НАВАГРУ́ДСКАЕ ВАЯВО́ДСТВА,

1) адм.-тэр. адзінка ў ВКЛ у 1507—1795. Утворана ў студз. 1507 з цэнтрам у Навагрудку. Напачатку тэр. ваяводства фактычна адпавядала тэр. Навагрудскага павета. З 1565 складалася з паветаў: Ваўкавыскага, Навагрудскага, Слонімскага. Пл. 36 920 км², нас. ў сярэдзіне 17 ст. 375 тыс. чал. (62 400 дымоў). На тэр. ваяводства 9 гарадоў і мястэчак мелі магдэбургскае права: Ваўкавыск, Капыль, Любча, Мір, Навагрудак, Нясвіж, Ружаны, Слонім, Слуцк. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) у Н.в. ўтвораны Сталовіцкі пав. з цэнтрам у мяст. Сталовічы, Ваўкавыскі пав. адышоў да Гродзенскага ваяв. Усх. частка Навагрудскага пав. ўвайшла ў Мінскую губ. Рас. імперыі. Паводле 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) Н.в. далучана да Рас. імперыі і ўключана ў Слонімскую губ. 2) Адм.-тэр. адзінка ў Польшчы на тэр. Зах. Беларусі ў 1921—39. Утворана паводле закона (Палажэння) ад 4.2.1921. Пл. 22 966,2 км², нас. 822 106 чал. (1921), 1 057 200 чал. (1931). Падзялялася на 8 паветаў: Баранавіцкі, Валожынскі, Лідскі, Навагрудскі; Нясвіжскі, Слонімскі, Стаўбцоўскі, Шчучынскі (з 1929). У 1921 у Н.в. было палякаў 54%, беларусаў 37,8; праваслаўных 51,2, католікаў 39,4%. Пасля ўз’яднання Зах. Беларусі з БССР у снеж. 1939 у межах Н.в. створана Баранавіцкая вобл.

М.​П.​Гайба.

т. 11, с. 92

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЯСВІ́ЖСКАЕ КНЯСТВА,

буйное феад. зямельнае ўладанне князёў Радзівілаў у 16—18 ст. у Навагрудскім пав. Цэнтр — г. Нясвіж. Вядома з сярэдзіны 15 ст. (паводле некат. звестак, існавала ў 13 ст.). У 1492 вял. кн. Аляксандр падараваў двор Нясвіж з с. Круты Бераг і Чучэвічы П.​Я.​Мантыгірдавічу. У 1-й пал. 16 ст. маёнтак перайшоў да Радзівілаў. У 1547 М.​Радзівіл Чорны атрымаў ад імператара Карла V княжацкі тытул «Свяшчэннай Рымскай імперыі», які ў 1549 прызнаны вял. князем ВКЛ. З гэтага часу да Нясвіжскага маёнтка Радзівілаў ужывалася назва Н.к. У пач. 1560-х г. у Н.к. праведзена валочная памера. У буйную латыфундыю Н.к. ператварыў сын Чорнага — М.​К.​Радзівіл Сіротка. У 1568—69 да яго ў спадчыну перайшло і далучана да Н.к. Мірскае графства. У 1587 гэта латыфундыя падзялялася на 7 ключоў (Нясвіжскі, Мірскі, Свержанскі, Быхаўшчынскі, Чанавіцкі, Салтанаўскі, Затур’янскі), налічвала каля 40 сёл. На поўдні Н.к. межавала з Клецкім княствам Радзівілаў. На аснове Н.к. ў 1586 створаны буйны маярат — Нясвіжская ардынацыя, правы на якую перадаваліся ў спадчыну старэйшаму прадстаўніку Радзівілаў па мужчынскай лініі. У пач. 17 ст. памеры Н.к. дасягнулі 5810 валок, тут было каля 3600 «дымоў» (25 тыс. чал. насельніцтва). У Нясвіжы знаходзіўся замкавы суд, якому падлягала ўсё насельніцтва, у т. л. і шляхта.

В.​С.​Пазднякоў.

