ГРАБА́Р (Ігар Эмануілавіч) (25.3.1871, Будапешт — 16.5.1960),

расійскі жывапісец і мастацтвазнавец. Нар. мастак СССР (1956). Акад. АН СССР (1943), АМ СССР (1947). Вучыўся ў Пецярбургскай АМ (1894—96) у І.Рэпіна, маст. школе А.​Ажбе (1896—98) у Мюнхене. У 1913—25 узначальваў Траццякоўскую галерэю. Выкладаў у Маскоўскім ун-це (праф. з 1921), маст. ін-це (1937—43, дырэктар). У 1944—60 дырэктар Ін-та гісторыі мастацтваў АН СССР. Чл. аб’яднання «Свет мастацтва» і «Саюз рускіх мастакоў». Раннія творы выкананы пад уплывам югендстылю («Дама з сабачкам», 1899). У пач. 1900-х г. творча выкарыстоўваў метады імпрэсіянізму, ствараў жыццесцвярджальныя, мажорныя пейзажы («Вераснёўскі снег», 1903; «Белая зіма», «Грачыныя гнёзды», «Сакавіцкі снег», «Лютаўскі блакіт», усе 1904). У пейзажах пазнейшага часу відавочна імкненне да абагульненых вобразаў («Ясны восеньскі вечар», 1923; «Зімні сонечны дзень», 1941). Выканаў партрэты дзеячаў культуры (М.​Дз.​Зялінскага, 1923, М.​В.​Марозава, 1934, С.​А.​Чаплыгіна, 1935, С.​С.​Пракоф’ева, 1941), пісаў карціны на гісторыка-рэв. тэмы. Аўтар манаграфічных даследаванняў пра рус. мастакоў Феафана Грэка, А.​Рублёва, В.​Сярова і інш. Па ініцыятыве і пры ўдзеле Грабара выдавалася першая «Гісторыя рускага мастацтва» (т. 1—6, 1909 — 16); адзін з аўтараў «Гісторыі рускага мастацтва» (т. 1—13, 1953—69). Адзін з заснавальнікаў рэстаўрацыйнай справы, аховы помнікаў мастацтва і даўніны. У Нац. маст. музеі Беларусі 7 твораў Грабара, у т. л. «Водблеск світання» (1904), аўтапартрэт у сінім касцюме (1935) і інш. Дзярж. прэмія СССР 1941.

Тв.:

И.​И.​Левитан: Жизнь и творчество. М., 1913 (разам з С.​Глаголем);

Репин. Т. 1—2. М., 1963—64;

О древнерусском искусстве. М., 1966;

О русской архитектуре. М., 1969;

В.​А.​Серов. 2 изд. М., 1980;

Письма. [Т. 1—3]. М., 1974—83.

Літ.:

Егорова Н.В. И.​Э.​Грабарь. М., 1979.

М.​Л.​Цыбульскі.

І.Грабар. Лютаўскі блакіт. 1904.

т. 5, с. 377

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНСТЫТУ́Т ФІ́ЗІКА-ТЭХНІ́ЧНЫ Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

Засн. ў 1931 у Мінску (існаваў да 1938). У 1945 у АН БССР створаны фізіка-тэхн. сектар, які ў 1947 рэарганізаваны ў Фізіка-тэхн. ін-т. З 1970 працавала Магілёўскае аддзяленне ін-та (з 1992 самаст. Інстытут тэхналогіі металаў Нац. АН Беларусі). У складзе ін-та (1998): эксперым. аддзел з доследнай вытв-сцю, 21 навук. лабараторыя. Аспірантура з 1950 па 6 спецыяльнасцях.

