генеральная бітва ў час вайны 1812 паміж рас. і франц. войскамі 7 вер. каля с. Барадзіно за 124 км на З ад Масквы.
Рас. арміі — 1-я Зах. на чале з ген. М.Б.Барклаем дэ Толі і 2-я Зах. пад камандаваннем ген. П.І.Баграціёна — пасля адыходу ад Смаленска 3 вер. спыніліся каля с. Барадзіно, дзе галоўнакаманд. ген. М.І.Кутузаў вырашыў прыняць бой, каб не дапусціць праціўніка да Масквы. Пазіцыі рас. часцей (правы фланг прыкрываўся р. Калоча, цэнтр — Баграціёнавымі флешамі і размешчанай на выш. Курганная батарэяй М.М.Раеўскага, левы фланг даходзіў да в. Уціца) перакрылі Новую Смаленскую дарогу, па якой рухаліся франц. войскі на чале з галоўнакаманд. імператарам Напалеонам I. Шэсць рас. дывізій на правым флангу і 4 дывізіі ў цэнтры падпарадкоўваліся Барклаю дэ Толі, 5 егерскіх палкоў на левым флангу — Баграціёну. 5 вер.франц. войскі (каля 40 тыс.чал., 186 гармат) пасля працяглага і цяжкага бою авалодалі перадавой рас. пазіцыяй — Шавардзінскім рэдутам, які абаранялі часці ген.-лейт. А.П.Гарчакова (12 тыс.чал., 46 гармат).
У Барадзінскай бітве рас. войскі налічвалі 154,8 тыс.чал. (у т. л. 11 тыс. казакоў і 28,5 тыс. апалчэнцаў) і 640 гармат, франц. — 133,8 тыс.чал., 587 гармат. Бітва праходзіла як лабавая атака франц. сіламі рас. цэнтра — батарэі Раеўскага і Баграціёнавых флешаў, якія 6 разоў пераходзілі з рук у рукі паміж 9 і 12 гадз. Да 12 гадз Напалеон збіў рускіх з усіх пунктаў і рыхтаваўся нанесці сваімі рэзервамі (19 тыс. гвардзейцаў) вырашальны ўдар, аднак у выніку раптоўнага рэйду конніцы ген. Ф.П.Уварава і казакоў ген. М.І.Платава ў франц. тыл ледзь не трапіў у палон і загадаў адкласці атаку на наступны дзень. Артыл. кананада працягвалася да 17 гадз. У 18 гадзрас. войскі адышлі на лінію с. Горкі — Старая Смаленская дарога. З надыходам цемры Напалеон адвёў франц. часці за р. Калоча. Страты французаў склалі 50—58 тыс.чал. (у т. л. 49 генералаў), расіян — 45,6 тыс.чал., з якіх 29 генералаў. Недахоп сіл змусіў Кутузава 8 вер. адступіць з войскамі ў бок Масквы. Напалеону не ўдалося разграміць рас. армію ў генеральнай бітве. На рас. баку ў ёй удзельнічалі ўраджэнцы Віцебскай, Гродзенскай, Мінскай губ., вызначыліся Брэсцкі і Мінскі пяхотныя палкі. На месцы бітвы дзейнічае Барадзінскі ваенна-гіст. музей (засн. ў 1903, пл. 110 км²).
Літ.:
Богданов Л.П. На поле Бородинском. 2 изд. М., 1987;
Вахрушев А.М. Зори Бородина: Ист. повествование. М., 1992.
У.Я.Калаткоў.
Да арт.Барадзінская бітва. Літаграфія з карціны А.Сафонава «Барадзінская бітва 26 жніўня 1812». 1902.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЛ (Karl),
імя каралёў Швецыі Найб. значныя з іх:
Карл IX (4.10.1550, Стакгольм — 30.10.1611), кароль [1604—11]. Малодшы сын Густава I Вазы. Пасля заключэння швед.-польск. уніі (1592) узначаліў рух супраць свайго пляменніка швед.-польск. караля Жыгімонта III Вазы, які намагаўся аднавіць у Швецыі каталіцызм (К. IX падтрымліваў лютэранства). Разбіў каля Стонгебру (1598) войскі Жыгімонта III і дамогся яго звяржэння (1599). З 1599 рэгент, з 1604 кароль (каранаваны ў 1609). Пачаў інтэрвенцыю супраць Расіі (пад выглядам ваен. дапамогі цару Васілю Іванавічу Шуйскаму ў 1611 захапіў Ноўгарад), Кальмарскую вайну 1611—13 з Даніяй.
Карл X Густаў (8.11.1622—13.2.1660), кароль [1654—60], палкаводзец. З 1648 генералісімус швед. арміі ў Германіі. Заняў прастол пасля адрачэння стрыечнай сястры Крысціны. У ліп. 1655 пачаў вайну супраць Рэчы Паспалітай (гл.Паўночная вайна 1655—60); на працягу жн. — кастр. 1655 шведы занялі б.ч. Польшчы і Жамойці. Некаторыя бел. і літ. магнаты на чале з Я. і Б.Радзівіламі пачалі перагаворы з прадстаўнікамі К. X, падпісалі акт аб дзярж. уніі ВКЛ і Швецыі, а К. X быў абвешчаны вял. князем ВКЛ. На акупіраваных тэр. разгарнулася нац.-вызв. барацьба (у крас. — маі 1656 успыхнула паўстанне ў Жамойці), у выніку чаго знішчана значная ч.швед. гарнізонаў. У 1657 войскі К. X пацярпелі шэраг паражэнняў у Польшчы. У 1658 заключыў перамір’е і з Расіяй.