т. 11, с. 414

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛЕССЕВАДБУ́Д, Галоўнае ўпраўленне па асушэнні зямель і будаўніцтве саўгасаў на Палессі пры Міністэрстве меліярацыі і воднай гаспадаркі СССР. Дзейнічала ў 1966—91, размяшчалася ў г. Пінск. Ажыццяўляла меліярацыю і с.-г. асваенне зямель Бел. Палесся з мэтай стварэння ў гэтым рэгіёне буйной базы па вытв-сці мяса і малака. Было прадугледжана меліяраваць 2,2 млн. га балот і забалочаных зямель, пабудаваць 17 вадасховішчаў і 19 поўнасістэмных рыбных гаспадарак, арганізаваць і пабудаваць 72 саўгасы, забяспечыць меры проціпаводкавай аховы. Буд-ва вялі спецыялізаваныя трэсты і сельскія буд. камбінаты. У складзе трэстаў і ў непасрэдным падпарадкаванні П. былі падрадныя буд.-мантажныя арг-цыі ў Брэсцкай, Гомельскай і Мінскай абл. Беларусі, у Бранскай вобл. Расіі. У П. ўваходзілі прадпрыемствы па выпуску зборнага жалезабетону, металаканструкцый, сталярных вырабаў, дрэнажных труб, цэглы, друзу, рамонту меліярац.-буд. тэхнікі, па забеспячэнні і камплектацыі будоўляў, Палескі трэст саўгасаў, вытв. аўтамаб. трэст, упраўленне рабочага забеспячэння. За перыяд дзейнасці П. асушаны новыя землі і рэканструяваны ўстарэлыя меліярац. сістэмы агульнай плошчай больш за 1 млн. га, пабудавана шмат новых пасёлкаў. Меліярацыя прывяла таксама да непажаданых вынікаў — абмялелі ці былі знішчаны малыя рэкі, пашырылася эрозія глебы, зменшылася разнастайнасць расліннага і жывёльнага свету, скараціліся арэалы многіх раслін і інш. Гл. таксама Меліярацыя.

т. 11, с. 552

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРМЕНІ́Д (Parmenidēs) з Элеі

(каля 540 да н.э., Элея, Італія — каля 470 да н.э.),

старажытнагрэчаскі філосаф, прадстаўнік элейскай школы. Аўтар філас.-дыдактычнай паэмы «Аб прыродзе», якая складаецца з 2 частак: «Шлях ісціны» і «Шлях поглядаў» (захавалася каля 160 вершаў). Абгрунтаваў адрозненне паміж мысленнем і пачуццёвасцю, сфармуляваў ідэю тоеснасці быцця і мыслення. У сваім разуменні свету трымаўся думкі пра існаванне апошняй мяжы, усебаковай замкнёнасці быцця, якое прымае форму аднароднага шара з правільным цэнтрам унутры. Праўдзівае быццё лічыў адзіным, вечным, непадзельным, нязменным і нерухомым; непраўдзівае — рухомымі, дзялімымі рэчамі з пустотай паміж імі. Яго вучэнне пра размежаванне быцця і небыцця, ісціны і меркавання было накіравана супраць дыялект. падыходаў да тлумачэння свету, якія назіраліся ў стараж. філасофіі; гэта дае падставу лічыць П. пачынальнікам метафізікі ў якасці пазнавальнай альтэрнатывы дыялектыкі. Паводле П., крыніцай праўдзівых ведаў аб свеце можа быць толькі розум; пачуцці прыводзяць да непраўдзівых і супярэчлівых меркаванняў (гэта ўносіла ў яго вучэнне элементы рацыяналізму). Сцвярджаў, што ў аснове светабудовы ляжыць супрацьстаянне 2 пачаткаў: актыўнага — святла-агню і інертнага — цемры. У 20 ст. працы П. даследаваліся экзістэнцыяльнай фенаменалогіяй (М.​Хайдэгер) і англа-амер. аналітычнай філасофіяй.

Тв.:

Рус. пер. — у кн.: Маковельский А. Досократики. Казань, 1915. Ч. 2;

У кн.: Античные философы: (Тексты). М., 1935.

В.​І.​Боўш.

т. 12, с. 99

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕ́РШЫ УСЕБЕЛАРУ́СКІ З’ЕЗД САВЕ́ТАЎ рабочых, салдацкіх і чырвонаармейскіх дэпутатаў.