Асн. кірункі навук. даследаванняў: фізіка трываласці і пластычнасці; узаемадзеянне лазернага і плазменнага выпрамянення з рэчывам; лазерныя, электраэразійныя і пучковыя (вакуумныя, іонаплазменныя) тэхналогіі; кампазіцыйныя матэрыялы; малаадходныя тэхналогіі і абсталяванне для машынабудавання і электронікі; камп’ютэрная мультыплікацыя. Распрацаваны: метады фотапластычнасці і муаравых палос; навук. асновы цеплавой тэорыі ліцейных працэсаў, тэрмадынамікі абарачальных і неабарачальных працэсаў; тэорыя, агульная структура і класіфікацыя працэсаў формаўтварэння; тэорыі асобных тэхнал. працэсаў апрацоўкі металаў, асновы тэхнал. працэсаў сінтэзу высакаякасных дыэлектрыкаў рознай таўшчыні і метадаў іх кантролю. Устаноўлены шэраг заканамернасцей пластычнага формаўтварэння; даследаваны фазавыя і структурныя пераўтварэнні, фізіка-мех. ўласцівасці сталей і сплаваў, абгрунтаваны крытэрыі выбару рэжымаў правядзення базавых працэсаў інтэгральных тэхналогій; створаны шэраг новых, у т. л. кампазіцыйных, матэрыялаў. Распрацаваны і асвоены прам-сцю: аўтаматызаваныя комплексы папярочна-клінавой пракаткі; аўтаматызаваныя камп’ютэрныя лазерныя комплексы для тэрмічнай апрацоўкі, рэзкі і зваркі матэрыялаў; тэхналогіі і абсталяванне для імпульснай і магнітна-абразіўнай апрацоўкі, нанясення каразійнаўстойлівых, гарачатрывалых і дэкар. пакрыццяў, вырабу інструменту рознага прызначэння; бранявыя матэрыялы для асабістай засцярогі і аховы спецтэхнікі, бязнікелевыя высокатрывалыя чыгуны, літыя эўтэктычныя і валакністыя кампазіцыйныя, антыфрыкцыйныя алюміній-графітавыя матэрыялы. Дасягненні супрацоўнікаў ін-та адзначаны Дзярж. прэміяй СССР, 10 Дзярж. прэміямі Беларусі і інш. У ін-це працавалі акад. АН БССР М.С.Акулаў, Г.А.Анісовіч, Ц.Л.Бурстын, К.В.Гораў, С.І.Губкін, А.І.Кайгарадаў, Я.Р.Канавалаў, В.П.Севярдэнка, А.Н.Сеўчанка, М.М.Сірата, Б.І.Сцяпанаў, В.М.Чачын, чл.-кар. М.М.Бадзяка, А.В.І.Вейнік, М.У.Румак; працуюць акад. Нац. АН Беларусі С.А.Астапчык (дырэктар з 1983), А.В.Сцепаненка, П.І.Яшчарыцын. чл.-кар. А.І.Гардзіенка, Л.І.Гурскі.

К.​В.​Грышановіч.

