ГРО́СМАН (Васіль Семёнавіч) (12.12.1905, г. Бярдзічаў, Украіна — 14.9.1964),
расійскі пісьменнік. Скончыў Маскоўскі ун-т (1929). Першая аповесць пра жыццё шахцёраў Данбаса «Глюкаўф» (1934). Аўтар гіст.-рэв. рамана «Сцяпан Кальчугін» (ч. 1—4, 1937—40), аповесці «Народ бессмяротны» (1942) і рамана «За праведную справу» (1952), прысвечаных подзвігу народа ў Вял.Айч. вайне. Выйшлі зб. апавяданняў «Шчасце» (1935), «Жыццё» (1943), «Дабро вам!» (1967) і інш; пісаў нарысы, публіцыстыку (кн. «Сталінірад», 1943). Аповесць «Усё цячэ» (1955—63, выд. 1970, у Расіі — 1989) пра трагічныя старонкі гісторыі краіны 1930—50-х г. Раман «Жыццё і лёс» выдадзены ў Расіі ў 1988.
Літ.:
Бочаров А.Г. Василий Гроссман: Жизнь, творчество, судьба. М., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРУ́ШАВАЯ ПЛАДАЖЭ́РКА (Laspeyresia pomonella),
матыль сямейства ліставёртак, шкоднік грушы. Пашыраны ў лесастэпавых і стэпавых раёнах Еўрап.ч., на Каўказе і ў Сярэдняй Азіі. У Беларусі асабліва шкодзіць пладам грушы летне-асенніх тэрмінаў выспявання. Пашкоджаныя плады хутка загніваюць.
Крылы ў размаху 16—21 мм, цёмна-шэрыя з папярочнымі палосамі. Вусені даўж. 16—18 мм, белыя, з светла-бурай галавой. За год развіваецца 1 пакаленне. Зімуюць вусені ў коканах у дзярніне або верхнім слоі глебы. Матылі вылятаюць у перыяд цвіцення грушы, яйцы адкладваюць на плады. Вусені кормяцца мякаццю і насеннем пладоў, у жніўні выходзяць з пладоў у глебу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ГРЫ́НПІС»
(англ. Greenpeace «Зялёны мір»),
незалежная міжнар. грамадская экалагічная арг-цыя. Засн. ў вер. 1971 у г. Ванкувер (Канада) актывістамі на чале з Д.Мактагартам. Да 1979 стала міжнар. арг-цыяй. Мае аддзяленні ў 32 краінах, каля 2 млн. правадзейных членаў (1995), а таксама транспарт, у т. л. марскі. Штаб-кватэра ў г. Амстэрдам (Нідэрланды). Выступае за спыненне ядз. выпрабаванняў у свеце, забруджвання атмасферы, глебы, вады, затаплення хім. і радыеактыўных адходаў у морах, у абарону жывёльнага свету (асабліва кітоў і цюленяў), лясоў, Антарктыкі і інш. Дамагаецца ад урадаў і прамысл. кампаній прыняцця рашэнняў па канкрэтных экалагічных праблемах. Старшыні: Мактагарт (з 1978), У.Беліян (Германія, з 1993).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВУЗЛЫ́ МАРСКІ́Я,
злучэнне двух гнуткіх тросаў (з раслінных і сінт. матэрыялаў) або троса з якім-н. прадметам. Адрозніваюцца прастатой, надзейнасцю (павышаецца з узмацненнем нацяжэння), лёгкасцю развязвання (знімаецца заціск петляў пры зняцці нагрузкі). Асн. тыпы вузлоў марскіх альтанкавыя простыя або двайныя (для абвязвання людзей пры рабоце на вышыні або за бортам), шкотавыя (для звязвання тросаў з дапамогай каўша), выбленачныя (для падвескі грузаў), плоскія (для звязвання тросаў рознай таўшчыні), шлюпачныя (для буксіроўкі шлюпак), рыбацкія штыкі (для мацавання троса) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫ́ВАЗ СЯЛЯ́НСКІ,
у Расіі 15—17 ст перавоз, звоз сялян ад аднаго феадала да другога (па дамоўленасці з ім ці гвалтоўна). Паводле Судзебнікаў 1497 і 1550, сялянам дазваляўся пераход ад аднаго памешчыка да другога ў Юр’еў дзень. З узмацненнем заняволення сялян і абвастрэннем барацьбы феадалаў за працоўныя рукі выхад сялянскі абмяжоўваўся вывазам сялянскім. Урад змагаўся з гвалтоўным вывазам сялянскім. Паводле Саборнага ўлажэння 1649 быў устаноўлены бестэрміновы вышук па справах аб вывезеных і беглых сялянах. У запаведныя гады нароўні з выхадам сялянскім вываз сялянскі быў забаронены.
