АДНАЎЛЕННЕ І РАЗВІЦЦЁ НАРОДНАЙ ГАСПАДАРКІ БЕЛАРУСІ ПАСЛЯ ВЯЛІКАЙ АЙЧЫННАЙ ВАЙНЫ (2-я палова 1940-х—1950-я г.)
Народная гаспадарка. З пачатку вызвалення Беларусі ад ням.-фаш. захопнікаў неабходна было за кароткі тэрмін ліквідаваць вынікі спусташальнай вайны, аднавіць і забяспечыць развіццё нар. гаспадаркі, знайсці рэсурсы для паляпшэння жыцця людзей. Людскія страты Беларусі за гады Вял.Айч. вайны (1941—44) склалі каля 3 млн.чал., што было больш за 11% ад агульных страт СССР. На катаржныя работы акупанты вывезлі каля 380 тыс.чал. У выніку ў 1945 у гаспадарцы рэспублікі рабочых і служачых было на 474 тыс. (на 53,3%) менш, чым у 1940. Толькі прамыя нар.-гасп. страты дасягалі 75 млрд.руб. (у цэнах 1941). Знішчана больш за палавіну нац. багацця Беларусі (страты па СССР складалі каля 30% нац. багацця). Па некаторых важных галінах (прамысловасць, энергетыка) эканоміка Беларусі была адкінута да ўзроўню 1913, а па агульным узроўні развіцця — да 1928. За гады вайны на Беларусі знішчана 209 (з 270) гарадоў і раённых цэнтраў, 9200 сёл і вёсак, разбурана больш за 10 тыс. прадпрыемстваў (85% даваен. фабрык і заводаў).
Пасля вызвалення дзейнічалі толькі 2% даваен. энергетычных магутнасцей. Асабліва вял. страты панёс транспарт. У сельскай гаспадарцы захопнікі разрабавалі і спустошылі 10 тыс. калгасаў, 92 саўгасы, 316 МТС. У параўнанні з 1940 на 40% скараціліся пасяўныя плошчы, пагалоўе буйн. раг. жывёлы — прыблізна на 2/3, коней — на 61%, свіней — на 89%, авечак і коз — на 78%.
З вызваленнем усх. раёнаў Беларусі ў вер. 1943 пачаліся аднаўленчыя работы. Аднак гэты працэс ускладняўся тым, што яшчэ больш як 1,5 года ішла вайна Сав. Саюза супраць фаш. Германіі і значная частка сродкаў накіроўвалася на патрэбы фронту. У гэтай сувязі гал. ўвага аддавалася аднаўленню цяжкай прамысловасці і транспарту, якія забяспечвалі наступленне сав. войск. У пач. 1944 адраджэнне эканомікі пачалося ў 36 вызваленых раёнах Гомельскай, Магілёўскай і Віцебскай абл. У маі 1944 уведзены ў дзеянне гомельскія паравозарамонтны і цагельны з-ды, у жніўні — з-д «Гомсельмаш». У вызваленым 3.7.1944 Мінску ў пач. жніўня далі прадукцыю 13 фабрык і заводаў. Хутка аднаўляўся транспарт. Першы цягнік у Мінск прыйшоў на сёмы дзень пасля вызвалення — 10 ліпеня, у Маладзечна — 11, у Ліду — 19 ліпеня. За 1944 адноўлена і здадзена ў эксплуатацыю 196 маш.-буд. прадпрыемстваў, у т. л. 18 буйных, якія выраблялі ваен. матэрыялы, рамантавалі і збіралі самалёты, танкі, аўтамашыны і інш. тэхніку для патрэб фронту. Да мая 1945 пачалі працаваць каля 12 тыс.прамысл. аб’ектаў, у т. л. 8 тыс. прадпрыемстваў, 4 тыс. арцелей і майстэрань. З поўным вызваленнем рэспублік ад акупацыі пачаўся наступны этап адраджэння эканомікі Беларусі. У 1945 выраблена прамысл. прадукцыі ў 3,7 раза больш, чым у 1944; але яе аб’ём за гэты перыяд складаў каля 20% (па СССР — 92%), выпрацоўка электраэнергіі — 16, металарэзных станкоў — 3, фанеры і абутку — па 5%. Да канца 1945 адноўлена 2574 кмгал. чыгуначных пуцей. Больш марудна адраджалася харч. прамысловасць. Да канца 1945 на Беларусі працавала 118 прадпрыемстваў гэтай галіны, якія давалі 18% валавой прадукцыі даваен. ўзроўню. У сельскай гаспадарцы вясной 1945 пасяўныя плошчы дасягнулі 73,8% даваенных. Валавы збор збожжа ў 1945 складаў каля 50% ад даваеннага, слаба развівалася грамадская жывёлагадоўля. Цяжкія вынікі вайны, захаванне пазаэканам. прымусу, адсутнасць матэрыяльнага заахвочвання абумовілі нізкія тэмпы аднаўлення агр. вытворчасці.
Пасля завяршэння вайны аднаўленчыя работы ў рэспубліцы яшчэ больш актывізаваліся. Матэрыяльная база аднаўлення фарміравалася за кошт цэнтралізаваных фін. асігнаванняў, паставак саюзнага ўрада, рээвакуацыі абсталявання бел. прадпрыемстваў і мат.-тэхн. каштоўнасцей зсав. тылу, дапамогі сав. рэспублік. Некаторай кампенсацыяй страт гаспадаркі Беларусі былі рэпарацыйныя пастаўкі з былых краін гітлераўскага блока. Падтрымку бел. народу аказвала міжнар. грамадства. На працягу 1945—47 Беларусь атрымала пэўную колькасць прадуктаў харчавання, адзення, абутку, мед. абсталявання, лекаў і інш. аб’ёмам каля 142 тыс.т на суму амаль 61 млн. долараў ЗША па лініі Адміністрацыі дапамогі і аднаўлення Аб’яднаных Нацый (ЮНРРА).
Закон аб пяцігадовым плане аднаўлення і развіцця нар. гаспадаркі БССР на 1946—50 гал. задачай ставіў аднаўленне нар. гаспадаркі ў межах даваен. ўзроўню і яе далейшае развіццё. Значную ролю ў яго выкананні адыгрывалі энтузіязм насельніцтва, парт. прапаганда ў спалучэнні з цвёрдым вытв. рэжымам, што захаваўся ад ваен. часу, сацыяліст. спаборніцтва. Найб. ўвага аддавалася цяжкай прамысловасці, найперш машынабудаванню. Ужо ў 1946 у параўнанні з папярэднім годам аб’ём прамысл. прадукцыі вырас у 1,5 раза, павысілася прадукцыйнасць працы. Паступова аднаўлялася паліўна-энергетычная база. У 1948 здабыча торфу складала 116,6% ад узроўню 1940. Да пач. 1949 агульная магутнасць электрастанцый рэспублікі дасягнула 116,3% даваен. ўзроўню. Змянялася структура прамысл. вытворчасці, зніжалася ўдзельная вага лёгкай, харч., лясной, дрэваапрацоўчай галін, затое расла доля электраэнергетыкі, машынабудавання, металаапрацоўкі. Пры агульным росце аб’ёму вытворчасці ўсёй прамысловасці на 115% у параўнанні з 1940 аб’ём машынабудавання і металаапрацоўкі вырас амаль у 2,4 раза, у т. л. машынабудавання ў 3/4 раза. З мэтай удасканалення тэрытарыяльнай структуры прамысл. вытворчасці больш хуткімі тэмпамі ішло эканам. развіццё зах. абласцей БССР, дзе аб’ём валавой прадукцыі ў 1950 павялічыўся ў параўнанні з 1940 амаль удвая. Доля зах. абласцей у агульным аб’ёме прамысл. вытворчасці рэспублікі вырасла амаль да 15%. Марудна аднаўлялася вытворчасць тавараў нар. ўжытку. Лёгкая прамысловасць у 1950 у параўнанні з даваен. узроўнем выпусціла баваўняных тканін толькі 17,7%, панчошна-шкарпэткавых вырабаў 33, бялізнавага трыкатажу 31,6%. Адставала і вытворчасць харч. прадукцыі. У канцы 4-й пяцігодкі мясаперапрацоўчая прамысловасць дала толькі 65% прадукцыі ў параўнанні з 1940, вытворчасць макаронных вырабаў склала 73, хлебабулачных — 57,3%.
На аднаўленні сельскай гаспадаркі неспрыяльна адбілася засуха 1946 (не выкананы планы сяўбы збожжавых і развіцця жывёлагадоўлі). Нізкія тэмпы развіцця с.-г. вытворчасці былі абумоўлены адсутнасцю матэрыяльнага стымулявання працы ў калгасах, непрадуманай падатковай палітыкай і планаваннем. Асаблівасці аднаўлення зах.-бел. вёскі выяўляліся ў пераводзе прыватнаўласніцкіх гаспадарак на «калектыўны шлях развіцця». Да канца 1946 там арганізаваны 133 калгасы (0,6% усіх сял. гаспадарак). Пасля некаторых падрыхтоўчых мерапрыемстваў у 1949 пачалася прымусовая масавая калектывізацыя, без уліку вопыту 1930-х г. Да канца 1950 пераважная частка сялян зах. абласцей Беларусі ўцягнута ў калгасы, якія аб’ядналі каля 84% гаспадарак. Разбурэнне традыцыйнага сялянскага ўкладу прывяло там да істотнага скарачэння пагалоўя жывёлы: буйн. раг. жывёлы прыкладна ў 8 разоў (у т. л. кароў — больш чым у 9), свіней — у 8 разоў. У цэлым за 4-ю пяцігодку ў агр. сектары Беларусі адбыліся пазітыўныя змены. Вытворчасць збожжа павялічылася на 12%, бульбы — на 15, ільновалакна — на 36%, цукр. буракоў — у 2,5 раза. Аднак па шэрагу важных галін сельская гаспадарка не выканала заданняў. У параўнанні з даваенным перыядам у 1950 пасяўныя плошчы складалі 94,3%, валавы збор збожжа — 98,4, бульбы — 80,3, пагалоўе буйн. раг. жывёлы — 96,6, коней — 62, свіней — 64,4, авечак — 54,7%.
У 5-м пяцігадовым плане развіцця нар. гаспадаркі БССР на 1951—55 пастаўлены задачы павышэння матэрыяльнага і культурнага ўзроўню жыцця насельніцтва, актыўнага ўключэння ў навукова-тэхн. рэвалюцыю. Ажыццяўленню іх садзейнічаў перагляд эканам. палітыкі ў бок змяшчэння акцэнтаў у нар.-гасп. развіцці на карысць вытв-сці тавараў нар. ўжытку, павелічэння капіталаўкладанняў у лёгкую і харч. прамысловасць, сельскую гаспадарку. У 1-й пал. 1950-х г. уведзены ў дзеянне заводы падшыпнікавы, гадзіннікавы і буд. матэрыялаў у Мінску, цукровы ў Скідзелі, швейных машын у Оршы, шаўкаткацкая ф-ка ў Віцебску і інш. За 1951—55 пабудавана 1010 прамысл. прадпрыемстваў, у т. л. 150 буйных, аб’ём прамысловасці Беларусі павялічыўся больш чым у 2 разы, а колькасць прадпрыемстваў — толькі на 9%. Павялічыўся асартымент прамысл. вырабаў, наладжаны серыйны выпуск трактароў, грузавых аўтамабіляў, металарэзных станкоў. Пераадолена адставанне лёгкай і харч. прамысловасці, што дазволіла павялічыць амаль удвая вытворчасць тавараў нар. ўжытку. У гэты перыяд праведзены шэраг мерапрыемстваў, скіраваных на аднаўленне матэрыяльнага стымулявання, удасканаленне планавання с.-г. вытворчасці, павышэнне яе самастойнасці: павышаны нарыхтоўча-закупачныя цэны, адменены абавязковыя пастаўкі з уласнай дапаможнай гаспадаркі і інш. У агр. сектары ўпершыню за пасляваен. гады адбыліся пэўныя зрухі, больш стала буйн.-раг. жывёлы, пабольшаў валавы збор с.-г. культур, пашырыліся механізацыя і электрыфікацыя. У параўнанні з 1950 вытворчасць мяса ў калгасах павялічылася на 41%, малака — на 28%, пасяўныя плошчы расшыраны на 540 тыс.га, магутнасць трактарнага парка вырасла ў 2 разы, колькасць збожжавых камбайнаў — у 4,8, грузавых аўтамабіляў — у 2,6 раза. Аднак карэнных змен у развіцці сельскай гаспадаркі не адбылося. Заданні 5-га пяцігадовага плана не былі выкананы па ўсіх асн. паказчыках, а па вытворчасці збожжа, бульбы, пагалоўі кароў, свіней, авечак не быў дасягнуты даваен. ўзровень. У 1958 для павышэння эфектыўнасці агр. вытворчасці былі ліквідаваны МТС, на іх базе створаны станцыі па рамонце с.-г. тэхнікі, а тэхніка перададзена калгасам за выкуп. Але неадкладны выкуп зношанага парка МТС паставіў шматлікія эканамічна слабыя калгасы ў цяжкае фін. становішча.
Грамадска-палітычнае жыццё. Гал. асаблівасцю сав.паліт. сістэмы, якая складалася зКамуніст. партыі, сав. дзяржавы, прафсаюзаў, камсамола, каап. аб’яднанняў, грамадскіх арг-цый, быў яе замкнуты характар. Ядром з’яўлялася Камуніст. партыя. Усе грамадска-паліт. арг-цыі дзейнічалі пад яе непасрэдным кіраўніцтвам.
ВКП(б) (потым КПСС).была не столькі палітычнай, колькі дзярж. арг-цыяй, мела ўсе функцыі заканадаўчай і выканаўчай улады. КП(б)Б з’яўлялася яе састаўной часткай. У 1945—46 пярвічныя парт. арг-цыі створаны на большасці прадпрыемстваў, у шэрагу калгасаў і саўгасаў. На 1.1.1946 у БССР было 48,2 тыс. членаў партыі, а ў пач. 1958—172,7, тыс.Парт. к-ты займаліся падборам і расстаноўкай кадраў. Пад гэты прынцып падпадала выбарчая сістэма ў саміх парт. органах, Саветах, усіх грамадскіх арг-цыях. Выбары павінны былі дэманстраваць поўную згоду мас зпарт. ўстаноўкамі. Усе кандыдаты ў дэпутаты вылучаліся са згоды і па рэкамендацыі парт. органаў.
Паводле Канстытуцыі СССРгал. функцыі дзярж. кіраўніцтва і арганізацыі грамадскага жыцця належалі Саветам. У 1947 адбыліся выбары ў Вярх. СаветБССР (абраны 371 дэпутат), у 1948 — у мясц. Саветы (абрана 65 тыс. дэпутатаў). У задачы Саветаў уваходзіла аднаўленне нар. гаспадаркі, адраджэнне гарадоў і вёсак, развіццё культуры і адукацыі, паляпшэнне ўмоў жыцця насельніцтва. Але яны не з’яўляліся сапраўднымі органамі народаўладдзя, а знаходзіліся на службе парт. апарату, які праз камуністаў праводзіў у жыццё свае рашэнні і дырэктывы. Колькасць членаў партыі ў мясц. Саветах пастаянна павялічвалася. Так, у 1948 пасля выбараў у мясц. Саветах Беларусі камуністы складалі 26,68%, у 1950—30,4, у 1953—35,6, у 1955—40,79%. З сярэдзіны 1950-х г. рабіліся спробы павысіць ролю Саветаў у кіраўніцтве краінай і грамадствам. У выніку роля рэсп. і мясц. Саветаў у кіраўніцтве эканомікай і грамадска-паліт. жыццём вырасла, актывізавалася заканадаўчая дзейнасць Вярх. Савета БССР. Ствараліся новыя камісіі па кіраўніцтве гасп. дзейнасцю ў мясц. Саветах.
Прафесійныя саюзы ў пасляваен. гады займаліся ў асн. арганізацыяй працоўных на выкананне вытв. планаў, сац. абарона рабочых і служачых ажыццяўлялася недастаткова. У 1946 у БССР налічвалася больш за 350 тыс. членаў прафсаюзаў (каля 70% агульнай колькасці працаўнікоў). Была адроджана ўся структура прафес. органаў (фабрычна-заводскія і мясц. к-ты, якія арганізоўвалі спаборніцтва працоўных, наладжвалі работу клубаў, дамоў культуры, садзейнічалі тэхн. творчасці, клапаціліся пра жыллёва-быт. ўмовы і інш.). У 1948 створаны Бел.рэсп. савет прафсаюзаў, абласныя саветы і к-ты, гар. і раённыя к-ты прафсаюзаў, адначасова дзейнічалі і галіновыя к-ты. Такім чынам, у будове прафсаюзаў спалучаліся галіновы і вытв.-тэр. прынцыпы, што адпавядала структуры парт. арг-цый. У адпаведнасці з рашэннямі снежаньскага (1957) пленума ЦККПСС прадугледжваліся меры па павышэнні ролі прафсаюзаў у жыцці сав. грамадства, кіраўніцтве вытворчасцю, абароне правоў і інтарэсаў працоўных. Пад кіраўніцтвам прафсаюзаў на прадпрыемствах сталі дзейнічаць вытв. нарады. Але ўдасканаленне структуры, форм і метадаў іх дзейнасці адбывалася ў рамках адм.-каманднай сістэмы кіравання, якая выключала самастойнасць прафсаюзаў.
У жыцці моладзі вызначальную ролю адыгрываў камсамол (у СССР — ВЛКСМ, у БССР — ЛКСМБ), які займаўся пытаннямі патрыят. выхавання моладзі, яе шэфствам над новабудоўлямі і інш. Спробы перабудовы работы камсамола ў 2-й пал. 1950-х г. не выходзілі за межы структурных змен і ўмацавання ўлады бюракратычнага апарату над моладдзю. У Беларусі існавалі і інш. грамадскія арг-цыі тыпу ДТСААФ, ДНД, дваровыя і вулічныя к-ты, культ., навук.-спарт. і інш. аб’яднанні. Такім чынам, у першыя пасляваен. гады ў СССР і Беларусі захоўвалася паліт. сістэма, якая склалася ў 1920—30-я г. Прыкметай таго, што яна стала менш жорсткай, быў і ўказ Прэзідыума Вярх. Савета СССР ад 26.3.1947 аб скасаванні ў краіне смяротнага пакарання. На працягу 1948—49 у СССР не было вынесена ніводнага смяротнага прысуду. Аднак у студз. 1950 выйшаў новы ўказ, паводле якога смяротнае пакаранне зноў аднаўлялася. Відаць, гэта было звязана з пачаткам працэсаў па т.зв. «ленінградскай справе», па якой больш за 200 парт. і сав. работнікаў асудзілі, а некаторых прыгаварылі да расстрэлу. Актывізаваліся рэпрэсіі і ў Беларусі. Як і ў перадваен. час, да ліст. 1951 іх арганізатарам быў міністр дзярж. бяспекі БССР Л.Ф.Цанава. У канцы 1940-х г. ён паспрабаваў расправіцца з С.В.Прытыцкім, які ўзначальваў Гродзенскі абком партыі. I толькі дзякуючы прынцыповай пазіцыі ЦККП(б)Б, найперш яго 1-га сакратара М.С.Патолічава, Прытыцкага здолелі абараніць. Шырокую агалоску ў 1951 атрымала т.зв. «справа Саевіча». Міністр асветы БССР П.В.Саевіч быў абвінавачаны ў змове з «югаслаўскімі рэвізіяністамі», трацкізме, нацыяналізме, «валютных махінацыях». Ваен. трыбунал БВА прыгаварыў яго да 25 гадоў папраўча-працоўных лагераў. У пасляваен. гады былі зноў рэпрэсіраваны бел. пісьменнікі А.Александровіч, У.Дубоўка, А.Звонак, П.Пруднікаў. Усяго ў студз. 1953 у лагерах СССР знаходзіліся 2 468 524 вязні. Пры гэтым асуджаныя па паліт. матывах складалі 21%.
Адукацыя, навука, культура. За гады вайны на Беларусі было знішчана каля 7 тыс. будынкаў навучальных устаноў, што значна ўскладніла працэс аднаўлення сістэмы адукацыі. Аднак ужо ў 1945/46 навуч.г. ў рэспубліцы працавала амаль 11 тыс.навуч. устаноў (1,3 млн. вучняў), з якіх 82% былі пачатковымі, 15% — сямігадовымі і толькі 3% — сярэднімі. На бел. мове заняткі вяліся ў 96,5% школ (у Мінску ў 50%). Больш за 40% навуч. устаноў размяшчаліся ў часовых і прыстасаваных памяшканнях. Адраджалася сістэма вячэрняй адукацыі (у 1951 дзейнічала 230 школ рабочай і 714 сельскай моладзі). На працягу 1949—52 уведзена абавязковае сямігадовае навучанне з пераводам выкладання на двухмоўную аснову. Значныя сродкі выдзяляліся на развіццё сярэдняй спец. адукацыі (у сярэдзіне 1950-х г. на Беларусі былі 123 тэхнікумы і вучылішчы). У 1950-я г. істотна скарацілася колькасць пачатковых школ пры адначасовым пашырэнні сярэдніх і сямігадовых навуч. устаноў. У 1955/56 навуч.г. ў рэспубліцы было 11,4 тыс. школ з 1,2 млн. вучняў, але ў гарадах практычна не засталося беларускамоўных школ.
Да канца вайны працу аднавілі 12 ВНУ (з 25), у іх было 600 выкладчыкаў, 5 тыс. студэнтаў. Цэнтрам вышэйшай адукацыі БССР быў Мінск, дзе акрамя 8 даваен. ВНУ (БДУ, ін-ты — пед., мед., політэхн., юрыд., нар. гаспадаркі, фіз. культуры, кансерваторыя) у 1945 адкрыты лесатэхн. (з 1961 тэхналагічны) і тэатральны (з 1953 тэатральна-мастацкі) ін-ты. Асаблівая ўвага звярталася на стварэнне пед. ін-таў, якіх у 1953 у БССР налічвалася 11 — у Гродне (1944), Брэсце (1950), Полацку (1953) і інш. Пры заснаванні новых ВНУ у 1-е пасляваен. дзесяцігоддзе перавага аддавалася спецыяльнасцям, неабходным для развіцця нар. гаспадаркі. Былі адкрыты Гродзенскі с.-г.ін-т (1951), Гомельскі ін-т інжынераў чыг. транспарту (1953), Мінскі ін-т механізацыі і электрыфікацыі сельскай гаспадаркі (1954). Недахоп выкладчыкаў вымушаў запрашаць на працу ў айч.ВНУ спецыялістаў зінш. рэспублік, што паскорыла русіфікацыю бел. вышэйшай школы, вяло да заняпаду вывучэнне нац. гісторыі і культуры (у БДУ нават часова была скасавана кафедра гісторыі Беларусі). Пры гэтым у 1950-я г. 1 студэнт у БССР прыпадаў на 550 чал. (у Украіне на 300).
Нягледзячы на амаль поўнасцю разбураную за час акупацыі доследна-эксперыментальную базу айч.навук. устаноў, ужо ў 1944 у Мінску аднавілі дзейнасць ін-ты гісторыі, эканомікі і сельскай гаспадаркі АН Беларусі. У 1946 працавала 38 навук. устаноў, у т. л. 21 НДІ. Запрашэнне на працу ў АН Беларусі спецыялістаў з вядучых навук. цэнтраў СССР дазволіла істотна павялічыць колькасны склад навук. супрацоўнікаў. У 1955 у 76 навук. установах рэспублікі працавала 4,1 тыс.чал. (125 дактароў і 1354 канд. навук). Былі адкрыты ін-ты філасофіі і права (1947), энергетыкі (1952), фізіялогіі (1953), фізікі і матэматыкі (1955), мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору (1957). Паводле новага (1957) статута АН Беларусі падзялялася на 5 аддзяленняў: грамадскіх, фізіка-тэхн., фізіка-матэматычных, біял., хім. і геал. навук; было 38 акадэмікаў і 28 член-карэспандэнтаў, пад кіраўніцтвам якіх распрацоўвалася 258 навук. тэм (60 мелі агульнасаюзнае значэнне). Навук. праца шэрагу бел. вучоных была высока ацэнена: Дзярж. прэмію СССР атрымалі Г.В.Багамолаў (1947, 1952) і П.І.Альсмік (1951). За крытыку «лысенкаўскага» кірунку ў развіцці сав. біялогіі і абарону генетыкі ў кастр. 1947 зняты з пасады прэзідэнт АН Беларусі А.Р.Жэбрак; член-карэспандэнт А.М.Жырмунскі падвергся праследаванню за выступленне на Міжнар. кангрэсе геолагаў.
Актывізацыя знешнепалітычнай дзейнасці БССР. Новы этап знешнепаліт. дзейнасці Беларускай ССР пачаўся ў 1944, калі Вярх. СаветСССР прыняў 1 лютага Закон «Аб прадастаўленні саюзным рэспублікам паўнамоцтваў у галіне знешніх зносін і аб пераўтварэнні ў сувязі з гэтым Народнага камісарыята замежных спраў з агульнасаюзнага ў саюзна-рэспубліканскі народны камісарыят». У выніку саюзныя рэспублікі атрымалі права ўступаць у непасрэдныя зносіны з замежнымі дзяржавамі, заключаць з імі пагадненні і абменьвацца дыпламат. і консульскімі прадстаўнікамі. Адначасова прыняты законы аб стварэнні вайсковых фарміраванняў саюзных рэспублік, аб скасаванні ўпраўленняў упаўнаважаных НКЗС СССР пры СНК саюзных рэспублік. На Беларусі такое ўпраўленне, створанае ў 1923 замест ліквідаванага тады рэсп. НКЗС, фактычна спыніла сваю дзейнасць у пач. 1930-х г. У сак. 1944 6-я сесія Вярх. Савета БССР, якая сабралася ў нядаўна вызваленым ад акупантаў Гомелі, абмеркавала пытанне аб стварэнні саюзна-рэсп. наркаматаў замежных спраў і абароны. У дакладзе Старшыні Прэзідыума Вярх. Савета БССР Н.Я.Наталевіча падкрэслівалася, што пашырэнне правоў саюзных рэспублік у галіне абароны і знешніх зносін з’яўляецца важным крокам у развіцці бел. дзяржаўнасці, адзначалася вялікае практычнае значэнне выхаду Беларусі на міжнар. арэну. Ён вылучыў 3 асноватворныя прынцыпы будучай знешнепаліт. дзейнасці рэспублікі: БССР выходзіць на міжнар. арэну як самастойная дзяржава ў складзе Саюза ССР; у сваёй знешняй палітыцы яна будзе абапірацца на ўзрастаючую гасп., паліт. і культурную моц усяго СССР; на міжнар. арэне Беларусь зойме належнае ёй месца, бо па ўзроўні прамысловай і с.-г. вытворчасці, культурнага развіцця, багатай гіст. мінуўшчыны, колькасці насельніцтва і тэрыторыі яна з поспехам вытрымлівае параўнанні з многімі дзяржавамі Еўропы і інш. кантынентаў. Наталевіч сфармуляваў бліжэйшыя мэты і задачы знешняй палітыкі Беларусі: рабіць усё магчымае для хутчэйшай перамогі над фашызмам і рыхтаваць рахунак Германіі за страты, якія Беларусь панесла ў гады вайны; умацоўваць палітыку міру, наладжваць і пашыраць сувязі з усімі свабодалюбівымі краінамі, найперш з дзяржавамі, саюзнымі па антыгітлераўскай кааліцыі; усталяваць дружалюбныя і добрасуседскія адносіны з Польшчай. У дакладзе былі вызначаны прынцыпы, мэты і задачы знешнепаліт. дзейнасці, якімі рэспубліка збіралася кіравацца ў перыяд заканчэння вайны і пасляваен. гады. 24.3.1944 Вярх. СаветБССР прыняў Закон «Аб стварэнні саюзна-рэспубліканскага Народнага камісарыята замежных спраў Беларускай ССР». У адпаведнасці з ім Канстытуцыя БССР 1937 дапоўнена арт. 16а, паводле якога рэспубліка атрымала права ўступаць у непасрэдныя зносіны з замежнымі дзяржавамі, заключаць з імі пагадненні і абменьвацца дыпламат. і консульскімі прадстаўнікамі. Змены, што тычыліся знешнепаліт. паўнамоцтваў вышэйшых органаў дзярж. улады, былі ўнесены і ў інш. артыкулы Канстытуцыі БССР. 30.3.1944 нам. Старшыні СНКБССР К.В.Кісялёў прызначаны наркомам замежных спраў Беларусі. У 1946 НКЗС перайменаваны ў Мін-ва замежных спраў БССР. Гал. прычынай прадастаўлення, а дакладней вяртання, саюзным рэспублікам знешнепаліт. правоў былі разлікі тагачаснага сав. кіраўніцтва атрымаць у асобе 16 саюзных рэспублік СССР дадатковыя галасы ў Арг-цыі Аб’яднаных Нацый (ААН) і на пасляваен. міжнар. канферэнцыях.
Першы этап знешнепаліт. дзейнасці БССР пасля аднаўлення НКЗС ахоплівае 1944—53. Гэта час другога (пасля 1918—22) выхаду Беларусі на міжнар. арэну, фарміравання асн. кірункаў дыпламат. актыўнасці Беларусі, станаўлення яе дыпламат. школы. У апошнія ваен. і першыя пасляваен. гады знешнепаліт. дзейнасць БССР была асабліва актыўная і прыкметная. Дэлегацыя Беларусі ўдзельнічала ў працы Падрыхтоўчай камісіі ААН у Лондане (ліст.—снеж. 1945), 1-й і наступных сесій Ген. Асамблеі ААН, была абрана ў 1946 у члены Эканам. і Сац. Савета. Па ініцыятыве бел. дэлегацыі ў лют. 1946 прынята адна з першых рэзалюцый Ген. Асамблеі — аб выдачы і пакаранні ваен. злачынцаў. На працягу 1946—48 Беларусь прынята ў 4 спецыялізаваныя ўстановы ААН: Міжнар. саюз электрасувязі, Сусв. паштовы саюз, Сусв. метэаралагічную арг-цыю, Сусв. арг-цыю аховы здароўя (СААЗ). Аднак актыўнага ўдзелу ў іх працы не прымала, а з пачаткам «халоднай вайны» засяродзілася на канфрантацыі ззах. дзяржавамі. У 1949 дэлегацыі СССР, УССР, БССР і інш. краін Усх. Еўропы па распараджэнні саюзнага кіраўніцтва пакінулі СААЗ і працягвалі ўдзельнічаць толькі ў 3 з 11 спецыялізаваных устаноў ААН. У 1948 бел. дэлегацыя ўстрымалася ў ліку 8 дэлегацый у час прыняцця Усеаг. дэкларацыі правоў чалавека, у 1950 байкатавала працу Ген. Асамблеі і астатніх органаў і камітэтаў ААН. Пазіцыя БССР па ўсіх пытаннях парадку дня Ген. Асамблеі і інш. органаў ААН дыктавалася неабходнасцю строгага выканання дырэктыў Палітбюро ЦКВКП(б)—КПСС і асабіста І.В.Сталіна.
У 1946—53 дэлегацыя БССР унесла ў розныя органы ААН 21 прапанову, з якіх, аднак, былі прыняты толькі 3. У прыватнасці адхілены неаднаразовыя бел. прапановы па праблемах бежанцаў, перамешчаных асоб, апатрыдаў (асоб без грамадзянства) і беспадданых, якія прадугледжвалі прымусовую рэпатрыяцыю грамадзян Беларусі і асоб бел. нацыянальнасці. СССР, УССР і БССР галасавалі супраць стварэння Міжнар. арг-цыі па справах бежанцаў і Упраўлення Вярх. камісара ААН па справах бежанцаў, адмовіліся ўдзельнічаць у іх працы і падпісаць Канвенцыю аб статусе бежанцаў ад 25.7.1951. Да канца 1950-х г.БССР падпісала 54 міжнар. дагаворы, канвенцыі і пагадненні, у т. л. Канвенцыю аб папярэджанні генацыду і пакаранні за яго (1948), Жэнеўскія канвенцыі аб абароне ахвяр вайны (1949). Амаль усе яны былі шматбаковымі і заключаліся ў рамках ААН і яе спецыялізаваных устаноў.
8.2.1947 Кісялёў выступіў з заявай урада БССР па германскім пытанні на нарадзе намеснікаў Савета Міністраў замежных спраў (СМЗС) у Лондане. У заяве патрабавалася ад Германіі выплаціць рэпарацыю на карысць Беларусі ў суме 1,5 млрд. долараў, што складала не больш за 10% ад агульнай сумы яе страт у гады вайны. Бел. ўрад выступаў за дэмілітарызацыю, дэмакратызацыю і дэнацыфікацыю Германіі, супраць яе расчлянення, але за ўстанаўленне кантролю над яе паліт. і эканам. жыццём з боку 4 дзяржаў-пераможцаў. У парадку разлікаў па рэпарацыях з Германіі на Беларусь вывезены 182 прадпрыемствы (больш за 30 тыс. адзінак абсталявання). 16.4.1948 Кісялёў выступіў на нарадзе намеснікаў СМЗС з заявай урада БССР па пытанні аб былых італьянскіх калоніях.
Статус паўнапраўнага члена ААН дазволіў Беларусі прыняць удзел у Парыжскай мірнай канферэнцыі (29.7—15.10.1946), прысвечанай распрацоўцы мірных дагавораў дзяржаў-пераможцаў з былымі саюзнікамі фаш. Германіі (Італіяй, Румыніяй, Балгарыяй, Венгрыяй і Фінляндыяй). У рабоце канферэнцыі ўдзельнічалі дэлегацыі 21 дзяржавы, якія зрабілі найб. ўклад у перамогу над фаш. кааліцыяй, у т. л.СССР, УССР і БССР. У склад дэлегацыі БССР уваходзілі 7 паўнамоцных дэлегатаў (Кісялёў — кіраўнік, А.Г.Бондар, П.В.Лютаровіч, А.А.Чыжоў, Ф.П.Шмыгаў, Г.Г.Навіцкі, В.І.Фясько) і 2 прадстаўнікі (Н.П.Новак і У.М.Яшумаў). Бел. дэлегацыя, якая дзейнічала ў адпаведнасці з агульнасаюзнай лініяй і падзелам працы паміж 3 сав. дэлегацыямі, падтрымлівала праекты мірных дагавораў і выступала са сваімі прапановамі і заўвагамі. Члены дэлегацыі ўдзельнічалі ў рабоце 10 камісій, зрабілі 50 выступленняў у камісіях і на пленарных пасяджэннях канферэнцыі. Беларусь была абрана ў склад мандатнай камісіі, а Кісялёў узначальваў камісію па паліт. і тэр. пытаннях для Балгарыі і выступаў у абарону яе інтарэсаў. У італьянскай камісіі бел. дэлегацыя прапанавала свой варыянт італа-югаслаўскай граніцы, які прадугледжваў адыход да Югаславіі спрэчных тэрыторый са слав. насельніцтвам, аднак большасцю галасоў «беларуская лінія» была адхілена. Не прайшла і бел. папраўка аб удакладненні мяжы паміж Югаславіяй і Трыестам. Бел. дэлегацыя выказалася ў падтрымку ’рэпарацыйных патрабаванняў сав. ўрада да былых саюзнікаў фаш. Германіі, аднак не ставіла пытанне пра задавальненне рэпарацый непасрэдна на карысць Беларусі. У атмасферы вострай паліт. і дыпламат. барацьбы паміж сав. і зах. блокамі прадстаўнікі БССР часам праяўлялі спрошчаны, прапанаваны з Масквы, падыход да вырашэння канкрэтных пытанняў мірнага ўрэгулявання, выступалі супраць выкарыстання Міжнар. суда для вырашэння спрэчак адносна тлумачэння ці выканання мірных дагавораў з былымі саюзнікамі Германіі. У час канферэнцыі і пасля яе завяршэння кіраўніцтва Балгарыі і Югаславіі выказвала падзяку дэлегацыі Беларусі за адстойванне інтарэсаў гэтых дзяржаў. Тэксты гэтых мірных дагавораў канчаткова ўзгоднены ў ліст.—снеж. 1946 на сесіі СМЗС — СССР, ЗША, Вялікабрытаніі і Францыі ў Нью-Йорку. 10.2.1947 міністр замежных спраў БССР Кісялёў падпісаў у Парыжы мірныя дагаворы з Балгарыяй, Венгрыяй, Румыніяй, Італіяй і Фінляндыяй. 13.9.1947 Прэзідыум Вярх. Савета БССР ратыфікаваў іх.
Членства БССР у ААН дазволіла рэспубліцы атрымаць міжнар. дапамогу з боку Адміністрацыі дапамогі і аднаўлення Аб’яднаных Нацый (ЮНРРА), якая ў 1943—47 дзейнічала з мэтай аказання дапамогі ў аднаўленні эканомікі краінам, што пацярпелі ад дзяржаў фаш. «восі» ў выніку 2-й сусв. вайны. 18.12.1945 у Вашынгтоне падпісана пагадненне паміж урадам БССР і ЮНРРА аб пастаўках тавараў, абсталявання і харчавання ў Беларусь на суму 61 млн.дол. да 30.6.1946 (пазней яго тэрмін прадоўжаны да 31 снежня). Праграма паставак ЮНРРА для Беларусі выконвалася з канца 1945 да 31.3.1947 (некаторыя тавары паступалі і пасля яе заканчэння). Беларусь атрымала тавараў на суму 60 820 000 дол. агульнай вагой каля 142 тыс.т. На падставе пагаднення ў Мінску дзейнічала місія ЮНРРА, якая назірала за размеркаваннем паставак. Асн. катэгорыямі паставак былі харч. тавары, прамысл. і с.-г. абсталяванне, адзенне і абутак, мед. абсталяванне і лекі. Большую частку складалі тавары з ЗША. Памер атрыманай Беларуссю дапамогі складаў 2,6% паставак ЮНРРА для Еўропы ў доларах і 0,9% у вазе. Дапамога ЮНРРА, нягледзячы на ўсю яе эканам. і маральна-паліт. значнасць, задавальняла толькі самыя неабходныя патрэбы рэспублікі.