Адбыўся 2—3.2.1919 у Мінску. Скліканы Часовым рабоча-сялянскім савецкім урадам Беларусі. Прысутнічалі 230 дэлегатаў з рашаючым і 44 з дарадчым голасам: ад Гродзенскай (11 дэлегатаў), Мінскай (121), Магілёўскай (10) губ., Вілейскага пав. Віленскай губ. (125), а таксама 7 дэлегатаў ад бежанцаў. Разгледжаны пытанні аб адносінах да сав. рэспублік, аб бягучым моманце, аб межах Сав. Беларусі, аб Канстытуцыі БССР, заслухана справаздача Часовага рэв. рабоча-сял. ўрада Беларусі, праведзены выбары ЦВК БССР. У рабоце з’езда ўдзельнічаў старшыня ВЦВК Я.​М.​Свярдлоў, які абвясціў пастанову Прэзідыума ВЦВК «Аб прызнанні незалежнасці Беларускай Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі». З’езд прыняў «Дэкларацыю аб устанаўленні федэратыўнай сувязі паміж БССР і РСФСР», вызначыў тэр. БССР у складзе Мінскай і Гродзенскай губ.; Віцебская, Магілёўская і Смаленская губ. адышлі да РСФСР. Адначасова было прызнана неабходным аб’яднаць БССР з Літ. ССР. З’езд прыняў 1-ю Канстытуцыю БССР (гл. Канстытуцыя Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусь 1919), у адпаведнасці з якой найвыш. ўлада ў рэспубліцы належала з’езду Саветаў. У перыяд паміж з’ездамі ўладу ажыццяўляў Цэнтр. выканаўчы к-т (ЦВК), адказны перад Усебел. з’ездам Саветаў. З’езд зацвердзіў герб і флаг БССР. У склад абранага з’ездам ЦВК БССР увайшло 50 чал. (45 камуністаў, 2 бундаўцы, 2 члены Паалей-Цыёна і 1 меншавік).

В.​Г.​Мазец.

т. 12, с. 319

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЛАЦКА-ЛЕ́ПЕЛЬСКАЯ БІ́ТВА 1944,

баі 16 партызанскіх брыгад Полацка-Лепельскай партызанскай зоны супраць ням.-фаш. захопнікаў у Вял. Айч. вайну. З канца снеж. 1943, калі фронт наблізіўся да паўн. граніцы зоны, немцы імкнуліся адцясніць партызан ад дарогі Віцебск—Лепель—Параф’янава, якая звязвала 3-ю ням. танк. армію з тылам. Не дасягнуўшы поспеху да лютага 1944, захопнікі арганізавалі карныя аперацыі «Веснавое свята» і «Лівень» для правядзення якіх сабралі 12 палкоў СС і паліцыі, 5 пяхотных, часці авіяпалявой, ахоўнай і запасной дывізій, асобны батальён Дырлевангера, танк. полк, брыгаду Камінскага (каля 60 тыс. чал.), 137 танкаў, 235 гармат, 2 бронепаязды, каля 70 самалётаў. 11 крас. карнікі пачалі наступленне. Але партызаны ўтрымлівалі пазіцыі, авіяцыя 1-га Прыбалт. фронту бамбіла скопішчы ням. войск, пераправіла партызанам больш за 250 т грузаў, вывезла каля 1500 параненых і хворых; вайск. часці фронту баямі мясц. значэння адцягвалі ўвагу карнікаў. Калі гітлераўцы ўсё ж звузілі кола акружэння, партызаны 5 мая пайшлі на прарыў, у выніку якога з блакады было выведзена каля 15 тыс. мясц. жыхароў. За 25 дзён баёў партызаны моцна знясілілі варожую групоўку, прычынілі ёй вял. страты (забіта 8,3 тыс. салдат і афіцэраў). У баях супраць карнікаў загінулі камбрыгі У.У.Гіль-Радзіёнаў, А.Ф.Данукалаў, П.М.Раманаў, Дз.​Ц.​Караленка. У гонар подзвігу партызан паблізу г.п. Ушачы створаны мемар. комплекс «Прарыў».

