (раўнаважнага) значэння. Пры праходжанні зараджанай часціцы праз такую вадкасць уздоўж яе следу ўтвараюцца «зародкавыя» цэнтры кіпення.
Рабочая вадкасць П.к. — вадарод, у т. л. ў сумесі з неонам, прапан, фрэон, ксенон і інш.
Узаемадзеянне К−-мезона ў вадкавадароднай пузырковай камеры з пратонамі, у выніку якога нараджаюцца часціцы Σ+, K+, π+, π−, K0, якія распадаюцца на π+- і π−-мезоны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУ́РКІНЕ, Пуркінье (Purkyně) Ян Эвангеліста (17.12.1787, Лібахвіцы, Чэхія — 28.7.1869), чэшскі вучоны-біёлаг і грамадскі дзеяч. Ганаровы чл.Пецярб. медыка-хірург. акадэміі. Бацька К.Пуркіне. Скончыў Пражскі ун-т (1818). З 1823 праф. ун-та ў г. Брэслаў, у 1839 заснаваў тут першы ў свеце фізіял.ін-т: З 1850 праф. Пражскага ун-та; у 1851 заснаваў фізіял.ін-тпры гэтым ун-це. Навук. працы па фізіялогіі, цыталогіі, анатоміі, эмбрыялогіі. Адкрыў ядро яйцаклеткі, рух раснічак мігальнага эпітэлію, апісаў нейроны ц. н. с. пазваночных, шэраг гісталагічных структур, названых яго імем (клеткі і валокны П.), прапанаваў тэрмін «пратаплазма». Сканструяваў мікратом, удасканаліў мікраскапічную тэхніку. Падышоў да фармулявання клетачнай тэорыі. Змагаўся за ўвядзенне чэшскай мовы ў ВНУ, за стварэнне Нац.АН, нац.т-ра.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУХАЕ́ДЫ (Mallophaga),
атрад насякомых. 2 падатр.: П. сапраўдныя (Amblycera) і пёра- і валасаеды (Ischnocera). Каля 3 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды. Паразіты млекакормячых (валасаеды) і птушак (пер’яеды — Philopteridae). Жывуць на пёрах, валасах, скуры, унутры стрыжня пяра, у роце гаспадароў. Большасць прыстасавана да пэўных гаспадароў; пры масавым заражэнні зніжаюць іх жыццяздольнасць. На Беларусі каля 20 відаў; найб. трапляюцца пер’яеды: галубіны (Columbicola columbae), качыны (Anatoecus dentatns), курыны (Goniocotes gallinae) і інш., з валасаедаў — кашэчы і сабачы.
Даўж. да 11 мм. Цела пляскатае, бяскрылае. укрытае шчацінкамі, жоўта-карычневае. Вочы рэдукаваныя. Вусікі кароткія, 3—5-членікавыя. Ротавыя органы грызучыя. Кормяцца пер’ем, валасамі, арагавелымі часцінкамі і эпідэрмальнымі лускавінкамі скуры, крывёю. Раздзельнаполыя. Развіццё з няпоўным ператварэннем.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУ́ХАЎ (Мікалай Паўлавіч) (25.1.1895, в. Грышова Бабынінскага р-на Калужскай вобл., Расія — 28.3.1958),
удзельнік баёў на Беларусі ў Вял.Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1943), ген.-палк. (1944). Скончыў курсы «Выстрал» (1926), удасканалення Акадэміі Генштаба (1952). У Чырв. Арміі з 1918. Удзельнік 1-й сусв. і грамадз. 1918—20 войнаў. У Вял.Айч. вайну з 1941 на Паўд.-Зах., Бранскім, Цэнтр., 1-м Укр. франтах. Войскі 13-й арміі на чале з ген.-лейт. П. вызначыліся ў вер. 1943 пры фарсіраванні Дняпра, вызвалілі г.п. Камарын Брагінскага р-на Гомельскай вобл., захапілі плацдарм на правым беразе Прыпяці. Пасля вайны на камандных пасадах у Сав. Арміі. Дэп. Вярх. СаветаСССР у 1946—58. Аўтар успамінаў «Гады выпрабаванняў» (1959).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯНЬКО́ЎСКІ (Валянцін Антонавіч) (14.4.1904, г. Магілёў — 26.4.1969),
савецкі военачальнік, ген. арміі (1961). Скончыў Аб’яднаную ваен. школу імя ЦВКБССР (1927), Вышэйшыя акад. курсы прыВаен. акадэміі Генштаба (1947). У Чырв. Арміі з 1920. Удзельнік грамадз. вайны 1918—20. З 1933 на камандных пасадах у ППА. У Вял.Айч. вайну на Паўд.-Зах., Сталінградскім, Данскім, Варонежскім, Ленінградскім, 1-м і 2-м Прыбалт., 1-м Далёкаўсх. франтах. Удзельнік Сталінградскай і Курскай бітваў, вызвалення Украіны, Беларусі (Віцебск, Полацк), вайны з Японіяй 1945. Пасля вайны нач. штабоў шэрагу ваен. акруг, з 1961 камандуючы войскамі БВА. З 1964 нам. міністра абароны СССР. Чл.ЦККПБ у 1961—66. Дэп.Вярх. Саветаў СССР з 1958, БССР у 1963—67. Ганаровы грамадзянін г. Полацк.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯСЧА́НІК, пескавік,
асадкавая горная парода з зерняў пяску, сцэментаваных гліністым, карбанатным, крамяністым, жалезістым і інш. матэрыялам. Паводле памераў зерняў і мінер. саставу вылучаюць тыя ж разнавіднасці, што і сярод пяскоў. Вылучаюць таксама аркозы, граўвакі (П. з мінералаў і абломкаў асн. вывергнутых парод, пераважна эфузіўных) і туфагенныя П. (утрымліваюць піракластычны матэрыял да 50%). Паводле ступені звязанасці вылучаюць П. слаба-, сярэдне- і моцнасцэментаваныя. Шчыльнасць 2,25—2,67 г/см³, порыстасць 0,69—6,7%, мяжа трываласці на сцісканне 30—266 МПа. Пры метамарфізме П. пераўтвараецца ў кварцыт. Шырока выкарыстоўваецца ў буд-ве (вытв-сць друзу, жвіру; як бутавы камень, сценавы і абліцовачны матэрыял), як абразіў. Кварцавы П. ідзе на выраб вогнетрывалай дынасавай цэглы, шкла, кіслотатрывалых матэрыялаў. Гл. таксама Абломкавыя горныя пароды, Псаміты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯТРО́Ў (Васіль Іванавіч) (н. 15.1.1917, с. Чарналескае Будзёнаўскага р-на Стаўрапольскага краю, Расія),
савецкі военачальнік. Маршал Сав. Саюза (1983), Герой Сав. Саюза (1982). Скончыў Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1948) і Вышэйшыя акад. курсы прыВаен. акадэміі Генштаба (1969). У арміі з 1939. У Вял.Айч. вайну на Паўд., Крымскім, Паўн.-Каўк., Закаўк., Сцяпным, Варонежскім, 1-м і 2-м Укр. франтах. Пасля вайны на штабных і камандных пасадах. У 1972—76 каманд. войскамі Далёкаўсх. ваен. акругі, у 1976—80 1-ы нам. галоўнакаманд., у 1980—85 галоўнакаманд. Сухапутнымі войскамі — нам. міністра абароны СССР. У 1977—78 адначасова ўзначальваў сав.ваен. місію па аказанні дапамогі ўраду Эфіопіі ў адбіцці агрэсіі з боку Самалі. У 1985—86 1-ы нам. міністра абароны СССР.