Яскравай праявай знешнепаліт. дзейнасці Беларусі было пагадненне паміж урадам БССР і Польскім к-там нац. вызвалення (ПКНВ) ад 9.9.1944 аб эвакуацыі бел. насельніцтва зтэр. Польшчы і польскіх грамадзян зтэр. Беларусі. Яго падпісалі старшыні СНКБССР П.К.Панамарэнка і ПКНВ Э.Асубка-Мараўскі. Пагадненне датычылася рэпатрыяцыі бел. і польскага насельніцтва ў сувязі са зменай савецка-польскай граніцы ў выніку падпісання адпаведнага дагавора 16.8.1945. У адпаведнасці з пагадненнем рэпатрыяцыі падлягалі ўсе грамадзяне бел., укр., рус. і русінскай нацыянальнасцей, што пражывалі на тэр. Польшчы (на З ад «Керзана лініі») і жадалі перасяліцца на Беларусь, а таксама ўсе палякі і яўрэі, якія былі ў польскім грамадзянстве да 17.9.1939, пражывалі ў Зах. Беларусі і жадалі перасяліцца ў Польшчу. Асн. хваля рэпатрыяцыі адбылася ў 1944—46. У 1944—48 у Польшчу зСССР перасяліліся 1 417 583 чал., у т. л.з Украіны амаль 788 тыс. (каля 52%), Беларусі 274 163 (18%). Пераважная частка перасяленцаў накіроўвалася на зах. землі Польшчы, якія яна атрымала за кошт тэр. Германіі паводле Патсдамскіх пагадненняў 1945. Паміж урадамі СССР і Польшчы 6.7.1945 падпісана пагадненне аб праве на выхад зсав. грамадзянства асоб польскай і яўр. нацыянальнасцей, што пражывалі ў СССР, аб іх эвакуацыі ў Польшчу і аб праве на выхад з польскага грамадзянства асоб рус., укр., бел., русінскай і літоўскай нацыянальнасцей, якія пражывалі на тэр. Польшчы, і аб іх выездзе ў СССР. Гэта пагадненне датычыла гал. чынам палякаў і яўрэяў, дэпартаваных у аддаленыя раёны СССР у 1939—41. Усяго ў Польшчу, паводле падліку бел. эмігранцкага гісторыка М.Волаціча, у 1944—49 пераселена 674 тыс. выхадцаў збел. этнічнай тэрыторыі (з улікам Віленшчыны і тых, хто пераехаў зінш. краін), у т. л. 120 тыс. палякаў, 469 тыс. беларусаў (пераважна католікаў, якія падалі сваю нацыянальнасць як польскую), 85 тыс. яўрэяў. З Польшчы ў СССР за перыяд звер. 1944 да снеж. 1946 перасялілася 518 219 чал., у т. л. ў БССР 35 961 чал. Кіраўніцтва БССР аддавала значную ўвагу пытанням перасялення. У 1944—46 на пасяджэннях бюро ЦККП(б)Б яны разглядаліся 16 разоў, прынята 5 сумесных пастаноў СНКБССР і ЦККП(б)Б. Парт.-дзярж. кіраўніцтва БССР неаднаразова звяртала ўвагу парт. і сав. органаў на сур’ёзныя недахопы ў правядзенні перасяленчай кампаніі, у т. л. на рэгістрацыю беларусаў-католікаў на выезд у Польшчу, факты безгаспадарнасці і бяздушныя адносіны да беларусаў, якія прыбывалі з Польшчы. Пасля заканчэння рэпатрыяцыі ў СССР засталося каля 680 тыс.т.зв. «забужанскіх» палякаў, у т. л. 250 тыс. жыхароў Беларусі. 25.3.1957 у Маскве падпісана пагадненне аб тэрмінах і парадку далейшай рэпатрыяцыі зСССР асоб польскай нацыянальнасці.
Сав. ўрад выказаў гатоўнасць садзейнічаць добраахвотнай рэпатрыяцыі палякаў, якія мелі сем’і ў Польшчы, а таксама тых, хто раней не змог скарыстацца правам на рэпатрыяцыю, сваякам рэпатрыянтаў у СССР.
Паводле дагавора паміж СССР і Польшчай аб сав.-польскай дзярж. граніцы ад 16.8.1945 сав. ўрад перадаў Польшчы са складу БССР Беластоцкую вобл. і частку Белавежскай пушчы. Ад БССР адыходзілі 17 раёнаў Беластоцкай вобл.зг. Беласток і 3 раёны Брэсцкай вобл. Польскі бок перадаваў БССР 15 вёсак, населеных пераважна беларусамі. Ад Беларусі была адрэзана тэрыторыя плошчай 14,3 тыс.км²з насельніцтвам каля 638 тыс.чал. (паводле польскага перапісу 1946). Дэмаркацыя граніцы завяршылася ў крас. 1947. Да 1955 бел.-польская граніца, паводле рашэнняў сав. ўрада, перасоўвалася на У 4 разы. Падрыхтоўка, падпісанне і ратыфікацыя дагавора былі зроблены без удзелу ўпаўнаважаных прадстаўнікоў Беларусі, чые інтарэсы ён непасрэдна закранаў. Беларусь і Украіна не мелі дыпламат. адносін з замежнымі дзяржавамі. У 1945 сав. ўрад не падтрымаў прапанову польскага боку пра адкрыццё консульстваў Польшчы ў Кіеве, Мінску і Вільнюсе.
Пасля смерці Сталіна і прыходу да ўлады новага кіраўніцтва, асабліва пасля XX з’езда КПСС (1956) знешнепаліт. дыктат цэнтра ў адносінах да саюзных рэспублік аслабеў, пашырыліся магчымасці ўдзелу Беларусі ў міжнар. жыцці. У 1958 адкрыта пастаяннае прадстаўніцтва БССР пры ААН у Нью-Йорку, у 1962 — пры Еўрап. аддзяленні ААН у Жэневе, пры ЮНЕСКА у Парыжы; пашырылася і кола спецыялізаваных устаноў ААН, у якія разам зСССР і Украінай уступіла Беларусь. У 1954 яна стала членам Міжнар. арг-цыі працы і ЮНЕСКА, у 1957 — МАГАТЭ, пачала ўдзельнічаць у праграмах тэхн. дапамогі ААН слабаразвітым краінам. Аднак для знешнепаліт. дзейнасці БССР было ўласціва прамаруджванне ў далучэнні да асобных міжнар. пактаў ці іх ратыфікацыі, неадпаведнасць рэсп. заканадаўства пэўным палажэнням міжнар. пактаў (асабліва па правах чалавека). У 1953 пры Савеце Міністраў БССР створана Упраўленне па замежным турызме. У 1955 Беларусь наведалі першыя групы іншаземных турыстаў, больш за 100 яе пасланцоў пабывалі за мяжой. Пачало функцыянаваць Бел. аддзяленне Усесаюзнай гандл. палаты. Аднак гандл. сувязі былі невялікія па памерах і асартыменце. Экспартныя пастаўкі з Беларусі ў гэты час уключалі 15—18 таварных пазіцый, большасць якіх прыпадала на сыравіну. Толькі з сярэдзіны 1950-х г. у экспарце павялічылася доля машын і абсталявання. Напр., Фінляндыя ў 1955 набыла 25 трактароў Мінскага з-да; у 1956 больш за 100 прадпрыемстваў рэспублікі пастаўлялі сваю прадукцыю ў 47 краін. Асн. частка прадукцыі бел. прадпрыемстваў накіроўвалася краінам — членам Савета Эканам. Узаемадапамогі (СЭУ), прыкладна 1/3 яе — усім астатнім дзяржавам.
З сярэдзіны 1950-х г. развіваліся сувязі прыгранічных, а пазней — і ўнутраных абласцей, краёў, гарадоў, раёнаў на аснове дагавораў аб супрацоўніцтве з аналагічнымі адм.-тэр. адзінкамі краін — членаў СЭУ. У 1956 Гродзенская і Брэсцкая вобл. першыя заключылі пагадненні з прыгранічнымі Беластоцкім і Люблінскім ваяв. Польшчы. Па лініі мясц. органаў улады новы імпульс набылі сувязі параднёных гарадоў СССР, у т. л. і БССР, і замежных дзяржаў. Першымі былі Мінск і Нотынгем (Вялікабрытанія), якія сталі пабрацімамі ў 1957. Актывізацыі міжнар. кантактаў насельніцтва садзейнічала стварэнне новых грамадскіх арг-цый. К-т маладзёжных арг-цый БССР, засн. ў 1958, наладзіў сувязі з саюзамі і аб’яднаннямі моладзі больш як 20 краін свету. Падтрымліваючы міжнар. рух прыхільнікаў міру, Бел.к-т абароны міру (засн. ў 1951) і працоўныя рэспублікі сталі ўдзельнікамі многіх акцый, што праводзіліся на тэр. рэспублікі: мітынгаў, міжнар. сустрэч, кангрэсаў. Пашырыліся функцыі і сац. база Бел.т-ва культурных сувязей з заграніцай (засн. ў 1952, у 1958 рэарганізавана ў Бел.т-ва дружбы і культурнай сувязі з замежнымі краінамі). Хоць сфера знешнепаліт. дзейнасці БССР (як і УССР) была шырэйшая, чым інш. саюзных рэспублік, але практычна ўсе пытанні адносін з замежнымі дзяржавамі, міжнар. арг-цыямі вырашаліся сав. урадам і саюзнымі органамі.
Расшырэнне правоў БССР. У першыя пасляваен. гады дзейнасць заканадаўчых органаў засяроджвалася найперш на адраджэнні нар. гаспадаркі рэспублікі. У гэтых умовах грамадзянскае права было скіравана на ўмацаванне дзярж. уласнасці, планавага пачатку ў нар. гаспадарцы, удасканаленне прававых форм эканам. сувязей паміж гасп. арг-цыямі. Напр., пытанні, звязаныя з устанаўленнем дагаворных адносін, урэгуляваны пастановай Савета Міністраў СССР ад 21.4.1949 «Аб заключэнні гаспадарчых дагавораў», дзе падкрэслівалася неабходнасць заключэння дагавораў, па якіх прадпрыемствы абавязваліся афармляць гасп. сувязі па пастаўках прадукцыі. З 1950 гэтыя дагаворы заключаліся ў нарматыўна ўстаноўленыя тэрміны.
Было некалькі пашырана права асабістай уласнасці. У адпаведнасці з указам Прэзідыума Вярх. Савета СССР «Аб праве грамадзян на куплю і будаўніцтва індывідуальных жылых дамоў» ад 26.8.1948, грамадзяне маглі купіць або пабудаваць 1 - ці 2-павярховы дом з 1—5 пакоямі. У сувязі з тым, што гэты дакумент устанаўліваў адзіную норму для ўсяго СССР, Прэзідыум Вярх. Савета БССР указам ад 4.3.1949 прыняў нормы Грамадзянскага кодэкса БССР аб праве грамадзян на куплю і будаўніцтва жылога дома. У вер. 1953 забаронена адм. высяленне грамадзян з ведамасных дамоў, за выключэннем выпадкаў, прадугледжаных законам.
Адбыліся змены і ў грамадзянска-працэсуальным заканадаўстве. Указам Прэзідыума Вярх. Савета БССР ад 24.7.1946 удакладнены правамоцтвы нар. судоў. З гэтага часу разгляду нар. суда падлягалі ўсе справы па спрэчках, што ўзнікалі з грамадзянскіх адносін: калі адным ці абодвума бакамі былі прыватныя асобы; дзярж. і грамадскіх арг-цый паміж сабой па камунальных паслугах; калгасаў паміж сабой і здзярж. і грамадскімі арг-цыямі (акрамя зямельных спрэчак калгасаў), аб працоўных канфліктах рабочых і служачых. Адпаведныя змены ў 1955 унесены ў Грамадзянска-працэсуальны кодэкс. Цяпер па спрэчках паміж дзярж., каап. (акрамя калгасаў) і інш. грамадскімі арг-цыямі нар. суды разглядалі толькі справы, што вынікалі з дагавораў аб карыстанні камунальнымі паслугамі на суму больш за 100 руб., а з дагавораў перавозак — на суму ад 100 да 1000 руб.
На аснове пастановы Савета Міністраў БССР ад 8.4.1946 Дзярж. арбітраж рэспублікі праводзіў абследаванне і інструктаж мясц. органаў, інструктаваў ведамасныя арбітражы. Органы арбітражу ўзмацнілі барацьбу з парушэннямі фін., планавай і дагаворнай дысцыпліны ў дзейнасці гасп. арг-цый, паведамлялі Савету Міністраў, аблвыканкомам, мін-вам і ведамствам пра выяўленыя недахопы ў рабоце дзярж. органаў і прадпрыемстваў, уносілі прапановы па іх устараненні, у неабходных выпадках даводзілі да ведама органаў пракуратуры аб парушэннях закона для прыцягнення вінаватых да адказнасці.
Зямельнае права рэгулявалася рэсп. заканадаўствам і тычылася гал. чынам сферы с.-г. землекарыстання. Зпач. узбуйнення дробных калгасаў у 1950 устаноўлена, што зямельныя ўгоддзі аб’яднаных с.-г. арцелей злучаюцца ў адзіны зямельны масіў. У сувязі з масавай калектывізацыяй сельскай гаспадаркі ў зах. абласцях Беларусі ўдакладнялася прававое рэгуляванне прысядзібнага землекарыстання калгаснікаў і сялян-аднаасобнікаў. У 1955 уведзены абавязковы дзярж. ўлік наяўнасці і размеркавання зямлі па ўгоддзях і землекарыстальніках, дзярж. рэгістрацыя ўсіх землекарыстанняў па адзінай агульнасаюзнай сістэме. Уліку падлягалі ўсе землі, якія знаходзіліся ў карыстанні калгасаў, саўгасаў, гарадоў і вёсак, дзярж., каап. і грамадскіх устаноў, прадпрыемстваў і арг-цый, аднаасобных сял. гаспадарак і асобных грамадзян, а таксама землі дзярж. зямельнага запасу і дзярж. ляснога фонду.
Крымінальнае заканадаўства Беларусі значна ўзмацняла барацьбу з цяжкімі злачынствамі і павышала крымінальную адказнасць за іх учыненне, адначасова звужала сферу крымінальных рэпрэсій за дробныя правіннасці. Указам Прэзідыума Вярх. Савета СССР ад 26.5.1947 адменена смяротная кара, а ў якасці вышэйшай меры пакарання прадугледжвалася зняволенне на 25 гадоў у папраўча-працоўны лагер. Аднак 12.1.1950 смяротнае пакаранне адноўлена ў адносінах да здраднікаў радзімы, шпіёнаў і дыверсантаў, а ў 1954 пашырана і на асоб, што ўчынілі наўмысныя забойствы пры абцяжваючых абставінах. У 1950-я г. пачалося звужэнне сферы крымінальнай адказнасці. Так, у 1955 адменена крымінальная адказнасць за самавольны праезд у таварных цягніках, за продаж, абмен і водпуск на бок кіраўнікамі прадпрыемстваў і арг-цый абсталявання і матэрыялаў; у 1956 — у адносінах да рабочых і служачых за самавольнае пакіданне прадпрыемстваў і ўстаноў, прагул без уважлівай прычыны. 25.12.1958 Вярх. СаветСССР прыняў Асновы крымінальнага заканадаўства Саюза ССР і саюзных рэспублік, у якім рэгламентаваліся найб. важныя пытанні сав. крымінальнага заканадаўства. Такім чынам, у пасляваенны перыяд заканадаўства развівалася ў рэчышчы ўмацавання пазіцый дзяржавы ва ўсіх сферах праваадносін. Галоўным у тагачаснай заканадаўчай палітыцы было аднаўленне нар. гаспадаркі і скасаванне шэрагу законаў ваен. часу.
У вер. 1946 Вярх. СаветБССР зацвердзіў 1-ы пасляваен. пяцігадовы план аднаўлення і развіцця нар. гаспадаркі рэспублікі на 1946—50, а таксама ўказы Прэзідыума Вярх. Савета «Аб пераўтварэнні Савета Народных Камісараў БССР у Савет Міністраў БССР», «Аб утварэнні новых саюзна-рэспубліканскіх міністэрстваў» і інш. 9.2.1947 адбыліся выбары ў Вярх. СаветБССР, які адпаведна выбраў новы Прэзідыум Вярх. Савета, стварыў урад і Вярх. суд рэспублікі, рэдакцыйную камісію па ўнясенні змен і дапаўненняў у Канстытуцыю Беларускай ССР, прыняў 55 розных актаў, у т. л. 15 законаў, 27 пастаноў па пытаннях фарміравання цэнтр. органаў дзярж. улады. У ліп. 1947 Вярх. Савет прыняў Закон «Аб змяненні і дапаўненні тэксту Канстытуцыі БССР», у адпаведнасці з якім за вышэйшымі органамі дзярж. улады замацавана права на прыняцце заканадаўства аб шлюбе і сям’і, зацвярджэнне справаздачы аб выкананні дзяржбюджэту БССР, унясенне ўдакладненняў у гарантыі правоў грамадзян на адпачынак, адукацыю і інш. Актыўную работу праводзіў Прэзідыум Вярх. Савета БССР, у складзе якога дзейнічалі канцылярыя Прэзідыума, прыёмная Старшыні Прэзідыума, а таксама аддзелы: інфармац.-статыстычны, юрыд., па ўліку і рэгістрацыі ўзнагароджаных, па падрыхтоўцы да разгляду хадайніцтваў аб памілаванні, фін.-гаспадарчы. На працягу 1946—55 ён кіраваў арганізац.-масавай работай мясц. Саветаў, зацвярджаў палажэнні аб выбарах, прымаў указы аб парадку іх правядзення, вырашаў пытанні адм.-тэр. падзелу ў рэспубліцы, ратыфікаваў міжнар. дагаворы, вырашаў міжнар.-прававыя пытанні і інш.
Пасля XX з’езда КПСС (лют. 1956) праца вышэйшых органаў дзярж. улады Беларусі актывізавалася. Прэзідыум Вярх. Савета стаў склікаць сесіі ў адпаведнасці з патрабаваннямі Канстытуцыі — не радзей як 2 разы на год. У яго заканадаўчай дзейнасці пачала выяўляцца агульнасаюзная тэндэнцыя пашырэння правоў саюзных рэспублік у вырашэнні пытанняў гасп. і сац.-культ. будаўніцтва. Пашырыліся кантрольна-наглядная і гасп. функцыі Вярх. Савета БССР, створаны новыя камісіі: заканадаўчых прапаноў, па замежных справах, мандатная; у 1957 — па нар. адукацыі і культ.-асв. рабоце, ахове здароўя і сац. забеспячэнні, жыллёвым будаўніцтве, сельскай гаспадарцы. У адпаведнасці з Канстытуцыяй БССР на кожнай сесіі Вярх. Савета новага склікання фарміраваўся склад урада — Савета Міністраў БССР. Гал. звёнамі яго апарату былі групы па галінах нар. гаспадаркі і сац.-культ. будаўніцтве (13 у 1949), 5 аддзелаў (арганізац.-інструктарскі, ваенны, прававы, кадраў, агульны) і сакратарыяты; у крас. 1949 арганізаваны групы па штатах і кантролі, у 1950 — па ўзнагароджанні перадавікоў сельскай гаспадаркі. У студз. 1955 у апараце Савета Міністраў БССР замест груп створаны 15 галіновых аддзелаў. 18.7.1955 апарат Савета Міністраў рэарганізаваны: галіновыя аддзелы скасаваны, замест іх створана рэферантура па мін-вах і ведамствах. У 1957 у краіне ажыццёўлена перабудова кіравання прамысловасцю і будаўніцтвам. У адпаведнасці з Законам СССР ад 10.5.1957 «Аб далейшым удасканаленні арганізацыі кіравання прамысловасцю і будаўніцтвам» з мэтай больш аператыўнага кіравання нар. гаспадаркай на Беларусі створаны эканам.-адм. раён, кіраўніцтва нар. гаспадаркай рэспублікі ад саюзна-рэсп. мін-ваў і ведамстваў перайшло да Савета нар. гаспадаркі БССР.
Асновай судовай сістэмы з’яўляліся нар. суды, на якія былі ўскладзены задачы па ахове сацыяліст. уласнасці, правоў і законных інтарэсаў грамадзян, умацаванні законнасці і правапарадку. На Беларусі нар. суды дзейнічалі ў кожным адм. раёне (горадзе), у буйных раёнах і гарадах стваралася некалькі ўчасткаў нар. судоў. У ліп. 1947 Савет Міністраў БССР зацвердзіў 262 участкі нар. судоў; да 1.11.1948 дадаткова створана 11 участкаў. Нар. суды разглядалі большасць крымінальных і грамадзянскіх спраў. Значна пашыраны паўнамоцтвы абласных судоў і Вярх. суда рэспублікі. У 1948 пры Вярх. судзе БССР створана калегія, якая разглядала справы аб дысцыплінарных парушэннях старшынь і членаў абласных судоў. У 1954 у Вярх. судзе ўтвораны прэзідыум, які ў парадку нагляду разглядаў крымінальныя і грамадзянскія справы па пратэстах Ген. пракурора СССР, Старшыні Вярх. Савета СССР, пракурора і старшыні Вярх. суда БССР на прыгаворы судовых калегій Вярх. суда БССР. 12.2.1957 Вярх. СаветСССР прыняў палажэнне аб Вярх. судзе СССР, паводле якога павышалася роля Вярх. судоў саюзных рэспублік у ажыццяўленні нагляду за разглядам спраў судамі рэспублік. У адпаведнасці з Палажэннем аб пракурорскім наглядзе ў кастр.—ліст. 1955 на Беларусі створаны міжраённыя пракуратуры, якія дзейнічалі на тэр. 2—3 адм. раёнаў. У канцы 1958 на Беларусі дзейнічалі раённыя, міжраённыя, гар. пракуратуры, пракуратура Мінска, абл. пракуратуры, пракуратура рэспублікі. Такім чынам, у пасляваен. перыяд заканадаўчая дзейнасць Вярх. Савета БССР і распарадчыя функцыі Савета Міністраў рэспублікі актывізаваліся. Але яны будаваліся на аснове заканатворчасці Саюза ССР. Суд і пракуратура выконвалі тыя пастановы, якія зыходзілі ад вышэйшых агульнасаюзных органаў: ЦККПСС, Вярх. Савета СССР, Вярх. суда СССР, Ген. пракуратуры СССР.
Літ.:
Купрэвіч В.Ф. Акадэмія навук Беларускай ССР. Мн., 1958;
Белорусская ССР в международных отношениях: Междунар. договоры, конвенции и соглашения Бел. ССР с иностр государствами (1944—1959). Мн., 1960;
Экономика Советской Белоруссии, 1917—1967. Мн., 1967;
Белязо А.П. Беларуская вёска ў пасляваенныя гады. Мн., 1974;
Киселев К.В. Записки советского дипломата. М., 1974;
Гісторыя Беларускай ССР. Т. 5. Мн., 1975;
История государства и права Белорусской ССР. Т. 2. Мн., 1976;
Снапковский В.Е. Белорусская ССР в ООН (1945—1985 гг.). Мн., 1985;
Яго ж. Путь Беларуси в ООН, 1944—45 гг.Мн., 1994;
Яго ж. Знешнепалітычная дзейнасць Беларусі ў 1944—1953 гг.Мн., 1997;
Экономика Белоруссии в период послевоенного возрождения. Мн., 1988;
На пороге кризиса: нарастание застойных явлений в партии и обществе. Мн., 1990;
Осипов А.Г. Крах административно-командной системы, М., 1990;
Юхо Я.А. Кароткі нарыс гісторыі дзяржавы і права Беларусі. Мн., 1992;
Яго ж. Гісторыя дзяржавы і права Беларусі. Мн., 2000;
Нарысы гісторыі Беларусі, Ч. 2. Мн., 1995;
Вішнеўскі А.Ф. Гісторыя дзяржавы і права Беларусі. Мн., 2000;
Знешняя палітыка Беларусі: Зб. дак. і матэрыялаў. Т. 4—5. Мн., 2001—02;
История Беларуси. Мн., 2001;
Сасим А.М. Промышленность Беларуси в XX столетии. Мн., 2001.
Ю.Л.Грузіцкі (народная гаспадарка), І.І.Гвардзееў (грамадска-палітычнае жыццё, расшырэнне правоў БССР), А.Ф.Самусік (адукацыя, навука, культура), У.Е.Снапкоўскі (актывізацыя знешнепалітычнай дзейнасці БССР).
Прадукцыя Мінскага аўтамабільнага завода: МАЗ-200 (уверсе) і 1-ы 40-тонны самазвал 1950.Сустрэча генеральнага сакратара ААН Д.Хамаршэльда ў Мінскім аэрапорце. Чэрвень 1956.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БССР У МІЖВАЕННЫ ПЕРЫЯД
Утварэнне СССР. Ваенна-палітычны саюз БССР і РСФСР, заключаны ў час грамадзянскай вайны і ваен. інтэрвенцыі 1918—20, не адпавядаў новым умовам. Пытанне пра заключэнне новага саюзнага дагавора неаднойчы абмяркоўвалася ў ЦКВКП(б) і ЦБКП(б)Б. 16.1.1921 паміж РСФСР і БССР падпісаны новы дагавор, паводле якога: прызнаваліся суверэнітэт і незалежнасць Беларусі; ствараліся аб’яднаныя наркаматы ваенных і марскіх спраў, ВСНГ, знешняга гандлю, фінансаў, працы, шляхоў зносін, пошты і тэлеграфа; для каардынацыі дзейнасці ў галіне гасп. і культ. будаўніцтва створана прадстаўніцтва БССР пры ўрадзе РСФСР. Аднак канчаткова адносіны паміж дзяржавамі не былі вызначаны. Толькі пасля кастр. (1922) пленума ЦК РКП(б), які падтрымаў план Леніна (у яго аснове ляжаў прынцып федэрацыі), кіраўніцтва КП(б)Б атрымала больш ясныя паліт. арыенціры. IV Усебел. з’езд Саветаў (14—18.12.1922) прыняў рашэнне пра неабходнасць утварэння Саюза ССР і выбраў дэлегацыю на X Усерас. з’езд Саветаў у складзе 33 чал. Сярод дэлегатаў былі А.Р.Чарвякоў (старшыня ЦВК і СНКБССР), В.А.Багуцкі, Ш.Ш.Ходаш, А.С.Славінскі, Я.А.Адамовіч, У.М.Ігнатоўскі і інш.
I Усесаюзны з’езд Саветаў 30.12.1922 прыняў Дэкларацыю і Дагавор аб утварэнні Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік у складзе РСФСР, УССР, БССР і ЗСФСР. У выбраны з’ездам ЦВКСССР ад БССР увайшло 7 чалавек. Да кампетэнцыі вышэйшых органаў улады СССР адышлі знешняя палітыка, граніцы, узбр. сілы, транспарт, сувязь, планаванне нар. гаспадаркі, фінансы, аб’яўленне вайны і заключэнне міру. Асн. палажэнні Дагавора зацвердзіла Канстытуцыя СССР, прынятая на II з’ездзе Саветаў СССР у 1924.
У склад БССР, абвешчанай 31.7.1920, уваходзіла 6 няпоўных паветаў Мінскай губ.Бел. дзеячы культуры, сав. і парт. кіраўніцтва БССР, найперш А.Р.Чарвякоў, У.М.Ігнатоўскі і інш., неаднаразова ставілі ў ЦК РКП(б) пытанне пра вяртанне ў склад БССРусх.-бел. зямель. Вяртанне гэтых тэрыторый у склад БССР адбывалася ў складаных унутр. і знешнепаліт. абставінах. На фоне актыўнага супраціўлення губернскіх улад і адсутнасці масавай падтрымкі з боку мясц. насельніцтва пры вызначэнні межаў рэспублікі найбольшая роля адводзілася знешнепаліт. фактару. Далучэнне да БССР раёнаў з большасцю бел. насельніцтва супрацьпастаўлялася палітыцы нац. ўціску і прыгнёту, якая праводзілася Польшчай у Заходняй Беларусі. Пашыраная Сав. Беларусь павінна была стаць адзіным цэнтрам прыцягнення бел.нац.-вызв. і рэв. руху за мяжой. Пры пастаноўцы тэр. пытання кіраўніцтва БССР прытрымлівалася тактыкі паслядоўных зваротаў і пошуку прыхільнікаў у цэнтр.парт., сав. і гасп. органах. І ў 1924, і ў 1926 праблема граніц БССР напачатку разглядалася ў ЦК РКП(б), і толькі пасля вырашэння пытання ў парт. парадку прынятая пастанова праводзілася праз саюзныя, рэсп. і губ. Саветы.
У выніку ўзбуйнення ў 1924 тэр.Сав. Беларусі павялічылася больш чым у 2 разы і склала 110 584 км², колькасць насельніцтва дасягнула 4,2 млн.чал. У выніку 2-га ўзбуйнення ў 1926 тэр. рэспублікі павялічылася яшчэ на 15 727 км², а насельніцтва — на 649 тыс.чал. У пач. 1927 тэр.БССР склала 125 950 км², а насельніцтва каля 5 млн.чал., 80% з якіх складалі беларусы.
Сацыяльна-эканамічнае становішча БССР у 1920-я г. Новая эканамічная палітыка. Прамысловасць і сельская гаспадарка знаходзіліся ў запушчаным стане. У выніку войнаў і інтэрвенцый плошча пад пасевамі збожжавых у параўнанні з 1913 скарацілася на 40%, пад бульбай — на 55%. З 815 буйных прамысл. прадпрыемстваў не працавала 470. Прамысл. вытворчасць скарацілася ў 5 разоў, валавая прадукцыя сельскай гаспадаркі складала крыху больш за палавіну даваеннай. Гаспадарчую разруху дапаўнялі паліўны крызіс, катастрафічнае становішча сувязі і транспарту, гіперінфляцыя.
Цяжкія матэрыяльныя ўмовы побач з паспешлівымі мерамі, якія прымаліся ўладамі для выпраўлення становішча, выклікалі незадаволенасць усіх сац. пластоў грамадства. Тавараабарот паміж горадам і вёскай амаль поўнасцю спыніўся. У гарадах адбываліся забастоўкі рабочых, сяляне супраціўляліся канфіскацыі збожжа. Цяжкае становішча рэспублікі ўзмацнялася паліт. і крымінальным бандытызмам. Сяляне да мерапрыемстваў сав. улады ставіліся насцярожана, праяўлялі актыўнасць антысав. фарміраванні, колькасць якіх на тэр.БССР хутка расла (у маі 1921 яны налічвалі, 2 тыс. чалавек, а ў чэрвені — 3,5 тыс., за 1921—22 учынена больш за 2,1 тыс. бандыцкіх нападаў). У вёсках ставіліся ваен. пасты, у чэрв. 1921 уведзена ваен. становішча ў Мінску.
Паварот да новай эканамічнай палітыкі [нэп; абвешчана на X з’ездзе РКП(б), люты—сак. 1921] быў зроблены па прычыне незадаволенасці насельніцтва і напачатку меў на мэце рэфармаванне толькі эканам. адносін. Адным згал. стрыжняў нэпа стала замена харчразвёрсткі натуральным падаткам (ад 13 да 18 відаў прадуктаў), які ўскладаўся не на ўсю вёску, а на кожную асобную гаспадарку дыферэнцыравана (у залежнасці ад колькасці ворнай зямлі і едакоў у сям’і, ураджайнасці). Збор харчпадатку лічыўся адказным заданнем, у распараджэнне харчовых органаў вылучаліся падраздзяленні чырвонаармейцаў.
Дэкрэтам ВЦВК РСФСР ад 17.3.1922 з 1 жніўня ўводзіўся адзіны натуральны падатак, які павінен быў здавацца шасцю відамі прадукцыі. Сем’ям чырвонаармейцаў, інвалідам, беднаце даваліся льготы. У 1923 усе віды натуральнага падаткаабкладання на вёсцы заменены адзіным с.-г. падаткам, які выплачваўся часткова прадуктамі, часткова грашыма, што дазваляла сялянам вызначаць кірунак развіцця сваёй гаспадаркі з пазіцый эканам. мэтазгоднасці.
Прынцып падатковай палітыкі быў класавы. Калі першапачаткова плацілі ўсе, то ў 1923 амаль 26 тыс. бядняцкіх гаспадарак у розным памеры вызваляліся ад падатку, а сума скідак раскладвалася на заможных. Гэта дрэнна адбівалася на развіцці прадукцыйнасці сял. гаспадарак і падрывала веру значнай часткі сялян у справядлівасць сав. улады. Да таго ж падатковая палітыка ўключала ў сябе як адзін з элементаў сваёй сістэмы празмерна нізкія цэны на хлеб, што пазней прывяло да дысбалансу ў эканам. адносінах паміж горадам і вёскай.
Прадугледжаны Дэкрэтам аб зямлі падзел памешчыцкіх і інш. зямель паміж сялянамі ў сувязі зням. і польскай акупацыямі на большай частцы тэр.БССР пачаўся толькі ў 1920. У першую чаргу зямлёй забяспечваліся беззямельныя і малазямельныя сяляне. Тым не менш каля 40% гаспадарак не былі забяспечаны мінімальнай спажывецкай нормай. У сувязі са спыненнем перасялення і слабым паглынаннем яго прамысловасцю лішак вясковага насельніцтва з года ў год павялічваўся.
У 1925 Наркамат земляробства БССР распрацаваў план аднаўлення сельскай гаспадаркі (пазней гэта палітыка атрымала назву «прышчэпаўшчына» ад прозвішча наркома земляробства Дз.Ф.Прышчэпава). План прадугледжваў: вырашэнне праблемы аграрнай перанаселенасці, скарачэнне скрытага беспрацоўя ў вёсцы праз ліквідацыю групы беззямельных і малазямельных сялян; развіццё прадукцыйных сіл сял. гаспадаркі, ліквідацыю яе спажывецкага характару і перавод на рэйкі таварна-грашовых адносін; каапераванне сельскай гаспадаркі. Землеўпарадчымі работамі планавалася ахапіць да 60% тэрыторыі. З мэтай інтэнсіфікацыі сельскай гаспадаркі прадугледжвалася: развіццё жывёлагадоўлі; ліквідацыя 3-польнай сістэмы паляводства; пашырэнне вырошчвання тэхн. і кармавых культур, травасеяння; развіццё садаводства і пчалярства; наладжванне агранамічнай і ветэрынарнай работы. Меры па развіцці прадукц. сіл уключалі зніжэнне на 40% агульнай сумы с.-г. падатку, прадастаўленне дадатковых дзярж. сродкаў сістэме с.-г. крэдыту, палягчэнне найму працоўнай сілы, пашырэнне права здачы зямлі ў арэнду, на якой дазвалялася выкарыстоўваць наёмную рабочую сілу, ліквідацыю адм. перашкод дробнаму сял. гандлю, зніжэнне цэн на с.-г. машыны і павелічэнне працягласці крэдыту на іх куплю, прадастаўленне ўсім сялянам права ўдзелу ў кааперацыі. Аднолькава законнымі прызнаваліся сял. арцель, абшчына, індывідуальнае карыстанне зямлёй у выглядзе хутароў і адрубоў.
Дробная арэнда і наём рабочай сілы дазвалялі больш поўна выкарыстоўваць працоўныя рэсурсы і сродкі вытворчасці. Аднак арэнда ў сял. гаспадарцы БССР не набыла вял. пашырэння: у 1925 ёй карысталася каля 7,7%, у 1927—11% сялян, што тлумачылася адсутнасцю буйных прыватнаўласніцкіх гаспадарак, падатковай і сац. палітыкай у адносінах да заможных сялян.
У 1929 у сельскай і лясной гаспадарцы БССР працавала 81,1 тыс. наёмных работнікаў, большасць з іх складалі малазямельныя сяляне-беднякі, якія не маглі пражыць са сваёй зямлі.
Да 1928 агульная колькасць сялян, якія выйшлі на хутары і адрубы, перасягнула 25% усіх гаспадарак (прыкладна палова з іх перасялілася яшчэ ў час правядзення Сталыпінскай рэформы), ім належала каля 20% зямлі. Усяго ў 1921—29 землеўпарадкавана да 44% агульнай плошчы сял. землекарыстання; у 1925—28 у раёны Сібіры і Д. Усходу выехала 74,8 тыс.бел. сялян. Аднак у цэлым перасяленне сялян не змяніла забяспечанасці зямлёй бел. вёскі, тым больш што частка іх вярнулася назад.
Ажыўленне ў сельскай гаспадарцы абумовіла рост зацікаўленасці сялян у сродках вытворчасці і крэдытах, прымусіла іх шукаць рынкі збыту сваёй прадукцыі. Пачаўся рост крэдытных кааператываў, ствараліся малочна-жывёлагадоўчая, садова-агародніцкая, насенняводчая, меліярацыйная і інш. віды кааперацыі. На пач. 1928 у БССР дзейнічала 1869 с.-г. кааператыўных т-ваў, якія аб’ядноўвалі 331,4 тыс. членаў. Колькасць кааператыўных аб’яднанняў вытворчага тыпу [камуны, таварыствы апрацоўкі зямлі (ТАЗы), арцелі] знізілася з 710 у 1921 да 611 у 1928, яны аб’ядноўвалі каля 5,2 тыс.сял. двароў. Нерэнтабельныя гаспадаркі, у т. л. слабыя саўгасы, ліквідоўваліся.
У сярэдзіне 1920-х г. колькасць бяднейшых сялян скарачалася, адбывалася ўраўноўванне вёскі, скарачэнне колькасці крайніх груп (прадпрымальнікаў і батракоў). У 1927 беднякі складалі 46,5%, сераднякі — амаль 51%, заможныя сяляне, т.зв. кулакі, — 2,5% агульнай колькасці сялян. Аднак ураўноўванне ішло па ўзроўні ніжэй сярэдняга. Частка батракоў хоць і атрымала зямельныя надзелы, але наймацца не перастала з-за недахопу зямлі або сродкаў вытворчасці, частка з іх вымывалася з вёскі. Заможнае сялянства ўяўляла сабой сац. праслойку дробнай сельскай буржуазіі. Забарона ў 1929 найму рабочай сілы і арэнды наогул зрабіла немагчымым яго далейшае існаванне.