т. 12, с. 457

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ПО́ЎНЫ ЗБОР ЗАКО́НАЎ РАСІ́СКАЙ ІМПЕ́РЫІ»

(«Полное собрание законов Российской империи»),

найбольш поўны збор заканад. актаў, размешчаных (незалежна ад зместу) паводле храналогіі праўлення рас. цароў і імператараў. Складзены і выдадзены 2-м аддзяленнем уласнай яго імператарскай вялікасці канцылярыі (1826—82), кадыфікацыйным аддзелам Дзярж. Савета (1882—93) і аддзелам Зводу законаў Дзярж. канцылярыі (1898—1917). Складаўся з 3 збораў. 1-ы збор (1830) меў 40 тамоў заканад. актаў, 5 дадаткаў і асобную кнігу малюнкаў, чарцяжоў і гербаў. Уключаў 30 920 актаў з часу Саборнага ўлажэння 1649 да 24.12.1825. 2-і збор (1830—84) складаўся з 55 тамоў (выходзілі штогод у некалькіх кнігах кожны), змяшчаў 61 928 актаў за перыяд з канца 1825 да 12.3.1881. У 1885 да яго выдадзены алфавітна-прадметны паказальнік у 4 кнігах. 3-і збор выходзіў штогод да 1916 (не завершаны). Выйшлі 33 тамы (кожны ў 2 ч.), якія ўтрымлівалі больш за 40 тыс. актаў за перыяд з 13.3.1881 да канца 1913. Не ўключана заканадаўства адносна царквы і прыдворнага ведамства. У 1-м зборы было 1410 актаў, якія датычыліся адносін царызму да ВКЛ, у 2-м — 2710 актаў адносна зах. губерняў імперыі. Выданне служыць асн. крыніцай для вывучэння дарэвалюцыйнага права ў Расіі.

Літ.:

Ерошкин Н.П. История государственных учреждений дореволюционной России. 3 изл. М., 1983.

Я.​К.​Анішчанка.

т. 12, с. 520

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРА́ЖСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1945 у чэшскіх землях,

узброенае антыфашысцкае нац.-вызв. паўстанне ў маі 1945 пад кіраўніцтвам Чэш. нац. савета (ЧНС, створаны ў крас. 1945 з прадстаўнікоў усіх груп руху Супраціўлення). Планавалася на 7 мая, але ўжо 1 мая ў шэрагу нас. пунктаў пачалося стыхійнае выступленне жыхароў. 5 мая цэнтрам барацьбы стала Прага: гараджане раззброілі і блакіравалі часці герм. арміі, захапілі склады з ваен. тэхнікай і ўзбраеннем, занялі цэнтр. тэлеф. станцыю, пошту, пачалі ўзводзіць барыкады. У гэты дзень было абвешчана, што ў чэш. землях улада перайшла да ЧНС як прадстаўніка ўрада Нац. фронту (створаны ў крас. 1945 у г. Кошыцы). 6 мая ням.-фаш. камандаванне пачало наступленне на Прагу, у шэрагу раёнаў горада завязаліся баі. 6—7 мая на бок паўстанцаў перайшлі «ўласаўцы» (гл. ў арт. Руская вызваленчая народная армія). Ваен.тэхн. перавага дазволіла акупантам пацясніць паўстанцаў, якія папрасілі дапамогі ў сав. войск. Каб зменшыць колькасць ахвяр і выратаваць Прагу ад разбурэння, сав. камандаванне раней прызначанага тэрміну пачало Пражскую аперацыю 1945. 9—10 мая Прага была вызвалена. У П.п. актыўны ўдзел прымалі эмігранты з Беларусі, у т. л. М.​І.​Забэйда-Суміцкі.

Літ.:

Движение Сопротивления в странах Центральной и Юго-Восточной Европы, 1939—1945. М., 1995;

Поп И.И. Чехословакия—Советский Союз, 1941—1947 гг. М., 1990.

І.​В.​Перапечка.

т. 12, с. 542

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАПО́ЙСКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну.