т. 7, с. 273

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНТЭРНАЦЫЯНА́Л 2-і,

міжнароднае аб’яднанне сацыяліст. і рабочых партый у 1889—1914. Засн. ў Парыжы пры ўдзеле Ф.Энгельса, які да самай смерці (1895) з’яўляўся яго ідэйным кіраўніком. Пастаянны выканаўча-інфарм. орган (з 1900) — Міжнароднае сацыялістычнае бюро. Асн. пытанні міжнар. рабочага руху разглядаліся на кангрэсах: Парыжскім (1889), Брусельскім (1891), Цюрыхскім (1893), Лонданскім (1896), Парыжскім (1900), Амстэрдамскім (1904), Штутгарцкім (1907), Капенгагенскім (1910) і Базельскім (1912). У канцы 1912 І. 2-і аб’ядноўваў 27 сацыяліст і рабочых партый з 23 краін. На 1-м Парыжскім кангрэсе (1889) прыняты рашэнні аб штогадовым святкаванні дня міжнар. салідарнасці працоўных 1 мая, метадах і сродках барацьбы рабочага класа, неабходнасці выкарыстоўваць парламент у інтарэсах рабочых. Канечнай мэтай міжнар. рабочага руху быў абвешчаны сацыялізм, яго бліжэйшымі задачамі — увядзенне 8-гадзіннага рабочага дня, належнай аховы працы і ажыццяўленне інш. сац.-эканам. правоў рабочых. На Брусельскім, Цюрыхскім і Лонданскім кангрэсах прымаліся рашэнні аб негатыўным стаўленні рабочага класа да вайны і каланіялізму. У канцы 19 — пач. 20 ст. кіраўніцтва буйнейшых сацыяліст. партый І. 2-га паступова адыходзіла ад рэв. ідэалогіі марксізму, лічачы неабходным для канкрэтных інтарэсаў працоўных ісці на супрацоўніцтва з буржуазіяй (гл. Апартунізм). Супраць гэтай тэндэнцыі вялі барацьбу рас. бальшавікі на чале з У.​І.​Леніным. У сувязі з нарастаннем пагрозы сусв. вайны Штутгарцкі, Капенгагенскі і Базельскі кангрэсы асудзілі імперыял. войны, выкрывалі мілітарызм, выступалі супраць ваен. пагрозы. Аднак у пач. 1-й сусв. вайны кіраўніцтва еўрап. сацыяліст. партый (у Германіі, Францыі і інш.) падтрымала свае ўрады — прагаласавала ў парламентах за выдзяленне ваен. крэдытаў. Гэта азначала адыход ад прынцыпу інтэрнацыяналізму на пазіцыі сацыял-патрыятызму («сацыял-шавінізм»), І. 2-і пацярпеў ідэйны крах і фактычна распаўся ў 1914. Спробай аднавіць І. 2-і была дзейнасць Сацыялістычнага рабочага інтэрнацыянала (1923—40). Яго пераемнікам з’яўляецца Сацыялістычны інтэрнацыянал, заснаваны ў 1951.

Літ.:

Кривогуз И.М. «Сознательный рабочий никогда не отречется»: (К истории Второго Интернационала 1889—1914 гг.). М., 1990.

М.​Г.​Нікіцін.

т. 7, с. 287

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІКАЛО́ГІЯ (ад грэч. mykēs грыб + ...логія),

навука пра грыбы. Вывучае марфал., біял., фізіял., біяхім., экалагічныя асаблівасці грыбоў, іх геаграфію, сістэматыку, філагенію, значэнне ў жыцці чалавека. Уключае агульную, водную, глебавую, фітапаталаг., мед., вет., тэхн. М. і інш. Цесна звязана з фітапаталогіяй, ліхеналогіяй, мікрабіялогіяй. Мае важнае значэнне для медыцыны, ветэрынарыі, сельскай гаспадаркі, мікрабіял., харч. прам-сці і інш.

Да сярэдзіны 19 ст. характэрны апісанне і спробы класіфікацыі грыбоў, пераважна макраскапічных (Н.​А.​Вейнман, К.​Клаўзіус, Х.​Персан, Э.​М.​Фрыс і інш.). У 2-й пал. 19 ст., з пачаткам вывучэння патагенных грыбоў, М. вылучылася ў самаст. навуку (А. дэ Бары, М.С Варонін, О.​Брэфельд, Л.​Р.​Цюлан, Ш.​Цюлан і інш.). З канца 19 ст. развіваюцца фізіялогія і біяхімія грыбоў, эксперым. метады даследаванняў (А.А.Ячэўскі, Г.​А.​Клебс, Л.​І.​Курсанаў, М.​А.​Навумаў, В.​Г.​Траншэль і інш.).