У выніку праведзеных мерапрыемстваў спачатку даволі хутка павышаўся дабрабыт сялян, аднаўляліся памеры пасяўных плошчаў, павялічыўся прыток прадукцыі сельскай гаспадаркі ў гарады. Хоць зямля і заставалася нацыяналізаванай, дзяржава ў пэўнай ступені гарантавала правы сялян на яе ўладанне. У 1925 сельская гаспадарка ў асноўным дасягнула даваеннага ўзроўню. У 1926 кошт усёй валавой прадукцыі перасягнуў сярэднегадавыя паказчыкі 1911—13 амаль на 10%.
Нягледзячы на землеўпарадкаванне, на большай частцы захоўвалася цераспалосіца, культура земляробства была нізкая. Не ўдалося спыніць драбленне сял. гаспадарак і памяншэнне іх надзелаў. У 1928 памер сярэдняга сял. надзелу зноў знізіўся да ўзроўню 1917. Зусім нязначнай была забяспечанасць сельскай гаспадаркі трактарамі і іншай тэхнікай (у 1929 у БССР мелася 237 трактароў).
Вызваленне сельскай гаспадаркі ад палітыкі «ваеннага камунізму» дало штуршок рэформам у галіне прамысловасці, гандлю, фінансаў. Палітыка сав. улады была скіравана на падтрымку дробнай вытворчасці, здольнай у кароткі перыяд ліквідаваць таварны голад, пашырыць тавараабарот паміж горадам і вёскай. Дазвалялася дзярж. арэнда і арганізацыя прыватных дробнапрамысловых прадпрыемстваў, уводзілася права ўласнасці на жыллёвыя пабудовы, фабрычна-заводскія прадпрыемствы, с.-г. і прамысл. прадукты і інш. У руках дзяржавы засталіся буйная прамысловасць, чыг. і рачны транспарт, банкаўская сістэма, амаль увесь оптавы гандаль, вял. частка жыллёвага фонду, зямля, лясы, нетры. Рынак прымусіў перавесці прамысл. прадпрыемствы на гасп. разлік і здзейсніць т.зв. трэстафікацыю. Аднак звычайным стала ўмяшанне парт. органаў у работу прамысловасці, а гасп. разлік падрываўся сістэмай дзярж. фінансавання для больш буйных прадпрыемстваў і трэстаў. Каля 80% несельскагаспадарчых сектараў эканомікі заставаліся нацыяналізаванымі. Дзяржбанк меў манаполію крэдыту, стаўкі па ім ён павышаў ці паніжаў паводле загадаў парт. кіраўніцтва. Пасля 1923 «кантрольныя лічбы» і прагнозы развіцця вытворчасці вызначаў Дзяржплан. Усё гэта стварала тэндэнцыю дзярж. цэнтралізацыі. Адзінай формай дзярж. капіталізму ў БССР была арэнда ў прамысловасці, бо канцэсіі і акцыянерныя т-вы развіцця не атрымалі.
У 1921—22 пачаў працаваць 1-ы дзярж. машынабудаўнічы і чыгуналіцейны з-д «Энергія», з-д «Метал» у Мінску, аднавілі дзейнасць шклозавод «Стрэва», хрусталёвая ф-ка «Барысаў», лесазавод у Бабруйску, фанерны з-д і запалкавая ф-ка «Дняпро» (Рэчыцкі пав.) і інш. У 1923—27 адноўлены і пабудаваны дзесяткі фабрык і з-даў, у т. л. ў Мінску кафельна-керамічны і гарбарны з-ды, шпалерная ф-ка. Выключна важнае значэнне для развіцця прамысл. патэнцыялу БССР мела павелічэнне яе тэрыторыі ў 1924 і 1926. Колькасць цэнзавых прадпрыемстваў у 1926/27 гасп.г. дасягнула 410, а занятых на іх рабочых — 32 137 чал. На працягу 1924—28 аб’ём валавой прамысл. прадукцыі вырас у БССР у 2,3 раза. Аснову прамысловасці рэспублікі, як і ў дарэвалюцыйны час, складалі харчовая, дрэваапрацоўчая і гарбарная галіны, на долю якіх прыпадала асн. частка агульнага аб’ёму валавой прадукцыі. Сярод галін, што развіваліся найб. дынамічна, былі тарфяная, металаапрацоўчая, электраэнергетыка.
Нэп спрыяў хуткаму росту лёгкай прамысловасці. Яна спажывала большую таварную частку прадукцыі сял. гаспадаркі і забірала залішнюю рабочую сілу. Стаўка рабілася на стымуляванне развіцця дробных і сярэдніх прадпрыемстваў, якія гістарычна пераважалі на Беларусі, што ў хуткім часе дазволіла забяспечваць шырокія слаі насельніцтва харч. і прамысл. таварамі. Паводле перапісу 1923 у гарадах і гар. пасёлках рэспублікі дзейнічала 10 367 прадпрыемстваў, у т. л. 35% дзяржаўных. У 1926 у БССР было 60 178 дробных прамысл. прадпрыемстваў, на якіх працавала 100 725 чал. (з іх прыватных 58 034 з 10 295 наёмнымі работнікамі). Пераважная большасць прадпрыемстваў працавала без наёмных рабочых. У 1926 дробнасаматужная вытворчасць складала 42,1% усёй прамысл. прадукцыі рэспублікі, на яе прадпрыемствах было занята каля 70% рабочых.
Прыватныя прадпрыемствы з самага пачатку былі пастаўлены ў няроўныя ўмовы з дзяржаўнымі, якія мелі цэнтралізаванае забеспячэнне, гарантаваныя дзярж. заказы і закупкі. У горшых умовах знаходзіліся арэндныя прадпрыемствы. Тэрміны арэнды (ад 1 да 6 гадоў), адсутнасць упэўненасці ў заўтрашнім дні не спрыялі распрацоўцы доўгатэрміновай стратэгіі і значным капіталаўкладанням з боку прадпрымальнікаў. Праводзіліся пераважна арэндныя здзелкі, разлічаныя на хуткае ўзбагачэнне без вялікіх затрат, каля 3/4 арэндных дагавораў заключалася толькі на 1 год. Нэпман 1920-х г. аддаваў перавагу рознічнаму, паўаптоваму гандлю, пасрэдніцкай дзейнасці.
Рэалізацыя нэпа накладвала адбітак і на жыццё рабочых: адмянялася абавязковая працоўная павіннасць часоў грамадз. вайны, скасоўваліся абмежаванні па перамене месца працы, у 1923—24 адбыўся пераход на здзельную аплату і выплату заробку грашыма. Тым не менш сярэдняя заработная плата не задавальняла нават самыя сціплыя запатрабаванні. Складанымі былі і жыллёвыя ўмовы рабочых. Павелічэнне кватэрнай платы і камунальных плацяжоў абумовілі фактычную ліквідацыю вынікаў «жыллёвага перадзелу» перыяду «ваеннага камунізму».
Да аграрнай перанаселенасці вёскі, адсутнасці пастаянных заняткаў у значнай часткі гар. і местачковага насельніцтва дадаліся частковы перавод прамысловасці на капіталіст. прынцыпы гаспадарання, закрыццё шэрагу прадпрыемстваў, што выклікала рост беспрацоўя. У 1921 у БССР афіцыйна зарэгістравана 7,8 тыс., у 1924—25,9 тыс. беспрацоўных. З далучэннем Гомельскага і Рэчыцкага пав. (1926) іх колькасць, нягледзячы на аднаўленне прамысловасці, у 1928 дасягнула 64,4 тыс. чал.
Цэнтр. звяном нэпа стала свабода гандлю, дзе і дасягнуты найб. адчувальныя вынікі, звязаныя з паляпшэннем матэрыяльнага становішча людзей. Вял. сетка біржаў і кірмашоў, гандл. прадпрыемстваў звязвалі прамысловасць з рынкам і сялянамі. Існавалі розныя віды гандлю: прыватны, кааператыўны, дзяржаўны. У 1922/23 г. на долю прыватніка прыпадала 90% усіх гандлёвых прадпрыемстваў і 85% тавараабароту. Умацаванне грашовай сістэмы (рэформа 1922—24), стварэнне камерцыйных банкаў, т-ваў узаемнага крэдыту, ашчадных кас спрыялі эканам. росту прыватніка. Адным з паказчыкаў фін. стабілізацыі, даверу да дзяржавы стала хуткае павелічэнне колькасці ўкладчыкаў і памераў укладаў. Аднак становішча прыватніка ўскладнялася высокімі падаткамі і трансп. расходамі, фактычнай немагчымасцю атрымання крэдытаў.
У перыяд станаўлення нэпа краіна перажыла некалькі дысбалансаў прамысл. і с.-г. цэн. Так, у 1922 рынак быў выбіты з раўнавагі дарагоўляй с.-г. прадуктаў і лішкам прамысл. тавараў, у выніку чаго рэзка знізіўся дзярж. прыбытак. У 1923 у сялян была перавытворчасць, а фабрыкі зменшылі выпуск прадукцыі, што пазбавіла сялян прыбытку («нажніцы цэн»), Дзярж. маніпуліраванне крэдытамі дазволіла ліквідаваць крызіс і стабілізаваць сітуацыю. Крызіс збыту ў 1923—24 стаў прычынай наступлення ўлад на нэпманаў. На прыватны гандаль распаўсюджвалася нарміраванне рознічных цэн, за парушэнне якіх гандляроў прыцягвалі да адказнасці.
Лінія на выцясненне прыватнага гандлю запаволіла продаж прамысл. тавараў, што вяло да фін. цяжкасцей у прамысловасці. Кіраўніцтва краіны даволі хутка адрэагавала на крызіс 1925 і прыняло рашэнне аб пераглядзе гасп. планаў. Курс у адносінах да прыватніка быў крыху падкарэкціраваны: лягчэй было атрымаць гандлярам крэдыты ад дзяржавы і тавары ад дзярж. прамысловасці; палепшана забеспячэнне сыравінай; саматужнікам і рамеснікам даваліся льготы.
У 1926 пачалося новае наступленне на нэпманаў. Пастанова ад 26.8.1926 «Аб дзяржаўным рознічным гандлі» прапаноўвала павялічыць долю каап. і дзярж. гандлю за кошт прыватнага. Скарачаўся водпуск тавараў і сыравіны, зніжаліся крэдыты, ліквідоўваліся таварныя біржы, расло падаткаабкладанне, павышалася квартплата для ўладальнікаў гандлёвых і прамысл. прадпрыемстваў. Доля прыватніка ў валавой прамысл. прадукцыі з 1925/26 па 1927/28 гасп.г. зменшылася з 49,2 да 28,6%, а на 1.10.1928 у БССР засталіся толькі 4 прыватныя цэнзавыя прадпрыемствы. У дробнай вытворчасці прыватныя прадпрыемствы яшчэ выпрацоўвалі больш за 3/4 прадукцыі, але аб’ём яе хутка скарачаўся. Толькі за 1927/28 гасп.г. закрыта каля 5 тыс. гандлёвых прадпрыемстваў, крыніцы існавання былі пазбаўлены каля 20 тыс.чал. Меры супраць гандлю адразу ж адбіліся на саматужна-рамеснай прамысловасці, узніклі цяжкасці з набыццём сыравіны і збытам прадукцыі. У 2-й пал. 1920-х г. зноў ствараліся глаўкі па галінах, якія паўтаралі арганізацыю кіравання пры «ваенным камунізме», павялічылася ўмяшанне дзяржавы ў тавараабарот. На 1926/27 гасп.г. прынята новае палажэнне абс.-г. падатку — ён павялічваўся амаль у 2 разы для заможных гаспадарак, ім абмяжоўвалася выдача крэдытаў.
З аднаго боку, нэп садзейнічаў уздыму эканомікі, а з другога — вёў да росту сац. дыферэнцыяцыі. Вострай праблемай гарадоў стала беспрацоўе. Цяжкія матэрыяльныя і жыллёвыя ўмовы, рост бюракратызму, новы віток сац. расслаення грамадства ўзмацнялі негатыўныя настроі. Рабочыя выказвалі незадавальненне высокімі, на іх погляд, акладамі спецыялістаў. Сярод работнікаў парт. і дзярж. апарату, дзе заставалася нямала прыхільнікаў ідэалогіі і метадаў часоў «ваеннага камунізму», зноў стала пераважаць думка пра несумяшчальнасць выкарыстання прыватнага капіталу з задачамі сац. будаўніцтва.
Крызіс 1927—28 у адрозненне ад папярэдняга быў не толькі эканам., але і сац.-палітычным. Нягледзячы на нядрэнны ўраджай, збожжа было нарыхтавана амаль удвая менш, чым у 1926. Для збожжанарыхтовак прыцягнуты органы АДПУ і міліцыі, на вёску камандзіравана вял. колькасць парт. і сав. працаўнікоў з гарадоў. Комплекс надзвычайных мер дазволіў значна павялічыць нарыхтоўкі, аднак рэзка пагоршыліся адносіны часткі сялян да сав. улады. Пастановай Палітбюро ЦКВКП(б) ад 14.2.1929 уведзена картачная сістэма на хлеб, а пазней і на інш. тавары. Карткі выдаваліся толькі працуючым у дзярж. сектары эканомікі і іх утрыманцам. Насельніцтва прамысл. гарадоў і пасёлкаў атрымала перавагу ў параўнанні з жыхарамі неіндустрыяльных гарадоў; працуючыя на індустрыяльных аб’ектах — перад тымі, хто працаваў на другарадных вытворчасцях. Па-за дзярж. сістэмай забеспячэння апынуліся сяляне (каля 80% насельніцтва краіны) і пазбаўленыя паліт. правоў («лішэнцы»). Прамысл. тавары ў вёску завозілі ў значна меншых памерах і ў асноўным у канцы года. Аднак дзярж. забеспячэнне не гарантавала пражытачнага мінімуму нават гар. насельніцтву.
Індустрыялізацыя. У сярэдзіне 1920-х г. Беларусь мела 3,4% насельніцтва СССР, а выпускала ўсяго 1,6% прамысл. прадукцыі. У рэспубліцы пераважалі дрэваапрацоўчая, харчовая і лёгкая галіны прам-сці. Рабочыя, занятыя ў саматужна-рамеснай прам-сці, складалі амаль 3/4 рабочых рэспублікі. Удзельная вага інжынераў і тэхнікаў складала менш за 2% агульнай колькасці занятых. Умовы, у якіх знаходзілася рэспубліка, дыктавалі неабходнасць больш інтэнсіўнага прамысл. развіцця.
Курс на індустрыялізацыю ўзяты на XIV з’ездзе ВКП(б) і X з’ездзе КП(б)Б (снеж. 1925). У сав. мадэлі індустрыялізацыі акцэнт рабіўся на развіццё перадавых на той перыяд галін, матэрыяльнай асновы ваен.-прамысл. комплексу. Аднак з сярэдзіны 1920-х г. і да канца 1-й пяцігодкі ў БССРасн. ўвага аддавалася развіццю лёгкай і харч. прамысловасці, што было абумоўлена дастатковымі запасамі мясц. сыравіны, кадрамі, традыцыямі. Асн. сродкі накіроўваліся ў паліўную, дрэваапрацоўчую, папяровую, гарбарную і харч. галіны, бо развіццё іх патрабавала менш выдаткаў і часу. Частка капіталаўкладанняў накіравана на развіццё энергетыкі, машынабудаўнічай прам-сці і на вытворчасць буд. матэрыялаў.
Курс на індустрыялізацыю патрабаваў велізарных капіталаўкладанняў, пераразмеркавання сродкаў на карысць прамысловасці, тым больш, што грашовая эмісія звяла да нуля станоўчыя вынікі грашовай рэформы. З паскарэннем індустрыялізацыі ў канцы 1920-х г. адбывалася перапампоўванне сродкаў загр. сектара ў прамысловы. Былі зведзены да мінімуму невытворчыя расходы, выкарыстоўваліся працоўны энтузіязм народа, «добраахвотна-прымусовыя» пазыкі ў працоўных.
З 1928 эканоміка і культура БССР развіваліся ў адпаведнасці з 5-гадовымі перспектыўнымі планамі. За гады 1-й пяцігодкі ў рэспубліцы пабудавана 78 буйных, 480 дробных і сярэдніх прамысл. прадпрыемстваў, у т. л. швейныя ф-кі «Сцяг індустрыялізацыі» (Віцебск), імя Камінтэрна (Гомель), імя Валадарскага (Магілёў), імя Дзяржынскага (Бабруйск), панчошна-трыкатажная ф-ка імя КІМ (Віцебск), Магілёўская ф-ка штучнага валакна, «Гомсельмаш», найбуйнейшая ў рэспубліцы электрастанцыя БелДРЭС і інш. Прадукцыя металаапрацоўчай галіны вырасла ў 3,8, харчовай — у 4,7, гарбарна-абутковай — у 6, швейнай — амаль у 13 разоў. На Беларусі былі створаны паліўная, машынабудаўнічая, хімічная галіны прам-сці, наладжана вытв-сць штучнага валакна, трыкатажу. У 1932 у рэспубліцы выпушчана 1500 металарэзных станкоў і больш за 13 тыс. розных с.-г. машын. Аднак планавыя паказчыкі пяцігодкі не былі выкананы. Аб’ём прамысл. вытворчасці БССР за пяцігодку павялічыўся ў 2,7 раза замест планавых 3,7 раза, план капітальнага буд-ва выкананы на 68,1%.
Да пач. 1930 ліквідавана беспрацоўе ў гарадах, аднак у выніку перазаключэння калектыўных дагавораў, тарыфнай рэформы, перагляду норм выпрацоўкі павялічылася ўраўнілаўка, што выклікала незадавальненне рабочых, якое парт.-дзярж. кіраўніцтва накіроўвала супраць «буржуазных» кадраў.
Каб стрымаць падзенне жыццёвага ўзроўню рабочых, яшчэ зпач. 1920-х г. пры фабрыках і заводах ствараліся сельскія дапаможныя гаспадаркі, сетка рабочых кааператываў і аддзелаў рабочага забеспячэння, якія ў пач. 1934 ахоплівалі больш за 100 тыс. рабочых і служачых. У 1934 дапаможныя гаспадаркі прадпрыемстваў рэспублікі мелі 27 тыс.га зямлі, пад калектыўнымі агародамі — каля 8 тыс.га; з агульнай колькасці рабочых сем’яў прамысл. гарадоў 22% мелі індывідуальныя ўчасткі, плошча якіх складала 6,9 тыс.га.
У 1931 — сярэдзіне 1932 эканам. палітыка была ўдасканалена. Пачала выкараняцца ўраўнілаўка на вытворчасці, уводзіўся гасп. разлік, разгортваўся калгасны гандаль. У канцы 1932 уведзены кантроль за фондам заработнай платы і дысцыплінай на прадпрыемствах, пашпартная сістэма ў гарадах прыгранічных раёнах.
Лістападаўскі пленум (1934) ВКП(б) прыняў рашэнне аб адмене ў СССРз 1.1.1935 картачнай сістэмы на хлеб. Неўзабаве былі адменены карткі на мясныя і рыбныя прадукты, тлушч, цукар і бульбу, на прамысл. тавары. Аднак праблема не была вырашана. З-за недахопу харчовых і спажывецкіх тавараў у гарадах выстройваліся вял. чэргі.
Пастановай ЦКВКП(б) і СНКСССРз 25.7.1936 устаноўлены нормы водпуску тавараў у адны рукі. Сітуацыя з таварным дэфіцытам асабліва абвастрылася ў канцы 1930-х г. У Гомелі, Віцебску, Барысаве і інш. месцах хлеб прадавалі па спісах.
У гады 2-й і 3-й пяцігодак прамысловасць рэспублікі развівалася дастаткова высокімі тэмпамі. Аб’ём валавой прадукцыі за 1932—37 вырас амаль у 1,9 раза. Пабудаваны такія буйныя прадпрыемствы, як Аршанскі льнокамбінат, Крычаўскі цэментны, Гомельскі шкляны, Магілёўскі аўтарамонтны з-ды, 2-я чарга БелДРЭС і інш. Аднак другі 5-гадовы план быў выкананы на 77%.
Значную ролю ў вытворчасці прадметаў спажывання ў 1930-я г. працягвалі адыгрываць саматужнікі, хаця колькасць іх хутка скарачалася: у 1926 іх налічвалася 89 066, у 193 5 — толькі 6385.
У сувязі з пагаршэннем міжнар. становішча ў канцы 1930 — пач. 1940-х г. былі прыняты новыя законы ў прам-сці і сельскай гаспадарцы, якія прадугледжвалі больш цяжкія меры пакарання за парушэнне прац. дысцыпліны. Адноўлены 8-гадзінны прац. дзень і 7-дзённы прац. тыдзень.
Да канца 1930-х г.БССР ператварылася з аграрнай краіны ў аграрна-індустрыяльную. У 1929—40 у рэспубліцы ўведзены ў дзеянне і рэканструяваны 1863 прадпрыемствы, якія выпускалі 90% прадукцыі. Беларусь вывозіла ў значных памерах прамысл. прадукцыю ў інш. раёны СССР. Змянілася і сац. структура насельніцтва. У адпаведнасці з перапісам насельніцтва 1939 доля рабочых у складзе насельніцтва дасягнула 21,9%, доля інтэлігенцыі — 14,5%. На аснове індустрыялізацыі фактычна быў ліквідаваны сац. пласт дробных прадпрымальнікаў, гандляроў, рамеснікаў і інш. прадстаўнікоў прыватнай сферы.
Калектывізацыя. У канцы 1920-х г. рост с.-г. вытворчасці стаў запавольвацца. Узнікла ідэя вырашыць збожжавую праблему на базе калгасаў і саўгасаў, тым больш, што ў 1928 паказчыкі іх вытв-сці былі больш высокія, чым у аднаасобным сектары.
Першыя калектыўныя гаспадаркі ва ўсх. Беларусі з’явіліся ў канцы 1917 — пач. 1918. Аднак у гады нэпа цікавасць да калектыўных форм гаспадарання знізілася. У 1927 на тэр.БССР існавала 416 калгасаў, створаных у асноўным на памешчыцкіх і царкоўных землях. Сярод іх членаў пераважалі беззямельныя сяляне і батракі, колькасць сялян, што ўступалі ў калгасы са сваімі зямельнымі надзеламі, не перавышала 1/5. Адначасова ствараліся саўгасы, у 1925 у БССР іх было 154.
Пытанне аб калектывізацыі сельскай гаспадаркі як асноўнай задачы на вёсцы пастаўлена на XV з’ездзе ВКП(б) (снеж. 1927). Нягледзячы на шырокую агітацыю за стварэнне калгасаў, адм. меры да неплацельшчыкаў падаткаў і ўкрывальнікаў збожжа, рост падаткаў у адносінах да заможных сялян, матэрыяльную і фін. дапамогу калектыўным гаспадаркам, стварэнне новых калгасаў і ўступленне ў іх аднаасобнікаў у 1928—1-й пал. 1929 не набыло шырокіх памераў. Колькасць калгасаў за гэты час у БССР павялічылася з 611 да 1543, а сялян у іх — з 8 да 12,9 тыс.чал. (удзельная вага калектывізаваных гаспадарак — каля 1,5%). Сярод членаў калгасаў бяднейшыя сяляне складалі каля 69%, сераднякі — 31%.
У ліст. 1929 узяты курс на фарсіраваную калектывізацыю. Наркамзем БССР быў падвергнуты крытыцы за адсутнасць дакладнай лініі ў правядзенні калектывізацыі, забаронены хутарская і дробнапасялковая формы землекарыстання. У абставінах гонкі тэмпаў калектывізацыі, нарастаючага націску зверху, разгарнулася «спаборніцтва» мясц. арг-цый за хутчэйшае правядзенне калектывізацыі. Да пач. 1930 працэнт калектывізацыі ў БССР узняўся да 20,9% (165,3 тыс.сял. гаспадарак). Да 1.3.1930 у БССР у калгасах лічылася 58% сял. гаспадарак. 10.2.1930 ЦККП(б)Б накіраваў у ЦКВКП(б) дакладную запіску з прапановаю прызнаць БССР рэспублікай суцэльнай калектывізацыі. Празмерна хуткае стварэнне велізарнай колькасці калгасаў пры адсутнасці вопыту іх вядзення, недахопе кадраў сельскіх кіраўнікоў, спецыялістаў і тэхнікі выклікалі дэзарганізацыю ў сельскай гаспадарцы. Рэакцыяй сялян на фарсіраванне тэмпаў калектывізацыі і прымусовае абагульненне сродкаў вытворчасці стаў масавы забой жывёлы (да мая 1930 пагалоўе коней і буйн. раг. жывёлы скарацілася больш чым на чвэрць).
У студз. 1930 усім акругкомам і райкомам КП(б)Б разасланы цыркуляр «Аб ліквідацыі кулацтва як класа», паводле якога «прыём кулакоў у члены ўсіх відаў кааперацыі» забараняўся. Дырэктывамі цэнтр. органаў кіравання, прынятымі ў студз.—лют. 1930, колькасць раскулачаных па раёнах вызначалася ў 3—5‰ усіх сял. двароў, а па рэспубліцы ў цэлым — 4,2% (34 тыс.), што было значна больш за рэальную колькасць заможных гаспадарак (каля 2%). У раскулачаныя траплялі сераднякі і беднякі, якія не жадалі ўступаць у калгасы. Паводле афіц. звестак да канца мая 1930 у БССР раскулачана 15 629 кулацкіх гаспадарак. Выяўленне і высяленне кулакоў праводзілі органы дзярж. бяспекі, мясц. органы ўлады і іх актыў. Раскулачванне нярэдка мела характар не толькі экспрапрыяцыі іх асн. сродкаў вытворчасці, але і канфіскацыі ўсёй маёмасці, уключаючы прадметы асабістага ўжытку.
Задачам стымулявання суцэльнай калектывізацыі была падпарадкавана і падатковая палітыка краіны. Пастановай ЦВК і СНКСССР аб адзіным с.-г. падатку ад 23.2.1930 устанаўліваліся 3 сістэмы абкладання: калгасаў і калгаснікаў, аднаасобных гаспадарак, кулацкіх гаспадарак. Для першых быў вызначаны прынцып прапарцыянальнага абкладання даходаў, аднаасобныя і кулацкія гаспадаркі абкладаліся падаткам у індывідуальным парадку па спец. прагрэсіўнай шкале. Акрамя с.-г. падатку апошнія павінны былі плаціць яшчэ самаабкладанне і т.зв. культзбор. Кулацкія гаспадаркі, якія не выконвалі ўстаноўленыя для іх сельсаветам нормы цвёрдага задання ў належны тэрмін, падлягалі адказнасці ў крымінальным парадку. Калектывізацыя і раскулачванне выклікалі незадавальненне і супраціўленне сял. мас. Толькі за 3 першыя месяцы 1930 у рэспубліцы зарэгістравана каля 520, за 1-ю пал. 1931 — не менш як 1169 выступленняў супраць калектывізацыі.
Усю віну за «перагібы» ў правядзенні калектывізацыі І.В.Сталін усклаў на мясц. работнікаў (арт. «Галавакружэнне ад поспехаў», газ. «Правда» ад 2.3.1930). Рэзалюцыя Бюро ЦККП(б)Б ад 17.4.1930 «Аб барацьбе з перагібамі ў калгасным руху» адзначала небальшавіцкі падыход да серадняка, указвала, што асобныя члены партыі даходзілі да грубага прымусу, дапускалі арышты тых, хто не жадаў уступаць у калгас, а раскулачванне ў шэрагу выпадкаў закранала серадняка. Сяляне ўспрынялі гэта як змену курсу і пачалі выходзіць з калгасаў. Да мая 1930 працэнт калектывізацыі знізіўся да 11%.
Студзеньскі (1931) пленум ЦККП(б)Б зноў адзначыў неабходнасць павышэння тэмпаў калектывізацыі. Да 1.1.1932 яе працэнт падняўся да 50,4% агульнай колькасці сял. гаспадарак. Вясной 1932 была зроблена спроба стварыць матэр. стымулы для працаўнікоў сельскай гаспадаркі шляхам увядзення здзельнай аплаты працы. У пастанове ЦКВКП(б) ад 14.3.1932 асуджалася прымусовае абагульненне жывёлы калгасамі, больш таго, паводле яе калгасы павінны былі памагаць бескароўным калгаснікам у набыцці кароў.
Паводле пастановы СНКСССР і ЦКВКП(б) ад 6 і 10.5.1932 дазваляўся гандаль па цэнах, што складваліся на рынку, даходы калгасаў і калгаснікаў ад продажу на рынку прадукцыі ўласнай вытворчасці не абкладаліся падаткам, а з аднаасобніка бралася не больш за 30%. Аднак гандаль дазваляўся толькі пасля выканання дзярж. плана, стварэння насеннага і інш. фондаў. Статут с.-г. арцелі 1930 дазваляў калгасніку мець невял. асабістую дапаможную гаспадарку, хоць не вызначаў яе памеры і ўмовы функцыянавання. У выніку сяляне самавольна пашыралі ўчасткі і вялі на іх дробнатаварную гаспадарку. У сак. 1933 ЦКВКП(б) указаў кіраўнічым органам Беларусі на недапушчальнасць такога становішча, і СНКБССР прыняў пастанову, паводле якой участак не павінен быў перавышаць 0,5 га і мог засявацца толькі агароднымі культурамі ці ранняй бульбай.
Паводле закону ад 7.8.1932 «Аб ахове маёмасці дзяржаўных прадпрыемстваў, калгасаў і кааперацыі і ўмацаванні грамадскай (сацыялістычнай) уласнасці» (празваны ў народзе закон «Аб пяці каласках») за крадзеж калгаснай і кааператыўнай маёмасці прызначаўся расстрэл, а пры змякчальных абставінах — зняволенне не менш як на 10 гадоў з канфіскацыяй маёмасці, без права на амністыю. Паводле гэтага закона ў БССР на працягу 1933—34 асуджана больш за 10 тыс.чал. У канцы 1932 органам ДПУ і судовым органам загадвалася ўзмацніць работу па спагнанні цвёрдых заданняў з заможных і кулакоў. Камуністы, якія не забяспечылі выкананне норм збожжанарыхтовак, аб’яўляліся памагатымі кулакоў і падлягалі дэпартацыі разам з імі або турэмнаму зняволенню на 5—10 гадоў, нават расстрэлу. Калгасы, прызнаныя сабатажнікамі, заносіліся на «чорную дошку». У такія калгасы спыняўся завоз тавараў, забараняліся кааператыўны і калгасны гандаль, крэдытаванне, датэрмінова спаганяліся крэдыты, зачыняліся ўсе млынавыя прадпрыемствы.
Вынікам калектывізацыі і неабгрунтаванай эканам. палітыкі стаў масавы голад у СССР у 1932—33. У БССР ад голаду загінула некалькі тысяч чалавек (найбольш на Палессі).
Адной з мэт законаў аб абавязковых пастаўках дзяржаве збожжа, сланечніку, бульбы і жывёлы калгасамі і аднаасобнікамі (1933), аб закупках збожжа спажывецкай кааперацыяй (1934) было павышэнне зацікаўленасці калгаснікаў і аднаасобнікаў у вытворчасці с.-г. прадукцыі, стварэнне больш спрыяльных умоў для росту ўраджайнасці і развіцця калгаснага гандлю. Збожжа, якое заставалася пасля выканання абавязковых паставак (а для калгасаў — і натуральнай платы МТС) пакідалася ў распараджэнні вытворцаў. Паводле пастановы СНКСССР і ЦКВКП(б) ад 19.1.1934 закупкі збожжа ў насельніцтва праводзіліся толькі на аснове добраахвотнасці. Аднак дырэктывай ад 31.8.1934 калгасы, якія выканалі планы збожжанарыхтовак і натураплаты, абавязваліся да размеркавання даходаў па працаднях ствараць фонды для выканання плана дзярж. закупак.
У калгасах былі створаны паліт. аддзелы пры МТС, якія былі арыентаваны на правядзенне ў вёсцы надзвычайных мер. Сельсаветам і нават райкомам партыі было прадпісана выконваць задачы, пастаўленыя перад імі палітаддзеламі. У 1933—34 у БССР створаны 72 палітаддзелы. Паводле дырэктывы пленума ЦК і ЦККВКП(б) (студз. 1933) яны кантралявалі кадры калгасаў і МТС.
З мая 1932 да мая 1933 з рэспублікі выслана 35 тыс. сялянскіх сем’яў, на працягу 1933 у калгасах «выкрыта» і выключана 2700 «кулакоў-шкоднікаў», за «варожую» дзейнасць зняты 1544 работнікі. З агульнай колькасці рэпрэсіраваных і высланых за гэты час каля 10 тыс. складалі т.зв. сацыяльна чужыя і контррэвалюцыйныя элементы, каля 2,5 тыс. былыя калгаснікі. У такіх умовах з 1.1.1933 па 10.9.1934 зарэгістравана 1163 тэрарыстычныя акты на вёсцы, у т. л. 117 забойстваў актывістаў і 861 падпал калгасных двароў. З 2-й пал. 1934 узмацніліся тэмпы калектывізацыі: у студз. 1935 яе працэнт склаў 72,6%, у канцы года — 85,6%. Збожжапастаўкі 1934 былі выкананы, што дазволіла ўладам паставіць пытанне пра адмену картачнай сістэмы забеспячэння гараджан.
У сярэдзіне 1930-х г. частка аднаасобных сялян стала на шлях прадпрымальніцтва, павысіла прадукцыйнасць сваіх зямельных надзелаў, мела дапаможны заробак (праца на лесараспрацоўках, саматужны промысел, рамізніцтва і г.д.) і выконвала ўсе дзярж. павіннасці. У 1934—35 стаўкі падатку для аднаасобных гаспадарак зноў перагледжаны. З 1935 дадатковаму абкладанню падлягалі і калгаснікі, якія мелі пастаянныя даходы ад саматужных промыслаў.
У адпаведнасці з прыкладным статутам с.-г. арцелі, прынятым на 2-м Усесаюзным з’ездзе калгаснікаў-ударнікаў (люты 1935), калгаснікі атрымалі пэўную юрыдычную гарантыю ад дзяржавы на вядзенне прысядзібнай гаспадаркі. У залежнасці ад рэгіёна калгасніку дазвалялася мець ад 0,25 да 0,5 га прысядзібнай зямлі і 1—3 каровы, неабмежаваную колькасць дробнай жывёлы і птушкі. Надзелы адыгрывалі важную ролю ў валавой вытворчасці жывёлагадоўлі і гародніны, а да канца 2-й пяцігодкі значна апярэдзілі калгасы і па колькасных і па якасных паказчыках. У 1938 яны займалі 3,8% усіх плошчаў, а давалі 45% усёй с.-г. прадукцыі. Статут замацаваў прынцып размеркавання калгаснай прадукцыі па працаднях, былі палегчаны ўмовы прыёму ў калектыўныя гаспадаркі.
У 1939 у калгасах уведзены пэўны мінімум працадзён (для БССР 80), што фактычна рабіла дысцыпліну ў калгасах больш жорсткай. Рэкамендавалася скараціць прысядзібныя надзелы калгаснікаў, уводзіўся дадатковы падатак на сял. сады; калгаснікам забаранілі касіць для сваіх кароў сена на калгасных лугах; павялічаны нормы паставак збожжа і мяса. У выніку натуральная аплата працадзён была зніжана без грашовай кампенсацыі.
Завяршэнню калектывізацыі на Беларусі перашкаджала хутарская сістэма землекарыстання, таму быў узяты курс на ліквідацыю апошніх хутарскіх гаспадарак. За 2 даваенныя гады пераселена або зусім ліквідавана 192 тыс. хутароў. У 1920—30-я г. ў БССР рэпрэсіравана і выслана за межы рэспублікі больш за 250 тыс. сялян.
З далучэннем да БССР у вер. 1939 Зах. Беларусі парт.-сав. ўлады прынялі меры па правядзенні там калектывізацыі. Да чэрв. 1941 на тэр.зах. абласцей Беларусі арганізавана 1115 калгасаў, якія аб’ядноўвалі 49 тыс.сял. двароў (6,7% агульнай іх колькасці). У той час калгасам належала 7,8% усёй зямлі. На землях памешчыцкіх маёнткаў ствараліся саўгасы (у 1-й пал. 1940 іх арганізавана 28). Адначасова з калектывізацыяй праводзілася абрэзка зямель т.зв. кулацкіх гаспадарак, высылка асаднікаў і інш.
Да пачатку Вял.Айч. вайны ступень абагуленасці гаспадарак ва ўсх. Беларусі дасягнула 93,4%, а па пасяўной плошчы — 96,2%. У 1932—40 сярэдні памер с.-г. арцелі павялічыўся з 36 двароў да 75, пасяўная плошча — з 215 да 367 га. Прыкладна такімі ж былі і саўгасы. Да 1941 у БССР іх было 132 і яны валодалі 0,9% усёй плошчы с.-г. угоддзяў. У 1940 ва ўсх. абласцях БССР было 236 МТС, трактарны парк складаў 9,7 тыс. машын. Калектывізацыя прывяла да карэнных змен у арганізацыі с.-г. працы, сацыяльна-бытавых і грамадска-культурных адносін на вёсцы.