Карл XII (27.6.1682, Стакгольм — 11.12.1718), кароль [1697—1718], палкаводзец. Сын Карла XI (правіў у 1660—97). Імкнуўся да ўстанаўлення абс. улады. Удзельнік Паўночнай вайны 1700—21 супраць Паўн. саюза (Расія, Рэч Паспалітая, Данія). Лічыў гал. сваім ворагам караля Рэчы Паспалітай Аўгуста II Моцнага. У 1701 на чале швед. арміі захапіў Інфлянты і Літву, у 1702 праз Коўна і Гродна ўступіў на тэр. Польшчы. У ВКЛ К. XII падтрымала магнацкая групоўка Сапегаў, якая ў 1704 дамаглася абрання каралём Рэчы Паспалітай Станіслава Ляшчынскага. У 1708 войскі К. XII уступілі на Беларусь, потым на Украіну. У 1708—09 пацярпеў паражэнне каля Лясной і Палтавы, уцёк у Турцыю. Пасля паражэння шведаў у Фінляндыі і ў Гангуцкім баі 1714 пачаў мірныя перагаворы з Расіяй. У 1716 абараняў Швецыю ад высадкі войск Паўн. саюза. Намагаўся заваяваць Нарвегію, загінуў у час аблогі крэпасці Фрэдэрыксхаль (Зах. Нарвегія).
Карл XVI Густаў (н. 30.4.1946, каля Стакгольма), кароль з 1973. З дынастыі Бернадот. Адмірал флоту, генерал арміі і авіяцыі. Унук караля Густава VI Адольфа. З 1950 наследны прынц. Скончыў Каралеўскую ваенна-марскую акадэмію і Каралеўскі каледж нац. абароны. Вывучаў сацыялогію, фін. права, эканоміку ва ун-тах Стакгольма і Упсалы. Заняў прастол пасля смерці дзеда. У адпаведнасці з дзярж. традыцыямі з’яўляецца апекуном швед. евангелісцка-лютэранскай царквы, мае статус 1-га прадстаўніка ўзбр.сіл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРМА́НДСКАЯ ДЭСА́НТНАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1944 (кодавая назва «Нептун»),
высадка экспедыцыйных сіл ЗША і Вялікабрытаніі пры ўдзеле кан., франц., чэхаславацкіх і польскіх войск з Брытанскіх а-воў цераз Ла-Манш на ўзбярэжжа Нармандыі (Паўн.-Зах. Францыя) і захоп імі стратэг. плацдарма на тэр.ням.-фаш. войск 6.6—24.7.1944; састаўная частка аперацыі «Оверлорд» у 2-ю сусв. вайну. Саюзнікі (галоўнакаманд. ген. Д.Д.Эйзенхаўэр) сканцэнтравалі 39 дыв., 12 асобных брыгад, 10 атрадаў камандас і рэйнджэраў (англ. і амер. дэсантна-дыверсійныя часці), буйныя сілы авіяцыі і флоту (усяго 2 млн. 876 тыс.чал., 6 тыс. танкаў і самаходна-артыл. установак, 15 тыс. гармат і мінамётаў, каля 11 тыс. баявых самалётаў, каля 7 тыс. баявых, трансп. і дэсантных караблёў). Сухапутныя войскі былі аб’яднаны ў 21-ю групу армій (каманд.ген. Б.Л.Мантгомеры) у складзе 1-й амер., 2-й англ., 1-й кан. армій (32 дыв. і 12 асобных брыгад). Узбярэжжа Паўн.-Зах. Францыі, Бельгіі і Галандыі абараняла група герм. армій «Б» (ген.-фельдмаршал Э.Ромель) — 38 дыв. (на ўчастку высадкі дзейнічалі 3 дыв.) пры падтрымцы 470 баявых караблёў розных класаў, 42 артыл. баржаў і 49 падводных лодак. Саюзнікам удалося забяспечыць нечаканасць, захаваць тайну месца і тэрміну высадкі войск. З канца крас. 1944 яны наносілі масіраваныя паветр. ўдары па аэрадромах, чыг. вузлах і пунктах кіравання немцаў. У ноч на 6.6.1944 пры падтрымцы авіяцыі ў штармавое надвор’е былі захоплены 2 плацдармы: на Пн ад Карантана — 2 амер. і на ПнЗ ад Кана — 1 англ.паветр.-дэсантнымі дывізіямі. Пры падтрымцы карабельнай артылерыі і авіяцыі саюзнікі ў першы дзень занялі некалькі плацдармаў. Да 5 ліп. ў Нармандыі ўжо было 1 млн. саюзных вайскоўцаў. Сярод амер. дэсантнікаў, што першымі высадзіліся на ўзбярэжжы Нармандыі, былі бел. эмігранты, у т. л. І.Радзюковіч (бацькі паходзілі з Міншчыны). Вял. перавага саюзнікаў над праціўнікам у сілах і сродках, інш. фактары не дазволілі ням. камандаванню паспяхова абараняцца (войскі ўступалі ў бой разрознена, неслі значныя страты). Адной з прычын слабасці вермахта на З з’явілася наступленне Сав. войск на Беларусі (гл.Беларуская аперацыя 1944). Да 25 ліп. саюзнікі стварылі стратэг. плацдарм на рубяжы на Пд ад Кана, Камона, Сен-Ло, дзе сканцэнтраваліся 3 арміі (23 пяхотныя, 8 бранятанк., 1 паветр.-дэсантная дыв.). Ім процістаялі 7-я герм. армія і танк. група «Захад» (24 дыв., з іх 9 танк.). Н.д.а. — буйнейшая марская дэсантная аперацыя ў 2-ю сусв. вайну, якая паклала пач. адкрыццю другога фронту. Саюзнікі страцілі 122 тыс.чал., ням. бок — 117 тыс. чал.