На Беларусі даследаванні па М. пачалі ў канцы 19 ст. былыя супрацоўнікі Горы-Горацкага земляробчага ін-та, першыя спісы грыбоў апубл. ў канцы 19 — пач. 20 ст. (М.А.Дарожкін, В.Ф.Купрэвіч, Ф.​Блонскі, Л.​І.​Лебедзева, С.​І.​Шэмбель). Мэтанакіраваныя даследаванні праводзіліся з 1931 у АН Беларусі (Дарожкін, Купрэвіч, С.​М.​Тупяневіч). Значны ўклад у развіццё М. зрабілі С.У.Горленка, З.І.Рамнёва, М.І.Фёдараў, А.С.Шуканаў, С.​І.​Бельская, А.​І.​Галаўко. В.​С.​Гапіенка, В.​К.​Гаравец, Э.​П.​Камарова, З.​Н.​Кудрашова, В.​К.​Неафітава, В.​І.​Ніціеўская, П.​В.​Пак, В.​Я.​Стрэльская, А.​І.​Сцефановіч, Г.​І.​Сяржаніна, В.​В.​Фаміна, Н.​І.​Чакалінская і інш. Асн. н.-д. цэнтры: ін-ты эксперым. батанікі, мікрабіялогіі, лесу Нац. АН Беларусі, БелНДІ бульбаводства, БелНДІ агародніцтва, БелНДІ аховы раслін і БелНДІ земляробства і кармоў Акадэміі агр. навук Беларусі, БДУ, Бел. дзярж. пед. ун-т, БСГА, Гродзенскі с.-г. ін-т, Бел. дзярж. тэхнал. ун-т.

С.​Л.​Бельская.

т. 10, с. 352

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРАЗІТАЛО́ГІЯ (ад паразіты + ...логія),

біялагічная навука пра паразітычныя арганізмы, выкліканыя імі хваробы жывёл, чалавека і раслін, метады і сродкі барацьбы з паразітозамі. Падзяляецца на агульную, мед., вет., экалагічную і агранамічную. Асн. метады даследавання — мікраскапічны, эксперым., клінічны. Зачаткі П. ўзніклі ў глыбокай старажытнасці. Сістэм. вывучэнне паразітаў пачалося ў 18 ст. (К.Ліней, П.С.Палас, К.І.Скрабін і інш.). На Беларусі пытанні П. сістэматычна вывучаюцца з 1920—30-х г.: даследавалася фауна паразітычных прасцейшых (П.​М.​Мардасаў, К.​Ф.​Расцягаева, С.​П.​Сузько, В.​Л.​Якімаў і інш.), кляшчоў (М.​А.​Аленеў, А.​Е.​Беліцэр, В.​Ф.​Гусеў), насякомых (Р.Я.Бей-Біенка, А.​У.​Бург, А.​Р.​Маеўскі і інш.), гельмінтаў (Х.С.Гарагляд, В.Ф.Чарвякоў і інш.), узбуджальнікаў хвароб раслін (В.Ф.Купрэвіч, М.А.Дарожкін). Даследаванні вядуцца ў ін-тах заалогіі, эксперым. батанікі, Нац. АН Беларусі, Бел. НДІ аховы раслін, эксперым. ветэрынарыі, эпідэміялогіі і мікрабіялогіі, Віцебскай акадэміі вет. медыцыны, Брэсцкім пед. ун-це і інш. Асн. кірункі даследаванняў: арахнаэнтамалагічны, гельмінталагічны, протазаалагічны, паразітацэналагічны. У 1970—90-я г. высвятляліся асаблівасці і краявой П., распрацоўваліся метады дыягностыкі і ліквідацыі асн. паразітаў, вывучаўся іх патагенез і клініка, фауна, экалагічная і эпідэміял. значнасць гельмінтаў, крывасосных кляшчоў і насякомых у лясных біяцэнозах, урбаландшафтах, з 1986 у зоне аварыі Чарнобыльскай АЭС. Распрацаваны інтэгральны кантроль крывасосных мошак па прафілактыцы сімуліятаксікозу буйн. раг. жывёлы, практычныя рэкамендацыі па барацьбе з эймерыёзамі с.-г. жывёл, птушак і абмежаванні пашырэння асн. узбуджальнікаў хвароб. Найб. ўклад у гэтыя даследаванні зрабілі І.Ц.Арзамасаў, М.П.Карасёў, А.І.Ятусевіч, Н.​С.​Балагіна, Е.​І.​Бычкова, АС.​Гембіцкі, В.​М.​Капліч, К.​М.​Кірыенка, А.​Г.​Лабецкая, І.​В.​Меркушова, М.​М.​Трухан, Н.​В.​Цярошкіна, І.​В.​Чыкілеўская, Г.​А.​Яфрэмава.

