ВА́АРАНДЗІ ((Vaarandi) Дэбора) (н. 1.10.1916, г. Выру, Эстонія),
эстонская паэтэса. Нар. пісьменніца Эстоніі (1971). У 1936—40 вучылася ў Тартускім ун-це. Друкуецца з 1940. Першы зб. «Пад палаючым небам» (1945) пра падзеі Вял.Айч. вайны. У зб-ках паэзіі «Пад шум прыбою» (1948), «Ясным ранкам» (1950) гіст. мінулае і пасляваенны перыяд аднаўлення краіны. Актуальнасцю, шматграннасцю тэматыкі, высокім паэтычным майстэрствам адметныя зб-кі «Летуценнік ля вакна» (1959), «Хлеб прыбярэжных раўнін» (1965), «Пры святле ветру» (1977) і інш. Паэзіі Ваарандзі ўласцівы асацыятыўная вобразнасць, філасафічнасць, напружаная эмацыянальнасць. Выступае як публіцыст. Дзярж. прэміі Эстоніі 1950, 1965. Пераклала на эст. мову асобныя творы Я.Купалы. На бел. мову творы Ваарандзі перакладаў А.Вярцінскі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ШКЕРЦ ((Aškerc) Антон) (9.1.1856, в. Глабока, Славенія — 10.6.1912),
славенскі паэт, драматург. У 1881—98 святар. Друкаваўся з 1880. Аўтар зб-каў «Балады і рамансы» (1890), «Лірычныя і эпічныя вершы» (1896) і інш., п’ес («Ізмайлаў», 1906, і інш.). Перавагу аддаваў баладам, паэмам, сатырам. Стварыў рэаліст. карціны сял. жыцця (балады «Вяселле ў Логах», 1887; «Камень на мяжы», 1888), увёў у славенскую паэзію вобраз рабочага. Нізка балад «Старая праўда» (1888) прысвечана сярэдневяковым сял. паўстанням. Адстойваў ідэю адзінства славян, асуджаў манархічны дэспатызм і захопніцкія войны («Новыя вершы», 1900). Папулярнасць набылі яго творы на гіст. тэмы (вершы «Прымаж Трубар», «Пакутнікі» і інш.). На бел. мову яго творы перакладаў Н.Гілевіч.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАГУШЭ́ЎСКІ (Стафан) (26.12.1876, маёнтак Ізабелава Мінскай губ. — 16.4.1938),
удзельнік рэв. руху на Беларусі, дзеяч антываен. і антыфаш. руху ў Польшчы. Вучыўся ў Ін-це сельскай гаспадаркі і лясніцтва ў Пулавах, Ягелонскім ун-це ў Кракаве. У 1905 удзельнічаў у рабоце Бел.сацыяліст. грамады, у снеж. 1905 арыштаваны разам з К.Каганцом і інш. грамадаўцамі. У 1-ю сусв. вайну служыў у польскіх легіёнах у складзе войскаў Аўстра-Венгрыі. У 1918—28 працаваў выкладчыкам, займаўся навук.-агранамічнай дзейнасцю. У 1928 і 1930 выбраны ў польскі сенат. Падтрымліваў кантакты з Кампартыяй Польшчы. У 1933 заснаваў Польскі антыфаш. і антываен. к-т, быў дэлегатам Еўрапейскага антыфаш. рабочага кангрэса ў Парыжы (1933).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАДА́К (Алесь) (Аляксандр Мікалаевіч; нарадзіўся 28.2.1966, в. Туркі Ляхавіцкага р-на Брэсцкай вобл.),
бел.паэт. Скончыў БДУ (1990). З 1991 у час. «Бярозка». Друкуецца з 1979. У зб-ках вершаў «Будзень» (1989), «За ценем самотнага сонца» (1995) — лірычныя перажыванні, трывожны роздум над жыццём сучасніка, экалагічнымі праблемамі, фалькл. матывы. У кн. для бацькоў і выхавацеляў «Маленькі чалавек у вялікім свеце» (1995) праз вершы, казкі, апавяданні вядзе з малымі даходлівую гаворку пра агульначалавечыя каштоўнасці — любоў да Радзімы, дабрыню, пашану да ўсяго жывога. Выдаў зб. вершаў для дашкольнікаў «Мы купілі кракадзіла» (1995, з В.Шніпам). На многія яго вершы напісалі песні кампазітары Э.Ханок, Э.Зарыцкі, Л.Захлеўны, В.Іваноў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЗЫ́ЛІК (Цыпрыян) (1535?, г. Серадз, Польшча — пасля 1600),