Літ.:
Гл. пры арт.Другі фронт.
Да арт.Нармандская дэсантная аперацыя 1944. Штурмавыя часці саюзнікаў на ўзбярэжжы Нармандыі. Ліпень 1944.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСІ́ЙСКАЯ ІМПЕ́РЫЯ, Расія,
манархічная саслоўная шматнац. дзяржава ва Усх. Еўропе і на значнай ч. Азіі ў 1721—1917. Склалася на аснове Рускай цэнтралізаванай дзяржавы, якую Пётр I у ліст. 1721 абвясціў імперыяй. У 18 ст. у выніку 3-х падзелаў Рэчы Паспалітай (1772, 1793, 1795) у склад Р.і. ўключаны Беларусь, паўд., паўд.-ўсх. і зах. Латвія, б.ч. Літвы; пасля войнаў з Турцыяй (1735—39, 1768—74, 1787—91) — Паўн. Прычарнамор’е, Паўн. Каўказ і Крым; тады ж пачалося асваенне і далучэнне да імперыі паўн.-зах. ускраіны Паўн. Амерыкі (гл.«Руская Амерыка»). У 19 ст. шляхам новых войнаў і мірных пагадненняў (з Турцыяй, Іранам, Швецыяй, Кітаем і інш.) да Р.і. далучаны Фінляндыя, Бесарабія, б.ч. Польшчы з Варшавай, Закаўказзе, Прыамур’е, Прымор’е і Сярэдняя Азія. Афіц. васаламі Р.і. былі Бухарскі эмірат і Хівінскае ханства. У канцы 19 ст.тэр. Р.і. складала 22,4 млн.км², нас. 128,2 млн.чал. (1897), больш як 100 нацыянальнасцей. 57% насельніцтва складалі нярус. народы, некат. з іх абмяжоўваліся ў правах, праводзілася палітыка русіфікацыі; аднак некат. тэрыторыі мелі самакіраванне. Рус. мова была афіц. агульнадзярж. мовай, абавязковай для ўсіх дзярж. устаноў. Тэр. Р.і. ў 1914 падзялялася на 81 губерню і 20 абласцей; ч. іх была аб’яднана ў генерал-губернатарствы. У Р.і. быў 931 горад. Р.і. была спадчыннай манархіяй на чале з імператарам з дынастыі Раманавых. Імператар валодаў самадзярж. уладай, ажыццяўляў заканад. уладу шляхам выдання указаў, з 1810 таксама праз Дзяржаўны савет і з 1906 — Дзяржаўную думу; дзярж. апаратам кіраваў праз Сенат, Савет міністраў і міністэрствы; з’яўляўся вярх. кіраўніком узбр.сіл. Пануючае становішча займала Рус.правасл. царква, якой кіраваў імператар праз Сінод. Усё насельніцтва лічылася падданымі Р.і. (мужчыны з 20 гадоў прысягалі імператару) і падзялялася на 4 асн. саслоўі, або «станы» (дваранства, духавенства, гар. абывацелі і сельскія абывацелі, г.зн. сяляне). Пануючым саслоўем было дваранства. Карэннае насельніцтва Казахстана, Сібіры і шэраг інш. народаў Р.і. вылучалася ў самаст. «стан» і наз. іншародцамі. Гэтая катэгорыя кіравалася асобнымі законапалажэннямі. Заканадаўства Р.і. было сабрана ў Поўным зборы законаў Расійскай імперыі і Зводзе законаў Р.і. Імперыя мела герб — двухгаловы арол з царскімі рэгаліямі; дзярж. сцяг — палотнішча з белай, сіняй і чырвонай гарыз. палоскамі; дзярж. гімн, які пачынаўся словамі «Боже, царя храни». Грашовая адзінка — рубель. Р.і. спыніла існаванне ў выніку Лютаўскай рэвалюцыі 1917 (14.9.1917 Расія абвешчана рэспублікай), у 1922—91 на б.ч. яе тэр. існаваў Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік (СССР). Сучасная Рас. Федэрацыя лічыць сябе правапераемніцай як Р.і., так і СССР. Пра гісторыю і культуру Р.і. гл. ў арт.Расія.