Літ.:

Каплич В.М., Усова З.В. Кровососущие мошки лесной зоны. Мн., 1990;

Ятусевіч А.І., Карасёў М.П., Якубоўскі М.В. Паразіталогія і інвазійныя захворванні жывёл. Мн., 1998;

Клещи (Acari) фауны Беларуси: Кат. М., 1998.

Г.​А.​Яфрэмава.

т. 12, с. 83

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫ́ГАРАДНАЯ ЗО́НА,

тэрыторыя, якая з’яўляецца знешнім планіровачным поясам горада, знаходзіцца з ім у цеснай функцыян., эканам., экалагічнай і арх. узаемасувязі. Параметры П.з. і рэгламенты яе развіцця вызначаюцца пры распрацоўцы рэгіянальных і генеральных планаў гарадоў. Рацыянальнае выкарыстанне тэр. П.з. — неабходная ўмова ўстойлівага развіцця вял. гарадоў. Пры яе фарміраванні ўлічваюцца інтарэсы развіцця гар. гаспадаркі, аховы навакольнага асяроддзя і рацыянальнага выкарыстання тэр. рэсурсаў. Арх. планіровачнае вырашэнне П.з. распрацоўваецца з улікам прыярытэтаў захавання зялёных насаджэнняў, водных прастораў і інш. тэрыторый, якія маюць прыродаахоўнае і сан.-гігіенічнае значэнне. У межах П.з. размяшчаюцца гарады-спадарожнікі і інш. паселішчы, катэджныя забудовы, асобныя прамысл. прадпрыемствы, аб’екты камунальнай гаспадаркі, элементы трансп. (аэрапорты, чыг. станцыі і інш.) і інш. (водазаборы, трубаправоды і інш.) інфраструктур, свабодныя эканамічныя зоны, лесапаркі, зоны адпачынку, курорты, заказнікі, помнікі прыроды і інш. Значныя плошчы адводзяцца пад зоны масавага адпачынку, дачныя пасёлкі, санаторыі, пансіянаты, спарт.-аздараўленчыя лагеры. На Беларусі ўсе буйныя гарады маюць П.з. Прыкладам комплекснага развіцця горада і яго П.з. з’яўляецца Мінск. У межах П.з. Мінска вылучаюцца паясы: унутраны — лесапаркавы (радыус 15—20 км) і знешні (радыус каля 50 км). Лясы вакол Мінска ў радыусе 50—80 км фарміруюць зялёную зону горада. Планіровачны каркас тэр. Мінска і яго П.з. мае радыяльна-кальцавую структуру, сфарміраваную аўтамаб. і чыг. дарогамі, рэкамі і азялененымі прасторамі. Яго важнай планіровачнай і кампазіц. воссю з’яўляецца водна-зялёны дыяметр. Склад гар. функцый, вынесеных у П.з. Мінска, ахоплівае ўсе віды гасп. і сац. дзейнасці. У межах П.з. фарміруюцца спецыялізаваныя паселішчы, якія паводле свайго функцыян. прызначэння з’яўляюцца працягам Мінска (Мачулішчы, Гатава, Калодзішчы, Самахвалавічы, Навінкі і інш.). Да структурных элементаў П.з. адносяцца курорт Ждановічы, зоны адпачынку Мінскае мора, Астрашыцкі Гарадок, Пціч, Вясёлка і інш., заказнікі рэсп. значэння Падсады, Прылуцкі, Кайкаўскі, Пекалінскі і інш., свабодная эканам. зона «Мінск». Своеасаблівае арх.-планіровачнае вырашэнне маюць П.з. інш. гарадоў, напр., Гродна, Віцебска.

Н.​А.​Юргенсан.