паэт, перакладчык, кампазітар, кнігавыдавец. Вучыўся ў Кракаўскім ун-це. Прыблізна з 1556 адзін з кіраўнікоў капэлы канцлера ВКЛ М.Радзівіла Чорнага. Складаў рэліг. песнапенні (выдадзены асобнымі кніжкамі ў Брэсце ў 1556, 1558, 1559). У 1560—70-я г. ўладальнік і кіраўнік Брэсцкай друкарні. У некаторыя кнігі ўключаў свае вершы. Аўтар паэмы «Надпіс на помніку П.Сецыгнеўскага» (1570). Пераклаў з лац. мовы на польск. і выдаў «Гісторыю жорсткіх ганенняў царквы Божай» (1567, з А.Воланам), творы М.Барлетці пра Г.Скандэрбега (1569), М.Олаха «Пра Атылу, караля угорскага» (Кракаў, 1574; рукапіс бел. перакладу каля 1580) і А.Маджэўскага Фрыча «Аб удасканаленні Рэчы Паспалітай» (Лоск, 1577).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛТА́КІС ((Baltakis) Альгімантас) (н. 15.2.1930, в. Страздзішкіс Анікшчайскага р-на, Літва),
літоўскі паэт.Нар. пісьменнік Літвы (1986). Скончыў Вільнюскі ун-т (1954). Аўтар зб-каў вершаў «Калі дожджык імжыць» (1955), «Чортаў мост» (1957), «Падземныя рэкі» (1965, Дзярж. прэмія Літвы 1966), «Хлеб і воблакі» (1973), «Дэдыкацыі» (1975), «Элегіі Страздзішкіса» (1979), «Наш вечар» (1986), «Уздых» (1993). Яго творы вызначаюцца эмацыянальнай адкрытасцю, у іх светаўспрыманне маладога пакалення пасляваен. Літвы, рэчава-канкрэтная паэтыка гарадскіх будняў. На літоўскую мову пераклаў кнігу паэзіі Р.Барадуліна «Бусел на даху» (1981), паасобныя вершы М.Танка. На бел. мову творы Балтакіса перакладае Р.Барадулін.
Тв.:
Rinkt. raštai. T. 1—2. Vilnius, 1983;
Рус.пер. — Высокий потолок: Стихи и поэма. М. 1965.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНСА́МБЛЬ НАРО́ДНАГА ТА́НЦА РАСІ́І,
адзін з буйнейшых харэагр. калектываў Расіі. Створаны ў 1937 у Маскве, да 1991 наз. Ансамбль нар. танца СССР, з 1965 акадэмічны. Арганізатар і маст. кіраўнік І.Майсееў.
У рэпертуары танцы народаў свету, у т. л.бел. («Лявоніха», «Бульба», «Юрачка», «Янка»), канцэртныя мініяцюры, харэагр. сюіты, фалькл. цыклы («Партызаны», «Руская сюіта», малд. сюіта «Жок», укр. сюіта «Вяснянкі», «Карцінкі мінулага», «Танцы славянскіх народаў», «Па краінах свету», праграма «Дарога да танца» і інш.), што сталі ўзорамі ў галіне мастацтва нар. танца і з’яўляюцца вынікам зліцця самабытнай нар. творчасці з акад. асновай танца. Выступае ў суправаджэнні малога сімф. аркестра, у складзе якога трупа нар. інструментаў. Пры ансамблі працуе школа-студыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНСА́МБЛЬ ПЕ́СНІ І ТА́НЦА,
вялікі выканальніцкі калектыў, які складаецца з вакальнай, харэаграфічнай і аркестравай груп і аб’ядноўвае ў выступленнях розныя віды і жанры муз. і харэагр. мастацтва. Група нумароў часта ўтварае тэматычную вак.-харэагр. кампазіцыю, звычайна з элементамі тэатралізацыі. Вядзе гісторыю ад Ансамбля песні і танца Расійскай Арміі імя А.В.Аляксандрава (з 1928), набыў папулярнасць у многіх краінах («Мазоўша» і «Шлёнск» у Польшчы; «Слук» у Чэхіі; «Кола» ў Югаславіі і інш.). На Беларусі вядомы: Ансамбль беларускай народнай песні і танца Беларускай філармоніі, Бел. ансамбль песні і танца пад кіраўніцтвам Р.Шырмы (гл.Дзяржаўны акадэмічны народны хор Рэспублікі Беларусь), Ансамбль песні і танца Узброеных сіл Рэспублікі Беларусь, ансамбль «Белыя росы», шматлікія самадзейныя калектывы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРАБЕ́СКІ,
складаны, насычаны арнамент, заснаваны на мудрагелістым перапляценні геам. і стылізаваных раслінных матываў; часам уключае і надпісы. Развіўся ў пластычных мастацтвах арабскіх краін. У эпоху Адраджэння ў Еўропе арабескі наз. любы арнамент, які складаўся з пераплеценых ліній, стужак ці галінак. У бел. мастацтве арабескі захаваліся ў аздобе драўляных царскіх варот Благавешчанскай царквы Супрасльскага манастыра (16 ст.), у гравіраваным дэкоры шклянога посуду мануфактур Урэчча і Налібакаў (18 ст.), каваных алтарных перагародак (Троіцкі касцёл у Ружанах Пружанскага р-на, 18 ст.), каваных дзвярах бернардзінскага касцёла ў Гродне (17 ст.) і інш. Арабескі былі ўпрыгожаны шпалеры, што аздаблялі сцены гар. палаца Радзівілаў у Нясвіжы ў 18 ст., дываны Гродзенскай ткацкай мануфактуры.