Грамадска-палітычнае жыццё Беларусі. Паводле рашэння II Усебеларускага з’езда Саветаў (1920) вышэйшым органам дзярж. улады ў БССР з’яўляўся з’езд Саветаў Беларусі, а ў перыяд паміж з’ездамі — ЦВК і яго Прэзідыум. Старшыня ЦВК адначасова прызначаўся і старшынёй Савета Народных Камісараў (да 1924). 2-я сесія ЦВКБССР (5.2.1921) зацвердзіла палажэнне аб Савеце Народных Камісараў, паводле якога яму належала права выдаваць «дэкрэты, распараджэнні, інструкцыі і ўвогуле прымаць усе меры, неабходныя для правільнага і хуткага цячэння дзяржаўнага жыцця». Для кіраўніцтва рознымі галінамі нар. гаспадаркі і культуры прадугледжвалася ўтварэнне 15 нар. камісарыятаў. Утварэнне СССР і прыняцце Канстытуцыі СССР 1924 выклікала неабходнасць змен і ў канстытуцыйным заканадаўстве БССР, што вырашыў VI Усебел. (Надзвычайны) з’езд Саветаў (сак. 1924). VIII Усебел. з’езд Саветаў (11.4.1927) зацвердзіў Канстытуцыю БССР 1927, у якой пацвярджалася, што БССР «ёсць сацыялістычная дзяржава дыктатуры пралетарыяту», а носьбіт вярхоўнай улады — Усебеларускі з’езд Саветаў рабочых, сялянскіх і чырвонаармейскіх дэпутатаў. Фактычна ж адбывалася зліццё парт. і савецкага дзярж. апаратаў (дзярж. кіраўнікі ўваходзілі ў склад парт. органаў, а парт. кіраўнікі ў склад дзярж. савецкіх устаноў). Паводле Канстытуцыі БССР 1937 замест з’езда Саветаў і выбранага ім ЦВК і яго Прэзідыума вышэйшым органам улады з’яўляўся Вярхоўны Савет БССР і Прэзідыум Вярхоўнага Савета. БССР абвяшчалася сацыяліст. дзяржавай рабочых і сялян, паліт. аснову якой складаюць Саветы дэпутатаў працоўных, а эканам. аснову — сацыяліст. сістэма гаспадаркі і сацыяліст. ўласнасць на прылады і сродкі вытворчасці. Усе найважнейшыя пытанні дзярж. жыцця адносіліся да кампетэнцыі саюзных органаў.
Адзінай кіруючай і накіроўваючай сілай была Камуністычная партыя. X з’езд РКП(б) (8—16.3.1921) прыняў спец. рэзалюцыю «Аб адзінстве партыі», паводле якой фракцыі ў РКП(б) былі забаронены. Пачаліся ліквідацыі апазіцыйных партый, увядзенне цэнзуры і інш. У 1921 арыштавана 860 актыўных членаў Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў (БПС-Р), у чэрв. 1924 адбыўся яе самароспуск. У 1921 самаліквідаваўся Бунд, распалася Яўрэйская камуніст. партыя. Напачатку ўдзельнікі небальшавіцкіх партый і рухаў маглі адмовіцца ад сваіх паліт. поглядаў, уступіць у кампартыю і працаваць у розных установах і ведамствах. Да сярэдзіны 1920-х г. у СССР сфарміравалася аднапартыйная сістэма. Крайні цэнтралізм улады і кіравання прывёў да разрастання апарата. Камуніст. партыя таксама падвяргалася перыядычным праверкам наяўнага складу членаў і «чысткам», вялася барацьба з апазіцыямі ўнутры партыі. У 1921 колькасць выключаных зКП(б)Б дасягнула амаль 20%, у 1924—4,2%, у 1929—3717 чалавек.
У 1920-я г. з’явіліся законы па забеспячэнні свабод і правоў грамадзян, ствараліся кодэксы, у т. л. грамадзянскі, працоўны і крымінальны; пашыраліся выбарчыя правы, праводзілася судовая рэформа, фарміравалася адвакатура і пракуратура. ВЧК была рэарганізавана ў АДПУз ранейшымі функцыямі. У кастр. 1922 ДПУ зноў дазволена выкарыстанне пазасудовых рэпрэсій.
Большасць новых палажэнняў і законаў адлюстроўвалі класавы і парт. прынцыпы. Прадстаўнікі рабочага класа прыцягваліся ў выбарныя дзярж. і парт. органы, прафесійныя, камсамольскія і інш. грамадскія арг-цыі, карысталіся прывілеямі пры ўступленні ў бальшавіцкую партыю. Сяляне выбіралі ў Саветы ўсіх узроўняў сваіх прадстаўнікоў у параўнанні з рабочымі па квоце 1:5. Усеагульнае, роўнае і прамое выбарчае права пры тайным галасаванні ўпершыню абвешчана ў Канстытуцыі БССР 1937.
У 1920-я г. пэўная частка асоб была выключана зпаліт. і грамадскага жыцця — т.зв. «лішэнцы» (выхадцы з былых прывілеяваных саслоўяў, гандляры, святары, царскія супрацоўнікі праваахоўных органаў, дзеці прадстаўнікоў гэтых пластоў грамадства і г.д.). Яны не мелі права не толькі выбіраць і быць выбранымі, але займаць дзярж. ці грамадскія выбарныя пасады, быць членамі прафсаюза, атрымліваць дапамогу па беспрацоўі і г.д.
Рэчаіснасцю сав. жыцця была вял. колькасць урачыстасцей, састаўной часткай якіх былі шматтысячныя дэманстрацыі, парады, мітынгі і інш. Да ранейшых 12 рэлігійных (выключаны з календара ў 1930) дадаліся шматлікія новыя святы і памятныя даты: 1 мая, гадавіны Кастрычніцкай рэвалюцыі, Парыжскай камуны, Міжнар. юнацкі дзень, Міжнар. дзень жанчын, дэманстрацыі ў падтрымку сав. улады, бягучых рэв. падзей у Еўропе і г.д. Вуліцам, прадпрыемствам, навуч. установам даваліся новыя назвы. Гербы і старыя эмблемы саступалі месца сав. сімволіцы, здымаліся манархічныя помнікі, адкрываліся новыя ў памяць рэвалюцыянераў.
У пач. 1920-х г. у БССР сталі з яўляцца розныя культ.-асв. т-вы і суполкі, грамадскія аб’яднанні навук., творчага і прафес. кірунку: эканамічныя, гісторыі і старажытнасцей, бібліяфілаў, мед., пед. т-вы, літ. арг-цыі; прафес. аб’яднанні мелі юрысты, музычныя працаўнікі, мастакі, зубныя ўрачы і інш. Акрамя таго, працавалі рэліг. абшчыны, дзейнічалі мусульманскае дабрачыннае т-ва, яўр.гар.к-т і інш.
У пачатку нэпа была дазволена свабода друку (дзейнічалі прыватныя выдавецтвы і выданні), аднак паводле парт. і ўрадавых пастаноў 1922—23 уводзілася цэнзура практычна ўсіх друкаваных выданняў, пад кантроль дзяржавы пастаўлены грамадскія аб’яднанні. Дазвол на існаванне атрымлівалі аб’яднанні, якія ставілі за мэту ўдзел у сацыяліст. будаўніцтве, найб. буйныя з іх узначальвалі вядомыя парт. і дзярж. дзеячы. Членства ў іх паступова з добраахвотнага станавілася абавязковым.
З 1924 афіц. палітыкай нац.-дзярж. і культ. будаўніцтва ў БССР стала беларусізацыя. Першыя крокі ў яе ажыццяўленні зроблены ў 1919—20 (дзяржаўнасць бел. мовы, стварэнне бел. школ). У КП(б)Б улілося шмат дзеячаў нац.-вызв. руху, многія з якіх пазней увайшлі ў склад вышэйшых парт. і дзярж. органаў БССР і сталі ініцыятарамі беларусізацыі (А.Р.Чарвякоў, З.Х.Жылуновіч, У.М.Ігнатоўскі, А.Л.Бурбіс, А.В.Баліцкі). Яе правядзенню спрыялі і рашэнні ВКП(б) па нац. палітыцы пач. 1920-х г. Наркаматы БССР пераводзілі справаводства на бел. мову, для падрыхтоўкі кадраў стваралася шырокая сетка курсаў беларусазнаўства. У 1921 пацверджаны дэкрэт урада Літ.-Бел. ССР (1919) пра раўнапраўе ў якасці дзяржаўных бел., рус., яўр. (ідыш) і польскай моў. У 1921 адкрыты БДУ, у 1922 — Ін-тбел. культуры, на базе якога ў 1929 створана Бел. акадэмія навук. Аб’яўленая ў ліп. 1923 ЦВКСССР і ЦВКБССР амністыя ўдзельнікам антысавецкіх нац. арг-цый і фарміраванняў, бел.паліт. і культ. дзеячам, членам бел.нац. урадаў і бел. партый, якія не прымалі актыўнага ўдзелу ва ўзбр. барацьбе супраць сав. улады і заявілі аб лаяльных да яе адносінах, дала ім магчымасць далучыцца да нац.-культ. будаўніцтва. 2-я сесія ЦВКБССР (15.7.1924) спец. пастановай «Аб практычных мерапрыемствах па правядзенні нацыянальнай палітыкі» ўзняла беларусізацыю на дзярж. ўзровень. Побач з вывучэннем гісторыі, культуры, нац. і эканам. асаблівасцей Беларусі ажыццяўляўся перавод працы навучальна-выхаваўчых, навуковых і адм. устаноў на бел. мову. Калі ў 1925 у рэсп. установах бел. мовай валодала толькі 22% супрацоўнікаў, а ў акруговых і раённых — 36%, то ў 1926 — адпаведна 54% і 42%, а ў 1927—80% і 70%. Адным з кірункаў нац. палітыкі была т.зв. каранізацыя, згодна з якой на партыйную, сав. і грамадскую работу вылучаліся кадры з карэннага насельніцтва. З сярэдзіны 1920-х г. пачаўся даволі паспяховы перавод навучання ва ўсіх тыпах устаноў на родныя мовы навучэнцаў. Бел. мова стала абавязковым прадметам выкладання ў рус., яўр., польскіх і інш.нац. школах рэспублікі. На ўсіх дзярж. мовах выдаваліся газеты, часопісы, л-ра.
У святле гэтых падзей Берлінская канферэнцыя Рады БНР (кастр. 1925) аб’явіла аб роспуску сваіх паліт. цэнтраў і спыненні барацьбы зсав. уладай і прызнала БССР месцам кансалідацыі бел. народа. Важнай паліт. падзеяй у жыцці БССР стала Акадэмічная канферэнцыя па рэформе бел. правапісу ў Мінску (ліст. 1926) — першае міжнар.навук. мерапрыемства па беларусазнаўстве. У ёй удзельнічалі супрацоўнікі навук. і навуч. устаноў БССР, грамадскія дзеячы, вядомыя вучоныя Літвы, Латвіі, Германіі, Польшчы, Украіны і Расіі, прадстаўнікі бел. культуры, якія знаходзіліся за межамі БССР (В.Ластоўскі, К.Езавітаў, А.Галавінскі, У.Жылка, У.Пігулеўскі). Некаторыя з іх таксама прызналі Мінск адзіным цэнтрам нац.-культ. развіцця Беларусі і засталіся тут працаваць.
Згортванне нэпа суправаджалася адступленнямі ад праведзеных рэформ і ў паліт. сістэме. Ліберальная інструкцыя 1925 па выбарах у Саветы ў ліп. 1926 адменена, новыя інструкцыі зноў значна пашыралі катэгорыі асоб, пазбаўленых выбарчых правоў. У 2-й пал. 1920-х г. узмоцнены кантроль Саветаў над сходамі сялян, у якіх маглі ўдзельнічаць толькі тыя, хто меў выбарчыя правы. Узмацняўся кантроль партыі за дзейнасцю Саветаў. Спісы кандыдатаў у Саветы складаліся парт. арг-цыямі і ўзгадняліся ў райкомах партыі. Скліканню кожнага з’езда Саветаў БССР ці сесіі ЦВК папярэднічалі пленумы ЦККП(б)Б, якія вызначалі парадак дня і прымалі на ім праекты рашэнняў. Такі ж парадак устанаўліваўся і ў адносінах мясц. Саветаў. Функцыі Саветаў абмяжоўваліся гасп. і культ.-арганізац. пытаннямі. Камсамол і прафсаюзы таксама дзейнічалі падпарт. кантролем, узмацнілася цэнзура. У канцы 1920-х г. адмаўленне ад удзелу ў выбарах ужо разглядалася як негатыўныя адносіны да партыі і сав. улады.
З сярэдзіны 1920-х г. узмацніўся кантроль за паліт. паводзінамі грамадзян. Да паліт. злачынства прыраўноўвалася не толькі антысав. дзеянне, але і яго тэарэт. магчымасць. У пач. 1930-х г. значна павялічыўся рэпрэсіўны апарат, утвораны пазасудовы орган — асобая нарада замест судовай калегіі АДПУ.
З канца 1920-х г. пачалася барацьба з т.зв. бел. нацыянал-дэмакратызмам, які разглядаўся як антысавецкая плынь. Рэпрэсіраваны ўдзельнікі бел.нац. руху 1917—24, якія засталіся жыць на тэр.СССР. Пачатак гэтаму пакладзены дзейнасцю ў БССР у маі—чэрв. 1929 камісіі ЦКВКП(б) на чале з У.П.Затонскім па абследаванні практыкі правядзення нац. палітыкі. Вынікам дзейнасці камісіі стала т.зв. справа «Саюз вызвалення Беларусі» (СВБ): арыштаваны 108 прадстаўнікоў бел. інтэлігенцыі, у т. л. акадэмікі Бел.АН В.Ю.Ластоўскі, Я.Ю.Лёсік, С.М.Некрашэвіч, прафесары А.А.Смоліч і У.І.Пічэта, наркомы земляробства (Дз.Ф.Прышчэпаў) і асветы (А.В.Баліцкі), пісьменнікі М.Гарэцкі, У.Дубоўка, Я.Пушча. Пасля закрытага кастр. (1930) пленума ЦККП(б)Б, які ўхваліў дзеянні АДПУ і прапановы бюро ЦК, арыштаваныя па абвінавачванні ў прыналежнасці да «СВБ» былі засуджаны на розныя тэрміны зняволення або высланы за межы БССР. Адначасова паводле рашэнняў пленума пачалася чыстка партыі ад т.зв. нацыянал-ухілістаў, найперш у яе кіруючых звёнах. Усё гэта прывяло да згортвання палітыкі беларусізацыі.
У 1931 супрацоўнікі АДПУ правялі аперацыю супраць «контррэвалюцыйных шкодніцкіх арганізацый»: «Беларускі філіял працоўнай сялянскай партыі» (БФПСП), «Беларускі філіял меншавікоў», «Беларускі філіял прампартыі». Іх ячэйкі «выяўлены» ў Дзяржплане БССР, ВСНГБССР, ЦСУ, Наркамземе, Наркамаце забеспячэння, Белсельсаюзе, Белкалгасцэнтры, Белсельтрэсце, Белсельбанку, НДІ сельскай і лясной гаспадаркі, Белбудаб’яднанні, Белметалаб’яднанні, Белскураб’яднанні, спажывецкай кааперацыі і інш.
У 1933 супраць бел. інтэлігенцыі спецорганамі праведзены справы «Беларуская народная грамада» (з’яўлялася працягам «СВБ», праходзіла 68 чалавек пераважна бел. пісьменнікаў, настаўнікаў, студэнтаў) і «Беларускі нацыянальны цэнтр» (праходзіў 161 чал., пераважна дзеячы нац.-вызв. руху Зах. Беларусі, якія перабраліся ў БССР). Ячэйкі арганізацый былі «выяўлены» спецорганамі ў Дзяржплане, наркаматах асветы, аховы здароўя, сувязі, Акадэміі навук, БДУ, Бел.с.-г. акадэміі, Саюзе пісьменнікаў, Бел. ваеннай акрузе, у шэрагу гарадоў і раёнаў БССР.
Паводле пастановы Прэзідыума ЦВКСССР ад 1.12.1934 справы па паліт. абвінавачаннях разбіраліся ў пазасудовым парадку з выкарыстаннем вышэйшай меры пакарання. У 1929—30, 1933 праведзены парт. чысткі. Калі на 1.1.1933 кампартыя Беларусі налічвала 65 040 чал., то ў 1934—37 909. У выніку праверкі партдакументаў за 1935—36 выключана з партыі і знята з работы 17% старшынь райкомаў і 14% іх намеснікаў, 22% сакратароў райвыканкомаў і інш.; у партыі засталося 31 937 членаў. Вынікам «вялікага тэрору» 1937 стала наступнае скарачэнне колькасці партыйцаў да 31 603 чал., нягледзячы на новыя прыёмы, якія ішлі паралельна. Аднаўленне складу КП(б)Б пачалося з 1938, на 1.1.1941 яна налічвала ўжо 72 177 членаў. Выбары 1937 і 1938 у Вярхоўны Савет СССР і Вярхоўны Савет БССР мелі адпаведна працэнт удзелу 97,4% і 99,65%, практычна ўсе з тых, хто галасаваў, аддалі свае галасы за «кандыдатаў блока камуністаў і беспартыйных».
У 1937—38 ва ўсіх сферах нар. гаспадаркі выкрыты т.зв. «контррэвалюцыйныя, шкодніцкія» арг-цыі. Праведзены паліт. працэсы над удзельнікамі «Аб’яднанага антысавецкага падполля», «Беларускай аўтакефальнай царквы», «Беларускай народнай грамады», «Беларускага нацыянальнага цэнтра», «Беларускай філіі меншавікоў», «Беларускага філіяла Прампартыі», «Беларускага філіяла Працоўнай сялянскай партыі», Польскай арганізацыі вайсковай, «Саюзнага бюро РСДРП (меншавікоў)», «Партыі вызвалення сялян» і інш.; арыштаваны і расстраляны старшыні ЦВК і СНКБССР, іх намеснікі, члены ЦВК і СНК, сакратары ЦККП(б)Б, былі рэпрэсіраваны амаль усе наркомы, прафсаюзныя і камсамольскія дзеячы, кіраўнікі нар. гаспадаркі, 26 акадэмікаў і 6 членаў-карэспандэнтаў Бел.АН, больш за 100 бел. пісьменнікаў, супрацоўнікі праваахоўных органаў і інш. Большасць з іх была прыгаворана пазасудовымі органамі да вышэйшай меры пакарання.
У 1937 была звернута ўвага на факты дэспатызму і здзекаў над калгаснікамі і аднаасобнікамі з боку мясц. органаў улады. У БССР для разбору «шкодніцкай» дзейнасці прыбылі нам. старшыні Камісіі парт. кантролю пры ЦКВКП(б) і адначасова заг. с-г. аддзела ЦК Я.А.Якаўлеў і заг. аддзела кіруючых парт. органаў ЦКВКП(б) Г.М.Малянкоў. Пры іх удзеле адбыўся ліпеньскі (1937) пленум ЦККП(б)Б. Недахопы ў развіцці сельскай гаспадаркі, масавыя незадавальненні і пратэсты сялян супраць падатковай палітыкі, невыкананне планаў шэрагам прадпрыемстваў тлумачыліся контррэв. дзеяннямі антысавецкага падполля. З 24 прамоўцаў на пленуме ў далейшым рэпрэсіраваны 20 чалавек.
У выкананне пастановы СНКСССР і ЦК ВКП(б)Б ад 2.8.1937 «Аб аказанні дапамогі калгаснаму сялянству Беларускай ССР і ліквідацыі шкодніцтва ў справе калгаснага ўладкавання», дырэктыў партыі і ўрада аб ліквідацыі наступстваў шкодніцтва ў галіне судовай працы Вярхоўным судом БССР былі перагледжаны больш за 50 тыс. спраў адносна каля 70 тыс. асуджаных у 1934—37 калгаснікаў, аднаасобнікаў і сельскага актыву за невыкананне дзяржабавязкаў. З 50% асуджаных адразу была знята судзімасць. У шэрагу раёнаў БССР восенню 1937 праведзены адкрытыя працэсы над раённымі кіраўнікамі, прыцягнуты да адказнасці работнікі органаў пракуратуры і суда.
Пастанова СНК і ЦКВКП(б) «Аб арыштах, пракурорскім наглядзе і вядзенні следства» ад 17.11.1938 азначала адыход ад масавых рэпрэсій. Органам НКУС і Пракуратуры забаранялася праводзіць масавыя аперацыі па арыштах і высяленні, а самі арышты прадпісвалася здзяйсняць у адпаведнасці з Канстытуцыяй толькі паводле пастановы суда ці з санкцыі пракурора. Ліквідаваліся «тройкі», справы неабходна было перадаваць на разгляд судоў ці Асобай нарады пры НКУС.
Адмова ад масавых рэпрэсій праходзіла без шырокага асвятлення ў друку, рэабілітацыя арыштаваных была частковай і непаслядоўнай. У дакладной у ЦКВКП(б) ад 7.7.1939 П.К Панамарэнка асудзіў адкрытыя працэсы 2-й пал. 1937 — пач. 1938 над раённымі кіраўнікамі. У выніку быў спынены шэраг спраў (Бялыніцкая, Кармянская, Бярэзінская, Пухавіцкая, Клічаўская, Чавуская, Мазырская, Аршанская і інш.).
Паводле афіц. звестак у 1935—40 ад паліт. рэпрэсій у БССР пацярпелі 86 168 чал., з іх 28 425 прыгавораны да вышэйшай меры пакарання і расстраляны. У агульную лічбу каля 600 тыс. ахвяр паліт. рэпрэсій уваходзіць таксама больш за 100 тыс. жыхароў рэспублікі, рэпрэсіраваных у адм. парадку на тэр.Зах. Беларусі ў 1939—41, 1944—53.
У выніку масавых чыстак адбылася практычна поўная змена кіруючых кадраў усіх узроўняў. Да ўлады прыйшло новае пакаленне ўпраўленцаў, падрыхтаванае савецкай сістэмай адукацыі. На 1.1.1941 у БССР працавалі 27,7 тыс. спецыялістаў з вышэйшай і каля 60 тыс.з сярэдняй адукацыяй. Аднак забяспечанасць спецыялістамі гаспадаркі і культуры заставалася недастатковай, узровень падрыхтоўкі кадраў быў мінімальны. У дзярж. і гасп. органы, установы культуры і школы пасля невялікай падрыхтоўкі і нават без яе, прыцягваліся работнікі з агульнай сярэдняй і 7-гадовай адукацыяй. Яны складалі больш як 1/3 працаўнікоў разумовай працы.
Адукацыя, навука, культура. Першыя дэкрэты сав. улады па пытаннях адукацыі былі накіраваны на ліквідацыю царскай школьнай сістэмы і распрацоўку асноўных прынцыпаў сав. школы. «Палажэнне аб адзінай працоўнай школе» і пастанова 1-й Парт. нарады (1921) дэкларавалі сувязь школы з палітыкай Камуніст. партыі, бясплатную абавязковую агульную і політэхн. адукацыю, адзіную для ўсіх грамадзян свецкую школу, дэмакр. арганізацыю навучання працоўнага характару. Навучанне павінна было складаць 9 гадоў. З 1922 асн. школай БССР стала 7-гадовая школа, аднак масавай у 1920-я г. была пачатковая 4-гадовая. У адпаведнасці з задачай політэхнізацыі 7-гадовыя школы набылі вытворчы ўхіл. На вёсцы ствараліся школы сялянскай моладзі, у горадзе пры фабрыках і заводах — фабрычна-заводскія сямігодкі. Да сярэдзіны 1920-х г. сярэдняя школа на Беларусі адсутнічала, праграму сярэдняй адукацыі выконвалі рабочыя факультэты, агульнаадук. курсы, з 1926—9-гадовыя школы і школы 2-й ступені (8—9-ы класы). У 1930-я г. вялася уніфікацыя школы ў межах усяго СССР. Пастановай СНКСССР і ЦКВКП(б) «Аб структуры пачатковай і сярэдняй школы ў СССР» (15.5.1934) усталёўвалася адзіная сістэма агульнаадук. школы: пачатковая (1—4-ы класы), няпоўная сярэдняя (1—7-ы класы), сярэдняя (1—10-ы класы).
У час беларусізацыі выкладанне ў школах праводзілася на роднай мове навучэнцаў, у праграмы ўведзены прадметы краязнаўчага цыкла, бел. мова стала абавязковым прадметам выкладання ва ўсіх нац. школах, пры паступленні ў тэхнікумы і ВНУ патрабавалася веданне бел. мовы. Пастановай СНК і Прэзідыума ЦВКБССР ад 7.4.1926 у рэспубліцы ўводзілася ўсеагульнае пачатковае навучанне, з 1932/33 навуч.г. — няпоўнае сярэдняе. Адначасова з сістэмы адукацыі пачалі знікаць школы нац. меншасцей.
У 1920-я г. побач з агульнаадукацыйнай існавала прафес.-тэхн. школа, асн. тыпамі якой былі школа фабрычна-заводскага вучнёўства, прафшкола, прафклас, с.-г. школа, вучэбна-практычныя майстэрні, школы с.-г., саўгаснага і трактарнага вучнёўства. У 1940 пачалася перабудова сістэмы прафес.-тэхн. адукацыі, стваралася сістэма працоўных рэзерваў.
У 1920—30-я г. ў БССР разгорнута сетка школ і пунктаў па ліквідацыі непісьменнасці і малапісьменнасці сярод дарослых (у 1928/29 навуч.г. 309 ліквідацыйных пунктаў і 319 школ малапісьменных). Працавалі вячэрнія школы для дарослых. Паводле перапісу насельніцтва ў снеж. 1926 пісьменных у рэспубліцы ва ўзросце ад 9 да 49 гадоў было 53,1%, у 1940/41 навуч.г. — каля 85% насельніцтва.
З уз’яднаннем Зах. Беларусі зБССР у 1939 там пачалося ўвядзенне сав. школьнай сістэмы, усеагульнага бясплатнага навучання ў аб’ёме сямігодкі, ствараліся нац. школы. У 1940/41 навуч.г. на тэр. Беларусі працавалі 12 294 школы ўсіх відаў, у якіх навучалася 1 737,1 тыс. чалавек і працавала 56,9 тыс. настаўнікаў.
У 1920-я г. актыўна развівалася сетка сярэдніх спец. навучальных устаноў.
Адкрыты тэхнікумы: Віцебскі механіка-будаўнічы, Мінскі арх.-будаўнічы, Полацкі лясны, Мінскія гідратэхнікум і палітэхнікум, Магілёўскі культ.-асветны, Аршанскі чыг. і інш. У 1930 у БССР працавала 58 сярэдніх спец.навуч. устаноў (11,2 тыс. навучэнцаў). Адначасова адбывалася станаўленне вышэйшай школы Беларусі. У пач. 1920-х г. у БССР працавалі Горы-Горацкі земляробчы ін-т, Віцебскае аддзяленне Маскоўскага археал. ін-та, Віцебскі дзярж.маст.-практычны ін-т (у 1923 рэарганізаваны ў мастацкі тэхнікум), Віцебскі, Магілёўскі і Мінскі пед. ін-ты. У 1920 Мінскі політэхнічны тэхнікум пераўтвораны ў ВНУ, а ў 1922 рэарганізаваны ў інстытут сельскай і лясной гаспадаркі. 30.10.1921 адбылося ўрачыстае адкрыццё БДУ (3 ф-ты, 1250 студэнтаў). У выніку ўзбуйнення Беларусі ў 1924 сетка ВНУ рэспублікі пашырылася, што не адпавядала матэрыяльным магчымасцям краіны. Шэраг навуч. устаноў падлягаў рэарганізацыі і зліццю: Віцебскі, Мінскі і Магілёўскі вышэйшыя пед. ін-ты аб’ядноўваліся зпед. ф-там БДУ; Мінскі і Горацкі с.-г. ін-ты — у Бел.дзярж. акадэмію сельскай гаспадаркі. У 1924 пачаў працу ветэрынарны ін-т у Віцебску. Падрыхтоўкай кадраў парт. і сав. работнікаў займаліся сав. і парт. школы, якія працавалі ў Мінску, Віцебску, Гомелі і Магілёве. У 1925 Мінская вышэйшая парт. школа рэарганізавана ў Камуніст. універсітэт імя У.І.Леніна, а ў 1932 пераўтворана ў Вышэйшую камуністычную с.-г. школу Беларусі. З правядзеннем беларусізацыі з мэтай надання краязнаўчага ўхілу ва ўсіх ВНУ засноўваліся спец. кафедры па вывучэнні Беларусі. У 1925/26 навуч.г. для падрыхтоўкі навукова-пед. кадраў пры ВНУ ствараліся аспірантуры. У 1930—31 Мінскі, Віцебскі і Магілёўскі пед. тэхнікумы рэарганізаваны ў педінстытуты; пачалі працу Аршанскі і Гомельскі пед. ін-ты. Да канца 1920-х г. у сістэму адукацыі ўведзена вышэйшае завочнае навучанне, экстэрнат. У 1930 адкрыты 4 новыя ВНУ: электратэхнічны, хіміка-тэхналагічны, будаўнічы ў Мінску і механічны ў Гомелі. У 1930/31 навуч.г. ўстановы рэарганізаваліся па галіновай прыкмеце, на базе асобных ф-таў ствараліся самастойныя ВНУ і перадаваліся ў падпарадкаванне гасп. аб’яднанняў, для якіх яны рыхтавалі спецыялістаў. Сетка ВНУ значна пашырылася, толькі на базе с.-г. акадэміі створана 11 ВНУ. Драбленне матэрыяльнай базы прывяло да стварэння маламоцных ін-таў: у 1925 працавалі 4 ВНУз 4342 студэнтамі, а ў 1931—32 з 10 547 студэнтамі. У 1933 ВНУз вузкай спецыялізацыяй зноў аб’яднаны, аднавілі працу с.-г. акадэмія і політэхн. інстытут. У 1932 пачала дзейнічаць Мінская кансерваторыя. У 1935—37 створаны 2-гадовыя настаўніцкія ін-ты ў Мінску, Віцебску, Гомелі, Магілёве, Оршы і Рагачове, а пасля далучэння Зах. Беларусі да БССР — у Баранавічах, Гродне, Пінску. У 1937 адкрыты Мінскі ін-тфіз. культуры. У 1939/40 навуч.г. ў БССР дзейнічалі 22 вышэйшыя (15,4 тыс. студэнтаў) і 102 сярэднія спец.навуч. ўстановы (133,6 тыс. навучэнцаў), каля 20 тыс. займалася на завочных аддзяленнях і курсах.
Навука. У 1921 створана Навукова-тэрміналагічная камісія, на базе якой у 1922 арганізаваны Інстытут беларускай культуры (Інбелкульт). Старшынямі Інбелкульта былі С.Некрашэвіч, з 1924 — У.Ігнатоўскі; у яго дзейнасці ўдзельнічалі Я.Дыла, З.Жылуновіч, У.Пічэта, Я.Карскі, Я.Купала, Я.Колас, Я.Лёсік і інш. У 1923 у Мінску створана Бел. доследная станцыя па ахове с.-г. культур, у 1924 — Мінская лясная доследная станцыя, Цэнтральнае бюро краязнаўства. У 1926 у БССР дзейнічала 240 краязнаўчых арганізацый з ахопам каля 10 тыс. чалавек. Значную навук. работу праводзілі вучоныя БДУ і Бел. ін-та сельскай і лясной гаспадаркі. 1.1.1929 на аснове Інбелкульта адкрыта Акадэмія навук. У 1932 у яе складзе налічвалася 14 НДІ, працавалі 22 правадзейныя члены Бел.АН, 150 навук. работнікаў. Усяго ў рэспубліцы ў канцы 1930-х г. дзейнічала 40 н.-д. устаноў, у якіх было занята больш за 1,5 тыс.навук. супрацоўнікаў.
У 1920—30-я г. адкрыты шэраг культ.-асветных устаноў — рабочых клубаў, хат-чытальняў, чырвоных куткоў, дамоў культуры, бібліятэк (у 1927 у рэспубліцы налічвалася 271 хата-чытальня і 95 нар. дамоў). У кастр. 1921 пачала працаваць Бел.дзярж. бібліятэка. У 1937 у рэспубліцы было 14 музеяў. У сав.гіст. навуцы пераўтварэнні ў галіне культуры ў міжваенны перыяд атрымалі назву культурнай рэвалюцыі.
Літ.:
Партийная этика: Дискуссии 20-х гг.М., 1989;
История Отечества: люди, идеи, решения: Очерки истории Сов. государства. М., 1991;
Хлевнюк О.В. 1937-й: Сталин, НКВД и советское общество. М., 1992;
Яго ж. Политбюро. Механизм политической власти в 30-е годы. М., 1996;
Зеленин И.Е. Политотделы МТС — продолжение политики «чрезвычайщины» (1933—1934) // Отечеств. история. 1992. №6;
Яго ж. Коллективизация и единоличник (1933 — первая половина 1935 г.) // Там жа. 1993. № 3;
Адамушка У. Палітычныя рэпрэсіі 1920—50-х гадоў на Беларусі. Мн., 1994;
Ивницкий Н.А. Коллективизация и раскулачивание (начало 30-х годов). М., 1994;
Нарысы гісторыі Беларусі. Ч. 2. Мн., 1995;
Революция и человек: быт, нравы, поведение, мораль. М., 1997;
Голанд Ю. Кризисы, разрушившие НЭП. Валютное регулирование в период НЭПа. М., 1998;
Бяспалая М.А. Беларуская вёска ў першыя гады нэпа (1921—1923). Мн., 1999;
Касцюк М. Бальшавіцкая сістэма ўлады на Беларусі. Мн., 2000;
Платонаў Р.П. Беларусь у міжваенны перыяд.Мн., 2001;
НЭП в контексте исторического развития России XX века. М., 2001;
Перед крутым поворотом: Тенденции в полит. и духов. жизни Беларуси (1925—1928 гг.): Отражение времени в арх. док. Мн., 2001;
Раманава І. «Зона»: Бел. памежжа па сав. бок дзярж. кардону ў 1930-я гг. // Спадчына. 2001. №1—2;
Яе ж. Голад 1932—1934 гг. і Беларусь // Там жа. 2004. №1;
Яе ж. Рэпрэсіі супраць нацыянальных меншасцей Беларусі ў міжваенны перыяд // Беларусь у XX стагоддзі. Мн., 2002. Вып. 1;
Гісторыя Беларусі. Ч. 2. Мн., 2002.
І.М.Раманава.
Заворванне былога балота.Віцебская панчошна-трыкатажная фабрыка ў час будаўніцтва.Мокрапрадзільны ватэрны цэх Віцебскай ільнопрадзільнай ф-кі «Дзвіна».Мінскі фармацэўтычны завод.Віцебскі камбінат па вытворчасці алею.Галоўны корпус і рабочы пасёлак Асінаўскай электрастанцыі.Галоўны корпус і сілавая станцыя Магілёўскага гарбарнага завода.Упаковачны цэх Барысаўскай запалкавай фабрыкі.Дыскаванне глебы. Сельгаскамуна імя БВА. Любанскі раён.Фрэзер для глебы. Сельгаскамуна імя БВА. Любанскі раён.Трактарная калона «Інтэрнацыянал».Сыраварня. Калгас «Рассвет». 1930-я г.Мінск. Вуліца Савецкая. 1929.Чытальныя залы Віцебскага латышскага і Мінскага польскага клубаў.Універсітэцкі гарадок у Мінску.Школа фабрычна-заводскага вучнёўства пры Віцебскай ільнопрадзільнай ф-цы «Дзвіна».Сямігадовая школа ў в. Дукора Пухавіцкага раёна.Вырабы керамічнага аддзялення Віцебскага мастацкага тэхнікума.Туберкулёзны санаторый «Сасноўка». Віцебскі раён.Цэнтральная бульбяная станцыя ў Мінску.Клуб у калгасе «Рассвет».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УЗБРОЕНЫЯ СІЛЫ І ВАЙСКОВЫЯ ФАРМІРАВАННІ НА БЕЛАРУСІ Ў 1920—80-я г.
Гісторыя Узбр. Сіл Беларусі цесна звязана з зараджэннем і развіццём Беларускай ваеннай акругі (БВА). Узбр. фарміраванні, створаныя на ўзор Чырвонай гвардыі, з’явіліся на тэр. Беларусі ў сак. 1917. Гэта былі баявыя дружыны рабочых Оршы і рабочая міліцыя Мінска. Да кастр. 1917 у 44 нас. пунктах Беларусі налічвалася больш за 16 тыс. чырвонагвардзейцаў, у пач. 1918 — больш за 20 тыс.чал. Пазней гэтыя атрады былі перафарміраваны ў часці Чырв. Арміі, якія дзейнічалі на Зах. фронце.
Ідэя стварэння вайск. фарміраванняў з ураджэнцаў бел. губерняў узнікла напярэдадні крушэння Рас. імперыі, калі на розных франтах 1-й сусв. вайны з’явіліся т.зв. гурткі бел. ваенных. Адзін з першых такіх гурткоў, які паклаў пачатак бел.ваен. руху, створаны 8.5.1917 у Рызе; напачатку ім кіраваў Бел.нац. камітэт (БНК). Больш масавы і легальны характар рух набыў у жн. 1917, калі Часовы ўрад выдаў спец. дэкрэт, паводле якога дазвалялася пераўтварыць у нацыянальныя тыя адзінкі рас. арміі, дзе большасць складалі прадстаўнікі «нярускіх» нацыянальнасцей. Шырокі размах руху патрабаваў каардынацыі, выпрацоўкі сумеснай праграмы дзеянняў разрозненых арг-цый, стварэння кіруючых цэнтраў. Па ініцыятыве Вялікай беларускай рады (ВБР) у кастр.—снеж. 1917 у арміях, акругах, на франтах адбыліся з’езды воінаў-беларусаў. Пачаткам гэтай кампаніі стаў з’езд Зах. фронту, які адбыўся 18—24.10(31.10—6.11). 1917 у Мінску. На ім таксама прысутнічалі прадстаўнікі 12-й арміі Паўн. фронту, Балтыйскага флоту і Румынскага фронту. З’езд выказаўся за аўтаномію Беларусі ў складзе Рас. рэспублікі, падтрымаў стварэнне бел. краёвай улады ў асобе ВБР. Па асн. пытанні «арганізацыя беларускай арміі» з’езд прыняў рэзалюцыю, у якой адзначалася неабходнасць стварэння бел. арміі. З’езд выпрацаваў канцэпцыю яе арганізацыі, пастанавіў стварыць Цэнтральную беларускую вайсковую раду (ЦБВР), выбраў часовую ЦБВР і яе выканком; прызнаў неабходным стварыць пры ЦБВР рэд., агіт., фін., гасп. і культ.-асв. камісіі, бюро арг-цыі войска; прыняў рэзалюцыю з патрабаваннем міру без анексій і кантрыбуцый, удзелу бел. дэлегацыі на мірнай канферэнцыі. Аналагічныя рашэнні прынялі з’езд Паўн. (ліст., Віцебск), Паўд.-Зах. (снеж., Кіеў), Румынскага (снеж., Адэса) франтоў. Рэзалюцыі франтавых з’ездаў воінаў-беларусаў падтрымалі армейскія (8-й арміі, 3-га Сібірскага арм. корпуса) і акруговыя (Зах.ваен. акругі, Петраградскага гарнізона) з’езды.