Літ.:
Троицкий С.М. Русский абсолютизм и дворянство в XVIII в. М., 1974;
Ерошкин Н.П. Самодержавие накануне краха. М. 1975;
Российская империя: Словарь-справ. СПб., 1992. Гл. таксама ліг. пры арт.Расія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́ЦЕР,
рух паветра адносна зямной паверхні, звычайна гарызантальны. Утвараецца з-за неаднароднасці атмасфернага ціску ў барычным полі Зямлі, накіраваны ад высокага да нізкага ціску. Чым большае адрозненне ў ціску, тым вецер мацнейшы. Вецер — вынік сумеснага дзеяння некалькіх сіл: барычнага градыента (рухаючая сіла), трэння, асабліва ў прыземным слоі атмасферы, вярчэння Зямлі (Карыяліса сіла) і цэнтрабежнай.
Характарызуецца напрамкам, адкуль дзьме, і скорасцю, якія графічна адлюстроўваюцца ружай вятроў. Гэтыя паказчыкі вызначаюцца на метэаралагічных станцыях як сярэднія за пэўны час з дапамогай метэаралагічных прылад: флюгера, анемографа, анемометра, анемарумбографа і інш., на вышыні — шароў-пілотаў. Напрамак ветру вызначаецца па 16 румбах гарызонта (з Пн — паўн., з ПнЗ — паўн.-зах.і г.д.), на метэастанцыях, што абслугоўваюць авіяцыю, — у градусах азімута. Скорасць ветру вымяраецца ў метрах за секунду, кіламетрах за гадзіну, вузлах (марскія мілі за гадзіну), прыблізна ў балах па Бофарта шкале. Скорасць вагаецца ад поўнага штылю да ўрагану (больш за 33 м/с), а ў трапічных цыклонах дасягае 100 м/с. Слабыя вятры бываюць у антыцыклонах. Ва ўмераных шыротах Зямлі пераважаюць слабыя і ўмераныя вятры (каля 3—8 м/с). З вышынёй у трапасферы скорасць звычайна павялічваецца, у стратасферы спачатку змяншаецца, потым павялічваецца зноў. На выш. 20—25 км у струменных плынях дасягае 100—150 м/с. Вецер звычайна дзьме штуршкамі, бываюць рэзкія кароткачасовыя ўзмацненні — шквалы. Гэта абумоўлена турбулентнасцю паветр. патоку. Вертыкальныя рухі бываюць нязначныя (сантыметры за секунду), толькі зрэдку дасягаюць 10—20 м/с пры апусканні паветра па схіле, пры моцнай атм.канвекцыі.
Над вял. тэрыторыямі вятры ўтвараюць паветраныя цячэнні (пасаты, мусоны, заходні перанос паветраных мас і інш.), якія складаюць агульную цыркуляцыю атмасферы. Пры пэўных геагр. умовах фарміруюцца мясц. вятры (афганец, брыз, бара, фён, містраль і інш.). Вецер — прычына многіх з’яў у прыродзе, ён уплывае прама ці ўскосна на жыццё людзей. Ад ветру залежыць развіццё ветраапыляльных (анемафільных) раслін, сярод якіх асн. збожжавыя культуры. Вецер уздзейнічае на рэльеф сушы (гл.Дэфляцыя, Дзюны, Барханы), выклікае хваляванне на моры, ветравыя цячэнні ў акіяне, абумоўлівае цеплаабмен паміж сушай і акіянам, зямной паверхняй і атмасферай, кругаварот вады на Зямлі. Вецер вялікай сілы — прычына многіх стыхійных бедстваў — штормаў, ураганаў, пылавых бур, самумаў і інш. Энергія ветру выкарыстоўваецца ў ветраэнергетыцы.
Ветравы рэжым тэр. Беларусі абумоўлены агульнай цыркуляцыяй атмасферы над кантынентам Еўразія і над Атлантычным ак. і вызначаецца існаваннем цэнтраў дзеяння атмасферы: Ісландскай дэпрэсіі на працягу ўсяго года, Сібірскага антыцыклону зімой і Азорскага антыцыклону летам. Пад іх уплывам з ліст. да сак. пераважаюць паўд.-зах. вятры, з мая да вер. — паўн.-зах. Скорасць ветру зімой 4—5 м/с, летам 2—3 м/с. Моцны вецер бывае рэдка (5—10 дзён за год). Зімой пры праходжанні халоднага фронту, летам пры навальніцах бываюць буры, летам зрэдку адзначаюцца смерчы. На берагах вял. азёр існуе брызавая цыркуляцыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎТАРЫТАРЫ́ЗМ (франц. autoritarisme ад лац. auctoritas улада, уплыў),
устаноўлены або навязаны палітычны рэжым з такой формай улады, якая сканцэнтравана ў руках аднаго чалавека або ў адным яе органе; форма паліт. свядомасці, сфарміраваная на аснове адносін да аўтарытэту наогул і да аўтарытэту ўлады ў прыватнасці.
