сінтэтычныя валокны, атрыманыя фармаваннем з расплаваў ці раствораў поліамідаў. Каля 98% ад агульнай вытв-сці П.в. складаюць валокны з аліфатычных поліамідаў, пераважна полікапрааміду (гандл. назвы капрон, найлан-6, перлон, дэдэрон, амілан, рэлон і інш.) і полігексаметыленадыпінаміду (анід, найлан-6,6, глацэм і інш.).
Характарызуюцца высокімі трываласцю, эластычнасцю, устойлівасцю да сцірання, шматразовага выгінання і многіх хім. рэагентаў. Маюць нізкую гіграскапічнасць (прычына павышанай электрызавальнасці), святло- і тэрмаўстойлівасць (макс. рабочая т-ра 80—150 °C). П.в. з араматычных поліамідаў (напр., полі-м-феніленізафталаміду) тэрмаўстойлівыя: прыдатныя для эксплуатацыі пры 250—500 °C. Выкарыстоўваюць для вытв-сці трыкатажу, тканін, дываноў, шыннага корду, гумава-тэхн. вырабаў, рыбалоўнай сеткі, канатаў. вяровак. фільтравальных матэрыялаў для харч. прам-сці і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПОЛІКАНДЭНСА́ЦЫЯ (ад полі... + кандэнсацыя),
метад сінтэзу палімераў, заснаваны на рэакцыі паміж сабой бі- або поліфункцыян. манамераў і (ці) алігамераў, якая звычайна суправаджаецца вылучэннем нізкамалекулярнага прадукту (вады, аміяку, спірту і інш.); адзін з асн. спосабаў атрымання высокамалекулярных злучэнняў.
П. біфункцыян. манамераў наз. лінейнай, П. з удзелам манамераў, у якіх больш за 2 функцыян. групы, — трохвымернай; у выніку ўтвараюцца, адпаведна, лінейныя і сеткавыя палімеры. Разнавіднасць П. — поліцыклакандэнсацыя, пры якой адначасова з П. адбываецца ўнутрымалекулярная цыклізацыя лінейнага прадукту. П. ляжыць у аснове біясінтэзу бялкоў, нуклеінавых кіслот, цэлюлозы, крухмалу і інш. У прам-сці выкарыстоўваюць для атрымання поліэфіраў (напр., поліэтылентэрэфталату), сінт. смол (напр., фенола-фармальдэгідных смол), поліамідаў, полікарбанатаў, поліўрэтанаў і інш.
Літ.:
Соколов Л.Б. Основы синтеза полимеров методом поликонденсации. М., 1979.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРА́ВІЛЫ ЎНУ́ТРАНАГА ПРАЦО́ЎНАГА РАСПАРА́ДКУ.
На Беларусі рэгламентуюцца Тыпавымі П.ў.п.р. (зацверджаны пастановай Дзярж.к-та па працы і сац. абароне насельніцтва 19.5.1994). Складаюцца з 7 раздзелаў. Уключаюць паняцці ўнутр.прац. распарадку, рэгламентуюць парадак прыняцця галіновых і мясц. правіл, вызначаюць правы і абавязкі наймальніка і інш. службовых асоб, парадак прыёму і звальнення работнікаў, абавязкі работнікаў і наймальніка, рабочы час і яго выкарыстанне, меры заахвочвання, адказнасць за парушэнне прац. дысцыпліны. На аснове прац. заканадаўства і Тыпавых правіл мін-вы, дзярж. к-ты і ведамствы з удзелам галіновых прафсаюзаў могуць распрацоўваць і зацвярджаць галіновыя правілы. Пры адсутнасці мясцовых дзейнічаюць галіновыя або Тыпавыя П.