На другі дзень пасля Кастр. рэвалюцыі (за 2,5 месяцы да Дэкрэта аб стварэнні РСЧА) у Мінску па ініцыятыве бальшавікоў была сфарміравана першая рэгулярная часць рэв. арміі. У яе склад увайшлі салдаты і унтэр-афіцэры рас. 10-й арміі Зах. фронту, якія за адказ ісці ў наступленне былі арыштаваны і накіраваны ў Мінск на гарнізонную гаўптвахту. Арыштанты кожнай камеры выбралі камандзіраў, якія ўзяліся фарміраваць роты, батальёны, штаб палка. Таму 25.10(7.11).1917, калі Мінскі Савет рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў абвясціў, што бярэ ўладу ў свае рукі, камандзір прапаршчык М.Т.Рэмнеў вывеў калону ў горад і накіраваў яе на Петраградскую (цяпер Ленінградскую) вуліцу, дзе тады знаходзіўся Мінскі Савет. Тут адбыўся мітынг, на якім вырашылі назваць полк «1-м рэвалюцыйным імя Мінскага Савета». Полк папоўніўся добраахвотнікамі з ліку чыгуначнікаў і рабочых-гарбароў, атрымаў зброю і боепрыпасы. У далейшым удзельнічаў ва ўстанаўленні і ўмацаванні сав. улады на Беларусі, Украіне, у грамадз. вайне ў Расіі, вызваленні Мінска ад польскіх акупантаў у 1920, падаўленні Кранштацкага паўстання 1921 і інш.
Пытанне фарміравання рэв. войск упершыню разглядалася ў Мінску на нарадзе Зах. фронту прадстаўнікамі 2-й, 3-й і 10-й армій у снеж. 1917. Паводле прынятай пастановы арганізацыя рэв. часцей ускладвалася на рэўкомы, салдацкія к-ты і мясц. Саветы. Планавалася ствараць рэв. дружыны, атрады, роты, батальёны, палкі і нават дывізіі. У Мінскім гарнізоне аб сваёй прыхільнасці да сав. улады заявілі салдаты і прапаршчыкі 37-га і 289-га пях. палкоў, кав. эскадрон і батарэя зенітных пушак. У 2-й арміі быў створаны сацыяліст. атрад нар. арміі колькасцю больш за 1 тыс.чал. У складзе 3-й арміі створаны 1-я і 2-я дывізіі народна-сацыяліст. гвардыі (па 1 тыс.чал. у кожнай). У выніку дзейнасці бальшавікоў Беларусі і Зах. фронту на іх бок да пач. 1918 перайшло 15 пях. палкоў і 3 артыл. брыгады. Найб. прыток у армію беларусаў і ўраджэнцаў Беларусі адбыўся пасля захопу ням. войскамі Мінска (21.2.1918). Да крас. 1918 у Чырв. Армію зЗах. вобласці ўступілі каля 10 тыс.чал., да канца 1918 з Віцебскай і Магілёўскай абл. — больш за 30 тыс.чал. Былі сфарміраваны 1-ы, 2, 3, 4 і 5-ы чырвонаармейскія палкі імя Віцебскага Савета, Сенненскі нар. полк, 1-ы Мсціслаўскі нар. батальён, 1-ы Рэвалюцыйны полк Аршанскага Савета. Фарміраванні Чырв. Арміі меліся таксама ў Быхаўскім, Чавускім, Чэрыкаўскім і інш. паветах.
Фарміраванне бел.нац.вайск. часцей працягвалася і пасля Кастр.рэв. 1917. Стварэнню рэв.нац.ваен. адзінак садзейнічала тагачасная палітыка цэнтр. бальшавіцкіх органаў. Аднак паміж імі і мясц. бальшавіцкай уладай не было ўзгодненасці і вяліся спрэчкі па пытанні стварэння ваен.бел. фарміраванняў. Цэнтр. органы ў Петраградзе і Стаўцы Вярх. галоўнакамандуючага М.В.Крыленкі дазволілі фарміраванне бел.ваен. адзінак, а Ваен.-рэв.к-тПаўн.-Зах. вобласці і Зах. фронту, старшынёй якога быў А.Ф.Мяснікоў, выступалі супраць. Так, 23.11.1917 Вярх. галоўнакамандуючы выдаў загад, паводле якога дазвалялася стварэнне нац. палкоў, і на наступны дзень нач. штаба Вярх. галоўнакамандуючага М.Дз.Бонч-Бруевіч даў дазвол на стварэнне 1-га пях. Мінскага бел. палка. Аднак галоўнакамандуючы Зах. фронтам Мяснікоў адмяніў загад Крыленкі, і дэкрэтам выканкома СНКЗах. вобласці і Зах. фронту ад 30.1.1918 ЦБВР была ліквідавана. Стварэнне бел.вайск. адзінак найб. актыўна праводзілася ў 1917 — пач. 1918 на Рум. фронце, дзе агульная колькасць вайскоўцаў-беларусаў дасягала больш за 100 тыс.чал. Найбольшай вайск. адзінкай быў 4-ы армейскі корпус, які складаўся пераважна з беларусаў і адным з першых загадам па фронце названы Беларускім (да вайны корпус доўгі час дыслацыраваўся на тэр. Беларусі). Таксама загадам па фронце Таўрагенскі пагран. полк (амаль увесь асабовы склад — беларусы) названы Беларускім гусарскім нацыянальным палком. Рабіліся захады аб перайменаванні інш. часцей і злучэнняў, дзе ў асабовым складзе пераважалі беларусы і ўраджэнцы Беларусі.
28.11.1918 Рэўваенсавет Рэспублікі прыняў пастанову аб стварэнні Мінскай ваен. акругі, а 14.12.1918 загадам РВСЗах. арміі абвешчана аб перайменаванні акругі ў Заходнюю ваен. акругу (Зах.ВА). Кіраўніцтва акругай ажыццяўляў акруговы ваенны камісарыят (размяшчаўся ў Смаленску). Першымі акруговымі камісарамі былі чл. Рэўваенсавета Зах. арміі І.Я.Алібегаў і У.С.Селязнёў, ваен. кіраўніком акругі — Я.З.Барсукоў. Стварэнне акругі спрыяла падрыхтоўцы рэзерву для дзеючай арміі. У сак.—крас. 1919 сталі фарміравацца Ельнінскі, Віцебскі, Рагачоўскі запасныя стралк. палкі, Рослаўскі, Магілёўскі запасныя стралк. батальёны, запасны кав. полк у Барысаве, асобныя запасныя лёгкая і гаўбічная батарэі ў Смаленску. Акруговаму ваен. камісарыяту таксама падпарадкоўваліся каравульныя і рабочыя батальёны, каменданцкія роты, канвойныя каманды, маршавыя фарміраванні, якія ахоўвалі тыл і камунікацыі, выконвалі інш. задачы. Адначасовае існаванне на зах. напрамку франтавога камандавання і акруговага апарата тлумачылася спецыфікай будаўніцтва Чырв. Арміі. Рэўваенсавет Зах. арміі ажыццяўляў ваенна-аператыўнае кіраўніцтва дзеючымі вайск. часцямі, а акруга прыкрывала зах. напрамкі і была для франтавых аб’яднанняў крыніцай папаўнення людскімі і матэрыяльнымі рэсурсамі. Паводле дырэктывы Гал. камандавання Чырв. Арміі ад 12.2.1919 створаны Зах. фронт. Войскі фронту мелі 80 тыс. штыкоў і шабель, часці, што прыкрывалі Літву і Беларусь, складалі 46 тыс.чал. Кіруючыся дырэктывай «Аб аб’яднанні савецкіх сацыялістычных рэспублік Расіі, Украіны, Латвіі, Літвы, Беларусі для барацьбы з сусветным імперыялізмам» ад 1.6.1919, Рэўваенсавет Рэспублікі перафарміраваў арміі Латышскую ў 15-ю, а Беларуска-Літоўскую ў 16-ю. Была наладжана цэнтралізаваная сістэма забеспячэння часцей фронту і акругі, размеркавання матэрыяльных сродкаў і баявых сіл. Да 1.6.1920 фронт папоўнены больш як 40 тыс. байцоў, часці і падраздзяленні атрымалі тэхніку і ўзбраенне. Аб’яднанне мела 91,4 тыс. штыкоў і шабель, 694 гарматы, 29 авіяц. атрадаў (у кожным па 6 самалётаў). Упершыню на Зах. фронце 4.7.1920 праведзена танк. атака на пазіцыі польск. арміі. У баях супраць польскіх войск удзельнічала Заходнядзвінская ваен. флатылія, сфарміраваная ў ліст. 1919.
Пасля заканчэння ваен. дзеянняў у ліст. 1920 Зах.ВА аб’яднана зЗах. фронтам. Адначасова была арганізавана пагран. служба: сфарміравана 1-я пагран. дывізія, 55-я стралк. брыгада пераўтворана ў 2-ю пагран. дывізію. Гэтыя злучэнні былі выведзены са складу фронту і прыступілі да выканання задач па ахове дзярж. граніцы). Дывізіі і палкі ў асн. перайшлі на штаты мірнага часу. У пач. 1923 Рэўваенсавет Рэспублікі вырашыў перавесці 9 палявых дывізій на тэр.-кадравы прынцып камплектавання. Першым тэр. злучэннем Зах. фронту стала 2-я Беларуская дывізія. Зах. фронт адзін з першых у Чырв. Арміі перайшоў на корпусную арганізацыю (у склад стралк. карпусоў уваходзілі 2—3 стралк. дывізіі, артыл. дывізіёны, шэраг падраздзяленняў забеспячэння). У 1924 пачалося фарміраванне кав. карпусоў. Паводле загаду Рэўваенсавета СССР ад 8.4.1924 Зах. фронт пераўтвораны ў Зах.ВА. У кастр. 1924 войскі акругі пераведзены на новыя штаты (у склад дывізіі ўваходзілі 3 стралк. палкі, лёгкі артыл. полк, асобны кав. эскадрон, сапёрная рота, роты сувязі і інш. падраздзяленняў забеспячэння). Колькасць асабовага складу вызначана ў 12,8 тыс.чал. На ўзбраенні меліся 54 гарматы, 189 станковых і 81 ручны кулямёт, 243 гранатамёты. Тэр. прынцып камплектавання і падрыхтоўкі злучэнняў і часцей быў пашыраны на інш. дывізіі і палкі. Для падрыхтоўкі камандных ваен. кадраў у ліст. 1924 створана Беларуская аб’яднаная вайсковая школа імя ЦВКБССР, якая за гады свайго існавання падрыхтавала значную колькасць спецыялістаў, у т. л. вядомых военачальнікаў (І.І.Якубоўскі, В.П.Маргелаў, В.А.Пянькоўскі і інш.). З 1925 штогод праводзіліся палкавыя вучэнні і манеўры. У кастр. 1926 Зах.ВА перайменавана ў БВА. Войскі акругі ўзмоцнены авіяцыяй і зенітнай артылерыяй (у 1928 пачалося фарміраванне 2 авіябрыгад, на базе асобных зенітна-артыл. батарэй і дывізіёнаў створаны полк і 8 зенітна-артыл. асобных дывізіёнаў, узброеных 76-мм мадэрнізаванымі зенітнымі пушкамі). У 1937 у складзе БВА налічвалася 15 стралк. і 7 кав. дывізій і дэсантная брыгада. У 1-й пал. 1930-х г. у акрузе ствараліся аўтабранятанкавыя і механізаваныя войскі. У 1930—33 на ўзбраенне паступілі танкі Т-24, Т-26, БТ, Т-28, танкеткі Т-27. Перааснашчалася вайсковая артылерыя: на ўзбраенне паступілі 122-мм і 152-мм гаўбіцы, 76-мм і 122-мм пушкі, 122-мм пушкі-гаўбіцы і інш. гарматы айч. вытв-сці. Авіяц. злучэнні і часці акругі атрымалі знішчальнікі І-15, І-16, І-153, бамбардзіроўшчыкі СБ, ТБ-3. Развіваліся войскі ППА, удасканальвалася тэхніка войск сувязі, інж. часцей і падраздзяленняў. У сістэме тылавога забеспячэння ствараліся рамонтна-аднаўленчыя батальёны. Працягвалася буд-ва ўмацаваных раёнаў (УР), якія пачалі ствараць у 1928 уздоўж Зах. граніцы СССР, у т. л. 4 на зах. мяжы БССР. У 1935—38 ажыццёўлены пераход ад змешанай тэр.-кадравай сістэмы да кадравага прынцыпу буд-ваУзбр. Сіл. У сувязі з гэтым тэр.стралк. дывізіі БВА пераўтвораны ў кадравыя. БВА была доследнай базай Чырв. Арміі, дзе праходзіла праверку новая арганізац.-штатная структура войск, выпрацоўваліся новыя тактычныя прыёмы і формы баявых дзеянняў. Вял. манеўры 1936 на тэр. Беларусі характарызаваліся выкарыстаннем парашутнага дэсанта (1800 чал.) і дэсанта, высаджанага пасадачным спосабам (5700 чал.). 26.7.1938 БВА перайменавана ў Беларускую асобую ваен. акругу (БАВА).
У вер. 1939 сав. ўрад загадаў Гал. камандаванню Чырв. Арміі ўзяць пад ахову жыццё і маёмасць насельніцтва Зах. Беларусі і Зах. Украіны. З войск БАВА створаны Беларускі фронт, у склад якога ўвайшлі 3-я, 11-я, 10-я, 4-я арміі, конна-механізаваная рухомая група, 23-і асобны стралк. корпус. На Палессі па Прыпяці наступала Дняпроўская ваен. флатылія. На працягу 6 дзён фронт выканаў пастаўленую задачу. 14.11.1939 Бел. фронт зноў перайменаваны ў Беларускую асобую ваенную акругу, а з 11.7.1940 — у Зах. асобую ваен. акругу (Зах. АВА). Удасканальвалася структура войск акругі, пачалося фарміраванне артыл. процітанк. брыгад. Арганізац. мерапрыемствы праводзіліся ў бранятанк. войсках, ВПС, ППА, войсках сувязі і інш. У 1940 пачалося буд-ва новых умацаваных р-наў уздоўж новай зах. граніцы БССР, якая ўсталявалася пасля вер. 1939. Аднак правесці ўсе абарончыя мерапрыемствы да лета 1941 па аб’ектыўных і суб’ектыўных прычынах не паспелі. Таму пачатак баявых дзеянняў супраць войск фаш. Германіі для Зах. АВА склаўся вельмі неспрыяльна.
Зпач.Вял.Айч. вайны Зах. АВА стала наз.Зах. фронтам. Да 30.6.1941 з-за вял. страт у жывой сіле і баявой тэхніцы войскі фронту налічвалі ўсяго 16 дывізій; франтавая авіяцыя мела 150 самалётаў, з іх 52 знішчальнікі. Стаўка Вярх.гал. камандавання перадала фронту 4 рэзервовыя арміі. Вясной 1942 у складзе фронту з’явіліся стралк. і танк. карпусы, у войскі паступілі аўтаматычная стралк. зброя, процітанк. ружжы, цяжкія і сярэднія танкі (КВ і Т-34), новыя гарматы і самалёты (Іл-2, Як-1, Пе-2) і інш. Колькасць войск у параўнанні з 2-й пал. 1941 павялічылася ў 6 разоў. 25.9.1943 войскі Зах. фронту вызвалілі Смаленск, 26 вер.сав. войскі авалодалі Хоцімскам — першым на іх шляху райцэнтрам Беларусі. У крас. 1944 Зах. фронт быў падзелены (яго левае крыло — 33-я і 49-я арміі, а таксама 50-я армія 1-га Бел. фронту — стала наз. 2-м Бел. фронтам 2-га фарміравання), яго правае крыло стала наз. 3-м Бел. фронтам. Да пач. Беларускай аперацыі 1944 войскі бел. франтоў атрымалі значнае папаўненне асабовым складам і падмацаваны ўзбраеннем і ваен. тэхнікай. Пры садзейнічанні бел. партызан яны прымалі ўдзел у вызваленні Беларусі ад ням.-фаш. акупантаў, а таксама вялі баявыя дзеянні ў Прыбалтыцы, Польшчы і Германіі. У Вял.Айч. вайну сотні тысяч беларусаў (у чэрв.—жн. 1941—500 тыс.чал., у жн.—снеж. 1944 — больш за 700 тыс.чал.) былі прызваны ў Чырв. Армію і зрабілі значны ўклад у разгром ням.-фаш. войск. 440 воінаў-беларусаў сталі Героямі Сав. Саюза, 300 тыс. беларусаў і ўраджэнцаў Беларусі ўзнагароджаны ордэнамі і медалямі. Многія афіцэры, генералы і адміралы з Беларусі ў ходзе вайны сталі вядомымі военачальнікамі, у т. л.нач. Генштаба А.І.Антонаў, камандуючымі франтамі Ф.І.Кузняцоў, В.Д.Сакалоўскі, нач. штабоў франтоў У.Р.Вашкевіч, К.А.Каваленка, С.І.Любарскі, Б.А.Пігарэвіч, камандуючымі арміямі М.А.Антанюк, А.Р.Бацюня, В.М.Бібікаў, С.В.Вішнеўскі, А.І.Гасціловіч, П.М.Казлоў, П.П.Корзун, С.А.Красоўскі, А.І.Лапацін, А.І.Лізюкаў, У.М.Марцінкевіч, Ф.І.Перхаровіч, А.В.Петрушэўскі, У.П.Свірыдаў, М.С.Філіпоўскі, У.А.Чыстоў, С.І.Чарняк, В.А.Юшкевіч. Многія камандзіры часцей і злучэнняў (напр., ген. Л.Даватар), шэраг інш. афіцэраў і салдат (напр., М.Гастэла, А.Гаравец, Ф.Смалячкоў) сталі легендарнымі асобамі.
Значны ўклад у перамогу над фаш. Германіяй зрабіла партыз. армія Беларусі (налічвала каля 40 партыз. злучэнняў, каля 200 партыз. брыгад, 1255 партыз. атрадаў, а таксама інш. фарміраванняў з асабовым складам больш за 374 тыс.чал. і каля 400 тыс.чал. скрытых рэзерваў). Партыз. рух і падпольная барацьба на тэр. акупіраванай Беларусі ў гады 2-й сусв. вайны набылі ваен.стратэг. характар і сталі па сутнасці адным з важных франтоў Вял.Айч. вайны. У Беларускай аперацыі 1944 актыўны ўдзел прынялі сотні тысяч партызан і падпольшчыкаў Беларусі (каля 150 тыс.з іх потым улілося ў шэрагі Чырв. Арміі, у т. л. ў гвардз. злучэнні).
Ужо ў кастр. 1943 было сфарміравана ўпраўленне БВА (у Смаленску, са жн. 1944 — у Мінску). У ліп. 1944 у склад БВА уключана таксама тэр.Літ. ССР (у студз.—ліп. 1945 БВАназ. Беларуска-Літоўскай ваен. акругай). У ліп. 1945 яна падзелена на Мінскую і Баранавіцкую ваен. акругі. Да вер. 1945 амаль усе злучэнні, часці, штабы і ўстановы, якія ўвайшлі ў склад акруг, былі перадыслацыраваны на тэр. Беларусі. Упраўленне Мінскай ваен. акругі знаходзілася ў Мінску, Баранавіцкай ваен. акругі — у Бабруйску. У лютым 1946 гэтыя акругі аб’яднаны ў БВА. У 1950-я г. войскі акругі адначасова з паўсядзённай вучобай, нясеннем унутр. і каравульнай службаў асвойвалі новыя ўзоры зброі і баявой тэхнікі. Асабовы склад вучыўся дзеянням ва ўмовах магчымага выкарыстання ядз. зброі, інш. сродкаў барацьбы. Злучэнні акругі атрымлівалі ракетную зброю рознага прызначэння. Удасканальваліся і звычайныя сродкі паражэння: на ўзбраенне паступалі новыя артыл. сістэмы, танкі, самаходна-артыл. ўстаноўкі, процітанкавыя сродкі, бронетранспарцёры, проціпаветраныя зенітныя ракеты ў комплексе з радыётэхнічнай апаратурай, самалёты з дагукавой і звышгукавой скорасцю, удасканальваліся інж. і хім. войскі, сродкі сувязі і разведкі. У 1960-х г. працягвалася ўдасканаленне форм і метадаў кіраўніцтва войскамі на полі бою. Праверкай вывучкі войск і штабоў акругі з’явіліся манеўры «Дняпро» (1967), «Нёман» (1968), «Дзвіна» (1970), «Вясна — 75». У гэты перыяд войскамі акругі камандаваў І.М.Траццяк, пад кіраўніцтвам якога ў войсках адбывалася сапраўдная тэхн. рэвалюцыя; асабліва паскоранымі тэмпамі будаваліся паркі часцей і злучэнняў, абсталёўваліся запасныя раёны, вучэбныя цэнтры, бранядромы, танкадромы, аўтадромы і многае інш. У 1968 за ўклад у справу ўмацавання абароннай магутнасці СССР і яго ўзброенай абароны, поспехі ў баявой і палітычнай падрыхтоўцы і ў сувязі з 50-годдзем Сав. Арміі і ВМФБВА узнагароджана ордэнам Чырвонага Сцяга. Войскі акругі працягвалі ўдасканальваць наступальныя і абарончыя дзеянні як ва ўмовах магчымага выкарыстання зброі масавага знішчэння, так і ў аперацыях з выкарыстаннем звычайнай зброі. Універсальнасць такога падыходу да навучання і выхавання войск пацвердзілі вучэнні «Бярэзіна» (1978), «Захад-81» і інш. У канцы 1980-х г. войскі БВА лічыліся адным з самых аснашчаных у ваен. адносінах аб’яднаннем. Толькі групоўка стратэг. сіл уключала 180 злучэнняў і ўстаноў (каля 40 тыс.чал.), тут знаходзіўся 81 носьбіт зядз. зарадамі. На ўзбраенні злучэнняў і часцей была самая сучасная зброя і тэхніка, якія мела на той перыяд Сав. Армія (танкі Т-72, баявыя машыны пяхоты БМП-2, бронетранспарцёры БТР-80, самалёты МіГ-29, Су-24, Су-25, Су-27, баявыя верталёты Мі-24). У 1985—91 (у час перабудовы) войскі акругі практычна не мянялі колькасць і структуру. На практыцы гэты курс выявіўся ў прыняцці абарончай ваен. дактрыны СССР: мець Узбр. Сілы меншага складу, каб забяспечыць эканомію сіл і сродкаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФІЗІКА-ГЕАГРАФІЧНАЕ РАЯНАВАННЕ
Сучаснае фізіка-геаграфічнае раянаванне Беларусі адпавядае адзінай еўрапейскай дзесятковай сістэме фізіка-геаграфічнага раянавання сушы. Тэр. Беларусі ўваходзіць у краіну Усх.-Еўрапейскай раўніны і ў Еўрапейскую вобласць мяшаных лясоў; падзяляецца на 5 правінцый, 14 акруг, 49 раёнаў (паводле раянавання Н.К.Кліцуновай, Г.І.Марцінкевіч, І.І.Пірожніка, І.І.Шчаснай, В.П.Якушкі, 2001). Правінцыі вылучаны паводле араграфічных ступеней, якія адлюстроўваюць розны генезіс рэльефу, асаблівасці клімату, глебава-расліннага покрыва, накіраванасць фізіка-геаграфічных працэсаў.
Паазерская правінцыя размешчана на Пн краіны, у зоне сучлянення буйных тэктанічных структур: Латвійскай седлавіны, Беларускай антэклізы, Аршанскай упадзіны, на Пд яна заканчваецца мяжой паазерскага ледавіка, займае 18,7% тэр. Беларусі. Даантрапагенавыя адклады прадстаўлены пародамі дэвону, мелу, сілуру і ардовіку. Магутнасць антрапагенавых утварэнняў каля 100, месцамі 250—290 м.
Паверхня паступова паніжаецца да Полацкай азёрна-ледавіковай нізіны, акаймаванай краявымі марэннымі ўзвышшамі: Браслаўскім, Асвейскім, Гарадоцкім, Віцебскім, Аршанскім, Ушацка-Лепельскім, Свянцянскім, паміж якімі размяшчаюцца марэнныя раўніны (Чашніцкая і інш.). Абсалютныя вышыні ад 102 (урэз р.Зах. Дзвіна) да 130—160 на нізінах і раўнінах і 170—200 і да 295 м на ўзвышшах. Паазерскія краявыя ўтварэнні складзены з валунных суглінкаў, супескаў, пяскоў, жвірова-галечных матэрыялаў, з гляцыядыслакацыямі і адорвенямі. У межах узвышшаў сустракаюцца озавыя грады, лімнакамы, камавыя палі. Нізіны азёрна-ледавіковага паходжання (Полацкая, Суражская, Лучоская) утвораны асадкамі прыледавіковых вадаёмаў — пясчанымі, гліністымі, у т. л. стужачнымі глінамі. Рэльеф характарызуецца маладосцю і непапсаванасцю форм, наяўнасцю мноства азёр. У некаторых раёнах (Браслаўскі, Ушацкі, Мядзельскі) азёры займаюць да 10% плошчы. У будове рачных далін праяўляецца глыбокі ўрэз, дакладны выгляд у плане, наяўнасць парогаў, скразных участкаў і эразійных тэрас.
Клімат умерана цёплы вільготны, больш халаднаваты ў параўнанні зінш. правінцыямі. Сярэдняя тэмпература студзеня ад -5 да -8 °C, ліпеня 17,5—18 °C. Вегетацыйны перыяд 180—190 сут, сума актыўных тэмператур паветра вышэй за 10 °C складае 2000—2200 °. Ападкаў 600—750 мм за год. Структура глеб вызначаецца разнастайнасцю і драбнаконтурнасцю. Пераважаюць дзярнова-падзолістыя глебы, менш пашыраны дзярнова-падзолістыя забалочаныя; на долю тарфяна-балотных глеб прыпадае каля 11% плошчы. Зрэдку сустракаюцца дзярновыя забалочаныя, дзярнова-карбанатныя і алювіяльныя глебы. Больш за 60% плошчы займаюць с.-г. ўгоддзі з перавагай ворыва. З натуральнай расліннасці лясы да 33%, пераважаюць хваёвыя (58%) і драбналістыя вытворныя (19%) фармацыі; пашыраны яловыя і шыракаліста-яловыя лясы, зрэдку сустракаюцца дубровы. Драбналістыя карэнныя лясы складаюць 8,5%. Сярод балот пераважаюць вярховыя, сярод лугоў — сухадольныя. Для Паазер’я найбольш тыповымі ландшафтамі з’яўляюцца сярэдневышынныя і нізінныя, радзей узвышаныя. Своеасаблівасць ландшафтнай структуры вызначаюць азёрна-ледавіковыя, марэнна-азёрныя і ўзгоркава-марэнна-азёрныя ландшафты, якія займаюць каля 70% тэрыторыі.
Заходне-Беларуская правінцыя цягнецца ад зах. мяжы Беларусі на ПнУ, выкліньваецца ў раёне гарадоў Лепель і Новалукомль. Займае 20,4% тэр. краіны. Прымеркавана да Беларускай антэклізы і Аршанскай упадзіны. Фундамент перакрыты асадкавымі пародамі дэвону, мелу, палеагену, неагену. Для антрапагенавай тоўшчы магутнасцю 100—180 м (зрэдку 300 м) характэрны марэнныя адклады — супясчаныя, сугліністыя, пясчана-жвірова-галечныя. Сучасны рэльеф правінцыі сфарміраваны сожскім ледавіком, пазней моцна перапрацаваны і зменены эразійна-дэнудацыйнымі працэсамі. Цэнтр. частку правінцыі займае Беларуская града, якая складаецца з узвышшаў (Мінскага, Ашмянскага, Навагрудскага, Ваўкавыскага, Гродзенскага). Пераважаюць вышыні 180—300 м. Тут знаходзяцца найвышэйшыя пункты Беларусі — горы Дзяржынская (345 м), Лысая (342 м), Маяк (335 м). У межах Беларускай грады вылучаюць 3 ярусы рэльефу. Верхні (больш за 260 м) з буйнаўзгорыстым рэльефам пераважна складзены з град. Другі ярус (220—260 м) прадстаўлены сярэдне- і дробнаўзгорыстым рэльефам, марэна часта перакрыта лёсападобнымі пародамі. У рэльефе наступнай ступені (да 200 м) пераважаюць зандравыя раўніны дзюнна-ўзгорыстай формы, складзеныя з водна-ледавіковых пяскоў. Для Беларускай грады характэрна густая сетка яроў і лагчын. На Пд правінцыі працягваецца дэнудаваная марэнная Капыльская града (180—200 м) з хвалістай, месцамі дробнаўзгорыстай паверхняй. Паміж Ашмянскім і Мінскім узвышшамі размешчана Вілейская нізіна (160—180 м), на крайнім 3 — Нёманская нізіна (100—160 м). Тут жа знаходзіцца самы нізкі пункт краіны з вышынёй каля 85 м. Узвышшы і нізіны раздзелены Лідскай і Стаўбцоўскай марэннымі раўнінамі (150—180 м). Клімат правінцыі цёплы, умерана вільготны. Сярэдняя тэмпература студзеня ад -4,9° да -7,2 °C, ліпеня 17°—18 °C. Сума тэмператур вышэй за 10 °C складае 2000—2300°, працягласць вегетацыйнага перыяду 180—200 сут. Ападкаў выпадае 600—700 мм за год (на Навагрудскім узвышшы больш за 750 мм). У межах правінцыі пралягае водападзел Чорнага і Балтыйскага мораў.
Найб. тыповыя для рэгіёна дзярнова-падзолістыя (74%) і дзярнова-палева-падзолістыя глебы на лёсападобных суглінках. Дзярнова-падзолістыя забалочаныя глебы займаюць толькі 6%. У далінах рэк тыповыя поймавыя дзярновыя забалочаныя і тарфяна-балотныя, у катлавінах — тарфяна-балотныя глебы нізіннага тыпу. Лясістасць каля 30%. У складзе лясоў хвойнікі (58%), вытворныя драбналістыя фармацыі (19,5%), яловыя і шыракаліста-хваёвыя (13,5%). Каля 3% тэрыторыі займаюць лугі, 6% — балоты. Для правінцыі характэрна складаная ландшафтная структура з перавагай узвышаных (узгорыста-марэнна-эразійных, камава-марэнных) і сярэдневышынных (другасна-марэнных, водна-ледавіковых) ландшафтаў.
Перадпалеская правінцыя распасціраецца вузкай, крыху пашыранай у цэнтры паласой ад зах. да ўсх. мяжы краіны і займае 22% тэрыторыі. Прымеркавана да паўд. часткі Беларускай антэклізы, Аршанскай упадзіны, Жлобінскай седлавіны і Варонежскай антэклізы. Асадкавыя пароды — дэвонскія, мелавыя, палеагенавыя і неагенавыя, перакрытыя адкладамі антрапагену. Антрапагенавая тоўшча (40—80 м) складзена з водна-ледавіковых і марэнных утварэнняў. Сучасны рэльеф утвораны пераважна сожскім ледавіком, у далейшым значна перапрацаваны і зменены эразійна-дэнудацыйнымі працэсамі. Характэрна выраўнаваная паверхня з абсалютнымі вышынямі 150—180 м. Большая частка правінцыі занята Цэнтральнабярэзінскай водна-ледавіковай раўнінай, якая паступова паніжаецца ў бок Пд. Яна складзена з водна-ледавіковых адкладаў з выступамі асноўнай марэны. На З і ПдЗ раўніны трапляюцца кароткія дэнудаваныя (180—190 м) марэнныя грады — Салігорская і Любанская. На З ляжаць Баранавіцкая (160—180 м) і Прыбугская (170—200 м) раўніны, на У — Чачэрская раўніна (150—180 м). Тыповымі з’яўляюцца дзюнна-ўзгорыстыя формы, суфазійныя западзіны, лагчыны сцёку з азёрападобнымі пашырэннямі; сустракаюцца яры і лагчыны. Рачныя даліны, выцягнутыя зПн на Пд, урэзаныя на глыбіню 15—25 м, даволі шырокія. Самая глыбокая даліна р. Дняпро.
Клімат цёплы, умерана вільготны і няўстойліва вільготны. Сярэдняя тэмпература студзеня ад -5 °C да -6,8 °C, ліпеня 18—18,5 °C. Сума тэмператур вышэй за 10 °C складае 2200—2400 °, вегетацыйны перыяд — 185—200 сут. Ападкаў выпадае ў сярэднім 600—700 мм. Рэкі правінцыі звязаны ў асноўным з сістэмай р. Дняпро і яго прытокаў. Шмат вадасховішчаў, найбольшыя — Любанскае, Чыгірынскае, Асіповіцкае, Салігорскае.
Пераважаюць дзярнова-падзолістыя глебы, якія займаюць каля пал. тэрыторыі. На долю дзярнова-падзолістых забалочаных глеб прыпадае 20%, тарфяна-балотных — 13%, алювіяльных — 11%. С.-г. ўгоддзі ў асн.пад ворывам (больш за 50%). Лясістасць каля 40%. Лясы хваёвыя (64%), драбналістыя — карэнныя (12%) і вытворныя (10%), шыракаліста-хваёвыя (9%). Доля лугоў і адкрытых балот не перавышае 10%. Для правінцыі тыповыя сярэдневышынныя (водна-ледавіковыя і марэнна-зандравыя) і нізінныя (азёрна-балотныя) ландшафты.
Усходне-Беларуская правінцыя прымеркавана да крайняга ўсходу краіны і працягваецца ад мяжы Беларусі з Расіяй на З да лініі Талачын — Быхаў. Займае каля 11%тэр. краіны. Прымеркавана да Аршанскай упадзіны і Варонежскай антэклізы. У даантрапагенавых адкладах пароды мелу, радзей — дэвону і юры. Магутнасць антрапагенавых утварэнняў ад 50 да 100 м, на У менш за 50 м. Пашыраны марэнныя, сустракаюцца і флювіягляцыяльныя адклады сожскага зледзянення; покрыўныя адклады складзены з лёсаў і лёсападобных суглінкаў. Большая частка правінцыі занята Аршанска-Магілёўскай раўнінай з абсалютнымі вышынямі 150—200 м. Паверхня ўскладнена моцна дэнудаванымі марэннымі градамі, суфазійнымі западзінамі, ярамі, у месцах блізкага залягання карэнных парод — карставымі лейкамі. На крайняй Пн размешчана Аршанскае ўзвышша, якое змыкаецца на ПнУз адгор’ямі Смаленска-Маскоўскага ўзвышша. Тут самыя высокія адзнакі (200—236 м) над узроўнем мора.
Клімат цёплы ўмерана вільготны, больш кантынентальны ў параўнанні зінш. рэгіёнамі. Сярэдняя тэмпература студзеня ад -7,5 да -8,2 °C, ліпеня 17,8—18,5 °C. Вегетацыйны перыяд 183—187 сут, сума актыўных тэмператур паветра вышэй за 10 °C — 2200—2400 °. Ападкаў выпадае 600—650 мм. Найбольшыя рэкі (Дняпро, Сож) цякуць у глыбока ўрэзаных (да 30, месцамі да 50 м) распрацаваных далінах з асіметрычнымі схіламі. Рачныя тэрасы найб. выразныя ў даліне Дняпра.
У структуры глебавага покрыва пераважаюць дзярнова-падзолістыя глебы (57%). Доля дзярнова-падзолістых забалочаных глеб складае 20%, алювіяльных — 10%, тарфяна-балотных — 7%. Каля 2/3 плошчы ўсіх глеб правінцыі займаюць с.-г. ўгоддзі з перавагай ворыва. На глебы с.-г. угоддзяў уздзейнічае водная эрозія. Характэрная асаблівасць расліннага покрыва рэгіёна — нізкая лясістасць (25%). Лясы пашыраны невялікімі масівамі плошчай 10—15 км². Адзначаецца нізкая доля хваёвых насаджэнняў (35,5%) і высокая — шыракаліста-хваёвых (26,5%), доля вытворных драбналістых лясоў 19%. Удзельная вага карэнных драбналістых лясоў самая нізкая (3,5%) у параўнанні з астатнімі правінцыямі. У ландшафтнай будове правінцыі пераважаюць сярэдневышынныя (другасна-марэнныя) і ўзвышаныя (лёсавыя) ландшафты, якія займаюць каля 70% тэрыторыі.
Палеская правінцыя ахоплівае паўд. частку краіны і займае каля 28% плошчы Беларусі. У тэктанічных адносінах прымеркавана да Прыпяцкага прагіну з глыбінёй апускання крышталічнага фундаменту ад 1000 да 6000 м, да Палескай седлавіны і Падляска-Брэсцкай упадзіны, дзе фундамент залягае на глыбіні 250—500 і 500—1000 м адпаведна. У даантрапагенавых адкладах пароды палеагену і неагену, радзей — мелу. Магутнасць антрапагенавых утварэнняў ад 50 да 100, на Пд і У менш за 50 м. Пашыраны флювіягляцыяльныя, алювіяльныя, азёрна-алювіяльныя пяскі і супескі, месцамі марэнныя і балотныя адклады.