Паняцце «аўтарытарызм» распрацавана прадстаўнікамі франкфурцкай школы на аснове сац.-псіхал. аналізу адпаведнага тыпу асобы — чалавека «натоўпу», які атаясамлівае сябе з аўтарытэтам групы, дзяржавы, з харызматычным лідэрам і праз іх навязвае грамадству свае густы і норавы. Паводле даследаванняў ісп. філосафа Х.Артэгі-і-Гасета, аўтарытарызм спараджае псіхалогія «аўтарытарнай асобы», яе нястомнае жаданне кіраваць грамадствам «пры поўнай да таго няздольнасці». Да гіст. формаў аўтарытарызму адносяцца антычныя і азіяцкія дэспатыі і тыраніі (Персія, Спарта і інш.), абсалютысцкія рэжымы сярэднявечча і Новага часу. Ідэя абсалютысцкага аўтарытарызму, манархічнага «парадку» набыла тэарэт. абгрунтаванне ў творах ультракансерватыўных ідэолагаў пач. 19 ст. Ж. дэ Местра і Л.Банальда як рэакцыя на франц. рэвалюцыю і сацыяліст. Рухі. У ням.паліт. думцы 19 ст. аўтарытарызм разглядаўся як моцны сродак нац. і сац. мабілізацыі і кіравання зверху працэсамі дзярж. будаўніцтва. У шматлікіх канцэпцыях 1-й пал. 20 ст. аўтарытарызм усё больш набываў нацыяналіст. і антыдэмакр. характар і звязваўся з месіянскай ідэалогіяй выключнасці адной нацыі або дзяржавы, усталявання «новага парадку», дыктатуры пралетарыяту і да т.п. Пры ваенна-паліцэйскіх і фаш. рэжымах, розных варыянтах «казарменнага сацыялізму» тэорыя і практыка аўтарытарызму была даведзена да яго крайняй формы — таталітарызму, дзе панаваў усеабдымны, татальны кантроль адной партыі, групы, ідэалогіі за жыццём усяго грамадства і не існавала ніякага інш. аўтарытэту, акрамя аўтарытэту правадыра, фюрэра, дучэ і гэтак далей
Тыповыя прыкметы і асаблівасці аўтарытарызму: празмерны цэнтралізм улады, беспярэчнае паслушэнства, безапеляцыйныя метады кіравання, паліт. бяспраўнасць асобы, прамая апора на ваенна-рэпрэсіўны апарат. Рэальная ўлада пры аўтарытарызме канцэнтруецца ў руках кіруючай эліты, якая складае аснову іерархічнай верт. структуры кіравання і падбіраецца ў адпаведнасці са спец. працэдурай. Для дасягнення сваіх паліт. мэтаў наменклатура насаджае ў масах фанатызм і рабалепныя адносіны да ўлады, абмяжоўвае свабоду слова і інфармацыі, шырока выкарыстоўвае пазаправавыя, гвалтоўныя метады расправы з апазіцыяй, перакладае віну за правалы ў сваёй палітыцы на міфічных унутр. і знешніх ворагаў. Аўтарытарныя метады кіраўніцтва праяўляюцца ў тых постсацыяліст. краінах Усх. Еўропы і б.СССР, дзе неэфектыўна дзейнічаюць дэмакр. механізмы дзярж. улады, дзе пашыраны сац. дэмагогія, масавая апеляцыя да «моцнай» улады і «моцнага» лідэра. Тут назіраецца тэндэнцыя да ўстанаўлення трох разнавіднасцяў аўтарытарызму: рэжыму рэстаўрацыі, які маюць намер аднаўляць ці ствараць блокі левых сіл і неакамуністаў; рэжыму т.зв. «нацыянал-патрыётаў», якія арыентуюцца на вялікадзярж. ідэі «саборнасці» і абмежавання нац. суверэнітэту; рэжыму, які манеўруе паміж рознымі паліт. сіламі і ствараецца прадстаўнікамі выканаўчай улады.
Літ.:
Ортега-и-Гассет Х. Эстетика;
Философия культуры: Пер. с исп. М., 1991;
Фромм М.Э. Душа человека: Пер. с нем. М., 1992;
Восточная Европа: политический и социокультурный выбор: Материалы междунар. науч.-практ. конф. Мн., 1994;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУПА́ЛЬСКІЯ ПЕ́СНІ, купалка, купалле, купайло,
янаўскія песні, песні летняга цыкла каляндарна-земляробчага фальклору. Адносяцца да летняга сонцавароту («калі сонца паварочвае на зіму, а лета на жару»). Спяваюць іх перад Купаллем і на само свята. Найб. пашыраны ў славян, літоўцаў, латышоў. Паводле стараж. уяўленняў, заснаваных на язычніцкім адухаўленні прыроды (як і на вопыце практыка-земляроба), у гэты перыяд у найб. ступені разгортваюцца жыццёвыя сілы прыроды, якія могуць быць амбівалентна спрыяльнымі і варожымі. Адсюль важкасць у купальскай абраднасці катарсічнай («ачышчальныя» вогнішчы, рытуальнае купанне) і апатрапеічнай (абходы жыта і інш. засцярогі ад злых сіл) магіі, а таксама асаблівае ў земляробчым календары значэнне купальскага культу як пакланення сонцу (у сімвалічных агнях) і ўшанавання расліннага свету. Паэзія К.п. працягвае вобразна-эмацыянальную атмасферу цыкла веснавых песень, але мае і яскравую адметнасць, абумоўленую загадкавасцю самай таямнічай на працягу года купальскай ночы і карнавалізаваным светаадчуваннем святкавання сонцаваротаў.
