КАСЦЯЛКО́ЎСКІ ((Kościołkowski) Станіслаў Юльян) (24.10.1881, г. Гродна — 2.9.1960),
польскі гісторык. Праф. (1927). Скончыў гімназію ў Гродне (1900), Ягелонскі ун-т у Кракаве са ступенню д-ра філасофіі (1905). З 1906 выкладаў у гімназіях Вільні, з 1921 узначальваў кафедру гісторыі Польшчы ў Віленскім ун-це. Адзін з заснавальнікаў Т-ва сяброў навук у Вільні (1907), з 1938 яго старшыня. У 1941 арыштаваны і высланы ў Сібір. У жн. 1942 вызвалены, выехаў у Тэгеран, потым у Бейрут. З 1950 у Англіі. Адзін з кіраўнікоў польск. эмігранцкай арг-цыі «Акадэмічная грамадскасць Універсітэта Стафана Баторыя». Аўтар манаграфіі «Антоній Тызенгаўз, надворны падскарбі літоўскі» (т. 1—2, 1970—71).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́РЧЫЦ (Уладзіслаў Вікенцьевіч) (1.9.1893, в. Багдановічы Слонімскага р-на Гродзенскай вобл. — 17.10.1966),
ваенны дзеяч, ген.-палк. (1946). Скончыў курсы старшага камсаставу «Выстрал» (1923, 1930), Вышэйшыя акад. курсы пры ваен. акадэміі Генштаба (1953). У арміі з 1914, у Чырв. Арміі з 1919. Удзельнік 1-й сусв. і грамадз. войнаў. З 1926 камандзір палка, нач. штаба дывізіі, корпуса, на выкладчыцкай рабоце ў ваен.навуч. установах. У Вял.Айч. вайну з 1941 на Паўн.-Зах. фронце: камандзір дывізіі, нач. штаба арміі. З 1944 у Войску Польскім, у 1945—54 нач. Генштаба Войска Польскага, адначасова з 1950 віцэ-міністр Нац. абароны Польшчы. З 1954 у СССР.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАБАЧЭ́ЎСКАЯ (Вольга Аляксандраўна) (н. 29.9.1951, г. Цюмень, Расія),
бел. мастацтвазнавец. Канд. мастацтвазнаўства (1988). Скончыла Ін-т жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя Рэпіна ў Ленінградзе (1977). Працавала ў Дзярж.маст. музеі Беларусі, у н.-д.маст.-эксперым. лабараторыі Упраўлення маст. прам-сці. З 1991 у Бел. ін-це праблем культуры. Даследуе нар. мастацтва, промыслы і рамёствы Беларусі, інсітнае мастацтва Аўтар навук. каталогаў «Народныя мастацкія промыслы Беларусі» (1985), «Жлобінская інкрустацыя» (1986), «Падвойныя дываны са збораў Польшчы і Беларусі» (1996), буклетаў «Народнае мастацтва Беларусі» (1988), «Беларуская саломка» (1989), «Мазырская кераміка» (1990) і інш.
Тв.:
Зберагаючы самабытнасць: 3 гісторыі нар. мастацтва і промыслаў Беларусі. Мн., 1998.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАДУ́ЦЬКА (Іван Іванавіч) (н. 28.10. 1916, в. Стары Пруд Чэрвеньскага р-на Мінскай вобл),
Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў Кіеўскае ваен. пяхотнае вучылішча (1938), Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1951), Вышэйшыя курсы пры Ваен. акадэміі Генштаба (1958). У Чырв. Арміі з 1936. З 1942 на Паўд.Зах., Сталінградскім, Бранскім, Цэнтр., 1-м Бел. франтах. Камандзір стралк. батальёна маёр Л. вызначыўся ў 1945 пры вызваленні Польшчы: 14 студз. на левым беразе Віслы падняў у атаку 2 роты, якія ўклініліся ў абарону ворага; 15 студз. батальён Л. захапіў 12 аўтамашын, 13 кулямётаў; 30 студз. першы выйшаў на польска-германскую граніцу. Да 1972 у Сав. Арміі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАКА́РНСКАЯ КАНФЕРЭ́НЦЫЯ 1925,
міжнародная канферэнцыя міністраў замежных спраў Бельгіі, Вялікабрытаніі, Германіі, Італіі, Польшчы, Францыі і Чэхаславакіі, якая адбылася 5—16.10.1925 у г. Лакарна (Швейцарыя) у развіццё гарантыйных палажэнняў Версальскага мірнага дагавора 1919 і Даўэса плана. На канферэнцыі былі парафіраваны 9 дакументаў, у т. л. Рэйнскі гарантыйны пакт (гл.Дакарнскія дагаворы 1925). У сакрэтным парадку канферэнцыя мела і антысав. накіраванасць (спроба схіліць Германію да канфрантацыі з СССР). Садзейнічала ўзмацненню знешнепаліт. пазіцый Германіі, аслабленых пасля 1-й сусв. вайны.
Кр.: Локарнская конференция 1925 г.: Док. М., 1959.
Літ.:
Климовский Д.С. Германия и Польша в локарнской системе европейских отношений: Из истории зарождения второй мировой войны. Мн., 1975.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛА́ЎНІК (польск. ławnik засядацель),
1) член магістрата ў гарадах Польшчы і ВКЛ, якія мелі права на самакіраванне (магдэбургскае права і інш.). Выбіраліся гар. абшчынай (грамадой), радай ці прызначаліся войтам з мяшчан гэтага горада. Разам з войтам складалі войтаўска-лаўніцкі суд, які разглядаў крымінальныя справы гараджан. Часам Л. былі і ў гарадах без права на самакіраванне.