Літ.:
Греков Б.Д. Крестьяне на Руси с древнейших времен до XVII в. Кн. 1—2. 2 изд. М., 1952—54.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫГАНАШЧА́НСКАЕ ВО́ЗЕРА, Выганаўскае возера,
у Івацэвіцкім р-не Брэсцкай вобл., на водападзеле р. Шчара і Ясельда, за 37 км на У ад г. Івацэвічы, на тэр. гідралагічнага заказніка Выганашчанскае. Пл. 26 км², даўж. 7 км, найб.шыр. 4,8 км, найб.глыб. 2,3 м, даўж. берагавой лініі 21 км. Пл. вадазбору 87,1 км². Схілы катлавіны спадзістыя, пераважна забалочаныя. Берагі нізкія, тарфяністыя, пад хмызняком, на Пн і Пд сплавінныя. Дно плоскае, выслана сапрапелем, у зах.ч. шматлікія мелі. З Пн на Пд возера перасякае Агінскі канал. Вылучаецца відавым багаццем вышэйшых водных раслін і наяўнасцю прыбярэжнай разнатраўна-асакова-злакавай сплавіны шыр. да 150 м. Мноства вадаплаўных птушак. Зарастае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫ́ДРЫЦКІ БОЙ 1942,
бой паміж аб’яднанымі сіламі партыз. атрадаў 128-га, Г.Я.Сарокі, узвода 277-га атрада, групы партызан падпалк. Чырв. Арміі А.К.Спрогіса і гарнізонам ням.-фаш. захопнікаў 11 вер. ў в.Выдрыца Крупскага р-на Мінскай вобл. ў Вял.Айч. вайну. Выдрыцкі гарнізон уваходзіў у сістэму абароны праціўніка па забеспячэнні сплаву лесу па р. Бобр і бяспекі транспарту на чыг. участку Барысаў—Крупкі. Партызаны засадамі перакрылі дарогі на в. Вяляцічы і г.п. Крупкі, перайшлі ўброд раку за 2 км ад Выдрыцы і пад прыкрыццём шчыльнага агню атакавалі гарнізон. У час бою каля аднаго з дзотаў па-геройску загінула камандзір дыверсійнай групы А.Ф.Колесава.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫ́РАЙ,
1) цёплыя краіны, куды адлятаюць на зімоўку пералётныя птушкі, якія кормяцца насеннем, дробнымі воднымі і беспазваночнымі жывёламі, зрэдку драпежныя і расліннаедныя. Гняздоўныя на Беларусі івалга, ластаўка вясковая, салавей, пеначкі, чарацянкі, валасянкавыя, мухалоўкавыя, бусел белы і інш. зімуюць у Афрыцы, белабровік, чарацянка садовая, сачыўка — у Азіі, заранка, аўсянка трысняговая — у Крыме і Закаўказзі, грак, жаваранкавыя, шпак, шыраканоска і інш. — у краінах Зах. Еўропы.
2) Чарада пералётных птушак. Жураўлі ляцяць клінам, гусі адна за адной, качкі фронтам, вераб’інападобныя і большасць інш. птушак скучанай чарадой.
3) Час адлёту (пералёту) птушак. Вызначаецца фізіял. станам, залежным ад навакольнага асяроддзя. Пералётныя птушкі Беларусі адлятаюць на зімоўку ў жн. — 2-й пал. лістапада.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫТВО́РЧАЯ МАГУ́ТНАСЦЬ,
максімальна магчымы выпуск якаснай прадукцыі ці аб’ём здабычы або перапрацоўкі сыравіны за адзінку часу. Вытворчая магутнасць прадпрыемства складаецца з сумарнай магутнасці яго асн. цэхаў, а цэхаў — з магутнасці асн. абсталявання. Разлічваецца на суткі, год або некалькі гадоў. Выражаецца ў натуральных (вырабы, дэталі, штукі, тоны), умоўна-натуральных і грашовых паказчыках. Вытворчая магутнасць — велічыня пераменная, мяняецца з развіццём тэхн. прагрэсу, залежыць ад попыту на прадукцыю на рынку і інш. фактараў. На падставе разлікаў на прадпрыемствах складаецца баланс вытворчых магутнасцей і іх выкарыстання. З павышэннем узроўню выкарыстання вытворчай магутнасці (праз укараненне высокаэфектыўнага абсталявання, прагрэсіўнай тэхналогіі, удасканаленне арганізацыі вытв-сці і працы) павялічваецца выпуск прадукцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫШЫ́НСКІ (Міхась) (Міхаіл Антонавіч; 27.1.1940, Мінск — 18.1.1996),
бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1965). Настаўнічаў на Лагойшчыне, у 1967—70 працаваў у выд-ве «Беларусь», час. «Нёман», у 1970—75 на Бел. радыё. Друкаваўся з 1959. Пісаў пра жыццё вясковай інтэлігенцыі, пошукі моладдзю свайго жыццёвага шляху (зб. апавяданняў «Вокны ўначы», 1969, «Крыніца, светлая вадзіца», 1979, «У полі, за сялом...», 1981; аповесць «На павароце», 1971). Апавяданні пераважна лірычныя, у іх паэтызуецца свет прыроды, душэўны стан герояў, іх перажыванні. Аўтар зб. нарысаў «Людзі вясны» (1982), твораў для дзяцей.