т. 13, с. 59

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РО́ДНАЯ МО́ВА,

мова, на якой асоба мысліць без дадатковага самакантролю, з дапамогай якой лёгка і натуральна выказвае свае думкі ў вуснай і пісьмовай форме, якая служыць падмуркам яго этн. самасвядомасці, нац. самаідэнтыфікацыі. Як форма сац. быцця чалавека адрозніваецца натуральнасцю, нязмушанасцю, лёгкасцю, зручнасцю выкарыстання яе ў розных сітуацыях камунікавання асобы. Р.м. ўласцівы функцыі: мыслення, унутр. маўлення, слоўнага выражэння і афармлення думак і эмоцый, фарміравання і замацавання своеасаблівай моўнай карціны свету, фалькл. і літ.-маст. творчасці, пазнання свету і назапашвання ведаў у памяці, міфатворчасці і інш. Р.м. звязана з духам народа, нац. ментальнасцю, маральнасцю асобы і выконвае сямейныя, працоўныя і інш. грамадскія функцыі. Яна адна з вызначальных рыс сукупнасцей людзей — этнасу, нацыі, народа. Абавязкова і арганічна ўваходзіць у мноства знакавых сістэм, што фарміруюць т.зв. моўную асобу і вызначаюць багацце яе знешніх і ўнутр. зносін, ступень яе ўключанасці ў нац. і сусв. культуру. Роднай наз. і мову тытульнага этнасу, засвоеную з дзяцінства прадстаўніком інш. этнасу, што ўваходзіць у склад нацыі. Пры двухмоўі і шматмоўі — гэта мова штодзённых зносін. Пры дасканалым веданні дзвюх моў і аднолькава лёгкім валоданні імі можна гаварыць пра дзве родныя для асобы мовы. З паняццем Р.м. звязана ўяўленне пра гіст. існаванне этнасу і яго духоўную і матэрыяльную культуру. Р.м. як выраз не строга тэрміналагічны адносіцца не столькі да лінгвістыкі, колькі да сферы нац. псіхалогіі, этн. самаўсведамлення асобнага чалавека і народа. Р.м. можа для чалавека рэальна мець статус дыялектнай гаворкі, мовы асобнага этнасу, мовы маст. л-ры, нац. і дзярж. мовы і інш. Р.м. — аб’ект любові і гонару яе носьбітаў, дзярж. падтрымкі і аховы.

Літ.:

Этническая психология и общество. М., 1997;

Лыч Л.М. Беларуская нацыя і мова. Мн., 1994;

Навуменка Л. Уяўленні беларусаў аб значэнні ўласнай этнічнай належнасці і месца роднай мовы сярод іх // Język a tożsamość na pograniczu kultur, Białystok 2000.

А.​Я.​Міхневіч.

т. 13, с. 396

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВІНЕ́Ц, плюмбум (лац. Plumbum),

Pb, хімічны элемент IV групы перыяд. сістэмы, ат. н. 82, ат. м. 207,2. Прыродны складаецца з 5 стабільных ізатопаў: ​202Pb (сляды), ​204Pb (1,5%), ​206Pb (23,6%), ​207Pb (22,6%) і ​208Pb (52,3%). Ізатопы С. з масавымі лікамі 206—208 — канчатковыя прадукты натуральных радыеактыўных радоў. У зямной кары 1,6∙10​−3% па масе. Найважн. мінерал — галеніт (гл. Свінцовыя руды). Вядомы са стараж. часоў. У 3—2-м тыс. да н.э. ў Месапатаміі і Егіпце са С. выраблялі статуі, пячаткі, прадметы хатняга ўжытку, таблічкі для пісьма. Старажытнаслав. назва С. — олово. Захавалася ў чэш. (Olovo), польскай (olów), укр. (олово) і некат. інш. славянскіх мовах. У бел. мове назва С. — волава захоўвалася да сярэдзіны 20 ст. (адсюль назва «аловак»).