ў.п.р. У асобных галінах нар. гаспадаркі (напр., транспарт, авіяцыя) унутр.прац. распарадак рэгулюецца статутамі або палажэннямі аб дысцыпліне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАКАПЧУ́К (Андрэй Якаўлевіч) (16.7.1896, в. Чамяры Слонімскага р-на Гродзенскай вобл. — 13.4.1970),
бел. вучоны ў галіне дэрматавенералогіі. Акад.АН Беларусі (1940, чл.-кар. 1936), д-рмед.н. (1936), праф. (1931). Засл. дз. нав. Беларусі (1944). Скончыў Маскоўскі ун-т (1923). З 1927 у клініцы скурных і венерычных хвароб БДУ, з 1931 у Мінскім мед. ін-це (заг. кафедры), адначасова ў 1932—38 і 1945—63 у Бел. скурна-венералагічным НДІ (дырэктар). Навук. працы па марфалогіі запаленчых працэсаў скуры, абмене рэчываў, прафілактыцы, дыягностыцы, ужыванні радыеактыўных ізатопаў і стэроідных гармонаў пры скурных і венерычных хваробах. Распрацаваў і ўкараніў у практыку метад лячэння чырв. ваўчанкі акрыхінам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАМЯНЁВАЯ ЗБРО́Я, лазерная зброя,
від зброі, заснаваны на выкарыстанні лазернага выпрамянення з мэтай паражэння людзей, узбраення і ваен. тэхнікі. Асн. характарыстыкі: імгненнае паражэнне цэлі, вялікая далёкасць паражэння (200—2 тыс.км), колькасць энергіі пры адным выстрале каля 200 МДж (эквівалентна 50 кг зараду трынітраталуолу). Асн. паражальныя фактары: цеплавое ўздзеянне, дынамічны ўдар, светлавое і эл.-магн. выпрамяненне. Найб. эфектыўная П.з. для паражэння паліўных бакаў міжкантынент. балістычных ракет, лятальных апаратаў і інш. Адрозніваюць непасрэднае паражэнне П.з. (за кошт награвання, плаўлення і выпарэння) і функцыян. (уздзеянне на асобныя сістэмы аб’ектаў). Асн. тыпы лазераў, якія могуць выкарыстоўвацца ў П.з.: хімічныя на фторыстым вадародзе і фторыстым дэйтэрыі, кіслародна-ёдзістыя на свабодных электронах, рэнтгенаўскія з напампоўкай ад ядз. выбуху і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАТАКТЫ́НІЙ (лац. Protactinium),
Pa, радыеактыўны хім. элемент III групы перыяд. сістэмы, ат. н. 91, ат. м. 231,0359, адносіцца да актыноідаў. Вядома 20 ізатопаў з масавымі лікамі 216—218, 222—238; найб. устойлівы 231Pa (перыяд паўраспаду 3,28∙104 гадоў) уваходзіць у радыеактыўны рад урану. У зямной кары 10−10% па масе. Адкрыты ў 1917 О.Ганам і Л.Майтнер і незалежна ад іх — Ф.Содзі і Дж.Кранстанам. Назва ад грэч. prōton — першы і актыній (пры α-распадзе 231Pa утвараецца актыній-227).