Дзейнічала з сак. 1942 да кастр. 1943 на тэр. Прапойскага р-на (цяпер Слаўгарадскі р-н Магілёўскай вобл.). Аб’ядноўвала Прапойскую і Улуцка-Харанеўскую арг-цыі, у якіх было 11 груп (бальш за 80 чал.). У Прапойскую (кіраўнікі С.​Ф.​Саўчанка, М.​В.​Кліменка, М.​П.​Хаблоў) уваходзіла 8 груп: камсам.-маладзёжная (А.​С.​Скальзаеў), на электрастанцыі і маслазаводзе (А.​В.​Шэдаў), у гар. бальніцы (В.​Ф.​Самусенка), гарадская (А.​А.​Лісіцын), у вёсках Бярозаўка і Гіжэнка (В.​А.​Драздоў), Віравая (І.​В.​Ганчароў), Крамянка (І.​А.​Сёмкін), Рудня і Міхайлоў (М.​В.​Навуменка). Улуцка-Харанеўская (кіраўнікі Дз.​Е.​Савельеў, Г.​А.​Каралёў) складалася з 3 груп: у вёсках Доўгі Мох (Чавускі р-н, В.​А.​Сцяпанаў), Улукі (І.​Я.​Цімашкоў), Харанеў (І.​І.​Каваль). Арг-цыі дзейнічалі ва ўзаемасувязі, у кантакце з 42-м партыз. атрадам, партыз. палком «Трынаццаць», Магілёўскім падполлем. Падпольшчыкі збіралі і перадавалі партызанам зброю, боепрыпасы, медыкаменты, дакументы акупац. улад, распаўсюджвалі газ. «Правда» і «Красная звезда», лістоўкі, праводзілі дыверсіі, пашкоджвалі чыг. рэйкі, тэлефонную сувязь, з партызанамі разграмілі камендатуру ў Прапойску, арганізавалі ўцёкі сав. ваеннапалонных і пераправілі іх у партыз. атрад. Захаванне канспірацыі дазволіла падпольшчыкам пазбегнуць правалаў, своечасова перайсці ў партызаны.

М.​Ф.​Шумейка.