Мяккі пластычны цяжкі метал сінявата-шэрага колеру, шчыльн. 11341,5 кг/м³ (20 °C), tпл 327,5 °C (адзін з легкаплаўкіх металаў), tкіп 1751 °C Для С. характэрны дыямагнетызм, пры т-ры 7,19 К становіцца звышправадніком. У паветры метал. С. набывае шэры колер, што абумоўлена ўтварэннем тонкай плёнкі аксіду PbO (гл. Свінцу аксіды), якая ахоўвае метал ад далейшага акіслення. Пры пакаёвай т-ры не ўзаемадзейнічае з разбаўленымі сернай і салянай к-тамі; раствараецца ў разбаўленай азотнай і воцатнай к-тах, канцэнтраваных растворах шчолачаў. Атрымліваюць з сульфідных канцэнтратаў пасля іх агламерацыйнага абпалу з вапнай (гл. Агламерацыя ў металургіі) з наступнай плаўкай агламерату і рафінаваннем чарнавога металу Выкарыстоўваюць для вырабу электродаў акумулятараў, абалонак эл. кабеляў, футравання хім. апаратаў, як матэрыял для аховы ад іанізавальных выпрамяненняў, кампанент друкарскіх і антыфрыкцыйных сплаваў (гл. Свінцу сплавы), паўправадніковых матэрыялаў. Атрутны; ГДК у атм. паветры 0,003 мг/м³, вадзе 0,03 мг/л. Асн. крыніцы забруджвання навакольнага асяроддзя С.: металургічныя прадпрыемствы, выхлапныя газы рухавікоў унутр. згарання.

Літ.:

Козин Л.Ф., Морачевский А.Г. Физико-химия и металлургия высокочистого свинца. М., 1991.

Я.​Г.​Міляшкевіч.

т. 14, с. 258

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕЛЬСКАГАСПАДА́РЧАЯ ТЭ́ХНІКА,

машыны, абсталяванне і прыстасаванні, якія забяспечваюць механізацыю тэхнал. працэсаў у раслінаводстве, жывёлагадоўлі, лясной гаспадарцы і меліярацыі. У розных галінах с.-г. вытв-сці выкарыстоўваюцца разнастайныя энергет., трансп. і пагрузачныя сродкі: трактары, самаходныя шасі, мотаблокі, дызельныя электрастанцыі, аўтамабілі агульнага прызначэння і спецыяльныя (у т. л. седлавыя цягачы, самазвалы, рэфрыжэратары, аўтамабілі-цыстэрны, -фургоны), прычэпы, канвееры, транспарцёры і інш. транспартныя машыны, пагрузачна-разгрузачныя машыны, аўтакраны і інш.

Тэхніка раслінаводства ўключае: глебаапрацоўчыя машыны (дыскавыя і зубавыя бароны, валакушы, каткі палявыя, культыватары, лушчыльнікі, пласкарэзы-глыбокарыхліцелі, плугі, рыхліцелі, фрэзы глебавыя), машыны для ўнясення ўгнаенняў, сяўбы і пасадкі с.-г. культур, аховы і догляду раслін (раскідвальнікі ўгнаенняў, вапны і прынад для барацьбы са шкоднікамі, сеялкі, расадапасадачныя машыны, апырсквальнікі, культыватары-раслінасілкавальнікі, бульбасаджалкі, акучнікі для акучвання раслін); машыны для ўборкі і пасляўборачнай апрацоўкі с.-г. культур (жняяркі; бацвінне-, бульба-, бурака-, збожжа-, канопле-, коране-, корма-, кукуруза- і сіласаўборачныя камбайны; гл. адпаведныя арт.; бульбакапалкі, буракаўборачныя машыны, ільноўборачныя машыны, сенаўборачныя машыны, у т. л. саломаскладальнікі, граблі, падборшчыкі, стагакіды, малатарні, зернеачышчальныя машыны, трыеры, сушылкі, абсталяванне бульбасартавальных пунктаў і інш.). Тэхніка жывёлагадоўлі: кормапрыгатавальныя машыны, здрабняльнікі кармоў, саломасіласарэзкі, загрузчыкі кармоў, раздатчыкі кармоў, кармушкі, даільныя апараты і даільныя ўстаноўкі, сепаратары малочныя, стрыгальныя агрэгаты, аўтапаілкі, абсталяванне інкубатараў, кармацэхаў, жывёлагадоўчых ферм і комплексаў, птушкафабрык і інш. Тэхніка лясной гаспадаркі: лесапасадачныя машыны, лясныя плугі, сеялкі, канава- і ямакапальнікі; бензаматорныя ланцуговыя пілы, машыны і агрэгаты для валкі, пакетавання, тралёўкі і інш. лесанарыхтоўчых работ; сродкі аўтадарожнага, чыг. і воднага (лесавозы) транспарту; абсталяванне першаснай апрацоўкі драўніны (сучкарэзныя, акорачныя і раздзелачныя машыны, станкі і ўстаноўкі, лесапільныя рамы. штабелявальныя машыны), дрэваапрацоўчыя машыны і інш. Меліярацыйная тэхніка: меліярацыйныя машыны, у т. л. каналакапальнікі, аднакаўшовыя і траншэйныя экскаватары, планіроўшчыкі, дрэнажныя машыны, дажджавальныя машыны і ўстаноўкі і інш.