Тыповы купальскі сюжэт — нарматыўнае «скліканне на купалу» з асуджэннем (нярэдка ў карнавалізаваных фарбах) таго, «хто не выйшаў на купалу» («Параска, Аксіння, Наталка ... на купалах не была // То-то — ведзьма была // До Кіёва летала на Йвана»).
Для К.п. характэрна тэматыка чарадзейства са збіраннем цудадзейных траў (зёлак), з незвычайным усходам сонца («Будзем сонца пільнаваці // Да як будзе сонца граці»). Гэтым абумоўлены таямнічы флёр, які абвалаквае персаніфікаваную Купалку ў адрозненне ад вясёлай, адкрыта разухабістай Каляды, пышна маляўнічай Вясны або пазнейшых персаніфікацый хрысц. святых — пастаянных працаўнікоў Юр’я, Пятра, Ільі. Само з’яўленне Купалы некалькі загадкавае, маскіраванае («ішла Купалка сялом, сялом // Закрыўшы вочкі чабром, чабром»). Цудадзейна-таямнічы аспект інтэрпрэтацыі каляндарнай абраднасці ў К.п. садзейнічае замацаванню менавіта ў іх баладных сюжэтаў і матываў, сярод якіх выкрышталізаваліся і тыповыя купальскія, як балада аб сястрыцы і браціку, што ператварыліся ў кветку Іван-ды-Мар’я. Пашыраная ў К.п. (як і ў веснавых) шлюбна-любоўная тэматыка нярэдка карнавалізуецца («Ссохлі, здохлі дзецюкі // На дзевачак гледзючы»), Для К.п., як і для ўсіх традыц. абрадавых песень, характэрны тыповыя палітэкставыя напевы, якія ў пэўным арэале набываюць знакава-сімвалічнае значэнне. Бел. этнамузыказнаўцы вызначаюць 7—9 песенна-меладычных тыпаў такіх напеваў. Пры дастатковай стабільнасці рытма-структурных прымет напевы К.п. вызначае інтанацыйна-меладычная мабільнасць: ад падкрэслена «галасных» мелодый святочна-ўзнёслага характару («У нас сягоння Купалачка») і сціслай формульнасці прыглушаных прыпеваў-паўтораў («Ночка мала, купальная») да лірыкі паліжанравых вяснова-купальскіх мелодый з тыповымі зачынамі, дзе звароты да купалачкі, вясняначкі, русалачкі ўзаемазамяняльныя. К.п. найб. пашыраны ў Паазер’і і паўд.-зах. раёнах Беларусі. У інш. рэгіёнах іх прыметы выяўляюцца ў веснавых, траецкіх і русальных песнях.
Публ.:
Беларускія народныя песні / Запіс Р.Шырмы. Т. 3. Мн., 1962;
Анталогія беларускай народнай песні / Уклад. Г.Цітовіч. 2 выд.Мн., 1975;
Мажэйка З.Я. Песні Беларускага Паазер’я. Мн., 1981;
Купальскія і пятроўскія песні / Уклад. А.Ліс, Г.Таўлай. Мн., 1985.
Літ.:
Ліс А.С. Купальскія песні. Мн., 1974;
Можейко З.Я. Календарно-песенная культура Белоруссии. Мн., 1985;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІР МІЖНАРО́ДНЫ,
стан адносін паміж дзяржавамі, якія міждзярж. спрэчкі і канфлікты вырашаюць мірнымі сродкамі і ў сваёй знешняй палітыцы адмаўляюцца ад выкарыстання ўзбр. сілы. Перадумовай М.м. з’яўляецца добрасумленнае выкананне дзяржавамі норм міжнар. права і дагаворных абавязацельстваў. Прырода міру, як і вайны, вызначаецца гіст. ступенню развіцця грамадства, палітыкай дзяржаў і інтарэсамі сац.-паліт.сіл, якія ў пэўных абставінах маюць вырашальны ўплыў на фарміраванне дзярж. палітыкі. Ідэя ўстанаўлення міру ў адносінах паміж народамі нарадзілася ў старажытнасці, распрацоўваецца ў розных кірунках на працягу ўсёй гісторыі чалавецтва і адлюстроўвае асаблівасці кожнай гіст. эпохі. У стараж. Кітаі і ант. Грэцыі паявіліся першыя вядомыя творы-утопіі антываен. характару, а таксама разважанні вучоных аб М.м. Аднак у рабаўладальніцкім грамадстве нават выдатныя прадстаўнікі грамадскай думкі прызнавалі ідэю М.м. толькі адносна ўласнага народа. Паводле Арыстоцеля, напр., М.м. датычыць выключна элінаў і іх дзяржаў-полісаў і не пашыраецца на «варварскія» народы і дзяржавы. У перыяд феадалізму ідэя М.м. накіравана супраць феад. раздробленасці, феад.-дынастычнай арг-цыі грамадства, панавання клерыкалаў і міжусобных войнаў паміж феадаламі. У 16—18 ст. паяўляюцца шматлікія трактаты з асуджэннем вайны і прапановамі стварэння агульнаеўрап. або сусв. арг-цый з мэтай мірнага вырашэння канфліктаў паміж дзяржавамі. Сярод іх аўтараў Эразм Ратэрдамскі, С.Франк, Я.Каменскі, Ш.Сен-П’ер і інш. Заснавальнік навукі міжнар. права Г.Гроцый развіваў ідэі гуманізацыі войнаў і прававога рэгулявання адносін паміж дзяржавамі ў інтарэсах міру. Франц. утапічныя камуністы (Марэлі, Г.