т. 13, с. 15

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫЖО́ВЫЯ ПАХО́ДЫ,

рэлігійныя войны заходнееўрап. феадалаў супраць мусульм. дзяржаў, язычнікаў, ерэтычных рухаў, прыбалт. і слав. народаў у 11—15 ст. Вяліся пад патранажам каталіцкай царквы. Былі выкліканы ростам матэрыяльных патрэб знаці ў сувязі з развіццём гарадоў і таварна-грашовых адносін у Зах. Еўропе, спрыяльнымі міжнар. абставінамі (паліт. раздробленасць мусульм. свету ў канцы 11 ст.; Візантыя перажывала вял. цяжкасці ў сувязі з нападамі сельджукаў, печанегаў, нарманаў). Іх удзельнікі, падкрэсліваючы свае рэліг. памкненні, нашывалі на адзенне крыжы (адсюль — крыжакі, крыжаносцы). У 1096—1270 адбылося 8 вял. паходаў на Усход. У 1-м К.п. (1096—99), абвешчаным рым. папам Урбанам II у 1095 на Клермонскім саборы дзеля вызвалення труны Гасподняй у Іерусаліме, удзельнічала каля 100 тыс. чал. Выступленню крыжацкага войска папярэднічаў паход незаможных сялян на чале з прапаведнікам Пятром Ам’енскім, якія былі разбіты туркамі-сельджукамі пад Нікеяй. Крыжацкія атрады пераправіліся ў М. Азію, захапілі Нікею (1097), Эдэсу (1098), Антыёхію (1098) і Іерусалім (1099), стварылі на заваяваных землях Іерусалімскае каралеўства (кароль Готфрыд Бульёнскі). Узніклі таксама духоўна-рыцарскія ордэны. Пасля захопу сельджукамі Эдэсы (1144) адбыўся 2-і К.п. (1147—49), ініцыіраваны і арганізаваны абатам Бернарам Клервоскім. Узначалілі яго франц. кароль Людовік VII і герм. імператар Конрад III. Удзельнічала каля 140 тыс. воінаў. Ням. рыцары былі разбіты мусульманамі каля Дарылея (1147). Няўдалая аблога Дамаска, дрэнная арг-цыя прывялі да правалу паходу. 3-і К.п. (1189—92) ажыццёўлены, каб адваяваць Іерусалім, захоплены ў 1187 егіп. султанам Салах-ад-дзінам. Яго ўзначалілі герм. імператар Фрыдрых I Барбароса, франц. кароль Філіп II і англ. кароль Рычард I Львінае Сэрца. Ням. войска, якое першым рушыла (1189) пасля нечаканай гібелі імператара пры пераправе цераз р. Салефа (М. Азія), было фактычна дэзарганізавана. У 1190 выступілі англічане і французы. У 1191 крыжакі авалодалі Акрай, Рычард I захапіў в-аў Кіпр, дзе было заснавана каралеўства. У 1192 Рычард I заключыў з Салах-ад-дзінам мір, паводле якога за крыжакамі засталося ўзбярэжжа ад Тыра да Яфы. 4-ы К.п. (1199—1204), арганізаваны рым. папам Інакенціем III, меў на мэце заваёву Егіпта. Аднак Венецыя, якой крыжакі завінавацілі частку сумы за прадастаўлены ім флот, дамаглася захопу хрысц. гарадоў (Задара ў Далмацыі ў 1202, Канстанцінопаля ў 1204). На захопленых землях Візант. імперыі ўзнік шэраг дзяржаў, у т. л. Лацінская імперыя. У 1212 адбыліся т.зв. дзіцячыя К.п. (сярод удзельнікаў было шмат дзяцей і падлеткаў). Большасць з іх загінула ад голаду і хвароб. У 5-м К.п. (1217—21), арганізаваным Інакенціем III супраць Егіпта, удзельнічалі франц., англ., ням. і італьян. рыцары. Яго кульмінацыяй была паўтарагадовая аблога і захоп у 1219 г. Дам’ета (Егіпет). 6-ы К.п. (1228—29) узначаліў герм. імператар Фрыдрых II Гогенштаўфен. У 1229 у Яфе падпісаны мір тэрмінам на 10 гадоў, паводле якога Іерусалім (акрамя 2 кварталаў) і некат. інш. землі (у т. л. Віфлеем і Назарэт) адыходзілі пад уладу Фрыдрыха II. У 1244 Іерусалім канчаткова заваяваны мусульманамі. У 7-м К.п. (1248—54), арганізаваным франц. каралём Людовікам IX, удзельнічала 12—25 тыс. чал. У 1249 захоплены г. Дам’ета, у лют. 1250 — крэпасць Мансура, дзе крыжакі былі абложаны і прымушаны да здачы. У палон трапіў і Людовік IX (выпушчаны ў 1250 за 200 тыс. ліўраў). 8-ы К.п. (1270), арганізаваны Людовікам IX у Туніс, спыніўся пасля яго смерці, не дасягнуўшы мэты. Неўзабаве былі страчаны апошнія ўладанні крыжаносцаў у Сірыі і Палесціне (у 1289 Трыпалі, у 1291 Акра). Пад іх уладай застаўся толькі Кіпр (да 1489). К.п. прывялі да значных чалавечых і эканам. страт як на З, так і на У, аднак яны пашырылі кантакты паміж дзвюма цывілізацыямі, далучылі зах. свет да дасягненняў араб. і інш. усх. культур. У 12—15 ст. К.п. былі накіраваны супраць славян, ліваў, эстаў, прусаў і інш. (гл. Крыжовы паход супраць славян 1147, Крыжовыя паходы супраць славян і балтаў у 12—15 ст.), альбігойцаў (гл. Альбігойскія войны 1209—29), у 15 ст. — супраць гусітаў (гл. Гусіцкія войны). Экспансія крыжакоў ва Усх. Еўропу (у т. л. на бел. землі) спынена ў выніку барацьбы слав. і прыбалтыйскіх народаў (гл. Лядовае пабоішча 1242, Грунвальдская бітва 1410, Трынаццацігадовая вайна 1454—66).

Літ.:

Заборов М.А. История крестовых походов в документах и материалах. М., 1977;

Яго ж. Крестоносцы на Востоке: Пер, с нем. М., 1980;

Куглер Б. История крестовых походов. Ростов н/Д, 1995.

Дз.​М.​Чаркасаў.

Да арт. Крыжовыя паходы. Адбыццё войска Людовіка IX у восьмы крыжовы паход у 1270. Мініяцюра невядомага майстра 15 ст. з «Вялікіх французскіх хронік».

т. 8, с. 504

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)