2) Службовая асоба ў дзяржаўнай (велікакняжацкай) вёсцы ВКЛ, уведзеная паводле «Уставы на валокі» 1557 на польскі ўзор. Выбіраўся або прызначаўся з заможных сялян (па 2—3 у кожнай вёсцы), падпарадкоўваўся войту. Л. разглядалі дробныя справы, выконвалі паліцэйскія функцыі. У 16—18 ст. Л. былі і ў прыватнаўладальніцкіх вёсках.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІВО́НСКІЯ ХРО́НІКІ,
сярэдневяковыя гістарыяграфічныя творы, напісаныя на тэр.Лівоніі у 13 — пач. 18 ст., пераважна з пазіцый ням. рыцарства. Найважнейшыя: «Хроніка Лівоніі» Генрыха Латвійскага (завершана ў 1227), «Рыфмаваная хроніка» невядомага аўтара (падзеі да 1290), «Хроніка Прускай зямлі» ІІ.Дусбурга (завершана ў 1326), «Хроніка Лівоніі» Г.Вартберга (падзеі да 1378), «Хроніка Ліфляндскай правінцыі» Б.Русава (падзеі да 1582), Хроніка Кельха (канец 17 — пач. 18 ст.). Прысвечаны ў асн. гісторыі ордэна мечаносцаў, Лівонскага ордэна і Лівоніі. Нягледзячы на тэндэнцыйнасць, Л.х. маюць каштоўныя звесткі, у т. л. такія, якіх няма ў інш. крыніцах, па гісторыі суседніх з Лівоніяй дзяржаў, што змагаліся супраць крыжакоў: Полацкага княства, ВКЛ, Польшчы, Ноўгарада, Пскова, Маскоўскай дзяржавы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯНКЕ́ВІЧ (Аляксандр Алаізавіч) (псеўд.Ляндэр ; 1823, Гродзенская губ. — ?),
адзін з кіраўнікоў паўстання 1863—64 у Беларусі, Літве і Польшчы. У 1840—61 у арміі, падпалкоўнік. Пасля адстаўкі жыў у сваім фальварку Панюкі Гродзенскага пав. 2.5.1863 падняў паўстанне ў Гродзенскім пав. Пасля аб’яднання з ваўкавыскімі паўстанцамі — вайсковы нач. Гродзенскага і Ваўкавыскага пав. 3.6.1863 каля в. Мілавіды (Баранавіцкі р-н) на чале аб’яднаных сіл гродзенскіх, ваўкавыскіх, слонімскіх і навагрудскіх паўстанцаў нанёс паражэнне урадавым войскам. 1.8.1863 разам з лідскімі паўстанцамі перайшоў Нёман і дзейнічаў у Аўгустоўскай губ. Паўстанцкія ўлады надалі яму званне палкоўніка. У вер. 1863 выехаў за мяжу. Завочна прыгавораны да пакарання смерцю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГНА́Т (ад сярэднелац. magnatus багаты, знатны чалавек),
у феадальную эпоху буйны землеўладальнік, прадстаўнік радавітай знаці ў некаторых краінах Еўропы, асабліва ў Польшчы, ВКЛ і Венгрыі. У ВКЛ М. валодалі вял. зямельнымі латыфундыямі з гарадамі, мястэчкамі і тысячамі прыгонных сялян. Некаторыя з іх (напр., Радзівілы, Сапегі) мелі ўласныя войскі і крэпасці.
Выкарыстоўваючы свой уплыў і багацце, М. Рэчы Паспалітай займалі ў ёй вышэйшыя дзярж. пасады і фактычна кіравалі дзяржавай. У 1567 на Беларусі было 29 М., кожны з якіх меў больш за 1000 сял. «дымоў» (гаспадарак). У пераносным сэнсе слова «М.» выкарыстоўваецца ў дачыненні да буйных прадстаўнікоў прамысл. і фін. капіталу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЙВЫШЭ́ЙШАЯ НАЦЫЯНА́ЛЬНАЯ РА́ДА,
цэнтральны орган цывільнай паўстанцкай улады ў Польшчы ў час паўстання 1794. Утворана Д.Касцюшкам 28.5.1794 у Варшаве. У яе склад уваходзілі начальнік паўстання (Касцюшка), 8 радцаў і 32 намеснікі радцаў. Падзялялася на 8 аддзелаў: парадку, бяспекі, юстыцыі. скарбу, харчавання, вайсковых патрэб, замежных інтарэсаў, нац. інструкцыі. Складалася са шляхты і мяшчан, сярод іх былі прадстаўнікі прагрэсіўнага шляхецка-буржуазнага блока (Г.Калантай, І.Патоцкі, І.Закшэўскі). Паміж рэвалюцыйна настроенымі дзеячамі («якабінцамі») і памяркоўнымі рэфарматарамі ўвесь час ішла паліт. барацьба. 12.10.1794 пасля паланення Касцюшкі рада прызначыла начальнікам паўстання Т.Ваўжэцкага. Спыніла сваю дзейнасць 4.11.1794 перад капітуляцый Варшавы войску А.В.Суворава.