«ЛІСТ ДА СВЯТО́ГА ПЯТРА́»,

бел. ананімны празаічны твор 2-й пал. 17 ст. Захаваўся ва ўрыўках. З’яўляецца пародыяй на жанр афіцыйнага паслання. Крытычны пафас скіраваны супраць каталіцкай веры і яе носьбіта Ярмолы Аханцэвіча Цюхая, вобраз якога зніжаны. Аўтар просіць апостала Пятра прапусціць у рай чалавека цёмнага і прымітыўнага, які па сутнасці не мае на гэта права. У творы ярка выражаны стылявыя рысы барока. Упершыню апубл. чэшскім славістам Ф.​Крчэкам у польск. час. «Lud» («Народ», 1899, т. 5). Да Вял. Айч. вайны зберагаўся ў б-цы імя Асалінскіх (Львоў).

А.​В.​Мальдзіс.

т. 9, с. 287

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІФТ (англ. lift падымаць),

стацыянарны пад’ёмнік звычайна цыклічнага дзеяння з верт. рухам кабіны або платформы па жорсткіх накіравальных, якія ўстаноўлены ў агароджанай з усіх бакоў шахце. Найб. пашыраны Л. з эл. канатнай цягай.

Бываюць пасажырскія — звычайныя, скарасныя, бальнічныя (умяшчальнасць кабін да 30 чал., скорасць да 7 м/с) і грузавыя — агульнага прызначэння, спец., напр. магазінныя (грузападымальнасць да 10 т, скорасць да 1,5 м/с). Вышыня пад’ёму да 150 м і больш. На Беларусі Л. вырабляе Магілёўскі ліфтабудаўнічы завод.

Пасажырскі ліфт: 1 — лябёдка; 2 — кабіна; 3 — процівага; 4 — буфер.

т. 9, с. 320

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛО́НДАНСКІ БАСЕ́ЙН,

раўніна на ПдУ Вялікабрытаніі, па ніжнім цячэнні р. Тэмза. Выш. да 100 м. З’яўляецца сінклінальным паніжэннем паміж мелавымі ўзгоркамі Чылтэрн-Хілс (выш. да 261 м) на Пн і хр. Норт-Даўнс (выш. 296 м) на Пд; запоўнена трацічнымі глінамі, пяскамі, гравіем. Клімат умераны, марскі. Сярэдняя т-ра студз. +4 °C, ліп. +18 °C, ападкаў больш за 600 мм за год. Глебы бурыя лясныя. Захаваліся рэшткі дубовых лясоў, на пясках — хвоя і верасоўнікі. Культурныя ландшафты (палі, агароды, паркі); высокая шчыльнасць насельніцтва. У Л.б. — г. Лондан.

т. 9, с. 343

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛО́ЎЧЫ (Мікалай Фёдаравіч) (н 1.11.1930, в. Каменка Шклоўскага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне лесазнаўства і экалогіі раслін. Д-р біял. н. (1992). Скончыў Бел. лесатэхн. ін-т (1954). З 1960 у Ін-це эксперым. батанікі Нац. АН Беларусі (з 1982 заг. лабараторыі). Навук. працы па лясной геабатаніцы, лясной тыпалогіі, глебавай энзімалогіі. Дзярж. прэмія Беларусі 1972.

Тв.:

Леса Белорусского Полесья. Мн., 1977 (разам з І.​Д.​Юркевічам, В.​С.​Гельтманам);

Сосновые леса Белоруссии. Мн., 1984 (разам з І.​Д.​Юркевічам);

Березовые леса Беларуси. Мн., 1992 (у сааўт.).

т. 9, с. 351

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУ́ЗІН (Мікалай Мікалаевіч) (9.12.1883, г. Томск, Расія — 28.2.1950),

расійскі матэматык. Акад. АН СССР (1929, чл.-кар. 1927). Скончыў Маскоўскі ун-т (1908), дзе і працаваў. У 1929—36 і 1941—50 у Матэм. ін-це, з 1936 у Ін-це аўтаматыкі і тэлемеханікі АН СССР. Навук. працы па метрычнай і дэскрыптыўнай тэорыі функцый сапраўднай пераменнай, матэм. аналізе, дыферэнцыяльнай геаметрыі і інш.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—3. М., 1953—59.

Літ.:

Н.​Н.​Лузин. М.; Л., 1948;

Памяти Н.​Н.​Лузина // Успехи мат. наук. 1950. Т. 5, вып. 4.

М.М.Лузін.