Паверхня Палесся — плоскаўвагнутая са слабым нахілам на ПдУ пясчаная нізіна з высокім узроўнем грунтавых вод. Цэнтральную найб. паніжаную частку тэрыторыі (105—140 м) уздоўж Прыпяці і Дняпра займаюць Палеская і Прыдняпроўская нізіны з пласкахвалістым і плоскім рэльефам, ускладненым дзюнна-ўзгорыстымі формамі, лагчынамі сцёку, затарфаванымі катлавінамі. ЗЗ і У да іх далучаюцца хвалістыя водна-ледавіковыя, месцамі марэнныя раўніны — Прыбугская, Загароддзе, Церахоўская і Хойніцка-Брагінская (140—150 м). Тут жа трапляюцца дэнудаваныя марэнныя грады — Лагішынская. Вятчынска-Чалюшчавіцкая, Камянецкая з дробнаўзгорыстым рэльефам (160—170 м). Сярэднеўзгорыста-градавы канцова-марэнны рэльеф прадстаўлены Мазырскай градой (221 м) і Юравіцкім (170 м) узвышшам.
Клімат цёплы, няўстойліва вільготны, больш мяккі ў параўнанні зінш. рэгіёнамі краіны. Сярэдняя тэмпература студзеня ад -4 да -7 °C, ліпеня ад 18,5 да 19 °C. Вегетацыйны перыяд 193—208 сут. Сума актыўных тэмператур паветра вышэй за 10 °C складае 2400 °. Гадавая колькасць ападкаў вагаецца ад 500 да 650 мм, што набліжае клімат правінцыі да лесастэпавага. Большая частка тэрыторыі дрэніруецца р. Прыпяць і яе шматлікімі прытокамі. Вярхоўі рэк розных басейнаў злучаны каналамі — Дняпроўска-Бугскім, Дняпроўска-Нёманскім (Агінскім). У выніку асушэння забалочаных зямель створана густая сетка меліярацыйных каналаў і канаў, а таксама невялікіх вадасховішчаў. У поймах рэк шмат дробных азёр.
Пашыраны забалочаныя глебы, сярод якіх пераважаюць дзярнова-падзолістыя забалочаныя (28%) і тарфяна-балотныя (17%). Значная частка тарфяна-балотных глеб асушана. У поймах рэк вялікая доля поймавых (алювіяльных) глеб (17%). Зрэдку сустракаюцца дзярновыя забалочаныя і дзярновыя карбанатныя забалочаныя глебы. Занальныя дзярнова-падзолістыя глебы займаюць 34% тэрыторыі. На долю с.-г. угоддзяў з перавагай раллі прыпадае каля 46% плошчы. Правінцыя характарызуецца высокай лясістасцю (каля 40%). У структуры лясоў дамінуюць хваёвыя (54%), у т. л. шыракаліста-хваёвыя, характэрныя для Палесся, і драбналістыя карэнныя (22%) фармацыі. Сярод іншых вылучаюцца дубровы, сярод якіх унікальныя поймавыя дубровы. Лугі займаюць каля 8% тэрыторыі, столькі ж прыпадае на долю адкрытых балот. Найбуйнейшыя з іх — Выганашчанскае, Вялікі Лес, Хольча, Грычын і інш. Асушаныя балоты выкарыстоўваюцца для вырошчвання шматгадовых траў, часткова — збожжавых культур, здабычы торфу. У правінцыі пашыраны палескія (суббарэальныя) ландшафты з перавагай нізінных — азёрна-алювіяльных, алювіяльных тэрасаваных, азёрна-балотных. На іх долю прыпадае да 60% плошчы рэгіёна. Радзей трапляюцца сярэдневышынныя марэнна-зандравыя і водна-ледавіковыя ландшафты.
Літ.:
Теоретические проблемы и результаты комплексного географического районирования территории Беларуси // Выбр.навук. працы БДУ. Мн., 2001. Т. 7.
Г.І.Марцінкевіч.
На Браслаўскай градзе.Узгорыста-марэнна-азёрны ландшафту Нешчарда-Гарадоцкім фізіка-геаграфічным раёне.Азёрна-ледавіковы ландшафт у Полацкім фізіка-геаграфічным раёне.Азёрна-балотны ландшафт у Полацкім фізіка-геаграфічным раёне Пераходнае балота ў Расонскім раёне.Узгорыста-марэнна-эразійны ландшафт у Мінскім фізіка-геаграфічным раёне.Водна-ледавіковы ландшафт у Вілейскім раёне.Азёрна-балотны ландшафт у Аршанска-Магілёўскім фізіка-геаграфічным раёне. Вярховае хваёва-сфагнавае балота ў заказніку Астравы Дулебы (Бялыніцкі раён).Азёрна-балотны ландшафт у Сярэдняпрыпяцкім фізіка-геаграфічным раёне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СПЕКТРАСКАПІЯ І ЛЮМІНЕСЦЭНЦЫЯ
Даследаванні ў галіне спектраскапіі і люмінесцэнцыі на Беларусі пачалі інтэнсіўна развівацца ў пач. 1950-х г. у АН Беларусі і БДУ па ініцыятыве А.Н.Сеўчанкі і Б.І.Сцяпанава. У наш час даследаванні вядуцца ў ін-тах фізікі, малекулярнай і атамнай фізікі, электронікі, фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў, агульнай і неарганічнай хіміі, фотабіялогіі Нац.АН Беларусі; на кафедрах і ў НДІ прыкладных фізічных праблем БДУ, Гродзенскім і Гомельскім ун-тах. У гэтай галіне фізікі сфарміраваліся вядомыя навук. школы М.А.Барысевіча, М.А.Ельяшэвіча, А.Н.Сеўчанкі і Б.І.Сцяпанава. Многія вынікі, дасягнутыя ў галіне спектраскапіі і люмінесцэнцыі ў 1950-я г., сталі асновай хуткага развіцця на Беларусі лазернай фізікі.
У галіне малекулярнай спектраскапіі М.А.Барысевічам і яго вучнямі (А.П.Блахін, В.У.Грузінскі, Г.А.Залеская, У.А.Павядайла, Г.Б.Талстарожаў, В.А.Таўкачоў, С.А.Ціхаміраў і інш.) устаноўлены заканамернасці фарміравання спектральна-люмінесцэнтных характарыстык малекул у газавай фазе і працякання працэсаў унутры- і міжмалекулярных узаемадзеянняў, суадносіны паміж спектрамі люмінесцэнцыі і паглынання, квантавым выхадам і працягласцю люмінесцэнцыі; распрацаваны метады вызначэння фотафізічных і тэмпературных характарыстык узбуджаных станаў малекулярных асяроддзяў; адкрыта з’ява стабілізацыі-лабілізацыі электронна-ўзбуджаных шмататамных малекул; атрыманы важныя звесткі аб кінетыцы звышхуткіх рэлаксацыйных працэсаў у газавай і кандэнсаванай фазах, а таксама ва ўмовах струменнага ахаладжэння і інш.
Б.І.Сцяпанавым і яго вучнямі (П.А.Апанасевіч, В.П.Грыбкоўскі, А.П.Казачэнка, А.С.Рубанаў, А.М.Рубінаў, А.М.Самсон і інш.) развіты эфектыўныя метады разліку і прааналізавана структура спектраў паглынання і люмінесцэнцыі малекулярных асяроддзяў з улікам вымушанага выпрамянення і цеплавога фону; дадзена фізічна абгрунтаваная класіфікацыя другаснага выпрамянення; устаноўлены універсальныя суадносіны паміж спектрамі паглынання і люмінесцэнцыі (універсальныя суадносіны Сцяпанава); развіта спектраскапія адмоўных светлавых патокаў, выяўлены заканамернасці дзеяння магутнага выпрамянення на спектральныя характарыстыкі асяроддзяў.
Пад кіраўніцтвам А.Н.Сеўчанкі выкананы даследаванні па спектраскапіі уранілавых (Л.В.Валадзько, А.І.Камяк, Дз.С.Умрэйка і інш.) і рэдказямельных (В.В.Кузняцова, Г.Я.Малашкевіч, В.С.Хаменка) злучэнняў у крышталях і растворах; устаноўлена сувязь спектральна-люмінесцэнтных уласцівасцей са структурай гэтых злучэнняў і створаны асновы спектральна-структурнага аналізу каардынацыйных злучэнняў цяжкіх металаў; распрацаваны антыстоксавы візуалізатары інфрачырвонага выпрамянення. Вяліся даследаванні па палярызаваным узбуджэнні люмінесцэнцыі, у т. л. двухфатонным узбуджэнні (В.А.Гайсёнак, А.М.Саржэўскі і інш.). Выкананы цыкл работ па даследаванні спектральнымі метадамі флуктуацый мікраструктуры і фотафізікі раствораў складаных арганічных злучэнняў (Б.А.
А.Н.Сеўчанкам і Ц.М.Годневым закладзены асновы даследаванняў па фатоніцы біялагічна важных злучэнняў тыпу хларафілу, гему і іх аналагаў (парфірынаў і металапарфірынаў). Устаноўлены шляхі перадачы паглынутай светлавой энергіі, сувязі спектраскапічных уласцівасцей з малекулярнай структурай і асаблівасці фотахімічных і цемнавых пераўтварэнняў; выяўлена і вывучана з’ява «выпальвання» спектральных правалаў (Г.П.Гурыновіч, Б.М.Джагараў, К.М.Салаўёў, М.П.Цвірка). М.А.Ельяшэвіч стымуляваў выкарыстанне метадаў радыёспектраскапіі і разам з вучнямі (Б.І.Бяляеў, Л.І.Грачыхін, Л.І.Кісялеўскі, Л.Я.Мінько, У.Я.Плюта, В.М.Снапко, У.Дз.Шымановіч і інш.) развіў спектральныя метады даследавання плазмы і дыягностыкі зямных аб’ектаў з касмічных апаратаў. Атрыманы важныя вынікі па люмінесцэнцыі бялкоў і яе выкарыстанні ў навук. даследаваннях і практыцы (І.Дз.Валатоўскі, С.В.Конеў, У.М.Мажуль, Л.Р.Пікулік, К.І.Слабажаніна, Я.А.Чарніцкі). Работы па інфрачырвонай спектраскапіі цэлюлозы, пачатыя ў канцы 1950-х І.М.Ярмоленкам, перараслі ў інтэнсіўныя даследаванні вагальных спектраў вугляводаў (мона-, ды- і поліцукрыдаў) з мэтай устанаўлення структуры і ўласцівасцей рэчываў гэтага класа (Р.Г.Жбанкоў). Метадамі спектраскапіі камбінацыйнага рассеяння, у асаблівасці гіганцкага, вывучаецца будова біялагічна актыўных рэчываў, у т. л. лекавых прэпаратаў (Г.А.Гачко, С.А.Маскевіч і інш.). На аснове спектраскапічных метадаў распрацаваны фотарэфрактыўныя і вадкія крышталі (ВК) для аптычных сістэм апрацоўкі інфармацыі (А.А.Кавалёў, У.А.Піліповіч і інш.); вывучаюцца міжмалекулярныя ўзаемадзеянні ў ВК і распрацоўваюцца ВК-матэрыялы для электрааптычных устройстваў (А.А.Мінько і інш.). Праведзена вялікая праца па ўкараненні метадаў атамнага спектральнага аналізу ў заводскіх лабараторыях (У.С.Буракоў, А.А.Янкоўскі). Вынікі даследаванняў па спектраскапіі і люмінесцэнцыі значна ўплываюць на развіццё хіміі, геахіміі, біяхіміі, экалогіі, распрацоўку вытворчых тэхналагічных працэсаў. Для правядзення даследаванняў і аналізаў метадамі спектраскапіі і люмінесцэнцыі створаны цэнтры калектыўнага карыстання высакаякасным абсталяваннем: Аддзел аўтаматызаваных спектраскапічных вымярэнняў у Ін-це малекулярнай і атамнай фізікі, Цэнтр крыягенных даследаванняў у Ін-це фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў і Аддзел фізіка-хімічных метадаў даследаванняў у Ін-це фізіка-арганічнай хіміі Нац.АН Беларусі. З 1964 выдаецца міжнар. часопіс «Журнал прикладной спектроскопии». Дасягненні бел. вучоных у галіне спектраскапіі і люмінесцэнцыі адзначаны Ленінскай прэміяй (М.А.Барысевіч, В.У.Грузінскі, В.А.Таўкачоў), 2 Дзяржаўнымі прэміямі СССР (А.А.Кавалёў, У.А.Піліповіч, К.М.Салаўёў), 4 Дзярж. прэміямі Беларусі (М.А.Барысевіч, А.П.Блахін, Б.А.Бушук, І.Дз.Валатоўскі, Я.С.Варапай, В.А.Гайсёнак, І.М.Гуліс, Г.П.Гурыновіч, С.В.Конеў, У.М.Мажуль, У.А.Павядайла, Л.Р.Пікулік, А.М.Рубінаў, К.М.Салаўёў, К.І.Слабажаніна, В.А.Таўкачоў, У.І.Томін, Я.А.Чарніцкі).
Літ.:
Степанов Б.И. Люминесценция сложных молекул. Мн., 1955;
Бураков В.С., Янковский А.А. Практическое руководство по спектральному анализу. Мн., 1960;
Ельяшевич М.А. Атомная и молекулярная спектроскопия. М., 1962;
Степанов Б.И., Грибковский В.П. Введение в теорию люминесценции Мн., 1963;
Жбанков Р.Г. Инфракрасные спектры целлюлозы и ее производных. Мн., 1964;
Борисевич Н.А. Возбужденные состояния сложных молекул в газовой фазе. Мн., 1967;
Кузьмицкий В.А., Соловьев К.Н., Цвирко М.П. Спектроскопия и квантовая химия порфиринов // Порфирины: спектроскопия, электрохимия, применение. М., 1987;
Воропай Е.С., Торпачев П.А. Техника фотометрии высокого амплитудного разрешения Мн., 1988;
Панов В.П., Жбанков Р.Г. Внутри- и межмолекулярные взаимодействия в углеводах. Мн., 1988;
Черницкий Е.А., Слобожанина Е.И. Спектральный люминесцентный анализ в медицине. Мн., 1989;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖАНР [франц. genre ад лац. genus (generis) род, від],
у большасці відаў мастацтва ўнутранае падраздзяленне, якое склалася гістарычна; тып устойлівай структуры маст. твора, спосаб яго змястоўнай і кампазіцыйнай арганізацыі. Жанравая дыферэнцыяцыя залежыць ад спецыфікі відаў мастацтва. Асновай развіцця Ж. з’яўляецца складаны характар рэчаіснасці, патрэбнасць у адэкватным вобразным адлюстраванні пэўных тыпаў жыццёвых сувязей і адносін. Паэтыка кожнага Ж. заключаецца ў выбары маст. формул, спецыфіка якіх складае жанравы стыль. Ж. семантычна і марфалагічна арганізуе ўсе элементы вобразнай структуры, ён нараджаецца патрэбамі зместу і ў сваю чаргу ўплывае на знешнюю форму з дапамогай характэрных толькі для яго сродкаў выразнасці. Наяўнасць адносна ўстойлівых фармальных прыкмет, спецыфічнай мовы дазваляе аднесці Ж. да катэгорыі маст. формы, якая, аднак, не мае самастойнага эстэт. сэнсу і не з’яўляецца назаўжды зададзенай і завершанай. Усе структурныя элементы Ж. выступаюць носьбітамі актыўнай пазіцыі аўтара і абумоўлены яго светапоглядам, творчай манерай, метадам і інш. Незалежна ад уласцівых кожнаму віду мастацтва спецыфічных прынцыпаў падзелу на Ж. існуюць і агульныя канцэпцыі жанравай дыферэнцыяцыі: паводле прадмета характару адлюстравання, інфармацыйнай і пазнавальнай ёмістасці, спосабу пабудовы маст. вобраза і інш.
Тэрмін «Ж.» і жанравая класіфікацыя ўзніклі ў франц. эстэтыцы класіцызму ў 17—18 ст., але з 19 ст. страцілі строгія межы падзелаў і гал. ролю ў іерархічнай сістэме мастацтваў; нягледзячы на відавочную гістарычнасць паняцця Ж., у практыцы мастацтвазнаўства яго ўжываюць да ўсіх перыядаў гісторыі сусв. мастацтва, што тлумачыцца зручнасцю падзелу твораў паводле тэматыкі адлюстравання. У пластычных відах мастацтваў, дзе немагчыма вылучыць прадмет выявы (архітэктура, дэкар.-прыкладное мастацтва і інш.), жанравая класіфікацыя не прынята.
У выяўленчым мастацтве асн. прыкметы Ж. найперш вызначаюцца паводле прадмета выявы (пейзаж, партрэт, бытавы жанр, гістарычны жанр, батальны жанр, нацюрморт і інш.). Наступная больш дробная жанравая дыферэнцыяцыя абумоўлена зліццём у маст. творчасці пазнавальных, вобразна-мастацкіх, ідэйна-ацэначных элементаў і наяўнасцю ў кожнага твора вызначанага функцыян. прызначэння. Так, у залежнасці ад ідэйна-ацэначнай пазіцыі мастака партрэт можа быць у форме шаржу ці карыкатуры, а ў залежнасці ад прызначэння — парадным, камерным, інтымным і інш. Новыя «паджанры» ўзнікаюць і пры падзеле на больш дробныя з’явы прадметаў выявы (марына — асобны від пейзажа, «галантны жанр» — адзін з відаў бытавога Ж. і інш.). Развіццё і эвалюцыя Ж. ў выяўл. мастацтве Беларусі абумоўлены асаблівасцямі яе гіст. развіцця (гл. ў арт.Жывапіс, Графіка, Скульптура і пра адпаведныя Ж.). У жывапісе 16—18 ст. пераважаў Ж. параднага (т. зв. сармацкага) партрэта (партрэт Крыштофа Весялоўскага, 1636, і інш.). Пейзажны Ж. у графіцы ўзнік у пач. 16 ст. (гравюра «Руф у полі», 1517—19, з Бібліі Ф.Скарыны), у жывапісе склаўся ў канцы 18 — пач. 19 ст. («Зарослая сажалка» А.Гараўскага, 1857). З 19 ст. назіраецца спалучэнне Ж. («Партрэт жонкі з нацюрмортам» І.Хруцкага, да 1836), у 20 ст. — іх сінтэз (трыпціх «Незабыўнае» К.Касмачова, «Партызанская мадонна» М.Савіцкага, «Размова аб вечнасці. Скарына і Парацэльс» А.Марачкіна і інш.).
У літаратурыпад Ж. разумеюць устойлівыя разнавіднасці твораў, што склаліся ў працэсе яе гіст. развіцця. Нярэдка ў гэтым значэнні ўжываецца паняцце від літаратурны. У аснове кожнага Ж. ляжыць пэўны характар адлюстравання жыцця, які выяўляецца ў адпаведнай форме твораў. Кожны з трох асн. родаў (эпас, лірыка, драма) мае свае Ж. Напр., да эпічнага роду адносяцца раман, аповесць, апавяданне, навела, да лірычнага — песня, гімн, эпіграма, дыфірамб, ода, эпітафія, раманс і інш., да драматычнага — трагедыя, камедыя, драма. Эпічныя Ж. адрозніваюцца адзін ад аднаго ступенню складанасці жыццёвага матэрыялу, працягласцю адлюстравання часу дзеяння, шырынёй ахопу з’яў рэчаіснасці, лірычныя — асаблівасцямі адлюстраваных у іх перажыванняў, пачуццяў, драматычныя — характарам жыццёвага матэрыялу і адносін аўтара да гэтага матэрыялу. Існуюць таксама «змешаныя» Ж., у якіх спалучаны прыкметы розных родаў, напр., ліраэпічныя Ж. (паэма, балада). Многія Ж. маюць у сабе элементы розных родаў (у рамане можа прысутнічаць лірычны або драм. элемент, у драме — эпічны і г.д.). Пры характарыстыцы маст. твораў вызначэнне Ж. можа быць недастатковым, таму акрамя паняцця «Ж.» ужываецца і тэрмін «жанравая форма», які выяўляе больш прыватныя асаблівасці твора. Так, Ж. рамана можа мець разнавіднасці: філасофскі, гістарычны, прыгодніцкі, дэтэктыўны і інш. Жанравая сістэма бел. л-ры такая, як і ў інш.еўрап. л-рах. Аднак некаторыя Ж., выкліканыя спецыфічнымі ўмовамі яе развіцця, ужо зніклі (напр., гутаркі), з’явіліся новыя (драматычная паэма).
У музыцы паняцце Ж. абагульняе розныя бакі муз. твора і ўключае: жыццёвае прызначэнне і функцыю бытавання (адрозніваюць прыкладную музыку, што выконвае дапаможную функцыю, і прапанаваную, якая патрабуе адасаблення выканаўцы ад слухача і спец. ўстаноўку на эстэт. ўспрыняцце); спосаб і ўмовы выканання і ўспрыняцця (музыка выконваецца пэўным складам выканаўцаў, па фіксаваным тэксце або па-за ім, у канцэртнай зале, оперным т-ры, у хатніх умовах, на дыскатэцы і інш.); тыпізаваную змястоўную сферу; пэўныя стылістычныя адзнакі. Складанасць і шматсэнсоўнасць паняцця Ж. абумоўлены тым, што яго састаўныя часткі рознага парадку могуць уступаць адна з адной у разнастайныя спалучэнні. Змены ўмоў бытавання муз. твораў, узаемадзеянне фалькл., бытавых і прафес. Ж., развіццё муз. мовы вядуць да мадыфікацыі старых і фарміравання новых Ж. Таму ў муз. навуцы існуюць розныя сістэмы класіфікацыі Ж., адзіная ж тэорыя муз. Ж. знаходзіцца ў стадыі распрацоўкі. Адносна прафес. музыкі найб. пашырана класіфікацыя паводле складу выканаўцаў і спосабу выканання. У вак. музыцы вылучаюць Ж. чыста вакальныя (хор а капэла), у вак.-інструментальнай — камерна-вакальныя (сольная песня, раманс, вак. цыкл, розныя вак. ансамблі) і вак.-сімфанічныя (кантата, араторыя, вакальна-сімфанічная паэма), у інструментальнай — камерна-інструментальныя (саната, сюіта, паэма, балада, рапсодыя, мініяцюра, трыо, квартэт, квінтэт і інш. віды ансамбляў) і сімфанічныя (сімфонія, сімфанічная сюіта, сімфанічная паэма, сімфаньета, канцэрт, уверцюра), муз.-сцэнічныя (опера, балет, аперэта, мюзікл). Усе Ж. атрымалі значнае развіццё ў бел. музыцы.
У кіназнаўстве ўжываюцца такія жанравыя вызначэнні, як кінараман, кінааповесць, кінаэпапея, кінапаэма, дэтэктыўны фільм і інш. Існуюць і больш вузкія жанравыя падраздзяленні: філасофская або лірычная кінааповесць, сатыр., эксцэнтрычная, муз. кінакамедыя, музычны фільм, паліт. кінадэтэктыў і інш. Вядомы такія Ж., як вестэрн, фільм жахаў, кінамюзікл і інш. Існуе тэндэнцыя да змешвання Ж., з’яўляюцца новыя жанравыя ўтварэнні. У бел. кінематографе прадстаўлены Ж.: героіка-прыгодніцкі («Лясная быль»), кінаэпапея («Людзі на балоце»), эпічная кінадрама («Першы ўзвод»), сац.-псіхал. кінадрама («Двойчы народжаны») і кінааповесць («Іван Макаравіч»), кінакамедыя («Нашы суседзі»), героіка-рамант. кінадрама («Канстанцін Заслонаў», «Чырвонае лісце»), гераічная кінаэпапея («Полымя»), гісторыка-рэв. кінааповесць («Масква—Генуя»), лірычная кінааповесць («Я родам з дзяцінства») і кінапаэма («Вянок санетаў»), дэтэктыў («Дзікае паляванне караля Стаха») і інш.
Жанр газетны — сістэма літ.-публіцыстычных форм у журналістыцы для асвятлення падзей паліт., эканам., сац. і культ. жыцця. Падзяляецца на 3 жанравыя групы: інфармацыйны (нататка, справаздача, інтэрв’ю, рэпартаж), пабудаваны на канкрэтных, пераважна аператыўных фактах; аналітычны (карэспандэнцыя, артыкул, агляд, рэцэнзія), які апрача канстатацыі фактаў патрабуе іх аналізу, ацэнкі; мастацка-публіцыстычны (замалёўка, эсэ, нарыс, фельетон, памфлет), набліжаны да маст. (белетрыстычных) твораў. У іх спалучаюцца лагічны, рацыянальны і вобразны пачаткі. У сучаснай журналістыцы пашыраны т.зв. «сінтэтычныя» Ж., у якіх для больш вобразнага і глыбокага раскрыцця падзей і характараў спалучаюцца элементы некалькіх Ж. (напр., нарыса і рэпартажу, артыкула і замалёўкі і інш.). Некаторыя элементы газетнага Ж. выкарыстоўваюцца таксама ў кіна-, тэле- і радыёжурналістыцы.
Літ.:
Буало Н. Поэтическое искусство: Пер. с фр.М., 1957;
Недошивин Г.А. Беседы о живописи. М., 1959;
Каган М.С. Морфология искусства. Л., 1972;
Бяспалы А.А. Выяўленчае мастацтва Беларусі і сродкі яго адлюстравання. Мн., 1994;
Бахтин М.М. Вопросы литературы и эстетики. М., 1975;
Цуккерман В.А. Музыкальные жанры и основы музыкальных форм. М., 1964;
Сохор А. Теория музыкальных жанров: задачи и перспективы // Сохор А. Вопросы социологии и эстетики музыки. Л., 1983. [Т.] 3;
Власов М. Виды и жанры киноискусства. М., 1976;
Шилова И.М. Проблемы жанров в киноискусстве. М., 1982;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІСТЭМА АХОВЫ ЗДАРОЎЯ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ
У 1990—2000-я г.фінансаванне аховы здароўя Беларусі ажыццяўлялася з бюджэту (1996—5,5% валавога ўнутранага прадукту, 2000—3,7%, 2003—4,8%). У 1997 уведзена добраахвотнае мед. страхаванне, платныя паслугі (у 2003 склалі 5,8% бюджэту). З 2002 ахова здароўя фінансуецца ў разліку на 1 жыхара (у 2002—112,8, у 2003—159,3 тыс.руб.). Капітальнае будаўніцтва і рэканструкцыя мед. устаноў фінансуецца з фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (і пад яго кантролем), зацверджана дзярж. праграма ўмацавання матэрыяльна-тэхн. базы аховы здароўя (2002). Распрацаваны і рэалізуюцца дзярж. праграмы: «Здароўе народа» на 1999—2005; «Дзеці Беларусі» на 2001—05; развіцця першаснай медыка-сан. дапамогі на 2003—07; па прадухіленні інваліднасці і рэабілітацыі інвалідаў на 2001—05; па пераадоленні наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС на 2001—05 і на перыяд да 2010; «Цукровы дыябет» на 2004—08; развіцця спецыялізаванай мед. дапамогі на 2004—07 і інш. У 1990-я г. стан здароўя насельніцтва Беларусі пагоршыўся: узровень першаснай захваральнасці вырас на 13,1%, агульнай — на 23,9%. Сярод прычын смерці першае месца займаюць хваробы сістэмы кровазвароту (54%), 2-е — новаўтварэнні (13,2%), 3-е — траўмы і атручэнні (11,7%). Да 1998 адзначаўся рост захварэлых на актыўныя формы туберкулёзу (54,9 на 100 тыс. насельніцтва), да 2002 ён знізіўся да 45 на 100 тыс. насельніцтва. Адзначаецца таксама зніжэнне ўзроўню захваральнасці на інфекцыі, якія перадаюцца палавым шляхам.
Працягваецца працэс рэфармавання падрыхтоўкі мед. кадраў. Адкрыты новыя факультэты ў мед. ін-тах: сястрынскі (1991) і медыка-псіхалагічны (1993) у Гродзенскім; ваенна-мед. (1995) у Мінскім; урачоў-лабарантаў (1997) у Гомельскім. У 1992 у Мінскім мед. ін-це сан.-гігіенічны факультэт пераўтвораны ў медыка-прафілактычны. Пры Бел.мед. акадэміі паслядыпломнай адукацыі арганізаваны факультэт сац. медыцыны, арганізацыі і кіравання аховай здароўя; у Віцебскім мед. ун-це — удасканалення ўрачоў; у акадэміі МУС — падрыхтоўкі і перападрыхтоўкі судова-мед. экспертаў. Мед. ін-ты Беларусі прайшлі акрэдытаванне на статус універсітэтаў (Віцебскі, 1998; Гродзенскі, 1999; Мінскі, 2000; Гомельскі, 2003). Бел.ін-т удасканалення ўрачоў атрымаў статус акадэміі (2000).
На грамадскіх пачатках створана Бел. акадэмія мед. навук (1997, прэзідэнт І.М.Грышын). У 2002 падрыхтавана 1246 урачоў, 5017 фельчараў і акушэрак, мед. сясцёр, лабарантаў, памочнікаў сан. урачоў і фармацэўтаў; ва ўсіх ведамствах працавала 44 812 урачоў (45,3 на 10 тыс. насельніцтва; гл.табл. 1). З 1991 фарміруюцца мед. ўстановы прыватнай формы ўласнасці. У 2002 дзейнічалі 224 амбулаторна-паліклінічныя ўстановы, разлічаныя на 3787 наведванняў за змену, у іх працавалі 1261 урач, у т. л. 733 сумяшчальнікаў (без зубных урачоў), 781 сярэдні мед. работнік (разам з зубнымі ўрачамі), у т. л. 164 сумяшчальнікі. Колькасць наведванняў да ўрачоў розных спецыяльнасцей склала 642 829, да стаматолагаў — 297 002.
Навукова-практычныя і тэарэт. пытанні аховы здароўя і медыцыны распрацоўваюць, акрамя мед. ун-таў і Бел.мед. акадэміі паслядыпломнай адукацыі, 9 НДІ і 5 Рэсп. навукова-практ. цэнтраў Мін-ва аховы здароўя. У сістэме аховы здароўя ў 2003 працавалі 345 дактароў і 1253 канд.мед.навук. Вучоныя мед.НДІ у 1990—2003 распрацоўвалі і вырашалі актуальныя праблемы: кардыялогіі (метады ранняй дыягностыкі і лячэння ішэмічнай хваробы сэрца, біякіравальная тэрапія з выкарыстаннем электронікі і матэм. метадаў, стварэнне пратэзаў клапана сэрца, аперацыі аортакаранарнага шунціравання і інш.); пульманалогіі, неўралогіі; педыятрыі (лячэнне неанатальнай паталогіі, дыскрэтна-хвалевая тэорыя родавай дзейнасці і інш.); хірургіі (напр., метады рэплантацыі ампутаваных канечнасцей з выкарыстаннем мікрахірургічнай тэхнікі); дзіцячай хірургіі (напр., метады хірургічнага лячэння прыроджаных анамалій мочапалавых органаў); траўматалогіі і артапедыі; нейрахірургіі (напр., хірургічнае і камбінаванае лячэнне мазгавых інсультаў); уралогіі (ураанкалогія, метады лячэння пухлін мачавога пузыра і нырак з дапамогай гіпертэрміі); анкалогіі (пухлінныя маркёры і фотадынамічная тэорыя раку, ранняя дыягностыка і хірургічнае комплекснае лячэнне раку шчытападобнай залозы). Вывучаліся таксама пытанні афтальмалогіі (мікрахірургія вока на аснове лазернай тэхнікі, мадыфікацыя трансплантацыі рагавіцы і інш.); атарыналарынгалогіі, стаматалогіі, гематалогіі (аперацыі па перасадцы касцявога мозга); мед. генетыкі (скрынінг на заганы развіцця і храмасомныя захворванні плода, праграма да- і пасляродавай ДНК-дыягностыкі спадчынных захворванняў і інш.).
Больш за 20 навук. устаноў нац.АН Беларусі на пач. 21 ст. распрацоўваюць праблемы, звязаныя з патрэбамі практычнай аховы здароўя. У 2004 у мед. навуцы працуюць 358 дактароў мед. навук, 1294 кандыдаты мед. навук, у практычнай медыцыне каля 200 кандыдатаў мед.навук. Колькасць аспірантаў па мед. спецыяльнасцях з 1990 па 2002 вырасла ў 2,5 раза. З мэтай узмацнення каардынацыі навук. даследаванняў у галіне медыцыны ў 1995 на Беларусі на базе Нац.АН Беларусі створана Аддзяленне медыка-біялагічных навук, рэарганізаванае ў 2003 у Аддзяленне мед.навук. Створана таксама секцыя мед. навук Савета па каардынацыі фундаментальных і прыкладных даследаванняў пры Нац.АН Беларусі. Прыярытэтныя кірункі навук. даследаванняў: механізмы рэгуляцыі фізіялагічных функцый у норме і паталогіі, тэарэт. асновы кіравання кампенсаторна-аднаўленчымі працэсамі, этыялогія і малекулярныя асновы ўзнікнення паталагічных станаў чалавека, стварэнне новых лячэбных і дыягнастычных тэхналогій, дзеянне фактараў сучасных экасістэм і спосабу жыцця на фізіялагічны статус і здароўе чалавека, заканамернасці ўздзеяння на арганізм малых доз іанізавальных выпрамяненняў, радыеэкалогія чалавека. Прыярытэтныя кірункі ў стварэнні і развіцці высокіх тэхналогій, перспектыўных вытворчасцей, якія маюць дачыненне да медыцыны: хімічны і біялагічны сінтэз фармацэўтычных сродкаў, біялагічна актыўных злучэнняў і харчовых дабавак і інш. За перыяд з 1945 па 1985 лаўрэатамі Дзярж. прэміі СССР сталі 9 бел. вучоных-медыкаў, Дзярж. прэміі Беларусі — больш за 90. Выдаюцца часопісы «Здравоохранение», «Вопросы организации и информатизации», «Медицина», «Врачебный вестник», газета «Медицинский вестник».
Лячэбна-прафілактычная дапамога ў 1990-я г. ўдасканальвалася шляхам пераважнага развіцця першаснай медыка-сан. дапамогі, увядзення інстытута ўрача агульнай практыкі, падтрымкі спецыялізаванай урачэбнай дапамогі, забеспячэння рацыянальнага выкарыстання ложкавага фонду і рэсурсаў, развіцця новых арганізацыйных форм стацыянарнай і амбулаторна-паліклінічнай дапамогі, стварэння 4-узроўневай сістэмы лячэбна-прафілактычнага абслугоўвання, скарачэння сеткі ўчастковых бальніц і фельчарска-акушэрскіх пунктаў на вёсцы, адкрыцця амбулаторый і фарміравання ўрачэбных акруг у сельскай мясцовасці. Сучасная сетка лячэбна-прафілактычных устаноў Беларусі забяспечвае даступную мед. дапамогу (гл.табл. 2). Захавалася тэндэнцыя росту колькасці самаст. паліклінік і амбулаторый (на 31,4%; у т. л. ў сельскай мясцовасці на 31%), вырасла магутнасць амбулаторна-паліклінічных устаноў (на 22,4%), павялічылася колькасць стаматалагічных паліклінік (на 21,8%). Захавана ведамасная медыцына (чыгуначная, грамадзянскай авіяцыі і інш.). У сельскай мясцовасці павялічылася колькасць амбулаторый, што дало магчымасць знізіць звяртанне да спецыялістаў да 30%, выклік хуткай дапамогі па месцы жыхарства да 50%, шпіталізацыю на 20%. Для рацыянальнага выкарыстання ложкавага фонду за кошт закрыцця ўчастковых бальніц зменшылася колькасць ложкаў у бальніцах на 13,9% павялічылася занятасць і абарот ложкаў, пашыраецца адкрыццё дзённых стацыянараў у паліклініках. Далейшае развіццё атрымала спецыялізаваная ўрачэбная дапамога. За апошнія 10 гадоў колькасць лячэбна-прафілактычных устаноў, якія маюць гастраэнтэралагічныя аддзяленні (кабінеты), вырасла ў 2,2 раза, пульманалагічныя — у 1,6, эндакрыналагічныя — у 1,2, гемадыялізу і мед. рэабілітацыі — у 2 разы. У 1993 адкрыты першыя аддзяленні і бальніца сястрынскага догляду, у 1994 — хоспіс у Мінску. Сфарміравана герыятрычная служба (1996). Адкрыты спелеалячэбніца (1997), аддзяленне сардэчна-сасудзістай хірургіі (1998, Гомель), аперацыйна-рэанімацыйны модуль (2000, Мінск); навукова-практычныя цэнтры: «Дыябетычная ступня» (1997), лазернай тэрапіі ў афтальмалогіі (1997), вострай нырачнай недастатковасці (1999), прафілактыкі сардэчна-сасудзістых захворванняў (2000).
З 1990-х г. развіваецца служба мед. рэабілітацыі. Укараняюцца новыя метады дыягностыкі і лячэння: лапараскапічныя, відэаторакаскапічныя; артраскапія і эндапратэзаванне, дыстанцыйная літатрыпсія, аперацыі на сэрцы і сасудах і інш. У краіну паступіла 8 камп’ютэрных тамографаў, 3 устаноўкі ядзерна-магнітнага рэзанансу, 5 гамакамер.
З мэтай прадухілення наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС ажыццяўлялася дзярж. праграма мінімізацыі наступстваў аварыі, арганізаваны спецдыспансерызацыя і санаторнае аздараўленне дзяцей з забруджаных тэрыторый. Наладжаны санітарна-радыяцыйны кантроль і маніторынг. Адкрыты філіял НДІ радыяцыйнай медыцыны і эндакрыналогіі ў Віцебску. У Магілёве такі філіял рэарганізаваны ў 1996 у Бел.НДІ экалагічнай і прафесійнай паталогіі, адкрыты дыспансер радыяцыйнай медыцыны. У 2003 у Гомелі пабудаваны цэнтр радыяцыйнай медыцыны, а Мінскі НДІ радыяцыйнай медыцыны і эндакрыналогіі і яго філіялы ў Віцебску і Магілёве пераведзены ў Гомель, дзе створаны Рэсп. навукова-практычны цэнтр радыяцыйнай медыцыны і экалогіі чалавека. За 1996—2000 на праграму ліквідацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС выдзелена 30 млрд. долараў, мед. назіраннем ахоплена 99% пацярпелых.
