арганізмы, у якіх паразіт жыве ў лічынкавым стане, размнажаецца бясполым шляхам ці партэнагенетычна; абавязковае звяно ў цыкле развіцця многіх паразітаў. У адрозненне ад П.г. дэфінітыўнымі гаспадарамі з’яўляюцца арганізмы, у якіх паразіт дасягае палавой спеласці і размнажаецца палавым шляхам. П.г. насяляюць агульны з дэфінітыўнымі гаспадарамі біятоп ці маюць з імі харч. сувязі. П.г. могуць быць малюскі, чэрві, ракападобныя, кляшчы, насякомыя, рыбы, земнаводныя, паўзуны, млекакормячыя і чалавек.
Кожная група П.г. спецыфічная для пэўных груп паразітаў. Напр., малюскі — для смактуноў; ракападобныя — для стужачных чарвей, скрэбняў; млекакормячыя жывёлы — для стужачных чарвей (мышападобныя грызуны — для альвеакока; авечкі, козы, свінні — для эхінакока, буйн. раг. жывёла — для бычынага цэпеня). Чалавек — П.г. для эхінакока, плазмодыяў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАМО́ВА, мова-аснова,
старажытная мова, з дыялектаў якой шляхам паступовага развіцця ўзнікае групат.зв. роднасных моў або моўных сем’яў. Некат. П. добра вядомыя з прычыны захавання пісьмовых помнікаў, напр., лацінская мова як П. раманскіх моў. У інш. выпадках П. рэканструююцца (напр., праславянская, праіндаеўрапейская і інш.) метадамі параўнальна-гістарычнага мовазнаўства. Рэканструкцыя П. як сістэм заканамерных фанет., марфал., сінтакс. і семантычных суадпаведнасцей — магчымасць лепей зразумець шляхі эвалюцыі асобных моў, вызначыць адносіны роднасці паміж імі, выйсці за часавыя межы самых старых зафіксаваных тэкстаў.
Літ.:
Трубецкой Н.С. Мысли об индоевропейской проблеме // Трубецкой Н.С. Избр. тр. по филологии. М., 1987;
Гамкрелидзе Т.В., Иванов В.В. Индоевропейский язык и индоевропейцы. [Т]. 1—2. Тбилиси, 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́СА (франц. race род, парода) у біялогіі, група арганізмаў, якая адасобілася ўнутры віду або падвіду ў экалагічных, марфал. або геагр. адносінах. Асобіны, што складаюць Р., маюць падобныя морфафізіял. і экалагічныя асаблівасці, аб’яднаны раёнам размяшчэння, які складае ч.арэала віду ці падвіду. Часта розныя Р. трапляюцца ў адным і тым жа месцы, але адрозніваюцца па ўмовах існавання (экалагічная Р.). Напр., у раслін паяўляюцца Р. альпійскага тыпу, ксераморфнага, ценявога; у жывёл — сезонныя Р. ракападобных і інш. У паразітаў Р. адрозніваюцца функцыян. прыстасаванасцю (спецыялізацыяй) да пэўных гаспадароў — раслін ці жывёл. У іхтыялогіі тэрмін «Р.» абазначае мясц.папуляцыі (чароды) рыб. Часам геагр. Р. атаясамліваюць з падвідам. Тэрмін «Р.» выкарыстоўваецца таксама ў дачыненні да парод свойскіх жывёл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВІЦЯЗЯ́НСКІ,
ландшафтны заказнік рэсп. значэння ў Навагрудскім р-не Гродзенскай вобл. Створаны ў 1970 для аховы унікальнага азёрна-ляснога комплексу. Пл. 1034 га. Знаходзіцца амаль у цэнтры Навагрудскага ўзвышша. Рэльеф узгорысты. Уключае воз.Свіцязь з прылеглым лясным масівам. Расліннасць падзоны грабава-дубова-цемнахвойных лясоў. Пераважаюць яловыя, хваёвыя, дубовыя і бярозавыя лясы, менш пашыраны асінавыя, альховыя, грабавыя. Растуць клён, ясень і пародыэкзоты — лістоўніца сібірская, дуб чырвоны, таполя лаўралістая. У флоры каля 300 відаў сасудзістых раслін, з якіх палушнік азёрны, лабелія Дортмана, прыбярэжнік аднакветкавы, купальнік горны, тлушчанка звычайная, лілея кучаравая, гідрыла кальчаковая, наяда гнуткая занесены ў Чырв. кнігу. На паўн. беразе воз. Свіцязь 2 векавыя дубы — помнікі прыроды, на паўд.зах. — групастараж. курганоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІЛА́НЫ,
крэменевадароды, групахім. злучэнняў крэмнію з вадародам агульнай ф-лы SinH2n+2 (n = 1—8); аналагі алканаў (гл.Насычаныя злучэнні). Ланцугі, утвораныя атамамі крэмнію няўстойлівыя; вышэйшы вядомы член гомалагічнага раду С. — октасілан Si8H18.