т. 9, с. 360

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУКАШЭ́ВІЧ (Мікалай Антонавіч) (н. 10.5.1934, в. Пасінічы Слонімскага р-на Гродзенскай вобл.),

бел. матэматык. Д-р фіз.-матэм. н. (1972), праф. (1974). Засл. дз. нав. Беларусі (1999). Скончыў БДУ (1957), дзе і працуе. Навук. працы ў галіне якаснай і аналітычнай тэорыі дыферэнцыяльных ураўненняў (праблемы цэнтра-фокуса, ізахроннасці, пытанні інтэграванасці), па праблемах адназначнасці рашэнняў нелінейных сістэм, даследаваннях нелінейных ураўненняў Пенлеве.

Тв.:

Нелинейные колебания в системах второго порядка. Мн., 1982 (разам з У В.​Амелькіным, А.​П.​Садоўскім);

Аналитические свойства решений уравнений Пенлеве. Мн., 1990 (разам з В.​І.​Громакам).

П.​М.​Бараноўскі.

т. 9, с. 363

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУКІЕ́НКА (Пётр Іванавіч) (н. 20.2.1928, с. Палоўнікаўскае Кустанайскай вобл., Казахстан),

бел. вучоны ў галіне фармакалогіі. Д-р мед. н. (1974), праф. (1985). Скончыў Кіргізскі мед. ін-т (1952). З 1974 у Ін-це біяхіміі Нац. АН Беларусі. Навук. працы па лекавай прафілактыцы і тэрапіі гіпаксіі, фармакалагічным рэгуляванні сістэм дэтаксікацыі чужародных рэчываў у арганізме жывёл і чалавека.

Тв.:

Противогипоксические средства. Мн., 1976 (разам з М.​В.​Караблёвым);

Биологическая роль монооксигеназ и пути управления их активностью (разам з М.​І.​Бушмам) // Вопр. мед. химии. 1986. Т. 32, № 5.

т. 9, с. 363

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУКО́МКА, Лукамка, Уюнок,

рака ў Чашніцкім р-не Віцебскай вобл., правы прыток р. Ула (бас. р. Зах. Дзвіна). Даўж. 53 км. Пл. вадазбору 831 км². Выцякае з Лукомскага возера каля г. Новалукомль, цячэ ўздоўж усх. ускраіны Лукомскага ўзв. па Чашніцкай раўніне. Асн. прыток — р. Югна (справа). Даліна трапецападобная, шыр. 400—600 м, у ніжнім цячэнні да 5 км. Пойма перарывістая, у вярхоўі і вусцевай ч. забалочаная, шыр. да 1,6 км. Рэчышча моцназвілістае. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 5,4 м³/с. Каля в. Рудніца Лукомскае вадасховішча.

т. 9, с. 364

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУК’Я́НАЎ (Анатоль Іванавіч) (н. 7.5.1930, г. Смаленск, Расія),

расійскі паліт. дзеяч. Д-р юрыд. н. Скончыў Маскоўскі ун-т (1953). З 1961 у апараце Прэзідыума Вярх. Савета СССР і ЦК КПСС. З 1989 1-ы нам., у 1990—91 старшыня Вярх. Савета СССР. Пасля жнівеньскіх падзей 1991 да снеж. 1992 знаходзіўся пад арыштам. З 1995 старшыня к-та Дзярж думы Федэральнага сходу Рас. Федэрацыі па заканадаўстве і судова-прававой рэформе. Аўтар паэт. зборнікаў «Сугучча» (псеўданім — А.​Осенеў), «Вершы з турмы», «Песня пратэсту». На яго вершы І.​Лучанок напісаў цыкл песень.

т. 9, с. 367

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУК’Я́НЕНКА (Павел Панцеляймонавіч) (96.1901, станіца Іванаўская Краснадарскага краю, Расія — 13.6.1973),

расійскі вучоны ў галіне раслінаводства і селекцыі. Акад. АН СССР (1964), акад. УАСГНІЛ (1948). Двойчы Герой Сац. Працы (1957, 1971). Скончыў Кубанскі с.-г. ін-т (1926). З 1956 у Краснадарскім НДІ сельскай гаспадаркі. Навук. працы па селекцыі збожжавых культур. Аўтар і сааўтар 15 раянаваных сартоў азімай пшаніцы. Ленінская прэмія 1959. Дзярж. прэмія СССР 1946.

Тв.:

Селекция продуктивных и устойчивых к полеганию сортов озимой пшеницы // Генетика — сельскому хозяйству. М., 1963;

Итоги селекции озимой пшеницы на Кубани // Достижения отечественной селекции. М., 1967.

т. 9, с. 367

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)