Ахова мацярынства і дзяцінства — прыярытэтны кірунак сучаснай медыцыны Беларусі. Створана дзярж. сістэма аховы мацярынства і дзяцінства з шырокай сеткай жаночых і дзіцячых устаноў, прыняты заканадаўчыя акты і нац. праграмы па прафілактыцы генетычных наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, «Дзеці Чарнобыля», «Дзеці-сіроты», «Дзеці Беларусі» (2000), па развіцці сац. абслугоўвання сям’і і дзяцей, індустрыі дзіцячага харчавання і інш. Аказваецца сацыяльная падтрымка маці і дзіцяці: дапамога цяжарным пры своечасовым (да 12 тыдняў) звяртанні да ўрача, бясплатная лекавая дапамога дзецям ва ўзросце да 6 і дзецям да 15 гадоў, якія пражываюць на забруджаных тэрыторыях, дзецям-інвалідам. У мнагадзетных і малазабяспечаных сем’ях дзецям да 2 гадоў прадастаўляецца бясплатнае харчаванне і інш. Работнікі сістэмы аховы здароўя дзяцей і падлеткаў удзельнічаюць у прафесійнай арыентацыі моладзі з улікам мед. проціпаказанняў, сочаць за ўзроўнем фізкультурна-аздараўленчай работы, выкананнем патрабаванняў агульнай і школьнай гігіены, выяўленнем ранніх адхіленняў у фіз. развіцці, ажыццяўляюць дыспансерызацыю дзяцей і падлеткаў, накіраванне іх на абследаванне і лячэнне і інш. Стацыянарную дапамогу дзецям у 1990-я г. аказвалі 24 дзіцячыя бальніцы агульнага профілю. Укаранёны перынатальная дыягностыка прыроджаных заган развіцця (1991), мед. назіранне вучняў паводле прынцыпу адзінага педыятра (1993), 3-узроўневая сістэма перынатальнай дапамогі (1997). Падлеткавая служба перайшла ў сістэму педыятрыі. Адкрыты спецыялізаваныя мед. ўстановы: цэнтры планавання сям’і і рэпрадукцыі з метадам экстракарпаральнага апладнення (1995), гемадыялізу для дзяцей, мамалагічны, цэнтры развіцця дзяцей (усе ў 1996). Разгорнута 6245 ложкаў для цяжарных і парадзіх (з улікам радзільных дамоў і радзільных аддзяленняў). Для дзяцей, хворых на туберкулёз, у Мінску, Гомельскай і Магілёўскай абласцях адкрыты лячэбныя аддзяленні. Санаторна-курортнае лячэнне праводзіцца ў 19 дзіцячых санаторыях (2600 ложкаў).
На пач. 2003 г. амбулаторна-паліклінічную дапамогу дзецям аказвала 381 дзіцячая паліклініка. Спецыялізаваную мед. дапамогу дзецям аказвалі дзіцячыя хірургі, стаматолагі, неўрапатолагі, афтальмолагі, псіхіятры, санітарныя ўрачы па гігіене дзяцей і падлеткаў, спецыялісты-генетыкі, отарыналарынголагі і інш. У сувязі са змяншэннем дзіцячага насельніцтва колькасць пасад участковых педыятраў зменшылася з 2191 у 1990 да 1983 у 2002, а колькасць дзяцей на ўчастку з 73 5 да 604. У 2002 працавалі 311 жаночых кансультацый, акушэрска-гінекалагічных аддзяленняў і кабінетаў, 10 кансультацый «Шлюб і сям’я», 6 кабінетаў па мед. генетыцы, колькасць акушэраў-гінеколагаў павялічылася з 2080 у 1990 да 2517 у 2002.
Санітарна-проціэпідэмічную дапамогу насельніцтву Беларусі ў 1990-я г. забяспечвалі Аддзел гігіены, эпідэміялогіі і прафілактыкі Мін-ва аховы здароўя, Рэсп. цэнтр гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя, 6 абл., 144 гар., раённыя і ведамасныя цэнтры, Мінская і Гомельская дэзінфекцыйныя станцыі. З 1992 у 9 гарадах краіны ажыццяўляецца маніторынг здароўя насельніцтва ў сувязі са станам навакольнага асяроддзя. У Мінску, Віцебску, Гродне адкрыты кансультацыйныя цэнтры (хранічных вірусных гепатытаў, нейраінфекцый і інш.). Праблемамі ўмацавання здароўя і фарміравання здаровага ладу жыцця ў 1990-я г. займаліся цэнтры здароўя (у 2002 рэарганізаваны ў аддзяленні цэнтраў гігіены і эпідэміялогіі і грамадскага здароўя). З 1998 працуюць рэсп. і абл. цэнтры СНІДу (у 2002 аб’яднаны з цэнтрамі гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя). Санітарна-проціэпідэміялагічная служба Беларусі дзейнічае ў адпаведнасці з законам «Аб санітарна-эпідэміялагічным забеспячэнні насельніцтва» (2003) і ажыццяўляе дзярж. нагляд (ахову навакольнага асяроддзя, аздараўленне ўмоў працы, быту і адпачынку), арганізацыю і правядзенне санаторна-аздараўленчых і проціэпідэмічных мерапрыемстваў, а таксама па папярэджанні і ліквідацыі інфекцыйных, прафесійных і інш. захворванняў. Навукова-даследчае і метадычнае кіраўніцтва, распрацоўку санітарных норм і правіл ажыццяўляюць НДІ эпідэміялогіі і мікрабіялогіі Мін-ва аховы здароўя і навукова-практычны цэнтр гігіены, 10 кафедраў мед. ун-таў і Бел.мед. акадэмія паслядыпломнай адукацыі.
Санаторна-курортную дапамогу насельніцтву Беларусі аказваюць санаторыі Мін-ва аховы здароўя, санаторныя аб’яднанні «Белпрафсаюзкурорт», «Белаграздраўніца», «Брэстаграздраўніца», санаторыі і санаторыі-прафілакторыі мін-ваў і ведамстваў (гл.табл. 3). З 1997 існуе дзярж. сістэма арганізацыі санаторна-курортнай дапамогі. Створаны Рэсп. цэнтр па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва. Работу па санаторна-курортнай дапамозе каардынуе Рэсп. міжведамасны савет па пытаннях аздараўлення і санаторна-куротнага лячэння. На Беларусі функцыянуе 13 санаторных аддзяленняў мед. рэабілітацыі на 535 ложкаў (2004).
Аптэчнай справай кіруе рэсп. унітарнае прадпрыемства «Фармацыя» (мае 6 аптэчных складоў). У 1996 створаны дзярж. канцэрн «Белбіяфарм», які ўзначальвае работу прадпрыемстваў фармацэўтычнай прамысловасці (5 заводаў і 4 прадпрыемствы розных форм уласнасці, якія выпускаюць 381 найменне лекавых сродкаў). Фармацэўтычную прадукцыю вырабляюць: акц.т-ва «Белмедпрэпараты», Барысаўскі, Нясвіжскі, Гродзенскі з-ды медпрэпаратаў і інш. Пашыраецца сетка аптэк недзярж. форм уласнасці (16% аптэк і 63% аптэчных кіёскаў). Існуюць дзярж. гасп.-разліковыя, самастойныя аптэкі (у т. л.цэнтр., раённыя), пры лячэбна-прафілактычных установах, бальнічных стацыянарах і г.д. У аптэках адкрыты фітааддзелы (1992), аддзелы таварнага крэдыту (1994—96). З 1994 праводзяцца міжнар. спецыялізаваныя выстаўкі вытворцаў мед. тэхнікі і медыкаментаў. Ва ўсіх аптэках устаноўлены адзіны парадак захоўвання і рэалізацыі лекавых сродкаў; даводзіцца пералік прэпаратаў, на атрыманне якіх патрэбны спец. дазвол (напр., наркатычныя сродкі). Заканадаўствам Беларусі прадугледжаны льготныя формы абслугоўвання некаторых катэгорый насельніцтва. Павялічваецца колькасць прадпрыемстваў, якія вырабляюць мед. тэхніку (у 1994 іх было 40, у 1999—100). Асвоена вытворчасць дыялізатараў (1992), апаратаў лазернай каагуляцыі (1995), аднаразовых шпрыцаў (1997), сістэм камп’ютэрнай рэнтгенаграфіі (1999). Прынята дзярж. праграма развіцця фармацэўтычнай прамысловасці (1999). У 2002 на Беларусі працавала 7017 правізараў і фармацэўтаў.
На Беларусі ліквідаваны многія небяспечныя інфекцыйныя хваробы (напр., натуральная воспа, малярыя, поліяміэліт). На Беларусі самая нізкая сярод краін СНД дзіцячая смяротнасць. З 1996 яна знізілася з 13,3 на 1 тыс. нованароджаных да 7,6 у 2003. Мацярынская смяротнасць — 21,4 на 100 тыс. (у 1990—21,8). Колькасць абортаў знізілася з 247 тыс. у 1990 да 89,9 тыс. у 2002.
У 1990-я г. створаны новыя грамадскія арганізацыі-асацыяцыі: «Новыя тэхналогіі ў медыцыне» (1992), урачоў (1992), сярэдніх мед. работнікаў (1996), сацыял-гігіеністаў і арганізатараў аховы здароўя (1998). Адбыліся 4 з’езды сацыял-гігіеністаў і арганізатараў аховы здароўя, першыя з’езды сярэдніх медработнікаў (1994, Гродна), урачоў (1998, Мінск); прыняты Кодэкс урачэбнай этыкі (1998). У 1991 Бел.т-ва Чырвонага Крыжа (назва з 1994) стала недзярж. добраахвотнай арганізацыяй. Т-ва працуе па праграмах: «Служба міласэрнасці» (медыка-сац. дапамога адзінокім састарэлым грамадзянам, ажыццяўляе прыём у 115 медыка-сац. цэнтрах), «Служба катастроф» (падрыхтоўка добраахвотнікаў на выпадак экстрэмальных сітуацый), «Служба пошуку» (пошук асоб і месцаў пахаванняў прапаўшых без вестак); удзельнічае ў праграмах «Донарства» (бязвыплатны донарскі рух), «Бежанцы» (медыка-санітарная дапамога бежанцам), «Супрацоўніцтва» (міжнар. супрацоўніцтва, пашырэнне ведаў па гуманітарным праве), Міжнар. праграме гуманітарнай дапамогі і рэабілітацыі «Чарнобыль»; працуе таксама па праграме «Маладзёжны рух» (уцягванне ў свой рух моладзі, медыка-санітарная падрыхтоўка па пытаннях прафілактыкі захворванняў і прапагандзе здаровага ладу жыцця). У 2000 на Беларусі функцыянавала 117 цэнтраў т-ва, у т. л. Дом міласэрнасці ў Пінску, працавала 400 медсясцёр. Бел.т-ва прызнана 168-м членам Міжнар. руху «Чырвонага Крыжа» і «Чырвонага Паўмесяца».
У галіне міжнароднага супрацоўніцтва па ахове здароўя на мяжы 20—21 ст.з некаторых фондаў і пад эгідай Сусв. арганізацыі аховы здароўя прыцягваюцца сродкі з-за мяжы на пэўныя праграмы: праект «Сасакова—Чарнобыль» (выдзелены дыягнастычны комплекс дзіцячаму хірург. цэнтру ў Мінску коштам 10 млн.ням. марак); на развіццё дзіцячай анкалагічнай клінікі ў Мінску (Аўстрыя выдзеліла 2,4 млн. аўстрыйскіх шылінгаў); на міжнар. праект па шчытападобнай залозе Еўрап. бюро Сусв. арганізацыі аховы здароўя (400 тыс. долараў). У 1994 на Беларусі адкрыта прадстаўніцтва Сусв. арганізацыі аховы здароўя (САЗ). У 1995—97 Еўрап. бюро САЗ супрацоўнічала з Рэспублікай Беларусь па мінімізацыі мед. аспектаў наступстваў Чарнобыльскай катастрофы, ахове мацярынства і дзяцінства (натуральнае выкормліванне), барацьбе са СНІДам і інфекцыйнымі захворваннямі, па інтэграванай праграме прафілактыкі неінфекцыйных захворванняў. Ажыццяўлялася таксама міжнар. супрацоўніцтва з дабрачыннай арганізацыяй «Дзіцячае сэрца» (Мемфіс, ЗША), з САЗ па інфекцыях, якія перадаюцца палавым шляхам (3 праграмы), па праблемах алергічнай паталогіі ў дзяцей (Рас. акадэмія мед. навук, інстытут педыятрыі). Пагадненнем паміж Швейцарскім упраўленнем па развіцці і супрацоўніцтве і Брагінскім раёнам па рэалізацыі праекта «Здароўе маці і дзіцяці» прадугледжана пастаўка абсталявання для бальніц і амбулаторый, абучэнне персаналу. Грамадская арганізацыя «Беларускі зялёны крыж» устанаўлівае ў Брагінскай раённай бальніцы аўтаматызаваную сістэму кіравання «Мініклініка».
У міжнар. супрацоўніцтве асаблівая ўвага аддаецца сувязям з САЗ. ЗЕўрап. бюро САЗ работа вядзецца па пытаннях фінансавання аховы здароўя, аховы навакольнага асяроддзя, туберкулёзу і інш. на аснове 2-гадовага плана (2002—03) і працягнута на 2004—05. Развіваецца супрацоўніцтва зМіжнар. агенцтвам па атамнай энергіі (МАГАТЭ) па рэалізацыі праекта «Стварэнне сістэмы гарантыі якасці (кантролю якасці) для рэнтгенаўскіх камп’ютэрных тамографаў у Рэспубліцы Беларусь». Ажыццяўляюцца міжнар. праекты «Развіццё і ўмацаванне службаў і арганізацый, якія займаюцца прафілактыкай ВІЧ і лячэннем наркаманіі сярод спажыўцоў наркотыкаў», «Прафілактыка і лячэнне ВІЧ/СНІД у Беларусі», «Вывучэнне раку і іншых захворванняў шчытападобнай залозы на Беларусі пасля Чарнобыльскай аварыі» і інш.). Сумесна з Канадскай асацыяцыяй даследчых ін-таў выконваецца міжнар. праект «Комплексная клініка-псіхалагічная ацэнка стану здароўя дзяцей перад паступленнем у школу». Завяршаецца рэалізацыя першай стадыі бел.-амер. праекта «Медыцынская дапамога дзецям, пацярпелым ад катастрофы на ЧАЭС, шляхам развіцця і ўкаранення тэлемедыцыны».
Літ.:
Крючок Г.Р. Очерки истории медицины Белоруссии. Мн., 1976;
Короткевич А.Т. Наука в Белоруссии на современном этапе. Мн., 1985;
Сергеева Г.Г. БССР в научном сотрудничестве Советского Союза и социалистических стран (1945—85 гг.). Мн., 1986;
Гурин В.Н., Семененя И.Н. Развитие медико-биологических наук в Республике Беларусь // 70 лет Нац. академии наук Беларуси: Док. и материалы юбилейных торжеств. Мн., 2000;
Наука Беларуси в XX столетии. Мн., 2001;
Тищенко Е.М. История здравоохранения Беларуси в XX веке. Гродно, 2001;
Национальный реестр правовых активов Республики Беларусь. 2002, №2;
Здравоохранение в Республике Беларусь: Офиц. стат. сб. Мн., 1990—2003.
Э.А.Вальчук, І.М.Семяненя.
Табліца 1 Медыцынскія кадры ў Беларусі (па ўсіх ведамствах)
1970
1980
1990
2000
2002
Урачы ўсіх спецыяльнасцей
23 384
32 674
41 393
45 456
44 812
на 10 тыс. жыхароў
25,8
33,8
40,5
45,5
45,3
у тым ліку:
тэрапеўтаў
4481
7600
10 727
12 212
11 876
на 10 тыс. жыхароў
4,95
3,87
10,50
12,2
12,0
хірургаў
2169
3453
4825
6169
6173
на 10 тыс. жыхароў
2,40
3,57
4,72
6,2
6,2
акушэраў-гінеколагаў
1309
1936
2265
2645
2680
на 10 тыс. жыхароў
1,45
2,0
2,22
2,6
2,7
педыятраў
2643
3836
5088
4252
4072
на 10 тыс. жыхароў
2,92
3,97
4,98
4,3
4,1
афтальмолагаў
517
652
802
944
952
на 10 тыс. жыхароў
0,57
0,68
0,79
0,9
1,0
неўрапатолагаў
636
942
1105
1432
1446
на 10 тыс. жыхароў
0,70
0,98
1,08
1,4
1,5
отарыналарынголагаў
597
717
761
821
822
на 10 тыс. жыхароў
0,66
0,74
0,74
0,8
0,8
фтызіятраў
888
784
598
550
541
на 10 тыс. жыхароў
0,98
0,81
0,59
0,6
0,5
стаматолагаў
889
1724
3239
4485
4374
на 10 тыс. жыхароў
0,98
1,78
3,17
4,5
4,4
правізараў (сістэма Мін-ва аховы здароўя)
1560
2420
3261
3088
2828
фармацэўтаў (сістэма Мін-ва аховы здароўя)
3784
5197
6133
4571
4189
Колькасць сярэдняга мед. персаналу
няма звестак
94 130
119 880
122 641
123 485
на 10 тыс. жыхароў
-’’-
97,4
117,6
122,8
124,8
Табліца 2 Сетка амбулаторна-паліклінічных і спецыялізаваных устаноў Беларусі (сістэма Міністэрства аховы здароўя)
Колькасць
1970
1980
1990
2000
2002
Паліклінічных аддзяленняў, бальніц і радзільных дамоў
929
808
767
688
643
Самастойных паліклінік і амбулаторый,
260
269
435
572
604
у т. л. ў сельскай мясцовасці
204
204
319
418
447
Стаматалагічных паліклінік
25
48
64
78
78
Дзіцячых паліклінік
274
324
381
357
345
Станцый пералівання крыві
17
17
20
20
20
Станцый хуткай мед. дапамогі
194
194
200
198
197
Санэпідстанцый і санэпідаддзяленняў бальніц
147
153
154
151
151
Фельчарска-акушэрскіх пунктаў
2824
3003
3012
2848
2743
Зубапратэзных майстэрняў (кабінетаў)
201
209
231
233
230
Дэзстанцый
няма звестак
2
4
3
2
Аптэк
1124
1192
1247
няма звестак
1386
Аптэчных пунктаў
3196
3026
3196
-’’-
1293
Процітуберкулёзных дыспансераў (кабінетаў)
207
149
148
162
162
Анкалагічных дыспансераў і кабінетаў
41
81
119
155
162
Дэрматавенералагічных дыспансераў і кабінетаў
189
158
162
188
182
Псіханеўралагічных дыспансераў і кабінетаў
58
136
141
163
160
Эндакрыналагічных дыспансераў і кабінетаў
51
148
188
234
231
Урачэбна-фізкультурных дыспансераў і кабінетаў
37
38
45
15
8
Наркалагічных дыспансераў і кабінетаў
няма звестак
129
141
146
150
Кардыялагічных дыспансераў і кабінетаў
-’’-
159
144
156
164
Аднаўленчага лячэння (рэабілітацыі)
няма звестак
65
98
191
197
Кансультацый па мед. генетыцы
-’’-
няма звестак
4
7
6
Кансультацый «Шлюб і сям’я»
-’’-
няма звестак
7
8
10
Траўматалагічных дыспансераў і кабінетаў
23
57
165
198
200
Табліца 3 Санаторыі, дамы адпачынку, пансіянаты (усе ведамствы)
Установа
1990
2000
2002
Санаторыі і пансіянаты з лячэннем
53
66
69
месцаў у іх, тыс.
13,2
15,8
17,5
абслужана асоб, тыс.
152,2
238,0
259,2
Дзіцячыя санаторыі, пансіянаты
22
25
27
месцаў у іх, тыс.
3,9
4,2
4,8
абслужана асоб, тыс.
25,2
44,7
52,0
Санаторыі-прафілакторыі
119
108
92
месцаў у іх, тыс.
12,0
13,4
11,2
абслужана асоб, тыс.
173,7
161,2
143,0
Дамы і пансіянаты адпачынку
13
11
9
месцаў у іх, тыс.
3,3
1,2
1,6
абслужана асоб, тыс.
58,8
17,9
30,0
Базы і інш. арганізацыі адпачынку
184
133
155
месцаў у іх, тыс.
13,6
15,0
13,5
абслужана асоб, тыс.
58,4
157,7
224,6
Рэнтген-аперацыйнае аддзяленне эндаваскулярнай хірургіі ў Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтры «Кардыялогія». 2004.Брэсцкая цэнтральная гарадская бальніца. 2004.Мінскі Дом міласэрнасці (хоспіс). 2004.Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр радыяцыйнай медыцыны і экалогіі чалавека. Гомель, 2004.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́НА (Ghana), Рэспубліка Гана (Republic of Ghana),
дзяржава ў Зах. Афрыцы. Мяжуе на Зз Кот-д’Івуар, на Пнз Буркіна-Фасо, на Уз Тога; на Пд абмываецца водамі Гвінейскага зал. Падзяляецца на 10 абласцей. Пл. 238,5 тыс.км². Нас. 16 446 тыс.чал. (1993). Сталіца — г.Акра. Афіц. мова — англійская. Нац. свята — Дзень незалежнасці (6 сак.).
Дзяржаўны лад. Гана — рэспубліка. Уваходзіць у Садружнасць на чале з Вялікабрытаніяй. Дзейнічае канстытуцыя 1992. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, які выбіраецца ўсім насельніцтвам тэрмінам на 4 гады. Заканад. ўлада належыць аднапалатнаму Нац. сходу, які выбіраецца насельніцтвам тэрмінам на 5 гадоў. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад, прызначаны прэзідэнтам.
Прырода. Большая ч. краіны — раўніна, выш. 150—300 м. Уздоўж узбярэжжа нешырокая паласа нізін. На Пн ад яе плато Ашанці і Кваху выш. да 788 м (г. Аквава). На У горы Тога. Нетры Ганы багатыя золатам, алмазамі, баксітамі, марганцам; знойдзены нафта і газ. Клімат экватарыяльны мусонны, на ПдЗ пераходны да экватарыяльнага. Т-ра паветра 24—28 °C у ліп., каля 24 °C у студзені. Ападкаў за год ад 1000 мм на Пн, дзе ёсць сухі перыяд зкастр. да лют., да 1500—2000 мм на Пд. Рэкі больш мнагаводныя на Пд, багатыя гідраэнергіяй. Найбольшая р. Вольта, на ёй вадасховішча пл. 8480 км². Б. ч.тэр. Займаюць саванны, тыповыя на Пн, высакатраўныя ў сярэдняй ч. краіны. На ПдЗ вільготныя вечназялёныя лясы з каштоўнымі пародамі дрэў — чырвоным, сапеле, баку і інш. Па ўзбярэжжы — мангравыя зараснікі. Жывёльны свет багаты і разнастайны, асабліва ў малаасвоеных раёнах. Нац. паркі: Моле, Дыг’я і інш.
Насельніцтва. Каля 75% складаюць народы гвінейскай моўнай групы. Найбольшыя па колькасці народы падгрупы акан (уваходзяць ашанці, фанці, аквапім і акім, жывуць на Пд краіны), блізкія да іх анья і бауле жывуць на ПдЗ. У наваколлі г. Акра жывуць народы га, адангме, эве. Пн населена народамі групы гур (мосі, гурма, грусі, тэм). Жывуць таксама хаўса, сангаі, фульбе і інш. У гарадах невял. групы еўрапейцаў (у асноўным англічан), сірыйцаў, індыйцаў. Пераважаюць мясц.традыц. вераванні (каля 40%), на Пн — мусульмане (каля 30%), на Пд і ў гарадах — хрысціяне (пратэстанты і католікі, каля 24%). Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 69 чал. на 1 км². Каля 70% яго сканцэнтравана на Пд, дзе шчыльнасць дасягае 300 чал. на 1 км². Гар. насельніцтва 35%. Самыя вял. гарады (1993, тыс.ж.): Акра — 950, Кумасі — 385, Тамале — 151, Тэма — 132, Секанды-Такарады — 104. У сельскай гаспадарцы і рыбалоўстве занята 54,7% працаздольнага насельніцтва, у прам-сці — 18,7, у абслуговых галінах — 26,6%.
Гісторыя. Да з’яўлення еўрапейцаў (15 ст.) на тэр. Ганы існаваў шэраг раннефеад. дзярж. утварэнняў. У 17—18 ст. пачалі стварацца буйныя цэнтралізаваныя дзяржавы, найб.з іх — Ашанці. Першымі еўрапейцамі на тэр. Ганы былі партугальцы, якія ў 1482 на тэр. племя фанту пабудавалі крэпасць Эльміна. З-за багатых радовішчаў золата яны назвалі краіну Залатым Берагам. Пазней тут заснавалі свае факторыі купцы з Галандыі, Даніі, Швецыі, Прусіі, Англіі. Апошняя здолела выцесніць сваіх канкурэнтаў. У 1844 губернатар, прызначаны брыт. урадам, заключыў з правадырамі плямён фанці дагавор аб прызнанні імі брыт. пратэктарату. Народ ашанці доўгі час адстойваў сваю незалежнасць (у 19 ст. адбылося 7 англа-ашанційскіх войнаў) і толькі ў 1896 заваяваны Вялікабрытаніяй. У 1901 Ашанці і тэр. на Пн ад яе аб’яўлены брыт. калоніяй і ўключаны ў склад Залатога Берага. Асновай эканомікі калоніі стала вытв-сць какавы-зярнят. Да 1937 Залаты Бераг ператварыўся ў найбуйнейшага іх пастаўшчыка на сусв. рынку. Народы Ганы не спынялі барацьбы супраць калан. прыгнёту. У 1920 заснаваны Нац. кангрэс Зах. Афрыкі, які імкнуўся да дэмакратызацыі калан. кіравання. У 1947 створана першая масавая нац.арг-цыя — Аб’яднаны канвент Залатога Берага, у 1949 — Народная партыя Канвента (НПК) на чале з К.Нкрума. Асн. лозунг яе праграмы: «Незалежнасць — неадкладна». Пад націскам нац.-вызв. руху ў 1951 у Гане ўведзена абмежаванае самакіраванне. На выбарах 1951 НПК заваявала большасць у заканад. сходзе. У 1952 створаны 1-ы нац. ўрад, Нкрума стаў прэм’ер-міністрам. У 1954 уведзена ўсеагульнае выбарчае права. У 1956 Залаты Бераг атрымаў статус дамініёна, да яго далучана зах. (брытанская) ч. Тога.
6.3.1957 абвешчана незалежнасць Ганы (у рамках брыт. Садружнасці). Краіна ўзяла назву сярэдневяковай дзяржавы Гана. З 1.7.1960 Гана — рэспубліка, Нкрума яе прэзідэнт. Пачалася афрыканізацыя дзярж. апарату, нацыяналізавана некалькі брыт. кампаній. У 1962 НПК абвясціла, што выбірае ў якасці арыенціра марксісцкі сацыялізм. У 1964 НПК аб’яўлена адзінай партыяй, усе астатнія забаронены. Гігантаманія ў эканоміцы, шматлікія сац. праграмы прывялі да велізарнага бюджэтнага дэфіцыту. Шырокіх маштабаў дасягнула карупцыя дзярж. апарату. У выніку рэзкага паніжэння цэн на какаву на сусв. рынку эканоміка Ганы апынулася ў крытычным стане. У 1966 адбыўся ваен. пераварот; улада перайшла да Нац. Савета Вызвалення на чале зген. Дж.Анкра. У 1969 уведзена ў дзеянне новая канстытуцыя, Гана абвешчана парламенцкай рэспублікай. Улада перайшла да грамадз. ўрада. У выніку новага ваен. перавароту (1972) ён скінуты. У 1979 група маладых афіцэраў на чале з капітанам Дж.Ролінгсам здзейсніла новы пераварот, улада перайшла да Рэв. Савета Узбр. Сіл. На парламенцкіх і прэзідэнцкіх выбарах перамагла Народная нац. партыя. Яе кандыдат Х.Ліман стаў прэзідэнтам. Але ён не здолеў вырашыць сац.-эканам. праблемы краіны, што выклікала яшчэ адзін пераварот на чале з Ролінгсам, які ўзначаліў Часовы Савет нац. абароны. У 1983 прынята праграма ўздыму нац. эканомікі, у 1992 — новая канстытуцыя, дазволена шматпартыйнасць. На прэзідэнцкіх выбарах 1992 перамог Ролінгс. Гана — чл.ААНз 1957, эканам. супольнасці дзяржаў Зах. Афрыкі. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены 5.6.1992.
Палітычныя партыі і прафсаюзы. Нац.дэмакр. кангрэс, Нац.патрыят. партыя і інш.Цэнтр.прафс. аб’яднанне — Кангрэс прафсаюзаў Ганы.
Гаспадарка. Гана — аграрная краіна з развітой горназдабыўной прам-сцю. Сельская гаспадарка дае каля 50% валавога нац. даходу. Вядучая галіна сельскай гаспадаркі — земляробства. Гана займае адно з першых месцаў у свеце па зборы і экспарце какавы-зярнят. Штогадовы збор 200—300 тыс.т. Асн. раён вырошчвання на Пд краіны. Там жа вырошчваюць ямс, тара, маніёк, кукурузу, бабовыя, агародніну, садавіну (у т. л. цытрусавыя), каву, чай, цукр. трыснёг, імбір, арэхі кола, какосавую пальму, гевею, тытунь, кенаф і інш. На Пн краіны, у зоне саванны, вырошчваюць проса, сорга, рыс (на арашальных землях), кукурузу, земляны арэх, пашырана алейнае дрэва карытэ (дзікарослае і ў культуры). Жывёлагадоўля развіта слаба, што звязана з распаўсюджаннем мухі цэцэ (асабліва на Пд). Буйн. раг. жывёлу (каля 800 тыс. галоў), коз і авечак (каля 4 млн. галоў) гадуюць на Пн і У, свіней і птушку — у асноўным на Пд. Развіта марское і рачное рыбалоўства (каля 250—300 тыс.т у год). У прам-сці гал. месца займае горназдабыўная галіна (1992): золата 29 т, алмазаў 620 тыс. каратаў, марганцавай руды 360 тыс.т, баксітаў 370 тыс.т. Здабыча золата пераважна на Пд і ПдУ, радовішчы Ашанці, Прэстэа, Тарква, Дунква. Асн. радовішчы алмазаў каля г. Акватыя, развіваецца здабыча ў бас.р. Бірым. Марганцавую руду здабываюць на радовішчы Нсута, баксіты ў Аваса. Разведаны і эксплуатуюцца радовішчы жал. руды (на Пд і Пн), запасы нафты і газу (у нетрах шэльфа), няруднай сыравіны і солі. Буйнейшае прадпрыемства энергетыкі — ГЭС Акасомба на р. Вольта (магутнасць 976 тыс.кВт), якая выпрацоўвае каля 80% электраэнергіі ў краіне. Меншае значэнне маюць ГЭС Кпонг і ЦЭС у значных гарадах. На базе таннай гідраэнергіі працуе буйнейшы ў Афрыцы з-д першаснага алюмінію ў г. Тэма (штогод каля 200 тыс.т алюмінію з імпартнага гліназёму). Да буйнейшых прадпрыемстваў належаць сталеліцейны (каля г. Акра), 2 цэм.з-ды (у Тэме і Такарады), дрэваапр. камбінаты, шынны з-д. Ёсць прадпрыемствы харчасмакавай (у т. л. тытунёвай), шкляной, гумава-тэхн. прам-сці, электралямпавы, мылаварны, трактара- і аўтазборачны, радыё- і электратэхнічны, ядахімікатаў і мыйных сродкаў з-ды, абутковыя і гарбарныя ф-кі, прадпрыемствы па вытв-сці алмазных інструментаў. Харч.прам-сць: какаваперапр. комплекс, шакаладныя ф-кі, рыбакансервавы камбінат, рыбахаладзільнікі ў Тэме, Акры, Кумасі, Такарады, вытв-сць агароднінных і фруктовых кансерваў, пальмавага алею (на Пнз пладоў алейнага дрэва карытэ, на Пдз какосавых арэхаў), цукру. Прадпрыемствы баваўнянай, джутавай, швейнай, трыкат. Прам-сці. Развіта лясная прам-сць, асабліва лесапілаванне, вытв-сць фанеры, запалак. Апрацоўчая прам-сць у асноўным сканцэнтравана на Пд, прадпрыемствы пераважна ў Акры, Тэме, Такарады. У сельскай мясцовасці развіта саматужная вытв-сць прадметаў хатняга ўжытку, маст. вырабаў з серабра, золата, дрэва, косці. Транспарт пераважна аўтамаб. і чыгуначны. Даўж. аўтадарог 32,2 тыс.км, з іх 6,1 тыс.кмз бітумным пакрыццём. Чыгункі абслугоўваюць паўд.ч. краіны, даўж. іх 953 км. Асн.трансп. вузлы Акра, Кумасі, Такарады. Развіты ўнутр. водны транспарт. Для суднаходства шырока выкарыстоўваецца вадасх. Вольта. У краіне 10 аэрапортаў, гал.з іх у Акры, Такарады, Кумасі, Тамале. Знешні гандаль ідзе праз парты Такарады (экспарт), Тэма (імпарт), у меншай ступені праз Акру. Экспарт: какава (каля 50% па кошце), золата, драўніна, баксіты, алюміній. Імпарт: нафтапрадукты, тавары нар. спажывання і харчовыя, машыны і абсталяванне, гліназём. Гал.гандл. партнёры: Германія, Вялікабрытанія, ЗША, Японія. Грашовая адзінка — седзі.
Літаратура. Пісьмовая л-ра ў народаў Ганы з’явілася ў канцы 19 — пач. 20 ст. пераважна на англ. мове. Папулярная была публіцыстыка А.Ахума, А.Аджае, Дж.Каслі-Хейфарда, С.Д.Менса, Р.Е.Г.Армату і інш. Публікацыі на мовах народаў Ганы фанці, эве, га, адангме, дагбані, хаўса і інш. з’явіліся ў сярэдзіне 20 ст. Асноўныя тэмы літ. твораў 1920—50-х г. — гіст. і этнагр. праблемы. Эпічныя паэмы «Народ фанці» і «Звычаі фанці» Г.Р.Акуа, раманы і п’есы Дж.Х.Нкетыя, п’есы «Трэцяя жанчына» Дж.К.Данква, драмы «Пятая лагуна», «Старонкі гісторыі Анла» К.Фіяву, вершы Армату (зб. «Запаветныя думкі чорнага»), Е.Аму, К.А.Акрафі і інш. мелі вял. значэнне для абуджэння самасвядомасці народаў Ганы. У гэты перыяд назіраецца цікавасць да перакладаў твораў сусв. л-ры на мовы народаў Ганы. Пасля абвяшчэння незалежнасці Ганы ў л-ры ўзнікаюць новыя сац. і паліт. тэмы. На аснове нац. традыцый развіваюцца паэзія, проза, драматургія. З сярэдзіны 1960-х г. больш інтэнсіўна развіваецца жанр рамана («Лепшыя яшчэ не нарадзіліся» А.К.Армы, «Анова» К.А.Айда, «Муж для Есі Элуа» К.Бедыяка, «Свавольнікі» К.Дуоду і інш.). Папулярныя ў Гане пісьменнікі Э.Т.Сазерленд, Нкетыя, І.Хо, Х.Сетсаафія, Дж.Акай, Айда. Літаратараў аб’ядноўваюць літ. саюзы. Існуе Асацыяцыя пісьменнікаў Ганы, засн. ў 1960-я г.
Архітэктура і выяўленчае мастацтва. Традыцыйнае жыллё Ганы — круглыя і прамавугольныя ў плане глінабітныя хаціны з канічнымі ці 2-схільнымі дахамі з драўляных жэрдак, крытыя пальмавымі галінкамі, саломай, шыферам. Значнага ўзроўню дасягнула маст. апрацоўка каштоўных металаў: дэкар. ўпрыгожанні, парадная зброя, вазы, фігуркі чалавека і дэкар.скульпт. групы гумарыстычнага характару. Здаўна развіты ганчарная справа, выраб нац. вопраткі («кентэ») з вытканымі або штампаванымі каляровымі ўзорамі, арнаментальная разьба па дрэве на прадметах побыту; з чырвонага і чорнага дрэва выразалі стылізаваныя слупападобныя статуэткі. Пасля абвяшчэння незалежнасці ў Гане фарміруецца прафес. мастацтва, праводзяцца маст. выстаўкі. Арг-цыі мастакоў (Ганская асацыяцыя мастакоў «Аквапім-6») імкнуцца да асваення афр. і сусветнай маст. спадчыны, да выпрацоўкі сучаснага нац. стылю (скульптар О.Ампофа). Знар. традыцыямі звязана творчасць Кафі Антубама, В.Кафі. Разнастайныя паводле ідэйна-маст. строю і тэхнікі работы жывапісцаў — ад дэкар. стылізатарства да еўрап.рэаліст. манеры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТРУКТУРА І КІРАВАННЕ
Структура нацыянальнай эканомікі. Эканоміка Беларусі як гістарычна сфарміраваная сістэма грамадскага ўзнаўлення ў межах краіны ўяўляе сабой сукупнасць узаемазвязаных звёнаў і ўпарадкаваных сувязей, якія забяспечваюць яе ўстойлівасць і цэласнасць. Яна ўключае комплекс галін па вытворчасці тавараў і паслуг з адпаведнымі тэхнал. і міжгаліновымі сувязямі, формы арганізацыі і кіравання вытворчасцю, механізмы яе дзярж. і рыначнага рэгулявання.
Крызіс у эканоміцы Беларусі пач. 1990-х г, які быў выкліканы распадам СССР і яго адзінага народнагасп. комплексу, меў таксама глыбокі структурны характар: неадпаведнасць у структуры вытворчасці і спажывання, перавага вытворчасці сродкаў вытворчасці, нізкая доля сферы паслуг, слабая насычанасць спажывецкага рынку таварамі нар. спажывання айч. вытворчасці, недастатковае развіццё экспартнага сектара эканомікі і інфраструктурнага комплексу, недастатковая дыверсіфікацыя гарантаваных крыніц паставак паліўна-энергет. рэсурсаў.