Маблі) прапанавалі радыкальны праект ліквідацыі войнаў у працэсе перабудовы грамадства на аснове адмовы ад прыватнай уласнасці і яе абагульнення. Сучаснае па сваёй сутнасці навук. разуменне праблемы М.м. выкладзена ў філасофіі І.Канта, які распрацоўваў ідэю аб неабходнасці векавечнага міру на Зямлі і яго безальтэрнатыўнасці, таму што дыялектыка развіцця вайны можа прывесці чалавецтва да самагубства. Гарантыю міру і бяспекі Кант бачыў не ў збройнай магутнасці дзяржаў, а ў саюзе народаў, панаванні іх агульнай волі і права, чаму павінна адпавядаць і знешняя палітыка дзяржаў. У 1820-я г. ў Еўропе ўзнік пацыфісцкі рух, у праграму яго ўвайшло патрабаванне аб гуманізацыі войнаў, якое было ўлічана ў адпаведных міжнар. канвенцыях. Прадстаўнікі гіст. матэрыялізму звязвалі М.м. з аб’яднаннем рабочага класа ў міжнар. маштабах, сацыяліст. рэвалюцыяй і ўстанаўленнем дыктатуры пралетарыяту, барацьбой супраць мілітарызму і практычнымі мерамі ў галіне скарачэння зброі і ўмацавання міжнар. бяспекі; гэтыя палажэнні знайшлі адлюстраванне ў знешняй палітыцы сацыяліст. дзяржаў, дзейнасці міжнар. руху прыхільнікаў міру. У 2-й пал. 20 ст. ў сувязі з шэрагам гіст. фактараў, якія аб’ектыўна спрыяюць адзінству чалавецтва, і існаваннем найноўшых тыпаў зброі масавага знішчэння праблема М.м. стала адной з гал. глабальных праблем чалавецтва. Канструктыўны падыход да яе прадугледжвае забарону зброі масавага знішчэння, наладжванне калект. бяспекі, развіццё мірнага супрацоўніцтва дзяржаў.
Літ.:
Проблемы мира и социального прогресса в современной философии. М., 1983;
Климатические и биологические последствия ядерной войны. М., 1986.
Пачалася 7.7.1937 у адказ на ўварванне яп. войск з мэтай захопу тэр. Кітая. Вайне папярэднічала акупацыя Японіяй у 1931—36 Маньчжурыі і шэрагу раёнаў Паўн. Кітая. Яп. мілітарысты імкнуліся ператварыць Кітай у залежную ад іх дзяржаву і разлічвалі на хуткую яго капітуляцыю. Аднак Нац.кіт. ўрад на чале з Чан Кайшы адхіліў патрабаванні Японіі, зрабіў стаўку на зацягванне вайны і звярнуўся па дапамогу да інш. дзяржаў. У жн.-вер. 1937 аформіўся саюз паміж гаміньданам і Камуністычнай партыяй Кітая (КПК), узбр. сілы якой былі ператвораны ў 8-ю і Новую 4-ю арміі ў складзе нац.узбр.сіл краіны. Значная перавага ва ўзбраенні і тэхніцы дазволіла яп. арміі захапіць Пекін і Цяньцзінь (ліп. 1937), Шанхай (ліст. 1937), сталіцу Кітая г. Нанкін (снеж. 1937), гарады Гуанчжоў і Ухань (кастр. 1938). Адчувальную дапамогу Кітаю зброяй і ваен. тэхнікай аказаў СССР. Супраць яп. войск змагаліся сав. лётчыкі-добраахвотнікі, у т. л. беларусы А.С.Благавешчанскі, С.І.Грыцавец і інш.; ва ўзбр. сілах Кітая працавала больш за 3500 сав.ваен. спецыялістаў. Не здолеўшы дамагчыся капітуляцыі Кітая, яп. ўрад у ліст. 1938 спыніў наступальныя дзеянні і засяродзіў увагу на «асваенні» захопленых раёнаў. У сак. 1940 з мясц. калабарацыяністаў японцы стварылі ў Нанкіне т.зв.Цэнтр.нац. ўрад Кітая на чале з Ван Цзінвэем. У гэты час у тыле яп. войск актыўныя дзеянні разгарнулі 8-я і Новая 4-я арміі. Яны занялі шэраг вызваленых раёнаў, якія да 1941 ахоплівалі тэр. з насельніцтвам каля 100 млн.чал., правялі шэраг ваен. аперацый супраць яп. войск, у т. л. «бітву ста палкоў». У адказ яп. войскі перайшлі ў наступленне на вызваленыя раёны і скарацілі іх плошчу ўдвая. Пасля нападзення ў снеж. 1941 Японіі на ЗША урад Кітая 9.12.1941 афіцыйна абвясціў вайну Японіі. Ён атрымліваў ваен. дапамогу ад ЗША і Вялікабрытаніі, але арміі Нац. ўрада і КПК вялі сябе пасіўна. Пасля паражэнняў Японіі на Ціхім акіяне, яп. армія, імкнучыся ператварыць Кітай у надзвычайную базу для вядзення працяглай вайны, аднавіла ў сак. 1944 актыўныя наступальныя дзеянні. Да 1945 яна захапіла вял. тэрыторыі ў Паўд. Кітаі і стварыла сухапутны калідор аж да Індакітая. 9.8.1945 паводле рашэнняў Крымскай канферэнцыі 1945СССР уступіў у вайну з Японіяй. У ходзе Маньчжурскай аперацыі 1945 быў вызвалены Паўн.-Усх. Кітай і ліквідавана Квантунская армія. 9.9.1945 прадстаўнікі Нац.кіт. ўрада і Японіі падпісалі ў Нанкіне акт пра капітуляцыю яп. войск.