Монасілан SiH4 (tкіп -112 °C, шчыльн. 680 кг/м³) і дысілан Si2H6 — бясколерныя газы, астатнія — бясколерныя лятучыя вадкасці з непрыемным пахам, атрутныя. Раствараюцца ў этаноле, бензіне, серавугляродзе. Пірафорныя (гл.Пірафорныя рэчывы). Вельмі лёгка акісляюцца (для С. з n ≥ 3 рэакцыя адбываецца з моцным выбухам) і гідралізуюцца з утварэннем крэмнію дыаксіду і вадароду. Монасілан атрымліваюць раскладаннем трыэтаксісілану (C2H5O)3SiH пры 20—80 °C у прысутнасці натрыю, астатнія С. — раскладаннем сіліцыдаў металаў к-тамі і шчолачамі. Выкарыстоўваюць SiH4 для атрымання паўправадніковага крэмнію.
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
АПО́СУМЫ (Didelphidae),
сямейства млекакормячых атр. сумчатых. 12 родаў, 84 віды. Пашыраны ў Амерыцы і на М. Антыльскіх а-вах. Самая стараж.група сумчатых. У Паўн. Амерыцы вядомы з ніжняга мелу, у Еўропе — з эацэну да міяцэну. Жывуць на зямлі і дрэвах у лясах, стэпах, пустынях, гарах да 4 тыс.м, зрэдку паўводныя — вадзяны апосум. Звычайныя апосумы — лабараторныя жывёлы. Паўночны апосум акліматызаваны ў Каліфорніі.
Даўж. цела 7—50 см. Хвост (4—55 см) звычайна хапальны, голы на канцы. Морда выцягнутая і завостраная. Канечнасці ўкарочаныя, пяціпальцыя; заднія крыху даўжэйшыя за пярэднія. Вялікі палец на задніх лапах вял. памераў, проціпастаўлены іншым. Ёсць сумка. Саскоў ад 5 да 27. За год 1—3 прыплоды па 4—11 (зрэдку да 25) дзіцянят. Усёедныя. Аб’екты промыслу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛГА́РСКАЯ МО́ВА,
адна са славянскіх моў (паўд.група). Пашырана ў Балгарыі (дзярж. мова) і сярод балгараў, што жывуць у Югаславіі, Румыніі і інш. суседніх дзяржавах. Мае 2 асн. групы дыялектаў: усходні і заходні.
У фанетычнай сістэме балгарскай мовы 6 галосных (у т. л. спецыфічна балг. гук «ъ») і 37 зычных фанем. Граматычныя асаблівасці вызначаюцца яе прыналежнасцю да балканскага моўнага саюза: страта катэгорыі склону (па гэтай прыкмеце балгарскую мову адносяць да аналітычных моў), наяўнасць катэгорыі азначальнасці імені (назоўнік з постапазіцыйным артыклем — «жената», «градът») і спец. пераказвальнага ладу, страта інфінітыву, разгалінаваная сістэма з 9 часоў дзеяслова і інш.
Першыя пісьмовыя помнікі датуюцца 10 ст. Сучасная літ. мова сфарміравалася ў сярэдзіне 19 ст. на аснове паўн.-ўсх. гаворак. Графіка балгарскай мовы ўзыходзіць да кірыліцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРАВО́Е,
вёска ў Беларусі, у Дзяржынскім раёне Мінскай вобласці. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 9 км на ПдЗ ад г. Дзяржынск, 47 км ад Мінска, 11 км ад чыг. ст. Койданава. 420 ж., 147 двароў (1995).
Вядома з 16 ст. ў складзе Старынкаўскай вол. Мінскага пав.ВКЛ, уласнасць Радзівілаў. У 1756 пабудавана царква. У 19 ст. ў складзе Койданаўскай вол. У 1867 адкрыта пач. школа. З 1924 цэнтр сельсавета Койданаўскага р-на, з 1932 — нац. польскага сельсавета, з 1936 — бел. сельсавета Дзяржынскага р-на. У Вял.Айч. вайну ў Баравым дзейнічала падп.група Дзяржынскага антыфаш. к-та. У 1970 — 288 ж., 99 двароў. У Баравым сярэдняя школа, клуб, б-ка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў. Помнік архітэктуры — капліца-пахавальня (пач. 20 ст.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАХЧАВЫ́Я КУЛЬТУ́РЫ,
група культурных раслін сямейства гарбузовых якія вырошчваюцца на харчовыя, кармавыя і тэхн. мэты. Да іх належаць кавун, дыня, гарбуз. Паходзяць з трапічных і субтрапічных краін Азіі, Афрыкі і Амерыкі. Вырошчваюць на ўсіх кантынентах. На Беларусі культывуюць гарбузы і іх разнавіднасці — кабачкі і патысоны, на Пд у аматарскіх пасевах, часцей у цяпліцах і на ўцепленым грунце, вырошчваюць дыні і кавуны. Найб. высокія ўраджаі бахчавыя культуры даюць на цалінных землях і аблогах, пасля шматгадовых траў. Бахчу размяшчаюць на багатых перагноем лёгкіх урадлівых глебах. Плады дыні і кавуна спажываюць свежыя, з іх гатуюць кавуновы (нардэк) і дынны (бекмес) мёд, вяленую дыню, варэнне, цукаты і інш., гарбузы спажываюць тушаныя, печаныя, кансерваваныя. Кармавыя кавуны і гарбузы — корм для жывёлы. З насення атрымліваюць алей.