Структура эканомікі, якая грунтуецца на сучасных інстытуцыянальных і тэхнал. рашэннях. выкарыстанні прыродных, эканам., дэмаграфічных і інш. рэсурсаў і арыентаваных на задавальненне попыту ўнутр. і знешняга рынкаў, з’яўляецца асновай канкурэнтаздольнасці і росту даходаў насельніцтва краіны. Пабудова нац. эканомікі рыначнага тыпу патрабавала глыбокіх структурных пераўтварэнняў усяго комплексу галін, вытворчасцей, міжгаліновых комплексаў, іх узаемасувязей, матэрыяльных, энергет., інфарм. і фін. патокаў, цэнавых прапорцый, а таксама стварэння прававой прасторы, адпаведнай рыначным адносінам, нац. сістэмы рэгулявання і кіравання, уключэння структурнай перабудовы ў агульны працэс пабудовы бел. дзяржаўнасці. У пабудове новай мадэлі нац. эканомікі асаблівае значэнне мае структура вытвараючага комплексу эканомікі, якая складаецца з узнаўленчай, галіновай, тэхнал. і рэгіянальнай структур.
Узнаўленчая структура характарызуецца суадносінамі элементаў валавога ўнутр. прадукту (ВУП) па канчатковым іх выкарыстанні (гл.табл. 1). За 1990—95 расходы на канчатковае спажыванне выраслі з 71,2% да 79,6%, з іх расходы дамашніх гаспадарак — з 44,5% да 56%; у 2000 адзначана іх зніжэнне, а ў 2003 удзельная вага такіх расходаў зноў павялічылася адпаведна да 80,0 і 57,3%. Доля дамашніх гаспадарак не дасягае паказчыка развітых краін, дзе ён апошнія 20 гадоў застаецца на ўзроўні 60%. Разам з доляй спажывання дамашніх гаспадарак ацэньваецца і рэальны ўзровень жыцця насельніцтва краіны.
З 1990 па 1995 доля ВУП, які накіроўваецца на валавое накапленне, знізілася з 26,6% да 24,8%; у 2000 яна склала 25,4%, а ў 2003—23,9%. У краінах з развітой рыначнай эканомікай гэта доля ў апошнія дзесяцігоддзі застаецца стабільнай у межах 21—24%. Аналіз глыбінных працэсаў эканомікі, асабліва інвестыцыйных, сведчыць, што існаваўшы ў СССР прымат матэрыяльнай вытворчасці прывёў эканоміку да ўцяжаранай рэсурсаёмістай структуры за кошт галін вытворчасці сродкаў вытворчасці (у 1990 група «А» у прамысловасці Беларусі складала 67%, група «Б» — 33%). І хаця ў апошнія гады гэтыя суадносіны крыху змяніліся на карысць тавараў нар. спажывання (група «Б»), былая структурная інерцыя пераадольваецца павольна.
Параўнальны аналіз паказвае таксама перавагу вытворчай сферы. Да 1990 доля капітальных укладанняў на яе развіццё ўстойліва складала 67—68%, да 2000 яна знізілася да 57,6%, у 2003 вырасла да 64%. У структуры асн. фондаў удзельная вага вытворчых фондаў павялічылася з 69,6% у 1990 да 76% у 2000. У развітых краінах на долю вытворчых фондаў прыпадае, як правіла, 37—38%, а невытворчых — 63—62%. У 2003 (у сістэме нац. рахункаводства) усе асн. фонды склалі 152,6 трлн. руб., у т. л. ў галінах, якія вырабляюць тавары, 79,3 трлн. руб. (52%) і ў галінах па аказанні паслуг 73,3 трлн. руб. (48%). Гэтыя суадносіны ўзмацняюцца нарастаючай ступенню зносу асн. фондаў (гл.табл. 2) і нізкай інвестыцыйнай актыўнасцю ў эканоміцы. Ступень зносу ўсіх фондаў вырасла з 33,3% у 1990 да 54,2% у 2003, вытворчых — адпаведна з 40,8 да 55,2%. У цэлым па нар. гаспадарцы знос актыўнай часткі асн. фондаў перавышае 75% (на канец 2003), у сельскай гаспадарцы і буд-ве складае больш чым 80%. Пераадоленне такой негатыўнай тэндэнцыі магчыма толькі шляхам абнаўлення асн. фондаў на аснове ўкаранення найноўшых тэхналогій, дасягнення дастатковых аб’ёмаў інвестыцый, эфектыўнай амартызацыйнай палітыкі.
Галіновая структура характарызуецца найперш удзельнай вагой розных галін у вытв-сці ВУП і колькасці занятага ў ім насельніцтва. У 2003 аб’ём ВУП склаў у бягучых цэнах 35 930 млрд.руб. Назіраецца тэндэнцыя скарачэння долі вытв-сці тавараў і павелічэння долі вытв-сці паслуг. Калі ў 1990 яны складалі адпаведна 68,9 і 28,5%, у 2000—45,6 і 39,9%, то ў 2003—40,4 і 44,7% (гл.табл. 3). Уклад прамысловасці ў вытворчасць ВУП складае 26,5%, сельскай гаспадаркі — 11,6, будаўніцтва — 6,4, транспарту і сувязі — 11,6, гандлю і грамадскага харчавання — 9,5%. Доля дзвюх апошніх галін павялічылася (у 1990 яны складалі адпаведна 6,5 і 3,5%), а доля сельскай гаспадаркі знізілася (у 1990 яна складала 27,6%). У развітых краінах з высокім узроўнем жыцця насельніцтва (ЗША, Францыя, Японія і інш.) доля прамысловасці складае каля 30%, сельскай гаспадаркі — 2%, а ўдзельная вага паслуг дасягае 70% (тэндэнцыя да росту долі паслуг назіраецца і ў такіх краінах з сярэднім даходам, як Расія, Украіна, Польшча, Літва).
У 2003 у эканоміцы Беларусі было занята 4305 тыс.чал., у т. л. ў прамысловасці 26,2%, будаўніцтве 7,1, сельскай гаспадарцы 11,1, на транспарце і сувязі 8,1, у гандлі і інш. вытворчых галінах каля 15%. У невытворчай сферы доля занятых складала 30,7%. Працяглая канцэнтрацыя намаганняў дзяржавы на развіцці прамысловасці, арыентацыя на поўную занятасць прывялі да празмернага павелічэння занятага ў ёй насельніцтва. Лішкам занятых з прычыны нізкай прадукцыйнасці працы, слабай тэхн. і тэхнал. аснашчанасці характарызуецца і другая па велічыні ў нац. даходзе галіна нар. гаспадаркі Беларусі — сельская гаспадарка. За 1990—2003 доля занятых у сферы матэрыяльнай вытворчасці панізілася на 9,0%, у прамысловасці — на 4,7%, будаўніцтве — на 4%, у сельскай гаспадарцы — на 8% (гл.табл. 4). На Беларусі адзін заняты ў сельскай гаспадарцы корміць каля 10 чал., а ў развітых краінах — больш за 40. Застаецца высокай удзельная вага паліва і энергіі ў агульных затратах на вытворчасць прадукцыі, асабліва ў такіх галінах прамысловасці, як чорная металургія, хім. і нафтахім., лясная, дрэваапрацоўчая і цэлюлозна-папяровая, буд. матэрыялаў і інш. У апошнія гады назіраецца тэндэнцыя павелічэння занятых на транспарце і сувязі, у гандлі, грамадскім харчаванні, збыце і нарыхтоўках. З 22,3 да 31,2% павялічылася колькасць занятых у невытворчай сферы. У галіновай структуры эканомікі за кошт прамысловасці і сельскай гаспадаркі павольна расце доля сферы паслуг, што вымагае прыняцця радыкальных мер па яе развіцці і пераразмеркавання інвестыцый на яе карысць, істотнага павышэння іх аддачы.
Тэхналагічная структура эканомікі адлюстроўвае спалучэнне спосабаў вытв-сці, тэхнал. укладаў і пакаленняў тэхнікі ў структуры грамадскага ўзнаўлення. Яна характарызуецца доляй найноўшай тэхнікі, дынамікай яе павелічэння, наяўнасцю высокіх навукаёмістых, рэсурсазберагальных, эколагаабаронных тэхналогій, зніжэннем узроўню матэрыялаёмістасці і энергаёмістасці ВУП і інш. Беларусь значна саступае развітым краінам і па агульным узроўні тэхнал. патэнцыялу, і па тэхналогіях постіндустрыяльнага грамадства: доля V і часткова VI тэхнал. укладаў (мікраэлектроніка, оптыка-валаконная тэхніка, тэлекамунікацыі, біятэхналогіі, касмічная тэхніка, тонкая хімія і інш.) у краіне не перавышае 10%. Высокім застаецца ўзровень матэрыяла- і энергаёмістасці ВУП. Для вырашэння гэтых праблем патрабуецца рэзкая актывізацыя інавацыйнай і інвестыцыйнай дзейнасці, стварэнне адладжанай сістэмы гарантый і страхавання такой дзейнасці, укараненне сучаснага менеджменту і новых тэхналогій. На карэннае паляпшэнне інавацыйнай дзейнасці накіраваны і Комплексны прагноз навук.-тэхн. прагрэсу Рэспублікі Беларусь да 2020, распрацаваны пад эгідай Нац.АН Беларусі і Дзярж.к-та па навуцы і тэхналогіях, Праграма структурнай перабудовы і павышэння канкурэнтаздольнасці бел. эканомікі да 2010.
Рэгіянальная структура эканомікі абумоўлівае якасныя характарыстыкі прасторава-тэрытарыяльнай арганізацыі прадукцыйных сіл, ступень комплекснасці і эфектыўнасці сац.-эканам. развіцця рэгіёнаў, узровень іх дыферэнцыяцыі па стандартах жыцця насельніцтва. У 2003 у тэр. структуры вядучага сектара эканомікі — прамысловасці — Брэсцкая вобл. займала 9,3%, Віцебская — 17,2 Гомельская — 20,5, Гродзенская — 9,1, Мінская — 13,9, Магілёўская — 8,7, г. Мінск — 21,3%. У параўнанні з 1990 адпаведны паказчык зніжаны ў Віцебскай і Гомельскай абл., павялічаны ў Брэсцкай, Гродзенскай, Мінскай абл. і г. Мінску. Гэтая задача надта складаная як з пункту гледжання рэсурсаў, так і па часавым фактары. Рэгіянальнай праблемай надзвычайнай важнасці з’яўляецца пераадоленне наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС.
Удасканаленне рэгіянальнай структуры разглядаецца і як самаст. фактар развіцця прадукцыйных сіл, і як сродак павышэння эфектыўнасці ўзнаўленчай, галіновай і тэхнал. структур. Актуальнасць гэтых фактараў расце яшчэ і таму, што на Беларусі гістарычна склаўся падзел на ўсх. і зах. рэгіёны, якія адрозніваюцца як узроўнем развіцця і вытворчай спецыялізацыяй, так і дабрабытам народа, яго менталітэтам.
Аналіз усіх відаў структур акрэслівае кола праблем, ад вырашэння якіх залежыць фарміраванне нац. эканомікі рыначнага тыпу. Найперш гэта сац. пераарыентацыя ўзнаўленчай структуры, развіццё сродкаў вытв-сці для спажывецкага сектара, прыярытэтнае развіццё новых базавых галін прамысловасці і АПК на аснове высокіх тэхналогій, інтэнсіфікацыя развіцця сацыяльна арыентаваных галін, сферы паслуг, паскоранае развіццё экспартных і імпартна-замяшчальных вытв-сцей, рэсурсазберажэнне і расшырэнне выкарыстання навукаёмістых, экалагічна чыстых тэхналогій па нарматывах эканамічна развітых краін. Комплексныя меры, якія рэалізуюцца на ўзроўні асобных галін і сектараў эканомікі, накіраваны на перабудову фін. сістэмы, грашова-крэдытных адносін і цэнаўтварэння, каб процідзейнічаць інфляцыі і стымуляваць вытворчую актыўнасць, а таксама на выраўноўванне гандлёвага і плацежнага балансу, рэфармаванне аплаты працы, палітыкі даходаў і занятасці, сістэмы сац. падтрымкі.
Агульнасістэмныя меры ствараюць прававое і інстытуцыянальнае эканам. асяроддзе, дзе могуць эфектыўна працаваць усе суб’екты гаспадарання, у т. л. прадпрыемствы як першаснае і асн. звяно эканомікі. Таму ў структурнай перабудове гал. акцэнт робіцца на рэструктурызацыю прадпрыемстваў, іх акцыяніраванне, павышэнне эфектыўнасці і канкурэнтаздольнасці.
Для ўтварэння карпаратыўных структур існуе ўсё больш аб’ектыўных перадумоў, гал.з якіх з’яўляецца развіццё розных форм уласнасці. Доля дзярж. формы ўласнасці (рэсп. і камунальнай) у аб’ёмах прамысл. вытворчасці ў 2003 склала 37,6%, што на 16,2% менш, чым у 2000. Формы прыватнай уласнасці даюць 60,5% агульнага аб’ёму вытв-сці, у т. л. суб’ектаў змешанай уласнасці без замежнага ўдзелу — 43,3, з замежным удзелам — 6,5%, а доля замежнай уласнасці складае ўсяго 1,2%. Недзярж. формы ўласнасці даюць прыросты вытворчасці большыя, чым дзяржаўныя. Рэструктурызацыя прадпрыемстваў як асн. звяно структурнай перабудовы эканомікі дазволіць вырашыць праблему найб. эфектыўных суадносін усіх форм уласнасці (прыватнай індывідуальнай, прыватнай калектыўнай, дзяржаўнай, змешанай).
Сістэма кіравання. Неабходная прававая база пад сістэму кіравання эканомікай закладзена ў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, рашэннях Парламента і Урада, указах і дэкрэтах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, нарматыўных актах рэсп. органаў кіравання, мясц. Саветаў, выканаўчых і распарадчых органаў. Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 12.2.2004 «Аб некаторых мерах па аптымізацыі сістэмы рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання і іншых дзяржаўных арганізацый, падпарадкаваных Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь, структуры і колькасці работнікаў дзяржаўных органаў, іншых дзяржаўных арганізацый» зацверджана сістэма такіх органаў і арганізацый. У сац.-эканам. блок гэтай сістэмы ўваходзяць 15 мін-ваў (архітэктуры і будаўніцтва, жыллёва-камунальнай гаспадаркі, лясной гаспадаркі, па падатках і зборах, прыродных рэсурсаў і навакольнага асяроддзя, прамысловасці, сувязі і інфарматызацыі, сельскай гаспадаркі і харчавання, статыстыкі і аналізу, гандлю, транспарту і камунікацый, працы і сац. абароны, фінансаў, эканомікі, энергетыкі), 3 дзярж. камітэты (ваенна-прамысловы, па авіяцыі, па навуцы і тэхналогіях), 7 камітэтаў пры Савеце Міністраў (па зямельных рэсурсах, геадэзіі і картаграфіі, па матэрыяльных рэзервах, па праблемах наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, па стандартызацыі, метралогіі і сертыфікацыі, па каштоўных паперах, па энергаэфектыўнасці) і 7 дзярж. арганізацый, падпарадкаваных Ураду (канцэрны «Белдзяржхарчпрам», «Белнафтахім», «Беллегпрам», «Белмясцпрам», «Белбіяфарм», «Беллеспаперапрам», Бел. чыгунка), а таксама Бел.рэсп. саюз спажывецкіх т-ваў («Белкаапсаюз»), які знаходзіцца ў веданні Урада Рэспублікі Беларусь па пытаннях, вызначаных заканадаўствам.
У рэгуляванні ўласна вытворчай сферы і інфраструктуры вызначальную ролю адыгрываюць галіновыя органы кіравання, якія ахопліваюць усе нар.-гасп. комплексы, у т. л.: паліўна-энергет. комплекс, прамысловасць, АПК, буд. комплекс, транспарт і сувязь, матэрыяльна-тэхн. забеспячэнне, гандаль, быт. абслугоўванне насельніцтва. Асн. цэнтрамі кіравання і рэгулявання гэтымі комплексамі з’яўляюцца адпаведныя мін-вы і ведамствы, канцэрны, аб’яднанні, асацыяцыі, у абавязкі якіх уваходзяць: распрацоўка і рэалізацыя структурнай перабудовы галіны на праграмна-мэтавай аснове. фін. рэгуляванне, садзейнічанне прамым сувязям паміж суб’ектамі гаспадарання, стымуляванне інвестыцыйнай, навук.-тэхн. і знешнеэканам. дзейнасці прадпрыемстваў, распрацоўка эканам. нарматываў і стандартаў, аналіз функцыянавання галін, складанне праграм і прагнозаў іх развіцця, аказанне кансультатыўнай дапамогі.
Інтэграцыйныя працэсы ў краінах СНД абумоўліваюць неабходнасць стварэння міждзярж органаў кіравання, якія б каардынавалі дзейнасць нац. органаў кіравання краін-удзельніц, рэгулявалі міждзярж. патокі рэсурсаў, капіталаў і насельніцтва, ажыццяўлялі кіраванне адзінымі энергасістэмай, сістэмай транспарту і камунікацый, займаліся мытным і падатковым рэгуляваннем. У Саюзе Беларусі і Расіі дзейнічаюць Вышэйшы Савет, Выканаўчы камітэт, Парламенцкі сход, Мытны камітэт, Рас.-Бел. камісія па навук.-тэхн. супрацоўніцтве, Камітэт па гідраметэаралогіі і маніторынгу забруджвання прыроднага асяроддзя і інш. органы У перыяд трансфармацыі і радыкальных грамадскіх пераўтварэнняў захоўваецца роля дзяржавы ў рэгуляванні сац.-эканам. працэсаў. Мяняюцца змест і арганізацыя такога яго механізму, як планаванне; жорсткае дырэктыўнае планаванне замяняецца індыкатыўным і рэгулюючым, заснаваным на распрацоўцы сістэмы паказчыкаў (індыкатараў) сац.-эканам. развіцця, якія характарызуюць дынаміку, структуру і эфектыўнасць эканомікі, стан фінансаў, грашовага абарачэння, рынку тавараў і каштоўных папер, рух цэн, занятасць, узровень жыцця насельніцтва, знешнеэканам. сувязі і г.д.
Стратэгічная задача кіравання на сучасным этапе — рэалізацыя перспектыўнай мадэлі сацыяльна арыентаванай рыначнай эканомікі, у якой аддаецца прыярытэт сац. мэтам. Гэта якасць і працягласць жыцця насельніцтва, ахова і паляпшэнне асяроддзя пражывання людзей, сац. гарантыі і сац. справядлівасць, захаванне і прымнажэнне культ. і духоўна-маральных каштоўнасцей з улікам традыцый і нац. асаблівасцей краіны. Выбар канкрэтных форм і метадаў кіравання грунтуецца на выкарыстанні айч. і замежнага вопыту, навук.-метадычных і метадалагічных распрацовак, крытэрыяў эфектыўнасці сістэм і метадаў кіравання, уліку канкрэтных умоў, узроўняў аб’ектаў рэгулявання. У якасці рацыянальнага спосабу гаспадарання ўзяты арыенцір на інтэнсіўны метад з паступовым звужэннем поля выкарыстання экстэнсіўных форм вядзення гаспадаркі.
Адна з фундаментальных задач пры пераходзе да сацыяльна арыентаванай рыначнай гаспадаркі — зрабіць эфектыўным асн. звяно эканомікі — прадпрыемства, адаптаваць яго да новых умоў гаспадарання. З развіццём рыначных адносін па меры прыватызацыі правы валодання, карыстання, распараджэння перадаюцца з верхняга ўзроўню кіравання на ўзровень прадпрыемства, а прамое дзярж. кіраванне ўсё больш будзе замяняцца ўскосным рэгуляваннем пры адначасовым развіцці рыначнай самарэгуляцыі. Ва ўмовах Беларусі найб. прымальнымі арганізац. формамі гасп. дзейнасці, якія адлюстроўваюць пераход да пераважна рыначных адносін і новага зместу дзярж. рэгулявання, з’яўляюцца акц. т-вы — карпарацыі і канцэрны. Асн. праваднікамі дзярж. палітыкі дэманапалізацыі галін прам-сці і стварэння новых канкурэнтаздольных вытворчасцей становяцца дзярж. аб’яднанні прадпрыемстваў, якія спецыялізуюцца ў галіне маркетынгу, навук. пошукаў, тэхнал. і прамысл. праектавання і маюць надзейныя інструменты прыцягнення інвестыцый для вырашэння сваіх задач.
Праграмы ўстойлівага эканам. развіцця краіны прадугледжваюць захаванне і развіццё буйных прадпрыемстваў з іх глыбокай перабудовай на рыначныя рэйкі, разгортваннем службаў менеджменту, маркетынгу, тэхнал. абнаўлення. Гэты аргумент улічваецца і пры вырашэнні пытання аб ролі і месцы прыватнай уласнасці на зямлю, аб фарміраванні ў сельскіх гаспадароў цікавасці да канкурэнтаздольнасці ў міжнар. маштабе і выкарыстання імі дасягненняў сучаснага навук. і тэхнал. прагрэсу. Важным фактарам стварэння перадумоў устойлівага росту эканомікі з’яўляецца выкарыстанне праграмна-мэтавага метаду кіравання засн. формай яго рэалізацыі — мэтавымі праграмамі, якія адрозніваюцца зместам і ўзроўнем кіравання. Для павышэння значнасці і статуса такіх дзярж. праграм у 1997 уведзены інстытут прэзідэнцкіх праграм «Дзеці Беларусі», «Жыллё», «Бытавая электроніка», «Інфарматызацыя» і інш.Эканам. праграміраванне выкарыстоўваецца разам зінш. формамі і метадамі апераджальнага аналізу і рэгулявання сац.-эканам. працэсаў: сац. прагнозамі, доўгатэрміновымі канцэпцыямі, генеральнымі схемамі кіравання, праектамі развіцця высокатэхнал. вытворчасцей і г.д. Сярод найб. важных дзярж. праграм вылучаюцца: Праграма неадкладных мер па выхадзе эканомікі з крызісу (1994), Праграма сац.-эканам. развіцця Рэспублікі Беларусь да 2000 (1995), Нац. стратэгія ўстойлівага развіцця Рэспублікі Беларусь да 2010 (1996), Нац. праграма прыцягнення інвестыцый (1996), Канцэпцыя сац.-эканам. развіцця Рэспублікі Беларусь да 2015 (1998); Праграма сац.-эканам. развіцця Рэспублікі Беларусь на 2001—05 (2000), Нац. стратэгія ўстойлівага развіцця Рэспублікі Беларусь да 2020 (2003); сац. праграмы «Культура», «Здароўе», «Жанчыны Беларусі», дзярж. падтрымкі творча адораных дзяцей і моладзі, па праблемах пажылых людзей і інш. Распрацавана мноства рэсп., галіновых, навук.-тэхн., сац., экалагічных і інш. праграм. Найб. прыярытэтнымі кірункамі ўсіх праграмных распрацовак з’яўляецца развіццё розных галін эканомікі, навук.-тэхн. прагрэсу, міжгаліновых комплексаў і вытворчасці асобных прадуктаў, рэсурсазберажэнне, экалогія, блок сац. палітыкі і сац. праблем.
Літ.:
Программа структурной перестройки экономики Беларуси. Мн., 1994;
Экономика Беларуси: пути стабилизации и социально-экономического обновления. Мн., 1995;
Национальная стратегия устойчивого развития Республики Беларусь. Мн. 1997, Санько Г.Т. Монополизм и антимонопольное регулирование. Мн., 1997;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛІ́ВІЯ (Bolivia), Рэспубліка Балівія (República de Bolivia),
дзяржава ў цэнтр.ч.Паўд. Амерыкі. Мяжуе на Зз Перу і Чылі, на Пдз Аргенцінай і Парагваем, на У і Пнз Бразіліяй. Пл. 1098,6 тыс.км². Нас. 8,2 млн.чал. (1994). Афіц. сталіца — г.Сукрэ, фактычная — г.Ла-Пас. Падзяляецца на 9 дэпартаментаў. Дзярж. мовы іспанская, кечуа і аймара. Нац. свята — Дзень абвяшчэння незалежнасці (6 жн.).
Дзяржаўны лад. Балівія — рэспубліка. Дзейнічае Канстытуцыя 1967. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца на ўсеагульных выбарах на 4 гады, узначальвае урад, адказвае за замежную палітыку і абарону краіны, мае права заканадаўчай ініцыятывы, выдае дэкрэты. Заканадаўчая ўлада належыць 2-палатнаму Нац. кангрэсу, які выбіраецца на ўсеагульных выбарах на 4 гады. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе прэзідэнт і прызначаны ім урад.
Прырода. Балівія займае ўсх. частку Цэнтр. Андаў на З і вял. алювіяльныя раўніны на У. Паміж хрыбтамі Андаў — пласкагор’е Пуна (каля 4 тыс.м над узр. м.), якое абмяжоўваюць Зах. Кардыльера (г. Сахама, 6780 м) на З, Кардыльера-Рэаль і Цэнтр. Кардыльера на У. Карысныя выкапні: волава, свінец, цынк, медзь, серабро, вальфрам, берылій, сурма, вісмут, золата, сера, жал. руда; на ўсх. раўнінах радовішчы прыроднага газу і нафты. Клімат Пуны і Зах. Кардыльеры высакагорны, паўпустынны на З (ападкаў менш як 150 мм за год) і менш засушлівы на У (500—600 мм за год). Т-растудз. 9—11 °C, чэрв. 3—7 °C. На ўсх. схілах Андаў вышынная пояснасць клімату (ападкаў 1500—2000 мм за год). На ўсх. раўнінах клімат субэкватарыяльны (т-ра ад 17 да 28 °C, ападкаў каля 1000 мм за год). Рэкі на У належаць да бас. Амазонкі (Бені—Мамарэ). Пуна — замкнёны з усіх бакоў, пазбаўлены сцёку ў акіян міжгорны басейн з высакагорнымі азёрамі Тытыкака і Паапо, саланчакамі Кайпаса і Уюні. Расліннасць Пуны пераважна паўпустынная. У гарах вертыкальная пояснасць ландшафтаў. На раўнінах трапічныя лясы (на Пн) і саванны, зараснікі калючых хмызнякоў, рэдкалессі (на Пд). Жывёльны свет асабліва багаты і разнастайны ў трапічных лясах на Пн; на пласкагор’і Пуна водзяцца ламы, гуанака, альпака, грызуны, вадаплаўныя птушкі.
Насельніцтва. Каля 63% — індзейцы, пераважна народы кечуа і аймара (у горнай ч. краіны). Трэцюю частку насельніцтва складаюць іспанамоўныя метысы і крэолы, якія жывуць пераважна ў гарадах. Ёсць невял. групы еўрапейцаў, ураджэнцаў суседніх краін. Паводле веравызнання 95% католікі. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 7,5 чал. на 1 км². Каля 90% яго сканцэнтравана ў Пуне, дзе шчыльнасць дасягае 20—30 чал. На 1 км². У гарадах жыве 51% насельніцтва. Найбольшыя гарады (тыс.ж., 1992): Ла-Пас — 711, Санта-Крус — 695, Качабамба — 404, Арура — 183. Сярэдняя працягласць жыцця не перавышае 55 гадоў.
Гісторыя. У старажытнасці тэр. Балівіі насялялі індзейскія плямёны. У 14 ст. іх заваявалі інкі, у 1535—39 — іспанцы, якія далі краіне назву Верхняе Перу і далучылі ў 1542 да віцэ-каралеўства Перу, з 1776 — віцэ-каралеўства Рыо-дэ-Ла-Плата. Здабыча серабра (з 1545) прыносіла вял. даходы ісп. каланізатарам, што выкарыстоўвалі рабскую працу індзейцаў. Самае вял. паўстанне супраць жорсткай эксплуатацыі адбылося ў 1780—81 пад кіраўніцтвам Тупак-Амару II. У ходзе вайны за незалежнасць іспанскіх калоній у Амерыцы 1810—26 краіна вызвалена ад калан. прыгнёту войскамі С.Балівара, у гонар якога атрымала назву, у жн. 1825 абвешчана незалежнай. У 1836—39 у складзе канфедэрацыі Перу і Балівіі. Пасля абвяшчэння незалежнасці ў горназдабыўную прам-сць краіны стаў пранікаць замежны капітал. У выніку войнаў Балівіі з Чылі (1879—83) і Парагваем (1932—35) Балівія страціла выхад да Ціхага ак. і амаль 2/3 першапач. яе тэрыторыі, багатай волавам і салетрай. У 2-ю сусв. вайну Балівія — чл.антыгітлераўскай кааліцыі, але ў вайне не ўдзельнічала. У 1952 у краіне адбылася бурж.-дэмакр. рэвалюцыя, нацыяналізаваны алавяныя руднікі, праведзена агр. рэформа. Прэзідэнтам у 1952—56 і 1960—64 быў лідэр Нацыяналіст.рэв. руху В. Пас Эстэнсора. Пасля дзярж. перавароту 1964 у 1965 у краіне двойчы ўводзілася надзвычайнае становішча. У некаторых раёнах разгарнуўся партыз. рух (лідэр Э.Гевара), які быў разгромлены восенню 1967 з дапамогай ЗША. У 1967 прынята Канстытуцыя. На працягу ўсёй далейшай гісторыі становішча ў краіне вызначалася нестабільнасцю і барацьбой за ўладу розных ваен.-эканам. груповак. У 1980-я г. зроблены спробы пераходу краіны ад ваен. да грамадз. праўлення. На прэзідэнцкіх выбарах 1993 перамог лідэр Нацыяналіст.рэв. руху Г.Санчэс дэ Ласада, які заявіў пра намер працягваць удасканаленне ўведзенай у 1985 рыначнай мадэлі эканомікі краіны.
Балівія — чл.ААНз 1945, чл. Арг-цыі амер. дзяржаў, Лацінаамер. асацыяцыі інтэграцыі, інш.міжнар. арг-цый; з 1979 чл. Руху недалучэння. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў 1994. Дзейнічаюць паліт. партыі і рухі: Левы рэв. рух, Нацыяналіст.рэв. рух, Нацыяналіст.дэмакр. дзеянне, Хрысціянска-дэмакр. партыя і інш. Буйнейшыя прафсаюзы — Балівійскі рабочы цэнтр і Нац. канфедэрацыя сялян.
Гаспадарка. Аснова гаспадаркі — гарнарудная прам-сць экспартнага кірунку. Валавы нац. прадукт за год на душу насельніцтва складае каля 750 дол. ЗША. Доля ў валавым унутр. прадукце (у %): прам-сці каля 25 (у т. л. гарнаруднай 15), сельскай гаспадаркі 20, транспарту і сувязі 6, унутр. гандлю 11. Дзярж. сектар кантралюе 60% нафтаздабыўной, 100% нафтаперапр. і 70% гарнаруднай прам-сці. Каля 60% экспарту прыпадае на руды каляровых металаў. Вывозяцца канцэнтраты волава (4-е месца ў свеце), сурмы, вальфраму, медзі, свінцу, цынку, а таксама серабро і золата. Прыроднага газу здабываецца каля 6 млрд.м³ штогод, нафты — каля 1—2 млн.т. Невялікія з-ды для выплаўкі медзі ў Аруры і Качабамбе. Выпрацоўваецца 1,8 млрд.кВт∙гадз электраэнергіі (1993). Аснову апрацоўчай прам-сці складаюць тэкст., харчасмакавая, метала- і нафтаперапр. галіны; развіваюцца каляровая металургія і нафтахім. прам-сць. Асн.прамысл. цэнтры: Ла-Пас, Санта-Крус, Сукрэ, Качабамба. У сельскай мясцовасці саматужныя і рамесніцкія харч., тэкст. і гарбарныя прадпрыемствы. Сельская гаспадарка не забяспечвае патрэб краіны, хоць у ёй занята палавіна працаздольнага насельніцтва. Агр. рэформа 1953—65 абмежавала буйное землеўладанне. Апрацоўваецца 3,25 млн.га (каля 3% тэр. краіны), лугі і паша займаюць 25%. Таварнае земляробства (рыс, цукр. трыснёг, бавоўнік, бананы, кава) на ўсх. схілах Андаў і на раўнінах, спажывецкае (кукуруза, пшаніца, бульба, ячмень, авёс, кінаа — мясц. проса) — на пласкагор’і Пуна. Жывёлагадоўля пашавая, разводзяць ламаў, альпака, авечак, козаў, буйн. раг. жывёлу, мулаў. У лясах нарыхтоўка драўніны, соку гевеі, кары хіннага дрэва, лісця кокі. Рыбалоўства на рэках і воз. Тытыкака. Транспарт чыгуначны і аўтамабільны. Даўж. (1992) чыгунак 3,9 тыс.км, аўтадарог — 38,9 тыс.км. Экспарт складае 705,4 млн.дол. ЗША, імпарт — 864,2 млн.дол. ЗША (1992). Вывозяцца пераважна канцэнтраты рудаў каляровых металаў, прыродны газ (трубаправоды ў Аргенціну і Чылі), драўніна, цукар, бавоўна. У імпарце пераважаюць харч. прадукты, бензін, трансп. сродкі, тавары нар. ўжытку. Гал.гандл. партнёры — ЗША і Аргенціна. Грашовая адзінка — балівійскае песа (балівіяна).
Літаратура. Развіваецца на ісп. мове, а таксама на мовах індзейцаў кечуа і аймара (пераважна фалькл. жанры). Асн.літ. помнік даісп. эпохі — балівійска-перуанская драма «Апу-Альянтай» (на кечуа; апубл. 1853). У калан. перыяд (пач. 16 ст. — 1825) пераважалі гісторыка-быт. хронікі. У канцы 18 — пач. 19 ст. на фарміраванне л-ры паўплывалі патрыят. публіцыстыка В.Пасаса Канкі, паэзія Х.І. дэ Санхінеса і паэта-індзейца Х.Уальпарымачы Майты. У 19 ст. панаваў рамантызм (паэты Р.Х.Бустамантэ, Н.Галінда, М.Х.Мухія, раманісты Н.Агірэ, М.С.Кабальера, С.Вака Гусман, драматургі Ф.Рэес Ортыс, Х.Расенда Гуцьерэс і інш.). У канцы 19 ст. ўзнік «кастумбрызм» — бытапісальныя аповесці і апавяданні Л.Ансаатэгі дэ Кампера, А.Самудыо, Х.Лукаса Хаймеса і інш.; у паэзіі пераважаў мадэрнізм, які арыентаваўся на франц. сімвалістаў, але захоўваў цікавасць да нац. тэмы (Р.Хаймес Фрэйрэ, Ф.Тамаё, Г.Рэйнальдс, Х.Э.Гера і інш.). На пач. 20 ст. з’явіліся рэалістычныя («Крэольскае жыццё» і «Бронзавая раса» А.Аргедаса, «У нетрах Патасі» і «Варварскія старонкі» Х.Мендосы) і сатыр. (А.Чырвечэса) раманы, сац. паэзія. З 1930-х г. у прозе ўзнікла т.зв. індыянісцкая л-ра пра жыццё індзейцаў (Аргедас, Р.Батэльё Гасальвес, А.Гільен Пінта, Н.Парда Валье і інш.). Асобнае месца ў л-ры 1950—60-х г. займае творчасць Х.Лары, стваральніка раманаў пра барацьбу індзейцаў за сац. справядлівасць. У 1960—70-я г. набылі вядомасць празаік Р.Прада Аропес (раман «Хто запальвае золак»), паэт П.Шымосе і інш.
Архітэктура і выяўленчае мастацтва. У 5—8 ст.тэр. Балівіі — адзін з цэнтраў культуры стараж. Амерыкі. У Тыяуанака (бераг воз. Тытыкака) захаваліся помнікі архітэктуры 1-га тыс. да нашай эры — 1-га тыс. нашай эры (узгорак-піраміда Акапана, комплекс Каласасая, «Палац саркафагаў»), скульптура (рэльефы «Варотаў Сонца»), маст. кераміка, тканіны, ювелірныя вырабы. Спалучэнне еўрап. узораў і мясц. традыцый прывяло да стварэння цікавай барочнай архітэктуры 18 ст. (Манетны двор і царква Сан-Ларэнса ў Патасі, палацы Вільявердэ і царква Сан-Франсіска ў Ла-Пасе і інш.), твораў выяўл. мастацтва (С. дэ ла Крус). З 18 ст. жывапіс прытрымліваўся еўрап. канонаў і меў пераважна рэліг. характар (М.Перэс дэ Альгуін). У канцы 19 — пач. 20 ст. ў архітэктуры быў пашыраны эклектызм і мадэрн, з сярэдзіны 20 ст. ўзводзяцца грамадскія будынкі сучаснай архітэктуры. З 1920-х г. фарміравалася нац. школа выяўл. мастацтва. Мастакі С.Гусман дэ Рохас, Р.Бердэсіо, М.Эхіда, А.Рэке Мерувія, скульптары М.Нуньес дэль Прада, У.Альмарас, Э.Лухан звярталіся да гісторыі і сучаснага жыцця свайго народа, прыгажосці роднай прыроды. На ПдЗ краіны захаваліся традыцыі індзейцаў кечуа (ткацтва, ювелірныя вырабы), на ПнЗ — аймара (кераміка, разьба па камені, ткацтва).
Літ.:
Сашин Г.З. Боливия: Очерк новейшей истории. М., 1976;
Боливия: тенденции экон. и соц.-полит. развития. М., 1990;
Кириченко Е.И. Три века искусства Латинской Америки. М., 1972.
П.І.Рогач (прырода, гаспадарка).
Герб і сцяг Балівіі.Да арт.Балівія. Рэльеф калоны царквы Сан-Франсіска ў Ла-Пасе. 1743—84.Да арт.Балівія. Пласкагор’е Альтыплана ў раёне г. Ла-Пас і возера Тытыкака.Да арт.Балівія. Фрагмент партала царквы Сан-Ларэнса ў Патасі. 1728—44.