Літ.:
Сапожников Б.Г. Китайский фронт во второй мировой войне. М., 1971;
По дорогам Китая, 1937—1945: Воспоминания. М., 1989;
Да арт.Нацыянальна-вызваленчая вайна кітайскага народа супраць японскіх захопнікаў 1937—15. Воіны кітайскай арміі ў час бою за г. Чандэ. Лістапад 1943.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРАШКО́ВАЯ МЕТАЛУРГІ́Я,
галіна металургіі, якая ахоплівае выраб парашкоў металаў і металападобных злучэнняў, спечаных матэрыялаў (паўфабрыкатаў, дэталяў) з іх ці з сумесяў метал. парашкоў з неметалічнымі без расплаўлення асн. кампанента. Дазваляе атрымліваць матэрыялы і вырабы, якія немагчыма або эканамічна немэтазгодна вырабляць звычайнымі спосабамі (напр., плаўкай). Метадамі П.м. атрымліваюць кампазіцыйныя матэрыялы, керметы, магнітадыэлектрыкі, магнітныя матэрыялы, тугаплаўкія металы, карбідныя цвёрдыя сплавы, порыстыя, фрыкцыйныя і інш.
Асн. тэхнал. аперацыі П.м.: атрыманне парашкоў аднаўленнем аксідаў, мех. размолам, распыленнем і інш. спосабамі; прыгатаванне з парашкоў зыходнай сумесі (шыхты) з зададзенымі хім. саставам і ўласцівасцямі; фармаванне загатовак вырабаў (халодным прасаваннем шыхты ў прэс-формах, гарачым прасаваннем і шлікерным ліццём, працісканнем парашку, змешанага з пластыфікатарамі, праз адтуліну адпаведнай формы і інш.); наданне загатоўкам патрэбных фіз.-мех. уласцівасцей спяканнем (пераважна ў эл. печах) у аднаўляльным ці нейтральным асяроддзі пры т-ры, ніжэйшай за т-ру плаўлення асн. кампанента. Выкарыстоўваюць таксама спяканне пад ціскам, з адначасовым дзеяннем цэнтрабежных сіл ці насычэннем загатоўкі расплаўленым металам, хіміка-тэрмічнай апрацоўкай. Прынцыпы П.м. распрацавалі рас. вучоныя і інжынеры П.Р.Сабалеўскі і В.В.Любарскі, якія ў 1826 выкарысталі працэсы прасавання і спякання для атрымання вырабаў з парашку плаціны; М.М.Бякетаў у 1865 распрацаваў тэарэт. асновы атрымання парашкоў некаторых металаў. У 1920—30-я г. метады П.м. пачалі ўкараняцца ў прамысл.вытв-сцьСССР, ЗША, Германіі, Вялікабрытаніі. Удасканаленню метадаў П.м. садзейнічалі працы ўкр. вучоных Р.В.Самсонава, М.І.Фядорчанкі, І.М.Францэвіча, аўстр. вучонага Р.Кіфера, англ. даследчыка В.Джонса, амер. металурга Ф.Райнса і інш.
На Беларусі П.м. развіваецца з 1960, калі пры БПІ была створана базавая лабараторыя парашковай металургіі (з 1972 НДІ, з 1980 Бел. навукова-вытв. аб’яднанне, з 1996 Бел.дзярж. навукова-вытв. канцэрн парашковай металургіі, у які ўваходзяць НДІ парашковай металургіі, НДІ зваркі, НДІ імпульсных працэсаў, Маладзечанскі з-д парашковай металургіі і інш.). Вывучаны многія тэарэт. пытанні П.м., даследаваны новыя метады і распрацаваны тэхнал. працэсы, створаны машыны для прасавання вырабаў, высокаэфектыўныя матэрыялы, (А.У.Роман, П.А.Віцязь, Я.А.Дарашкевіч, Г.М.Ждановіч, А.Ф.Ільюшчанка, В.М.Капцэвіч, В.М.Кавалеўскі, В.К.Шэлег і інш.).
Літ.:
Порошковая металлургия: Материалы, технология, свойства, обл. применения. Киев, 1985;
Кипарисов С.С., Либенсон Г.А. Порошковая металлургия. 3 изд. М., 1991;
Витязь П.А., Капцевич В.М., Шелег В.К. Пористые порошковые материалы и изделия из них. Мн., 1987;
Актуальные проблемы порошковой металлургии. М., 1990;