На Беларусі шматлікія прамысл. прадпрыемствы выпускаюць разнастайную С.т. (гл. Сельскагаспадарчае машынабудаванне).

В.​М.​Кандрацьеў.

т. 14, с. 311

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРЭ́НДА (польскае arenda ад лацінскага arrendare аддаваць у наймы),

маёмасны наём (дагавор), паводле якога ўласнік маёмасці (арэндадавец) здае арандатару сваю маёмасць на часовае карыстанне за пэўную плату. Арандатарамі могуць выступаць юрыдычныя асобы (прадпрыемствы, установы і арганізацыі) і асобныя грамадзяне, арэндадаўцамі — любы ўласнік маёмасці ці органы, арганізацыі, упаўнаважаныя ўласнікам. Адносіны арандатара і арэндадаўца рэгламентуе заключаны паміж імі дагавор, які прадугледжвае склад і кошт маёмасці, што перадаецца ў арэнду, парадак яе перадачы, памер арэнднай платы, тэрмін арэнды, абавязкі і правы арандатара і інш. Здаючы маёмасць у арэнду, арэндадавец застаецца яе ўласнікам. Арандатар з’яўляецца ўласнікам атрыманых прадукцыі і даходаў, якімі ён, заплаціўшы прадугледжаную дагаворам арэндную плату, можа самастойна распараджацца. Арандатар са згоды арэндадаўца можа поўнасцю ці часткова выкупіць арандаваную маёмасць на ўмовах, прадугледжаных дагаворам.

Узнікла арэнда ў рабаўладальніцкім грамадстве як арэнда зямлі: землеўладальнікі (латыфундысты) перадавалі яе для апрацоўкі рабам і беззямельным сялянам, што павышала зацікаўленасць апошніх у лепшых выніках працы і спрыяла ўмацаванню новага спосабу спалучэння эканамічных інтарэсаў уласнікаў зямлі і землекарыстальнікаў. Пазней арэнда пашыралася на іншыя сродкі вытворчасці, набыла новыя формы — арэнднае прадпрыемства, арэндны падрад, лізінг.

На Беларусі ў дасавецкі час пераважала арэнда зямлі. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 з ліквідацыяй прыватнай уласнасці на зямлю і іншыя сродкі вытворчасці арэндная форма гаспадарання была спынена. Адноўлена на пачатку 1920-х гадоў у час ажыццяўлення новай эканамічнай палітыкі з мэтай паскарэння сацыяльна-эканамічнага развіцця. За 1921—26 у арэнду здадзена 620 прамысловых прадпрыемстваў, з іх 536 дробных і 90 буйных (пераважна харчасмакавай, гарбарнай, лесапільнай, смалакурна-шкіпінарнай і цагельнай прамысловасці). З перамогай сацыялістычнага ўкладу ў эканоміцы арэндная форма гаспадарання была зноў спынена. З канца 1980-х гадоў арэнда развіваецца як адзін з кірункаў раздзяржаўлення ўласнасці. Прыняты Вярхоўным Саветам Беларусі закон аб арэндзе (1990) дазваляе арандаваць зямлю, іншыя прыродныя рэсурсы, асноўныя сродкі вытворчасці, а таксама прадпрыемствы і арганізацыі ці іх асобныя падраздзяленні. Для аховы інтарэсаў арандатараў створаны Беларускі саюз прадпрымальнікаў і арандатараў.

Л.​А.​Лобан.

т. 2, с. 12

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)