Светла-шэры метал, tпл1572 °C, шчыльн. 15370 кг/м³. Вылучаюць з прыроднай сыравіны (ва уранавых рудах на 1 частку урану прыпадае ⁓3∙10−7 частак П.). Выкарыстоўваюць 231Pa як зыходны нуклід для атрымання урану-232, 233Pa (γ-выпрамяняльнік) у навук. доследах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАФЕСІ́ЙНЫЯ ШКО́ДНАСЦІ,
фактары працоўнага працэсу і вытворчай сферы, якія аказваюць прамое або ўскоснае неспрыяльнае ўздзеянне на стан здароўя і працаздольнасць чалавека. Могуць выклікаць прафесійныя хваробы. Да П.ш. належаць хім. (таксічныя рэчывы і інш.), фіз. (шум, вібрацыя, ультрагук, іанізаваныя, лазерныя і інш. выпрамяненні, электрамагнітныя палі і інш.), біял. (узбуджальнікі інфекц. захворванняў, гармоны, антыбіётыкі і інш.) фактары; вымушанае нязручнае становішча цела ў час працы, нерв.-псіхічнае, зрокавае, слыхавое напружанне і інш. Падзяляюць на 2 групы: небяспечныя фактары, якія выклікаюць вострае парушэнне здароўя і гібель арганізма і шкодныя фактары, якія аказваюць адмоўны ўплыў на працаздольнасць або выклікаюць прафес. хваробы. Пры ўдасканаленні ўмоў працы П.ш. могуць памяншацца або ліквідавацца. З мэтай прафілактыкі П.ш. праводзяцца перыяд.мед. агляды працуючых.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРО́ХАРАВА (Віялета Ігараўна) (н. 17.11.1941, г.п. Чэрлак Омскай вобл., Расія),
бел. вучоны ў галіне біяхіміі і анкалогіі. Д-рмед.н. (1997), праф. (1999). Скончыла Мінскі мед.ін-т (1964). З 1964 у БелНДІ анкалогіі і мед. радыялогіі (з 1981 заг. аддзела). Навук. працы па гарманальна-метабалічных узаемаадносінах у сістэме «пухліна—арганізм», біяхім. перабудовах у арганізме анкалагічных хворых пры комплексным і камбінаваным лячэнні, пухлінных маркёрах, паказчыках электроннага парамагнітнага рэзанансу ў дыягностыцы раку.
Тв.:
Рак и циклические нуклеотиды: Механизмы опухолевого роста, гормоночувствительность опухолевой ткани, пробл. клинич. онкологии. Мн., 1993 (разам з Л.М.Берштэйнам, Я.Ф.Канаплёй);
Лабораторная оценка побочных реакций организма на многокомпонентную химиотерапию злокачественных опухолей у детского контингента больных (у сааўт.) // Актуальные проблемы онкологии и медицинской радиологии: Сб. науч. работ. Мн., 1999.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫЗЫ́Ў на ваенную ці альтэрнатыўную службу, прыцягненне грамадзян да выканання воінскага абавязку (павіннасці) або інш. службовых абавязкаў у адпаведнасці з законам. У Рэспубліцы Беларусь паводле закону «Аб усеагульным воінскім абавязку і ваеннай службе» (1992) існуюць наступныя віды П.: на тэрміновую ваен. службу (праводзіцца 2 разы ў год) паводле Указа Прэзідэнта; на ваен. службу па мабілізацыі і ў ваен. час (праводзяцца пры абвяшчэнні ў краіне поўнай або частковай мабілізацыі); на ваен. службу ў мірны час афіцэраў запасу, якія не прайшлі тэрміновую ваен. службу і не дасягнулі 27 гадоў (праводзіцца паводле рашэння Савета Міністраў). У шэрагу краін, у т. л. СНД (Украіна і інш.), існуюць законы (у Рэспубліцы Беларусь праект закона) аб альтэрнатыўнай службе. Гл. таксама Абавязак воінскі, Воінская павіннасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫСЯ́ГА ВАЕ́ННАЯ,
урачыстае абяцанне (клятва), якое дае кожны вайсковец (грамадзянін) у час уступлення ў рады ўзбр. сіл; прыняцце П.в. важны прававы акт. Змест П.в. і рытуалы яе прыняцця адлюстроўваюць гіст. і нац. традыцыі народа, дзяржавы і арміі. П.в. воіна Узбр. Сіл Беларусі адпавядае патрабаванням Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, законам і ваен. статутам, вызначае абавязкі па абароне Айчыны. Яе тэкст зацверджаны ў 1992, палажэнне аб парадку прыняцця — у 1997. Кожны вайсковец, які прымае П.в., замацоўвае гэты акт уласнаручным подпісам (з аб’яўленнем мабілізацыі прысягаюць усе ваеннаабавязаныя, якія не прымалі прысягу ў мірны час). П.в. прымаюць прыДзярж. сцягу Рэспублікі Беларусь і Баявым сцягу часці на тэр.вайск. часцей, ці ў месцах баявой і працоўнай славы. Дзень прыняцця П.в. абвяшчаецца для ўсяго асабовага складу часці святочным.